Мастак
Алесь Пушкін зь мястэчка Бобр быў непрыемна
ўражаны тым, што тэмай першага нумару стала
парнаграфія: „Чаму, каб гучна заявіць пра сябе,—
піша ён,— то альбо гвалт, альбо кроў, тэрор,
парнаграфія, скандал? Чаму так цяпер пастаўлены
сьвет, што перш чым стварыць выдатныя свае
цяперашнія апошнія хіты, Мадона мусіла прайсьці
праз ранейшыя скандалы, выхадкі? Чаму навязаны
нам гэты амэрыканскі маркетынг і мы кіруемся
ягонымі правіламі?“— пытаецца ён, нязгодны з
цывілізацыяй, у якой усё падпарадкоўваецца
інтарэсам moneymaking–у. Сям’я
Аляхновічаў з Крупак прапануe далучыць да
бягучых праектаў Фонду „Архэ“ выданьне
„Анталёгіі беларускай філязофскай думкі
XVII–XX стст.“ „Як школьныя настаўнікі
сьведчым,— пішуць нашы чытачы,— вялікі голад і
патрэба на такое выданьне“. Згода.
Макс Шундалаў дакладна
вызначыў крыніцу твораў Янкі Ценя — альбомы
„Pornography“, „Seventeen Second“, „Boys Don’t Cry“ групы „The
Cure“. Мы былі б радыя, каб спадар Шундалаў пісаў
нам пра музыку.
Паэт Віктар Ліцьвінаў з
Полацку зычыць нам „посьпехаў у нашай нялёгкай
справе“. Няпраўда, справа ў нас лёгкая.
Максім Шчур з Прагі
абвяргае не зусім дакладную інфармацыю пра сябе,
якая трапіла ў першы нумар. Нашы прабачэньні.
Алена Палюховіч зь Менску
правільна вызначае пэрспэктыўныя накірункі
разьвіцьця часопісу: мы будзем друкаваць менш
літаратуры і асабліва замежнай літаратуры, а
больш не–літаратуры і зьбіраемся завесьці сталы
кніжны агляд.
Прыйшоў нам і ліст ад
культурніцкага аб’яднаньня моладзі „Будзіны
Чарнобыля“. Яны прапануюць нам прыняць удзел у
конкурсе, адказаўшы на пытаньні ў пяці
намінацыях з падтэмамі:
„Беларусь — гэта наш бацька ці наша маці?“,
„Беларусь — гэта наш дом ці наш храм?“,
„Беларусы — гэта эўрапейскі народ?“, „Абаронім
наш дом — Беларусь?“ і „Чаму Янка Купала і
Максім Багдановіч не пісалі пра чарнобыльскую
бяду?“ У складзе аўтарытэтнага журы будзе
таксама шэраг тых, каго чытачы нашага часопісу
вылучылі на „10 нацыяналістаў“.
Да сьпісу нацыяналістаў
дадаліся наступныя прозьвішчы: Мікола Абрамчык,
Славамір Адамовіч, Радаслаў Астроўскі, Лявон
Баршчэўскі, Алесь Белакоз, Янка Брыль, Генадзь
Бураўкін, Зьмітрок Бядуля, Аляксандар Цьвікевіч,
Данчык, Браніслаў Эпімах–Шыпіла, Вінцэнт
Гадлеўскі, Анатоль Гантварг, Алесь Гарун, Максім
Гарэцкі, Кастусь Езавітаў, Уладзімер Юрэвіч, Ніл
Гілевіч, Андрэй Грамыка, Іван Іванкоў, Якуб
Ясінскі, Уладзімер Кавалёнак, Вячаслаў Кебіч,
Пятро Клімук, Вольга Корбут, Макар Краўцоў, Язэп
Лёсік, Пятро Машэраў, Аляксандар Надсан, Антоні
Неманцэвіч, Аляксандар Орса, Эдуард Малафееў,
Андрэй Мельнікаў, Леанарда Мухіна, Аркадзь
Плакхін, Усевалад Родзька, Барыс Сачанка, Марк
Шагал, Язэп Сажыч, Віталь Шчэрба, Пётра Сергіевіч,
Васіль Сёмуха, Чэслаў Сіповіч, Адам Станкевіч,
Васіль Супрун, Міхась Ткачоў, Вінцук Вячорка,
Язэп Варонка, Станіслаў Станкевіч, Юрка Віцьбіч,
Васіль Захарка. Зь лістоў, якія прыйшлі ў
рэдакцыю, вынікае, што мы недаацэньвалі
важнасьць даробку апошняга дзесяцігодзьдзя для
разьвіцьця беларускай нацыянальнай ідэі:
большасьць называных імёнаў — нашы сучасьнікі. У
анкетах часам сустракаюцца адказы, якія проста
хочацца перадрукаваць, парушыўшы таямніцу
апытаньня, напрыклад: „Сакрат Яновіч —
беларускі міт Беласточчыны; тэксты–выклікі, што
засьведчваюць факт беларускага жыцьця ў
Польшчы“— настолькі трапна ў іх
характарызуюцца людзі, іх унёсак у справу,
падсумоўваецца плён іхнай дзейнасьці. А вось
ліст ад Ілоны Ўрбановіч і Зьмітра Саўкі з
Амэрыкі: list.
Дзякуй за ліст.
Шэраг чытачоў просіць
дасылаць ім наложаным плацяжом і наступныя
нумары. Усё ж, улічваючы высокую цану часопіса,
мы просім вас пацьвярджаць замову адмыслова для
кожнага нумару.
Журналістам ды ўсім, хто
цытуе нас, нагадваем, што часопіс называецца
“ARCHE”, а не „Архэ“.
Дзякуй Аляксею Знаткевічу
(ЗША, Паўн. Вірджынія) за прадастаўленыя рэдакцыі
арыгіналы твораў Тома Стопарда і Тыматы Ліры,
Марыі Роўдзе (Менск) за арыгінал Пэтэра Гандке і
Вользе Судлянковай (Менск) — за пераклад
“Небаракі Како” Джона Фаўлза.
Нарэшце, мы ня можам ня
выказаць асаблівую ўдзячнасьць сп. Лідзе
Куратавай з п. Дружны Менскага раёну, якая
пачаставала нас на адной з прэзэнтацыяў вялізным
і дабрызным тортам. Пасьля гэтага зусім
па–іншаму стала ўспрымацца выказаная ёю ў
лісьце парада „пазбавіцца прысмаку
фрагмэнтарнасьці, які крыху адчуваецца ў першым
нумары часопіса“.
Дырэктар
|