Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

лірыка


Іван Блатны
Чэскi пацыент


Голас гэтага паэта вярнуўся ў 1990-я з прадоньня выгнаньня, абмарачэньня, самоты, забыцьця. Паэта звалi Iван Блатны.

Нарадзiўся ён у Брне ў 1919-м, рана страцiў бацькоў, у васьмiгадовым веку ўжо пiсаў вершы. У маладосьцi — у пару гiтлераўскай акупацыi й адразу па вайне — лiчыўся адным з найбольш спадзеўных аўтараў свайго пакаленьня. У 1940 годзе дэбютаваў паэтычным зборнiкам Paní Jitřenka („Спадарыня Дзяньнiца“), праз год выйшла другая кнiжка — Melancholické procházky („Мэлянхалiчныя праходкi“); паэтыку Блатнага хвалiлi за дасканалую клясычнасьць, адно што сьпеўную iмпрэсiянiзму ягоных вершаў той-сёй з тагачасных крытыкаў палiчыў за надта iдылiчную як на час пахмурнага Пратэктарату...

Першага разу Блатны апынуўся ў псыхiятрычнай больнiцы пад час вайны, у студзенi—лютым 1943 году. Тады, аднак, гэта была сымуляцыя. Трэ было папросту адкруцiцца ад прымусовых работ, на якiя высылалi немцы...

У 1945-м Блатны ўступiў у камунiстычную партыю й выдаў чарговы томiк сваiх вершаў — Tento večer („Гэты вечар“). Ён радыкальна зьмяніў паэтыку — на месца колiшняга мэлядычнага александрыйскага прыйшоў свабодны верш, мэтафару заступiла маўленьне наўпрост, дамiнантаю сталася сьведамае апiсаньне штодзённасьцi. Зрэшты, пiсалася ў Блатнага й сьпеўная паэзiя — у 1947-м пабачыла сьвет чацьвертая ягоная кнiжка — Hledání přítomného času („Пошукi цяперашняга часу“) — вiдаць там якраз схiльнасьць паэтава да мэлядычных iмпрэсiяў.

Кепскi час памалу рабiўся горшым — у паваеннай Чэхаславаччыне Блатны пасьпее выдаць яшчэ толькi два вельмi харошыя, як сьцьвярджаюць цяпер чэхi, зборнiкi дзiцячых вершаў...

У сакавiку 1948-га, пасьля камунiстычнага путчу, Блатны выяжджае ў Англiю. Адтуль ён высылае ў Прагу сваё партыйнае пасьведчаньне й застаецца на эмiграцыi. На Захадзе, здаецца, яго чакае жанчына — яны пазнаёмiлiся крыху раней, у другой палове 1946-га ў часе ягонага выезду ў Францыю. Блатны мерыцца застацца зь ёю назаўжды. Але нiчога з тых намераў не выходзiць. Ён застаецца сам. I ўцякае — як пiшуць ягоныя бiёграфы — у псыхiчную хваробу. Тры гады яго лечаць у шпiталi ў ангельскiм Эсэксе. Выйшаўшы адтуль, ён патрапляе тры гады творча адрабiць пры радыях — супрацуе зь „Бi-Бi-Сi“ й „Вольнай Эўропай“. З 1954-га стан ягонага здароўя рэзка горшае — да сьмерцi ў 1990-м Iван Блатны — пацыент брытанскiх псыхiятрычных больнiц. Дыягназ Блатнага — паранаiдальная шызафрэнiя...

У больнiцах яго будзе даймаць нябытнасьць жанчын, а таксама цыгарэт — ён заўзяты курэц, а цыгарэт яму выдзяляюць недаволi. Даймаць будзе й нястача словаў — ангельскiх, а тады й чэскiх — няма з кiм перамовiцца па-чэску. На паверхню памяцi вымыкацца будуць словы нямецкiя, францускiя... Пазьней ён паэтычна засьведчыць такi стан рэчаў. Мяшаньне моваў у вершах станецца ягоным фармальным прыёмам. Аднак гэта пазьней — цягам двух дзясяткаў год Блатны нiчога ня пiша. Яго падахвоцiць пiсаць сваяк з роднага Брна — Ян Шмарда проста спытаецца пра вершы. Фрэнсыс Мiчам, мэдычную сястру ў Iпсуiчы, папросяць дбайна зьбiраць паэтавы рукапiсы. У 1979-м у Канадзе ў легендарным для чэскае культуры выдавецтве „68 Publishers“ выйдзе чарговая кнiжка Блатняга — Stará bydliště („Старыя адрасы“). Яе сутворцам выступiць эмiграцыйны чэскi паэт Антанiн Броўсак — ягоным клопатам стане адбор вершаў...

Выданьне зборнiка — цi мог быць большы стымул? Блатны працуе iнтэнсіўна: вяртаецца ў сваiх вершах да Чэхаў, да Брна й Прагi сваёй маладосьцi, але найбольш зь вялiкаю шчырасьцю дае ў пiсьме факты сваiх штодзённых праблем, боляў ды няшчодрых радасьцяў у псыхiятрычнай лячэльнi. Гэтыя вершы — рэалiстычныя аж да гранiц абсурду, полiфанiчныя, загушчаныя войстрым мантажом вобразаў. У 1982-м выходзiць апошнi прыжыцьцёвы паэтаў зборнiк Pomocná škola Bixley („Дапаможная школа Бiксьлi“). Паэтыка Блатнага эвалюцыянуе там далей: рэалiзму заступае ўжо нярэдка сюррэалiзма, паэзiя стаецца навязьлiва шматмоўнаю, прычым аўтар бавiць сябе й чытача разнастайнымi цытатамi ды парафразамi з алюзiямi. Рваны мантаж ня раз мае вынiкам правакацыйныя каляжы. Iронiю спалучыўшы з кпiнамi, Iван Блатны выяўляў свой дэканструкцыйны настрой...

За пяць год да сьмерцi, у 1985-м, яго перавялi былi ў пансiянат ля мора, да якога, зрэшты, ён не хадзiў, — пансiянат для былых пацыентаў больнiц для разумова хворых. Памёр ён ад эмфiзэмы лёгкiх у Колчэстэры, летам 1990-га. Быў ужо час, каб вяртацца ў Чэхi. У траўнi 1991-га прах паэтаў знайшоў прыстанак на могiльнiку ў Брне.

У 1990-я актуалiзаваная творчасьць Iвана Блатнага сталася адным з найбольшых лiтаратурных адкрыцьцяў у Чэхii.

 

Лiстапад

У чэскiм клюбе ў глыбi мэтраполii
цяпер, бо ўжо рана сутонее,
афiцыянт запальвае лямпы й прыносiць чэскiя стравы.

Нарэшце дома.
Па-чэску замаўляю пiва.
З эстрады гармонiк, з кухнi дзынканьне кубкаў.
У нядзелю будзе лялечны тэатар.

Вялiкiя лялькi Мацея Копэцкага тлеюць у парках.
Размоклыя люстэркi, як на Малвазiнках*.
Фантан яе прычоскi, на якой балянсуе яйка места,
напаўвылупленыя птахi, з жаўтком, што цягнецца па дрэвах.

Мiт

У разьлеглым парку замку дзе iнтэрнаваны Гiтлер
рэдкiя ангельскiя гаi прасейваюць цень
Празь iмгу не вiдаць вакольнае вёскi

Рададэндраны шчэ не цьвiтуць
у чорным ружовым кустоўi ёсьць яшчэ сьмерць

Некалькi нарцысаў на ўскрайку лесу якi мы
лiчылi мала ня дзiкай прыродай
сьведчаць пра вынаходлiвую тонкую працу садоўнiкаў.

Ашука

Калi дом ператвараецца па выбуху ў каралявы рыф
вугаль i цэмэнт стыне ў iлюмiнацыi

Рыбы нiклыя чэраўцам дагары ад удару
плаваюць наўкол ружовага штандару

Вядзьмаркi на мятле
плюшчаць вочы ў гэтым зыркiм сьвятле.

Шчаснасьць

Зь ляску шурпатых ружаў выбег сабака
ня ведае шчэ ўсёй сям’i
здаецца яму вялiкаю як дзецям Прага

Студэнты гавораць яму па-гiшпанску
разумее
нiколi аднак ня ўцямiць шахмат

Як звычайна я хаджу каралеўскаю пешкай
тым часам кветкi падаюць памiж фiгур
стаўляю каралеву й слана на месцах найлепшых
для хуткага мату
якi ўсё ж рэдка ўдаецца.

З тому „Starб bydliљtм“

Фрэд прыйдзе

Наар пераадзяваецца ў жаночыя туалеты
пераведвае мiдынэтак у iхных майстроўнях
усюдых на зямлi ёсьць поўдзень
усюдых на зямлi ёсьць раўнадзеньне
there is no clash of the singles with the married ones
валькiрыя зьнiкла ў Вальгале

Phoenix

Чараўнiцы з „Макбэта“ iдуць далiнамi
прадказваюць вайну канец сьвету сьмерць
Mendelsson was arrested
вясельля ня будзе сукенку паклалi ў куфар назаўсёды
нявеста застаецца без сукенкi
румянец на твары нованароджанай нiмфы

 
* * *

Бог кепскi
робiць мне бязладзьдзе на стале
Ня маю попелкi
Зьнiкла ў мяне жаданьне лiчыць яго ўвесь час
за добрага
Yesterday I was coming to decisions
Today I am all the time completely undecided
I can’t overcome it
It is a hard day

У ёй

На Бледзкiм возеры на абтоку
стаiць бажнiца
можна там выказаць тры жаданьнi
я маю адно жаданьне але каб тройчы

Гэтую показку апавядала мне Сэнта Парачак
у нямецкай рэстарацыi „Heureka“
насупраць лекарскага аддзяленьня

Яе сястра Мiлча была нашмат харошшая
Старая Парачкава была добраю мацерай
ведала пра нашыя шаленствы
дзiця павiннае бавiцца
Мiлча аголеная пры печцы ў маiм пакоi
Толькi так яна стаяла
Я чытаў ёй нямецкiя пераклады сваiх вершаў
бо яна была немкаю
Немец
Я б хацеў быць немцам i нiколi не прачнуцца

Дэман зьмены для зьмены

The most beautiful painting is called kitsch
after a german painter who painted rosariums
he was known in Prague
Напару мы мусiм маляваць падлу й вадзяныя пухлiны
але час мiндальных i малочных Афрадыт вернецца
as a matter of fact it is already on the bridge.

З тому „Pomocnб љkola Bixley“

 
Прадмова й пераклад з чэскай Юрася Бушлякова.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList