Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

славянсkая ідэя


Апытаньне ARCHE


Распачынаючы апытаньне на тэму „Якія, на вашу думку, пэрспэктывы славянства і славянскай ідэі ў будучай аб’яднанай Эўропе?“, рэдакцыя ARCHE нат не спадзявалася на тое, што атрымае сапраўдны шквал адказаў. Адказы прыйшлі з Амэрыкі, Украіны і Польшчы, зь беларускіх гарадоў і вёсак. Усім дзякуй.

 
Сьвятлана Алексіевіч
(беларуская пісьменьніца)

Славянский мир объединится

Мне кажется, что в ХХI столетии славянский мир предложит миру какие-то интересные идеи. Об этом говорят и интеллектуалы на Западе. Думаю, славянский мир будет объединяться. Информационные технологии заставят человека искать ментальные опоры. Мы иные, не такие, как европейцы. Эту свою особость мы будем осознавать. Прошлое панславизма противоречивое, и оно мешает нам увидеть его будущее. Думаю, славянский мир оформится в единый организм, может быть, только не такой агрессивный организм, как раньше.

Лично я чувствую славянина. Я всегда узнаю славян, когда езжу, когда встречаюсь. Славяне по-иному мыслят и, я бы сказала, больше смотрят на небо. А вообще мир бесконечен, а битвы местного масштаба грустны.
 

 
Iгар Бабкоў
(фiлёзаф, рэдактар часопiса «Фрагмэнты»)

Неактуальны праект

Пэрспэктывы эўрапейскай iнтэграцыi значна больш праблематычныя, чым лёс славянскай iдэi. Эўрапейская iнтэграцыя — праект, скiраваны ў невядомую будучыню, а славянская iдэя ўжо заняла сваё месца ў мiнулым, i сёньня ў большай ступенi зьяўляецца рэспэктабэльнай тэмай акадэмiчных дасьледаваньняў, чым актуальным геапалiтычным цi нават геакультурным праектам. Славянская iдэя сталася бясьпечная (у адрозьненьне ад ХIХ стагодзьдзя зь „вясной народаў“) i маргiнальна-архаiчная.

Адраджэньне славянскай iдэi ў аб’яднанай Эўропе магчыма толькi пры ўмове, што Расея стане пераважна монаэтнiчнай багатай лiбэральнай дэмакратыяй i ўзначалiць антыкалянiяльны (цi посткалянiяльны) супрацiў традыцыйнаму цэнтру ўлады (Захаду як Вялiкаму Калянiзатару). Але дзьве гэтыя ўмовы практычна выключаюць адна адну (багатыя лiбэральныя дэмакратыi нiколi не вядуць антыкалянiяльнай барацьбы, прыклад — Японiя), а тыя, хто вядзе, нiколi не стануць анi багатымi, анi лiбэральнымi, анi дэмакратыямi.
 

 
Зьбігнеў Бжэзінскі
(амэрыканскі палітоляг, дарадца прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі па нацыянальнай бясьпецы ў 1977—1981 гадах)

Славянская ідэя — мітычны лёзунг

Разважаць пра „славянскую iдэю“ — гэта тое самае, што разважаць пра „iдэю германскую“, „скандынаўскую“ альбо „лацiнаамэрыканскую“. Iнакш кажучы, гэтая iдэя пазбаўлена як сэнсу, так i зьместу. Яна ня мае анi будучынi, анi мiнулага. Гэты мiтычны лёзунг выкарыстоўваецца дэмагогамi дзеля ўплыву на маласьвядомых людзей. На сёньня ён знаходзiць пэўную падтрымку на абшарах былога Савецкага Саюзу, дзе абвал злачыннай камунiстычнай сыстэмы выклiкаў хаос у iнтэлектуальным асяродзьдзi наровень зь вядзеньнем адчайных пошукаў нейкай альтэрнатыўнай „агiтпропаўскай“ фармулёўкi.
 

 
Таiса Бондар
(пісьменьніца, рэдактар часопiса Всемирная литература)

Славянскiя народы маюць мiсiю

Нi час, нi радзiму, як вядома, не выбiраюць. Кожны нараджаецца тады i там, куды ўсiм цяжарам пражытага i дагэтуль не зжытага схiляе яго лёс. I ад таго, прымаем мы свой лёс як працу любовi да зямлi i людзей цi спрабуем адвярнуцца ад яго з марным спадзяваннем пазбегнуць адказнасцi, залежыць многае ў свеце.

Час не за гарамi, а за плячамi... Дзень учорашнi са сваiм мысленнем ужо мiнуўся. I час не здзiўляцца, чаму ўсё вiдочней расхiстваюцца маральныя прынцыпы, а росквiт магутных некалi дзяржаў аказваецца мiражом, а ўразумець, што калi чалавек не можа жыць без хлеба зямнога, надзённага, то не зможа, не зможа — без таго, каб не страцiць чалавечнасць, — i без хлеба духоўнага, бо толькi дух прасвятляе, толькi з iм прыходзiць усведамленне Прыгажосцi, усведамленне велiчы законаў i таямнiцаў Прыроды. Век, у якi мы ўступiлi, стане — павiнен стаць! — векам вяртання, узвышэння духоўных каштоўнасцей, найвялiкшыя з якiх — Любоў, Дабро, Iсцiна, i аграмадная, не ўразуметая ў поўнай меры i па сёння роля ў гэтым славянства, славянскага свету. I Беларусi, хачу я дадаць...

На небе ведаць азначае бачыць, на зямлi — памятаць. Не ўзгадваць зрэдчас, ад выпадку да выпадку, а памятаць, што каранi нашага роду iдуць у глыбiню вякоў, што без нацыянальнай iдэi, закладзенай у зярнятка духу народнага, не ўзнiкла б, не працяла стагоддзi нiць нацыянальнага лёсу, бачная i адсюль, з нашых дзён, праз лёсы людзей, якiя пакiнулi след у гiсторыi. Пакiнулi якраз таму, што ў iх дзеяннях, у iх жыццях, аддадзеных служэнню Госпаду i сваёй Бацькаўшчыне, увасаблялiся памкненнi народу да еднасцi з усiм людствам, i ў першую чаргу — да аб’яднання земляў славянскiх.

Хоць бы i Ефрасiнню Полацкую ўзяць... Часцей за ўсё мы гаворым пра яе як пра асветнiцу, пра святую зямлi нашае, а нават тыя адзiнкавыя сведчаннi пра яе жыццё, якiя засталiся, паказваюць яе як вялiкую дзяржаўную дзяячку, што вяла перапiску не адно з самымi слыннымi мыслiцелямi сваёй эпохi, а з iмператарамi, як вялiкую заступнiцу за мiр i згоду на землях славянскiх, за ўз’яднанне разрозненых княстваў Русi ў адзiную моцную дзяржаву.

Кiрыла Тураўскi, Сiмяон Полацкi, Францыск Скарына, Сымон Будны... Хто з iх, жыццi аддаўшых служэнню справе асветы, захавання духоўных каштоўнасцей свайго народу i iншых народаў, клiкаў да нацыянальнага адасаблення? Iдэя еднасцi, iдэя славянскага братэрства заўсёды жыла ў народзе i, нягледзячы на ўсе навалы, на ўсе войны (колькi разоў было, што брат на брата — то з захаду, то з усходу — iшлi), жыве i сягоння. Нiкiм навукова не абгрунтаваная, нiводнай палiтычнай сiлай дагэтуль як вядучая iдэя не запатрабаваная i нават не прызнаная, яна, тым не менш, i сягоння вызначае менталiтэт народу.

Дык што, запытацца, мы шукаем? Чаму не асмельваемся выразна, ясна, на поўны голас агучыць яе, сцвярджаючы, што геаграфiчны цэнтр Еўропы, якi знаходзiцца на нашай зямлi, не толькi сiмвалiзуе, але i вызначае цэнтр усiх славянскiх земляў.

Упэўнена: шматвяковая барацьба за куточак зямнога шара пасярод Еўропы, якi неаднойчы мяняў контуры i межы i сёння носiць iмя Беларусь, вялася не адно таму, што ён заўжды немiнуча аказваўся на шляху варвараў i мiсiянераў самага рознага кшталту, дзякуючы сваёй геаграфiчнай, геапалiтычнай, кажучы сучаснаю моваю, перавазе, але i таму, што менавiта тут, у гэтай зямлi, ключ ад далёкае, цi не вельмi далёкае, будучынi планеты. Духоўны ключ... Своеасаблiвы магнiт устойлiвасцi, памкнення да мiру з усiмi, нават з ворагамi гэтага мiру... I зусiм не з-за „рабскай псiхалогii“, як сяму-таму здаецца!

У глыбiнi народнай душы, на ўзроўнi геннай памяцi захоўваецца код яго шляху, яго мiсii — i нi жорсткiм заваёўнiкам, нi багатым купцам не завалодаць iм, пакуль доўжыцца гэты шлях (а ён доўжыцца!), пакуль не завершана гэта мiсiя (а яна не завершана!). I нездарма сярод генiяў i вялiкiх майстроў, якiмi ганарацца не толькi блiзкiя да нас краiны, шмат тых, хто народжаны нашай зямлёй. Мы i сваяцтва гэтага часцей за ўсё не помнiм, у прастаце сваёй — iсцiннай, той, што ад Бога, прастаце! — мяркуючы, што не збяднее, не бяднее ад гэтага зямля, мы i сёння гатовы дзялiцца апошнiм. Апошнiм, але не тым, што складае сутнасць, аснову светаразумення, — памкненнем да ўстойлiвасцi, стабiльнасцi, якiя з’яўляюцца своеасаблiвым цэнтрам цяжару, што ўтрымлiвае свет у раўнавазе. Свет у самым шырокiм сэнсе слова...

Мiж iншым, цi ведаеце вы, што наш „край лясоў i балотаў“ знаходзiцца на аграмадным, як сцвярджаюць геолагi, амаль невымерным гранiтным стрыжнi, скiраваным углыб Зямлi? Знакавы факт!

Неаднойчы, не адным прарокам адзначалася, што менавiта славянскаму свету ў садружнасцi з iншымi народамi прадвызначана ўтварыць духоўны цэнтр будучай цывiлiзацыi. Вось чаму, як мне здаецца, цяпер, у рашаючыя гады ўзыходжання Духу Чалавечага, пэўнымi сiламi робiцца ўсё, каб мы адмовiлiся ад сваёй мiсii, каб прыйшлi да думкi, што не варты яе. Славянскiм народам (i беларускаму народу ў тым лiку) прывiваецца глабальны комплекс непаўнавартаснасцi, нас адкрыта i нахабна правакуюць, з тым, каб падштурхнуць да крывавых дзеянняў, да бунту, якi ўцягне — i ўжо ў немалой ступенi ўцягнуў — краiны ў хаос.

Сёння ж мы ўзаемазалежныя адно ад аднаго i так шчыльна звязаны, што без пачуцця агульнай адказнасцi, без пачуцця агульнага братэрства i перакананасцi ў тым, што мы з’яўляемся найперш часткай адной вялiкай славянскай сям’i, мы не можам спадзявацца пераадолець цi хоць бы аддалiць небяспеку, якая зноў ставiць пад пагрозу само наша iснаванне.

Час, як вядома, мяняецца, мяняючы ўсё i ўсiх, — тая ж вось, вакол якой ён рухаецца, вызначана вечнасцю i спрадвек непарушная. I нялёгкую, але важную мiсiю выконваюць тыя народы (сярод iх i народ беларускi), якiя адчуваюць гэтую непарушнасць стрыжнем свайго духоўнага лёсу.

Крокi гiсторыi рэдка супадаюць з хадою часу, заўсёды абцяжаранага мноствам самых розных патрэбаў i прэтэнзiй як кожнага асобнага чалавека, так i ўсяго грамадства. I ўсё ж, нават не супадаючы, вызначаюць яе, каб некалi потым — праз дзесяцiгоддзi, а то i праз стагоддзi — адгукнуцца новаму часу, пазначыць знакавую вяху ў далёкiм цi недалёкiм мiнулым народа. Якi гэта будзе час, гадаць не выпадае: мы жывём сёння, мы сёння вершым тую, будучую, гiсторыю, i адно трэба — памятаць, не забываць, што гэта ў нашы днi Беларусь, стаўшы незалежнаю, вярнула страчаную некалi дзяржаўнасць, што гэта наша праца з дня ў дзень, з году ў год умацоўвае яе самастойнасць i аўтарытэт, што гэта ад нашае волi залежыць, цi ўсвядомiм мы, а потым i нашы дзецi, i нашы ўнукi, яе як свой нацыянальны дом. Няхай бяднейшы, чым нечы дом па суседстве, няхай не такi высокi i светлы, як марылася, але свой — нi ў каго не заваяваны, нi ў каго не адабраны, што яскрава засведчыла наша гiсторыя.

Было — з’яўлялiся ў гэтым доме няпрошаныя госцi, што iмкнулiся не проста пацяснiць, а з цягам часу i выжыць гаспадароў, ператварыўшы iх у бязмоўных паслугачоў сваёй волi. Было — панавалi ў iм чужыя, рабаўнiцкiя законы, якiя забаранялi гаспадарам гаварыць, думаць, жыць па-свойму — так, як дзяды i прадзеды жылi. Але, захаванае дзе-небудзь у кутку, за бажнiцаю, а то i проста ў песнi, у простай калыханцы, пачутай ад бабкi цi прабабкi, выжывала слова. Але зноў i зноў то адзiн, то другi хто задумваўся пра лёс зямлi i свой уласны лёс, спрабуючы адшукаць тую спадчынную сцежку, што выводзiла з мiнулага стагоддзе за стагоддзем i, нягледзячы нi на што, не гублялася, не згубiлася i гукае далей. I зноў, кожны раз, з кожным нараджэннем дзiцяцi, нiбыта наноў адраджаўся дух старога дому, каб удыхнуць у немаўля мужнасць жыць, i выжыць, i з годнасцю несцi сваё iмя.

Крывiч, лiцвiн, беларус... Iмя давала гiсторыя, i заўсёды на славянскiх прасцягах прамаўлялася гэтае iмя, нярэдка пагарджанае дужымi свету гэтага, з прыхаванаю, а то i непрыхаванаю павагаю: можна было спалiць, вытаптаць гэтыя нiвы, спалiць, струшчыць капытамi або коламi, змешваючы з палiтым крывёю пяском сам дом, а жыццё ў iм упарта адраджалася, стаптаныя нiвы адраджалiся новым жытам, дом на руiнах i папялiшчах узводзiўся наноў, i хутка ў яго сценах, перш нягучна, а потым усё грамчэй, усё смялей пачынала гучаць родная песня. Прыгадайма, колькi разоў у пакутнай нашай гiсторыi гэта паўтаралася!

Не, хто б i што б сёння не казаў, з простай недасведчанасцi цi з-за палiтычнай кан’юнктуры спасылаючыся на тое, што Беларусь на працягу большай часткi сваёй гiсторыi была чымсьцi накшталт глухой правiнцыi Польшчы, Лiтвы або Расii, адно тое, што яна стаiць, дзе стаяла, i каторы ўжо раз iмкнецца вярнуць сваё гiстарычнае аблiчча, гаворыць само за сябе.

Незалежнасць — дар не палiтыкаў, добрых цi кепскiх, як часта даводзiцца гэтымi палiтыкамi свядомаму i несвядомаму люду, гэта — дар нябёсаў, дар Усявышнiх Сiлаў, якi не бывае нясвоечасовым цi незаслужаным. Яго, гэты дар, можна прыняць — i тады даражыць iм, як самым каштоўным у сваiм жыццi, а можна i не прыняць — але тады не скардзiцца на долю i не жалкаваць аб страчаным.

„Беларусь? А што гэта такое? Гэта нагадвае чорную дзiрку Еўропы“, — прыводзiла неяк газета „Вашынгтон пост“ словы аднаго з заходнiх палiтолагаў, i супрацьпаставiць сказанаму можна толькi самiх сябе — свае перакананнi, свае веды былога i цяперашняга, сваю волю да пераадолення новых цяжкасцяў i новага скепсiсу ў адносiнах да нашае будучынi. Скепсiс, якi выказваецца не толькi заходнiмi цi ўсходнiмi палiтыкамi i палiтолагамi, але i намi самiмi, маўляў, ня трэба напружвацца — ад дабра дабра не шукаюць... I не, каб успомнiць старую, пакiнутую нам вякамi мудрасць, што той, хто не шукае, звычайна нiчога i не знаходзiць — нi для сябе, нi для будучынi.

Не вазьмуся прадказваць будучыню, хоць i веру ў яе светлае ўвацарэнне недзе там, за намi, за нашымi страхамi i сумненнямi: лёс любога чалавека — i любога народу — прадвызначаны, i як бы, якiмi пакутамi гэты лёс не зжываўся, ён павiнен быць зжыты. Рана цi позна. На стагоддзе раней, на стагоддзе пазней... Мерка тут iншая, зусiм iншая! Шлях жа... Шлях на кожным новым павароце лёсу мы выбiраем самi — i плацiм, як скрозь, спрадвеку плацiлi, за свой выбар спаўна.
 

 
Канстанты Гэбэрт
(польскi грамадзкi дзеяч, рэдактар часопiса Midrasz):

Ня ведаю такой iдэi

Баюся, што я не змагу адказаць на гэтае пытаньне, таму што я ня ведаю, што такое славянская iдэя i чым яна адрозьнiваецца ад раманскай цi германскай.
 

 
Сяргей Грабоўскi
(украiнскi фiлёзаф, рэдактар часопiса Генеза):

Міт ХХ стагодзьдзя

Найперш — да ўдакладненьня паняцьцяў. Панславiзм, паводле энцыкляпэдычных даведнiкаў, — гэта тэорыя ўсеславянскага адзiнства ў той або iншай форме. Калi размова iдзе пра такое адзiнства, то ў яўнай цi няяўнай форме маецца на ўвазе пэўная мiсiя ўсеславянскае супольнасьцi, пэўнае зямное акрэсьленьне славянскае долi. То бок, рэалiзацыя пэўнай, прадвызначанай канкрэтнымi дзеяньнямi iдэi. Уласна самое вызначэньне кола „славянства“ зьдзяйсьняецца на аснове пэўнай iдэi аб „славянiне“ як такiм. А з прычыны таго, што працэдура адбывалася ў XIX стагодзьдзi, калi фiхтаўская, шэлiнгаўская, гегелеўская фiлязофская традыцыя зь ейнымi варыяцыямi была папулярнаю ў славянскiх колах (колах, якiя ўсьвядомiлi сваё славянства), iдэя немiнуча мусiла апярэджваць рэчаiснасьць. I да таго ж цягнуць на сабе пэўную мiсiю па рэалiзацыi тае iдэi ў агульнай лягiчнай сукупнасьцi iдэяў ды рэчаў.

Гэтак, ад самага пачатку, з XIX стагодзьдзя (больш раньнi Ю. Крыжанiч iз сваiмi славянскiмi iнтуiцыямi пачаў лiчыцца першым панславiстам толькi тады, калi панславiзм стаўся агульным фактарам) панславiзм = актуальны стан славянскае iдэi, i наадварот, iдэя панславiзму — гэта разьвiцьцё тае iдэi.

У адначасова рамантычным i пазытывiсцкiм XIX стагодзьдзi славянская iдэя не змагла праявiцца да канца. З аднаго боку, Аляксандар Пушкiн зь яго прагненьнямi, каб „славянскiя ручаi ў расейскiм зьлiлiся моры“, зь iншага — украiнскiя кiрыла-мяфодзеўцы з прагненьнем фэдэрацыi раўнапраўных славянскiх рэспублiк, цэнтральнаэўрапейскiя рэвалюцыйныя рамантыкi 1848 году, якiя адмовiлiся ад спробы „далучыцца да прагрэсу“ i зьлiцца зь „перадавым нямецкiм народам“. Таму вельмi хутка вымалёўваюцца групы „добрых“ ды „кепскiх“ славянаў (уласна для самiх прыхiльнiкаў славянскае iдэi). „Добрыя“ — гэта тыя, хто прагнуў „праваслаўя, самадзяржаўя, народнасьцi“, „кепскiя“ — гэта тыя, хто жадаў жыць уласным жыцьцём, каб толькi не турбавалi iх сусьветна-гiстарычнымi мiсiямi большага цi меншага кшталту.

Адметна, што ў асяродзьдзi iнтэлектуалаў зь лiку „кепскiх“ славянаў сам панславiзм практычна зьнiк. Ён працягваў жыць толькi там, дзе „добрыя“ славяне з усяе моцы намагалiся ашчасьцiць усiх тых, хто адкiнуў заганны шлях Захаду цi Ўсходу i ўстаў на iсьцiнна славянскiя пазыцыi. Пры гэтым меру iсьцiннасьцi славянскага звычайна вызначалi самi адэпты славянскае iдэi. Гэтак, да канца XIX стагодзьдзя славянская iдэя (той самы панславiзм) дажыла, фактычна, у выглядзе сынонiму вялiкарасейскае iдэi, iдэi Расейскае iмпэрыi як а) вызвольнiцы славянскiх народаў ад „няверных“ ды „каталiкоў“; б) навучальнiцы вызваленых правiльнаму ды праведнаму жыцьцю з мэтай iх ачышчэньня ад „скверны“ i пераходу на расейскую мову; в) мэсii для неславянскiх, але праваслаўных, а часам i ня дужа праваслаўных народаў (грузiны, грэкi, румыны, армяне ды iншыя), якiя супольнымi высiлкамi мусiлi ўзвысiць Сьвятую Русь як спадкаемнiцу Бiзантыi, каб залатыя крыжы зазьзялi на купалах Сьв. Сафii ў Канстантынопалi (з тым, каб, па магчымасьцi, працягнуць пераможны марш да Ерусалiму, Iндыйскага акiяну i г.д.).

Адметна, што практычна кожны вызвалены „ад басурманаў“ славянскi народ раптам выяўляў сваю няўдзячнасьць (баўгары паклiкалi на трон нямецкую дынастыю, сэрбы любiлi Расею, але яшчэ больш любiлi рэзаць суседнiя славянскiя народы, армяне наракалi, што дзеля карысьцi расейская таемная дыпляматыя падзялiла надвая армянскую этнiчную ды гiстарычную тэрыторыю).

Цi не адзiны вядомы мне прыклад пазытыўнага ўзьдзеяньня панславiзму ў XX стагодзьдзi быў апiсаны Гашкам ва „Ўдалым ваяку Швэйку“. Калi Швэйк, западозраны ў шпегаваньнi на карысьць Расеi, трапляе пад арышт да ня менш удалага за яго жандара-вахмiстра, абодва, урэшце, назюзюкалiся рабiнаўкi ды кунтушоўкi, як швэды, i габсбурскi ротмiстар пяшчотна шапоча Швэйку: „Ах ты ж, рыбанька мая славянская“, — i выказвае спадзяваньне, што брат расейскага iмпэратара станецца чэскiм царом, а сяляне пойдуць з цапамi на Вену, як за часамi гусiцкiх войнаў. Такое своеасаблiвае славянафiльства цэзарскага вахмiстра дае Швэйку магчымасьць, урэшце, працягнуць свой шлях па бязглузьдзi першай сусьветнай вайны замест таго, каб паўстаць перад ваенна-палявым судом (што цiкава, асаблiвага славянафiльства самi чэхi ў тую вайну ня выявiлi: Антанта абяцала iм незалежную дзяржаву ажно да Карпатаў, чэскiя легiёны i бiлiся за гэта, у тым лiку i супраць славакаў у 1919 годзе).

Вядома, абазнаная публiка можа прыгадаць, што ў часы другое сусьветнае вайны Сталiн арганiзаваў Усеславянскi камiтэт. Але, па-першае, тое быў ня менш расiсцкi орган, чым нацысцкiя структуры, бо ён заклiкаў да барацьбы ня супраць таталiтарнага сацыялiзму, а супраць немцаў як такiх („Убей немца!“). Па-другое, згаданы камiтэт iснаваў у якасьцi простай дэкарацыi i не замiнаў НКУС зьнiшчаць на „вызваленых“ польскiх землях байцоў Армii Краёвай, ня кажучы ўжо пра ўдзельнiкаў некамунiстычнага руху супрацiву абодвум таталiтарызмам ва Ўкраiне ды Беларусi. Па-трэцяе, „славянафiльства“ ў сталiнскiм варыянце вельмi хутка дайшло да ўзроўню „России — родины слонов“, на тым яго ўяўны прагрэсізм i скапуцiўся. Пасьля званьне „славянафiла“ аўтаматычна ператварылася ў званьне антысэмiта, а таксама найлюцейшага ворага „полячишек, хохлов и бандер“.

У позьнеСССРаўскiя часы славянская iдэя змагалася з савецкаю. Як заўсёды, ад змаганьня двух iдыятызмаў выйгравалi нармальныя людзi. Зьявiлася такая-сякая культуралягiчная ды гiстарычная (а часам i мастацкая) лiтаратура пра больш-менш рэальную („нармальную“) гiсторыю расейцаў, а бывала, i ўкраiнцаў зь беларусамi. Адэпты ж савецкае iдэi кiнулi ў бой набыткi эўрапейскае, так званае „дэмакратычнае“ думкi (там таксама было нямала сапраўды цiкавага). Памятаю, як навуковую дыскусiю пра „азiяцкi спосаб вытворчасьці“ працiўнiкi рэжыму ў абодвух яго вымярэньнях — савецкiм i вялiкарасейскiм — ператварылi ў выкрываньне бязглуздасьцi iмпэрскае дзяржавы з дужа знаёмымi рысамi.

Аднак значная частка iнтэлектуалаў шчыра прасякнулася славянскай iдэяй, бачачы ў загубленай бальшавiкамi (жыдакамунiстамi, якiя на практыцы ажыцьцявiлi завезеную з Эўропы дактрыну) „сьвятой Русi“ ўвасабленьне ўсiх магчымых iдэалаў. Гэтаму спрыяла паступовая i частковая легалiзацыя расейскай хрысьцiянскай фiлязофii ды расейскай некамунiстычнай культуры XX стагодзьдзя (у той час, як, скажам, творчасьць украiнскiх сацыялiстаў В. Вiньнiчэнкi цi М. Грушэўскага лiчылася „буржуазна-нацыяналiстычнай“). Прытым аднаўленьне тых iдэалаў уважалася магчымым праз паступовую „лiбэралiзацыю“ рэжыму, яго „дэкамунiзацыю“ ды „ўкараненьне ў расейскi грунт“. На гэтым шляху былi бясспрэчныя посьпехi. У школьным курсе гiсторыi ўсё, што зьвязвалася зь Вялiкарасеяй, прагалошвалася прагрэсiўным, што iшло насуперак ейным iнтарэсам — рэакцыйным. Штодалей пан-руса-славiзм усё больш ператвараўся ў афiцыйную iдэалёгiю. У 1979 годзе сакратар ЦК КПСС Суслаў нават прапанаваў праект лiквiдацыi „нацыянальных рэспублiк“ i пераходу да чыста абласнога падзелу СССР. Праект быў адхiлены палiтбюром як „заўчасны“. Але канцэпцыя „зблiжэньня i зьлiцьця нацыяў“, татальнага панаваньня расейскае мовы (рэальна — яе савецкага сацыялекту), „поўнага i канчатковага вырашэньня нацыянальнага пытаньня“ дамiнавала i ў „навуковым камунiзьме“, i ў камунiстычнай практыцы. Адметна, што нiкога ня кiдалi ў мардоўскiя лягеры за „расейскi буржуазны нацыяналiзм“, што нiводзiн зь дзеячоў расейскае культуры, стасуючыся зь iншаземцамi, не пярэчыў, калi СССР клiкалi „Расеяй“.

За часамi Андропава-Чарненкi ды аўганскае вайны славянская iдэя ды панславiзм знаходзiлi ўсё большае ўвасабленьне ў савецка-расейскiм нацыянал-сацыялiзьме. Але тут наляцела перастройка i на нейкi час скаламуцiла лёгiку падзеяў.

У постсавецкiм сьвеце ўсё стала на сваё месца. Расейская Фэдэрацыя i на афiцыйным узроўнi, i ў мэнтальнасьцi сваiх грамадзянаў зьяўляецца спадкаемнiцай СССР. „Лица кавказской национальности“ праваахоўнымi органамi Масквы лiчацца грамадзянамi другога гатунку. Як i „хахлы“. Незьлiчоная колькасьць iнтэлектуальных вымаганьняў маскоўскай элiты абгрунтоўвае iснаваньне сусьветна-гiстарычнай змовы, ахвяраю якой сталася Расея, ды варыянты пераадоленьня гэтай змовы. Менавiта варыянты. „Лiбэралы“ Яўлiнскага i „лiбэральныя дэмакраты“ Жырыноўскага разыходзяцца хiба ў дэталях. Толькi тры дэпутаты расейскай Дзяржаўнай Думы прагаласавалi супраць ратыфiкацыi дамовы аб стварэньнi расейска-беларускага саюзу. Хоць любы сапраўдны дэмакрат (няхай i прыхiльнiк такога саюзу) мусiў галасаваць катэгарычна супраць ужо таму, што нельга падпiсваць дамову зь нелегiтымным прэзыдэнтам-дыктатарам. I з маральнага боку гэта недапушчальна, i з прагматычнага (ува што вылiўся для Францыi ды Вялiкабрытанii Мюнхен?), i зь юрыдычнага (усе структуры ўлады ў Беларусi на сёньня нелегiтымныя, „канстытуцыя“ ня ёсьць прававым дакумэнтам, таму, як кажуць, могуць быць непрыемнасьцi).

Цiкавая рэч: ва Ўкраiне практычна ўсе прыхiльнiкi „славянскага адзiнства“ ёсьць або непрыхаванымi камунiстамi, або нэакамунiстамi з розных „парцеек“ тыпу РУС, „прагрэсiўных сацыялiстаў“ i гэтак далей. Ёсьць i непрыхаваныя нацысты — Славянская партыя. Хаця якая розьнiца? Для ўсiх галоўнае — таталiтарна-сацыялiстычная звышдзяржава iз сталiцаю ў Маскве. Як зазначыў аўтару гэтых радкоў асабiста кандыдат у прэзыдэнты Ўкраiны, лiдэр КПУ Пятро Сiманенка, „нас аб’ядноўвае тое, што ўсе мы славяне, праваслаўныя, маем свой духоўны цэнтар — Маскву, у нас свая цывiлiзацыя, свая культура, адрозная ад iншых“.

Трапляюцца i незьлiчоныя быццам бы лiбэральныя прыхiльнiкi зьлiцьця ва ўсеславянскiм (дакладней, расейска-ўкраiнска-беларуска-сэрбскiм) экстазе. Было такое аб’яднаньне СЛОН. Атрымала на парлямэнцкiх выбарах менш за паўадсотка галасоў. А як прыглядзецца ўважлiвей да кiраўнiцтва аб’яданьня — i там альбо былыя спэцыялiсты савецкiх „органаў“, альбо сёньняшнiя кадравыя супрацоўнiкi маскоўскiх спэцслужбаў (але з рэпутацыяй „iнтэлектуалаў“). Але несьвядомае грамадзтва не разумее „лiбэральнага“ ўсеславянскага нацыянал-сацыялiзму. Яму патрэбная шчыра расейска-савецкая постаць (незалежна ад этнiчнага паходжаньня, дарэчы). Сталiн, Лукашэнка, Жырыноўскi, хто там яшчэ?

Вынiкае, што да канца ХХ стагодзьдзя славянская iдэя завершыла свой iнтэлектуальны паход. У наступным веку яна магчымая хiба што ў выглядзе „мiту ХХ стагодзьдзя“, на ўзор таго, што Розэнбэрг з Гёбэльсам змалявалi для арыйцаў. А такая трансфармацыя небясьпечная i падобнымi практычнымi наступствамi. Як для носьбiтаў мiту, так i для iхных блiзкiх ды найаддаленейшых суседзяў.
 

 
Аксана Забужко
(украiнскi фiлёзаф i лiтаратуразнаўца):

Ня веру ў групавыя iдэнтычнасьцi

Я ня веру ў славянскую iдэю, славянскую iдэнтычнасьць. Я веру ў нацыянальныя iдэнтычнасьцi, а не групавыя. Групавыя iдэнтычнасьцi ўзьнiкаюць пры слабасьцi нацыянальных iдэнтычнасьцяў — славянскiх, раманскiх цi нават скандынаўскiх. Ад недааформленасьцi славянскiх народаў славянская iдэя ўзьнiкла ў XIX ст. — i дзеля гэтага яна адразу мела нячысты прысмак, якога дагэтуль не пазбылася. Якая будзе стаяць iдэнтычнасьць за культурна аб’яднанаю Эўропай — гэта пытаньне не XXI, a XXII стагодзьдзя. Галоўнае сёньняшняе пытаньне — пытаньне аслабленасьцi нацыянальнай iдэнтычнасьцi i страху заблудзiць у аб’яднанай Эўропе. Ён ёсьць у французаў, нарвэжцаў, датчанаў. Пытаньне аслабленасьцi нацыянальнай тоеснасьцi актуальнае i для нас.
 

 
Вiталь Панамароў
(украiнскi крытык i публiцыст)

Панславiзм паходзiць з протаславянскае еднасьцi

Сучасны панславiзм паходзiць зь еднасьцi протаславянскае супольнасьцi, якая ўжо ў IV стагодзьдзi з-за навалы готаў пачала распадацца на асобныя этнасы. Saqlabia (Саклабiя) — так у VIII—IX стагодзьдзях называлi славянскiя землi на ўсход ад Эльбы, адкуль нявольнiкаў-славянаў вывозiлi на эўрапейскiя ды азiяцкiя рынкi Волгаю-Донам, тым Nahr-as-Saqaliba (Галоўны шлях рабоў) арабскiх крынiцаў. Нездарма ў 1895 годзе Лэся Ўкраiнка назвала свой верш даўняй лацiнскай прыказкай „Slavus — sclavus“ („Славянiн — раб“).

Будучае атаясамленьне славянаў з расейцамi ўпярэдзiў яшчэ „Гусьцiнскi летапiс“, заўважыўшы, што „славяне не такiя злыя былi, як масхiны“. Прапанаваны яшчэ Геркелем, тэрмiн панславiзм i сёньня досыць эфэктыўна „працуе“, не зважаючы на свой паважны век (ажно ад 1826 году!), што сьведчыць пра яго iнструмэнтальны характар ды добрую прыдатнасьць да патрэбаў расейскае дзяржавы. Славянскi фундамэнталiзм ёсьць аднаяйкавым блiзьнюком нямецкага нацызму: аншлюс Аўстрыi знайшоў сваё адлюстраваньне ў аншлюсе Беларусi, абарона судэцкiх немцаў — у абароне „расейскамоўнага насельнiцтва“, „сусьветная жыдоўская змова“ ператварылася ў подступы iсламскага тэрарызму, лiквiдацыя негiстарычных народаў сёньня называецца „зачысткай ад iншародцаў“, Бабiн Яр — горадам Джахар-Кала, а ўльтыматум нацы „жидам города Киева“ цяпер гучыць цалкам iнтэрнацыянальна: „Жители города Грозного!“.

I штораз размовы пра славянскае адзiнства ды пра перавагi славянаў над „варожым Захадам“ сыгналiзуюць сьвету пра намер Расеi ўстанавiць супольную мяжу яшчэ з адной краiнай.
 

 
Алег Трусаў
(кiраўнiк Таварыства Беларускай Мовы):

Панславiзму няма месца

Я шчыра веру, што на сёньня нiякага панславiзму ўжо не iснуе, iдэя аб iм ледзь лiпее. Увогуле ж, панславiзм нiколi ня быў нiчым iншым, як палiтычным абгрунтаваньнем экспансiйных памкненьняў Расеi ў заходнiм ды паўднёвым кiрунку. Ён напраўду iснаваў толькi ў мiнулым стагодзьдзi, калi Расея вызваляла ад турэцкага прыгнёту паўднёвых славянаў, югаславаў ды баўгараў. Дый тое было ня болей, чым прыкрыцьцём: вызваляючы Баўгарыю ад захопнiкаў, Расея прабiвала сабе шлях да Баспору ды Дарданэлаў, гэта не сакрэт. Апагеем жа панславiсцкай палiтыкi для мяне зьяўляецца ўдзел Менскага палку ва ўзяцьцi Шыпкi, дзе амаль усе яго ваяры i палеглi. Як напамiн аб тых падзеях стаiць цяпер на Вайсковых могiлках царква Аляксандра Неўскага. На тым, дарэчы, панславiзм i скончыўся, бо ўжо пад час першай сусьветнай вайны Баўгарыя выступiла супраць Расеi, прыняўшы бок Аўстра-Вугоршчыны ды Нямеччыны. I цяпер ён выяўлены хiба што ў постiмпэрскiх амбiцыях расейскiх палiтыкаў. Што ж тычыцца Сэрбii, то яны iмпэрыялiсты iншыя, малыя, калi так можна сказаць. Поўная ж адсутнасьць будзь-якой рэальнай падтрымкi панславiсцкiх iдэяў у iншых народаў выявiлася ў разводзе Чэхii ды Славакii, хоць розьнiца памiж двума народамi зусiм невялiкая, дый канфлiктаў сярод iх нiколi не было, хоць славакi таксама лiчаць чэхаў гэткiмi малымi iмпэрыялiстамi. Я калi быў у Славаччыне, размаўляў з тамтэйшымi парлямэнтарамi, то яны мне з гонарам даводзiлi, што лепей патрапiм, маўляў, на колькi год у горшыя эканамiчныя ўмовы, але мова нашая не загiне. Таму ў ХХI ст. панславiзму месца няма, празь 10—15 гадоў ён цалкам адыдзе ў нябыт, i ад яго застануцца, магчыма, якiя кволыя рэмiнiсцэнцыi. Што да Ўкраiны, яна, нягледзячы на буйныя памеры i колькасьць насельнiцтва, ня зможа — у блiзкі час, прынамсi — ператварыцца ў дзяржаву iмпэрыялiстычнага кшталту, бо ёй замiнае цэлы шэраг абцяжарвальных фактараў: вялiзная маса расейцаў, крымская праблема. Сёньняшнiя ж закiды расейскiх палiтыкаў выглядаюць як камэдыя цi фарс. I нiякiх радыкальных зьменаў з прыходам Пуцiна не адбудзецца, бо ён сам сказаў, што галоўнае для яго — захаваць цэласнасьць краiны. Ён мне нагадвае аднаго з апошнiх рымскiх iмпэратараў, Траяна, напрыклад. Такiм быў i Цiта: пакуль быў жывы, трымалася i фэдэрацыя, а як памёр, дык усё ляснулася. Пуцiн проста абавязаны выйграць вайну ў Чачнi, калi хоча пазьбегнуць развалу iмпэрыi. Пра якi панславiзм можна казаць, калi ў Расеi такое слабое, дэзарганiзаванае войска? Каб там ваявалi беларусы ды ўкраiнцы, то менавiта iх бы кiнулi на штурм Грознага, i яны б яго ўзялi, як калiсьцi Вiцебская дэсантная дывiзiя захапiла Кабул. Але той барбарскай сiлай, якая зруйнуе маскоўскi Трэцi Рым, будзе, на маю думку, зусiм не Каўказ, а Сiбiр, якая можа памкнуцца да незалежнасьцi, адкалоцца. Ужо сёньня назiраюцца сэпаратныя працэсы: узгадайце такiх палiтыкаў, як Росель, Наздраценка, Лебедзь. Па лёгiцы, можна гаварыць пра два варыянты разьвiцьця падзеяў. Альбо Масква дасьць Сiбiры ды Ўралу шырокую аўтаномiю, маштабам падобную да правоў амэрыканскiх штатаў, альбо праз 20—50 гадоў насельнiцтва тамтэйшых абшараў пойдзе шляхам жыхароў ангельскiх калёнiяў i выйдзе са складу Расеi. I тады дакладна панславiзму канец, а Расея станецца нечым накшталт цяперашняй Вялiкай Брытанii ў этнiчных межах: дэмакратыя калiсьцi мусiць запанаваць i там.
 

 
Юрась Хадыка
(прафэсар, гiстарычны лiдэр Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне“):

Нежыцьцяздольная абстрактная палiтыка

Увогуле, я не магу сабе ўявiць славянства аб’яднаным, на ўзор таго, як гэта зрабiлi краiны Эўропы, бо там яны злучылiся не па пляменных прыкметах i не на iдэалягiчнай аснове. Для iх галоўнай была справа стварэньня адзiнае гаспадарчае прасторы i забесьпячэньня стабiльнасьцi на кантынэнце. Славяне ж падзеленыя ня толькi нацыянальна, але i паводле веравызнаньня: паспрабуйце сабе сёньня ўявiць аб’яднаных палякаў-католiкаў ды праваслаўных расейцаў. Я, прынамсi, не ўяўляю. Аднак панславiсцкiх захадаў варта чакаць, i ня толькi ад расейскiх палiтыкаў, а i ад Лукашэнкi, у першую чаргу. Падобная мiсiя Мiлошавiча была ня больш чым гульнёй, для югаславаў прымальнейшаю была палiтыка, што праводзiлася маршалам Цiта.

Урэшце, аб’яднанае славянства — абсалютна нежыцьцяздольная i цалкам абстрактная iдэя.
 

 
Кшыштаф Чыжэўскi
(польскi культурны дзеяч, рэдактар часопiса Krasnogruda)

Мае пэрспэктыву, калi адмовiцца ад выключнасьцi

Я думаю, што найперш, каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба троху азiрнуцца назад, да пытаньня славянскай iдэi, бо маё стаўленьне да гэтай iдэi амбiвалентнае, з шмат якiх прычынаў. Гiстарычны кантэкст, у якiм яна зьяўлялася, часта прыводзiў да таго, што сама iдэя ўсё больш i больш аддалялася ад маiх перакананьняў, бачаньня рэчаў. На мой погляд, кожная iдэя, асаблiва такая, якая абымае вялiкую культурную прастору, i кожная iдэя, якая гаворыць пра аб’яднаньне, якая аб’ядноўвае больш, чымся адну нацыю, адну дзяржаву, стаецца небясьпечнай у той момант, калi яна становiцца iнструмэнтам мацнейшага i можа ператварыцца ў карту, дзякуючы якой разыгрываецца пэўная палiтычная, культурная стратэгiя. Тое ж самае мы бачым i ў выпадку славянскай iдэi, братэрства славянаў. Ёсьць, безумоўна, нешта ў ёй прывабнае — той момант, калi яна была моцна артыкуляваная ў эпоху рамантызму i якраз на той хвалi братэрства, якая ўзьнялася пасьля Францускай рэвалюцыi, братэрства народаў. Гэта была ў добрым сэнсе наша прапанова ў гэтай частцы Эўропы, накiраваная на братняе змаганьне i салiдарнасьць у розных сытуацыях. Тым ня менш, розьнiца памiж iдэямi Францускай рэвалюцыi i славянскай iдэяй палягае ў тым, што ў першым выпадку гэтая iдэя не набыла пляменнай або нацыянальнай прыналежнасьцi, пакiдаючы чалавека больш вольным у выбары сваёй прыналежнасьцi або прыняцьцi гэткiх iдэяў ці вартасьцяў. Славянская iдэя мае, аднак, такую „прывязку“ да крывi, да нацыянальнасьцi, да паходжаньня, што можа перашкаджаць i перашкаджала, робячыся часам крынiцай небясьпечных iдэалёгiяў або небясьпечных палiтычных гульняў. На маю думку, гэта галоўная слабасьць славянскай iдэi, якая палягае якраз у тым, што яна гэтую iдэю задзiночаньня, братэрства, супольнага будаваньня абмяжоўвае або „завязвае“ на паходжаньнi, нацыянальнай або пляменнай прыналежнасьцi. Тым больш, што пачуцьцё гэтай прыналежнасьцi памiж намi, славянамi, вельмi дыфэрэнцыяванае, яно ня ёсьць нечым жывым, моцным i трывалым. Я ня бачу адмысловых прычынаў, каб больш аб’ядноўвацца з баўгарамi, чым з вугорцамi, якiя не належаць да славянскай супольнасьцi, але зьяўляюцца нашымi блiзкiмi суседзямi, сплеценымi рознымi iншымi сувязямi — культурнымi i гiстарычнымi — з намi i нашай часткай Эўропы.

Гэта, такiм чынам, заўсёды будзе ствараць нейкую перашкоду, i я на гэта буду зьвяртаць увагу. У мяне няма такой патрэбы апынацца з боку гэткай прыналежнасьцi, stricto славянскай, якая б апэлявала якраз да паходжаньня. Чаму я гавару аб гэтым? Таму што зазвычай гэткая прыналежнасьць або гэткае пачуцьцё лучнасьцi не зьяўляецца такiм моцным, але здараюцца моманты, калi такое неспадзяваным чынам мае месца альбо дае аб сабе ведаць якраз у кепскiм сэнсе. Калi, напрыклад, разгараецца вайна ў Косаве, то рэакцыю сярэднеэўрапейскiх краiнаў можна прасачыць таксама з гледзiшча славянскай iдэi i пачуцьця прыналежнасьцi, салiдарнасьцi цi братаньня з тым бокам у гэтым канфлiкце, для якога гэткае братаньне вынiкае ня з выбару вартасьцяў, не з ацэнкi пазыцыi або ацэнкi паводзiнаў, а з славянскага братэрства. У гэтым кантэксьце мне гэта вельмi перашкаджае.

Я мяркую, што такая нэгатыўная рэакцыя супраць iнтэрвэнцыi ў Косаве, напрыклад, у Чэхii, у той пэрыяд, калi пачалася вайна, i такая некрытычная часам падтрымка сэрбаў у гэтым канфлiкце, без зразуменьня альбанскага боку, у вялiкай меры вынiкае з таго, што Чэхiя была i застаецца дагэтуль пад вялiкiм уплывам славянскай iдэi i панславiзму, i вельмi шмат людзей там успрымаюць гэта ў гэткiх катэгорыях, г.зн. нашыя браты там уступiлi ў канфлiкт i трэба заняць iхны бок ды баранiць iх, ня надта паглыбляючыся ў саму сутнасьць справы — у тое, хто там сапраўды вiнаваты i хто нясе большую маральную адказнасьць за тое, што там дзеецца. Гэта дакладна такая сытуацыя, у якой такога роду лучнасьць, калi яна стаецца прыматам у ацэнцы сапраўднасьцi, можа прыводзiць да розных вельмi небясьпечных вычварэньняў i перакручваньняў. Перад намi пастка: калi б у будучай аб’яднанай Эўропе славянскiя народы кансалiдавала памiж сабой пачуцьцё некрытычнай абароны адзiн аднаго, не зважаючы на iншыя крытэры i ўзаемазалежнасьцi, гэта было б вельмi небясьпечным i стварыла б цяжкую для нас сытуацыю. Нам было б цяжэй удзельнiчаць у працэсе аб’яднаньня Эўропы, гэта стварала б своеасаблiвы анкляў, нейкую адметнасьць, заснаваную на лучнасьцi крывi, лучнасьцi паходжаньня, якiя ў будучынi маглi б прывесьцi да нэгатыўных зьяваў у нашых краiнах i аддалiць нас ад працэсу такога здаровага аб’яднаньня ў Эўропе.

Гэта адзiн небясьпечны бок, укарэнены ў славянскай iдэi, i для такiх народаў, як, напрыклад, польскi, яшчэ ў гэтым кантэксьце заўсёды будзе мець месца перасьцярога, цi ня будзе гэтая iдэя зноў iнструмэнтам расейскага, напрыклад, дамiнаваньня ў гэтай частцы Эўропы, як гэта было ў мiнулым. Расея вельмi моцна выкарыстоўвала гэтую карту i, у вялiкай ступенi, надоўга адштурхнула палякаў ад славянскай iдэi. Гэта таксама абумовiла тое, што палякi — якраз з гiстарычных прычынаў — увогуле адчуваюць вельмi слабую лучнасьць з гэтай iдэяй.

Але ёсьць яшчэ iншыя аспэкты i справы, г.зн. гэтая iдэя спараджае пэўнае паразуменьне памiж намi па-за межамi нашых нацыянальных дзяржаваў, а таксама пэўны iдэал братэрства, пэўны абавязак да сваiх суседзяў-пабрацiмаў. Калi падысьцi да славянскай iдэi не такiм заiдэалягiзаваным чынам i абсалютна, г.зн. робячы гэтую iдэю, так сказаць, абсалютным прыматам, калi падысьцi да яе як да аднаго з элемэнтаў аб’яднаўчага працэсу, да якога можна апэляваць пры аб’яднаньнi ў добрым значэньнi гэтага слова, то, думаецца, яна можа зусiм зьмянiць сваё аблiчча i стаць нечым жаданым i патрэбным. Выкарыстоўваючы, але — падкрэсьлiваю — разумным чынам, без абсалютызацыi, без выключнасьцi, забясьпечанай толькi для такога роду лучнасьцi цi прыналежнасьцi, выкарыстоўваючы, такiм чынам, iснуючыя сувязi, выкарыстоўваючы пабрацiмства, блiзiню, абумоўленую пэўнага роду мэнтальнасьцю i нейкiм духоўным падабенствам, нешта мэтафiзычнае, што можа iснаваць у гэтым усiм, то з гэтага могуць паўстаць вельмi добрыя вынiкi для будучай аб’яднанай Эўропы. Парадаксальна, але тады гэтая славянская iдэя, саступаючы поле iншым вартасьцям, якiя, можа, яшчэ больш павiнны цанiцца, атрымае дадатковую вартасьць i можа iзноў стаць здаровым iнтэграцыйным фактарам. Бо — i гэта цiкава — калi б удалося абаранiць нейкую славянскую адметнасьць у гэтай iнтэграцыi цi нейкую славянскую спэцыфiку, то гэта было б вельмi карысна пры аб’яднаўчым працэсе, г.зн. дадало афарбаваны ў iншы колер тэмпэрамэнт, элемэнт цi частку мазаiкi. Таму шкада было б страцiць зразуметую ў такiм сэнсе славянскую iдэю i ўвогуле славянскасьць ува ўсёй гэтай сытуацыi. Аднак, калi гаварыць пра працэс аб’яднаньня i пра будучую аб’яднаную Эўропу, то якраз такi славянскi кампанэнт, а не нацыянальны, быў бы вельмi патрэбны. У Эўропе сёньня шмат гавораць пра разнароднасьць, пра абарону адметнасьцi на рэгiянальным альбо нацыянальным узроўнi, г.зн. на ўзроўнi абароны прыгнечаных нацыянальных моваў цi такiх рэгiёнаў, як Каталёнiя альбо Далматыя i Валёнiя. Нiхто, тым ня менш, не гаворыць пра большыя супольнасьцi, што iснуюць на духоўнай мапе Эўропы. Яны маюць сваю адметную духоўнасьць, сваю своеасаблiвасьць. Цiкава, што гэтая духоўнасьць i своеасаблiвасьць ужо заснаваная на iнтэграцыi, г.зн. на нейкiм спалучэньнi, на нейкiм аб’яднаньнi ў абсягу гэтай своеасаблiвасьцi.

Каб абаранiць у будучынi славянскую iдэю, то, з аднаго боку, трэба стварыць шанцы для зблiжэньня цi iнтэграцыi тых людзей, якiя прызнаюць сябе славянамi i будуць выяўляць сваю прыналежнасьць да славянаў. Але гэтая iнтэграцыя мае сэнс толькi для таго, каб падкрэсьлiць, увыпуклiць адметнасьць, каб падкрэсьлiць iншую культурную цi духовую прастору на мапе Эўропы. Такая пэрспэктыва нашага ўзаемапаразуменьня зь беларусамi, расейцамi, украiнцамi, з баўгарамi, з славакамi, з сэрбамi, харватамi, як мне здаецца, вельмi цiкавая. Падмуркам гэткага ўзаемапаразуменьня будзе наша суадчуваньне i суперажываньне, супольны акт пабудовы, для таго, каб у працэсе эўрапейскай iнтэграцыi выявiць сваю адметнасьць, не сваю польскую адметнасьць, не сваю чэскую адметнасьць, а сваю славянскую адметнасьць.

Каб гэта ўдалося, каб такая пэрспэктыва спраўдзiлася, славянская iдэя павiнна адмовiцца ад пазыцыi выключнасьцi i дамiнаваньня. Яна павiнна стаць адным з розных фактараў гэтага працэсу iнтэграцыi, не найважнейшым. Яна ня можа засланяць iншых маральных i духоўных вартасьцяў, вольных i незалежных ад сваяцтва, заснаванага на крывi цi паходжаньнi.
 

 
Сакрат Яновiч
(беларускi культурны i грамадзкi дзеяч, кiраўнiк культурнага асяродку Villa Sokrates)

Дзьве славяншчыны

Адказу на гэтае пытаньне трэба шукаць у гiсторыi: хто, дзе i з кiм жыў? Маленечкая Славенiя, што ў Юлiйскiх Альпах, ужо дасягнула заходнiх стандартаў, але яна вякамi жыла ў сымбiёзе з Аўстрыяй ды прывэнэцкай Iталiяй. Няшмат адстае ад Славенii менавiта Чэхiя, тысячагадовае эўрапейскае каралеўства i былая iндустрыяльная апора Аўстра-Вугорскай iмпэрыi. Значна аддаленая цывiлiзацыйна Славакiя, якая ня столькi сама дабiлася незалежнасьцi, колькi якраз выпхнулi яе ў незалежнасьць самi чэхi, пазбываючыся такiм чынам лiшняга iм цяжару адсталай правiнцыi, ад якое слабы даход (вытворчасьць цяпер вырашаюць не працоўныя рукi, а тэхналёгii). За славенцамi i чэхамi на трэцiм месцы Польшча, якую некалi пацягнула ў яму звышстогадовая расейская няволя. Вось валодала Польшчай Расея, сама ж будучы на шэрым канцы Эўропы, але затое з найвялiзьнейшай армiяй... На ўзроўнi Польшчы прыблiзна знаходзiцца Харватыя, што побач Славенii. Харваты ўсё ж апынулiся былi ў Аўстрыйскай iмпэрыi, якая расьселася важна ў цэнтры Эўропы. Рэшту балканскiх славянаў гнулi да зямлi барбарскiя туркi; македонцаў аж да пачатку нашага веку. Гэта ўсё i тлумачыць.

Постсавецкiя славяне не маглi пачувацца лепей ад тых жа македонцаў, свой лёс каратаючы ў iмпэрыi, найадсталай, у якой 80 % марнага агульнанацыянальнага даходу прызначалася на патрэбы армii ды ваеннага комплексу (у ЗША гэты паказьнiк вагаўся каля 10—15 %, а цяпер менш).

Рэзюмэ такое: тыя славяне, якiя ўвесь час жылi ў Эўропе, хутка ў яе i вернуцца, успрымаючы славянскi камунiзм як кароткi паганы эпiзод. Рэшце славянаў я прарочу бiблейскiя сорак гадоў выхаду жыдоў з эгiпэцкай няволi. Вырашае гiсторыя, як сёньняшнi дзень вынiкае з учорашняга.

 

У наступным нумары:
апытаньне ARCHE „Ці ёсьць Рэспубліка Беларусь незалежнай дзяржавай?

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList