гісторыі |
Адам Глёбус
|
Адам Глёбус, лiтаратар i выдавец, мастацкi рэдактар часопiса ARCHE, адыграў рэвалюцыйную ролю ў разьвiцьцi беларускага мастацтва, паэзii, прозы i выдавецкай справы 80-х i 90-х. Апошнiя кнiгi — “Новы дамавiкамэрон” (“Лiтаратура”, 1998; у польскiм выданьнi “Demonokameron”, ZBP, 1998), “Кантамiнацыi” (“Наша Нiва”, 1999). У 1999 годзе выйшлi таксама ягоныя апавяданьнi “Пачварнiк” i “Графiтыст” (“Наша Нiва”), “Прымусь сябе жыць у Лагойску” (“Маладосць”). Сярод рэалiзаваных за апошнi год расейскамоўных выдавецкiх праектаў — фундамэнтальныя “Классики философской мысли”, “Библиотека лирики”, “Мастера культуры”. У ARCHE-“Кабеты” было надрукаванае ягонае эсэ “Яна i я”, а ў ARCHE-“Паталёгii грамадзтва” — аўтапартрэтнае апавяданьне “Выдавец”. У раённым судзе абвясьцiлi прысуд Шавiнiсту. Як на тое, што ён утварыў, далi зусiм мала: тры з паловаю гады ўмоўна. Шавiнiста вызвалiлi з-пад варты. А пачалася гiсторыя з арыштам позна ўвечары. Шавiнiст палiў кнiжкi. Са зласьлiвай радасьцю ён абдзiраў вокладкi, рваў старонкi й шпурляў у полымя. Языкi агню зь лёгкiм пошумам танчылi на кардоне з папераю. |
— Усё агнём пойдзе! Вось вашае месца, беларуска-жыдоўскiя лiтаратары! Гарыце вы ясным полымем, жыды з паджыдкамi! Iнародцы паскудныя, панапiсвалi маразмаў, столькi паперы перавялi, на паразуменьне спадзявалiся! Трасцы вам у рэбры, — рудабароды Шавiнiст пашураваў у грубцы доўгай чапялою. — Усё спалю да апошняга слоўца, да астатняй кропкi, да перадсьмяротнай думкi. Пыл i забвеньне, такi лёс чакае ўсё нярускае на гэтых землях… Шавiнiст, на гора сабе, быў адукаваны, меў пасаду дырэктара мастацкай акадэмii, жыў у трохпавярховым асабняку ў цэнтры сталiцы. Меў ён сабаку, бацьку-акадэмiка, высозны плот вакол дома й садзiк: тры крывыя яблынькi, сьлiву i грушу. Сад зьдзiчэў, але штовосень колькi жаўтабокiх антонавак зьяўлялiся на галiнах. Дробныя яблыкi й заманiлi ў сад трох школьнiкаў-пяцiклясьнiкаў. Дзецi выбiлi дошку ў плоце. Улезьлi ў сад. Двое сталi пад яблыняю, а трэцi ўскараскаўся на дрэва й паспрабаваў стрэсьцi пачастункi. |
Сабака, што жоўтым вокам сачыў за зьнiштажэньнем жыда-беларускiх кнiжак, пачуў чужынцаў, ускiнуўся й зайшоўся густым брэхам. Шавiнiст сыкнуў на сучку й загнаў у пакой, а сам пракраўся ў сенцы, надзеў ватоўку, у кiшэнi якой хаваўся рэвальвэр. — Ну, жыдава з бульбашамi, я вам зараз уляплю, — пырскаючы прасьпiртаванай сьлiнаю, прасiпеў Шавiнiст i выскачыў на ганак з узьнятым над ускудлачанай галавою пiсталетам. На судзе самы меншы з хлопцаў скажа, што зусiм не спалохаўся п’янога барадатага дзядзькi, якi выйшаў з дому з цацачным, падалося, рэвальвэрам. Дзядзька хiстануўся, яго павяло, i ён павалiўся на кветнiк. Вядома, хлопчык схлусiў. Якраз ён перапалохаўся болей за астатнiх, бо не пачаў сьмяяцца, а матануў да дзiркi ў плоце. Баязьлiвасьць ратуе. Два сьмялейшыя пачалi гiгiкаць з п’янога рускага Шавiнiста. Той падняўся зь зямлi, навёў рулю на дзiця, што сядзела на яблынi, і стрэлiў. У доме зайшлася брэхам пакiнутая сучка. У залi суду хлопчык з забiнтаванай галавой раскажа: як спалохаўся настаўленай рулi, як паспрабаваў схавацца за галiну, як убачыў iскры. Як звалiўся з дрэва й апынуўся ў бальнiцы — ня памятае. Шавiнiсту пашанцавала. Бацька-акадэмiк наняў найлепшага сталiчнага адваката. Той пераканаў судзьдзю, што Шавiнiст патрапiў у хлопчыка выпадкова. Дзiўным чынам са справы зьнiк эпiзод бойкi Шавiнiста зь мiлiцыянтамi. Стары дасьведчаны адвакат-яўрэй выратаваў ад турмы Шавiнiста расейскага. Нашто?
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |