Не ведаю, ці бачыў ты калі,
чытачу, порнафільм. Я не маю на ўвазе фільм
з эратычнымі элементамі, нават з такімі,
якія шмат у каго будзяць пратэст, напрыклад
«Апошняе танга ў Парыжы», а сапраўдныя
парнаграфічныя фільмы, то бок фільмы, адзіная
мэта якіх ад пачатку і да канца — выклікаць
узбуджэнне, паказваць разнастайныя спосабы
порак на любы выбар і любы колер, і дзе ўсё
астатняе не грае ніякай ролі.
Вердыкт, ці ёсць фільм чыста парнаграфічным, ці
ў ім маецца таксама нейкая мастацкая вартасць,
нярэдка прыходзіцца выносіць судам. Я далёкі
ад думкі, што мастацкая вартасць адпушчае ўсе
грахі. Не раз бывала, што праўдзівыя мастацкія
творы аказваліся больш небяспечнымі для веры,
звычаяў і грамадскай думкі, чым нізкапробныя
падробкі. Пры гэтым я мяркую, што дарослыя
людзі маюць права на сведамае азнаямленне
з парнаграфічнымі творамі, прынамсі тады, калі
ім недаступнае што лепшае. Аднак тое, што часам
суды вырашаюць, ці быў такі й такі фільм
створаны для выказвання пэўнай эстэтычнай
канцэпцыі ці эстэтычных ідэалаў (нават
з выкарыстаннем у гэтай мэце паказу сцэнаў,
што супярэчаць традыцыйна прынятым нормам
маралі), ці то адзінай ягонай мэтай было
абуджэнне інстынктаў, якія мы зазвычай называем
нізкімі — факт, і суддзям трэба мець нейкія
крытэрыі.
Дык жа, па–мойму, вызначыць, парнаграфічны гэта
фільм ці непарнаграфічны, можна паводле крытэрыю
перапынкаў у дзеянні. Дзея шэдэўральных
«Чырвоных ценяў» разгортваецца (апроч пачатку,
кароткіх уставак і канцу) у сценах
дыліжансу. «Прыгода» Мікелянджэля Антаньёні
з аднога суцэльнага перапынку ў дзеянні,
уласна, і складаецца: людзі соваюцца
туды–сюды, прыходзяць, нешта кажуць, прападаюць
і адшукваюцца, але ўвесь час нічога не дзеецца.
Аднак гэты фільм і мае сваім заданнем
паказаць, што нічога не дзеецца. Так, так, гэта
можа падабацца нам ці не, але менавіта гэта ён нам
і хоча паказаць.
Тады як парнаграфічны фільм, калі толькі ён
хоча быць вартым цаны квітка, відэакасеты ці
дыску, мусіць дэманстраваць нам полавыя акты між
мужчынамі й жанчынамі, мужчынамі
й мужчынамі, жанчынамі й жанчынамі,
жанчынамі й коньмі ці сабакамі (хачу, дарэчы,
звярнуць увагу грамадскасці, што няма фільмаў,
у якіх бы мужчыны былі з кабыламі ці
сучкамі; чаму б гэта?) З актамі ўсё ясна, але
між актамі ёсць яшчэ й паўзы.
Калі ў парнафільме Рамэо хоча згвалціць
Джульету, то ён сядае ў машыну на плошчы
Свабоды і едзе да яе на хату на вуліцу
Перамогі, прычым мы вымушаны назіраць за тым, як
ён едзе, усю дарогу, не мінаючы ніводнага
светлафору.
У парнаграфічных фільмах людзі сядаюць
у машыны, адольваюць шмат кіламетраў, і мы
за ўсім гэтым назіраем; героі губляюць таксама
процьму часу на засяленне ў гатэль, і мы
бачым, як яны, замест таго, каб адразу трапіць
у пакой, ад першага да апошняга паверху
ўзнімаюцца ліфтам; дзяўчаты там падоўгу сядзяць
у бары, высмоктваючы літры рознакаляровых
напояў, або ў чаканні Рамэо хвілінамі
перакладаюць з месца на месца кашулечкі
й каруначкі, і толькі пасля высвятляецца,
што яны прыкладаюць усе гэтыя намаганні, каб
дачакацца зусім не Рамэо, а Сафо. Як гэта ні
банальна й ні прыкра, але ж перш чым
перайсці да здаровага кахання, персанажам
прыходзіцца хоць у найменшай ступені, але
сутыкнуцца з праблемамі камунікацыі.
Прычыны такіх прамаруджванняў ясныя як божы
дзень. Стварыць фільм, у якім Рамэо цягам
паўтары гадзінаў гвалціў бы Джульету ракам,
бокам і з падскокам, немагчыма. Фізічна
немагчыма для акцёраў і фінансава — для
прад’юсэра. Дый глядач не вытрымаў бы псіхічна,
бо ён, на жаль, звыклы да звыклага жыцця.
А якраз–такі граць звыклае жыццё —
найцяжэйшае для любога акцёра. Усялякія
збачэнні, злачынствы, гвалт, тартуры —
увабразіць усё гэта нашмат лягчэй.
Таму ў порнафільме мусіць таксама быць
паказаны звычайны бег жыцця — і гэтая справа
першай важнасці, бо парушэнне звычайнасці затым
узбуджае зацікаўленасць гледачоў —
зацікаўленне ў пэўным сэнсе гэтага слова.
Менавіта таму, калі Рамэо трэба заехаць
аўтобусам з А у Б, мы стаем сведкамі таго, як
ён ускоквае на падножку ў А і едзе ў Б.
Некаторых гледачоў гэта раздражняе, ім бы
хацелася паболей «гарачанькага». Яны памыляюцца,
аднак: паўтары гадзіны гарачых сцэнаў не
вытрываў бы ніхто. Перапынкі мусова мець.
А цяпер яшчэ раз ад пачатку. Ты глядзіш фільм.
Калі героі прысвячаюць пераадоленню адлегласці
між А і Б больш часу, чым табе хацелася б,
значыць ты глядзіш парнаграфічны фільм.