У яго была трохі
смешная, нязграбная хада: здавалася, ногі ягоныя
гнуцца, як дрот алюмініевы. Заграбаючы дзюбкамі
парэпаных бальных пантофляў, ён прадэфіляваў
праз залю. Лысаваты, гнуткi, з дробнымi рысамi
твару, ён выглядаў амаль смешна — зрэшты,
больш–менш смешны выгляд тыповы для класных
выканаўцаў бальнага танцу. А яны класныя
танцоры — ён i яго жонка. На гэтым дзiцячым
навагоднiм свяце яны iгралi ролi прынца
й прынцэсы. Яна чакала яго на другiм канцы
вялiкай залi, i ён, заграбаючы парэпанымi
бальнымi пантофлямi, прадэфiляваў да яе, i далонi
яго звыкла адчулi яе руку i талiю, i яны
заслiзгалi па выцертым паркеце. Дынамiкi вылi
невыносна. Нiзкiя гукi гучалi на два таны нiжэй,
а высокiя выклiкалi з чорных нетраў
скавытанне i свiст. Пад падэшвамi прынца
й прынцэсы курэў пыл.
Блiзка сябе ён бачыў яе скуру з дробнымi
порамi й валасы, ля каранёў цёмныя. Дзецi стаялi
каля елкi шчыльна, i яму прыходзiлася раз–пораз
павяртаць партнёрку, бо месца было мала. Зрэшты,
яна й сама ўсё разумела, i нават цяжка было
сказаць, хто каго вёў у гэтай пары — яны
адчувалi адзiн аднога ды згодна перабiралi нагамi.
Чырвоная з блiскаўкамi сукенка кранала рукi або
станы, або ногi гледачоў першага раду.
Гледачы–хлопчыкi былi апрануты ў сiнiя
формавыя гарнiтуры й сiнiя кашулi. Дзяўчынкi —
не ў форме, пастрыжаныя «пад сэсун» або «пад
гарсон». Большыя нафарбаваныя, да
незадавальнення настаўнiкаў.
На сярэдзiне танцу грузчыкi Дому культуры
вывезлi ў залю кантэйнеры з падарункамi. Як
толькi гэта адбылося, дзецi кiнулiся туды,
а настаўнiкi за iмi, каб арганiзаваць чаргу.
Танцоры спынiлiся — танцаваць больш не мела
сэнсу. Першыя з дзяцей, атрымаўшы падарункi —
папяровыя скрыначкi з ласункамi (конфеты
«Пилот» — 45 г, конфеты «Яблоневый цвет» —
45 г, конфеты «Золотой ключик» — 90 г
i такое iншае) — навыперадкi беглі да гардэробу.
Ён i яна пайшлi ў грымёрную.
На прыпынку яны моўчкi падзялiлiся — ён меўся
паехаць у кантору фiлармонii па грошы, ёй трэ’
было да доктара.
На Маскоўскай ён выйшаў. Неба было ярка–сiнiм,
а дрэвы ў скверы — у шэранi. Ён павярнуў
на Савецкую. Над двухпавярховымi камянiцамi,
будаванымi за часоў санацыi, курэў дым. Раз
у два гады, падчас рамонту, на iх праяўлялiся, як
плямы на сiнебародаўскiм ключы, надпiсы:
GALANTERIA DAMSKA I MESKA, LEW GINZBURG
ADWOCATURA
KAWA, HERBATA, CUKIER i INNE TOWARY KOLONIALNE
Надпiсы замалёўвалi, i яны прападалi — на два
гады. На рагу з Арджанiкiдзэ ён зноў павярнуў.
Адстаяўшы невялiкую чаргу, атрымаў грошы —
78 руб. 50 кап. Адсюль недалёка дадому.
Дачкi дома не было. Яна стрыгла валасы «пад
сэсун», а зараз, пэўна, пайшла да сяброўкi.
З нагоды атрымання грошай ён выпiў трохi
гарэлкi i неўзабаве заснуў.
Яго жонка ў гэты час уваходзiла ў доктарскi
кабiнет. З нагоды навагоднiх святаў
у кансультацыi чэргаў не было. Яна й сама не
пайшла б, каб ёй не балела. Боль трываў
i трываў у левым баку, цягнуўся, i ўжо
адбiваўся шэрасцю i прышчамi на скуры твару,
i цёмнымi колцамi ля вачэй, i раздражнёнасцю,
i спалохам. Доктар нацiснула з аднога боку,
з другога, яна трохi тарганулася
i скрывiлася, i доктар перапытала:
— Тут балiт? — i зноў нацiснула.
Яна кiўнула.
Злазячы з крэсла, яна бачыла, як доктар зцягае
з рукi i шпурляе у вядро гумовую
пальчатку.
Перш чым пайсцi з кансультацыi, яна зайшла
ў туалет, каб выпалiць цыгарэту. Тут пахла
мокрай анучкай i хлёркай, у адной
з кабiнак цурчала вада. Рэзкi пах «Космасу»
пасаваў да пахаў прыбiральнi.
Дома было цiха. Муж спаў. Цiкава, цi атрымаў ён
ганарар? На вячэру можна паесцi салаты алiўе, што
засталася з Новага году. Яна падышла да вакна.
Падаюць святочныя сняжынкi. Пад вокнамi, па Ленiна,
адна за адной шумяць машыны. Яны раскоўзалi
дарогу, i брукаванка схавалася пад iльдзяной
скуркай. Іхны дом стаiць у прыгожым месцы:
насупраць парк, а побач, на Мiцкевiча, расце
пiрамiдальны дуб. Гэта славутасць. Калi да iх
прыязджаюць госцi з Вялiкiх Лукаў, муж вядзе iх
да дуба, каб агледзелi крону. Прыводзяць сюды
i дзяцей са школаў. Каб агледзелi крону.
А госцi любяць прыязджаць у горад над Бугам
— адно шкада, што гэты самы Буг можна пабачыць
толькi з аднаго месца ў Брэсцкай крэпасцi,
ды й то здалёк — сорак метраў хуткай плынi
i карчы на тым беразе. Але пра Брэст толькi так
i гавораць — горад над Бугам. Заходнiя вароты
краiны. Ад Брэсту да Курылаў.
Яна прыслухоўвалася да боку. Здаецца, зацiхае?
Цiшэе? Альбо не? Зручны дом. Дом—гастраном. Дом
з гастраномам унiзе.
Унiзе шкандыбала старая, накiроўваючыся
ў краму. На ёй чорны плюш, а на галаве завiта
цёплая хустка.
Старая праехала дызелем трыццаць кiламетраў,
каб купiць чаго на Коляду й Раздво. Сёння
з ранiцы, калi яшчэ не развiднела добра, старая
рашуча гукнула цёмнай постацi на суседскiм
падвор’i («Ма–анё!» — «Агоў!» — «Я до мiста за
сiльодкою...» — «Ой, Гандзiчко, i менi...»)
Добра бралася на мароз. Куры не выйшлi
з курнiка, а котка, ходзячы за старой па
ўтаптаным падвор’i, па чарзе падцiскала лапы,
грэючыся.
Старая была сама сабе задаволеная. У горад едзе.
Перад святамi. Шчэ сiла е. Было ёй гадоў якiх
восемдзесят, як i суседцы Манi, з якой у iх
было негалоснае спаборнiцтва. Старая ўдовавала
гадоў з сорак i заўсёды казала, што лепш
будзе кланяцца сваёй дупе, абы не чужой галаве.
Так і рабiла. А Маня аўдавела толькi нядаўна
і вельмi ўжо скардзiлася на долю ды шукала, як
лягчэй. «Ой, Гандзiчко, i менi...»
З–за катарашкi на вочах (так яна казала) яна
кепска разбiрала кошты на цэтлiках. Яна купiла
селядцоў — вялiкую бляшанку на дзвюх з Маняй,
i геркулесу. Хусцiнку з грашыма
ў брунатных, разбiтых работай пальцах
з чорнымi пазногцямi яна зацiскала. Наогул,
старая не збiралася купляць мяса, але электрычнае
святло i блiсканне маленькiх елачак спакусiлi
яе, у моцным сэрцы выявiлася слабiна, i ёй
захацелася. Але мясныя прылаўкi былi зусiм пустыя.
Зусiм. Старая пiльна аглядзела
дзяўчыну–прадаўшчыцу за пустым прылаўкам.
Прадаўшчыца была вельмi маладою, да кучаравых ад
хiмзавiўкi валасоў быў прычэплены малюпасенькi
карункавы каптурок. Твар ружовы, прыгожы, а шыя
смуглява–жоўтая. На сваю адзежу яна налажыла
белы халат, а на халат — душагрэйку аўчынай
наверх. Мяса не было, а прадаўшчыца стаяла.
Едучы ўжо ў дызелi, старая лавiла нейкую думку.
А думка кружляла, адыходзiла, вярталася — не
давалася. Яна трымала торбачку з харчамi на
апошнi пост i думала... Пра што? Не знаю.
Старая Гандзя памёрла на лаўцы ў дызелi мiж
станцыямi Бярнарды i Прылукi. Раней–раней
Бярнарды належалi берасцейскiм бернардынам,
а Прылукi берасцейскiм езуiтам. Каго Бог не
любiць, тыя памiраюць не так.
Старая Гандзя памёрла. На мурах кляштараў,
перабудаваных у руiны Брэсцкай крэпасцi,
асыпаўся тынк. Ішоў 1978 год. Нiхто пра гэта не
думаў.