Стрыптызу ў Беларусі няма.
Гэта з аднаго боку. З другога — сёння
ў гэтым жанры працуюць тысячы беларускіх
артыстак і артыстаў.
Стрыптыз — неардынарнае мастацтва. Цела ў ім
— гэта эстэтычная катэгорыя, мова дыялогу паміж
акцёрам і гледачом. Ілюзію валодання адных
ураўнаважвае захапленне прыгажосцю другіх.
Эратычнае мастацтва дае магчымасць і аўтару,
і гледачу ствараць нейкую іншую рэальнасць,
выкліканую прадчуваннем і падсвядомасцю. Гэта
сфера выяўлення фантазій, вольных ад кантролю
розуму, сфера прыватных трансфармацый, падобных
да музычнага гучання.
Стрыптыз — мастацтва старадаўняе. У антычнай
Грэцыі і Рыме выступленні аголеных танцорак
у храмах мелі, акрамя пачуццёвага,
і культавы, філасофскі характар.
А ў старажытным Егіпце, акрамя гэтага,
танцоркі лічыліся ўладарамі над жыццём
і смерцю. Адраджэнне стрыптызу ў яго
сучасным, адаптаваным да сённяшняга дня выглядзе
адбылося сто гадоў таму ў Францыі. Вядома
і імя першай стрыптызёркі — Мона. Яе
выступленне ў «Мулен Руж» выклікала
сапраўдную рэвалюцыю ў культурным жыцці
Парыжу. Сама ж «рэвалюцыянерка» была
аштрафаваная на 100 франкаў і правяла ноч
у пастарунку.
Неўзабаве за акіянам амерыканскія цэнзары так
зарэтушавалі актрысу, якая выконвала танец
жывата ў адной кінадраме, што, здавалася, яе
галава рухаецца за плотам.
Сёння ж у Амерыцы ў 15 разоў больш
установаў са стрыптызам, чым у 50-я гады,
а ў сталіцы стрыптызу Атланце легальна
існуюць 300 стрыптыз-пляцовак.
У часы відэаэротыкі і кіберсэксу
натуральнае аголенае чалавечае цела набывае
іншы сэнс. У Беларусь стрыптыз, як і само
разуменне сусветнай эратычнай культуры,
прынесла «перастройка». Беларуская жанчына
ўзгадала, што ў яе, апроч душы, ёсць і цела.
І што ў мужчын і жанчын ёсць некаторыя
часткі гэтага цела, якія робяць на іхнае жыццё
куды большае ўздзеянне, чым галава.
Амаль умомант у Менску і іншых гарадах, на
дзесятках малапрыстасаваных сцэнаў, афіцыйна
і неафіцыйна пачалося выступленне нашых
артыстак. Колькасць беларускіх стрыптызёрак
паступова дасягнула сотні, да іх далучыліся
і мужчыны, з’явіліся групы «Ню», наш «Сталёвы
аргазм», «Сэрж». Неўзабаве з’явіліся
й спецыяльна ўладкаваныя сцэны ў Менску —
«Лагуна», «Макс», «Вернісаж», «Фламінга». Пік
развіцця беларускага стрыптызу прыйшоўся на
сярэдзіну 90-х гадоў, а сёння … сёння ўжо можна
гаварыць пра заняпад жанру. І прычын тут
некалькі. Безумоўна, на першым месцы палітычныя
і эканамічныя змены, якія адбыліся ў краіне.
Пры таталітарных рэжымах эротыка і сэкс
заўсёды падлягалі ганенням — толькі
ў нацысцкай Нямеччыне і ў СССР
парнаграфія каралася як крымінальнае злачынства
на ідэалагічным грунце. Сэксуальна зняволенымі
людзьмі лягчэй кіраваць. «Рэспубліканская
экспертная камісія па прадухіленні прапаганды
парнаграфіі, гвалту і жорсткасці» аголенае
цела інакш, як парнаграфію, не ўспрымае.
Стрыптызу ў Беларусі быў пастаўлены заслон.
З другога боку, эканамічны крызіс не многім
дазваляе зрабіць візіт у начную ўстанову, дзе
звычайна адбываецца эратычнае дзеянне,
і людзі глядзяць тое самае па тэлевізары.
Ды ўвогуле, беларускі глядач, у сілу розных
прычын, не надта каб быў схільны да эратычнага
відовішча. Дзесяткі разоў выступаючы
ў Беларусі і па-за яе межамі,
я пераканаўся ў гэтым.
Мы па-ранейшаму застаемся пурытанскай краінай
у адукацыі, выхаванні, светапоглядах. Нашы
людзі закамплексаваныя: адбіваецца ступень
кансерватызму ў дачыненні да ўсяго новага.
Асабліва скутыя мужчыны, што дзіўна, бо
здавалася б, эратычныя відовішчы звычайна на
іх і разлічаныя.
Дзіцячы садок, школа, войска — сістэма здушэння
волі і ініцыятывы. Практычна немагчыма
падключыць нашага гледача да ўдзелу
ў эратычным відовішчы, як гэта лёгка зрабіць
у Польшчы, Расіі ці іншай краіне. Боязь згубіць
кантроль над сітуацыяй, боязь выкрыцця ўласных
слабасцяў, страх перад невядомым… І гэта
тычыцца не толькі прыстойных буржуа, але
й бандытаў — гаспадароў начнога жыцця. Гэтых
вылучае яшчэ негатыўнае стаўленне да
мужчынскага стрыптызу, чаго не сустрэнеш,
напрыклад, у той жа Польшчы, Расіі ці
Прыбалтыцы. Мужчын-стрыптызёраў яны адразу ж
залічваюць да гомасэксуалістаў і жорстка
абражаюць. Вось, у Гомелі мясцовыя «быкі»
згвалцілі заезджых стрыптызёраў пасля іх
выступлення.
Так, у нас няма традыцыі. Мы не мелі сваёй
«Кама-сутры» ці «Галінкі персіка», адно доўгія
спадніцы ў ансамблях песні і танцу.
Тое, што «стрыптызу больш у Беларусі няма», не
значыць, што няма ў нас стрыптызёраў.
Наадварот, колькасць артыстаў павялічылася,
з дзесяткамі калектываў супрацоўнічаюць
тысячы артыстаў. Стрыптыз перайшоў
у андэграўнд або выехаў за мяжу. І сёння
нашы дзяўчаты працуюць па ўсім свеце, найперш
у Вільні, і аж да Сэулу і Токіё, найбольш
жа — у Турцыі і на Кіпры.
Мужчыны-стрыптызёры выступаюць толькі
ў Еўропе, часцей за ўсё ў гей-клубах. Сярод
артыстаў большасць — мянчане, але чамусьці шмат
людзей, прыкладам, з Баранавічаў.
Артысткі стрыптызу — гэта як паэты ці мастакі.
У кожнай свой стыль, свая тэхніка. Нехта
падабаецца мужчынам, нехта жанчынам. Іхная
стыхія — сцэна. На сцэну ж часта прыводзіць
пэўны комплекс: комплекс правінцыялкі,
непрызнанага таленту, незадавальнення лёсам
альбо недахопу мужчынскай увагі — няважна.
Прысутнасць комплексу — катэгорыя амаль
абавязковая для прафесійнай стрыптызёркі.
З яе пачынаецца разуменне агалення як сродка
набыцця волі і магчымасці стаць цэнтрам
сусвету. У некаторых комплексы ідуць далей —
німфаманія, эксгібіцыянізм, лесбійскае каханне.
Ёсць і такія, што падчас выступлення адчуваюць
аргазм.
На маю думку, жаданне прылюдна распранацца —
увогуле шырока распаўсюджаная з’ява сярод
маладых жанчын. Падчас выступленняў глядачкі
часта далучаюцца да акцёрак альбо прызнаюцца
ў жаданні гэта зрабіць. Верагодна, тут трэба
чытаць Фройда з ягонай тэорыяй першаснага
і другаснага нарцысізму, інфантыльнага
аўтаэратызму, сублімацыі.
Я асабіста знаёмы амаль з 200 артысткамі,
многім з якіх можна смела даваць медаль
«Заслужаная артыстка стрыптызу» (гэта вылілася
ў стварэнне цэлага партрэтнага шэрагу),
і магу сказаць, што сёння ўсе мы адчуваем сябе
сапраўднай апазіцыяй — і культурнай,
і палітычнай.