Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

kрытыkа


Чэслаў Мiлаш
Дастаеўскi й Сартр


Чэслаў Мiлаш (нар. у 1911 у Шатэйнях у нашай Вiленшчыне) — вялiкi майстра лiтаратуры, польскi паэт, празаiк, эсэiст, крытык i перакладчык. Ляўрэат Нобэлеўскае прэмii (1980). Апошнiя пераклады Мiлаша на беларускую мову — „Iншага канца сьвету ня будзе“ (ARCHE-Вялiкая айчынная вайна), „Прыдарожны сабачка“ („Наша Нiва“, 1999), „Дзiця Эўропы“ („Фрагмэнты“, 1999), а таксама нiзка вершаў у часопiсе „Крынiца“ (1997). У выдавецтве „Эўрофорум“ рыхтуецца ягоная кнiга „Скуты розум“.

Напэўна, я не напiшу кнiгi пра Дастаеўскага, нiшто аднак не замiнае мне апавесьцi, якой была б гэтая кнiга. Я не спаборнiчаў бы ў ёй з мноствам грунтоўных манаграфiяў i пранiклiвых аналiзаў асобных твораў, я фармаваў бы ў чытача пэўную веду пра Дастаеўскага, асьвятляючы гэтую постаць i яе месца ў сусьветнай лiтаратуры трохi iнакш, чым гэта прынята. Магчыма, менавiта iншасьць гэтай iнтэрпрэтацыi становiць прычыну таго, што напiсаньне кнiгi пра яго мне падаецца задачаю небясьпечнай ды няўдзячнай.

Вывучаючы Дастаеўскага й выкладаючы яго амэрыканскiм студэнтам, я ня мог не заўважыць, што пiсьменьнiк гэты зьмяняецца ў залежнасьцi ад таго, хто пра яго гаворыць. Гэта, бадай што, не прызнаецца знаўцамi Дастаеўскага розных нацыянальнасьцяў, бо ўсе яны прэтэндуюць на навуковую аб’ектыўнасьць, нягледзячы на тое, што сымпатыi й антыпатыi ўплываюць на мэтодыку iхных досьледаў дый на iхныя высновы. Гiсторыя рэцэпцыi Дастаеўскага цягам ста год, што мiнулi зь яго сьмерцi, магла б паслужыць прыкладам таго, як зьмяняюць адна адну iнтэлектуальныя моды i як розныя фiлязофii ўплываюць на канцэпцыi дасьледнiкаў. Пакiдаючы пакуль убаку расiйскiх аўтараў, можна ў агульных рысах вызначыць колькi фазаў у рэцэпцыi Дастаеўскага на Захадзе, пачынаючы ад „Злачынства й пакараньня“, якое ўжо пры канцы ХIХ стагодзьдзя чыталася ў перакладах i было высока ацэнена Нiцшэ. Аднак наагул так званая вme slave, выразьнiкам якой мусiў быць Дастаеўскi, трактавалася зь лёгкаю iронiяй, а француская крытыка пасьмейвалася з Сонi Мармеладавай, сьвятой брудэркi, быццам бы жыўцом узятай з сэнтымэнтальнага раману.

Пераможнае шэсьце раману Дастаеўскага па заходнiх краiнах у першыя дзесяцiгодзьдзi ХХ веку мае беспасярэднюю сувязь з адкрыцьцём новага вымярэньня ў людзёх — падсьвядомасьцi — i культам дыянiсiйскiх сiлаў, у якiх яднаюцца Эрас ды Танатас. Тым ня менш, супрацiў, якi чынiўся тады росту ўплываў расiйскага пiсьменьнiка такiмi аўтарамi, як Мiдлтан Мюры альбо Д.Г.Лоўрэнс, варты ўвагi. Д.Г.Лоўрэнс казаў пра Дастаеўскага, што надзвычайная празорлiвасьць мяшаецца ў яго з гiдкiмi вычварэньнямi. Нiшто ня чыстае. Ягоная дзiкая любоў да Iсуса мяшаецца з падступнаю ды зьедлiваю нянавiсьцю да Iсуса. Ягоная маральная агiда да д’ябла мяшаецца з прытоеным багомленьнем д’ябла.

Гэтыя галасы пярэчаньня ў хуткiм часе саступiлi месца ўсеагульнаму захапленьню, i слава Дастаеўскага расьце раўналежна славе Зыгмунта Фройда. Што праўда, Фройд, якi з цалкам зразумелых прычынаў лiчыў раман пра бацьказабойства, „Братоў Карамазавых“, найлепшым калi-колечы напiсаным раманам, памылiўся ў сваiм досьледзе пра эпiлепсiю Дастаеўскага, абапiраючыся на памылковыя, як давёў Джозэф Франк, факты бiяграфii пiсьменьнiка. Фрайдызм цягам дзесяцiгодзьдзяў моцна ўплываў на працы пра Дастаеўскага; гэты кругабег рэцэпцыi ягоных твораў можна назваць псыхалягiчным. Адносна кароткачасоваю, так што й вызначыць яе досыць цяжка, была фаза, калi дасьледнiкi ўводзiлi ў свае развагi фiлязофiю экзыстэнцыялiзму, каб пасьля адмовiцца сачыць думкi аўтара, якi выказваецца праз вусны сваiх пэрсанажаў, i скiраваць усю ўвагу на мастацкую пабудову нязвыклых раманаў Дастаеўскага, нязвыклых настолькi, што небеспадстаўным здаецца пытаньне, цi не азначалi яны канца раману наагул.

Мае студэнты аказвалiся вельмi кемлiвымi, калi я займаўся псыхалёгiяй пэрсанажа альбо калi я спрабаваў паказаць iм, як шмат з iнтэнцыяў аўтара адкрыла мэтодыка структуральных досьледаў. Таксама досыць лёгка й нават, як звычайныя маладыя людзi, з уцехаю, яны засвойвалi разыходжаньнi памiж творам i ня надта прывабнаю кухняй, якой ёсьць асабiстасьць генiя. Аднак яны сутыкалiся зь цяжкасьцямi, калi даходзiла да пэўных фактаў. Прыкладам, iм цяжка было зразумець, чаму Дастаеўскi любiў аўтакратычную ўладу, i ня толькi тады, калi па вяртаньнi зь Сiбiру ператварыўся з рэвалюцыянэра ў кансэрватара. Асуджаны на сьмерць разам з 21 сваiм калегам, пастаўлены перад карным зьвязам i ў апошнi момант памiлаваны — камэдыя з волi цара, — ён пiша ў сiбiрскай высылцы тры оды, адну пра Крымскую вайну, з пагрозамi ў бок Англii й Францыi, другую з нагоды сьмерцi Мiкалая I, дзе параўноўвае цара-жандара з сонцам i кажа, што ён, Дастаеўскi, ня варты таго, каб вымавiць царовае ймя (устами грешными его назвать не смею), трэцюю на каранацыю Аляксандра II. Вершы вельмi дрэнныя, i не выпадае цалкам выключаць пабочнага матыву — жаданьня палепшыць свой лёс, але яны адно пацьвярджаюць тое, што мы ведаем зь iншых крынiцаў пра погляды iхнага аўтара.

Гэтая бiяграфiчная акалiчнасьць, як i iншыя падобныя да яе, належыць да сфэры, дзе шляхi бальшынi знаўцаў Дастаеўскага перастаюць быць маiмi шляхамi, то бок нашая ўвага скiраваная да розных рэчаў. Для мяне Дастаеўскi найцiкавейшы як чалавек, якi меў у жыцьцi толькi адзiн праўдзiвы раман, з Расiяй, i якi абраў Расiю праўдзiваю гераiняй сваiх твораў. Магло б здавацца, што псыхалёгiя ягонага героя й адкрыцьцi ў галiне раманнае пабудовы робяць яго пiсьменьнiкам напраўду мiжнародным, а ягоны нацыяналiзм, ягоная любоў да трону й алтару, ягоная шавiнiстычная нянавiсьць да каталiкоў ды габрэяў, ягоныя кпiны з французаў ды палякаў замыкаюць яго ў межах адной краiны. На маю думку, гэта ня так, наадварот: чым больш Дастаеўскi расiйскi, чым больш паддаецца, празь любоў да Расii, фобiям ды абсэсiям, тым большая ягоная роля сьведкi ўсёй iнтэлектуальнай гiсторыi апошнiх двух стагодзьдзяў. Ён жа сказаў сам: все в будущем столетии — усё ў наступным стагодзьдзi — а ў дары празорцы яму нельга адмовiць.

Адною з асноўных чытанак у сям’i Дастаеўскага была „Гiсторыя Расii Карамзiна“, i будучы пiсьменьнiк ведаў яе зь дзяцiнства. Гэты твор бачыць крынiцу велiчы Расii ў нiчым не абмежаванай уладзе манархаў. Калi Дастаеўскi быў увязьнены ў Петрапаўлаўскай цьвердзi, ён даў пiсьмовыя сьведчаньнi, дзе прадставiў свае погляды на манархiю, i яны гучаць так шчыра, што аднаго жаданьня ўратаваць уласную скуру ня стала б на тое, каб iх яму прадыктаваць. Паводле Дастаеўскага, рэвалюцыя ў Францыi была непазьбежнаю, у Расii ж нiхто ў здаровым розуме ня можа думаць пра рэспублiканскую форму кiраваньня, памятаючы пра бясслаўную, на ягоную думку, гiсторыю Ноўгараду. Масква трапiла пад татарскае ярмо ў вынiку паслабленьня ўлады князя й была ўратаваная празь яе ўзмацненьне — так, як пазьней ёй даў сiлу вялiкi шкiпэр Пётар Вялiкi.

Якiм чынам сацыялiст школы Фур’е мог так пiсаць? Можна сьпiсаць гэта на рахунак тыповае для дастаеўшчыны раздвоенасьцi, аднак мы былi б блiжэйшыя да праўды, сьцьвердзiўшы, што абедзьве гэтыя тэндэнцыi, сацыялiстычная й аўтакратычная, суiснавалi ў Дастаеўскага заўсёды, зьмянялiся адно акцэнты. Ягоны калега з гуртку петрашэўцаў Мiкалай Данiлеўскi прайшоў такую самую эвалюцыю, але як прыхiльнiк царызму й тэарэтык панславiзму ў сваiм творы „Расiя й Эўропа“ не выракаўся сацыялiстычных мараў маладосьцi, адно ўлучаў iх у сваю таталiтарную дактрыну.

Дастаеўскi мысьлiў як дзяржаўны муж. У размовах, якiя вялiся на катарзе ў Омску, найважнейшай задачаю, што стаiць перад Расiяй, ён лiчыў узяцьце Канстантынопалю. Ягоная сталая творчасьць, пачынаючы зь першага падарожжа на Захад улетку 1862 году, адрозьнiваецца тым, што калi раней ён быў мастаком, дык цяпер мастак i дзяржаўны муж працуюць у iм разам. Ягоныя кнiгi апiсваюць духоўны стан расiйскай iнтэлiгенцыi, стаюцца хронiкаю духоўных зьменаў у ёй, дзесяцiгодзьдзе за дзесяцiгодзьдзем, нават год за годам. I ставяць прынцыповае пытаньне: што гэтыя зьмены азначаюць для будучынi Расii, чым яны ёй пагражаюць? Мы ня вельмi перабольшым, калi скажам, што ёсьць у гэтых кнiгах нешта ад сьледзтва, што вядзецца нязвыкла iнтэлiгентным судовым сьледчым, якi ведае, чаго шукаць, бо сам ён i абвiнаваўца, i вiнавачаны.

Расiйская iнтэлiгенцыя ў раманах Дастаеўскага дыскутуе пра асноўныя праблемы чалавечага iснаваньня, зусiм не чужыя героям заходняга раману ў яго як асьветнiцкiм, так i рамантычным варыянце, прыкладам, у Жорж Санд. Але нiдзе больш удзельнiкi дыскусii ня ставяць пытаньняў так востра й ня робяць такiх далекасяжных высноваў. Яны драматычным чынам перажываюць тое, што Нiцшэ, равесьнiк маладога героя „Злачынства й пакараньня“ Раскольнiкава, назваў сьмерцю Бога. Прычым атэiзм — зусiм не прыватная справа асобы, ён вельмi цiкавiць улады, бо атэiст звычайна стаецца рэвалюцыянэрам, пацьвярджаючы тым самым шлях папярэднiка пакаленьняў расiйскай iнтэлiгенцыi Вiсарыёна Бялiнскага. У „Злачынстве й пакараньнi“ злачынства Раскольнiкава мае ў пэўнай ступенi заступальны характар. Ён напраўду марыць пра вялiкi рэвалюцыйны ўчынак, якi апраўдала б гiсторыя. У сваiх поглядах ды мкненьнях ён заўсёды самотны: з аднаго боку знаходзяцца ўлады, прадстаўленыя афiцэрам палiцыi Парфiр’ем, з другога — расiйскi народ. Калi ён трапляе ў сiбiрскую высылку, ягоныя таварышы ў зьняволеньнi, простыя сяляне, хочуць яго забiць, бо ён атэiст. Вось жа, ужо „Злачынства й пакараньне“ зьмяшчае формулу, iстотную для ўсёй сталай творчасьцi Дастаеўскага. Абарона й апiрышча Расii — гэта дзяржаўныя ўлады й шчыра пабожны, як верыў Дастаеўскi, расiйскi народ, iнтэлiгенцыя ж ёй пагражае. Якiм чынам пагражае, паказаў раман „Д’яблы“. Сярод узрушальных сваёй празорлiвасьцю дыягназаў у гэтым рамане, магчыма, найглыбей сягае воклiч старога вайскоўца, якi прыслухоўваўся да размовы пра тое, што Бога няма: „Калi Бога няма, дык якi зь мяне капiтан?“ Гэты чалавек улавiў сувязь памiж рэлiгiяй i крынiцамi ўлады. Ня трэба забывацца, што расiйская iнтэлiгенцыя сiлкавалася вальтэрыянствам ды развагамi пра францускую рэвалюцыю. А пакараньне Люi ХVI сьмерцю толькi сёньня здаецца адною з сэнсацыйных падзеяў, якiмi так багатая гiсторыя, анi большаю, анi меншаю ў параўнаньнi зь iншымi. У iсьце сваёй гэта быў канец парадку, якi абапiраўся на перакананьне, што кароль уладарыць, бо ён носьбiт Боскай сьвятасьцi, а нiжэйшыя ад яго кiруюць зь ягонага дазволу. З тае пары трэ было шукаць iншых крынiцаў улады — хоць бы ў змове, якой кiраваў бы адзiн чалавек, Пётар Верхавенскi, як у „Д’яблах“. Раман, якi мусiў, паводле задумы аўтара, вянчаць ягоную творчасьць, „Браты Карамазавы“, прысьвечаны бунту сыноў супраць бацькi. Прытым ставiцца пытаньне: цi той факт, што бацька злы й амаральны, аўтаматычна зрынае ягоны аўтарытэт? Iван Карамазаў адказвае на яго станоўча й робiць гэты адказ асноваю для бунту як супраць бацькi, так i супраць Бога-Айца. „Браты Карамазавы“ ў iсьце сваёй — гэта трактат пра тое, як расiйская iнтэлiгенцыя зрынае аўтарытэт Бога-Айца, цара-бацюхны й бацькi сям’i.

Заходнiя iнтэлектуалы, пiшучы пра Дастаеўскага, увесь час зьдзiўляюцца, што чалавек, якi так глыбока пранiкаў у псыхiку сваiх герояў, мог мець такiя рэакцыйныя погляды. Яны спрабуюць адсунуць гэтыя погляды з поля зроку, у чым дапамагае гiпотэза пра полiфанiзм раману Дастаеўскага. Але яны не заўважаюць розьнiцы памiж iмi й гэтым расiйскiм пiсьменьнiкам. Нiводзiн зь iх у сваiх досьледах цi раманах не абiрае цэнтрам увагi клопат пра iнтарэсы дзяржавы. Наадварот, эмацыйна яны на баку тых герояў, што хочуць зрынуць iсны парадак. Для Дастаеўскага ж Расiя як дзяржава азначала ня толькi пэўную тэрыторыю, заселеную расiйцамi. Ад Расii залежала будучыня сьвету: ад таго, цi будзе яна заражаная заходнiмi iдэямi атэiзму й сацыялiзму, як ужо заразiлася яе iнтэлiгенцыя, i цi здолеюць царызм ды пабожны расiйскi народ уратаваць яе, паклiканую выратаваць чалавецтва. Алёша Карамазаў у далейшых тамох няскончанага раману мусiў прадставiць сабою новы тып дзеяча, што працуе ў гармонii з народнаю верай.

У сваёй славянафiльскай iдэалiзацыi расiйскага народу Дастаеўскi памылiўся. Але ён не знаходзiў нiводнай iншай надзеi, і дылема ўяўлялася ясна: калi сьвятая Расiя ня здолее ўчынiць супрацiву, iнтэлiгенцыя зробiць зь ёй тое, што героi „Д’яблаў“ пачалi зьдзяйсьняць у маштабе аднаго правiнцыйнага места. У доўгай гiсторыi рэцэпцыi Дастаеўскага ў розных краiнах, асаблiва калi ход пра разуменьне ягоных намераў, неабходна згадаць групу расiйскiх фiлёзафаў, што пiсалi на пачатку ХХ стагодзьдзя, перадусiм iхныя працы, зьмешчаныя ў зборнiках Вехи (1908) ды Из глубины (1918). Паводле iх, нэгатыўныя прароцтвы Дастаеўскага пачалi спаўняцца. Можна сказаць, што гэта й не павiнна зьдзiўляць, бо яны былi працiўнiкамi рэвалюцыi. Але ж думка пра спаўненьне прароцтваў Дастаеўскага была распаўсюджаная таксама сярод рэвалюцыянэраў i 1905, i 1917 гадоў. Аматарам раману „Д’яблы“ быў першы пасьля кастрычнiцкай рэвалюцыi камiсар асьветы Луначарскi.

Цяжка ня бачыць у Дастаеўскiм прарока расiйскай рэвалюцыi, — пiсаў у 1918 годзе Мiкалай Бярдзяеў. — Расiйская рэвалюцыя прасякнутая тымi прынцыпамi, якiя прадчуваў Дастаеўскi й якiм даў генiяльна празорлiвы дыягназ. Дастаеўскаму дадзена было да глыбiняў пранiкнуць у дыялектыку расiйскай рэвалюцыйнай думкi й выцягнуць зь яе канчатковыя высновы. Ён не застаўся на паверхнi грамадзка-палiтычных iдэяў ды структураў, ён сягнуў углыбкi й выявiў тую праўду, што расiйская рэвалюцыя — гэта зьява мэтафiзычная й рэлiгiйная, а не палiтычная й грамадзкая. Так яму ўдалося праз рэлiгiю дайсьцi да iсты расiйскага сацыялiзму.

Расiйцы разумелi палiтычны клопат Дастаеўскага, бо, як i ён сам, мысьлiлi дзяржаўным чынам, то бок надавалi вагi наступствам той альбо iншай iдэi з гледзiшча быцьця дзяржавы — цi то рэвалюцыйнай, цi то антырэвалюцыйнай. Iхных жа заходнiх калегаў займала асоба, а ня Францыя, Англiя альбо Амэрыка. Што праўда, сярод iх цягам ХХ стагодзьдзя распаўсюдзiлася перакананьне, што абачлiвы чалавек успрымае iсны грамадзкi — капiталiстычны — лад як пераходны й пацiху чакае яго канца. Дзiўнае падабенства постацяў расiйскай iнтэлiгенцыi, апiсаных Дастаеўскiм, i постацяў заходнiх iнтэлектуалаў, што зьявiлiся на сто гадоў пазьней, вядзе да высновы, што неспакой пра будучыню Расii дазволiў расiйскаму пiсьменьнiку апiсаць зьяву вялiзарнага маштабу — як у прасторы, так i ў часе.

Тэрмiн „заходнiя iнтэлектуалы“, несумнеўна, занадта агульны, што можа прывесьцi да непаразуменьня. Але калi выбраць постаць, што зьбiрала б у сабе рысы, якiя звычайна асацыююцца з гэтым тэрмiнам, мы б знаходзiлiся на больш пэўным грунце. Такая постаць iснуе: гэта Жан-Поль Сартр, званы некалi Вальтэрам ХХ стагодзьдзя. Што ў iм уражвае, дык гэта тая самая, што i ў ягоных расiйскiх папярэднiкаў, незвычайная iнтэнсыўнасьць у абмяркоўваньнi iдэi. Эўрапейскi разумовы пераварот, што пачаўся ў ХVI стагодзьдзi, сягнуў Расii iз значным спазьненьнем, i адукаваныя расiйцы цягам колькiх дзесяцiгодзьдзяў засвоiлi iдэi, якiя ў Заходняй Эўропе паступова фармавалiся цягам колькiх стагодзьдзяў. Адсюль, мабыць, выключная сiла ды зьедлiвасьць гэтых iдэяў, якiя, да таго ж, не траплялi на глебу добра разьвiтага шматфункцыянальнага грамадзкага арганiзму. З прычынаў, вартых асобнага аналiзу, у ХХ стагодзьдзi ў краiнах Захаду ўзьнiк спэцыфiчны вакуум, у якiм быў замкнуты iнтэлектуал, што снаваў свае канцэпцыi па-за якiм-колечы кантролем з боку простых сьмяротных. Акурат як у Дастаеўскага, дзе Раскольнiкаў цi Iван Карамазаў засталiся сам-насам iз сваiм мысьленьнем. Жан-Поля Сартра з гэтымi героямi зблiжае ня толькi iнтэнсыўнасьць, але й таксама абстрактнасьць ягонай думкi.

Цi ж ня дзiўна, што ў здаўна вальнадумнай Францыi, у краiне, якая шмат бачыла й на самыя прынцыповыя спрэчкi рэагавала адно пацепваньнем рамёнаў, сьмерць Бога раптоўна стаецца справаю такою балючаю, якою была калiсьцi для маладых расiйцаў, што зацята дыскутавалi пры гарэлцы? Бо для францускага экзыстэнцыялiзму, ад якога — iзноў аналёгiя — адбываецца пераход да абавязковага дзеяньня, якое мусiць зьмянiць сьвет, несумнеўна, што чалавек, пазбаўляючы Бога ягонага пасаду, сам стаецца Богам i павiнен давесьцi сваю адказнасьць учынкамi.

Разьдзел пад назваю „Сартр як герой Дастаеўскага“, напэўна, адкрываў бы цiкавыя пэрспэктывы. Трэ было б таксама ўвесьцi тут матыў сваяцтва некаторых аспэктаў фiлязофii Сартра й фiлязофii самога Дастаеўскага. Я маю на ўвазе перадусiм слаўназнанае пекла — гэта iншыя Сартра, то бок пытаньне пра стасункi памiж суб’ектам i iншымi людзьмi, таксама суб’ектамi: асобны чалавек iмкнецца здабыць уладу над iншымi, ператварыць iх у аб’екты, а паколькi, гледзячы на iх, бачыць у iхных вачох тое самае жаданьне ператварыць яго ў аб’ект, iншыя стаюцца для яго пеклам. Гэта дакладна праблематыка гонару й прынiжэньня ў Дастаеўскага. Калi Сартр пiсаў L’Etre et le Nйant (у 1943 годзе), ён ня мог ведаць кнiгi Бахцiна пра паэтыку Дастаеўскага, дзе справа прадстаўленая дакладна. А экзыстэнцыйны псыхааналiз у гэтым творы Сартра акурат супадае з высновамi Бахцiна, нягледзячы на тое, што Сартр сваiх сувязяў з расiйскiм раманiстам не ўсьведамляе.

Спэцыфiчныя рысы расiйскага жыцьця ў ХIХ стагодзьдзi, магчыма, замiнаюць вызначыць праблемы, якiя турбавалi тагачасную iнтэлiгенцыю, як дагэтуль актуальныя, але ж Сартр у сваiх пошуках вольнасьцi насьледуе герою „Запiсак з падмосьця“, той постацi, якая распачынае сэрыю вялiкiх фiлязафiчных маналёгаў у Дастаеўскага. У сваю чаргу гегельянства, прывезенае ў Францыю ў дзевяцьсот трыццатыя гады расiйцам Аляксандрам Кажэвам, то бок Кажэўнiкавым, якое так станоўка ўплывае на Сартра, ужо ляжыць у аснове развагаў Раскольнiкава пра вялiкiх людзей, якiх абязьвiньвае гiсторыя, калi яны служылi ёй. Утаймаваны рэвалюцыянэр, што ў тапаграфii Пецярбургу асаблiвую ўвагу аддае пляцу, дзе адбыўся няўдалы бунт дзекабрыстаў, Раскольнiкаў, натуральна, зрабiў бы лепей, калi б замест бессэнсоўнага забойства лiхвяркi аддаўся справе рэвалюцыi, але ў шасьцiдзясятыя гады, калi адбываюцца падзеi раману, для гэтага яшчэ зарана й трэ было чакаць да 1870-х гадоў, чакаць постацi Нячаева — Пятра Верхавенскага з „Д’яблаў“. Што ж да Iвана Карамазава, якi праводзiць найпрынцыповейшы досьлед амаральнасьцi Бога ў iмя прамэтэеўскiх абавязкаў чалавека, дык гэта таксама асяродак думкi й творчасьцi Сартра.

„Што рабiць?“ Гэтая назва раману Чарнышэўскага паказальная для расiйскай iнтэлiгенцыi ХIХ веку й магла б таксама стацца максымаю для нястомнай дзейнасьцi Сартра. Ён увесь час быў у пошуках une cause, якой мог бы аддаць свае сiлы. Усе гэтыя causes аб’ядноўвала надзея зрынуць iсны лад, якi б заступiў iншы лад, хаця наконт таго, якi гэта быў бы лад, Сартр увесь час мяняў думку. Было нешта камiчнае й патэтычнае ў тым, як ён зьвязваў надзею ўсякi раз з новаю краiнай i заўсёды расчароўваўся: Савецкi Саюз, Югаславiя, Куба, Кiтай, — каб урэшце з маладымi гашыстамi раздаваць на вулiцах улёткi. У гэтай увесьчаснай сваёй патрэбе новых адказаў на пытаньне „што рабiць?“ Сартр зусiм ня быў iзаляваны, наадварот, ён можа выступаць прыкладам гэтага самага неспакою для тысячаў iнтэлектуалаў ды паўiнтэлектуалаў.

Цяжка ня ўгледзець у гэтым паляваньнi на прадыктаваныя актуальнасьцю causes фэномэну ўнутранай паражнечы, якая мусiць быць запоўненая пачуцьцём бескарысьлiвага мкненьня да той цi iншай шляхетнай мэты. Такiм самым чынам героi Дастаеўскага вырваныя з той тканiны штодзённага жыцьця, якая iхнаму меней кемлiваму атачэньню забясьпечвае спакой малых iмкненьняў ды малых дасягненьняў. Рэлiгiя ды абрадавы каляндар iх зусiм не абыходзяць, традыцыйная мараль адкiнутая, абагачэньне як мэта для iх гiдкае й безвынiковае, грошы можна здабыць злачынствам, у вынiку зьбегу акалiчнасьцяў, атрымаўшы спадчыну, гульнёю ў рулетку, лiхвярствам — i нiколi працаю. Засталая Расiя паддаецца пэўнаму абычайнаму рытму, яны ж замкнутыя ў зачараваным коле сваiх думак i аддаюцца летуценьням пра сваю выняткавую ролю патэнцыйных збаўцаў чалавецтва. Iх кранула хвароба недастатковасьцi жыцьця, i Дастаеўскi спрабуе назваць гэтае taedium vitae, асаблiва ў моцных асобаў, што паклiканыя да працы, але ж праз надмер сузiральнасьцi да яе няздольныя, як Сьвiдрыгайлаў цi Стаўрогiн.

Напэўна, гэтая хвароба, што ў нашым стагодзьдзi па меры прагрэсу адукацыi набывае масавы характар, дагэтуль ня мае досыць дакладнага дыягназу. Яе прычыны, як падаецца, трэба шукаць у паслабленьнi пэрцэпцыi быцьця альбо таксама ў канцэпцыi быцьця як абсурду. Кашмары, якiя наведваюць Сьвiдрыгайлава альбо Стаўрогiна, можна было б зьвесьцi да La Nausйe, як называецца раман Сартра, створаны шчэ да ягоных шматлiкiх рэвалюцыйных захапленьняў. L’кtre-en-soi, то бок увесь пазачалавечы сьвет, не абуджае ў Сартра пачуцьця пiэтызму й захапленьня, як раней, да прыкладу, у Гётэ, наадварот, цiсьне на яго сваёй нястачаю сэнсу й змушае шукаць паратунку ў сфэры чалавечай дзейнасьцi. Вось жа, гэта мэтафiзычнае пытаньне. Шмат хто зь сёньняшнiх хрысьцiянаў зьдзiвiўся б, калi б яму сказалi, што Вальтэр ХХ веку ня толькi станавiў сабою ўзор для iнтэлектуалаў, варожых рэлiгii, але й прадказаў зьмены, што адбываюцца ўнутры цэркваў. Бо калi цэрквы з пэўнага часу старанна шукаюць шляхетных грамадзкiх causes, якiм маглi б служыць, гэта адбываецца, мабыць, таму, што ў адчуваньнi i царкоўнай

гіерархii, i вернiкаў мэтафiзычны бок хрысьцiянства выпараецца, пакiдаючы па сабе адно шэраг прадпiсаньняў, што тычацца людзкога суiснаваньня.

У Дастаеўскага прадстаўнiкi iнтэлiгенцыi цi то жывуць у падмосьцi, цi то выразна процiпастаўляюць сябе грамадзтву. Раскольнiкаў ня лiчыць сваёй вiною забойства лiхвяркi ды яе сястры, вiною ён лiчыць сваю слабасьць, у вынiку якой грамадзтва ўзяло над iм верх. Па першым, сэнтымэнтальным кругабегу свайго пiсьменства, калi ягонымi героямi былi бедныя людзi, Дастаеўскi ўводзiць падзел на тых, што разумеюць, i iншых, што знаходзяцца на нiжэйшай ступенi сьвядомасьцi, i адно гэтыя першыя яго захапляюць, ажно да траха не iдэнтыфiкацыi, што напалохала яго самога, з Iванам Карамазавым ды ягонаю аповесьцю пра Вялiкага Iнквiзытара. На жаль, трэба сьцьвердзiць, што падзел на далучаных i рэшту суцэльна iстотны для прадаўжальнiкаў гэтае расiйскае дыхатамii ў нашыя часы. Магчыма, неасьцярожнасьцю з боку Сымоны дэ Бавуар, спадарожнiцы Сартра, была назва раману пра iхны асяродак — Les Mandarins. Ня будзе вялiкiм перабольшаньнем,

калi мы скажам, што пачуцьцё прыналежнасьцi да абраных вельмi падбадзёрвае; да абраных, то бок тых, што пранiкаюць у таямнiцу гiстарычнага працэсу й ведаюць будучыню. Тады iх яднае ўжо ня вера, а веда, асаблiвы gnosis, якi дазваляе абвяшчаць выказы, выводзячы iх зь нiбыта непахiсных пасылак, бяз клопату пра адчувальную, але ж занадта прыземленую для фiлёзафа рэчаiснасьць.

Што азначае гэтая асаблiвая мутацыя герояў Дастаеўскага, рысы якiх мы можам угледзець у iншым грамадзтве ды iншай эпосе? Калi расiйская iнтэлiгенцыя сталася папярэднiцаю iнтэлiгенцыi эўрапейскай ды амэрыканскай, дык у чым? Чаму экспарт — бо ўсё, чым жывiлася адукаваная Расiя, улучна зь лiтаратурнымi ўзорамi Дастаеўскага, было экспартам зь Нямеччыны, з Францыi, з Англii — чаму экспарт спрычынiўся да будовы такога люстра? Мы прызвычаiлiся лiчыць, што грамадзтвы, калi яны падобныя адно да аднаго сваiмi формамi гаспадаркi, ладу, грамадзкага расслаеньня, знаходзяць таксама аналягiчныя сродкi выражэньня ў фiлязофii, у лiтаратуры, у мастацтве. Гэтае перакананьне належыць да той часткi марксiсцкае спадчыны, якая сталася агульнаю ўласнасьцю. Чым аднак царская Расiя, зь яе падзелам жыхароў на касты, што запiсвалiся ў дзяржаўных рэестрах, з скрайняю цэнтралiзацыяй улады, зь вялiзарнаю непiсьменнаю сялянскаю масай, можа нагадваць разьвiтыя краiны Захаду другой паловы ХХ стагодзьдзя? Няўжо, як я ўжо згадваў, на Захадзе аж да гэтага часу не было адпаведнiка расiйскай iнтэлiгенцыi, то бок спэцыфiчнага слою, што аддзелены ад звычайных сьмяротных, пакутуе з гэтае нагоды й прызначае сабе асаблiвую прамэтэеўскую ролю? Альбо трэба папросту прыняць тэзу, што iдэi маюць сваё аўтаномнае жыцьцё й што яны iстотнейшыя за розьнiцу ў гаспадарцы ды ладзе? Калi было так, разбурэньне мэтафiзычнага падмурку як улады, так i iндывiдуальнай этыкi, тое, што Нiцшэ назваў сьмерцю Бога, доўгi час было на Захадзе добра ведамае, але ж знаходзiлася ў ценi, бо сама складаная praxis гаспадарчага росту адсоўвала ўбок такiя праблемы. У пэўны момант яны раптам выйшлi на паверхню, што супала з крызысам парлямэнтарызму.

Дзейнасьць у шасьцiдзясятыя й сямiдзясятыя гады такiх тэрарыстычных групаў, як The Weatherman альбо Symbionese Army ў Злучаных Штатах, „Чырвоных Брыгадаў“ у Iталii й г.д. азначае, такiм самым чынам як у „Д’яблах“, што пад сумнеў пастаўленая правамоцнасьць улады. Там, у Расii, група Нячаева, працэс якой даў Дастаеўскаму матэрыял для раману, адрынула правамоцнасьць манархавай улады i ўсёй сыстэмы, што абапiралася на яе сакральнасьць. Тут, на Захадзе, прыйшла чарга ўлады, сфармаванае выбарамi. Натуральна, рэвалюцыянэры ведаюць праўдзiвую волю народу, што адрозьнiваецца ад волi ўяўнай, якая сябе не ўсьведамляе, i дзеюць у iмя гэтай праўдзiвай волi.

Фантастычнае падабенства матывацыяў гэтых групаў з матывацыямi, якiя мы знаходзiм у „Д’яблах“, — таксама як i значная розьнiца (трэба ўлiчваць ролю сродкаў масавай iнфармацыi) — не спакусiлi, бадай што, нiводнага раманiста, i гэта, магчыма, даводзiць, што раман перастаў рэагаваць на падзеi, якiя адбываюцца ў сфэры грамадзкага жыцьця, занураючыся ў скрайнюю суб’ектыўнасьць. Дастаеўскi ж пiсаў „Д’яблаў“ па гарачых сьлядох, калi яшчэ цягнуўся працэс групы Нячаева. Аднак ёсьць таксама iншае тлумачэньне таго, што лiтаратура не цiкавiцца здарэньнямi, якiя так цi йнакш маюць вялiкую значнасьць. Дастаеўскi думаў пра будучыню Расii й небясьпеку, якая ёй пагражае, думаў як абаронца ладу, як, дазволiм сабе такi выраз, добры пракурор. Ягоны раман адразу ж па сваiм зьяўленьнi абурыў прагрэсiўную iнтэлiгенцыю як пасквiль на рэвалюцыйны рух, бо сымпатыi асьвечанай грамадзкай думкi схiлялiся да маладых бунтаўнiкоў рознага кшталту, якiх атачаў нiмб гераiзму ды пакутнiцтва й працэсы якiх успрымалiся як перасьлед з боку самога ладу. Раманiст, якi б сёньня абраў сваёй тэмаю зьедлiвы аналiз мысьленьня й дзейнасьцi нейкай тэрарыстычнай групы, рызыкаваў бы пачуць дакор у прыхiльным стаўленьнi да iснага ладу, што сярод людзей пэўнага iнтэлектуальнага роўню лiчыцца недаравальным грахом. Зьвернем увагу, што абгрунтаваньне тэрарыстычнай дзейнасьцi давалi творы фiлёзафаў Жан-Поля Сартра, Гербэрта Маркузэ ды iншых, — дзейнасьцi як у памерах дзяржавы, прыкладам, генацыду, зьдзейсьненага ў Камбоджы выхаванцамi Сарбоны, так i на роўнi сеткi падмосьцевых арганiзацыяў. Вось жа, цяжка, калi так шмат людзей iнтэлекту тайна альбо яўна спачуваюць тэрарызму, наважыцца на яго ўсебаковую, але нэгатыўную выяву, як гэта зрабiў Дастаеўскi ў „Д’яблах“. Дарэчы, свайго часу Дастаеўскi таксама мусiў выбiвацца з абавязковых для iнтэлiгенцыi канонаў. Мы дарэмна б шукалi такiя канцэпцыi ў творчасьцi пiсьменьнiкаў кшталту Чарнышэўскага. Варта, такiм чынам, адысьцi ад прынятай думкi, нiбыта генiй сышоў на Дастаеўскага, нягледзячы на яго рэакцыйныя перакананьнi. Хутчэй, праўдзiвым аказваецца адваротнае сьцьверджаньне: ён быў вялiкiм пiсьменьнiкам, таму што меў нешта кшталту яснабачаньня, а дарам гэтым быў абавязаны сваёй рэакцыйнасьцi.

Ужо цытаваны мною Мiкалай Бярдзяеў угледзеў у Дастаеўскiм разуменьне працэсаў, якiя сягаюць глыбей за палiтыку й грамадзкiя стасункi. Дастаеўскi цудоўна выявiў анталягiчныя наступствы фальшывых iдэяў, — пiша ён. — Дастаеўскi прадбачыў, што расiйская рэвалюцыя будзе змрочнай, лютай ды злавеснай i не прынясе народу адраджэньня. Ён ведаў, што галоўную ролю ў ёй будзе граць разбойнiк Федзька Катаржны, а перамогу атрымае Шыгалеў. Натуральна, мы ня можам сёньня не спытацца ў сябе, цi ня мае ў сабе дыягназ Дастаеўскага, што пачынаўся iз страху за Расiю, прароцтваў, якiя датычаць i Захаду. Можна зь лёгкасьцю прыняць канцэпцыю, да якой, зрэшты, схiляецца эвалюцыянiзм, што выкладаецца ў школах ды ўнiвэрсытэтах: iснуюць заканамернасьцi гiстарычнага развою, i падабенства расiйскай iнтэлiгенцыi ХIХ веку да сёньняшняй iнтэлiгенцыi на Захадзе належыць менавiта да такiх заканамернасьцяў, якiя даюць у вынiку там заняпад царызму, а тут блiзкi заняпад ладу, што абапiраецца на вольныя выбары. У выказваньнях герояў Дастаеўскага не было месца дэмакратыi. Раскольнiкаў верыў у дыктатарскае кiраваньне вялiкiх людзей, тэарэтыкам рэвалюцыйнай групы ў „Д’яблах“ стаецца пасьлядоўны ў сваёй абароне паўсюднага рабства Шыгалеў, магутны ж розум фiлёзафа Iвана Карамазава абiрае Вялiкага Iнквiзытара абаронцам людзей, якiя не заслугоўваюць нiчога лепшага, бо яны неслухмяныя дзецi й, пакiнутыя самi, ня здолелi б кiраваць. У iсьце сваёй la volontй gйnйrale Русо не зьмяшчаецца ў гарызонтах гэтых мройцаў. Агiдаю да дэмакратыi, якая iмi атаесамляецца зь мяшчанскаю пасярэднасьцю, яны нагадваюць самога Дастаеўскага, у якога швайцарскi кантон Уры асацыюецца ў „Д’яблах“ з самагубствам Стаўрогiна, а Амэрыка ў „Злачынстве й пакараньнi“ — з самагубствам Сьвiдрыгайлава.

ХIХ стагодзьдзе на Захадзе жыве трыюмфам новай iдэi: людзi як крынiцы ўлады, калi ўжо — пасьля пакараньня Люi ХVI сьмерцю — не iснуе iншай крынiцы, дадзенай Богам. Антыманархiзм стаецца часткаю вызвольнай рыторыкi. У Злучаных Штатах, якiя паўсталi з бунту супраць аўтарытэту караля Англii, равесьнiк Дастаеўскага Ўолт Уiтмэн пiша вершы, якiх нiколi не было, вершы грамадзянiна, роўнага сярод роўных. Можна зьдзiўляцца хуткасьцi, зь якой увесь гэты кiрунак набiрае моц i занепадае, саступаючы месца ў наступным стагодзьдзi зьедлiвым кпiнам з вольных выбараў, са склiканых iмi заканадаўчых палатаў, а таксама зь незалежнага судовага апарату. Абiраючы за мадэль Жан-Поля Сартра, мы знойдзем у iм пераход да iншай рыторыкi, рыторыкi Рэвалюцыi, якая адрозьнiваецца тым, што чыста абмiнае праблемы крынiцаў веды, i гэта на практыцы вядзе да дыктатуры нешматлiкiх далучаных, што дзеюць нiбыта ад iмя народу, а асобны чалавек пазбаўлены той аховы, якую давалi незалежныя суды.

Вось жа, ад дэмакратыi адмовiлiся найбольш прадстаўнiчыя iнтэлектуалы, як некалi ад царызму адмовiлася расiйская iнтэлiгенцыя. Ёсьць спакуса зрабiць адсюль высновы на будучыню, аднак тут iснуе i небясьпека паддацца адно ўяўным вiдавочнасьцям. Расiйская iнтэлiгенцыя была iзаляваная сярод непiсьменных сялянскiх масаў, якiя прыводзiлi яе ў роспач сваёй iнэрцыйнасьцю. Прыгода, што здарылася ў асяродзьдзi Дастаеўскага часоў яго маладосьцi, мае тут ня толькi анэкдатычнае значэньне. Петрашэўскi, заснавальнiк гуртку, за ўдзел у якiм Дастаеўскi трапiў у Сiбiр, за нейкi час да гэтага заснаваў для сваiх сялянаў узорны фалянстэр паводле рэцэпту Фур’е. Сяляне спалiлi будынак фалянстэру.

Iзаляцыя iнтэлектуала ў ХХ стагодзьдзі мае iншы характар. Часопiс Сартра Les Temps Modernes сутыкаўся з публiкаю, якая магла яго чытаць, але не хацела, аддаючы перавагу iлюстраваным выданьням, комiксам, тэлебачаньню. Усеагульная прага спажываньня, посьпехi мэдыцыны, permissive society стваралi сабою зусiм новыя рэалii, фармуючы гатунак мяккай субстанцыi, супраць якой скiраваныя пёры iнтэлектуалаў ды бомбы тэрарыстаў. I менавiта гэтая субстанцыя падаецца нечым трывалым, чаму няма канца.

Незалежна ад усiх аналёгiяў, адрозьненьнi памiж Расiяй Дастаеўскага й сёньняшнiм Захадам напраўду вельмi сур’ёзныя й датычацца таксама гiстарычнай мiнуўшчыны асобных тэрыторыяў, заўсёды прысутнай і дзейнай па сёньня. Функцыя пiсанага слова й iдэяў, якiя гэтым словам перадаюцца, была ў Расii заўсёды iншая, чым у заходнiх краiнах. Гэтая складанасьць сацыяльнага арганiзму, якая, у адрозьненьне ад Расii, дзе яе не было, на Захадзе паглынала й усмоктвала ўсялякiя атруты, па-ранейшаму iснуе, прымаючы, як падаецца, усё менш iдэалягiчны выгляд.

Актуалiзацыя праклятых пытаньняў, зь якiмi змагаюцца героi раманiста з занядбанай Расii, у ХХ стагодзьдзi супярэчыць усяму, што мы ведаем пра заканамернасьцi гiсторыi. Магчыма, пошук знакаў заўтра ў настолькi нечаканай зьяве быў бы памнажэньнем парадоксу на парадокс. Тым ня менш, нiдзе няма такога апiсаньня асноўных праблемаў ды канфлiктаў ХХ стагодзьдзя, як у „Легендзе пра Вялiкага Iнквiзытара“ Дастаеўскага. Расiйскiя аматары пiсьменьнiка лiчылi, што гэты тэкст роўны сiлай Эвангельлю й Аб’яўленьню сьв. Яна, то бок так глыбока пранiкае ў чалавечую iсту, што нiколi ня страцiць актуальнасьцi. Аднак яго апакалiптычныя рысы маглi адно шакаваць у век, калi ён быў напiсаны, у век не апакалiптычны, а, наадварот, поўны веры ў Прагрэс. Тое, што першым чытачом падавалася адно жудаснаю й няяснаю фантазiяй, для нас набыло выразнасьць датыкальных рэчаў. Бо Вялiкi Iнквiзытар у гэтай прыпавесьцi выступае як той, хто ведае, што чалавек ня ўмее быць вольным, што чалавек — гэта шанавальнiк багоў, а калi няма багоў, дык пакланяецца стодам i ў iмя iх здольны на найжахлiвейшыя лютасьцi. Чалавек прагне аўтарытэту й баiцца вольнага выбару. Ён слабы й подлы, — кажа Iнквiзытар. — Што з таго, што цяпер ён паўсюль бунтуе супраць нашай улады й ганарыцца гэтым бунтам? Гэта гонар дзiцяцi й шкаляра. Гэта маленькiя дзецi, якiя збунтавалiся ў клясе й прагналi настаўнiка. Але прыйдзе канец i захапленьню дзiцятак, яно будзе iм дорага каштаваць. Яны зрынуць сьвятынi й залiюць зямлю крывёю. Але ж яны ўрэшце сьцямяць, дурныя дзецi, што хоць яны й бунтаўнiкi, ды бунтаўнiкi нязмоглыя й няздольныя вытрымаць уласнага бунту. У гэтай фармулёўцы зьмешчана так шмат, што тэкст амаль немагчыма разблытаць: Дастаеўскi як прыхiльнiк аўтакратычнай улады цара й вораг рэвалюцыянэраў няўгледна пераходзiць у Дастаеўскага, якi мае прэтэнзii да Хрыста за тое, што той не заснаваў Валадарства Божага на зямлi. Бадай што найважнейшая выснова легенды — гэта сьцьверджаньне, што людзi занадта мiзэрныя, каб змагчы падняцца па-над правамi Прыроды, яна ж знаходзiцца пад кантролем вялiкага духу нябыту, то бок д’ябла, i таму той, хто хоча людзьмi кiраваць, мусiць прыняць тое самае рашэньне, што й Вялiкi Iнквiзытар, гэта значыць — зь iм супрацоўнiчаць.

 
Пераклаў з польскай Андрэй Хадановiч паводле
Kultura, 1-2/1983.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList