Kаляды.
Чалавеку гэта здаецца архаікай.
Пад рукой ляжыць каляндар. У ім пазначаны даты.
У гэтых датах ёсьць нешта такое, што хвалюе
людзей. Чалавек узрушаецца таму, што каляндар
паказвае на час, у які мы жывём. Узяць у рукі
каляндар — азначае зважаць на тое, што такое
сучаснасьць, што было раней і што будзе
пасьлей. На сьцяне вісіць каляндар.
Гэты нумар нашага часопісу прысьвечаны
своеасаблівай археалёгіі часу — нас
цікавіць, што плыве на яго хвалях. Гэта можа быць
пыл, мул, але, разам з тым, і нешта іншае.
З усяго гэтага мы складаем абраз, які ўносіцца
ў наш архіў.
Што стаіць за смугой часу? — Мы часта чуем
словы. Бальшыня гэтых словаў адсутная і, больш
таго, нават вымкнутая з нашага супольнага
культурнага архіву. Такімі словамі ёсьць
і «постмадэрн», «постмадэрнізм».
Каб не выкоўзвацца — ня быць вымкненымі —
з часу, каб ня быць архаічнымі, мы мусім
неўпрыцям для сябе ўкладаць у іх пэўны сэнс.
Магчыма, «постмадэрн» — гэта тэлевізія,
цыркуляцыя і каналізацыя, магчыма, гэта
маўчаньне дзядоў і анархізм. Нам, архівістам,
у гэтым калейдаскопе падзеяў важнае адно: як,
пабыўшы з аднаго боку прасторы, у якой
перабывае сэнс, лучыць на другі яе бок.
Быўшы там пілігрымамі і ан–архістамі,
будзем жа тут турыстамі і архівістамі.
Архаіку чуць чуць.
Валерка Булгакаў
|