Відаць, у Гішпаніі
найпрыгажэйшыя газетныя кіёскі на зямлі. Той, хто
пачне блукаць вулкамі Барселоны, сутыкнецца
ў гэтых легкаважкіх, стракатых установах
з танцавальнымі маскамі, у якіх юная багіня
прыводзіць інфармацыю сваім правакацыйным
танцам жывата. З гэтай маскі кіраўніцтва
некалькі тыдняў таму выняла паглядны абруч на
ілбе. Быў забаронены продаж пяцёх ці шасцёх
«засмелых» калекцый, якія любосць без... —, пад
абмеркаванне падпала шырокавядомая азбука
Морзэ, якая знайшла сваё выяўленне ў мастацкай
літаратуры. Як вядома, гэтая эмансіпацыя ад
азбукі Морзэ ў перадачы полавых адносін
называецца «парнаграфіяй». Як гэтаму цяпер быць:
з пяшчотай аздобленыя гішпанскія выданні не
адрозніваюцца ад кнігаў накшталт нашых
«Мемуараў мадысткі», «Будуар і манеж», «Ваша
даўняя прыяцелька». Адметным у іх было нешта
іншае: у паказальніку іхных аўтараў
знаходзіліся выбітныя аўтары, нават паэт узроўню
Гомэса дэ ля Сэрны. Безумоўна, матэрыялу
дастаткова для крытычнай увагі, якая пры вялікім
запале маральнага абурэння звяла б на нішто
яго прадмет. Але замест таго, каб паступіць
з ім такім чынам, мы хочам яго крышку
разгледзець.
У адным парнаграфічныя кнігі такія ж самыя,
як і ўсе іншыя: а менавіта ў тым, што яны
заснаваныя на пісьме і мове. Каб жа мова
ў сваім слоўнікавым запасе не мела адзінак,
якім першапачатна была ўласцівая
непрыстойнасць, парнаграфічныя літаратура
пазбылася б свайго найлепшага сродку. Скуль жа
бяруцца такія словы?
Мова, у розныя стадыі свайго гістарычнага
быцця, ёсць адным вялікім эксперыментам, які
праводзіцца ў столькіх лабараторыях, колькі
на зямной кулі існуе народаў. Пры гэтым паўсюль
ход пра адзінства хуткага, недвухсэнсоўнага
памаўлення з распружвальным, сугестыўным
выражэннем. (Тое, што лічыць патрэбным выказаць
той ці іншы народ, залежыць ад таго, якія шанцы
выражэння, якія віды памаўлення ўвогуле
прадугледжаныя.) Для гэтага агромністага
эксперыментальнага акту вялікая паэзія
пастаўляе свайго роду кнігу гатовых выразаў: не
толькі сілкаванае народнай стыхіяй моўнае
багацце, але і матэрыялы. Несупынна змяняецца
распарадак доследу, і ўсцяж уся маса
прыводзіцца з новага ў належны стан.
Пабочныя прадукты пры гэтым немінучыя. Да іх
адносіцца тое, што існуе ў абыходку вонках
звычнай, ці то вуснай, ці то пісьмовай мовы,
у выказваннях, у выслоўях:
памяншальна-ласкальныя імёны і назвы фірмаў,
лаянка і кленічы, сакральныя формулы
і брыдкаслоўе. Усё гэта або няўзнак перацякае
ў выражэнне, невыразна, падыспадна, стаючыся
ферментам культавай мовы, або неўпрыкмет
у памаўленне, набываючы непрыстойнае гучанне.
Будучы ўзбочнымі прадуктамі штодзённа адбыванай
працэдуры, гэтыя ж самыя элементы набываюць, тым
не менш, вызначальную вартасць у іншым:
перадусім у навуковым сэнсе, таму што па гэтых
дзіўных моўных фрагментах распазнаецца аскепак
протаграніту моўнага масіву. Ведама, як дакладна
зыходзяцца гэтыя крайнасці ў іхнай палярнай
скіраванасці. І было б надзвычай цікавым
даследаванне ролі непрыстойных жартаў
у кляштарнай мове сярэднявечча.
Калі так, то запярэчаць: прадукаванне такіх
словаў настолькі закладзена ў сутнасці мовы,
што ўсе словы, западозраныя ў лішку
перадаванай энергіі, ужо стаяць на мяжы
непрыстойнасці, і таму іх неабходна
беззасцярожна выдаліць з прыгожага
пісьменства.
Наадварот, грамадства выкарыстоўвала гэтыя
натуральныя — каб не сказаць прафанныя —
працэсы ў жыцці мовы ў якасці прыродных
сілаў, і як Ніагара сілкуе электрастанцыі, так
гэтае раскладанне і заняпад мовы ў нізкае
і пошлае трэба ўжываць як велізарную крыніцу
энергіі, каб тым самым запусціць дынама-машыну
творчага акту. Дзеля чаго ўсё ж жывуць паэты, ёсць
як старым, так і дакучным запытаннем, на якое
здаўна можна адказаць толькі з цяжкасцю.
Незалежна ад таго, ці прадставяць яго самому сабе
ці дзяржава праявіць клопат аб гэтым:
у абодвух выпадках усё зводзіцца да ягонай
галоднай смерці.
Таму мы патрабуем: дзяржаўная манаполія на ўсю
парнаграфію. Сацыялізацыя гэтай значнай
энергетычнай сілы. Дзяржава кіруе гэтай
манаполіяй у адпаведнасці з пастановай,
якая робіць гэты літаратурны жанр выключнай
рэзервацыяй для эліты слынных пісьменнікаў.
Літаратар замест сінекуры будзе атрымліваць
дазвол вырабіць такі і такі працэнт
статыстычна ўстаноўленай упаўнаважанымі
органамі патрэбы ў парнаграфіі. Ні публіка, ні
дзяржава не зацікаўленыя ў тым, каб трымаць на
гэты тавар занадта нізкую цану. Пісьменнік
працуе дзеля фіксаванай, наперад вызначанай
патрэбы за гатоўку, якая бароніць яго ад поўніцай
непрадказальнай кан’юнктуры, што закранае яго
праўдзівую творчасць. Яго дзейнасць будзе нашмат
больш прыстойнай, чымся калі б ён так ці інакш,
свядома або не свядома, абслугоўваў інтарэсы
пэўнай партыі ці групоўкі. Як знаўца справы ён
выцесніць аматараў і пакладзе канец
нязноснаму дылетантызму, які пануе ў гэтым
абсягу. А таксама чым далей, тым меней ён будзе
пагарджаць сваёй працай. Ён не чышчэннік
каналізацыі, а трубаўкладчык у новым
камфартабельным Вавілоне.