Logo ARCHE (798 bytes)

1-1998     .

0.gif (43 bytes)

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ


запісы

Андрэй Пінхасік

Я хацеў бы стаць Ларысай Геніюш


Мар’iнагорскi спецназ. У адным купэ з афiцэрам спецназу, п’яным як швед, па прафесii падрыўнiком. «Я табе раскажу, — кажа, — як любую машыну на хер разнесцi. Прасцей за ўсё — бярэш прэзерватыў, насыпаеш ..., завязваеш, i ў бензабак. Бензiн рызiну раз’ядае… На хер ўсё раздзяўбе. Толькi рызiнку ад прэзерватыва адрэж, каб не засталося пры выбуху. Запомнiў?»

Валадымір Цыбулько. Кiеў. Дзе знайсцi паэта Цыбулька? «Ён шторанiцы а палове на дзесятую п’е каву ў кавярнi на рагу Пушкiна i Прарэзнай».

«Воплi Вiдоплясова» iграюць, песня «Ехалi казакi». Бабця ажыўляецца: «Якiя песнi старадаўнiя… Як я была маладая, i мы спявалi яе, а хлопцы кпiлi. Мы скончым, а яны падцягаюць:

Ой, ты, Галю, яка ты няхлюя,
Не памыла рукi, бярэшся за хуя».

Кантрольных камiсiй на ўступных iспытах ажно тры: БПСМ–у, прэзiдэнцкага кантролю i грамадская. У кожнага з кантралёраў свае «прадвiжэнцы». Калi прыёмная камiсiя збiраецца асобна ад кантрольных, адзiн з дэканаў перадае просьбу рэктара: «Еслі кто із абітуріентов будет отвечать по–белорусскі, поощрять баллом».

Васiль Сёмуха — Валерку Булгакаву. «Дык Булгакаў гэта ты? А я думаў, гэта такi мардаты».

Ігнат Сагановiч. У ангельскiм часопiсе Index of Censorship артыкул Генадзя Сагановiча змешчаны за подпiсам Ignat Saganovich.

Адам Глёбус. «Уладзiмера Адамчыка можна?» — «Гэта я», — на тым канцы дроту. З такой iнтанацыяй, як кажуць, паказваючы на фотаздымак: «Гэта я. Гэта мая мацi. Гэта мой брат»… І прытым з нейкай такой рэзыгнацыяй у голасе.

Е. У Ружанах у краме мужык пытаецца: «А як, Зiна, тое вiно, е?» (у Чачэрску спыталiся б: «А як, Зіна, тое вiно ё?») «Е, — кажа Зiна — па дваццаць дзевяць». Вiно «Злато скифов», 29 000 рублёў за пляшку.

КГБ. Мужык у вагоне заляцаецца да маладжавай кабеткi. Тая п’е гарбату, а ён ёй шэпча: «А нам нашы правiлы не дазваляюць нiчога есцi анi пiць у вагонах». Мардаты мужычок.

Партыя «Радзiма i Свабода» i фронт «Беларусь у Эўропу».

Максiм Шчур. Родам з Берасця. У школе пiсаў паэзiю: «студнi» ды «крушнi». Пасля студэнт, пiяка, анархіст, дэманстрант, арыштант, рок–музыка, аўтар «Оды на забойства цара Аляксандра Ігнатам Грынявiцкiм», выключаны з Лiнгвiстычнага ўнiверсiтэту. Чаплялiся спецслужбы, клеiлi наркотыкi. Мусiў выбрацца за мяжу, прасiць прытулку. Сувязь з iм сябры трымаюць праз Інтэрнэт. У Берасцi ходзяць чуткi, што «Шчур выдае зборнiк вершаў у Нью–Ёрку». Яму 22 гады.

У Берасцi ўсяго патроху. Адзін сэрфінгіст плавае паўз пляж.

Аналітычныя канструкцыі у беларускай мове — тэма для доследу. «Я быў хадзіў. Я мушу буду пайсці. Быўшы пайшоўшы. Каб я быў знаў, я быў бы пайшоў. Буду–буду паліваць іх дробнаю слязою». Таксама чалавек не скажа «прахожы» або «мінак», а — «чалавек на дарозе» («людзі на дарозе падкажуць»; «людзі на дарозе бачылі»; «хоць бы адзін чалавек на дарозе дзе»).

«Маруся, дай бусі».

Страдычы, Берасцейскі раён. У кожнага свой цэх. Хто сталярку вырабляе, хто мяккую мэблю! І свая машына. Паўсяла — баптысты (можа, і не баптысты, а пяцідзесятнікі; «веруюшчыя»).

«Ён для мяне нават не мыўся, — журыцца суседка на мужа. — Субота–нядзеля — ён не мыўся. Мыўся ва ўторак, калі йшоў на свой хор, да сваёй палюбоўніцы. Ну, як тут быць?»

«Пакуда саветы не прыйшлі, — бабця ка’, — не ведалі, што такое валёнкі. Зімою, у снег, помню, ідзеш да царквы ў чаравічках, ботах. Мерзнеш. А то яшчэ ашчаджалі, хадзілі ў «нямецкім абутку» — такая драўляная пляцформа з парай скураных шнурэчкаў, прыбітых цвічкамі (і панчохі з воўны). Як папастаіш з хлопцам, ба’ла, пасля вячорак, зойдзеш у хату, зуб на зуб не пападае. Цяперачка дык у валёнках ходзяць, у калошах, не мeрзнуць».

У цёткі Ксэні на старыя гады з галавою кепска — загаворваецца. А дзеці і ўнукі сюд–туд пераходзяць на расійскую. Прыходзіцца думаць. «Коні, — кажа яна трохгадоваму праўнуку, — бываюць усякае масці, — думае, — мазі: вараныя, сівыя і красныя». «У лінгвістыцы гэта называецца гіперкарэляцыяй», — кажа сяброўка.

Членкор АН Старажоў: «Ідея прав человека является перманентной, неуміраемой і фактіческі вечной, ібо, как сказал Руссо, человек рождается свободным, а жівет всю жізнь в цепях» — на слуханнях па правах чалавека ў «нацыянальным сходзе».

Trainspotting. У Берасці ўжо бачылі Trainspotting паводле Ўэлша. Па–расійску ён называецца «На ігле».

Папера загорнутая ў старую газету з рэцэнзіяй на «Споведзь» Юрыя Нагібіна: «Я хачу назад у жыды, там святлей і чалавечней». «Самая вялікая бяда расійскага народу ў тым, што ён заўжды бязвінны ва ўласных вачах».

Парнаграфічная арганізацыя і парнаграфічная літаратура.

Лявон Юрэвіч піша, што нам цяжка сабе ўявіць, але амерыканскіх культуралагічных выданняў кшталту тае самае «Нашай Нівы», можна сказаць, няма.

Дамавікі мы, а не чалавекі.

«Ягамосць». Прэпараванне вершаў — занятак. У Анатоля Сыса:

Я
яшчэ
ня попел
і ня прысак
пакахай мяне
такім як ёсць —
ў боскіх іскрах
ці ў шампанскіх
пырсках
Ягамосць!

Падвойны рытм: «попел/прысак», «у іскрах ці ў пырсках». Рэмінісцэнцыі: «Быццам абсыпана промнямі зор». Ягамосць — таямнічая істота — абрыў, акцэнт — жаночая форма, мужчынскі род. Мінімум знакаў, мінімум прыпынкаў у каханні.

«Памёрлі ўсе, — сяброўка здае іспыт па філасофіі. — У Ніцшэ — Бог, у Сартра — чалавек, у Фука — аўтар, у Бабкова — народ, а ў Бадрыяра — сама рэчаіснасць». — «Ну».

Пык–мык. Пыкаць–мыкаць — значыць, не ўмець гаварыць, заікацца.

Матчыны ногі. Матчыны мігі.

Перакладчыкі Гайдэгера захапляюцца ягонымі граматычнымі гульнямі.

Odzyskanie niepodleglosci: як гэта добра перакласці на беларускую?

З акцэнтам спяваюць па–расійску Вайкуле й Вэскі, і ім пляскаюць у ладкі. Заспявайце па–расійску з беларускім ці ўкраінскім акцэнтам — з вас будуць кпіць. Ясна, чаму.

Белая паштоўка з Парыжу са словамі Віктора Гюго: «Раз гэта белая старонка, чаму б на ёй нешта не напісаць».

Ніхто не жыве даўжэй, чым тыя, хто ўвесь час хварэе.

Янка Cтанкевіч у рэцэнзіі на савецкі, 1958 году, зборнік беларускіх прыказак, прымавак і загадак, цытуе «паслякастрычніцкую» прыказку са зборніка: «Захопнікаў Карэі і сонца не сагрэе».

.

0.gif (43 bytes) Art ARCHE (5475 bytes)

ARCHE  1-1998

НАЗАД  да ЗЬМЕСТУ     да  Пачатку Старонкі

Пачатак Гэты праект Навіны Рубрыкі Цалкам Іншае

E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту.
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне:
13-04-1999