Logo ARCHE (798 bytes)

1-1998     .

0.gif (43 bytes)

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ


гісторыі

Марыя Роўда

А вы думалі пра што?



Марыя Роўда, беларускі празаік, набыла вядомасць франкфурцкімі і лонданскімі апавяданнямі, надрукаванымі ў "Нашай Ніве".

Апошні яе тэкст — "Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі" ("Наша Ніва", 1997).

Я тады мела справу толькі з адным тэлефонным маньякам. Ён званiў мне кожную ранiцу i дакладваў, што ўжо паснедаў i йдзе на працу. Удзень ён зусiм па–будзённаму скардзiўся, што на дварэ горача i ў офiсе няма чым дыхнуць. Увечары я мусiла распiсваць яму, што збiраюся апрануць назаўтра — лiтаральна ўсё, да драбніц. Іншы раз ён нават спрабаваў здагадацца сам, якiя калготкi я падбяру пад бэзавы касцюм i як будзе паступова мяняцца iх колер: спачатку цёмна–шакаладны на лытках i потым святлейшы на сцёгнах. А позна ўначы мне так карцела пачуць, што ён не хоча i не можа заснуць без мяне. Што ён адзiн, i толькi слухае, як завешваюць вокны суседзi i як рыпае чыясьцi канапа. І што яму самотна, надзвычай самотна, i што няма каму прыйсцi i пакласцi яго спаць. І, цi паверыце, я была яму такой удзячнай. Я пачувалася гранiчна жаданай i патрэбнай некаму, хаця й разумела, што ён размаўляе не са мною, а з нейкай выдуманай iм самiм жанчынай. І я то падыгрывала яму, каб ён мог хоць неяк пераскочыць праз гнюсныя ямiны свайго страху, то кпiла й здзекавалася, наколькi мне гэта дазваляла ўсё маё прыроднае i набытае каварства.

Але ўсё ж я шкадавала свайго маньяка. Калi Андрэй запозна вяртаўся дахаты, я патурала маньякавым дзiкунскiм дамаганням i вярзла ўсю тую бязглуздзiцу, пра якую ён мяне прасiў. Тады я й сама ўжо больш не псiхавала да раздзiрання скуры на далонях, а клалася суцiшана ў ложак i спала сабе спакойненька, ажно пакуль Андрэй не прыходзiў i не пачынаў цалаваць мне пальцы на нагах. Я тады адразу прачыналася, бо баялася, што, па–першае, лак на пазногцях аблупiцца, а па–другое, што Андрэй проста хоча ўзяць мяне за мезены палец i даведацца пра ўсе мае сакрэцiкi (што i ў тым, i ў iншым выпадку было б выклю–у–учна неэстэтычна). Што зробiш — усе мы не без граху.

А што да маньяка, дык ён мне нават падабаўся. Абсалютна гуманна, без нiякага там скажэнства, смяшыў мяне анекдотамi, байкi усё нейкiя баяў пра псiхалагiчныя тыпы людзей. Мне дык што — абы толькi слухаў, як мне тут дрэнна. Як я пакутую тутака i паказваю карцiнам фiгi. Што я гатовая сашпурнуць на галаву Андрэю, калi ён бегае вакол дому, усе вазончыкi з падваконня, бо наперадзе цэлы бессаромна–нахабны дзень, якi мусiць адабраць у мяне майго мужчыну. І што я захлынаюся, захмялелая ад свайго iзноў недарэчнага кахання, набрынялая i пацяжэлая, як тоўстая пчала, якая патанае ў куфлi з пiвам. Файным куфлi, з густым цёмным пiвам, але ж патанае, i назаўжды.

Не, я не гнала cвайго маньяка: як казала бабуля — хай будзе. Да таго ж я думала, што аднойчы наважуся зрабiць тое, што маньяк заўсёды творыць, калi размаўляе са мной. Я спадзявалася, што калi я змагу крыху Андрэю як бы здрадзiць, то й не крыху таксама змагу, i выратую сябе такiм чынам ад сваёй балючай страсцi. А яшчэ: я не ведаю, цi можна гэта вось так проста выкласцi, але я падсвядома хацела прабалбатацца i прызнацца, што забiла чалавека.

У такiх выпадках звычайна кажуць нешта накшталт: «Я не хацела яго забiваць», — але гэта было б няпраўдай. Усё здарылася так неспадзявана, што я не паспела нават падумаць, хачу я таго альбо не хачу. Андрэй прыехаў тады раней, i мы сядзелi пiлi гарбату, i я праз гэта потым увесь час хацела ў туалет. Я толькi й думала, што калi мяне стукнуць у жывот, то здарыцца нешта жахлiвае i Андрэй мяне праз гэта кiне. А той бландын, з каторым мы бiлiся, так заўсмiхаўся разгублена, калi я перастала драць ягоныя кудлы, пацягнула iх да сябе i прасiпела: «Пачакай хвiлiначку, я толькi схаджу ў туалет». Са мной насамрэч нешта такое сталася. Я проста забыла, што памiж намi адбывалася, а хлопчык той, напэўна, падумаў, што я ўсё знарок падстроiла, каб Андрэй мог знянацку на яго наскочыць. Вiдаць, тыя некалькi хвiлiнаў, якiя бландын яшчэ быў жывы, ён быў абсалютна расчараваны ў жанчынах. Але ж я сапраўды незнарок! Можа... гэта ўсё праз гарбату?

Канечне, хлопчык той зусiм не ад расчаравання памёр. Я яго ўласнаручна забiла. Андрэй яму тады неяк даў ззаду, i ў таго бландына выпаў пiсталет. Я падумала, што трэба дапамагчы Андрэю. Дык я ўзяла пiсталет i стрэлiла. Я не ведала, што ў мяне гэта можа атрымацца. А ў белабрысага такi твар тады быў! Здзiўлены нейкi. Па–шалёнаму здзiўлены. Мне здаецца, ён быў упэўнены, што пераможа, i мы зоймемся каханнем. Проста нейкi дурань. Я ж не люблю бландынаў!..

Я потым яшчэ тыдзень у сябе прыходзiла. Я ж сама найбольш пацярпела: «ворагi» мёртвыя, Андрэю шнары толькi да твару, а я сабе ўсе ногi падрапала, пакуль мы па пажарнай лесвiцы на гарышча лезлi! Андрэй мяне, дзякуй гэтаму, вельмi шкадаваў: мы цэ–э–элымi днямi былi разам! У рэстарацыях штодзень вячэралi — Андрэй мне фiсташкi чысцiў, а яшчэ падарыў файненькi касцюмчык, туфлi i процьму бялiзны. Сказаў, што моцна раўнуе за тое, што я ў сукенцы на гарышча караскалася. А ўвогуле, ён глядзеў на мяне так, як быццам бы я з’ела запар сем порцый марозiва альбо прасадзiла семдзесят баксаў на жуйкi. Няхай. Абы толькi глядзеў. Можа, мне цяпер iзноў каго забiць, каб Андрэй адклаў cвой бiзнес хаця б на дзень?..

А сорамна мне нi крышачкi не было. Анi звання. Нават няёмка неяк: я ў школе нiколi чацвёрак за чвэрць не атрымлiвала — адны пяцёркi, у iзастудыю хадзiла, харэаграфiяй займалася, а тут — такая дрэнь.

Андрэй нават болей за мяне перажываў. Дарэчы, я ўсё хацела спытацца, што ён з тым каўказцам зрабiў, якi з белабрысым да нас прывалокся, але столькi клопатаў было, што да гэтага часу не здолела. Да таго ж Андрэй надумаў мяне да споведзi адвесцi. Ледзь не сiлком у свой джып запiхаў — завёз аж у Пiлькаўшчыну: «свой бацюшка, свой бацюшка». Але ж я хоць i забойца, але не вар’ятка. Я таму бацюшку нi ў чым не прызналася, акрамя таго, што Андрэй жанаты i што ў яго ёсць дзiця — васьмiгадовы хлопчык, але Андрэй яго зусiм не любiць, бо сыны вырастаюць i пачынаюць камандаваць сваiмi бацькамi. І ў рэшце рэшт, Андрэева сям’я за мяжой, а я тут, i нараджу Андрэю малюпасенькую ласкавую дачушку, i ён будзе яе любiць, а таму я важнейшая. Сонны бацюшка на мяне тады так вылупiўся, як быццам бы я прызнаюся ў забойстве. — Што ты iм нi распавядзi, усё iм не падабаецца! А яшчэ казаў: «свой».

Я цяпер падыходжу да люстэрка i шукаю на твары сляды граху. І калi я што–небудзь такое падазронае знаходжу, то бываю вельмi й вельмi задаволеная: значыць, ёсць яшчэ Бог на небе. Інакш як жа яшчэ растлумачыць, што ў мяне зморшчынкi на лобе, кругi пад вачыма, а яшчэ крыжык пацямнеў? Гэта ўсё папярэджанне аб тым, што мой грэх зафiксаваны. А калi ён зафiксаваны, значыць, грэх ёсць, i, выходзiць, Бог таксама iснуе.

Я наконт граху нават Грышкевiчу патэлефанавала, бо маньяк мне нiчога больш–менш уцямнага не прапанаваў. Грышкевiч — выкшталцоны пляткар, i на дванаццаць гадоў старэйшы за мяне, так што мне й сяброўкi не трэба заводзiць. Праўда, Андрэй лiчыць, што лепшая сяброўка не можа быць мужчынам, i таму мы з Грышкевiчам сустракаемся дзе–небудзь у метро, бо наверсе нас лёгка заўважыць. А так мы сыходзiмся на якой–небудзь станцыi, стаiм за калонамi альбо ў пераходах цi катаемся туды–сюды па ўсiх напрамках. Размаўляем пра першае–лепшае, маўчым альбо крычым адзiн аднаму на вуха: «Гэта добра, што ты сёння ад яго збегла. Ты мусiш паказаць яму свой характар». Альбо: «Гэта добра, што я сёння ад яго уцякла: я маю права на асабiстае жыццё!» Толькi гэта мне не дапамагае: па–першае, я ў пакаранне яшчэ радзей бачу Андрэя, а па–другое, у мяне нiякага асабiстага жыцця няма. Я ўсё спрабую пераканаць сябе ў адваротным — раз нават адна на «Вольную сцэну» на таксоўцы з’ездзiла — але мне ад гэтага толькi горш. Я ўвесь спектакль тады сядзела, ледзь не трацячы прытомнасцi ад аднэй думкi, што Андрэй, можа, раней прыехаў дамоў i мы маглi б зараз займацца каханнем.

Так што я заўжды дома — чакаю. Я ведаю, што ў мяне развiваецца нiмфаманiя, але не магу даць сабе нiякай рады. Сноўдаюся па хаце, мыю, прыбiраю, абы час мiнаў, але кiнуць усё i пайсцi не магу. Ужо ўсё да дзiрак працерла, а душу сваю ад чорнага гэтага кахання нiяк адцерцi не ўдаецца. Я раней была ўпэўненая, што нiколi не буду спаць з жанатым, не заб’ю чалавека i не зраблю аборту. Але чаму ўсё гэта здарылася са мной? Як усё гэта магло стаць мною? І чаму нiчога асаблiва жудаснага не адбылося? Чаму ўсё застаецца такiм, як раней? Тыя ж рукi i ногi, тыя ж валасы — толькi, можа, больш дагледжаныя. І чаму з люстэрка на мяне глядзiць ашалелая няшчасная жанчына, якую трасе не з–за таго, што яна нарабiла, а з–за таго, што яе мужчына не прыйшоў на палудзень i будзе толькi а дзесятай гадзiне вечара?

Гэтыя ненавiсныя днi чакання цёмна–сiнiмi хмарамi абвiваюць маю галаву, скручваюцца ў вяроўкi i душаць мяне бязлiтасна. Злавесныя й паскудныя, як сiнякi на маiм целе пасля бойкi. Цiкава, чаму ў мяне дагэтуль нiколi не было бландына?..

Я разумею, нармальная жанчына, калi б не магла зусiм кiнуць альбо забыць свайго каханка, завяла б сабе другога палюбоўнiка. Але ж я — дурнiца i завяла сабе дзiця. Як высветлiлася, гэта быў «звычайны шантаж». І добры доктар мяккай пухлай рукою нястомна торгаў мяне за локаць i ўсё даводзiў: «Мы не можам даць нiякай гарантыi. Зразумейце, мы толькi хочам вам дапамагчы». Вядомая рэч: за Андрэевы грошы яны маглi б зманiць, што ў мяне каза рагатая ў жываце, а не хворае дзiця, i вокам не мiргнуць.

Але тут мне нарэшце пашанцавала, i я была ўзнагароджаная за ўсе свае былыя пакуты (я ж казала: «Мне трэба яшчэ каго–небудзь забiць, каб Андрэй стаў звяртаць на мяне больш увагi») — мы едзем на Мадэйру. Цэлыя тры тыднi! Цэлымi днямi! Разам! Мы будзем лашчыцца i любiцца пад нейкiм далёкiм цёплым сонейкам i пiць мадэру. Я буду сасмоктваць яе смак i пах з Андрэевага паднябення i праз смех марыць, што зноў пайду выкладаць i буду казаць студэнтам: «Пастаўце кaнчык языка за зубамi. Цяпер намацайце за iмi гарбок i вымавiце гук». І ўсе будуць чырванець, а я асабiста — успамiнаць пра цябе, i, магчыма, спакушу ненаўмысна сваiм закаханым поглядам якога–небудзь слабахарактарнага студэнта.

А цяпер мы стаiм у аэрапорце, i ты пытаешся у мяне, як я пачуваюся. Як? А нiяк. Проста, як маленькая брунэтка ў кароткай чырвонай сукенцы з дробнымi кветкамi. Як маленькая брунэтка, якая замiлавана глядзiць знiзу ўверх на высокага рыжавалосага мужчыну i якую ўся зала есць вачыма, бо яны — прыгожая пара. Быццам маленькая брунетка, якая днямi адаслала стрыечнай сястры рукапiсы «чарадзейных казак» пра тое, як мы заўжды былi разам, выгадавалi трое дзяцей and have never been died, but simply пайшлi на той свет. Быццам дзяўчына, якая нават не падумае пра самагубства i самоту на старыя гады. Быццам дзяўчына, якая свята памятае, што ў яе даўгiя ногi i прывабная попка, што абавязвае гэтую дзяўчыну быць непахiснай аптымiсткай. Быццам выключна шчаслiвая дзяўчына, якой, аднак, так шкада, што самалёт не цягнiк i з яго нельга таемна саскочыць на якой–небудзь невядомай станцыi. І што няма ў самалёце стоп–кранаў, а ў мяне асабiста — мале–енечкай катапульты, якая б выкiнула мяне — з мяне.

.

0.gif (43 bytes) Art ARCHE (5475 bytes)

ARCHE  1-1998

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ     да  Пачатку Старонкі

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту.
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне:
13-04-1999