Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

гуманістыkа


Івайла Дычэў
Камунiстычная кастрацыя
ды таемныя радасьцi нацыянал-фалiзму


Івайла Дычэў (нар.1955) — баўгарскi думаньнiк, з пачатку 90-ых стала жыве на Захадзе, дастаўшы стыпэндыю ад аднэй парыскай фундацыi. Скончыў аддзяленьне фiлязофii Сафiйскага ўнiвэрсытэту, дзе неўзабаве і абаранiў дысэртацыю. Да таго, як пакiнуць краiну, выкладаў у сваёй alma mater курс эстэтыкi. Аўтар шматлiкiх публiкацый у баўгарскiм i заходнеэўрапейскiм друку. Сярод ягоных апошнiх публiкацыяў артыкул Le marketing du national („Маркетынг нацыянальнага“) у Journal d’Europйanistes, 1997, III-2. Liberate. Ён таксама аўтар брашуры Future Forms the Past. The Machine of Forgetting („Будучыня фармуе мiнуўшчыну. Машына забываньня“), выпушчанай у 1999 годзе Фондам Сораса.

Кажны дзень прыносiць дэмакратычна настроеным людзям новыя расчараваньнi: адбываецца невытлумачальнае, анахранiчнае ды абсурднае адраджэньне нацыяналiзму ў посткамунiстычных краiнах. Хаця слова „адраджэньне“ не перадае ўсёй iснасьцi зьявы, яно ўводзiць у аблуду. Насамрэч нацыяналiзм нiколi не зьнiкаў, ён заўсёды iснаваў у якасьцi неад’емнай часткi камунiстычнай сымбалiчнай эканомiкi, як свайго роду падвойная падстава сыстэмы, вынятак з правiла, якое неабходнае для яго выкананьня1.

Афiцыйны дыскурс (як i дыскурс кажнае левае партыi) выводзiцца з архетыпу дараваньня, велiкадушнасьцi, ахвярнасьцi. Забароны набываюць сваю асаблiвую вастрыню ад кастрацыi якога-любя паняцьця перавагi, экспансii, самасьцьвярджэньня i права: як для iндывiда, так i для народу ў аблiччы калектывiзму, а таксама для iнтэрнацыяналiзму. Сёньня, як гаворыцца, мы прысутнiчаем пры канцы абодвух апошнiх — калектывiзм перарадзiўся ў дзiкi эгаiзм, ад iнтэрнацыяналiзму застаўся адно атавiстычны шавiнiзм. Тым ня менш, усё адбылося ня так ужо i неспадзявана, як меркавалi, перад намi проста паўстаў адваротны бок мэдаля. Таму што калi сапраўды iснуе „падступнасьць розуму“, то пасьля выпрабаваньня камунiзмам яна, безумоўна, прывяла да таго ж самага ўва ўсiх гэтых недаразьвiтых краiнах: да вытварэньня дзьвюх сутнасных фiгураў буржуазнасьцi: iндывiда ды нацыi.

Правiла ды вынятак зь яго, як вядома, праяўляюцца ў адзiн i той жа час, у адным i тым самым працэсе распазнаваньня; няслушна, што напачатку iснаваў усясьвет, i адно потым хаос (бо ў гэтым выпадку ўсясьвет ня меў бы паказьнiка параўнальнай вартасьцi свайго парадку), але ўсё адразу: суплёт космасу ды хаосу, табу ды iнцэсту, розуму ды вар’яцтва i г. д. Чалавек ня можа адмовiцца нi ад правiла, нi ад вынятку зь яго, ён адначасова зьяўляецца як этычнай, так i эратычнай iстотай, ня толькi ўнiвэрсальнай, але i iндывiдуальнай. Традыцыйны карнавал як сацыялiзаваная форма вынятку ўяўляе сабой тое асаблiвае спалучэньне прасторы ды часу, у якім парушаюцца паўсядзённыя нормы: лiецца кроў, спажываюцца наркотыкi, нiхто не працуе, усе аддаюцца оргiям, а грамадзкiя ролi губляюць моц. У вынiку разбурэньня ў экстазе парадку паўсядзённага жыцьця эратычны складнiк карнавалу якраз i стаецца падмуркам гэтага парадку.

Нацыяналiзм можна разглядаць у якасьцi бясконцага карнавалу iнтэрнацыяналiзму. Ён, праўда, не валодае сваiм уласным спалучэньнем прасторы ды часу, сьвятое было заступленае таемным, паўсядзённасьць ды сьвята адрозьнiвалiся толькi спосабам заклiнаньняў. Аддавацца радасьцям расейскага, баўгарскага цi сэрбскага шавiнiзму, быць расiстам, рэваншыстам цi iмпэрыялiстам было хоць i забаронена, але ня цалкам, трэба проста было ведаць, дзе можна гэтак сябе паводзiць, вырашальным было выкананьне прынцыпу ўсталяванай памiж выяўным ды сукрытым бiпалярнасьцi. Адмовiць каму-небудзь у прызначэньнi на пасаду, паколькi ён жыд (у Расеi, у Польшчы), можна было толькi за адным акрэсьленым пiсьмовым сталом, пачынаючы з пэўнага ўзроўню ўнутры намэнклятуры; „для грамадзкасьцi“ прычына заўсёды фармулявалася так: той i той знаходзiцца пад iдэалягiчым уплывам з боку Захаду. Туркi (у Баўгарыi), вугорцы (у Румынii), альбанцы (у Сэрбii) афiцыйна мелi права на папярэдне вызначаны працэнт месцаў у адмiнiстрацыi, мастацтвах i г. д., таксама i за кошт астатняга жыхарства; але адначасова ўсе добра ведалi, што яны нiколi не перасягнуць пэўнага парогу ў грамадзкай гiерархii. Велiкадушна нададзеная прывiлея этнiчнага выклiкае да сябе тупую нянавiсьць; кастрацыя ўзмацняе нябачны фаляс, чым бязьлiтасьнейшай была кастрацыя, тым пругчэйшым рабiўся фаляс. Падобным чынам ахвярны iнтэрнацыяналiзм Расеi быў адваротным бокам фантазii Масквы як „трэцяга Рыму“ („а чацьвертаму не бываць“); зь iншага боку, сама гiпэрфалiчная фантазiя была магчымаю дзякуючы адно свайму адваротнаму боку, апакалiптычнаму дыскурсу кастрацыi, якi быў намацаны ў расейскай культуры ў другой палове XIX стагодзьдзя.

Баўгарскiя (расейскiя, сэрбскiя, румынскiя...) псэўдадысыдэнты шэсьцьдзясятых гадоў былi таемнымi сьвятарамi нацыяналiстычнага фалiчнага культу; яны артыкулявалi эгаiстычную пажаду нашых пры парушэньнi кастрацыйнай нормы пралетарскага iнтэрнацыяналiзму. Нават дасягнуўшы найвышэйшых ступеняў улады, яны шчыра верылi, што зьяўляюцца бунтаўнікамі, бо яны заатакавалi марксiсцка-ленiнскую мадэль. Iнтэлектуалы (а гэтаксама iх аўдыторыя) аддалiся гэтаму „патрыятычнаму“ настрою як пашанотнай, найчысьцейшай рысе сваёй сацыяльнай сыстэмы. Цi варта зьдзiўляцца, што ў крытычныя моманты яны перабягаюць на бок Мiлошавiча?

Адначасова эгаiстычны дыскурс пачаў праяўляцца ня толькi ў абсягу мастацтва, але i ў грамадзкiх ды ў палiтычных дачыненьнях. Пачалi гаварыць пра iнтарэсы, разьмеркаваньне ды спажываньне; было нават дазволена пiсаць вершы пра каханьне, ня робячы пры гэтым намёкаў на барацьбу супраць iмпэрыялiзму. Невыпадкова Чаўшэску ў сямідзясятых, а Жыўкаў у васьмідзясятых выцягнулi на сцэну нацыянальны фаляс. Камунiстычны правадыр iснуе (як i мастак!) у той меры, у якой ён зьдзяйсьняе парушэньнi правiлаў, выклiкае рэвалюцыi, пралiвае кроў, ажыцьцяўляе адбудову: у iншым выпадку ён стаецца простым адмiнiстратарам, якога, як кажнага, ацэньваюць паводле яго здольнасьцяў. Якасны скачок iнтэрнацыяналiзму да шавiнiзму быў апошнiм эратычным доказам моцы ўлады. Але пасьля таго, як аднойчы нацыяналiстычны вынятак абвясьцiлi афiцыйнай нормай, эратычная раўнавага была страчана. Можа, распад камунiзму быў не ў апошнюю чаргу вынiкам гэтага зрушэньня паняткавай пары дазволенага i забароненага? Ад гэтага часу патрэбна было нешта iншае, што заняло б месца вынятку, „лiха“, унутранай сутнасьцi якога, абумоўленай пажадай, давялося б легчы ў аснову iдэнтычнасьцi. Эратычнае памкненьне масаў цяпер болей не накiравана на забароненае раней зьлiцьцё нацыянальнага ды фалiчнага, на адзiнства, моц, перамогу ды заваёву; iнстытут калектыўнага фалясу спрычынiўся хутчэй да ўзьнiкненьня жаданьня распаду, атамiзацыi, паразы i кастрацыi.

Праваслаўе, кажучы словамi Лё Гофа2, ня „вынайшла“ чыста, гэнага пазбаўленага эротыкi месца памiж жыцьцём i сьмерцю, дабром i злом, правiлам i выняткам, якое робiць магчымым рацыяналiзацыю мiжчалавечых стасункаў. Усё альбо нiшто, трыюмф альбо адчай — бо няма сфэры, чужой фалясу: альбо ён выдалены (ды вымраены), альбо ён навязаны (ды зьненавiджаны). Публiчнасьць (як у кажным традыцыйным грамадзтве) зьяўляецца эратычным месцам: адзiн дае, другi прымае. Як iснавалi Савецкi Саюз i Югаславiя? Вялiкiя (расейцы, сэрбы) давалi малым тэрыторыi, дапамогу, абарону. Той, хто атрымлівае падарункi, натуральна, абавязаны ў сваю чаргу даваць нешта ў адказ, падзякай ён уваходзiць у сымбалiчны кантакт з даваньнiкам. Мэтафара братэрства на самой справе зьяўляецца важнейшай, чым можа здавацца на першы погляд. Нават гандаль ператварыўся ў абмен натуральнымi прадуктамi: я дарую табе нафту, якая табе патрэбна, у адказ ты абавязаны падараваць свае памiдоры; калi б я проста прадаў табе нафту, я б мог на сваё зычэньне распараджацца грашыма, а цябе паслаць к чорту. Пры абмене дарункамi повязь нiколi ня рвецца, братэрства, паводле свайго азначэньня, трывае цягам усяго жыцьця.

Гэта быў афiцыйны дыскурс велiкадушнасьцi. Але ён меў сваё адлюстраваньне, у якiм рэчы стаялi дагары нагамi. Кажны быў таемна перакананы ў тым, што расейцы (сэрбы ды iншыя) у сапраўднасьцi бяруць ад сваiх сатэлiтаў, што дзеецца нечуваны калянiяльны эгаiзм. Потым норма ды трансгрэсiя чарговага разу памянялiся месцамi (што раней ужо адбывалася пры ўсталяваньнi камунiстычнага дыскурсу велiкадушнасьцi). Перестройка была рэвалюцыяй сымбалiчнага коду ў першую чаргу ў этымалягiчным сэнсе: фаляс узьняўся, кастрацыя апусьцiлася назад да забароны. Мы болей ня будзем кармiць вiетнамцаў, кубiнцаў ды баўгараў — нерашуча засвоiла сьпярша атачэньне Гарбачова, — мы зьяўляемся вялiкай дзяржавай, мы пакiнем сабе тое, што маем. Мы болей ня будзем кармiць узбэкаў, татараў ды грузiнаў — радыкальна дадалi прыхiльнiкi Ельцына, — расейскi народ вялiкшы за ўсе iншыя, тое, што наша, павiнна заставацца нашым. У Сэрбii ды Харватыі зрабiлi наступны крок: у афiцыйным дыскурсе зьявiлася ня толькi iдэя больш нiчога не даваць i думаць пра сябе, але i ўзяць сабе тое, что належыць iншаму.

Нацызм i камунiзм ня толькi надзвычайна падобныя, яны ўяўляюць сабой тую ж самую сымбалiчную машыну ў двух люстэркава перагорнутых варыянтах. Камунiзм прапануе народам прынесьцi сябе ў ахвяру за ўсё, пасуляючы ў адказ на гэта самакастрацыю падзякi, любоўнай залежнасьцi. Нацызм, наадварот, дзёрзка выяўляе сваё жаданьне браць ад усiх iншых, спасылаючыся на фалiчны супрацiў. Камунiзм ёсьць ахвярным жэстам, нацызм — фалiчным двайнiком. Абодва несупынна ўсхваляюць сябе, атрымоўваючы пры гэтым сваю легiтымацыю адпаведна адзiн ад аднаго. Кажны зьяўляецца несьвядомым iншага, кажны марыць аб iншым як аб вынятку з самога сябе.

Да таго ж, здаецца, фалiчная ды супрацьфалiчная сiла зьяўляецца фэномэнам пэрыфэрыi багатага, моцнага i дэмакратычнага сьвету. Чым больш празрысты цэнтар, тым больш непразрыстыя ды iрацыянальныя катастрофы на пэрыфэрыi, незалежна ад таго, камунiзм гэта, нацызм, рэлiгiйны фундамэнталiзм цi iслам. Маргiналiзаваная рацыянальнай культурай фалiчная сiла акцэптуецца ня толькi другараднымi групамi (як студэнты, эмiгранты ды г.д.), але i цэлымi народамi, якiя гэткiм апошнiм засталым iм чынам выяўляюць адзiную перавагу, якая яшчэ дадзеная iм у сьвеце татальнага намнажэньня ды сувымернасьцi. СМI тымчасам ствараюць прастору гэткага выклiку, гэтага апошняга рэсурсу iдэнтычнасьцi. Югаславiя — якiя толькi жахi, эгаiзм ды абсурд там ня праўдзяцца; i ўсё ж гэны абсурд зьяўляецца тым апошнiм, што ў гэтай краiне немагчыма нi купiць за нямецкiя маркi, нi занесьцi ў айбiэмаўскi кампутар.

Дэфалiзацыя грамадзкасьцi: тое, што палiтыка нецiкавая, ёсьць маральным прынцыпам. Але цi можна ажыцьцяўляць яе ў празрыстым сьвеце з адсутным цэнтрам?

 
1 Тут я адштурхоўваюся ад напрацовак С.Жыжэка ды M.Рыклiна.
2 Jacques Le Goff, La Naissance du purgatoire. Gallimard, Paris 1981.

 
Зь нямецкай мовы пераклаў Яўген Казiнец паводле
Neue Literatur. Zeitschrift fьrQuerverbindungen. 4/1993.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList