“То, што ты
дзесяць дзён галадаў на ІВСе — глупасць. Там да
гэтага нікому няма ніякай справы, адпаведна,
нічога нельга дабіцца. Толька здароўе падпорціў.
Тут галадаць ты можаш для “ніх”,— паказвае ў бок
дзвярэй.— А ў “хаце” еш сала, шакаладкі…”
Галадаць на турме — значыць адмаўляцца ад
“палажняковай” (той, што дае дзяржава) пайкі.
Дачкі, па паняццях (законах турэмнага калектыву)
— не ўлічваюцца. І калі яны ёсць — чалавек
здольны “галадаць” месяцамі. “Калі ідзеш на
галадоўку, трэба напісаць заяву — чаго
дамагаешся. Без заявы галадоўку “не заўважаць”.
“Дык вось, ты галадуеш. Цябе пачынаюць
выклікаць да “кума” (оперсупрацоўніка). Ён
угаворвае не галадаць. Дзень, два, тры… Пасля
цябе пераводзяць на “кічу” (у карцар), дзе
патрымаюць дзён пяць. Пасля пачнуць карміць
прымусова, праз шланг”.
“Такіх галадаючых многа. Як правіла, яны нічога
не дамагаюцца і ведаюць пра іх нямногія. На
поспех можна разлічваць толькі пры падтрымцы”.
Гэта значыць, ці калі галадаюць адначасова многа
зэкаў, ці, як у маім выпадку, калі я магу
разлічваць на тое, што інфармацыя пра мае дзеянні
даходзіць на волю, і там падымаецца шум.
Я не шкадую, што галадаў на ІВСе. Для
ацверазення жыццяўспрымання і рухомасці
суставаў голад, адназначна, ідзе на карысць. А
пазней, на судзе, ён паспрыяў і маёй перамозе над
вайсковай часткай 2044 у яе грашовым іску.
А на турме, неўзабаве пасля “лекцыі” я з голаду
выходжу. Выхад адбываецца праз “чыф”.
Каб зварыць чыф, карыстаемся “дровамі” і
“кабанчыкам”. Тут гарыць лямпачка (ва ўсіх
“хатах”, дзе я быў, лямпачка некалькі злева над
дзвярыма), і можна паспрабаваць зладзіць ад яе
“павуціну” (электраланцуг). Бярэцца
электрапровад (напрыклад, ад перагарэлага
кіпяцільніка), расплятаецца, і з двух–чатырох
танюткіх медных правадочкаў робіцца
электраланцуг. Астатнія правадочкі застаюцца ў
рэзерве, каб было з чаго рабіць наступную
павуціну пасля канфіскацыі першай. Медную
павуцінку адносна лёгка маскіраваць: невялічкая
канаўка ў тынкоўцы, зверху — зноў тынкоўка: мелам
ці зубной пастай прыкрыў — і парадак. Зробіш
акуратна — дык і пры “шмоне” знайсці будзе
цяжка.
Пры адсутнасці дроцікаў павуціну майструюць
нават з фольгі шакаладак.
Толькі на “каранціне”, а месца, дзе мы цяпер,
менавіта “каранцін”— тут утрымліваюць зэкаў да
медкамісіі, санапрацоўкі і размеркавання па
стацыянарных хатах,— вадзіцца з вырабам ды
ўсталяваннем павуціны нерацыянальна. Хутчэй і
прасцей зладзіць “дровы”.
Лепшыя “дровы”— з натуральных валокнаў:
махровыя ручнікі, шарсцяныя і баваўняныя кашулі,
джынсоўка. Шкадаваць штосьці (як і кагосьці) на
турме — не варта, часам — небяспечна. Умовы
скучанасці і несвабоды вымагаюць ахвяраў.
Рэчыўныя ахвяры — самыя бяскрыўдныя, таму —
мэтазгодныя. А прагнасць губіць не толькі
фраераў.
Інтэлігент абрывае рукавы сваёй цёплай кашулі,
кавалак аднаго з іх пускае на паходню. Бярэ
“кабанчыка” (сала), каб паходня гарэла добра. І
варыць “чыф” у пракопчаным кутку ля “баяна”
(рыфлёнай батарэі ацяплення). Нехта прыкрывае
сабой вочка (абавязковае дзеянне пры любых
“забароненных” працэсах у хаце. А забаронена
шмат).
Аднаго кавалка кашулі аказваецца недастаткова.
Другая паходня. А вось чыф і гатовы.
Аліментшчык ад чыфа адмаўляецца, тусуецца ля
вочка.
Традыцыйна робіцца па два глыткі за заход,
апошні глыток застаецца таму, хто гатаваў.
Абмяжоўваюся адзінарнымі глыткамі ў сваю чаргу і
прыслухоўваюся да вантробаў — як зрэагуюць. Усё
— о’кэй!
Пазней — яшчэ чыф. Ужо з кавалачкамі сала,
цыбулі на закусь. Але ж добра! Як і не галадаў.
А ў № 18 падсяляюць яшчэ двух. Худы доўгі
“сотчык” (той, хто праходзіць па артыкулах
“забойства”: сотым і далей) гадоў пад трыццаць;
яму шыюць таксама згвалтаванне, перад намі ён
адмаўляе абодва абвінавачанні і не п’е чыфу —
сцвяржае: “завязаў”. Надалей мне давядзецца
пасядзець яшчэ з двума забойцамі, і будзе ў іх
агульнае з першым у абліччы, але ніводзін не
будзе падобным на забойцу з фільмаў. Другі
падсяленец — сівы і пажылы, невялічкага росту.
З моцна збітым тварам. Абвінавачваецца па 87–м
(крадзёж). Бралі проста ва ўласнай хаце. Чыф п’е.
У сукамернікаў — стос газет. У асноўным —
“Аргументы и факты”. Не першай свежасці, але
чытаю з задавальненнем. За кратамі — самае тое.
Хтосьці таксама паглыбляецца ў газеты,
інтэлігент — у кніжку, здаецца “Воры в законе”—
нешта накшталт біяграфій усіх адораных гэтым
тытулам. Пасля каранціна пра кнігу гэтую чуў яшчэ
не раз, але болей не сустрэўся. Дагэтуль шукаю.
Пра зоны. Большасць зэкаў стараюцца пазбегнуць
“агульнага” рэжыму. Там і “ментаўской
беспрадзел”, і “блытаныя паняцці” (зразумела:
людзі там па першаму разу (ці фармальна
несудзімыя), шмат нядаўніх “малышэй” з іх
“замарочкамі” і глупай агрэсіўнасцю,
“адмарозкаў”). Асабліва нядобрая слава — у
магілёўскіх зон. Кажуць, там ці схіляюць да
“супрацоўніцтва” ці прымушаюць сядзець за
адным сталом з підарамі. Чэсны зэк можа ўратаваць
там рэпутацыю толькі “ўскрываючыся” (лязо ці
швайка — у брушыну ці грудную клетку, пасля чаго
на тваю робу мацуюць лейбу, пазначаючую:
“схільны да самагубства”; ускрыццё вен
неэфектыўна — перацягнуць ды адп..дзяць),
“злосна парушаючы рэжым”, ці калі пачне
таленавіта “гнаць”. На “ўсілку” парадку
паболей. А на “страгачы” і, тым больш, на
“асобым”— там ужо “культурныя людзі”, там —
“па паняццях”.
Зэк, які жыве па паняццях, абавязаны адбыць любы
тэрмін “ад званка да званка”.
Умоўна-датэрміновае вызваленне, з практыкі,
бывае толькі “пры супрацоўніцтве”. Хаця,
тэарэтычна, яго можна і купіць.
Але і для чэснага зэка выхад на волю раней
тэрміну дапускаецца: па амністыі. Амністыі час ад
часу бываюць, і іх чаканне — адна з “вечных тэм”
зэкаўскіх размоваў.
Базавы тэрмін паняццяў — “двіжэнне” (рух).
Любы зэк, куды б ён ні трапіў, павінен шукаць
магчымасці і рух наладжваць. Каб мог паспяхова
рэалізоўвацца прынцып салідарнасці, каб зэкі
маглі ведаць адзін аб адным і, па магчымасці,
дапамагаць.
Рух ладзіцца па “дарозе”. Усталяваўшы дарогу
— “застрэліўшыся” да месцазнаходжання
“прычала” іншых зэкаў з дапамогаю “ружжа” ці
“арбалета”— пачынаюць “ганяць коней”:
перацягваць канацікі з прымацаванымі да іх
“малявамі” (паперкамі з тэкстам) і “грузікамі”
(часцей за ўсё гэта чай і цыгарэты — асноўная
зэкаўская валюта, але, у прынцыпе, там можа быць
усё, што пралезе скрозь “рэшку” (вейкі-жалюзі ды
краты звонку) і “панараму” (каналізацыю):
медыкаменты, кубікі булёну, “кабанчык”, цукар,
цукеркі, “марачкі” (насоўкі), “сеансы” (эротыка
і парнаграфія) ды іншыя радасці жыцця). Амаль
заўсёды грузікі запайваюцца ў цэлафан, а тыя, што
праз “панараму”,— у цэлафан падвоены.
Пра “панараму”. Ёсць месцы, у якія іншым шляхам
грузік не дашлеш. Работа з “панарамай” брудная
— трэба адкачваць анучаю фекальную ваду, але яна
не лічыцца “ў падлу”. Наадварот, “у падлу”—
калі хата “ганяе коней”, а зэк не прымае ўдзелу ў
працэсе. І зусім “у падлу”— не падтрымліваць
рух. Хата, што не праяўляе салідарнасці, лічыцца
“адмарожанай” (на першым корпусе Гарадзенскай
турмы такая рэпутацыя замацавалася за № 55, дзе
сядзяць, пераважна, былыя супрацоўнікі карных
органаў), і людзей з яе можа чакаць пакаранне —
расправа пры любой зручнай магчымасці: на этапе,
у стакане, у іншай хаце, нават, на зоне. Самыя
прымітыўныя формы руху: перамовы “на кружачку”
(праз сценку з дапамогаю голаса), праз рэшку і
праз панараму (калі адкачаць ваду, акустыка
каналізацыйных труб істотна паляпшаецца),
пакіданне “мулек” у гулачных дворыках, запісы
на ўсемагчымых паверхнях, дзе бываюць зэкі. Самы
энергатратны спосаб (але ён утварае і самыя
надзейныя дарогі) — ладжанне “кабур” (скразных
дзірак у сценах, падлозе ды столі).
Калегі яшчэ п’юць нейкую спіртаўтрымліваючую
вадкасць (я адмаўляюся) ды вядуць свецкія размовы
праз рэшку. Іх моцныя галасы злуюць
“карпуснога” (дзяжурнага па корпусу). Маленькі
раз’юшаны чалавечак у пілотцы набакір завальвае
з вартавымі да нас і абяцае хуткае “маскі–шоў”
(трэнінг граміл у камуфляжы).
Калі мянты звальваюць, Валера распавядае пра
месячнай даўніны візіт на Гарадзенскую турму
“Эмністы Інтэрнэйшнл”. Адзін з зэкаў
разгаварыўся з праваабаронцамі да такой ступені,
што ўзгадаў і “маскі”. Пасля ад’езду гасцей
“мянты” ставяць хлопца “на расцяжку”
(дубіналам саджаюць на папярочны шпагат, бывае,
такая апрацоўка ідзе па некалькі гадзін), той
пасля доўга адлёжваецца і мочыцца крывёю. Быць
гаварлівым надалей яму ўжо не хочацца.
“Эмністы”— не аўтарытэт для турэмшчыкаў, што
тады казаць пра беларускіх праваабаронцаў…
Для нас “маскі–шоў” не адбываецца. Гучыць
званок адбою. Турма агалошваецца крыкамі
“Спакойнай ночы!” і адпаведнымі “маякамі”—
стукамі пэўнай рытмікі па сценах, столі, падлозе
да суседзяў з тым жа значэннем. Калегі таксама
крычаць і маякуюць.
Расслабляюся. Халаднавата, мулка, лямпачка — у
вочы, але патроху, пад размовы сукамернікаў
засынаю. Чую, як унізе яшчэ нешта ядуць і
пакідаюць долю тым, хто спіць. Чую, як Валера кажа
пра мяне: “Зона для него — другая планета”.
На ўсю каманду даецца тры ці чатыры алюмініевыя
“вяслы” (лыжкі) без ручак. Ямо імі на змену, ды
пара нашых мае лыжкі драўляныя.
Недзе праз паўгадзіны баланда забірае шлёмкі.
Астатняе застаецца.
Праз знаёмае змрочнае памяшканне з акном
праходзім у двор другога корпусу.
Рэнтген–аўтафургон. Затым — памяшканне ў
будынку корпусу. Малады хлапец у белым халаце
бярэ кроў з вены. Шпрыц мнагаразовы. Водгукі пра
гэтага кровааналізатара ў далейшым чую толькі
адмоўныя. І ў вену не трапляе, і шпрыцы
аднаразовыя “зажымае” (калі і ўжывае, то — пасля
скандалу), а тыя, якімі карыстаецца, не
стэрылізуе, і руку перацягвае да пасінення, і
іголкі ў яго тупыя… Канавал, ветэрынар, садыст…
Адзін украінец упэўнены, што менавіта з
падобнага аналізу крыві падхапіў бытавыя
пранцы…
Прайшло ўжо досыць часу, каб сцвярджаць: я
падчас забору крыві бытавыя пранцы, практычна, не
падчапіў. Практычна, пранесла. Але і дагэтуль
намагаюся азнаёміцца са сваёй турэмнай
медкартай.
Са слоў зняволеных, “кумы” два. Сёння —
ветлівы культурны старлей. Манерамі нагадвае
гаўцянскага Шумейку (па адных методыках
вучыліся?).
Пытанні пра прычыны пасадкі. Адказваю. Кажу пра
вымушаную галадоўку, калі не атрымаю прыстойных
умоваў існавання. Прашу чыстую паперу, каб
напісаць (сукамернікі парэкамендавалі) “Жалобу
на изменение меры пресечения” ў суд Ленінскага
раёна Гродна, у якім знаходзіцца турма. Тлумачу,
што маю сям’ю, пра якую абавязаны клапаціцца,
статус, які абавязаны падтрымваць, і работу, якую
за мяне ніхто не зробіць, што кідаць усё гэта, каб
хавацца ад следства,— не маю намеру і не буду.
Аргументавана, лагічна і наіўна. Амаль кожны,
патрапіўшы за краты, кажа нешта падобнае. Яго
слухаюць, яму ківаюць, і ўсё ідзе далей, як ідзе.
Паперу атрымліваю. Скаргу пішу па-беларуску.
Калі зачытваю ў камеры, што атрымалася, ізноў чую
прыемны подых славы. Кампліменты з нагоды стылю і
аргументацыі. Мастацкасць у зэкаўскім асяроддзі
цэніцца. Тут любяць складаныя абароты і чытаюць
больш (па магчымасці), чым на волі. Бадай, адсюль,
кніжнасць і архаічнасць маляваў, адзначаная,
дарэчы, і даследчыкамі замежных турмаў. Зэкі
паважаюць i цэняць умелых расказчыкаў,
“казачнiкаў”. Асаблiвай павагай карыстаюцца
мастакi. Не толькi спецыялiсты па “масцях”. Калi
ты маеш здольнасцi рабiць партрэты, iконы
(зэкаўскае стаўленне да Бога больш паважлiвае,
чым у людзей свабоды), распісваць “марачкі”,
проста якасна перамалёўваць, ды прытрымліваешся
паняццяў — прыстойнае жыццё за кратамі ў цябе
будзе. Мой добры знаёмы і цікавы мастак Барыс
Іваноў, “заляцеўшы” ў часы “сярэдняга
Брэжнева” семнаццацігадовым на пяць год
“усілку” (узмоцненага рэжыму) за бойку з
народным дэпутатам, што прыставаў да яго
дзяўчыны, за гэтыя пяць год якаснейшым чынам
падрыхтаваўся да паступлення ў мастацкую
акадэмію.
Кожны дзень тыдня ў Гарадзенскай турме мае сваё
меню. Яно паўтараецца, пакуль адпаведны прадукт
не знікае з запасаў. З раніцы — заўсёды кашы
(ячневая, сечка, пшонка, аўсянка ці мяшанка з іх)
на камбіжыры і “чай”. Абед таксама з дзвюх
страваў. Першае — капуста, боршч, расольнік, суп
гарохавы ці яшчэ які. Бывае — з мясам, а зазвычай
— з салам. Са слоў зэкаў, у супе абавязкова
павінны быць тры бульбіны, калі іх няма — многія
хаты робяць “кіпеш”. Але, калі хапае атаварак і
дачак — можна не кіпешаваць і на пустой вадзе.
Другое — пюрэ з бульбы, пярлоўка, гарох, мяшаны з
кашай, тушаная капуста. Жнівень–кастрычнік —
часцей бульба, пазней — пярлоўка. Пару разоў па
восені дадаткова даюць кіслыя памідоры. Паміж
абедам і вячэрай прыносяць цукар: па 20 г на нос.
Па святах і нядзелях прыкладна тады ж нясуць
хлеб. Вячэра — юшка, суп з-пад рыбы, суп з рыбнымі
рэшткамі (накшталт “анюціных вочак” часоў
блакады і Грамадзянскай вайны), суп з-пад гароху,
капуста тушаная, пюрэ з бульбы. Зрэдку — каша.
У жніўні–верасні праз дзень, у
кастрычніку–лістападзе — раз–два на тыдзень,
узімку — штодня,— пасля вячэры даюць рыбу. Трохі
соленую. З дапрацоўкай — рэч смачнейшая.
У нашай хаце традыцыю дапрацоўкі рыбы заводжу
я. Ну і пасля вячэрняй праверкі па буднях
разносяць хлеб. Дыетчыкі і “малышы”
(непаўналетнія) атрымліваюць больш.
У “малышоў” порцыя цукру 40 г і масла.
Дыетчыкі могуць мець прадукты трохі лепшай
якасці. Ды бесперапынна на дыеце не трымаюць.
Найболей цэняцца ў “дачцы” чай i цыгарэты.
І тое, i другое проста змянiць на меней якасныя
па шляху да “хаты”. У паперцы зэк
распісваецца за “чай”, а ці дасылалі “Дыльмах”
або другі сорт грузінскага — даведваецца толькі
на “свіданцы” ці ад адваката. Хто не любіць
якаснай “халявы”?! Традыцыйны для дачак
“кабанчык”. Яго асноўная вартасць — магчымасць
доўгага захавання. Ад шматлікіх інфекцый
засцерагае чоснак. Астатняе — на аматара. На
Гарадзеншчыне прынята піць каву, рабіць хатнія
кілбасы, паляндвіцу. Упрыгожваюць закратнюю ежу
сыр, масла, арэхі, разынкі, мёд, шакалад, сухія
малочныя сумесі і сушаныя яблыкі і грушы, цукар.
Хаты, дзе не атрымліваюць дачак, завуцца
“галяковымі”. А ёсць заможныя — дзе фінансы
(і “дапамога следству”) утвараюць бяздоннае
багацце.
Пасля абеду мне й малому ў чорным дастаецца
яшчэ па кавалку сала з цыбуляй (калегі пакідалі
ўчора тым, хто спіць). Хлопец распраўляецца хутка,
я ж, расцягваючы задавальненне, спалучаю ежу з
газетай. Як на волі. Здаецца, усё ў парадку, але…
нейкае нядобрае напружанне “сотчыка”. За пару
хвілін ён не вытрымлівае: пытаецца, калі я скончу
есці, бо да “разброскі па хатах” хоча “схадзіць
на дальняк”.
Адзін з істотных момантаў паняццяў: спраўляць
патрэбу падчас ежы ў хаце нельга, як і пускаць
газы. Парушэнне — сур’ёзны “касяк”, за які,
бывае, і “апускаюць”. А ўрэшце — залежыць ад
калектыву.
Найбольш “касякоў”— у паняццях “малышоў”.
Сфармаваныя ў ВПК (выхаваўча–працоўных
калоніях), іх паняцці заснаваны не столькі на
жыццёвым, колькі на чужым, часам, уяўным вопыце.
“Малышы” пазбягаюць чырвонага (“петушынага”)
колеру, рэчаў, што ўпалі на падлогу (яны
“кантачацца”— робяцца недатыкальнымі),
гаспадарчага мыла… Метадам звычайнай
правакацыі іх лёгка адвадзіць ад сала (сала — х.
сасала), ад кілбасы (на х. падобная). Гэтыя
вычварэнні пераносяцца імі ў дарослыя калектывы
і, бывае, моцна канфліктуюць з паняццямі
тамтэйшымі. А там ужо перамагаюць мацнейшыя і
падлейшыя.
Перад раскідкай па хатах “на дальняк” ідзе не
толькі “сотчык”— у новай хаце пачынаць з гэтага
крайне неэтычна.
Цыган услых марыць трапіць у вялікую хату: “Там
— не скучна. У адным кутку ў карты гуляюць, у
другім — яб… каго…” Валера трохі “чапляе” яго:
“Што на свабодзе — што тут. Чаго жывеш?!” і, кажа,
з месяц хацеў бы пасядзець са мной, для агульнага
развіцця. Маўляў, тэмаў для размоваў хопiць.
Спачатку “выдзёргваюць” на другi корпус. Мне,
навічку, калегі ўпэўнена прадказваюць першы і
раяць прыхапіць белы хлеб, дзве ці тры пайкі
якога яшчэ застаюцца на рэшцы. Чорных паек
паболей. Не бяру, бо і сукамернікі гэтага не
робяць. “Хай застаецца баландзёрам”.— рэзюмуе
Інтэлігент.
Памеры “месца пастаяннага жыхарства”
аналагічныя каранціну. Але адразу кідаецца ў
вочы большая дагледжанасць, чысціня і камфорт.
“Дальняк” справа абгароджаны метровым
металёвым бар’ерам з дзверкамі. Да трубы
навязаны рулон туалетнай паперы і “чопік” (ці
“абязьянка”) — затычка “ачка”: анучка ў
цэлафане. Самаробная палічка над умывальнікам,
на ёй — мыльніцы, скрыначка з зубной пастай ды
шчоткамі, пірамідка каробачак зубнога парашку.
Вышэй — да сцяны прылеплена пара маленькіх
люстэркаў, яшчэ вышэй — самаробны календарык з
пакрэсленымі днямі. Пад умывальнікам — шчотка з
ручкай і сметніца. На праходзе, ля вакна —
фанерна–ДСПэшная чырвона–карычневая тумбачка.
Аналагічная тумбачка — злева ад уваходу, побач з
баянам. І на ёй — тэлік! Невялiчкi, але, вiдавочна, у
рабочым стане.
З электрапрыбораў дазволены таксама
трохпраграмныя радыёпрыёмнікі, кіпяцільнікі ды
электрабрытвы. У кожнай хаце маецца
электраразетка. Ток падаецца ў пэўныя хаты
кругласутачна, але ўва многія — толькі ў
“гадзіны пік”: гадзіна снедання, гадзіна абеду і
чатыры гадзіны да адбою. Прыстасаванні для
адначасовай падключкі электрапрыбораў —
забаронены.
Лепшы прыём тэлесігналаў — на трэцім паверсе.
Там і Польшча “ловіцца”, як ва ўсёй цывільнай
Гародні. Ды мне дастаткова БТ. Кожны дзень —
знаёмыя асобы, як бы сустракаешся з імі. Уяўна —
але прыемна!
Выціраю падэшвы аб мокрую анучку на ўваходзе.
Вітаюся. Насельнікі — чатыры чалавекі —
сустракаюць добразычліва. Але матрац
прапаноўваюць пакласці на падлогу — паміж
шконкамі і баянам. Тлумачаць, што так тут
пачынаюць усе, гэта — не ў падлу. Веру. (Мне
шанцуе, ды быць даверлівым за кратамі не варта.
Можна “гнаць” пад “дурку”, можна гуляць у
“простага”, але крый Божа пры тым губляць
пільнасць! У гэтай хаце сапраўды падобнае “не ў
падлу”, а дзе–нідзе змагацца за шконку —
неабходна.)
Знаёмімся. На ніжніх шконках — два адстаўныя
падпалкоўнікі: лысы Ж. і валасаты З. Наверсе —
банкір “обер-лейтэнант” і мытнік. З. за
кратамі чатыры месяцы, увесь час у гэтай хаце,
шмат кажа, задае пытанні і “гне пальцы”.
Ж. (восьмы месяц) паводзіць сябе прасцей,
зрэдку далучаючыся да размовы. Банкір (амаль год)
толькі назірае з цікавасцю. Мытнік (чацверты
тыдзень), здаецца, абыякавы да ўсяго.
Пазней кантынгент будзе істотна мяняцца. Пасля
мяне сюды прыйдуць яшчэ шаснаццаць жыхароў, і
пятнаццаць чалавек сыйдуць да майго “этапу”.
З першых знаёмых “пераседзіць” мяне толькі
мытнік.
Шарамет пасля скажа, што дзесяць “хат”
гарадзенскай турмы арандуе КДБ. Я пачую гэта
неаднаразова, пабачу тых жа людзей, з якімі
сутыкаўся Павал тут, атрымаю пацверджанне многіх
пра тое, што мая хата — КДБісцкая. І для мяне
застанецца загадкай, чаму ў КДБісцкай хаце будзе
сядзець столькі людзей па банальных
крымінальных артыкулах. З дваццаці
сукамернікаў непасрэдна ў былых “дзяржаўных
злачынствах” (кантрабанда і пераход мяжы) будуць
абвінавачвацца 3 чалавекі. 3 чалавек
(мытнікаў і выкладчыка аўташколы) абвінавацяць у
хабары, 1 — у бандытызме, 5 — пойдуць па 87–м
(крадзёж), 2 — абвінавацяць ў забойстве, 2 — у
нанясенні цялесных пашкоджанняў, 2 — у
перавышэнні ўлады, 1 — у хуліганстве, 1 — ва
ўгоне аўтамабіляў.
Аналізуйце, дапытлівыя!
Адрас Гарадзенскай турмы — Кiрава, 1. Следчы
аддзел КДБ знаходзiцца тамсама на Кiрава, пад
большым нумарам. Толькі туды мы едзем па іншай,
зялёнай і сонечнай вуліцы, шморгнуўшы па
ўскрайку Савецкай плошчы перад Фарным касцёлам.
Углядаюся ў людзей на дарозе ў спадзяванцы
пабачыць знаёмых.
УАЗік з’язджае ў дворык і спыняецца ля
сетчатай агароджы ў напаўхаладку. На званок
дзверы двухпавярховіка адчыняе стары мажны
вахцёр. Сафа побач з магутнай лесвіцай наверх.
“Браслеты” расшчыпаюць, можна свабодна
пакласці рукі. Вахцёр сувора пыхкае насупраць, за
сталом з тэлефонам. У кутку — звычайная
саўковая шафа. Сціплае абсталяванне
правінцыйнага ўпраўлення.
Рытуал сядзення на сафе да і пасля сустрэч з
следчым будзе паўтарацца раз за разам.
У чаканні чарговага дапросу
На сафе сяджу ў КДБ.
Не дадуць ні шакалад ні папяросу —
Я пайшоў у адмову сам сабе.
Адмаўляю склад свайго злачынства.
Мне сумленне выдала дазвол.
І таму так хораша і чыста
На душы. Вось устаў бы ды пайшоў.
Ды сатрапы дзверы зачынілі,
і “браслеты” на маіх руках.
Я — сяджу. Перад вачыма — Чылі.
Піначэт. Альендэ. Хара. Бог.
Допыт павінен праходзіць у прысутнасці
адваката і (бо Турач, з яго слоў, беларускай не
ведае) перакладчыка. Перакладчыка прыйдзецца
пачакаць, а адвакаты, якіх я заказваў, не маюць
права. Пра тое, што я заказваў Шумейку “другую
партыю” адвакатаў, Турач не ведае. Даводзіцца
зноў называць імёны і каардынаты.
Неўзабаве з’яўляецца перакладчыца —
бландзiнiстая жанчынка, даволі прывабная, недзе
пад трыццаць. Выбачаецца за спазненне, маўляў,
заняткі ў вучэльні. Пачуўшы пра мае адвакацкія
пошукі, пачынае запэўніваць, што адваката лепей
браць гарадзенскага: і сітуацыю мясцовую ведае, і
абыйдзецца танней. Грашовыя траты мяне яшчэ мала
хвалююць (апазіцыя дапаможа!), але — ветліва
пагаджаюся. Тыя — далёкія абаронцы, Бог ведае,
калі дасюль дабяруцца, і не ўпэўнены, што
адгукнуцца. А сядзець з-за таго лішняе
неахвота.
Адзін з маіх гарадзенскіх сваякоў належыць, па
беларускіх мерках, да сярэдняга класу і,
верагодна, адваката знайсці здолее. Калі ён зараз
на працоўным месцы — да яго пара соцень метраў.
Турач згаджаецца на званок майму сваяку, прычым
дае мне размаўляць па тэлефоне. Адылі, мы
дамаўляемся з перакладчыцай, каму яна паведаміць
пра маю пасадку. Беларускі свет цесны, выкладчыца
вучэльні ведае Шалкевіча, Дануту Бічэль, Чобата,
газету “Пагоня”. Яна запэўнівае, што сёння ж яны
будуць пра мяне ведаць. Праўда, Шалкевіча ў
горадзе зараз можа й не быць, але жонцы ягонай
затэлефануе абавязкова.
Адсутнасць шконкі не вельмі дапякае. На ноч
даюць драўляны стэлаж–“газету”…
Збітая з дошчачак, “газета” як і вушакі ў
дворыках, запоўнена разнастайнай інфармацыяй і
малюнкамі. Тут і вершыкі, і думкі філасофскія, і
“спробы пяра”. Не без лухты, канечне. Ды
“газета”— вялікай плошчы, месца на ўсіх ёсць.
Стэлаж раніцай здаеш, а ўвечары, як правіла,
атрымліваеш ужо іншы. Першыя тыдні — гэта цікава,
пасля, калі адну і тую ж “газету” вывучаеш па
трэцяму–чацвёртаму разу (наватвораў малавата) —
самі разумееце…
“Газеты”, як, можа, нішто іншае, адлюстроўваюць
турэмную міфалогію. Яны — фіксаваны на
высакародным дрэве фальклор, аналаг гліняных
табулаў Грэцыі і Рыму.
Засадзілі–пасадзілі,
Думалі — прапаў.
Хуй вам в жопу, камуністы —
Пад амністыю папаў.
На мяжы верасня з кастрычнікам, у перадчуванні
шматлікіх праверак, выкліканых, не ў апошнюю
чаргу, “справай Шарамета”, усю інфармацыю з
“газет” падчыстую згаблёўваюць. У выніку
стэлажы робяцца занадта ломкімі, і калі
згабляваць новую інфармацыю, стэлаж трэсне.
Кантроль за тым, каб наватвораў не з’яўлялася,
непараўнальна ўзрастае.
* * *
Пасля падпiсання пратаколу (я раблю памылкі, але
яшчэ сам аб гэтым не знаю), Турач запрашае ў
пакойчык маю жонку. Яна стомленая i знерваваная.
Першыя яе словы, звернутыя да мяне: “Ну ты й
дурны!”
Жонка ўжо пабыла ў Смаргонi i ўпэўненая, што мяне
б даўно выпусцiлi, калi б я менш “выступаў”.
“Вы яго адпусцiце?”— звяртаецца яна да Турача.
Той чэсна маўчыць у адказ.
Адваката, з жончыных слоў, ужо знайшлі, i ён
заўтра мяне наведае. Прадуктовую i рэчавую дачкi
перадалі на турму — хутка я iх атрымаю. У дачку
пакладзены, апроч іншага, “свянцоныя яблыкі”—
трэба, каб я з’еў іх абавязкова сам (ведала б
яна, колькі гэтае “абавязкова сам” потым будзе
мне адбрыквацца). А яшчэ яна хвалюецца, што
паклала ў рэчы чырвоныя тапачкі (з гэтым праблемы
будуць толькі жартаўлівыя, турма — не зона,
рацыянальнае ў дарослых хатах перамагае;
з’язджаючы на этап, я пакіну тапачкі нашчадкам, і
яны, спадзяюся, будуць ім дарэчы).
Са сваякамі — усё ў парадку. У Гародню жонка
прыехала з нашай агульнай сяброўкай.
Гарадзенскія нашыя ім дапамагаюць. Дзякуй Богу.
Жонка тут, і я веру, што яна зробіць усё
неабходнае. Трэба ўзнімаць СМІ. Трэба, каб усе мае
прыхільнікі даведаліся. Толькі грамадскі ўплыў
здолее мяне вызваліць. Пакуль яго не будзе, я
звычайны зэк. Будуць трымаць, як звычайнага — да
суда не вызваляць.
“Свіданка” скончаная. Ідучы да “сабачніка”,
бачу, збоку пара чалавек стаіць: сваяк, аршанка
Ларыса (што прыехала з маёю жонкаю), Дзіма Кісель
— журналіст з “Пагоні”. Радасна вітаюся. Яны
адказваюць вітаннем, але іх твары зусім не
радасныя. Сустрэцца давядзецца толькі праз многа
месяцаў, на свабодзе.
Пасля “свіданкі”, шукаючы найлепшага выйсця,
жонка мела размовы з галоўным апазіцыянерам
Гарадзеншчыны Сямёнам Домашам і славутым
адвакатам Гары Паганяйлам. А далей яна ўсё рабіла
насуперак маім просьбам.
Калегі ўражаны тым, што ў мяне ўжо другі допыт
за чатыры дні. Гэта для іх пацвярджае, што я не
просты зэк. З простымі “следак” сустракаецца
раз-два на месяц.
Да адваката вядуць наступным ранкам праз
унутраны дворык у спецыяльны будынак: там усе
кабінеты праслухоўваюцца.
Таму нашая размова з хітрым, як усе добрыя
адвакаты, беларусам Уладзімерам Кісялевічам
адбываецца ў немалой ступені жэстава і пісьмова.
Кісялевіч — ці не першы з беларускамоўных
адвакатаў постсаўка. Абараняў тых лідчукоў, што
былі адбілі галаву помніку правадыру Леніну.
Не было б кратаў, дык і не пазнаёміўся б з гэтым
чалавекам. А практычных ведаў ён даў нямала. У
стасунках з Уладзімерам я зразумеў, наколькі
істотная для адваката і кліента невербаліка, а
таксама тое, што на Беларусі асноўная работа
адваката — не ў судзе. Асноўнае — у кулуарах.
Нябачнае большасці і неабходнае для поспеху. А
суд — так, для прэсы, для прыліку.
На судзе і я, і Кісялевіч, і Мізула будзем
гаварыць толькі па-беларуску.
На пачатку лістапада жонка кажа, што тэліка не
будзе (“табе б яго так і так не перадалі”).
Дзіўная логіка сябра, які, чамусьці, апроч тэліка,
не сумняваецца ў тым, што дачкі да мяне даходзяць,
каштуе мне некалькіх вельмі непрыемных размоў з
сукамернікамі (на турме трэба адказваць за свае
словы і выконваць абяцанкі). Жонка ж прызнаецца ў
тым, што супраціўляецца паведамленням пра мяне
праз прэсу — баіцца за мяне і сям’ю (“Ты — не
Шарамет. А ў Стоўпцах узялі хлопцаў з “Маладога
Фронту”. Пра іх сталі пісаць — дык нешта з жонкай
аднаго здарылася. Спрабавалі згвалціць, здаецца.
А так — усе ведаюць. Вольга Цярэшчанка ездзіла ў
Менск, кажа — усе смяюцца: “Мельнікаў сам сябе
пасадзіў, дурненькі” (круціць пальцамі ля
скроні).
Жонка запэўнівае, што выканае ўсё, як я прашу,
хоць і не з усім згодная. І зноў выконвае не
ўсё.
Першай з менскіх газет пра маю пасадку
паведамляе “ЛіМ”. Пад рубрыкай “Чуткі”. Затым
— Зміцер Бартосік у “Нашай Ніве”. Жонцы не
падабаюцца абодва артыкулы, і яна кажа нямала
крыўдных слоў у іх адрас — непакоіцца, што гэта
сапсуе справу. На маю думку, абсалютна дарэмна.
Я ўдзячны, што нарэшце ўзгадалі, і будуць
ведаць тыя, хто не ведаў.
На чарговым допыце Кісялевіч паказвае мне
“Свабоду” з артыкулам пра мяне. Здаецца, нешта
зварухнулася. Калега Турача, следчы Шчур чуў
напярэдадні мяне ў перадачы Надзі Кудрэйкі:
“А вы, оказывается, известный человек!” Нават
бландынчык з шокерам паводзіць сябе карэктна.
На адной з вераснёўскіх гулак чуем, як “тубік”
Б. з адзіночкі, перакрыкваючыся з суседнім
дворыкам, інструктуе, каб перадалі Шарамету, каб
той “не марозіў”. “Будзе марозіць — я яму
ўстрою Шэрамецьева!” Праз некалькі дзён у
чарговай “ЗЮ” бачым загаловак: “Шеремету —
Шереметьево”.
Пасля вызвалення Шарамета турма адразу сціхае.
Раней увечары пасля адбою часта было чутна
вулічнае: “Ша–ра–мет! Вы–ха–дзі! Шарамет!
Выхадзі!..” З надзеяй прыслухоўваўся,
спадзеючыся пачуць і “Мель–ні–каў!”
І аднойчы пачуў гук сваёй жа песні з
аўдыякасеты.
З вызваленнем Шарамета мафіёзі дае паганяла
“Шарамет” мне і жартаўліва намагаецца
запэўніць паставых, што прозвішча сапраўднае.
Магутная і вульгарная паставая Марыя, якую між
сабой завем Машкай і Кабылай, узіраецца ў мяне,
пэўна, секунд пятнаццаць і ўрэшце выдае:
“З яго такі Шарамет, як з мяня балярына”. Але з
таго часу таксама пачынае зваць мяне Шараметам.
Машка — хамаватая, але не без артыстызму.
Прынамсі, кожная яе сентэнцыя, безадносна да
зместу, паляпшае настрой.
12 кастрычніка атрымліваю паперу на прадоўжанне
следства. Праз месяц — ізноў прадоўжанне. Ідуць
“пустыя тыдні”, нікуды не дзёргаюць. Працуюць з
сведкамі.
Знаходжу для сябе ў хаце трывалы занятак. Тут
кожны з цягам часу знаходзіць сабе занятак.
Раблюся галоўным па прадуктах і па газетах. З
комплексу дачак складаю штодзённыя пайкі,
кантралюю склад і падшыўку. Даводжу да ладу рыбу.
Мафіёзі добра гатуе смажаную бульбу з салам з
дапамогаю кіпяцільніка. Мытня — спец па чыфе і
каве. Забойца В.— “залатыя рукі”: прылады для
дарогі, попельніцы. Гуляем у шашкі, шахматы
(разрад на трэці, пэўна, цягнем), “угалкі”,
“мандавошку”. У апошнюю — на аджыманні ці
прысяданні (на выбар). Мытня не гуляе ні ў што.
Чытаем. На дзіва лёгка сталі рашацца розныя
газетныя задачкі. Інтэлект расце? Ж. часам
падкідвае “Moskow News”— паволі, але ўзгадваю мову,
якую колісь вучыў.
Напачатку зімы ўсю хату перасяляюць на першы
паверх — у “адзін–ноль”. Камфорту тут паменей
— “дальняк” не адгароджаны і электрычнасць
толькі ў час пік, але што рабіць. Затое адсюль
добра бачны гадзіннік на вежы Фарнага Касцёла і
анёлы на яго вежах. Не раз, гледзячы на іх з
гулачных дворыкаў, я ўзгадваў Шалкевічава:
“І дождж наклікалі анёлы… У Гародні
дождж”.
Турэмнае радыё, што разлягаецца на ўвесь
калідор, ведае некалькі “хітоў”, якія ад
штодзённага пракручвання ўстаюць папярок горла:
“Важней всего погода в доме”, “Забери меня с
собой”— з самага лета, “Красивая любовь. Мы
отдали ей дань безумства”— з кастрычніка,
“Ветка сирени”, “Девочка–виденье”, “Кукла
Маша, кукла Даша”— з лістапада. Калі не круцяць
гэтыя хіты і няма паверак — працуе Радыё–1. Яшчэ
на пачатку сядзення чую Шалкевіча: “Верасень —
слотная пара…”, у самай сярэдзіне, з раніцы,—
пару песень Вольгі Цярэшчанкі, пад канец кратаў
— Алеся Камоцкага і Касю. Ці ёсць у гэтым нейкая
сімволіка?
Зянон з’яўляецца ў хаце ў сярэдзіне снежня —
вусаты–валасаты мужык на мыліцах, рука і нага ў
гіпсе. Следства па яго справе скончылася яшчэ да
таго, як Зянона ўзялі. А справа заключаецца ў
вынасе салетры з калгаснага складу. Далей за
ўласныя хаты вынесці не паспелі. Кампаньён
падказаў мянтам. Зянон сыйшоў з хаты, некалькі
месяцаў яго не маглі злавіць, і х.й бы злавілі, каб
не гэтыя пераломы.
Зянон — грамадзянін Летувы. Падчас падзей 90–91
гадоў заняў на Антокалі двухпакаёўку (былі тады
такія, што кідалі свае віленскія кватэры і
з’язджалі на рускамоўныя тэрыторыі). На той
кватэры і зараз жыве Зянонава жонка. Ды з жонкай
ён пасварыўся — перабраўся ў бацькоўскую хату ў
Ашмянскім раёне. Зянон — “афганец”. Пасля —
сядзеў у Літоўскай ССР за “хуліганку”, у тым
ліку — у знакамітых “Лукішках”. “Лукішкі”, з
яго слоў — турма тысячы на тры насельніцтва.
Адным з любімейшых метадаў выхавання зэкаў
тамтэйшымі мянтамі быў не “дубінал”, як тут, а
кука — такая самая, якой прастукваюць “шконкі”.
Зянон шматразова парушаў рэжым “Лукішак”, за
што яго выхоўвалі гэтай драўлянай кувалдай.
Двойчы ў Зянона праяўляецца хвароба, з-за якой ён
і трапіў за краты — Зянон губляе прытомнасць.
Прыходзіць у норму менш за паўхвіліны, але гэтага
дастаткова, каб яшчэ што зламаць — добра, што
паспяваем падстрахаваць.
Я здымаю гіпс з Зянонавай рукі і зноў узгадваю
свае лекарскія навыкі.
Зянон становіцца стымулам таго, што я пачынаю
зноў спяваць. Нечакана заўважаю, што пад “Казку”
спакойна засынае палова хаты!
Напярэдадні Новага Года раблю з пайкі белага
хлеба крыжык, фарбую яго зубной пастай і
замацоўваю над рэшкай. Пад ім мы сустракаем чыфам
1998–мы. Мянты не чапаюць яго й пасля. Так і жывем,
і, здаецца, лепей робіцца ў хаце.
У першыя дні 98–га Ж. двойчы падкідае ў хату
“Народную волю”. Не думаў, што і гэта газета ідзе
на турму. Пра мяне там нічога няма, затое ёсць
каляндар на год — не трэба мне яго рабіць (усе
“каляндарныя справы” ўваходзяць у маю
“кампетэнцыю”). На праваслаўныя Каляды мытніку
перадаюць яловую галінку і “Біблію”, выдадзеную
пратэстанцкім цэнтрам. Сапраўды, святло ідзе ў
нашу хату, дзе ўжываюцца хрысціяне трох канфесій
і елка.
Чацвер, 15 студзеня. Суд прызнае нас з Алегам
вінаватымі ў наўмысным групавым пераходзе мяжы,
але, улічваючы пяць месяцаў турмы і цяжкае
сямейнае становішча абодвух, прымяняе
артыкул 42 (меней за меншае) і абмяжоўваецца
штрафам. Зыск вайсковай часткі 2044 застаецца
незадаволеным. Вось ён — пераможны вынік
тагачаснай галадоўкі! На развітанне заношу
сукамернікам два пачкі чаю. Іх свабода яшчэ
няхутка. Старэйшы з “вопытных” дае мне паперку з
сваім астравецкім адрасам, каб я пераслаў кнігу,
як будзе гатова.
“Беларуская маладзёжная”, якую я як мог
рэкламаваў у турме, мною ні разу не пацікавілася,
затое, калі я выйшаў, запатрабавала вярнуць
журналісцкае пасведчанне (фармальна — за
інтэрв’ю “Навінам”). Не было дапамогі ад
праваабарончых камітэтаў — у тых былі гучнейшыя
справы. Затое гарадзенская моладзь не паехала ў
інтрыгуючую вандроўку, і на тыя грошы ішлі да
мяне ў турму дачкі. Затое ўрубаў прадпрымальнік
Мацко мае песні на поўную моц, праязджаючы пад
сценамі турмы. Затое дапамагалі маёй сям’і
маскоўскія беларусы, гарадзенцы, гамельчукі
сучасныя і былыя… Затое маліліся за маё
вызваленне ў аршанскім касцёле. Затое,
нягледзячы на “каўпак” КДБ, знайшоўся і адвакат,
і дапамога. Не кожнаму зэку так шчасціць.
|