Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

kрытыkа


Вальтэр Бэн'ямiн
Расейскiя дэбаты па-нямецку


Вальтэр Бэн'ямiн (1892-1940) — адна з найцiкавейшых постацяў эўрапейскага iнтэлектуальнага жыцьця ў мiжваенны пэрыяд, журналiст, фiлёзаф, эстэтык. Нарадзiўся i дзiцячыя гады правёў у Бэрлiне. Вывучаў фiлязофiю, нямецкую лiтаратуру ўва ўнiвэрсытэтах Фрайбургу, Мюнхену, Бэрлiну i Бэрну. Аўтар шматлiкiх працаў, прысьвечаных эстэтыцы мастацкай творчасьцi. Блiзкi знаёмы Тэадора В.Адорна, паплечнiк Бэртольта Брэхта. Разам з апошнiм ратаваўся ўцёкамi з фашысцкай Нямеччыны i абсеў у Данii. У вынiку захопу Данii гiтлерскiмi войскамi быў iнтэрнаваны ў канцлягер i пасьля няўдалай спробы ўцячы ў Гiшпанiю празь Пiрэнэi зрабiў сабе сьмерць.

Буржуазiя, сказаў вялiкi гiшпанскi фiлёзаф дзяржавы Даноса Картэс, — гэта вечна дыскутуючая кляса. У аснове гэтага зьняважлiвага i вельмi глыбокага азначэньня ляжыць пагардлiвае стаўленьне да дыскусiяў, пашыранае i сёньня. Тое, наколькi паменела ахвота да дыскутаваньня, нават ёсьць адметнай рысай паваеннага часу. Заняпад красамоўнасьцi, абыякавасьць да ўсякага прыватнага меркаваньня, памяншэньне палiтычнай талерантнасьцi, узрастаньне веры ў аўтарытэты — галоўныя прычыны гэтай новай тэндэнцыi, плённай тэндэнцыi, тэндэнцыi, якой трэба спрыяць, але адваротны бок якой ужо можна прадбачыць. Прычым гэта будзе не паваротам моды, калi нешта пройдзенае зноў выбiваецца на пярэднi плян, а хутчэй пераваротам у сутнасьцi дыскусii, якая зусiм не мусова павiнна быць той бязладнай, бязьмежнай рэчай, якою мы навучылiся пагарджаць. Але каб яна стала чымсьцi iншым, трэба адкiнуць аблудны прынцып, паводле якога сэнс дыскусii нiбыта палягае ў тым, што працiўнiкi спрабуюць пераканаць адзiн аднаго — цi нават паразумецца адзiн з адным. Зь iншага боку, гэтаксама трэба адкiнуць дэмагагiчнасьць, тую рысу, якая — у найлепшым выпадку — уласьцiвая тым прамовам у райхстагу, якiя прамаўляюцца з акна i ня ў спальню. Адылi нагода даведацца, як бы маглi выглядаць карысныя дэбаты, трапляецца вельмi рэдка, i таму варта разгледзець дыскусiю, якая адбылася ў Бэрлiне на адным з апошнiх сходаў „Задзiночаньня сяброў новай Расеi“.

Дакладчык, праф. В.Брык з Масквы, загадзя абвесьцiў, што хоча выступiць з палемiчным зваротам. Аднак сваiх працiўнiкаў — што трохi асьцюдзiла патас ягонага выступу — ён шукае ў Маскве, ня тут. Хто яны? Ну, найперш усе расейскiя лiтаратары, iмёны якiх калi-небудзь чула нямецкая публiка, пачынаючы ад I.Бабеля з Будзёнаўскай коннай армii да Панфёрава, якi назiраў узьнiкненьне ў сваёй вёсцы грамады беднякоў. Ягоныя аргумэнты? Але, перш як iх паведамiць, мы ўжо цяпер мусiм выступiць у iх абарону, бо настолькi гратэскавымi яны пададуцца эўрапейцу. Дык вось, варта ведаць, што Брык — вэтэран рэвалюцыi, што ён студэнтам браў удзел у падзеях 1905 году, пазьней быў сярод першых, хто стаў пад сьцяг ваяўнiчага бальшавiзму, што ягоная страсьць i ягонае мысьленьне аддадзеныя новаму i што ягоная праграма зусiм далёкая ад таго, каб быць вызначальнай для лiтаратараў у Расеi. Калi кагосьцi — тут цi ў яго дома — усё ж сшакуе наiўнасьць ягоных аргумэнтаў, дык няхай той згадае, што далёка ня ўсе, i перадусiм не найважнейшыя мастацкiя дэбаты — пачынаючы ад плятонаўскiх, якiя адмаўляюць iснаваньне дзяржавы паэтаў, — вялiся на мове эстэтычных паняткаў. I ўжо напэўна няможна чакаць гэтага ад змаганьня, скiраванага супраць самога iснаваньня мастацтва ўвогуле. Праўда, з апошнiм цьверджаньнем Брык, бадай, не зусiм пагадзiўся б. Ён гэтага не казаў, а толькi патрабаваў, каб мастацтва безумоўна стала на службу прапагандзе. Але як далёкi ён пры гэтым ад знаёмых нам дэбатаў аб заканамернасьцi тэндэнцыi, найлепш паказваюць ягоныя прыклады. Во ў Панфёрава „Грамада беднякоў“ — безумоўна, харошы раман; прынамсi, паводле формы раман такi ж самы, як iншыя, людзi там адлюстроўваюцца рэалiстычна; больш абачлiва кажучы: адлюстроўваюцца так, як мы прызвычаiлiся iх бачыць. „Але, — кажа Брык, — што нам да гэтага? Што нам да беднага селянiна, шчырага камунiста, праўда, п’янiцы? Цi што нам да багатага селянiна, эксплюататара, але якi, праўда, мае добрае сэрца? Цi будзе камунiстам селянiн, якi п’е? Цi добрае сэрца эксплюататара сапраўды добрае?“ Або — i тут iканаборчая зацятасьць ягоных развагаў робiцца шчэ больш выяўнаю — Бабель апавёў пра конную армiю Будзёнага. „Але, — сказаў Будзёны, прачытаўшы гэтую кнiгу, — насамрэч усё было зусiм iначай. Мае людзi з тымi, якiх апiсвае Бабель, ня маюць нiчога супольнага“. „I якi ж сэнс у тым, — працягвае Брык, — каб зынакшыць гiстарычную рэчаiснасьць, якую ўсе мы зазналi, якую можна спраўдзiць, на „цiкавы“ лад?“ Але калi тут Брык выступае за гiстарычную праўдзiвасьць, дык у iншых выпадках ён сам зласьлiва нападае на тых, хто ў сваёй эпiчнай творчасьцi кiруецца прынцыпам аб’ектыўнасьцi. Фактычную аб’ектыўнасьць i паэтычны iндывiдуалiзм ён абвяшчае складнiкамi, рознымi бакамi адной i той жа лiтаратурнай пазыцыi — буржуазнай. Як тлумачыцца супярэчнасьць? Проста. Тое, што робiць яго то прыхiльнiкам пэдантычнага рэалiзму, то працiўнiкам аб’ектыўнай пазыцыi, у абодвух выпадках аказваецца тым жа самым: прынцыпам першынства рэвалюцыйнага духу.

Уся дыскусія вядзецца наўкола гэтага прынцыпу. I яна была б захапляльнай нават тады, калi б у цягу яе так i не ўдалося цалкам высьветлiць пункт гледжаньня Брыка, для якога рэвалюцыйны дух, бадай, перабывае ня столькi ў нечым адбытым, нават у тых дзесяцёх днёх, што ўзрушылi сьвет, колькi ў актуальным у дадзены момант лёзунгу. Вiлянд Герцфэльдэ, кiраўнiк выдавецтва Malik, рашуча выступiў за перавагу кнiгi над гатовым шаблёнам, аб’ектыўнага раману над прапагандысцкiм аповедам, што перасьледуе тактычныя мэты. I калi ён запатрабаваў, каб для шырокай масы чытачоў стваралiся вельмi паважныя кнiгi, у якiя можна ўчытвацца, героi якiх могуць дапамагчы забыцца, хто ты такi, бо толькi такiя кнiгi могуць узрушыць масы — „раманы ад шпiку касьцей“, як назваў iх аднойчы Г’ю Ўолпэл у сваiм блiскучым артыкуле, — дык i кiраўнiку расейскага дзяржаўнага выдавецтва, вiдаць, давялося б пагадзiцца зь iм. Але што адказаць Брыку, калi ён спасылаецца на шмат каму вядомы „Цэмэнт“ Гладкова, як выявiць яму абсурднасьць таго, што рэжым абвяшчае сям’ю неiстотнай, але ягоныя пiсьменьнiкi апранаюць свае гiсторыi з жыцьця Савецкага Саюзу ў старыя шаты сямейнага раману? Шкада, што ён не наважыўся пайсьцi далей i пакiнуў больш яснае агучаньне праграмы прапагандысцкай лiтаратуры на iншага ўдзельнiка дыскусii. Той слушна пачаў з пытаньня пра тое, што такое сапраўднае ўзьдзеяньне, каб пасьля засьведчыць сваю поўную незадаволенасьць простым сугестыўным цi дэмагагiчным узьдзеяньнем на масы i прызнаць каштоўнасьць прапагандысцкай лiтаратуры толькi ў якасьцi дыдактычнай. „Мы гатовыя, — так ён сказаў, — прынесьцi ў ахвяру iндывiдуальнасьць пiсьменнiка, прэтэнзiю твораў на вечнасьць, аб’ектыўнасьць аповеду. Але ня дзеля таго, каб абмянiць iх на прымiтыўную сугестыўную лiтаратуру, лiтаратуру лёзунгаў, а каб расчысьцiць шлях лiтаратуры сапраўдных аўтарытэтаў. Мы хочам, каб людзi пад час чытаньня не атрымлiвалi асалоду, а вучылiся, удасканальвалiся; нам ня трэба бязглуздых рэакцый“. Пакуль добра. З розных бакоў атакавалi скрайнюю пазыцыю прамоўцы, але не ягоную „пляцформу“, як кажуць у Маскве. Амаль нiхто ў залi, магчыма, нават рэфэрэнт, ня ведаў, кiм быў той чалавек, якi напрыканцы ўстаў, каб страсна, грунтоўна, пераканана зьнiшчыць ня толькi прамоўцу, але i ягоную „пляцформу“. Тым ня менш, Бэла Iлеш — такiм было ягонае iмя — досыць добра вядомы ў Нямеччыне. Мы маем пераклады некалькiх ягоных кнiг. Але ж для Расеi ён больш чым проста аўтар. Доўгi час ён выконваў у аддзеле культуры ролю цэнзара, адваката дзяржавы, прадстаўнiка афiцыёзнага i артадаксальнага кiрунку — прынамсi, ён сам спрабаваў прэзэнтаваць стан рэчаў такiм чынам. Ён узяў слова: „Хто вы такiя? Тупая, мiзэрная меншыня, бязмоўная групка. Хочаце нарабiць тут шуму? Вы ня памятаеце распараджэньня ЦК (Цэнтральнага Камiтэту) вывучаць якраз клясыкаў — Пушкiна, Дастаеўскага, Талстоя, — на якiх вы тут нападаеце? Вы кажаце: яны ня продкi пралетарскай лiтаратуры. Нашыя продкi, кажаце вы, невядомыя, але з гэтай прычыны яны ня меней вялiкiя. Самы панятак расейскай лiтаратуры, кажаце вы, рэакцыйны. Аўтары iнтэрнацыянальнага пралетарыяту — нашыя продкi? Але ад каго вучыцца нашым маладым аўтарам? Што павiнны чытаць нашыя працоўныя масы, адклаўшы ў бок газэту? Як вы манiцеся падахвочваць i ўздымаць да справы, калi вы пазбаўляеце чытача магчымасьцi захапляцца героем, насьледаваць герою? Вы вылучаеце свае абмежаваньнi да раману. Ягоная аб’ектыўнасьць вам не даспадобы, кажаце вы. Хiба — тут прамоўца закiдвае лясо сваёй аргумэнтацыi для вырашальнага кiдка — аб’ектыўная рэчаiснасьць савецкай дзяржавы — гэта нешта такое, што трэба хаваць, што можа пашкодзiць прапагандзе? Хiба не аб’ектыўнае адлюстраваньне нашага жыцьця — найлепшы сродак прапаганды?“

Гэтая прамова, мастацтва дыспуту in nuce, магла падацца вартай увагi шмат каму з тых, хто яе чуў. I магчыма, яе завяршэньне камусьцi нагадала знакамiты пачатак працэсаў над вядзьмаркамi. „Цi ты верыш, што вядзьмаркi ёсьць?“ — зьвяртаецца iнквiзытар да злачынцы. Калi яна адказвае „так“, ён працягвае: „Адкуль жа ты гэта ведаеш?“ Калi адказ — „не“, працяг наступны: „Тады ты блюзьнерка, бо сьвятая царква вучыць, што вядзьмаркi ёсьць“. Але было б вельмi няслушна складаць сабе меркаваньне на падставе аналёгiяў, нават самых лягiчных. Расейскай рэвалюцыi ўласьцiвая адметнасьць, якая для Эўропы мае вынятковы характар, а наймя: тое, што можна памысьлiць, мае наступствы. Наступствы як з прычыны агромнiстага апарату, якi ў Расеi стаiць на службе распаўсюджаньня iдэй, як у нас распаўсюджаньня шаўковых панчохаў цi цыгарэт, так i з прычыны цёмнасьцi масаў, у якiя рэвалюцыя ўпершыню ўкараняе iдэi. I таму яна мусiць кантраляваць тое, што можна памысьлiць. Ёй даводзiцца рабiць iдэям перакрыжаваны допыт — судовы разбор ёсьць i будзе схемаю працэсу, калi словы падаюць на шалi. Праўда, мусiць яшчэ быць рука, што трымае шалi. Убачыць, што руку юстыцыi замянiла рука рэвалюцыi, было навукаю гэтага вечару.

1930

Зь нямецкай мовы пераклаў Алесь Пяткевiч паводле
W. Benjamin, Gesammelte Schriften IV, 1. Frankfurt am Main 1980.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList