Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

Балканы


Кшыштаф Чыжэўскi
Косаўскiя варыяцыi


Кшыштаф Чыжэўскi, падарожнiк па Сярэдняй Эўропе, польскi культурны дзеяч. Галоўны рэдактар часопiса „Краснагруда", што выдаецца ў Сэйнах, вялiкi сябар Беларусi. Апошнiя ягоныя публiкацыi на беларускай мове - „Вяртаньне Сярэдняй Эўропы" („Фрагмэнты", 1/1998), „Комплекс Атлянтыды, або Сярэдняя Эўропа пасьля канца сьвету" (ARCHE-Парнаграфiя). Гэты тэкст перададзены ў рэдакцыю аўтарам.

Вось i мяжа Македонii. Далей iсьцi нельга. З узвышша, на якiм спыняюся, адкрываюцца мне неаглядныя замглёныя разлогi Косава — краiны, iмя якой далi волялюбныя чорныя птахi. Прынамсi, так мне патлумачыў Агiм Чаўдарбаша, разьбяр. Аднак на ягоных птахах, што паселi проста на траве пасярод саду ў вёсцы Джаглавiцы, аточанай блiзкiм суседзтвам сэрбскiх сялібаў, яскрава-белых, былi шорсткiя плямы. У iх мармуровападобную паверхню ўядалiся путы, нябачныя здалёк i адрозныя ня столькi нават колерам, колькi фактурай матэрыялу. Толькi дакрануўшыся, можна было зразумець, чаму нiводзiн зь iх ня меў сапраўдных крылаў i не iмкнуўся лётаць. Шорсткасьць надавала белi iншае адценьне, што прыцiскала волю надмерным цяжарам.

Тады, стоячы на мяжы, я нiбыта кранаўся белых драздоў Агiма — нашая эўрапейская надзея, вера, любоў, вольнасьць, роўнасьць i братэрства пакiдалi гэтае сьмяротнае нябачнае ўвязьненьне. Быў сакавiк 99-га. Iржавы змрок клаўся мутным ападкам на дно краiны, аточанай з усiх бакоў пасмамi гор, — нiбыта ў закураны казан Сыбiлы, гледзячы ў якi, яна вяшчуе нядобрае. Косава прыцiскала душу да самае зямлi. Апошнiя птахi, сьцятыя змрокам непазьбежнасьцi, западалi ў адхланьне сьмяротнага сну, зь якога наўрад цi былi здольныя абудзiцца.

Цераз далiну цугам цягнулiся ўцекачы. Выходзiлi ўсе тыя, хто прыехаў сюды са сьвету, каб спынiць анёла сьмерцi. Яны знаходзiлiся ў Косаве з кастрычнiка мiнулага году, калi пасьля чарговае крывавае акцыi супраць альбанскага насельнiцтва непадалёк Дрэнiцы, адкрытае журналiстамi Reuter, NATO пачало пагражаць налётамi, а Рычард Голбрук дамаўляўся зь Мiлошавiчам пра вывад сэрбскiх войскаў i вяртаньне выгнаных, за чым мелiся сачыць каля дзьвюх тысячаў мiжнародных прадстаўнiкоў. Я бачыў iх твары зблiзку, з узбочыны шашы — твары наглядальнiкаў АБСЭ, дактароў, журналiстаў, дзеячаў гуманiтарных арганiзацыяў i абаронцаў правоў чалавека. Усе яны зьбянтэжана апускалi вочы, прадчуваючы хуткую навальнiцу, што павiнна была вось-вось абрынуцца на пакiнуты iмi край, на якi паволi спускалася цемра, крынiца якой, вiдаць, забруiла сёньня тут, у Косаве. Я мог уцякаць.

На аэрадроме ў Скоп’i панаваў жахлiвы тлум i панiка. Зарэзэрваваныя квiткi яшчэ не гарантавалi месца ў самалёце. На шчасьце, мой маршрут быў зь перасадкамi — мусiў пасьпець у Вене на самалёт да Будапэшту, таму мяне пасадзiлi без чаргi… Да аўтобуса, напханага пасажырамi, як бочка селядцамi, што меўся ўжо рушыць у бок самалёта, нечакана падышоў нейкi начальнiк у цёмных акулярах i, тыцнуўшы пальцам у двух гаротнiкаў, загадаў: „Вы i вы — на выхад…“


Лячу над Косавам. Эўрапеец, якi ўцякае. Хутка ўжо ўсё будзе добра, на Шыпалi я ведаю кожны заканурак, пайду вып’ю добрую венскую каву, спакойна, нясьпешна, культурна…

Унiзе блiзка сарака тысячаў сэрбскiх жаўнераў наблiжаюцца з поўначы да межаў Косава. Iзноў надышоў час генэрала Раткі Младзiча, арганiзатара этнiчных чыстак у Босьнii, i Аркана, кiраўнiка парамiлiтарных атрадаў. Хiба два днi мiнула, як мiрная канфэрэнцыя ў Рамбуе i Парыжы скончылася поўным фiяска — падрыхтаванае пагадненьне падпiсаў толькi альбанскi бок. Голбрук яшчэ паляцiць у Бялград, будзе пужаць налётамi, але ня здолее ўжо спынiць распрацаванае сэрбскiмi камандзiрамi апэрацыi „Падкова“, якая павiнна была стацца, урэшце, „апошнiм вырашэньнем“ косаўскае праблемы, у аснове якой ляжала б ня столькi пытаньне ўцiску тых цi iншых правоў альбанцаў або iх дыскрымiнацыi, колькi „прынцыповая зьмена этнiчнае структуры спрадвечных сэрбскiх земляў“. Праз 4 днi, 24 сакавiка, калi на Югаславiю ўпадуць першыя бомбы NATO, сэрбскае наступленьне, у вынiку якога дзясяткi тысячаў касавараў стануцца выгнаньнiкамi з уласных сялібаў, ужо разгорнецца на поўную сiлу. Сьвет будзе гаварыць пра пачатак вайны, аднак для сэрбаў i косаўскiх альбанцаў вайна толькi ўвайшла ў новую фазу. I тыя, i другiя выбралi вайну нашмат раней.

Мiлошавiч яшчэ ў кастрычнiку 1991 году, на канфэрэнцыi ў Гаазе, адхiлiў прапанову лорда Карынгтана даць сэрбам, што жывуць у Харватыi i Босьнii, шырокiя правы, аж да магчымасьцi мець асобны парлямэнт i падвойнае грамадзянства. Адхiлiў, бо ведаў, што ў адказ на гэта ад яго будуць вымагаць наданьня гэткiх самых правоў i косаўскiм альбанцам. Прынцып, якi называлi „ККК“ (Kraina Kao Kosovo), яго не цiкавiў. Мiлошавiч быў гатовы ахвяраваць сэрбамi з Харвацкае Краiны, каб вырашыць праблему Косава паводле ўласнага пляну. Першым крокам сталася ўсталяваньне ў Косаве апартэiду, якi, з-за апартунiзму палiтыкаў, колькi год i Эўропа, i большасьць асяродкаў сэрбскае апазыцыi недаацэньвалi i ня бачылi. За некалькi месяцаў, пачынаючы зь лiпеня 1990 году, 90% альбанцаў былi звольненыя з працы ў дзяржсэктары. У наступным годзе са школаў i ВНУ выдалiлi каля 45 тысячаў альбанскiх выкладчыкаў i студэнтаў. Мiжнародныя арганiзацыi паведамлялi пра самыя жахлiвыя ў Эўропе парушэньнi правоў чалавека, аднак нiхто не хацеў гэтага слухаць. Апублiкаваны ў Брусэлi рапарт Канфэрэнцыi Вольных Прафэсiйных Сувязяў аж у 1993-м сьцьвярджаў, што „масавая этнiчная чыстка ў косаўскiх iнстытутах яшчэ раз пацьвярджае, што яе мэтай ёсьць не этнiчная дыскрымiнацыя на розных узроўнях, а радыкальная зьмена нацыянальнае структуры Косава“. Выглядае так, што Мiлошавiч толькi чакаў адпаведнага моманту. Ён прагнуў канфрантацыi, а не дыялёгу i супрацоўнiцтва. Адным зь першых ягоных крокаў супраць югаслаўскае элiты была атака на палiтыкаў праюгаслаўскае арыентацыi — такiх, як Азэн Власкi ды Махмут Бакальлi.

Разам з тым рэжыму ў Бялградзе выразна не падабалiся паводзiны косаўскiх альбанцаў, што пасьля 1989 году канчаткова страцiлi веру ў даўнейшых дзеячаў камунiстычнае фармацыi, якiх зьмянiла маладая iнтэлiгенцыя, згуртаваная ў такiя арганiзацыi, як Таварыства Фiлёзафаў i Сацыёлягаў Косава або Таварыства Пiсьменьнiкаў Косава, якiм кiраваў Iбрагiм Ругова. Iх першым манiфэстам сталася пэтыцыя „За дэмакратыю супраць гвалту“, складзеная ў духу поглядаў Гандзi. Падтрыманыя грамадзтвам, яны ў сьнежнi 1998 году ствараюць уласную палiтычную партыю — Дэмакратычную Лiгу Косава, кiраўнiком якой стаўся Ругова. У 1991 годзе, праз год пасьля таго, як Мiлошавiч пазбавiў Косава аўтаномii i распусьцiў косаўскi парлямэнт, альбанцы абвяшчаюць Косава рэспублiкай (прызнае яе толькi Альбанiя), а яшчэ праз год пераважнай большасьцю галасоў выбiраюць сваiм прэзыдэнтам Iбрагiма Ругову. Так Косава крок за крокам iшло да незалежнасьцi абсалютна мiрным шляхам. Уцiск з боку бялградзкiх уладаў вымагаў ад альбанцаў надзвычайнае самаарганiзацыi, аж да ўтварэньня падпольнае дзяржавы з уласным урадам, сыстэмай адукацыi, абароны, аховы здароўя i г. д., фiнансаванай з т. зв. „падатку на незалежнасьць“ (3 % ад месячнага прыбытку), якi згадзiлася сплочваць на карысьць Косава альбанская дыяспара. Дзякуючы ўсяму гэтаму, яны здолелi добра прыстасавацца да функцыяваньня ва ўмовах вольнага рынку, прыватнага прадпрымальнiцтва i самакiраваньня. Як гэта ні дзiўна, але сэрбы, якiя, здавалася б, мелi доступ да „кармушкi“, зрабiлiся закладнiкамi дзяржаўнае галоты i карупцыi, што яскрава выявiлася пад час дасьледаваньня маёмаснага стану жыхароў Косава. Гэтая акалiчнасьць таксама дадала жару ў агонь сэрбска-альбанскiх узаемаадносiнаў, i без таго напружаных. Яшчэ адной балючай праблемай былi сэрбскiя ўцекачы з Босьнii i Краiны, якiх улады не пускалi ў Бялград i якiм адмаўлялi ў югаслаўскiм грамадзянстве, сiлком прымушаючы асядаць у Косаве. Адной зь першых акцыяў, якiмi альбанскi партызанскi рух засьведчыў сваё iснаваньне, сталася мiнаваньне будынка ў Прызрэне, прызначанага для сэрбскiх уцекачоў з Краiны.

Ругову ўсё цяжэй i цяжэй было трываць паўсюдныя парушэньнi i прытрымлiвацца абранае палiтыкi пасіўнага супрацiву. Мiлошавiч, якi нiколi больш ня пойдзе на такое поўнае парушэньне грамадзянскiх правоў, як у 1990 годзе ў Косаве, трымаўся пры ўладзе дзякуючы каалiцыям, у чым яму пэўным чынам дапамагала стратэгiя альбанскiх лiдэраў, якiя, байкатуючы агульнасэрбскiя выбары, кожны раз аддавалi прыхiльнiкам Мiлошавiча 40 месцаў у парлямэнце, якiх хапiла б, каб скiнуць яго. Iншая справа, што ў сэрбскае апазыцыi нiколi нават думкi не ўзьнiкала пра дыялёг з альбанцамi, дыялёг, празь якi яны маглi б разам дамагчыся зьмены ўлады ў Югаславii.

Калi ў 1996 годзе распачынае актыўныя дзеяньнi Армiя Вызваленьня Косава (UИK), Мiлошавiч знаходзiць магчымасьць выкарыстаць i яе — прынамсi, яна была нашмат больш „выгодным“ партнэрам для ажыцьцяўленьня ягоных косаўскiх плянаў, чым пацыфiст Ругова. UИK (Ushtria иlirimtare e Kosovd’s), увогуле, утварылася яшчэ напрыканцы 1992 году, аднак доўга нiхто ня верыў у ейнае iснаваньне, былi нават размовы пра тое, што гэта сэрбская правакацыя. Упершыню касавары пабачылi яе байцоў у форме на пахаваньнi настаўнiка, забiтага сэрбскай палiцыяй у вёсцы Лаўшэ ў 1997 годзе. Пачутыя ад iх словы пасьля доўга гучалi ў вушах: „Мы будзем змагацца, покуль апошнi сэрбскi палiцянт i жаўнер ня сыдзе адсюль“. Можна шмат казаць пра мааiсцкую iдэалёгiю, што ляжала ў аснове гэтага руху або пра сувязь з мафiяй i з сумнеўным бiзнэсам. Але часы зьмянялiся, а разам зь iмi зьмянялiся ўладныя арганiзацыi i структура iх складнiкаў, зьмяняўся кантэкст, у якiм яны дзейнiчалi. Для жыхароў Косава, якiя пад канец 90-х канчаткова ўпэўнiлiся, што палiтыка, якую вядзе Ругова, не дае нiякага плёну, а ўцiск з боку Бялграду ўсё мацнее, партызаны UИK здалiся абаронцамi i зьдзяйсьненьнем мараў пра незалежнасьць. Час канфрантацыi наблiжаўся паскоранымi тэмпамi.


Калi ўвесну 1997 году пачалiся хваляваньнi ў Альбанii, што спрычынiлiся да распаўзаньня анархii па ўсiм краi, у Косава трапiлi дзясяткi тысяч адзiнак узбраеньня, скрадзенага з палiцэйскiх i вайсковых сховiшчаў. Узбраеньне тое было, праўда, дрэннае якасьцi, аднак зь iм партызаны сталi пачувацца нашмат больш упэўнена. Тым часам у сьнежнi таго ж году сэрбскi генэрал Мамчыла Пэрышыч распачынае буйнамаштабную вайсковую апэрацыю ў Косаве. Пераломным стае люты 1998-га, калi ў адказ на забойства байцамi UИK двух палiцыянтаў сэрбы зьнiшчылi каля дваццацi вёсак у раёне Дрэнiцы i пакiнулi па сабе больш за сто ахвяраў, у асноўным старых, жанчынаў i дзяцей.

Цi можна было ўжо тады казаць пра пачатак вайны? Калi кiравацца выслоўем „Вайна пачалася ў Косаве, у Косаве i скончыцца“, дык вайна пачалася яшчэ ў 1980 годзе, пад час травеньскiх манiфэстацыяў, крывава задушаных палiцыяй, на якiх касавары патрабавалi для свайго краю статусу паўнавартаснае рэспублiкi. Такiм чынам, у пэўным сэнсе, Косава яшчэ з тых часоў знаходзiлася ў стане вайны, якая ў лютым 98-га, бясспрэчна, увайшла ў новую фазу. Калi фармаваньнi UИK пры канцы 1997-га налiчвалi толькi 300 ваяроў, дык пасьля падзеяў у Дрэнiцы iх колькасьць вырасла да 15 тысячаў. Узмоцненая гэткiм чынам UИK за пяць месяцаў вызвалiла каля 30% тэрыторыi рэспублiкi. У лiпенi распачалося вялiкае наступленьне сэрбскiх войскаў. Мiжнародная Фэдэрацыя Правоў Чалавека з трывогаю сыгналiзавала пра тое, што больш за 100 тысячаў альбанцаў мусiлi пакiнуць свае хаты. Улады Чарнагорыi, якiя прынялi каля 40 тысячаў бежанцаў, iнфармавалi, што больш пратрымаць ня здольныя i замыкаюць мяжу. Рапарт арганiзацыi „Дактары бязь межаў“ iнфармаваў пра „шматлiкiя выпадкi масавых экзэкуцыяў, адсечаныя галовы, вырваныя вочы, масавыя пахаваньнi“. Зразумела, былi ахвяры i з сэрбскага боку, гiнулi цыганы i гаранцы (славяне мусульманскага веравызнаньня), аднак суадносiць гэтую лiчбу з колькасьцю забiтых альбанцаў можна было бадай што толькi ў дрэнiцкай прапорцыi. Журналiстаў у край ня вельмi дапускалi, няшмат iнфармацыi даходзiла да грамадзкае думкi, а адсутнасьць тэлевiзiйных сюжэтаў на заходнiх тэлеканалах яшчэ раз сьведчыла, што палiтыкi ня лiчаць косаўскую праблему надта ўжо вартай увагi. Менавiта верасьнёўская вандроўка журналiстаў Reuter у ваколiцы Дрэнiцы i адкрыцьцё iмi новых фактаў масавага тэрору выклiкала актывiзацыю мiжнароднае супольнасьцi i нават на нейкi час адцягнула яе ўвагу ад узброенае барацьбы. Але яшчэ пад Каляды таго году сэрбы распачалi наступленьне ў раёне Падуева, што на поўначы Косава. Бялград казаў пра „лякальную апэрацыю, якая мае на мэце захоп забойцы сэрбскага палiцыянта“, на што шэф мiсii назiральнiкаў АБСЭ заўважыў зьедлiва: „Нiколi ня думаў, што для пошуку крымiнальнiкаў патрэбныя танкi“. Мiжнародны Чырвоны Крыж паведамiў, што ў вынiку гэтае апэрацыi каля 6 тысячаў альбанцаў зрабiлiся ўцекачамi. Паводле афiцыйнае статыстыкi, колькасьць касавараў, выгнаных са сваiх хат, за 1998 год склала 300 тысячаў.

Так, гэтая вайна пачалася не тады, калi NATO скiнула першыя бомбы на Югаславiю. На час майго паветранага падарожжа над Косавам ужо не было iншае магчымасьцi стрымаць армiю, што рухалася там, унiзе, армiю, якой кiравалi найлепшыя ў Эўропе спэцыялiсты па этнiчных чыстках. Адначасова было ўжо занадта позна баранiць альбанцаў ад тэрору i выгнаньня. Зараз даводзiцца плацiць за косаўскую летаргiю мiжнароднае супольнасьцi, за трагiчную, паводле вынiкаў, бесклапотнасьць аўтараў Дэйтанскiх мiрных пагадненьняў, што наагул праiгнаравалi праблему Косава, не падрыхтаваўшы для яе анiякага вырашэньня. А гэта быў, можа, апошнi момант, калi можна было прадухiлiць катастрофу. Ледзьве ня ўсе яе прадчувалi, i ледзьве ня ўсе выявiлiся бясьсiлымi.

Тады, калi я назiраў з самалёта за маленечкiмi танкамi ўнiзе, што рухалiся ўздоўж белае рыскi дарогi, згадаўся мне адзiн дзiцячы сон, якi часта паўтараўся, нязьменна выклiкаючы прадчуваньне нейкае катастрофы, што адбываецца побач, за танюткай мяжой сьвету нашых гульняў. Найбольшы страх выклiкала ня тое, што мелася быць, а наблiжэньне чагосьцi змрочнага, што мела свой вiбруючы гук i пакiдала саладкаваты прысмак на вуснах. Зараз штосьцi падобнае, непазьбежнае, канцэнтравалася на паўночных межах Косава. Згадвалiся мне разнастайныя дыскусii, на якiх вялося пра вышэйшасьць аднаго народа за iншы, пра мэгаляманiю нашае цывiлiзацыi, пра заклятую ману ў мiтах, культуры i палiтыцы, пра пачынаньнi дзеля ўласнага iнтарэсу, пра баязьлiвае ўнiканьне ды iнтэлiгенцкiя адгаворкi — пра ўсё, што адцягвае ўвагу ад супастаўленьня сябе з рэальнасьцю, такой, якой яна ёсьць. Усё гэта я ўсьведамляў пад час размоваў са знаёмымi, спатканьняў i роздумаў. Тады яно ставала звычайным элемэнтам падарожжа i жыцьця на памежжы, але сапраўдную сваю сутнасьць — атрутную, непазьбежную, сканцэнтраваную ў тым войску ўнiзе, ужо падрыхтаваным iдэалягiчна i эмацыйна да сканчэньня экстэрмiнацыi суседняга народу, — яно выявiла толькi зараз. Я быў уражаны, я сьнiў у самалёце жудасны дзiцячы сон, якi ўжо ня быў сном. Ва ўсякiм разе, з таго, у што мы гулялi ў Эўропе, атрымалася катастрофа.

Думаў я, канечне, i пра сэрбаў, пра югаславаў, якiх ведаў добра, часта бываючы ў iх. Згадваўся адразу рух рукi, з маху выкiданае зьнiзу ўверх перад аблiччам, якi так часта дэманстраваўся пад час размовы i мусiў падкрэсьлiваць як iх упэўненасьць у сваёй рацыi, так i жаданьне адным махам скасаваць усе акалiчнасьцi i камплiкацыi, з гэнай рацыяй зьвязаныя, пра iснаваньне якiх яны самi здагадвалiся. Згадваўся i выраз ne ma problema, якi яны паўтаралi вельмi часта, як запэўненьне, што яны ня маюць нiчога агульнага з палiтыкай — i гэта павiнна было вызваляць ад адказнасьцi, — i яшчэ тое, што любую нязгоду або крытыку, скiраваную нават у бок прэзыдэнта, зь якiм часта яны самi не згаджалiся, яны ўспрымалi як асабiстую, няздольныя ўзгоднiць сябе з пакрыўджанай народнай душой; i яшчэ воклiчы высакародных абаронцаў дэмакратычных выбараў у Бялградзе, якiя яны кiдалi ў бок палiцыянтаў: „Ня нас бiце, iдзiце ў Косава бiць!“; i яшчэ выказваньнi пра альбанскiх кабетаў, як пра „машынкi дзеля вытворчасьцi дзяцей“, што сустракаюцца ў найлепшых лiтаратурных часопiсах; i яшчэ перакананьне ва ўласнай цывiлiзацыйнай вышэйшасьцi, бо каб не яны, сэрбы, дык альбанцы да сёньня пасьвiлi б авечкi ў гарах… Югаславiя працягнула iм руку, дапамагла, а яны, няўдзячныя, цяпер прагнуць незалежнасьцi (якраз у гэты момант робiцца той жэст, хуткi, каб своечасова адштурхнуць магчымыя заўвагi пра тысячы ахвяраў, якiх тая „працягнутая рука“ каштавала, пра гвалтоўнае далучэньне альбанцаў — якiх нiхто не пытаўся, жадаюць яны гэтага цi не, — да югаслаўскае фэдэрацыi).

Косава спакон веку было праклёнам для сэрбаў. Яно стрымлiвала ўсталяваньне дэмакратыi, якая — гарантаваўшы грамадзянскiя свабоды i вольныя выбары — магла выклiкаць страту правiнцыi, на 90% заселенай альбанцамi, яно ўзмацняла дыктатарскую ўладу, мацавала агрэсiю нацыяналiстаў i, урэшце, прывяло вайну, якая раней была дзесьцi далёка — у Славенii, Харватыi, Босьнii i Герцэговiне — на парог iх уласнае хаты: ажно ў Бялград i iншыя сэрбскiя гарады. Зь iншага боку, гэты пэрыфэрыйны рэгiён, абцяжараны значным багажом народнае мiталёгii, у калектыўнай сьвядомасьцi паўставаў адным з духоўных цэнтраў. Цi маглi сэрбы яго адрачыся? А цi маглi палякi адрачыся Вiльнi й Львова? Гэта было нялёгка. Каб ня даць замкнуць сябе ў нацыянальным мiталягiчным гета, каб пасьпець за зьменлiвай рэальнасьцю i не сфальсыфiкаваць яе, была патрэбная вялiкая пранiклiвасьць, уменьне далёка бачыць i адвага, бо дзеля зьнiшчэньня комплексу „нацыянальнае здрады“ патрэбнае было такое асяродзьдзе, кшталту парыскае Kultury, якога сэрбы ня мелi i ня маюць.

Я разважаў пра тое, як цяжка часам абстрагавацца ад калектыўных настрояў, асаблiва ў крызысную для народу часiну. Згадвалiся Мір’яна Мяцiнавiч, Iван Чалавiця i некаторыя iншыя бялградцы, якiя здолелi захаваць унутраную незалежнасьць, плацячы за гэта дарагую цану iзаляцыi i цярпеньня. Бо ўсе мы нiбыта розныя i грэх было б абагульняць, ажно тут раптам сорак тысячаў iндывiдаў апынаюцца ў адным войску, пад адзiным камандаваньнем — дзеля агульнае справы, якую маюць супольна зрабiць, — цi мае тады нейкае значэньне тое, што адны ад другiх чымсьцi адрозьнiваюцца? Нацыяналiзм ёсьць шаленствам як супольнасьцi, так i iндывiдаў — перасьцерагаў Данiла Кiш. Адасобленасьць ды iндывiдуалiзм яшчэ ад яго не ратуюць. Ён стварае „бачнасьць iндывiдуальнасьцi“, „iндывiдуалiстаў без iндывiдуальнасьцi“. Ён лёгка чапляецца таксама i да тых, хто ня лiчыць сябе нацыяналiстам i ставiцца да яго пасыўна, хто страчвае пiльнасьць разам з самакрытычнасьцю i сумненьнямi ва ўласнай рацыi. Адваяваная ў штодзённым жыцьцi — у тым казане, дзе гатуецца прапаганда нянавiсьцi, нацыянальнага турба-фольку, культу патрыятычных мiтаў i племянных герояў, — непрыналежнасьць зьяўляецца тым мiнiмумам, якi нас перасьцерагае ад дэмана нацыяналiзму.

Данiла Кiш— сэрбскi i эўрапейскi пiсьменьнiк. Ягоныя кнiжкi маюць значэньне для нас сёньня не таму, што тычацца Югаславii, дзе пасьля яго сьмерцi выбухнула вайна, а, хутчэй, з тае прычыны, што яны пра нас, эўрапейцаў. Разважаючы пра сэрбаў, я ўвогуле ня маю адчуваньня, што краiна, якую яны насяляюць, шмат чым адрозьнiваецца ад тае, у якой мне давялося жыць, у якую я ўцякаў тады самалётам. Праўда, мы разьмежаваныя памiж сабой — бязь вiзы да iх не патрапiш, а яе цяжка дастаць. (Югаславiя — адна з рэдкiх краiнаў Эўропы, што трымае вiзавы рэжым.) Дый тыя, хто жыве ў Польшчы, Вене цi Эўрапейскiм Зьвязе, зусiм не пазбаўленыя тых складнiкаў, якiмi яны прыпраўлялi сваю сьмяротна небясьпечную выбуховую сумесь. Наш характэрны жэст на першы погляд iншы — спакойна выцягненая перад сабой рука, якая нiбыта iмкнецца штосьцi фамiльярна паляпаць, упэўненая ў сваёй рацыi, аж покуль не адчуе мяжы, краю прасторы, за якую ня можа заходзiць, бо тая адразу ж стае прасторай пагрозы. Тады рука хуценька адсоўваецца i, як звар’яцелы камэртон, вымахвае ў абодва бакi, з усяе моцы намагаючыся абаранiцца ад чагосьцi, што магло б з тае цёмнае безданi выпаўзьцi. Мы таксама маем сваё бесклапотнае no problem, дакладней, take it easy. Маем ледзьве прыхаваную пыху цывiлiзацыйнае мяжы, часам з расiзмам, што выяўляецца, напрыклад, у стаўленьнi да цыганоў. Маем нацыяналiзм — кшталту згаданага Кiшам сартраўскага тыпу, мсье Жуля, якi — закаханы ва ўласны „францускi“ статачак — шторазу бялее ў кавярнi, калi замаўляюць ангельскую гарбату, i менавiта дзякуючы гэтай уласьцiвасьцi мсье Жуль стае кiмсьцi, набывае iндывiдуальнасьць… Гэткiх тыпаў дастаткова ня толькi на Балканах.

Iснуе гiпотэза, нiбыта ўсё тое, што адбываецца напрыканцы ХХ стагодзьдзя ў краiнах былой Югаславii, ёсьць праявай схаваных гiстарычных працэсаў, якiя тут адбываюцца са спазьненьнем, прасьцей кажучы, ёсьць звычайным анахранiзмам для ўсяе астатняе Эўропы. Мне асабiста нашмат больш пераканальнай падаецца думка Ральфа Дагрэндорфа, успадкаваная iм ад свайго настаўнiка, Эрнэста Гельнэра, выбiтнага дасьледчыка праяваў нацыяналiзму ў гiсторыi чалавецтва. Дык вось, Гельнэр перад самай сьмерцю меў сказаць свайму вучню, што „тое, што робiцца зараз на Балканах, — зьява цалкам сучасная. Гэтых людзей мабiлiзавалi пазбаўленыя згрызотаў сумленьня правадыры, што iграюць на адрозьненьнях, у якiх самi людзi дрэнна разумеюцца“.

Эўрапейцы складаюцца са шматлiкiх нагрувашчаных адна на адну слаявiнаў, хутказапальных i мiтатворчых, здольных у любы момант актывiзавацца, дзякуючы правадыру, кшталту Мiлошавiча. Гэтаму спрыяе грамадзкая культура, якая — пры дапамозе лягiчнае формулы take it easy — культывуе нашыя спрадвечныя чалавечыя слабасьцi, а на любую спробу змаганьня з унутранымi хiбамi чапляе эпiтэт „заангажаванасьць“, што напрыканцы стагодзьдзя набыў пэяратыўнае адценьне.

Наiўным з майго боку было б спадзявацца, што, па ўрэгуляваньнi на Шыпалі, усё стане на свае месцы. Здавалася б, нiчога не адбываецца, i я магу спакойна напiцца венскай, але гэта была толькi бачнасьць спакою. Я адчуваў падсподны непакой, якi ўвесь час павялiчваўся. Вось-вось пачнецца. Празь некалькi дзён газэты пачнуць паведамляць пра новую вайну i на экранах тэлевiзараў мы будзем бачыць начныя налёты на Югаславiю. Людзкiя галовы апануе жудасная блытанiна. З аднаго боку, гэтая iмклiвая вайскова-паветраная акцыя занадта агрэсiўная, нiбыта хтосьцi намагаецца рашучымi дзеяньнямi заглушыць сваю запозьненасьць, сваю ранейшую крывадушнасьць, што дазваляла заплюшчваць вочы на злачынствы дыктатара, цэлае лета весьцi зь iм перамовы, прымаючы на веру ўсе ягоныя хлусьлiвыя абяцаньнi.

Зь iншага боку, ня менш гучная антыамэрыканская гiстэрыя значнае часткi эўрапейскае iнтэлiгенцыi, якая — у сваёй слабасьцi i разгубленасьцi, мармычучы штосьцi пра пацыфiзм i патрэбу перамоваў, пра юрыдычныя працэдуры i адмаўленьне гвалту, а насамрэч проста ня здольная зьмiрыцца зь вiдавочным i яшчэ менш здольная выпрацаваць канкрэтныя прапазыцыi шляхоў вырашэньня праблемы, якая, дарэчы, у ейным арганiзьме i нарадзiлася — знайшла сабе ахвярнага казла ў вобразе NATO i злосных амэрыканцаў. Ня ўсе на гэта паддалiся, усьведамляючы, што калi Эўропа сама ня вырвецца са сваёй летаргii, у якую заглыбiлася яшчэ за часоў вайны ў Босьнii, а таксама з заклятага маастрыхцкага кола i з-пад дыктату эўра, калi не пачне браць у свае рукi справы ўсяго кантынэнту, выпрацоўваць уласныя антыцелы супраць такiх зьяваў, як этнiчныя чысткi на Балканах, надыдзе хаос i спынiцца працэс яднаньня. „Мы паставiлi Маастрыхт вышэй за Сараева. Цяпер сплочваем даўгi“, — пiсаў пад час бамбаваньняў Тымацi Гартан Эш.

З пачаткам налётаў NATO на Югаславiю пачалiся размовы пра вайну ў абарону правоў чалавека, першую гэткага кшталту ў гiсторыi, якая сьведчыць пра хуткi надыход лепшых часоў у новым тысячагодзьдзi. Старажытныя рымляне казалi: Si vis pacem, para bellum (Калi хочаш мiру, рыхтуйся да вайны). Тады гэта азначала ўзмацненьне ўласнае абароны, сёньня — вайсковую iнтэрвэнцыю супраць iншае сувэрэннае дзяржавы. Гэтая новая вайна ня мела iншых iнтарэсаў, акрамя ўсталяваньня спакою, спыненьня забойстваў i вяртаньня дадому ўцекачоў. Але яна мела адразу некалькi плянаў зьместу, сярод якiх нам нялёгка зарыентавацца. Абвешчаная вайна Мiлошавiчу покуль прайграная, бо ён застаўся пры ўладзе. Сэрбы ж, якiя ад пачатку налётаў мелi ахвяры сярод цывiльнага насельнiцтва, заўжды ўспрымалi гэтую вайну, як скiраваную супраць свайго народу. Сэрбскiя тэатральныя рэжысэры, што ставiлi калiсьцi творы Вацлава Гаўла, напiсалi яму: „Што мы такога зрабiлi табе, што на нас кiдаюць бомбы?“ У адказ пачулi: „Нiчога не зрабiлi, але ваш рэжым катуе вашых суайчыньнiкаў. А калi ён робiць гэта з альбанцамi, значыць робiць i са мной. Вось галоўная прычына: калi нехта паранены, я паранены таксама. Гэта падставовы прынцып людзкое салiдарнасьцi, што сягае церазь межы дзяржаваў i рэгiёнаў“. Цi зразумелi яны адказ прэзыдэнта Чэхii?

А касавары цi разумелi, што адбываецца, цi разумелi, што гэтая вайна вядзецца за правы чалавека? Гучыць досыць абстрактна, як у эўрапейскiх дыпляматычных салёнах. Там, у гарах, вайна iшла за Косава, за вольнасьць. Можа, гэта тое самае, што i правы чалавека? Можа, сьвет ваюе за Косава? Калi б гэта было так, дык усьлед за налётамi рушылi б i наземныя войскi, вызваляючы правiнцыi. Тымчасам пачалося бамбаваньне сэрбскiх гарадоў…

Адразу пасьля ўзяцьця сэрбамi ў палон трох амэрыканскiх жаўнераў мы пачулi пра адзiн з найгалоўных прыярытэтаў вайны за правы чалавека: перш за ўсё дбаць пра ўласную скуру. „Гэта мэнтальнасьць пакаленьня, якое хацела б мець прынцыпы, аднак ня здольнае аплочваць iх iснаваньне, — такую характарыстыку пад час вайны даў пакаленьню Бiла Клiнтана Джордж Сорас. — Калi прынцыпы i асабiстыя зацiкаўленьнi супярэчаць, перамагаюць асабiстыя зацiкаўленьнi“.

Праціўнікі гэтай вайны аргумэнтуюць сваю пазыцыю тым, што курдаў ці тыбэтцаў міжнародная супольнасьць гэткім чынам не абараняла, але мяне гэткія аргумэнты не пераконваюць. Калі некага хвалюе лёс курдаў, ён павінен рабіць усё, каб умяшаньне ў Косаве мела посьпех. „Што было, тое было“, але не „хай усё будзе, як ёсьць“. Хай сабе i столькi. Хай сабе i ў Косаве.

Яшчэ адной праблемай стае акрэсьленасьць мэтаў i прынцыпаў, за якiя iдзе змаганьне. Зараз Эўропа гэткае акрэсьленасьцi ня мае. Больш за тое, сёньня аналiз падзеяў рэдка грунтуецца на маральных прынцыпах, ад якiх мацнеюць гiстарычныя сувязi i адчуваньне прыналежнасьцi да аднае культурнае i гiстарычнае супольнасьцi. У такой сытуацыi нашмат цяжэй кiнуцца ў бойку за свабоду Косава, як калiсьцi лорд Байран кiнуўся ў бойку за свабоду суседняе Грэцыi. Гэта адбывалася на пачатку ХIХ стагодзьдзя, а грэкi былi першым народам на Балканах, якi ў гэткай барацьбе перамог. Пад час тае вайны выявiлася вялiкая эўрапейская салiдарнасьць. Байран, даведаўшыся пра вынiшчэньне туркамi грэцкiх паўстанцаў, разам з сотнямi iншых добраахвотнiкаў з Эўропы рушыў у Грэцыю. Канечне, некаторыя бачылi ва ўсiм гэтым звычайную барацьбу хрысьцiянаў з мусульманамi; канечне, клефты, што сталiся галоўнай сiлай паўстаньня, больш нагадвалi звычайных рабаўнiкоў, чымся рамантызаваных герояў Старажытнае Эляды; канечне, Мэтэрнiх лiчыў грэцкiх паўстанцаў небясьпечнымi экстрэмiстамi i пагрозай для спакою Эўропы, а ў Вене ў 1822 годзе, пад час кангрэсу эўрапейскiх манархаў, якi ён узначальваў, не захацеў нават даць аўдыенцыi грэцкаму паслу, што прыехаў прасiць дапамогi; усё гэта, аднак, не пазбаўляла Байрана веры, што ён змагаецца i памiрае за слушную справу, за свабоду i незалежнасьць краю, большасьць жыхароў якога жадалi яе ўсiм сэрцам. У сёньняшняй Эўропе няшмат знойдзецца сьмелых, здольных узьняць пытаньне пра „свабоду“ i „незалежнасьць“ для Косава. Затое шмат хто разважае пра стабiльнасьць у рэгiёне, непарушнасьць iснага status quo, пагрозу з боку альбанскiх экстрэмiстаў… Зьяўляюцца дыпляматычныя хiтрыкi, маўчаньнi, завуаляваныя выказваньнi. Зьяўляецца Kosovo Correctness, новая культура мяжы.

Я ўцякаў ад Косава з самае мяжы Македонii, разам зь iншымi, якiя адводзiлi вочы. Я ўцякаў зь месца, дзе бруiла крынiца цемры. I куды б я ні пайшоў, яна апыналася перада мной. Не было куды ўцякаць. Нават калi я засынаў — ужо ў хаце — перад вачыма ў мяне стаялi белыя дразды Агiма Чаўдарбашы. Як хацелася вызвалiць iх з путаў! Я ведаў, што не змагу не вярнуцца ў Косава.

 
Пераклаў з польскай Андрэй Скурко паводле аўтарскага тэксту.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList