Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

kрытыkа


Томас Ман
Фрагмэнт пра Гётэ i Талстоя


Томас Ман (1875-1955) — нямецкi раманiст i крытык, ляўрэат Нобэлеўскай прэмii 1929 году. З 1937 году празь нязгоду з гiтлерызмам жыў у ЗША. Ягоныя творы на беларускую мову перакладаў Васiль Сёмуха.

У мастакоў, як малых, так i вялiкiх, у аснове ўсiх адрозьненьняў творчасьцi, само сабой зразумела, ляжыць асабiстае, людзкое, канстытуцыянальнае. Гётэ i Талстой розьняцца ад абодвух сваiх хворых антыподаў, ад Шылера i Дастаеўскага, сухотнiка i эпiлептыка, моцнаю жывёльнаю асновай свайго iства, вiтальнасьцю, якая дазволiла абодвум, нягледзячы на ўсе напяцьцi жарсьцяў, што апаноўвалi iхнае жыцьцё, нягледзячы на неверагодныя ўчынкi i цяжкiя перакрышы са здароўем, дасягнуць патрыярхальнага ўзросту. Хiба няма чагосьцi брутальнага ў паганска-валатоўскай заўзятасьцi, зь якой Гётэ часам выпруджваў сваю вiтальнасьць, сваю нязломнасьць? Напрыклад, калi ўва ўзросьце 81 году ён казаў у размове з Сарэ: „Зёмэрынг памёр, пражыўшы нейкiя няшчасныя 75 гадоў. Што ж за нягоднiкi людзi, калi ня маюць сьмеласьцi пратрываць болей! Магу толькi пахвалiць майго сябра Бэнтама, гэтага надзвычай радыкальнага дурня; ён трымаецца добра, а ён жа на’т на некалькi тыдняў старэйшы за мяне“.

Пра Талстоя Горкi аднойчы сказаў надзвычай дзiўную i страшную рэч. Ён намiнае на тое, што Талстой, магчыма, нягледзячы на свой моцны розум, часам спадзяваўся цi, прынамсi, думаў пра тое, што прырода зробiць для яго вынятак i дасьць яму фiзычную несьмяротнасьць. „Цэлы сьвет, цэлая Зямля глядзiць на яго, з Кiтаю, Iндыi, Амэрыкi цягнуцца да яго жывыя, трапяткiя нiцi, ягоная душа — для ўсiх i назаўсёды. Чаму б прыродзе не парушыць свайго закону, чаму б ня даць чалавеку фiзычную несьмяротнасьць — чаму б не?“ Якое вар’яцтва! Але калi гэта няпраўда, калi гэты разумны стары чалавек нiколi ня быў апантаны так неверагодна саманадзейнай думкай, дык усё-ткi паказальна, што за яго пра гэта падумаў Горкi, гэта пазначае стаўленьне, якое, як падалося ўважлiваму назiральнiку, Талстой меў да прыроды, да жыцьця. А Гётэ? Думаеце, што старэнькi каханак фройляйн фон Левэцаў нiколi не сутыкаўся зь межамi жыцьця i чалавецтва, падобна як Напалеон, сутыкнуўшыся зь межамi ўлады, паскардзiўся, што людзi цяпер занадта моцныя скептыкi, каб прызнаць яго богам, як ягонага брата Аляксандра? Думаеце, што ён быў бы цалкам няздольны да думкi, якую Горкi прыпiсвае старому Талстою: што прырода, магчыма, паўстрымаецца ад таго, каб зьнiшчыць яго, свайго ўлюблёнага сына, як увесь iншы просты люд?

Тым ня менш, ён раптоўна памёр у веку 83 гадоў. Прырода, так бы мовiць, мякка перахiтрыла яго. Ён пакутаваў, ён утульна забiўся ў куток свайго фатэлю, каб адпачыць, задрамаць, i сышоў. Радкi, у якiх Экерман апiсвае, як выглядала ягонае цела, сталi славутымi. „Цела ляжала аголенае, загорнутае ў белую прасьцiню, блiзка яго расставiлi вялiкiя кавалкi лёду, каб трымаць яго як мага сьвежым. Фрыдрых (служка) раскрыў прасьцiню, i я зьдзiвiўся боскаму прыгаству гэтых чаланоў. Грудзi надзвычай магутныя, шырокiя i пукатыя; на руках i сьцёгнах поўныя, з плаўнымi лiнiямi, цяглiцы; ногi зграбныя i найчысьцейшае формы; i нiдзе па ўсiм целе нi калiва туку, нi сьледу схуднеласьцi, змарнеласьцi. Дасканалы чалавек ляжаў перада мною ўва ўсёй сваёй вялiкай прыгажосьцi, i захапленьне, якое я адчуваў, на некалькi iмгненьняў прымусiла мяне забыцца, што несьмяротны дух пакiнуў такую абалонку“.

Тут ня трэба ўпадаць у непаразуменьне. Нiхто не сьцьвярджае, што Гётэ i Талстой былi няўклюдамi, што яны, у адрозьненьне ад хворых генiяў Шылера i Дастаеўскага, былi ў невуцкiм сэнсе слова „нармальнымi“. Нават найбольш блаславёны прыродаю генiй з гледзiшча абываталя нiколi ня будзе натуральным, то бок, здаровым, нармальным i адпаведным правiлу. У абсягу фiзычнага генiй заўжды мае шмат далiкатнага i ўразьлiвага, схiльнага да крызы i хваробы, у абсягу псыхiчнага — заўжды шмат такога, чаго звычайная бальшыня цураецца, што трывожыць яе, наблiжаецца да псыхапатычнага, хоць i нельга дазваляць абываталю так называць гэта... Не! Але йдзецца пра тую пачуцьцёвую абдоранасьць, якая належыць да асаблiвае высакароднасьцi антэйскага генiя i якую вiтае Гётэў Фаўст, зьвяртаючыся да духу зямлi з наступнымi словамi:

„Магутны, ўзьнёслы Дух, ты даў мне ўсё,
Чаго ў цябе прасiў. Ты нездарма,
Аблiчча ў полымi сваё явiўшы,
Усю прыроду мне пад ногi кiнуў
I сiлу даў, каб здолеў я жыцьцё
Ня толькi подзiвам халодным мераць,
Але й заглядваць у яго глыбiнi,
Нiбыта ў сэрца сябра дарагога...“* i г.д.

* Пераклад Васiля Сёмухi

Сiлу адчуваць яе, цешыцца ёю. Пачуцьцёвы дар Талстоя, пераходзячы на асобы, быў, мусiць, дарам шляхотнага, надзвычай чулага зьвера, якому прырода дала ўсё, што толькi можна, — а рэфлектуючая сьвядомасьць чалавека ўзмацняла гэты дар, рабiла яго больш вытанчаным. Ягоныя вочы, малыя пранiзьлiвыя шэрыя вочы, пад густымi бровамi, былi вачмi сокала; яны бачылi ўсё. Яны былi здольныя i да пранiклiвага аналiзу, глыбiня якога магла падавацца перабольшанай, што падштурхнула аднаго крытыка напiсаць яму: „Вы часам у стане сказаць, што такая i такая асаблiвасьць фiзычнага складу чалавека сьведчыла, быццам ён хацеў паехаць у Iндыю“. Асаблiва навязьлiвым, вiдавочна, было ягонае пачуцьцё паху. Яно моцна спрычыняецца да неверагоднай пачуцьцёвасьцi ягоных твораў i ў сваёй настойлiвасьцi часам, здаецца, непрыемна закранае ягонае пачуцьцё пашаны да людзей. „Я надта не люблю пра гэта гаварыць, — кажа ён у сваiх успамiнах, — але я дагэтуль памятаю характэрны рэзкi пах, якi быў уласьцiвы маёй цётцы i вынiкаў, бадай, зь ейнай нядбайнасьцi што да вопраткi“. I ў гэтых ягоных „прызнаньнях“, i ў ягоных позьнiх дзёньнiках можна знайсьцi карцiны прыроды, апiсаньнi настрою прыроды, пранiзьлiва шчырая пачуцьцёвасьць якiх ня мае сабе роўных у сусьветнай лiтаратуры. Стары распавядае, як у маленстве хадзiў з бабуляй iрваць арэхi ў арэшнiк. „Я згадваю, як горача было на сонечных прагалiнах, як прыемна халадзiў цень, як мы ўдыхалi рэзкi пах арэхавага лiсьця, як з усiх бакоў трашчалi арэхi на зубох дзяўчынак, што былi з намi, i як мы безупынна жавалi сьвежыя, поўныя, белыя ядры“. То бок, ужо ў пачцiвым узросьце, пры вельмi аскетычным ладзе жыцьця, ён не згубiў гэтых iнтэнсыўна-шчасьлiвых, груба-здаровых i пачуцьцёвых успамiнаў пра тое, што перажываў тады, i, пасьля старонак няўклюднага й блытанага маралiзатарства, раптам iзноў робiцца мастаком.

Пачуцьцёвая зьнiтаванасьць Гётэ з прыродай, ягоная прывязанасьць да зямнога, у адрозьненьне ад эманцыпатарскай свабоды Шылера, сягала так далёка, што ён сам называў сябе „беззаганным баромэтрам“. Нездарма ж кажуць, што ён уночы ў сваiм пакоi адчуваў землятрус у Мэсiне, — гэтак сама, дарэчы, здольны да прадчуваньня такiх падзеяў i пачуцьцёва-нэрвовы апарат жывёлаў, — i тут мы бачым, як пачуцьцёвая ўзбуджальнасьць, зьвязаная самым беспасярэднiм чынам з прыродай, перасягае межы ўласна пачуцьцёвага i адмяняецца ў звышпачуцьцёвае, прыродна-мiстычнае.

Калi ўзяць пачуцьцёвае ў вузейшым сэнсе слова, дык жа iснавалi часы, калi Гётэ нават быў кiмсьцi падобным да бога садоў, i тады, напрыклад, у прысутнасьцi дамаў можна было чытаць толькi тыя вэнэцыянскiя эпiграмы, што накiраваныя супраць хрысьцiянства i апосталаў свабоды, але iншых, гэтых Carmina Priapea, чытаць нельга. Гэтыя Carmina Priapea, спароджаныя антычнай нязмушанасьцю, якраз у той час цалкам вызначалi ягоную жыцьцёвую пазыцыю, i дзеля гэтага ён не адмаўляў свайму сэрцайку ў розных добрых рэчах, ведучы распуснае жыцьцё бязь лiшнiх сантымэнтаў i забабонаў. Гэты настрой, натуральна, ня быў уласьцiвы Талстою, бо ягонаму iству бракавала антычнага культурнага элемэнту. Полавы юр у яго, такiм чынам, меў не гуманiстычна-антычную афарбоўку, а расейска-размашыстую, ды пры гэтым заўсёды зацямняўся маралiзмам, i глыбокая каята, верагодна, ня толькi наступнiчала, але нават ужо спадарожнiчала яму. Бо ачалавечваньне для яго значыць не ўзвышэньне прыроднага, то бок культуру, але пазбаўленьне ад прыроднага. Вызваленьне ад прыроднага, ад усяго натуральнага наагул i асаблiва ад таго, што было натуральным для яго, напрыклад, сям’i, нацыi, дзяржавы, народнай царквы, усiх пачуцьцёвых i iнстынктыўных жарсьцяў, каханьня, паляваньня, па сутнасьцi, ад усяго цялеснага жыцьця, але асаблiва ад мастацтва, самое iство якога для яго азначае пачуцьцёвасьць i цялеснае жыцьцё, — гэткага роду ачалавечваньне становiць сабой аб’ект змаганьня ягонага жыцьця. Зусiм няслушна ўяўляць сабе гэтае змаганьне як раптоўна адбыты ў сталым узросьце паварот у спосабе мысьленьня, няслушна думаць, што яго пачатак супадае з пачаткам старасьцi Талстоя. Француз Вог цалкам меў рацыю, калi ў адказ на навiну, што вялiкi расейскi пiсьменьнiк цяпер „бы спаралiжаваны своеасаблiвай мiстычнай манiяй“, абвесьцiў, што ён даўна гэта прадбачыў, маўляў, у зародку ўсё разьвiцьцё думак Талстоя ўтрымлiвалася яшчэ ў рамане „Маленства i хлапецтва“, а псыхалёгiя „Ганны Карэнiнай“ ясна паказвае кiрунак ягонага далейшага разьвiцьця. Мы маем таксама сьведчаньнi таварышаў Талстоя з часоў, калi ён быў афiцэрам, зь севастопальскiх часоў, — сьведчаньнi, якiя дазваляюць ясна ўявiць сабе лютасьць, зь якой ужо тады бушавала ўсярэдзiне яго гэтае змаганьне. Паводле аднаго з такiх апiсаньняў, малады граф Талстой быў цудоўным таварышам, душою сваёй батарэi, меў iскрысты тэмпэрамэнт. Калi ён адсутнiчаў, панавала прыгнечанасьць. „Пра яго нiчога не было чуваць дзень, два, тры... нарэшце ён вяртаўся... i выглядаў, як блудны сын, — змрочны, змораны, у разладзе з сабой самім. Ён адводзiў мяне ў бок i пачынаў спавядацца. Ён прызнаваўся ўва ўсiм, проста ўва ўсiм, у сваiх пагулянках, гульнi ў карты, за якой ён бавiў днi i ночы, i, цi можаце вы паверыць, ягоная каята i ягоныя пакуты былi такiя глыбокiя, быццам ён зьдзейсьнiў жудаснае злачынства. Ягоная роспач была настолькi бязьмежнаю, што на гэта сорамна было глядзець... Такiм ён быў чалавекам. Адным словам, ён быў незвычайны, i, праўду казаць, не зусiм мне зразумелы“.

Мы можам гэтаму паверыць. „Сорамная роспач“, сьведкам якой даводзiлася быць гэтаму маладому афiцэру, паходзiла з таго самага ўнутранага разладу, якi пазьней зрабiў Талстоя адным з найвялiкшых абуджальнiкаў сумленьня, адным з тых, хто выклiкаў наймацнейшы страх перад Богам у людзей. Але якраз глыбiня ягонае маральнае патрабавальнасьцi сьведчыць пра магутнасьць ягоных поцягаў, i калi прыроднае ўсё больш а больш для ягонай хрысьцiянскасьцi ператваралася ў цяжкую ношу, джала, ад якога яна шукала спакою, дык яна нiколi не дасягнула гэтага спакою, да самага канца. У сэксуальным сэнсе Талстой пратрываў гэтаксама доўга, як Гётэ, якi падкеплiваў з самога сябе:

Стары, ты ўсё ня спынiшся?
Увесь час дзяўчаты!
— але ягонае духовае стаўленьне да жанчыны, якую ён рана навучыўся ўспрымаць як instrumentum diaboli, у стылi айцоў царквы, даўна склалася такiм чынам, што перажываньнi накшталт тых, што былi памiж старым Гётэ i Ульрыкай, былi ў стасунку да яго неймавернымi. Але пры ўсiм гэтым дзiўна, а зрэшты, зважаючы на вялiкасьць i магутнасьць ягоных прыроджаных здольнасьцяў, можа i натуральна тое, што ў ягоным стаўленьнi да гэтых рэчаў нельга знайсьцi нi сьледу ханжаства, манернасьцi цi нават штучнай далiкатнасьцi. Наадварот: ягоным выказваньням на гэтую тэму была ўласьцiвая паганская шчырасьць, велiчыня якой мяжуе з цынiзмам. Ён шпацыруе з Горкiм i Антонам Чэхавым уздоўж мора i раптам зьвяртаецца да Чэхава з пытаньнем, якое датычыць юнацкай мiнуўшчыны апошняга, выкарыстоўваючы пры гэтым бiблiйны выраз грубай урачыстасьцi. Разгублены Антон Паўлавiч мармыча нешта, паскубваючы бародку. Стары ж, счакаўшы ягонае мармытаньне, у чатырох словах складае, гледзячы ў бок мора, надзвычай пазытыўнае прызнаньне што да сваiх собскiх паводзiнаў i заканчвае яго моцным i грубым сялянскiм выразам. „Сыходзячы зь ягоных суворых вуснаў, — кажа Горкi, — усе словы гэтага кшталту гучаць проста i натуральна, губляючы сваю салдацкую грубасьць“. У iншым месцы ён кажа: „Калi б Леў Мiкалаевiч быў прыродазнаўцам, ён, безумоўна, выставiў бы найдасьцiпнейшыя гiпотэзы, зрабiў бы найвялiкшыя адкрыцьцi“. Горкi кажа гэта ня ў зьвязку з магутным пачуцьцёвым пачаткам у iстве Талстоя; але мы схiляемся да таго, каб зьвязаць гэтыя рэчы. Ён, здаецца, таксама i не ўспамiнае Гётэ, прыпiсваючы Талстою сукрыты прыродазнаўчы генiй; але мы, з нашага боку, згадаем i яго. I наступны факт падаецца нам не зусiм выпадковым: гэта зьдзеялася ў Вэнэцыi, у 1790 годзе, адначасна з тымi пачуцьцёвымi авантурамi, пра якiя сьведчаць эпiграмы; Гётэ, прыглядаючыся да расколатага авечага чэрапу на гаку памiж затокай i морам, прыйшоў да той марфалягiчнай высновы пра ўзьнiкненьне ўсiх чэрапавых костак з костак хрыбетнiка, якая так важка спрычынiлася да тлумачэньня мэтамарфозы жывёльнага арганiзму. Зусiм ясна, што Горкi мае на ўвеце, кажучы, што Талстой зрабiў бы генiяльныя прыродазнаўчыя адкрыцьцi, калi б пачаў займацца прыродазнаўствам. Перад намi глыбiннае перажываньне блаславёнымi прыродай людзьмі арганiчнага жыцьця, — перажываньне, ад якога ня так далёка да эрасу i якое спараджала бiялягiчныя iнтуiцыi Гётэ, напрыклад, ягонае неверагодна ўпэўненае прадказаньне клетачнай тэорыi. Хiба яно, гэтае перажываньне, не выяўляецца ўжо ў юнацкiм патасе Гётэвага „Ганiмэду“? У гэтым „З тысячакротнай любоўнай асалодай да майго сэрца прабiваецца сьвятое пачуцьцё тваёй вечнай цеплiнi“, у гэтым „Наверх да тваiх грудзей, усёлюбны айцец“? Хiба яно не выяўляецца ў пантэiзьме Гётэ, якi ёсьць адно аб’ектывацыяй ягонага пачуцьця, „так, што ўласная адданасьць усяму“ прымушае яго адчуваць „боскасьць не як нешта вонкавае, а як усёпрасякальнае“? Ува ўсякiм разе, яно, гэтае арганiчнае перажываньне, гэты любоўны iнтарэс, цалкам i поўнiцай скiраванае на жыцьцё, на „вечную цеплiню“, — тымчасам як (i што б iншае магло больш характэрна пазначыць адрознасьць двух вялiкiх дзяцей прыроды!) наймагутнейшы, найбольш пакутлiвы, найглыбейшы i найбольш прадукцыйны iнтарэс Талстоя — гэта iнтарэс да сьмерцi. Менавiта думка пра сьмерць апаноўвае ягоныя пачуцьцi i творчасьць у такой ступенi, што можна сказаць: нiводны майстар сусьветнай лiтаратуры не адчуваў i не паказваў сьмерцi так, як ён, — нiхто не адчуваў яе так жудасна пранiзьлiва i не паказваў так ненасытна часта. Генiй Талстоя ў лiтаратурнай выведцы сьмерцi насамрэч дапаўняе прыродазнаўчую iнтуiцыю Гётэ, а перажываньне арганiчнага ёсьць асноватворным момантам для абодвух. Сьмерць — вельмi пачуцьцёвая, вельмi цялесная справа, i нават цяжка сказаць, цi цiкавiцца Талстой так сьмерцю таму, што так моцна i пачуцьцёва цiкавiцца целам, прыродай як цялесным жыцьцём, цi — наадварот. Ува ўсякiм разе, таксама i ў ягонай пiльнай увазе да сьмерцi ёсьць любоў: бо боязь сьмерцi, гэтая крынiца паэзii i рэлiгiйнасьцi Талстоя — гэта прыродная любоўная боязь, яна ёсьць нэгатыўна-натуралiстычным бокам Гётэвай узьнёсласьцi ў „Ганiмэдзе“. „Ты праводзiш“, кажа Гётэ-Фаўст духу зямлi, Ты праводзiш шэраг жывых
Паўзь мяне i вучыш мяне пазнаваць маiх братоў
У цiшы кустоў, у паветры i вадзе...
Маiх братоў: вядома, што менавiта Гётэ выказаў думку аб тым, што „чалавек — найблiжэйшы сваяк зьвяроў“, так сур’ёзна, як нiколi дагэтуль не падступалася да гэтай думкi навука; i перапоўненасьць гэтай думкай, якая станавiла сабой ягонае глыбокае, сапраўднае перакананьне, вельмi характэрная для гэтага дзiцяцi прыроды i ягонага перажываньня арганiчнага. Шылераваму гуманiзму, ягонаму паняцьцю чалавецкасьцi, якое мела эманцыпатарскi характар, якое грунтавалася на гордай варожасьцi да прыроды, ня надта даспадобы была б гэтая думка, а чалавек не натрапляе на думкi, якiя яму не падабаюцца, то бок не вiтаюцца iдэйна. Няма „навукi без перадумоваў“. Навуковыя адкрыцьцi заўсёды ёсьць вынiкам iдэйнай перадумовы; сярэднявечная прымаўка „я веру, таму што пазнаю“ заўжды будзе слушная; вера — гэта орган пазнаньня, i Гётэ нiколi не знайшоў бы ў чалавека os intermaxillare, калi б папярэдне ня склаў сабе, не прад-вызначыў iдэю пэўнай цэльнай карцiны — паводле якой вышэйшы жывёльны сьвет фармаваўся побач з чалавекам i якой у абсягу батанiкi адпавядае пашыраная iдэя аб „пра-расьлiне“. Памiж фактам гэтага адкрыцьця i тым тлумачэньнем, якое Гётэ дае гэтаму ў чалавеку, ёсьць гумарыстычная супярэчнасьць. Мiжскiвiчная костка, кажа ён, якая ў зьвяроў мае розную форму ў залежнасьцi ад варункаў i патрэбы, — у чалавеку, урэшце, у найбольш высакародным стварэньнi, сарамлiва хаваецца „з боязi выявiць жывёльную пражэрлiвасьць“. Iдэалiстычнае захапленьне чалавекам магло б зрабiць закiд, што досыць негуманна тады адкрываць i ўсiм паказваць тое, што сарамлiва хаваецца. I тым ня менш, якраз гэта i ёсьць паказальным ды вельмi значным: у Гётэ бiялягiчна-мэдыцынскае ў сутнасьцi сваёй зьнiтавана з гуманiстычным iнтарэсам, з iнтарэсам да чалавека i ягонага хараства, а такiм чынам таксама i з мастацтвам, бо мастацтва ёсьць для яго гуманiстычнай дысцыплiнай, а ўсе дысцыплiны i факультэты людзкога дасьледаваньня, ведаў i ўменьняў становяць для яго адценьнi й варыяцыi аднаго i таго ж вялiкага, настойлiвага i любоўнага iнтарэсу i памкненьня, iнтарэсу да чалавека. Узiраньне ў чалавечае з прыродазнаўча-мэдыцынскага гледзiшча ў ягоным выпадку ня мела каранёў у сямейнай традыцыi, як у Шылера i Дастаеўскага, якiя абодва былi сынамi лекараў, але нiколi не пераймалiся целам чалавека. Пра Гётэ, наадварот, вядома, што ён, пачынаючы ад часу, калi быў у Ляйпцыгу, пераймаўся мэдыцынскiмi дасьледаваньнямi, у Страсбургу штодня меў стасункi з мэдыкамi i працаваў у сэкцыйнай залi, у аддзяленьнi тэрапii i ў радзiльным аддзяленьнi з такой сур’ёзнасьцяй, быццам ягонай будучай прафэсiяй былi ня так званыя „прыгожыя навукi“, а, скажам, хiрургiя. Дух, зь якiм ён займаўся гэтымi дасьледаваньнямi, iнтарэс, зь якiм ён аддаваўся iм, раскрываюцца тым фактам, што пазьней ён нават чытаў у мастацкай акадэмii лекцыi пра будову костак людзкога цела маладым мастакам. [...] Ён рана адчуў i выказаў тое, што пазнаньне мастацтва i пазнаньне прыроды ўзаемна паглыбляюць адно аднога. „Як я разглядаю прыроду, — пiша ён з Рыму, — гэтак я разглядаю цяпер i мастацтва, я набываю, да чаго я так доўга iмкнуўся, дасканалыя веды таксама i аб найвышэйшых творах людзей, i мая душа адукоўваецца таксама i з гэтага боку i бачыць вальнейшае поле“. „Цяпер для мяне дойлiдзтва, мастацтва скульптуры i жывапiс — як мiнэралёгiя, батанiка ды заалёгiя“, — пiша ён у лiсьце да Гердэра. А iншага разу: „Урэшце, у нашай мастацкай дзейнасьцi мы можам спаборнiчаць з прыродай толькi пасьля таго, як у пэўнай ступенi навучымся ад яе спосабу, якiм яна дзейнiчае пры стварэньнi сваiх твораў... Вобраз чалавека ня можа быць зразуметы адно праз разгляд ягонае паверхнi: трэба агалiць ягонае нутро, вылучыць ягоныя часткi, заўважыць сувязi памiж iмi, уведаць адрозьненьнi, даведацца пра дзеяньне i процiдзеяньне, запомнiць сукрытае, тое, што сьпiць, фундамэнт зьявы, калi мы сапраўды хочам бачыць i насьледаваць таму прыўкраснаму непадзельнаму цэламу, што жывымi хвалямi калыхаецца перад нашымi вачыма“. Гэта словы Гётэ, i хто ж будзе сумнявацца ў iхнай праўдзiвасьцi? Хто можа запярэчыць, што мастаку карысна таксама трохi ведаць, што там пад эпiдэрмiсам, каб магчыма было намаляваць таксама i тое, што нельга ўбачыць; iншымi словамi: калi ён мае да прыроды нейкае iншае дачыненьне, апроч лiрычнага, калi ён, напрыклад, па сумяшчальнiцтве лекар, фiзiёляг, анатам i мае таксама сваё цiхмянае ўяўленьне пра жаночую бялiзну? Абалонка людзкога цела складаецца ня толькi са сьлiзiстых ды рогавых слаёў эпiдэрмiсу, яна складаецца таксама i з тканiны дэрмы зь ейнымi сальнымi i потавымi залозамi, крывяноснымi судзiнамi i бародаўкамi, а пад ёю, зноў жа, тлушчавая праслойка, шматлiкiм тлушчавым клеткам якой увогуле заўдзячваецца чароўнасьць формы. Але тое, што ёсьць у ведах i думках, ёсьць таксама i ў словах; яно цячэ па руцэ i спраўляе сваё ўзьдзеяньне, яго няма i ўсё-ткi яно неяк ёсьць, i менавiта гэта спараджае нагляднасьць. Мастацтва, як мы казалi, ёсьць толькi адной гуманiтарнай дысцыплiнай сярод iншых; усе яны, фiлязофiя, юрыспрудэнцыя, мэдыцына, тэалёгiя ды нават i прыродазнаўчыя навукi й тэхналёгiя, ёсьць адно мадыфiкацыямi i разнавiднасьцямi адной i той жа высокай i цiкавай рэчы, у стаўленьнi да якой нiколi ня можа быць дастатковай разнастайнасьцi i шматбаковасьцi, бо гэта чалавек; а вобраз чалавека ёсьць увасабленьнем усяго яго, гэты вобраз, кажучы словамi Гётэ, ёсьць „non plus ultra ўсiх людзкiх ведаў i ўчынкаў“, „альфай i амэгай усiх вядомых нам рэчаў“.

1921

Зь нямецкай мовы пераклаў Алесь Пяткевiч паводле
Thomas Mann. Gesammelte Schrihten
© S. Fischer Verlag GmbH, Frankfurt am Main 1977.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList