Балканы |
Ягор Новiкаў
|
Але гiсторыя ведала i iншыя прыклады садружнасьцi памiж выдатнымi асобамi i iдэямi. Шмат разоў бывала, што нейкiя iдэi i вучэньнi ўзьнiкалi iмгненна ў адказ на крызысы грамадзтва як рэцэпты хуткага вырашэньня пэўных праблем. Самi сабою не былi яны здольныя нi праiснаваць доўга, нi прынесьцi нейкiх значных гiстарычных, грамадзкiх цi культурных зьмен. Яны нават не маглi адваяваць у традыцыйных поглядаў месца ў грамадзкай сьвядомасьцi. Але часам, пастаўленыя воляй Фартуны ў спрыяльныя ўмовы i ўзьнятыя на шчыт выключна таленавiтымi правадырамi, яны давалi выдатныя прыклады дзяржаўнага i культурнага будаўнiцтва. Урэшце, няздольныя да разьвiцьця, яны падалi, цягнучы за сабой краiны i народы. I ўсё ж самой сваёй непадобнасьцю да традыцыйных гiстарычных i культурных узораў чалавецтва, самой прывiднасьцю свайго iснаваньня i падманлiвым бляскам яны стваралi мiты, здольныя ашукаць адных i стаць гатовай прынадай для iншых. |
Адным з такiх мiтаў стала пасьляваенная Югаславiя, створаная генiем Ёсiпа Броз Цiта, якая забясьпечыла дабрабыт i мiрнае iснаваньне некалькiх малапрыхiльных адзiн да аднаго народаў, але пасьля ягонае сьмерцi распалася зь вялiкiм кравапралiцьцем i войнамi. Тым ня менш, яна пасьпела зьявiць узор дзяржаўнага панславiзму i ўзмацнiць агонь панславiзму ў iншых краiнах, населеных славянамi. Гэты мiт мы паспрабуем апiсаць у гэтай гiсторыi: якiм чынам Югаславiя ўзьнiкла i расквiтнела i чаму непазьбежна мусiла пасьцi. Мы ня пiшам гiсторыi Югаславii цi жыцьцяпiсу Ёсiпа Броз Цiта i таму адразу зазначым, што будзем згадваць толькi тыя падзеi i факты, якiя маюць непасрэднае дачыненьне да мiту панславiсцкае Югаславii. Чалавек, якому было наканавана аб’яднаць народы паўднёвых славянаў i дасягнуць вяршынь улады, Ёсiп Броз, пазьней вядомы пад мяном Цiта, нарадзiўся ў 1892 годзе ў харвацкай вёсцы Кумравец, недалёка ад мяжы са Славенiяй, якая, як i Харватыя, уваходзiла тады ў склад Аўстра-Вугорскае iмпэрыi. Ён быў адным з пятнаццацёх дзяцей харвацкага каваля Франьё i славенскае сялянкi Марыi i дзяцiнства сваё правёў у беспрасьветнай нэндзе i галечы. Ад малых год спазнаўшы беднасьць, Ёсiп iмкнуўся да заможнага жыцьця, але мары яго сягалi далей за жаданьнi звычайнага сялянскага хлопца. Ён марыў аб шыкоўных палацах, дарагiх аўтамабiлях i прыгожых строях. Таксама яго неадступна вабiлi жанчыны. Трэба сказаць, што такая ўвага да радасьцяў жыцьця рабiла Ёсiпа вельмi прывабным i прыцягальным чалавекам i надзейна ахоўвала яго ад агiдных скрайнасьцяў. Нават ува ўладзе ён быў нязьмерна далёкi як ад збытэчнае прагi асалоды даўнiх Нэрона i Калiгулы, што загубiла iх самiх i атруцiла рымскую грамаду, так i ад iлжывага аскетызму ягоных сучасьнiкаў Сталiна i Гiтлера, гатовых кiнуць сваiх падданых у жабрацтва ў iмя цьмяных iдэалаў. Дамогшыся прыемнага жыцьця для сябе самога, ён не перашкаджаў у гэтым i югаслаўскiм абываталям. У пошуках лепшае долi Ёсiп зьмянiў шмат заняткаў. Частыя перамены разьвiлi ў iм надзвычайнае ўменьне сыходзiцца з новымi людзьмi i заваёўваць сяброў. Нават свае слабасьцi, як залiшнюю ўвагу да свайго выгляду i схiльнасьць да раманаў з жанчынамi, ён умеў ператвараць у вартасьцi, бо ставiўся да iх з гумарам i ўмеў дараваць iншым тое, што дараваў сабе. Ад гэтых самых часоў iшла i выключная здатнасьць Ёсiпа Броз да дасягненьня кампрамiсаў, што дапамагала яму ў далейшай дзяржаўнай дзейнасьцi шчасьлiва праводзiць свой карабель у найвузейшыя пратокi памiж небясьпечнымi палiтычнымi рыфамi. Перамены працы супадалi ў яго зь пераменамi месцаў. У свой час ён пасьпеў пажыць у сталiцы Харватыi Загрэбе, славенскай Любляне, Празе i Вене. Пад час сваiх падарожжаў ён вывучыў нямецкую i чэскую мовы. Усё гэта ў спалучэньнi зь мяшаным харвацка-славенскiм паходжаньнем напоўнiла яго сьвядомасьць новым касмапалiтызмам i дазволiла пазбыцца местачковасьцi, што так уласьцiвая многiм балканскiм i ня толькi балканскiм дзеячам. Пад час першае сусьветнай вайны Ёсiп Броз быў рэкрутаваны ў аўстра-вугорскае войска. Ён стаў камандзiрам узводу, ваяваў напачатку на сэрбскiм, а тады на расейскiм фронце i быў узнагароджаны. У 1915 годзе ён быў цяжка паранены i ў непрытомным стане ўзяты ў расейскi палон, дзе прабыў да 1920 году. Калi ён вярнуўся дадому, большасьць паўднёваславянскiх земляў была аб’яднаная ў Каралеўства Сэрбаў, Харватаў i Славенцаў, надалей перайменаванае ў Югаславiю. Дома ў Харватыi Ёсiп Броз пазнаёмiўся зь мясцовымi камунiстамi, стаў сябрам партыi i заняўся падпольнай дзейнасьцю. Тамсама ён атрымаў мянушку Цiта, якая стала яго другiм iменем назаўсёды. Да канца жыцьця ён так i ня стаў сапраўдным камунiстам, а многiя iншаземцы называлi пазьнейшую Цiтаву Югаславiю дзiўнай формай сацыял-дэмакратыi. Мы думаем, што далучэньне яго да камунiстычнае партыi было формай пратэсту супраць югаслаўскае рэчаiснасьцi 20-х гадоў i праявай iмкненьня да ўлады. Як то нi было, Цiта актыўна браў удзел у дзейнасьцi камунiстычнае партыi. У 1928 годзе ён быў пасаджаны ў турму, дзе прабыў да 1934-га. У вынiку гэтых падзей да пачатку другой сусьветнай вайны ён стаў адным зь вядучых дзеячоў югаслаўскага камунiстычнага руху i зацятым ворагам каралеўскай улады. Ён таксама загартаваў свой характар i набыў неацэнны досьвед. Пазьней Гiмлер гаварыў аб iм: „Ён наш вораг, але мне хацелася б, каб у нас у Нямеччыне быў бы тузiн такiх Цiта — правадыроў вялiзнае рашучасьцi i моцных нэрваў“. Але якiмi б выдатнымi якасьцямi ні валодаў Ёсiп Броз Цiта, ён наўрад цi здолеў бы перамагчы сваiх ворагаў у другой сусьветнай вайне, дамагчыся ўлады i заснаваць другую Югаславiю, калi б не знайшоў перад сабой такiх гiстарычных абставiн, якiя спрыялi яму. Для таго, каб зразумець падзеi, якiя дапамаглi Цiта прыйсьцi да ўлады, нам варта было б зазірнуць трохi назад, у ХIХ стагодзьдзе, калi фармавалася этнiчная сьвядомасьць паўднёваславянскiх народаў i стасункi памiж iмi, якiя прадвызначылi падзеi ХХ стагодзьдзя. |
Балканскiя славяне ў ХIХ стагодзьдзi былi разьяднаныя памiж некалькiмi дзяржавамi. Славенцы ад даўнiх часоў уваходзiлi ў склад каронных аўстрыйскiх земляў i ня мелi амаль нiякага досьведу самастойнага дзяржаўнага iснаваньня. Харвацкае каралеўства ад ХII стагодзьдзя было злучана асабiстай унiяй з Вугорскiм каралеўствам, якое ў сваю чаргу было адной зь дзьвюх частак Аўстра-Вугорскае iмпэрыi. Памкненьнi харватаў заўсёды разрывалiся памiж вернасьцю дынастыi Габсбургаў i iмкненьнем вызвалiцца ад вугорскага панаваньня. Басьнiйскiя мусульмане былi нашчадкамi сярэднявечных багамiлаў, якiя прынялi iслам пад час турэцкага панаваньня. Яны захоўвалi вернасьць асманскiм султанам, а ў далейшым былi такiмi ж вернымi падданымi Аўстра-Вугорскае кароны. Сэрбы i чарнагорцы насялялi дзьве невялiчкiя дзяржавы, якiя сваёй упартай барацьбой здолелi вызвалiцца ад турэцкага панаваньня i, гордыя сваiмi перамогамi, хацелi распаўсюдзiць свой уплыў на iншыя славянскiя народы. Памiж балканскiмi славянамi стаяла шмат непераадольных бар’ераў: рознасьць рэлiгii; старая варожасьць, якую гiстарычная памяць на Балканах захоўвае, як у нiводным iншым месцы; i, урэшце, натуральнае для ХIХ стагодзьдзя iмкненьне да стварэньня нацыянальных дзяржаваў. Але былi i рэчы, якiя аб’ядноўвалi гэтыя беспакойныя народы. Усе яны, апроч славенцаў, размаўлялi на розных гаворках аднае мовы, пазьней вядомай як сэрбскахарвацкая. Усе яны бачылi пэўную выгоду аб’яднаньня ў барацьбе супраць культурнага i палiтычнага нацiску мацнейшых народаў. Так яны iснавалi побач у стасунках узаемнае любовi-варожасьцi. Iдэi паасобнага iснаваньня былi звычайна мацнейшыя, але час ад часу iдэi аб’яднаньня набывалi сiлу ў адказ на пэўныя палiтычныя зрухi. Вядучай i найвядомейшай з аб’яднаўчых iдэй была iдэя панславiзму. У балканскiх умовах яна значыла вяртаньне да ўяўнае першапачатковае еднасьцi i аб’яднаньне славянскiх народаў, нiбыта калiсьцi разьяднаных несправядлiвым лёсам гiсторыi, у адну магутную дзяржаву, здольную супрацьстаяць iншамоўным суседзям. Яна таксама значыла ўтварэньне адзiнай культуры i адзiнае лiтаратурнае мовы пры паступовым збыцьцi этнiчных асаблiвасьцяў. Гэтая iдэя асаблiва моцна ўзьнiмалася на шчыт у Сэрбii. Але пры ўсёй сваёй славянскай рыторыцы яна мела мала агульнага са славянамi i была перанесеная ў Сэрбiю з Асманскай iмпэрыi, якой яна ў сваю чаргу дасталася ў спадчыну ад Бiзантыi. Гэта была старая iмпэрская iдэя аб’яднаньня многiх народаў у iмя вялiкай манархii, калi ўсё мясцовае i нацыянальнае станавiлася неiстотным i губляла значэньне перад зьзяньнем адзiнае вярхоўнае ўлады. Перанесеная ў Сэрбiю, гэтая iдэя перажыла дзiўную мэтамарфозу, калi аб’яднаньне ў iмя вярхоўнае ўлады было замененае на аб’яднаньне ў iмя славянскае еднасьцi, але для апраўданьня такой самай iмпэрскай экспансіi. Гэтая перамена адбылася таму, што якой бы жорсткай нi была барацьба сэрбаў супраць турэцкага панаваньня, яна была формай суiснаваньня двух народаў i прывяла да безьлiчы узаемных культурных запазычаньняў. Так адбылося, што ў вынiку барацьбы з дэспатыяй сэрбы самi перанялi дэспатычныя iдэi i памкнулiся да стварэньня сваёй iмпэрыi. Гэта не было нечым незвычайным. Яшчэ Цэзар адзначаў, што „на ваяроў увогуле моцна ўплываюць звычаi той краiны, дзе яны доўга знаходзяцца“. Вось гэтыя iдэi ў другой палове ХIХ стагодзьдзя сэрбская палiтычная элiта i культурныя дзеячы, такiя, як лiнгвiст Вук Караджыч, вылучылi для абгрунтаваньня сваёй экспансii на Балканах. Але iдэi панславiзму, альбо „iлiрызму“, не здабылi б такой масавай прыхiльнасьцi, каб не сустрэлi падтрымкi iншых славянскiх народаў, асаблiва ж харватаў. Нацыянальны рух харватаў у другой палове ХIХ стагодзьдзя быў занадта слабы, каб супрацьстаяць культурнаму i палiтычнаму ўцiску Вугорскае кароны. Яны спадзявалiся, што хаўрус з сэрбамi дасьць iм магчымасьць разьвiць сваю нацыянальную iснасьць. Харвацкiя культурныя дзеячы, такiя, як Людэвiт Гай, ужо з 1842 году вылучылi iдэю стварэньня самастойнага паўднёваславянскага каралеўства. У 1850 годзе ў Вене яны прыйшлi да паразуменьня з сэрбскiмi вучонымi аб стварэньнi адзiнае лiтаратурнае мовы на аснове самых чыстых сэрбскiх i харвацкiх гаворак Герцэговiны. Такiя паводзiны харватаў сталi трывалым узорам паводзiн невялiкiх народаў. У барацьбе за самастойнасьць яны вымушаныя ўступаць у хаўрус з мацнейшымi суседзямi i нават успрымаць варожыя для сябе аб’ядноўчыя iдэi, бо яны ня ўпэўненыя ў сваiх сiлах. Але трывала стаўшы на ногi, яны адмаўляюцца ад усялякага патранату i iмкнуцца да поўнай незалежнасьцi. Так адбылося ў вынiку другой сусьветнай вайны. Магутны панславiсцкi рух прывёў да ўтварэньня Каралеўства Сэрбаў, Харватаў i Славенцаў (пазьней Югаславiя). Але пазбыўшыся небясьпекi мадзярызацыi, харваты цяпер маглi аддаць свае сiлы змаганьню за поўную незалежнасьць. Заняпаду панславiсцкiх iдэй шмат паспрыяла збытэчнае сэрбскае дамiнаваньне ў першай Югаславii, розрух i карупцыя. Адзiн з выдатных харвацкiх палiтыкаў Стэпан Радзiч быў застрэлены проста ў будынку парлямэнту чарнагорскiм дэпутатам. Таму калi ў 1941 годзе Югаславiя ўпала пад нацiскам нямецкiх войскаў, большасьць харватаў вiтала гэтую падзею. Першая спроба пабудаваць панславiсцкую дзяржаву не ўдалася. Але нацыяналiзму розных народаў Югаславii рукi былi разьвязаныя ў вельмi нешчасьлiвы час. У гады жорсткай другой сусьветнай вайны пад нямецкай акупацыяй ён ператварыўся ў самы выродлiвы шавiнiзм i прывёў да нястрымнага iмкненьня вынiшчыць усiх чужынцаў. Асаблiва вялiкiх памераў узаемнае вынiшчэньне дасягнула ў Незалежнай Харвацкай Дзяржаве, абвешчанай нацыяналiстамi-усташамi. Нягледзячы на назву, большасьць яе жыхароў складалi менавiта сэрбы, якiх усташскiя карнiкi забiвалi ў ходзе рэйдаў па гарадох i вёсках цi ў канцэнтрацыйных лягерох. У самым вядомым зь iх, Ясэнавацы, было забiта больш за 70 тысяч сэрбаў, габрэяў i цыганоў. Сэрбскiя партызаны, альбо чэтнiкi, адказалi жорсткiм тэрорам супраць харватаў. Басьнiйскiя мусульмане, пакiнутыя памiж двух агнёў, узялi таксама ўдзел у гэтай бойнi. Гэтая хваля акрутных i бессэнсоўных забойстваў, а таксама супрацоўнiцтва нацыяналiстаў з акупантамi прывялi да дыскрэдытацыi, хай сабе i часовай, нацыяналiстычных рухаў. Надышоў час новага ўздыму аб’ядноўчых тэндэнцый. Носьбiтамi гэтага ўздыму былi партызанскiя войскi, якiя пад кiраўнiцтвам Цiта ўпарта адваёўвалi ў немцаў, усташаў i чэтнiкаў мястэчка за мястэчкам у непраходных басьнiйскiх гарах. Паколькi iдэалёгiяй партызан быў камунiзм, то i iхнае тлумачэньне панславiсцкiх iдэй набыло дзiўнаватае адценьне камунiстычнага iнтэрнацыяналiзму. За iншым часам гэта выглядала б недарэчна, але ўва ўмовах няспыннага кравапралiцьця было тым выйсьцем, якое ўратавала шмат чалавечых жыцьцяў i захавала краiну ад поўнага разбурэньня. У занятых партызанамi гарадох i вёсках адразу ж спынялiся міжэтнiчныя забойствы. Такая разумная палiтыка цярпiмасьцi надала партызанам усеагульную папулярнасьць i прыхiльнасьць. Хаця сам Цiта i ягоныя паплечнiкi прыпiсвалi свае посьпехi сваёй вызваленчай барацьбе супраць немцаў цi сацыяльнаму руху камунiстаў супраць архаiчнай каралеўскай улады, прыватна i яны прызнавалi, што перамога дасталася iм найперш у змаганьнi з нацыяналiстамi. Як ні дзiўна, iмкненьне да аб’яднаньня было абумоўленае i ходам разьвiцьця сэрбскае i харвацкае дзяржаўнасьцi. Сэрбы, якiя складалi большасьць партызанаў, зноў, як i пасьля першай сусьветнай вайны, хацелi замацаваць свой уплыў ува ўсёй Югаславii. Харвацкая ж дзяржаўнасьць зайшла ў тупiк са змрочнай i крывавай Незалежнай Харвацкай Дзяржавай. Ёй патрэбныя былi новыя людзi, якiя, не забываючыся на харвацкiя нацыянальныя iдэi, маглi б наладзiць мiрнае суiснаваньне харватаў зь iншымi народамi. Адным з такiх людзей быў партызанскi афiцэр, пазьнейшы прэзыдэнт Харватыi Франьё Туджман. |
Але ня толькi гэта вяло да стварэньня новай Югаславii. Яшчэ адной прычынай была незвычайная асоба Цiта. Апрача ягонай палiтыкi талеранцыi, i сэрбаў, i харватаў вабiла ягоная цярпiмасьць i дружалюбнасьць у будзённым жыцьцi да людзей самага рознага паходжаньня i поглядаў. Ягонымi блiжэйшымi сябрамi i паплечнiкамi былi статэчны i ўраўнаважаны сэрб Аляксандар Ранкавiч, разважлiвы i пэдантычны славенец Эдвард Кардэль, няўрымсьлiвы рэвалюцыянэр-чарнагорац Мiлаван Джылас i таленавiты генэратар iдэй габрэй Мошэ П’ядэ. За жыцьцёвай цярпiмасьцю Цiта неадступна iшло ягонае жыцьцялюбства. Нават яго незьлiчоныя раманы з рознымi жанчынамi на фоне крывi i забойстваў выглядалi як вельмi прывабная праява чалавечых пачуцьцяў. Пры гэтым можам зазначыць, што гэта нiколi не перарастала ў нерашучасьць альбо мяккасьць, якiя ўвогуле нiколi не былi характэрнымi для балканскiх народаў. Яго цьвёрдасьць i воля былi ўзорнымi для ўсiх i ў часы перамог, i ў часы паражэньняў. Таму пасьля поўнага вызваленьня Югаславii ад немцаў у 1945 годзе нават ня ўзьнiкла пытаньня аб кiраўнiку новай дзяржавы. Iм мог быць толькi Цiта. Як правадыр краiны, Цiта зрабiў усё, каб не дапусьцiць новага зьбегу тых самых абставiн, якiя загубiлi першую Югаславiю. Каб ня даць нiводнаму з югаслаўскiх народаў яўнай перавагi ў справах дзяржавы, Югаславiя была падзеленая на шэсьць рэспублiк, якiя паводле сваёй тэрыторыi i насельнiцтва прыкладна ўраўнаважвалi адна адну. Яны валодалi такой аўтаномiяй, каб быць у стане вырашаць унутраныя праблемы, але недастатковай, каб зрабiць нейкiя сэпаратысцкiя захады. Да таго ж здольнасьць рэспублiк да сэпаратызму зьмяншалася мяшаным складам насельнiцтва ў некаторых зь iх. У Босьнii мусульманская, сэрбская i харвацкая грамады жылi ўва ўмовах традыцыйнага хiсткага балянсу. На тэрыторыi Харватыi iснавалi традыцыйныя сэрбскiя анклявы, населеныя нашчадкамi памежных вайсковых пасяленцаў Аўстрыйскае кароны. У самой Сэрбii былi аўтаномныя тэрытарыяльныя ўтварэньнi вугорцаў у Ваяводзiне i альбанцаў у Косаве, ступень самастойнасьцi якiх ад Сэрбii на працягу жыцьця Цiта няўхiльна павялiчвалася. Да гэтага Цiта паклапацiўся i аб вырашэньнi моўнай праблемы. У 1954 годзе ў Новым Садзе, як 104 гады таму ў Вене, югаслаўскiя мовазнаўцы дамовiлiся аб унармаваньнi адзiнае лiтаратурнае сэрбскахарвацкае мовы пры захаваньнi асаблiвасьцяў мясцовых гаворак. Мы бачым, што ў моўнай праблеме, як i ў дзяржаўным будаўнiцтве, Цiта хацеў дасягнуць бясьпечнага адзiнства, але захаваўшы кожнаму народу прастору для разьвiцьця сваёй iснасьцi. Такое памяркоўнае вырашэньне этнiчных праблем Цiта спалучыў з даволi свабоднай палiтычнай сыстэмай i досыць эфэктыўнай рынкавай эканомiкай, адкiнуўшы савецкiя сталiнскiя стэрэатыпы. Нават улада Камунiстычнае партыi скарыстоўвалася ня так для задушэньня дысыдэнцкага руху, як для ўтаймаваньня этнiчнае варожасьцi. Усё гэта зрабiла Югаславiю самай спакойнай, свабоднай i заможнай краiнай Усходняе Эўропы i спарадзiла незьлiчоныя мiты аб трыюмфе непарушнай еднасьцi паўднёвых славян. Ёсiп Броз Цiта, чалавек, якi найбольш спрычынiўся да ўзьнiкненьня гэтых мiтаў, мала верыў у iх. Аднойчы ён горка зазначыў, што ўсё створанае iм упадзе пасьля ягонае сьмерцi. Такое самае адчуваньне стала гнясьцi ўсю Югаславiю разам з пагаршэньнем ягонага здароўя пры канцы 70-х. Элiта i паспольства аднолькава сумна чакалi сьмерцi краiны за сьмерцю Цiта. У глыбiнi ўсе ўсьведамлялi, што Цiта на некалькi дзясяткаў год замарозiў, але так i ня зьнiшчыў тых абставiнаў, якiя рабiлi немагчымым далейшае iснаваньне Югаславii. Ёсiп Броз Цiта ня здолеў перамагчы тое, што перамагчы немагчыма — натуральнае iмкненьне народаў да незалежнага iснаваньня. Ён не паяднаў сэрбаў, харватаў, мусульман, славенцаў, чарнагорцаў i македонцаў. Ён адно здолеў супрацьпаставiць iх нацыянальныя памкненьнi адно адному i ўраўнаважыць iх. Югаслаўскае адзiнства было вынiкам гэтага найхiтрэйшага балянсу, адзiным гарантам якога быў Цiта. Пазьней, пасьля сьмерцi Цiта, старыя ворагi-сябры, сэрбы i харваты, iзноў пайшлi поруч у разбурэньнi гэтага балянсу, як раней iшлi поруч у яго стварэньнi. Пасталелы i дужы харвацкi нацыянальны рух усё больш схiляўся да патрабаваньняў поўнай незалежнасьцi Харватыi. Для сэрбаў захаваньне адзiнства Югаславii было найбольш пэўным спосабам захаваць сэрбскую супольнасьць у межах адзiнае дзяржавы. Таму яны рашуча выступалi супраць усiх спробаў аддзяленьня Харватыi. Але захаваць еднасьць яны маглi, толькi ўзмацнiўшы пазыцыi самой Сэрбii ў Югаславii. А гэта зноў штурхала харватаў на яшчэ мацнейшы сэпаратызм. Так, нiбы ў зачараваным сьне, Сэрбiя рухалася да разбурэньня будынку, дзе яна была нарожным камянём. Сама iдэя паўднёвага панславiзму ўтрымлiвала шмат прыхаваных заганаў. Панславiзм, як тэорыя экспансii, заахвочваў i экспансiйную палiтыку. Таму Югаславiя бязь ценю сумненьня заяўляла свае прэтэнзіi на Юлiйскую Краiну, населеную iталiйцамi, уключала Ваяводзiну, дзе жыло шмат вугорцаў, i пераважна альбанскае, няхай сабе толькi ў колькасным сэнсе, Косава. З уключэньнем чужародных элемэнтаў панславiзм губляў свой сэнс i ставiў пад сумненьне iснаваньне краiны, апраўданьнем якой ён быў. Да таго ж чужынцы, найперш альбанцы, раструшчвалi Югаславiю знутры. Iх чужыя звычаi, клянавы лад, разьюшаная злачыннасьць i высокая нараджальнасьць ператварылi цэнтар старадаўняй сэрбскай цывiлiзацыi ў Косаве ў пекла для самiх сэрбаў. Праблема Косава адыграла адну з вырашальных роляў у падзеньнi Югаславii ды так i засталася нявырашанай. Дзiўным чынам, iснаваньне самой Югаславii i яе актыўная замежная палiтыка здавалiся нелягiчнымi i выпадковымi ў дачыненьнi да iдэяў панславiзму. Панславiсцкi камунiстычны ўрад Югаславii зацята супрацьстаяў панславiсцкаму камунiстычнаму ўраду Савецкага Саюзу. Савецкi Саюз, гэтаксама як i Югаславiя, пераняў панславiсцкiя iмпэрскiя iдэi ў сваёй дзяржавы-папярэднiцы — Расейскай iмпэрыi. Гэтаксама, ён надаў iм камунiстычнае адценьне i ўжыў для апраўданьня сваёй экспансii, у тым лiку i на Югаславiю. Як гэта заўсёды здараецца, два аднольковыя палюсы адштурхнулi адзiн аднаго. На працягу свайго iснаваньня Савецкi Саюз i Югаславiя заставалiся спаборнiкамi, а часам ворагамi. У 1948 годзе Цiта рэзка разарваў адносiны са Сталiным. У 1968 годзе Югаславiя асудзiла савецкую iнтэрвэнцыю ў Чэхаславаччыне. На пачатку 70-х з нагоды этнiчнай напружанасьцi памiж сэрбамi i харватамi Брэжнеў запрапанаваў Цiта „братнюю“ дапамогу, ад якой той адмовiўся. Больш за тое, югаславы, нават сэрбы, ставiлiся да расейцаў зь лёгкай пагардай. Калi ў iх пыталiся, як яны ставяцца да расейцаў, у адказ чулiся словы, здольныя страшэнна зьдзiвiць любога расейца: „Як да малодшых братоў“. Сапраўды, югаславы ставiлiся i ставяцца да расейцаў як разумны, але слабейшы старэйшы брат ставiцца да малодшага брата, дурнаватага боўдзiлы. Да яго можна часам зьвярнуцца па дапамогу ў дваровай бойцы, але ўвесь час пасьмiхацца зь яго i трымацца на адлегласьцi. Гэта мела свой адмоўны бок. Самое iснаваньне двух варожых цэнтраў панславiзму абвяргала ягоную тэорыю. Да ўсяго, вельмi складана было растлумачыць, чаму рэспублiканскiя ўрады Любляны i Загрэбу мусiлi падпарадкоўвацца цэнтральнаму ўраду Бялграду, калi той не жадаў нi ў чым саступаць ураду Масквы, якi прэтэндаваў на сусьветнае дамiнаваньне. Гэтыя i iншыя супярэчнасьцi няўхiльна вялi Югаславiю да падзеньня. Ёсiп Броз Цiта памёр у 1981 годзе. На ягоных хаўтурах здавалася, што разам зь iм хавалi i Югаславiю, краiну, якую ён стварыў нанова i прывёў да росквiту. Пасьля ягонае сьмерцi не знайшлося чалавека, роўнага яму паводле таленту i папулярнасьцi, якi б мог працягнуць iснаваньне Югаславii. Краiна праiснавала яшчэ некалькi год, а тады распалася ў агнi войнаў, канчаткова пахаваўшы вучэньне панславiзму i iдэю паўднёваславянскае еднасьцi. Але гэтыя сумныя падзеi ўжо не зьяўляюцца тэмай нашай гiсторыi. Яны ўжо сталi i яшчэ стануць прадметам досьледу iншых дзеяпiсцаў. Югаславiя загiнула, бо была ўвасабленьнем нетрывалае i прывiднае iдэi панславiзму. Панславiзм узьнiк як часовая зьява, адказ на пэўную палiтычную сытуацыю. Ён ня мог праўдзiва паяднаць занадта адрозныя народы i стварыць трывалую дзяржаву. Нават у спрыяльных умовах, узьняты найталенавiцейшым чалавекам, пасьля кароткачасовага росквiту ён прыйшоў у заняпад, выклiкаўшы крывавыя мiжэтнiчныя войны. Тым больш мы ня думаем, што ён можа прынесьцi нейкi плён у iншы час у iншым месцы ў менш спрыяльных умовах.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |