Балканы |
Драга Янчар
|
Драга Янчар (нар. 1948) — славенскi пiсьменьнiк. З адукацыi юрыст, працаваў драматургам на кiнастудыi „Вiбафiльм“. У 1974 годзе быў арыштаваны i асуджаны на год пазбаўленьня волi за „варожую прапаганду“. Ад 1987 да 1991 году — кiраўнiк славенскага ПЭН-цэнтру. Цяпер рэдагуе часопiс „Славенская мацiца“. Ягоны раман „Галернiк“ быў перакладзены на беларускую мову Iванам Чаротам. Час iдзе, лянотная рака славенскага жыцьця-быцьця цячэ далей, рашучыя ўчынкi, натхнёная жарсьць i юнацкi iмпэт больш не iмкнуцца перакулiць гэты сьвет. Нарэшце ў нас зьявiлася тое, пра што мы калiсьцi маглi толькi шаптаць: мы маем дэмакратычнае грамадзтва з усiмi адпаведнымi iнстытутамi, маем свабоду слова i друку, ёсьць у нас свая дзяржава, вольнае прадпрымальнiцтва, мы разумныя, адукаваныя, таленавiтыя, мы здольныя з усiм гэтым удала спраўляцца. Цяпер усё залежыць толькi ад нас самiх. Пры канцы стагодзьдзя стварылася прастора, у якой мы можам разгарнуць усялякую прыватную, разумовую цi вытворчую iнiцыятыву — нiхто нам больш не загражае. Нашыя асабiстыя i дзяржаўныя свабоды забясьпечаныя, славенскi народ — як этнiчную, гiстарычную i культурную супольнасьць — нiхто больш не пазбавiць права на роўнасьць i матэрыяльны ды культурны росквiт. Славенскае нацыянальнае пытаньне цяпер сапраўды вырашаецца толькi намi, славенцамi. Такiм чынам, можна сьцьвердзiць, што славенскае нацыянальнае пытаньне, у якiм мы можам поўнасьцю разьлiчваць толькi на самiх сябе, фармальна вырашанае. Аднак мы нечым незадаволеныя, нам бракуе чагосьцi грунтоўнага. На думку большасьцi iнтэлектуалаў i дастатковай колькасьцi iншых незадаволеных грамадзянаў, ход падзеяў часам дае асечку. Але цi можа ў дэмакратыi ўсё iсьцi бездакорна i роўна? Бездакорна i роўна ўсё спрацоўвае толькi ў недэмакратычных краiнах, а найперш у дыктатурах. Значны кавалак нашае гiстарычнае памяцi прыходзiцца на пару, калi ўсё ў нас рабiлася правiльна i найясьнейшым чынам. Усе, ад Ціта i Кардэля да найнiжэйшага дзяржфункцыянэра, ведалi, як практычна i тэарэтычна растлумачыць кожную драбязу, каб справы iшлi ў правiльным кiрунку i да таго ж адзiна магчымым правiльным парадкам. Пакуль гэты парадак не рассыпаўся... |
Карацей кажучы, праблема не ў незадаволенасьцi, а ў тым, што славенскае грамадзтва няздольнае i непадрыхтаванае ўспрымаць крытычную iнтанацыю гэтае незадаволенасьцi. Праблема ў тым, што пераважае недастатковая, нiзкая культура той большасьцi, якая насамрэч гэтую дэмакратыю прадстаўляе i ўвасабляе. Такi ўзровень культуры часьцяком нават не дасягае парогу талерантнасьцi, што ляжыць у аснове павагi да iншадумцаў, ужо ня кажучы пра ўспрыманьне i публiчнае абмеркаваньне крытыкi, яе ўкараненьне як неабходнае ўмовы энэргii i дынамiкi разьвiцьця грамадзтва. Славенцы пераважна бурчаць i енчаць, як бурчэлi i енчылi ў былой сыстэме. У Славенii не сутыкаюцца розныя канцэпцыi разьвiцьця, розныя погляды на эканомiку, навуку, палiтыку, культуру, хаця такiя канцэпцыi i погляды iснуюць, у тым лiку i ў палiтычных партыяў. Аднак грамадзкасьць не гатовая прыняць гэтую рознасьць на ўзроўнi, вышэйшым за чапляньне, буркаценьне, перадузятае навешваньне палiтычных ярлыкоў. Шмат чаго было зроблена, пералом пры канцы стагодзьдзя быў рашучым i беспаваротным, але ўсё адно мала падставаў для таго, каб чалавек, хоць трохi крытычна настроены, сёньня ўзьняў голаў i сказаў: „У нас ёсьць дэмакратыя, у нас ёсьць дзяржава, i справа толькi за часам“. У нас ёсьць дэмакратыя, але якая? У нас ёсьць дзяржава, але якая? Нашая дзяржава паўстала пасьля стогадовага змаганьня за культурную i матэрыяльную роўнасьць, нашая дэмакратыя ўзьнiкла на тле супрацiву таталiтарызму. Нашая дзяржава абвяшчае культуру асноўнай крынiцай самое сябе. Але пасьля таго як суцiшылася захапленьне агульнаэўрапейскiмi i ўласнымi пераўтварэньнямi, падзеньнем iдэалягiчных бастыёнаў, зьнiкла й моц энэргii супрацiву. У вынiку мы зноў зьдзiўляемся станам духу, якi пануе ў гэтым грамадзтве, назiраем за бязьлiтасным прысвойваньнем грамадзкае прасторы i маёмасьцi. Крытычныя задумы кола людзей, якiя iнтэлектуальна падрыхтавалi магчымасьць пераўтварэньня грамадзтва, у новае грамадзтва ня ўключаныя, бо калi б гэта здарылася, дынамiка разьвiцьця была б зусiм iншай. I крытыка, i творчыя думкi ня маюць сёньня патрэбнага рэзанансу, захопленая iнфармацыйная прастора iх хутка расьцярушвае, дэклясуе цi, навогул, мiнiмалiзуе. Мы сёньня зьвяртаемся да глухiх людзей, б’емся ў глухiя сьцены — раней у iх, прынамсi, мiкрафоны былi. Што, што я павiнен ствараць у краi, дзе запанавала лянотная iнэрцыя, палiтычны прагматызм, дух заштатнай правiнцыi, шэрай масы, якая нiвэлюе, падмiнае, цягне ў балотную твань усiх, хто вылучыўся, хто хоча разварушыць змрочнае навакольле? Адсюль вынiкае: калi ж, як не цяпер, хто ж, як ня мы? Патэтычнае пытаньне, якое мела свой сэнс, ну, скажам, у 1987 годзе, сёньня гучыць крыху сьмешна. Хаця акурат сёньня гэтым сьмешным донкiхотаўскiм воклiчам трэба кiравацца. Я стаю памiж дзьвюма эпохамi, побач са мною — сябры i аднагодкi. У свае пяцьдзясят, верагодна, я апошнi, самы малады прадстаўнiк таго донкiхотаўскага пакаленьня, якое што было моцы супрацiўлялася таталiтарнай сыстэме, хаця, каб выжыць, даводзiлася i да яе прыстасоўвацца. Я пагаджаюся з новымi творчымi людзьмi ў тым, што сёньняшняя Славенiя павiнна жыць без таго надрыву, таго абсурднага ды безупыннага надрыву, накiраванага на перамену рэчаў i наданьне рэчам ды самому жыцьцю сэнсу. Дэмакратычная, самастойная, эўрапейская Славенiя, iншымi словамi — нармальная Славенiя некалi падавалася нам Аркадыяй. У Аркадыi ня трэба нiчога рабiць, каб зьмянiць сьвет, у ёй мы будзем пiсьменьнiкамi i паэтамi. Аднак, як не было, так i няма той Аркадыi, дзе ў нармальным славенскiм i эўрапейскiм, дэмакратычным i лiбэральным грамадзтве, што набыло культурную своеасаблiвасьць i касмапалiтычны размах, мы маглi б прысьвяцiць сябе эстэтыцы i жыць нармальным жыцьцём. Я шмат уласнай энэргii i бяссонных гадзiнаў прысьвяцiў дзейнасьцi супраць ненармальнага становiшча ў грамадзтве, выкрываў крывадушша дзяржавы i ейную iнэрцыю. Мне ставала дурноты гэтым займацца. Але ваяваць за нармальны стан рэчаў цяпер? Цi ж я поўны вар’ят? Ня толькi ў глябальных пытаньнях Культуры, Народу, Эўропы, Разьвiцьця, але i ў дробных, для кагосьцi зусiм нязначных, вымалёўваюцца абрысы найгоршай спадчыны самаўладнага апартунiзму, нядбайнасьцi, мэнталiтэту абыякавасьцi i ляноты ў самым заняпалым стане. Гэта спадчына прымiтывiзму i бяздумнасьцi, нязьменнасьць якiх перашкаджае разважаньню i дзейнасьцi. |
У малога народу спараджаецца свой спэцыфiчны погляд на рэчы. У тым лiку нямала ў iм правiнцыйнай непрыязнасьцi. Славенцы схiльныя прытрымлiвацца думкi, што iх заўсёды прыгнятаў нехта iншы. Ва ўсiм вiнаватыя Бялград цi Масква. Пагаджуся, што шмат у чым гэта адпавядае рэчаiснасьцi, але гэтак сама можна дашукацца вiны Вены i Рыму. Мiж iншым, больш за ўсё грамадзянаў Славенii прыцiскалi ня нейкiя сэрбы, цi „паўднёўцы“, як iх яшчэ называюць, а гэта мы з паўднёвым запалам самi шкодзiлi адзiн адному. Забойствы, судовыя працэсы, дробныя перасьледы i цкаваньне — гэта ж усё зроблена працавiтымi славенскiмi рукамi. Вынiкi гэтай плённай працы дастаткова паважныя: пасьля 8 траўня 1945 году забiта 14 000 чалавек, 28 000 асуджана, у 200 000 чалавек канфiскавалi маёмасьць. Хто можа растлумачыць, якая сiла выцiснула з гэтага народу такую напорлiвую прагу да гвалту? Вядома ж, людзi, што не ўспрымаюць сур’ёзна гэтыя лiчбы, нiчога не патлумачаць. Але лiчбы давядзецца яшчэ шматкроць узнаўляць. Вынiкае, справа ня толькi ў лiчбах i лiках, а перш за ўсё ў чалавечых лёсах, што за iмi стаяць. Не, гэта не „непадрыхтаванасьць да дэмакратыi“, гэта няздатнасьць да вядзеньня чалавечага дыялёгу, талерантнасьцi i спачуваньня, неабходных у любой грамадзянскай супольнасьцi. Таталiтарызм прыжыўся на людзкой непрыязнасьцi, пагардлiвасьцi, абыякавасьцi, ён выкарыстоўваў i разьвiваў гэтыя адвечныя чалавечыя заганы. I гэта ўласьцiва ня толькi камунiстычнаму таталiтарызму — любому. Мы пахавалi камунiзм, але засталася ў людзях былая нецярпiмасьць. Дэмакратыя зусiм яшчэ ня выпрацавала iмунiтэту супраць крывадушша, як i супраць неталерантнасьцi i непрыязнасьцi. |
Пытаньне аб тым, цi напэўна наша будучыня зьвязаная з Эўропай, не стаiць, i таму ўзьнiкае iншае: а цi будзе яна на належным узроўнi славенскай. Нават калi яна i будзе славенскай, гэта яшчэ ня значыць, што яна не набудзе прымiтыўнага, вульгарнага ды некультурнага выгляду. Пры канцы ХХ стагодзьдзя ў незалежнай дзяржаве, дзе зацьвердзiлiся iнстытуты дэмакратыi, узьнiкае элемэнтарнае пытаньне: цi будзе ў нашых краях палаць захапляльнае творчае агнiска, вакол якога завiруе жыцьцё i праца, цi мы ператворымся ў закуток сьвету, прызначаны для абслугоўваньня вялiкiх сыстэмаў лiбэральнага капiталiзму, i будзем на ўсiх узроўнях адно па-лёкайску пераймаць нечыя дасягненьнi ў тэхналёгii, навуцы, мастацтве, спосабах жыцьця i мысьленьня? Дзесяць год выявiлi, што ўлада i палiтычныя сiлы Славенii ня маюць бачаньня славенскай будучынi. Славенiя ператварылася ў краiну стагнацыi i гойдаецца на хвалях, бы човен, дзе няма нi стырнавога, нi вясла, а ўсе схапiлiся за край, глядзяць у ваду i чакаюць эўрапейскай плынi, якая iх абавязкова ўздыме, зацягне ў iншае рэчышча i вынесе наперад. Грамадзтва павiнна мець сваю ўласную канцэпцыю разьвiцьця на аснове сваёй культуры, палiтычнай сыстэмы, дэмакратыi, iнфармацыйнай прасторы... Калi гэта зьдзейсьнiцца, менш будзе кпiнаў з нашай дробнасьці, са славенскага лiлiпуцтва, якое не абмiне падкрэсьлiць толькi сапраўдны лiлiпут. Мая перакладчыца, якая брала ўдзел у некалькiх сэмiнарах славенскае мовы, лiтаратуры i культуры на фiлязофскiм факультэце Люблянскага ўнiвэрсытэту, аднойчы са зьдзiўленьнем заўважыла: „Чаму ўрачыстая прадмова на адкрыцьцi гэтага цудоўна арганiзаванага мерапрыемства заўсёды пачынаецца словамi: мы, славенцы, маленькi эўрапейскi народ з маленькай эўрапейскай мовай? Гэта ж не перашкаджае вам мець адну з найбольш цiкавых лiтаратураў у Эўропе“. Лепш бы замест гэтага сказалi: мы, славенцы, якiх толькi 2 мiльёны, кожны год друкуем 4000 новых кнiг, украiнцы ж, напрыклад, просiм прабачэньня, на 60 мiльёнаў жыхароў выдаюць толькi з 1000 найменьняў кнiг на ўласнай мове. Комплекс сваёй нешматлiкасьцi мы пераадольвалi дзякуючы настойлiваму руху пратэсту, у якiм значную ролю адыграла творчасьць. Бо насамрэч мiзэрнасьць цi велiч краiны вызначаецца мiзэрнасьцю альбо велiччу ейных жыхароў i творцаў. I пад творчасьцю я тутака разумею ня толькi стварэньне раманаў, песень цi карцiн, але й палiтычныя, сацыяльныя ды iншыя задумы i праекты.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |