Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

славянсkая ідэя


Ян Патачка
Чым ёсьць чэхi?


Рычард Ян Патачка (1907—1977) — адзiн з найбольш вядомых сярэднеэўрапейскiх фiлёзафаў XX стагодзьдзя, самы выбiтны, нароўнi з Томашам Масарыкам, чэскi мысьлiцель адыходзячага веку. Будучы вучнем i сябрам Эдмунда Гусэрля, студэнтам Марцiна Гайдэгера, Патачка на працягу ўсяго жыцьця быў цесна зьвязаны з фэнамэналёгiяй i зрабiў у яе разьвiцьцё значны ўнёсак (як фiлёзаф, выкладчык i маральны аўтарытэт ён зрабiў агромнiсты ўплыў на два пакаленьнi чэскiх гуманiтарыяў). Спэцыяліст у абсягу старажытнай фiлязофii, эстэтыкi, фiлязофii гiсторыi, чэскай гiсторыi i культуры (асноўныя працы: Prirozeny svet jako filosoficky problem s Telo, spolecenstvi, jazyk, svet s Uvod do fenomenologicke filosofie s Nas narodni program). Яго творы характарызавалiся спалучэньнем клясычнай эўрапейскай эрудыцыi i драматычнага досьведу жыхара Прагi XX ст. Заняткi спэкуляцыйным мысьленьнем не зашкодзiлi яму вызначыцца ў адмiнiстрацыйнай i грамадзкай дзейнасьцi. Прафэсар Карлавага ўнiвэрсытэту ў Празе, адзiн з трох першых рэчнiкаў „Хартыi-77“ — усе гэтыя функцыi ён спаўняў самааддана i ахвярна. Памёр Патачка пасьля сэрыi допытаў у палiцыi.

I.

Чэхi — малы сярэднеэўрапейскi народ, якi насяляе адасоблены ад iншых, калiсьцi вельмi цяжкадаступны край (Чэхiя) i суседнюю, разьлеглую на шляхах зямлю (Марава). Былi i такiя часы, калi Эўропа зусiм цi амаль не цiкавiлася чэхамi, былi i iншыя, калi сьледам за драматычнымi калiзiямi пра чэхаў раптоўна ўзгадвалi, каб гэтак жа хутка забыцца на iх. Гэты амаль дзесяцiмiльённы народ гаворыць заходнеславянскай мовай, досыць цяжкой для навучаньня. Ён багата запазычыў з эўрапейскае спадчыны, але Эўропа вельмi мала ўзяла ад яго з-за моўнага бар’еру. Iмёны некаторых з чэхаў — палiтыкаў, музыкаў, спартоўцаў — набывалi розгалас час ад часу, зь лiтаратуры ж паўсюдна знанаю стала хiба што постаць „удалага ваякi Швэйка“. Па-за гэтым пра народ, якi пасьля першай сусьветнай вайны заняў зусiм не апошняе месца спамiж эўрапейскiх малых дзяржаваў, ведаюць у сьвеце няшмат, а ўсё, што зь iм зьвязанае, прызнаецца трывiяльным i нецiкавым, цi, прынамсi, падаецца гэткiм.

Чэхi — тыповы малы народ. „Вялiкi“ i „малы“ — узглядам пэўных народаў гэтыя адзнакi нельга лiчыць падставовымi колькаснымi катэгорыямi. Неабавязкова рахаваць свае душы на мiльёны, валодаць вялiкай тэрыторыяй, дый увогуле яе мець, каб стацца вялiкiм народам. Наўрад цi можна назваць малым народам галяндцаў, яшчэ ў меншай ступенi — габрэяў. Велiч пэўнага народу почасту бывае зьвязана зь велiчынёю яго тэрыторыi, аднак не наўпрост, а пры дапамозе тых задачаў, якiя зьвязвае з сваёй тэрыторыяй народ. Амэрыканцы сталiся колькасна вялiкiм народам, толькi спраўдзiўшы тую задачу, што самi сабе паставiлi — авалодаць цэлым кантынэнтам. Iхнае рэлiгiйна-вальналюбнае стаўленьне да сьвету i да сябе самiх зрабiлася падставаю iх сапраўднае велiчы. Расейцы — вялiкi народ, бо яны ажыцьцявiлi ўспадкаваную ад Бiзантыi iдэю iмпэрыi, распасьцёршы сваю краiну ад Цiхага акiяну да межаў Кiтаю. Былая велiч немцаў, у нечым заўважная i па сёньня, палягала на iх ролi апiрышча эўрапейскага Захаду й пасьлядоўнага праваднiка ўнiвэрсалiсцкае iдэi сярэднявечнага хрысьцiянства. Пашырэньне на ўсход ды калянiзацыя новых народаў, нягледзячы на свае злавесныя формы, усё ж не былi для немцаў толькi рэалiзацыяй iх уласных патрэбаў. Некалi i французы лiчылiся la grande nation, бо ўсур’ёз узялiся выконваць засталую ад Рымскае iмпэрыi ролю: прадстаўляць, ачаляць ды баранiць Заходнюю Эўропу.


Скарыстаўшы аналёгiю з адрозьненьнямi, якую Кант рабiў памiж матэматычнаю i дынамiчнаю „велiчынямi“ ў пачуцьцёва-эстэтычнай сфэры, можна весьцi гаворку пра колькасную i дынамiчную велiч народаў, пры гэтым першая, без сумневу, грунтуецца на другой. Стары Рэтцэль1 трымаўся тае думкi, што велiчыня прасторы абумоўлiвае духовую велiч, аднак нам здаецца, што адно другая зь iх — сапраўдная. Грамадзтва можа часта мець разам зь вялiкай тэрыторыяй i вялiкiя гiстарычныя задачы, але наўрад цi духовая велiч народу наўпрост вынiкае з памераў яго прасьцягу. Важнай, аднак, ёсьць iншая тэза Рэтцэля: прастора, ад якой залежыць колькасная велiч, мае не прыроднае, а гiстарычнае вымярэньне, вызначанае тымi спосабамi, празь якiя чалавецтва, у сваiх гiстарычных праявах ды формах, засвойвала гэтую прастору. Так, у гiстарычнай прасторы Imperium Romanum, у адрозьненьне ад дзяржаваў Iндыi, Партыi ды Ўсходняе Азii, сталася ня толькi мэтафарычнаю, але й сапраўды ўнiвэрсальнаю дзяржаваю. Па-за яе межамi iснавала адно магма напаўаселых народаў ды неасвоеных прасьцягаў.

Важна зазначыць, што маштабы велiчы таго цi iншага народу гэткiя ж зьменлiвыя, як i гiстарычныя межы прасторы. Калi ў сярэднявечных варунках фэўдальнае раздробленасьцi ўлады, браку камунiкацыяў, мiзэрнае сацыяльнае мабiльнасьцi ўрэшце ўсё ж былi асвоеныя Паўночная i Цэнтральная Эўропа, такая аднародная, сьпярша дэспатычна кiраваная, а пасьля ператвораная ў цэнтар дзяржавы зямля, як Чэхiя, пачынаючы з X i да XVII ст. уважалася за вялiкую тэрыторыю.


Няцяжка заўважыць, што i колькасьць насельнiкаў пэўнае краiны ёсьць вельмi адносным гiстарычным чыньнiкам. Таму лiчбы падобнага кшталту нельга супастаўляць абстрактна, яны патрабуюць параўнальнага, стасоўна суседнiх краiнаў, аналiзу ды ўлiку сацыялягiчных фактараў. Насельнiкi Чэхii з часоў Сярэднявечча, пачынаючы з хвалi калянiзацыi, — гэта, як i ў суседнiх краiнах, у вялiкай ступенi ўжо жыхары гарадоў. I ўжо з часоў гусiцкiх войнаў яны гавораць тутэйшаю славянскаю моваю. Вядома, што ў XV стагодзьдзi Чэхiя была ў стане выставiць на вайну досыць вялiкае войска, а значыць, давесьцi падобным чынам сваю перавагу, сваю „велiч“.

Сярэднявечная Чэхiя была некалi полем для ажыцьцяўленьня вялiкiх гiстарычных задач. З аднаго боку, краiна, да канца XII стагодзьдзя на 90% пакрытая пракаветнымi лясамi, станавiла iдэальны аб’ект для заваёвы, зь iншага — чэхi здаўна былi дастаткова арганiзаванымi, каб не дазволiць Захаду сябе проста так паглынуць. Падобная краiна зь непазьбежнасьцю мусiла стаць адным з вызначальных для эўрапейскае гiсторыi месцаў, пытаньне было толькi ў тым, хто будзе праводзiць у жыцьцё яе эўрапейскае прызначэньне. У гэтым сэнсе мясцовае насельнiцтва зь ягонаю славянскаю моваю станавiлася значэнным чыньнiкам. Вядома, мова не была нi адзiным, нi, пагатоў, вырашальным момантам у жыцьцi грамадзтва, якое склалася тут, але менавiта яна, з часоў велiчы Чэхii, вызначала яго адметнасьць.


Чэхi чэрпалi сваю гiстарычную велiч з тых самых крынiцаў, што i астатнiя народы Эўропы, а значыць, i праблемы чэхаў у бальшынi сваёй былi тоесныя эўрапейскiм. Вось жа, i ў Чэхii вырашалiся праблемы сусьветнага маштабу — у той ступенi, у якой тагачасная Заходняя Эўропа пакрывала сабой гiстарычны Сусьвет. Справа гонару пераплятаецца ў тагачасных падзеях з справаю лёсу: ужо апошнiя чэскiя каралi — Пржэмыславiчы — ведалi, што маюць альбо стацца iмпэратарамi, альбо загiнуць — i велiчна загiнулi2.

У кожным разе, Чэхiя зь яе дынастыяй за паўтара стагодзьдзя робiцца падмуркам для палiтычнае арганiзацыi ўсяе Сярэдняе i Ўсходняе Эўропы на заходнi ўзор. А пазьней менавiта тут прагучыць адказ на вялiкае пытаньне эпохi, пытаньне сэкулярызацыi заходняга хрысьцiянства. У гэтай справе Чэхiя была фарпостам, паўсталым да пачатку ўласна Рэфармацыi й заняпалым пад час вялiкiх змаганьняў XVII стагодзьдзя.

Гэты заняпад ня тычыўся iснаваньня самой чэскае дзяржавы, але ён стаўся знакам перамяшчэньня Чэхii на пэрыфэрыю сусьветнае гiсторыi, знакам яе правiнцыялiзацыi й страты былое велiчы. Надышоў час „малой“ гiсторыi чэхаў. I ў гэтай гiсторыi такая лякальная зьява, як тутэйшая мова, робiцца галоўнай праблемай для надыходзячай эры Асьветнiцтва. У гэтым выявiлася супярэчлiвасьць асьвечанага абсалютызму. З аднаго боку, цэнтралiзаваная iмпэрыя Габсбургаў рабiла нiбыта ўсё, каб адабраць тутэйшай мове найменшую пэрспэктыву для разьвiцьця, з другога ж, цiкавiцца ёю вымушалi дзяржаўныя праграмы распрыгоньваньня сялянства. Моўны нацыяналiзм школы Гердэра моцна спрычынiўся да канчатковага расколу чэскага грамадзтва, якi адбываўся паводле крытэрыю мовы. Менавiта з гэтага расколу й паўстала мадэрнае чэскае грамадзтва, якое разбудоўвалася фактычна „зьнiзу“, таму што вышэйшыя слаi ў бальшынi сваёй карысталiся зусiм не славянскаю моваю.


„Малая“ гiсторыя чэхаў ёсьць гiсторыяй змаганьня гэтага „будаванага зьнiзу“ грамадзтва за сваё разьвiцьцё ды раўнапраўнасьць. Зацятая барацьба, сьпярша чыста культурнiцкага, а пасьля ўсё болей палiтычнага зьместу, складае цэлую эпоху, ажно да першае сусьветнае вайны. I гэтая барацьба прыносiла плён, хаця нiжэйшыя слаi й ня мелi нi iстотнае палiтычнае цi эканамiчнае моцы, нi вялiкага духовага заплечча.

Абставiны ўзьнiкненьня новага чэскага грамадзтва выглядаюць неспрыяльнымi. Яму супрацьстаiць палiтычная ўлада, паноўная дынастыя, дзяржаўныя iнтарэсы iмпэрыi. Iндустрыя i капiтал знаходзяцца пераважна ў руках нямецкамоўных насельнiкаў краiны, якiя матывуюць свае перавагi i вялiкiмi здабыткамi нямецкае культурнае спадчыны. У часы, калi германская iмпэрыя пачынае дамiнаваць на кантынэнце й навязвае свой пратэктарат Аўстра-Вугоршчыне, у чэхаў адсутнiчаюць найменшыя замежнапалiтычныя шанцы на перамогу. Iм супрацьстаяць спрыяльныя чыньнiкi, выяўляючы ўнiвэрсальную тэндэнцыю эпохi: iмкненьне сацыяльных нiзоў да раўнапраўя, лякальная колькасная перавага славянскамоўных насельнiкаў, а таксама хiсткая, нерашучая палiтыка манархiчнае ўлады. У XVIII стагодзьдзi, адначасна з здабыцьцём аўтаномii для вышэйшае школы, чэскасьць выходзiць па-за межы прадвызначанага ёй уладамi фальклёрнага iснаваньня. Дзякуючы гэтаму чэскi рух атрымлiвае пэрспэктыву для разьвiцьця, а палiтычныя лёзунгi i патрабаваньнi набываюць больш канкрэтныя абрысы.

Няцяжка зразумець, што апiсаная намi барацьба наклала свой адбiтак на ўсё духовае жыцьцё грамадзтва. Так, лiтаратура мусiла быць тут лiтаратураю для народу, паколькi славянамоўныя вярхi адсутнiчалi i па сутнасьцi толькi зараджалiся, i пры гэтым унiкаць залiшне вострых клясавых супярэчнасьцяў. Самабытная чэская навука шчыравала на нiве роднай мовы, культуры i, перадусiм, гiсторыi, а мастацтвы, у прыватнасьцi, музыка, ставiлi нацыянальныя, гэта значыць, зусiм не мастацкiя задачы. Мастакам i навукоўцам, якiх не задавальнялi абумоўленыя гэтым межы, даводзiлася паступацца на карысьць чужой мовы ды iнтэрнацыянальнага атачэньня. Грамадзтва патрабавала нацыянальнага кансэнсусу, i цiск, якi яно з гэтай мэтай аказвала на асобу, ствараў неспрыяльныя варункi для вышуканых духовых пошукаў дый, як сталася заўважна пазьней, для фармаваньня палiтычна актыўных асобаў з эўрапейскiм кругаглядам.

Грамадзтва, якое, па сутнасьцi, складалася зь вяскоўцаў ды дробнае буржуазii, — ня самая ўрадлiвая глеба для нараджэньня лiдэраў. Лiдэраў, здольных прымаць рашэньнi, браць на сябе адказнасьць i кiраваць барацьбою нават i тады, калi ад яе варта чакаць адно маральных здабыткаў. Брак тае вышэйшае клясы, якую, насуперак усiм мэтамарфозам буржуазнае эпохi, захавалi нашыя блiжэйшыя суседзi, мае для чэхаў сапраўды фатальнае значэньне. Немцы i аўстрыйцы, палякi i вугорцы ў XIX стагодзьдзi мелi даволi сваiх дзеячоў з вышэйшае клясы, каб вырашаць вялiкiя палiтычныя задачы. Роля гэтых людзей у часы амасаўленьня ды нiвэлiзацыi грамадзтваў мела i адмоўны бок — яны часьцяком рабiлi фатальныя ўчынкi — аднак жа, яны iх, прынамсi, рабiлi. Усе суседзi чэхаў, нягледзячы на страшэнныя сацыяльныя ўзрушэньнi, ажно да другой сусьветнай вайны заставалiся „нацыямi паноў“ (Herrenvцlker). Гiсторыя нашага грамадзтва паказвае, як моцна мы адрозьнiваемся ад iх, па-свойму перажываючы i асэнсоўваючы паняцьцi i iдэi, нават калi яны былi пазычаныя ў iншых. Прыклад Масарыка сьведчыць, што i ў такiм грамадзтве, як чэскае, асоба можа знайсьцi сабе прастору для дзейнасьцi, аднак, гэтая дзейнасьць застаецца апрычонаю й безвынiковаю для грамадзтва ў цэлым.

Падагульняючы, мы можам сказаць наступнае: чэскасьць захоўвала сваю велiч да тае пары, пакуль знаходзiлася нагода для таго, каб паставiць яе апрычонасьць на службу задачаў сусьветнага маштабу, як гэта было ў позьнiм Сярэднявеччы. Чэхi мелi велiч, пакуль заставалася нетэматызаванаю iхная чэскасьць. Мадэрны чэскi рух, наадварот, выходзячы з памянёных вышэй прычын i быў асуджаны на нязначнасьць. Чэскасьць ператварылася ў мясцовую адметнасьць, якая засталася па заняпадзе iдэi ўнiвэрсальнасьцi i ўнiвэрсальных iнстытуцыяў Эўропы i якая перахавала ў сабе гэтыя асаблiвасьцi.

Зразумела, што гэтая розьнiца памiж вялiкай i малой гiсторыямi нязносным цяжарам вiсела над мадэрнымi чэскiмi дзеячамi, i яны з усiх сіл спрабавалi пераканаць сябе, што прорва не такая ўжо i вялiкая. Такое памкненьне можа мець карысьць тады, калi яно прыводзiць да таго, што высьвечвае неабходнасьць пошуку iстотных задач; аднак яно таксама можа прыводзiць да прэтэнцыёзнага iлюзiянiзму. Пачувацца адзiным законным спадкаемцам некалi вялiкага народу — гэтага зусiм не дастаткова; неабходныя доказы, даць якiя могуць толькi ўласныя ўчынкi. Трэба добра разумець, што прэтэнзiя на тое, каб быць адзiным спадкаемцам, не такая ўжо i ясная рэч, i толькi непарыўнасьць моўнае традыцыi ня можа яе абгрунтаваць. Калi больш як сто пяцьдзясят гадоў таму Бэрнард Бальцана заўважыў, што самасьвядомасьць чэскамоўнага насельнiцтва Багемii трэба ўздымаць, зьвярнуўшыся да гiстарычнага прыкладу сярэднявечнае Чэхii — радзiмы сучаснае адукацыi, то ягоныя словы належыць трактаваць якраз у сэнсе пошуку больш рашучай пастаноўкi задачы. Не зусiм тое ж самае было тады, калi выбiтны гiсторык Францiшак Палацкi пераносiў словы Бальцаны на гусiцкi рух, якi ў ягоных вачох стаўся ня толькi прадвесьцем эманцыпаванай гуманнасьцi сучаснага сьвету, але i зваротам да глыбiняў народнай душы зь ейным першапачатным дэмакратызмам; ён настойваў на тым, што акурат у гэтым руху ўзьнiкла й замацавалася асноватворная iдэнтычнасьць чэхаў. Масарык пазьней аддаў данiну павагi фiлязофii гiсторыi Палацкага, назваўшы яе нямецкай клясыкай зь яе iдэяй гуманнасьцi (Humanitдtsidee), у iмя якой, урэшце, i адбылося „адраджэньне чэскага народу“. Але гэтую iдэю немагчыма ўявiць сабе без Рэфармацыi, найранейшыя праявы якой iзноў-такi паўсталi ў Чэхii. Так чэхi, падараваўшы Захаду рэфармацыйны рух, нiбыта наперад адплацiлi яму ўсе пазьнейшыя пазыкi за кошт гэтага рэфармацыйнага духу. Праўда, нашыя пазытывiсцкiя гiсторыкi так i не знайшлi ў Гуса ды „чэскiх братоў“3 анi сьледу таго самага гуманiзму, а нашыя лiбэральныя палiтыкi ня ўцямiлi, што ў Масарыка йдзецца пра вельмi асабiста афарбаваную разнавiднасьць мадэрнай iдэi гуманнасьцi. У iнтэрпрэтацыях, якiя прапанавалi Масарык i Палацкi, мы сутыкаемся хутчэй з фантазiямi, таму што яны не паддаюць узьнiклыя ў гэтай сувязi праблемы чыста тэарэтычнаму разгляду: яны iмкнуцца прадзерцiся скрозь гiстарычныя дзеi, уключаючы ўжо iснуючае грамадзтва ў кантэкст унiвэрсальнай гiсторыi, якая можа надаць яму большае, чымся вузка лякальнае, значэньне.

Разам з гiсторыкамi мы ўважаем, што чэскую праблему можна зразумець толькi ў рэчышчы эўрапейскiх падзеяў, асаблiва, у позьнесярэднявечнай Эўропе; разам з палiтыкамi мы ўважаем, што мадэрная чэскасьць непадзельна зьвязана з уздымам сацыяльных нiзоў ды пэўнай нiвэляцыяй эўрапейскага грамадзтва напрыканцы XVIII стагодзьдзя. Мы ўважаем таксама, што паўставаньне мадэрнае чэскасьцi ёсьць падзеяю, вартаю больш пiльнай увагi, бо яно становiць сабой не мясцовае й выпадковае здарэньне, але прататып для ўсiх грамадзтваў, утвораных „зьнiзу“. Некалi паняволеныя слаi дамагаюцца спачатку раўнапраўнасьцi, пасьля — перавагi, i ўрэшце — адзiнаўладзьдзя. Мадэрная чэскасьць зьяўляецца, пэўна, першым пасьпяховым вырашэньнем праблемы, што дзе-нiдзе стаiць i па сёньня, напрыклад, у краiнах Балтыкi цi на Балканах. Чэхi ўтвараюць першае эўрапейскае грамадзтва падобнага тыпу, якое дабiваецца пабудовы — у межах гiстарычна магчымага — адносна незалежнай дзяржаўнай сыстэмы, а пасьля таго, як гэта было дасягнута, ствараюць нацыянальную, як мастацкую, так i навуковую, лiтаратуру, засноўваюць сваю сыстэму адукацыi i будуюць досыць магутную народную гаспадарку з высокаразьвiтай iндустрыяй ды тэхнiкай. У гэтым сэнсе чэхi, нягледзячы на сваё „маленства“ цi нават насуперак яму, набываюць значэннасьць, далёка большую, чымся вузка лякальная.

Не зважаючы, аднак, на гэткiя вiдочныя посьпехi, чэхi — гэта таксама i найтрагiчнейшая форма адбудаванага „зьнiзу“ грамадзтва: у моманце, калi да мэты ўсiх намаганьняў было рукой падаць, чэхам нястала нутраное моцы. Гэта, верагодна, зьвязана з апiсанай грамадзкай структурай i будзе вытлумачана ў далейшым.

<...>

1 Пар. F. Rдtzel, Politische Geographie, Muenchen 1897.

2 Род Пржэмыславiчаў правiў ад IХ ст. у Чэхii, ад ХI ст. у Мараве, пазьней таксама ў Кладзку, Лужыцы й частцы Сылезii. Мужчынская лiнiя роду перарвалася ў 1308 годзе. (Зацем перакладнiка.)

3 „Чэскiя браты“, або „Братэрская супольнасьць“ — заснаваны ў 1457 г. рэфармацыйны рух, якi кiраваўся спадчынаю гусiцкае традыцыi. Адным зь ягоных бiскупаў быў фiлёзаф i пэдагог Ян Амос Каменскi. (Зацем перакладнiка.)
 

VI.

Што заставалася рабiць Габсбургам у зьняможанай вынiкамi Трыццацiгадовае вайны Сьвятарнай Рымскай iмпэрыi, як не разьвiваць уласныя спадчынныя землi? Да таго ж, трэ было адбiвацца ад туркаў, прылучаць нанова ды кантраляваць вугорцаў, а таксама стрымлiваць экспансiю французаў, якiя намагалiся заняць месца ўнiвэрсальнага эўрапейскага цэнтру, якое раней належалася iмпэрыi. Якраз гэтым i займалiся Габсбургi, выкарыстоўваючы тыя сродкi, якiя выпампоўвалiся зь iх спадчынных, перадусiм з чэскiх, уладаньняў. Найважнейшы слой чэскае станавае дзяржавы, буйная шляхта i магнаты, пад канец Трыццацiгадовае вайны перакiнуўся да Габсбургаў, бо памкнуўся атрымаць здабычу, што несьлi з сабой канфiскацыi ды прымусовыя продажы маёнткаў эмiгрантаў. Аднак сьледам мiнулай iшлi новыя доўгiя войны, паглынаючы велiзарныя грошы: на Балканах, пры Райне, у Нiдэрляндах. Толькi чэскiя землi, найперш, уласна Чэхiя, а таксама Сылезiя з Маравай, мелi права абмяркоўваць падаткавую квоту. Своекарысьлiвая чэская шляхта, прадстаўнiкам якой збольшага бракавала шырокiх палiтычных даляглядаў, пачала цяпер скарачацца ў памерах: хаця станавае прадстаўнiцтва ўсё яшчэ захоўвала за сабою права абмяркоўваць падаткавую квоту, аднак на iх самiх аказваўся ўсё большы цiск, каб перавесьцi, фактычна, найважнейшую ў той час крынiцу даходаў — зямлю — пад падаткавы кантроль цэнтральнае ўлады, дзеля чаго складалiся ўсё больш дакладныя кадастры. Станавае прадстаўнiцтва, як магло, процiстаяла гэтай тэндэнцыi, аднак яму давялося саступiць; беспасярэднiя i ўскосныя, а таксама надзвычайныя падаткi ўзрасталi такiмi тэмпамi, што ў апошнiя гады кiраваньня Карла VI незадаволенасьць у Чэхii сталася ўсеагульнаю i прывяла, ужо за часоў Марыi Тэрэзіi, да крызысу самой чэскай дзяржавы. (Заўважым, што i аддзяленьне Сылезii было б, вiдаць, немагчымым, калi б Прусiю — дзяржаву, што ўзмацнiлася пад канец XVIII стагодзьдзя й, наперакор Габсбургам, несла на ўсход пратэстантызм i Асьветнiцтва, — не ўспрымалi так, як збавiцельку.) Тое, што мы абачылi вышэй, гiсторык Ёзэф Пэкарж выразна выявiў у сваёй працы аб чэскiх кадастрах XVII i XVIII стагодзьдзяў4, гаворачы пра памеры эксплюатацыi на чэскiх землях.

Дзяржава Габсбургаў у духоўным пляне была заснавана на iдэi Контрарэфармацыi. Чэскiм краёвым патрыётам не заставалася нiчога iншага, як трымацца гэтага кiрунку: яны намагалiся паказаць, што зусiм не саступаюць у гэтым iншым краём, наадварот, яны такiя ж добрыя каталiкi, пабожныя людзi з пабожнае краiны.

Даходаў, якiя чэская й мараўская шляхта разам з iмпэрскiм домам у часе Барока мела зь сельскай гаспадаркi, хапала даволi, каб уся краiна аквецiлася безьлiччу пазорных цэркваў, сьвятыняў для пiлiгрымак i замкаў i зрабiлася цэнтрам самабытнае позьнебарочнае архiтэктуры. У яе стварэньнi бралi ўдзел ня толькi Дынцэнгофэр i Сантынi, але й такiя венскiя майстры, як Гiльдэбрант i Фiшэр фон Эрлях. Росквiт перажывае таксама барочны жывапiс, а ўжо з XVII стагодзьдзя, дзякуючы Мiхну ды iншым, паўсюдна пашыраецца музычная культура. Нягледзячы на сваю правiнцыялiзацыю, Чэхiя ўсё ж не была культурнаю пустыняю. Нават i родная мова мела ў сабе яшчэ прыцягальнасьць: ёсьць прыклады таго, як прыбылыя з-за Райну прафэсары юрыдычнага факультэту на працягу XVIII стагодзьдзя авалодвалi чэскай мовай; усё гэта, аднак, было хутчэй выняткам. Найважнейшыя слаi, магнаты, шляхта ды багатыя месьцiчы, старанна апаноўвалi нямецкую i францускую мовы.

I ўсё ж такi ад Асьветнiцтва — той духоўнай плынi, якая ўяўляла сабой найноўшы зь Сярэднявечча спосаб праяўленьня эманцыпацыi i ягоных мысьлiцельных i жыцьцёвых формаў, якiя з таго часу пачалi прадвызначаць эўрапейскае жыцьцё, — барочная дзяржава Габсбургаў i Чэхiя была адрэзана, без чаго яна ня мела ўласнай пэрспэктывы.

Прусiя, якая пад канец XVII стагодзьдзя рэзка ўзмацнiлася, выпiсала на сваiх штандарах лёзунгi Асьветнiцтва на цэлае пакаленьне раней, чым землi Габсбургаў. Краiне, мала абцяжаранай традыцыямi, гэта ўдалося лягчэй: усё можна было пачаць наноў, у той час як спадчыньнiкi Габсбургаў стаўлялi задачу перабудаваць стары, гiстарычна ўспадкаваны арганiзм у сучасную дзяржаву. Да гэтага арганiзму належалi Чэскае каралеўства, Вугоршчына ды аўстрыйскiя спадчынныя землi.

Чэская шляхта, якая мелася б прадстаўляць чэскае дзяржаўнае права, была ня ў стане рабiць гэта пасьля структурных зьменаў, прынесеных Трыццацiгадоваю вайною. У эпоху абсалютызму яна не праявiла нiводнай палiтычна значэннай iнiцыятывы. Iначай было ў Вугоршчыне, дзе напоўнiцу карысталiся тымi магчымасьцямi, што давала ёй роля абаронцы Габсбургаў ад непрыяцеляў. Чэхiя й Вугоршчына як дзьве найбуйнейшыя зямлi габсбурскай дзяржавы азiралiся назад на далёкую гiстарычную мiнуўшчыну.

Марыя Тэрэзія спрабавала злучыць спадчыну Габсбургаў з сучаснай дзяржаўнай сыстэмай. Язэп II працягнуў ейную справу; пры гэтым ён адмовiўся ад Контрарэфармацыi як духовага апiрышча iмпэрыi i адчынiў дзьверы Асьветнiцтву. Тым самым была выбiта глеба з-пад чэскага традыцыяналiзму. Новую дзяржаву больш не цiкавiлi гiстарычныя арганiзмы ды дух, што iх сiлкаваў. Чэхiя, Марава, засталая частка Сылезii ды ўласна аўстрыйскiя абшары ў манархii ўважалiся „нямецкiмi землямi“, якiм супрацьстаўлялiся вугорскiя. Дзякуючы гэтаму ўпершыню зазначыўся той дуалiзм, якi поўнiцай праявiўся пасьля, цягам XIX стагодзьдзя. Старое дзяржаўнае права публiчна не было скасавана, але яго практычнаму прытарнаваньню стаўлялiся перашкоды. Была ўведзена цi, прынамсi, заплянавана адзiная адмiнiстрацыя для ўсiх „нямецкiх земляў“. Але найбольш пасьпяховым чынам было зьдзейсьнена пераўтварэньне сыстэмы адукацыi ў сувязi зь перабудовай дзяржавы. За выняткам народных школаў (Volksschulen) на правiнцыi, плянаваўся пераход усёй вышэйшай школы на нямецкую мову, i гэта ўжо шырака практыкавалася. Сацыяльнае расслаеньне крочыць нага ў нагу з моўнай дыфэрэнцыяцыяй: „зьнiзу“ на большай частцы чэскiх земляў гавораць па-чэску, „зьверху“ — па-нямецку. Чэскасьць, такiм чынам, пазбаўлялася якой-кольвечы пэрспэктывы. Маральна састарэлая ды iзаляваная ад сучаснае адукацыi, зьведзеная да бяспраўнага, запрыгоненага сялянства i беднага насельнiцтва гарадоў, чэскасьць, здавалася, мусiла ўпасьцi ахвяраю ўбранага ў нямецкамоўныя шаты Асьветнiцтва i яго наймагутнейшага чыньнiка — самаўладнае, абсалютысцкае дзяржавы.

Да самага свайго канца Габсбурская манархiя iмкнулася выканаць задачу стварэньня адзiнае й мадэрнае дзяржаўнае сыстэмы, аднак, так i не дасягнула гэтай мэты. Гэта часткова тлумачыцца сутнасьцю эманцыпацыi, праваднiком якое абвясьцiла сябе абсалютысцкая iмпэрыя, падпiсаўшыся пад такiмi прынцыпамi Асьветнiцтва, як усеагульны дабрабыт, роўнасьць перад законам, свабода прафэсii ды гандлю. Надзвычай важная падзея, скасаваньне прыгоннай залежнасьцi сялянаў, у вынiку якой ужо для большай часткi насельнiцтва свабода была замацавана законам, затым увядзеньне падаткаабкладаньня панскiх маёнткаў, якiя дагэтуль падаткамi не абкладалiся, — гэта былi вялiкiя крокi на шляху да роўнасьцi; свабода перасоўваньня, магчымасьць паводле свабоднага выбару ствараць сям’ю ды даваць адукацыю дзецям, былi вялiкiмi крокамi на шляху да свабоды. Расьце самасьвядомасьць сялянаў; натуральна, у iх зьяўляецца жаданьне павысiць сваё месца на сацыяльнай лесьвiцы, чаму перашкаджае моўны бар’ер. Гэты бар’ер дзейнiчаў не ў спадзяваным сэнсе, але расколваў iснуючае грамадзтва. Адзiнству традыцыйнага станавага грамадзтва наўрад цi нешта пагражала, таму што паны заўсёды патрабавалi служак. Але грамадзтва, якое было заснаванае на прынцыпе роўнасьцi, расколваецца там, дзе гэтая роўнасьць сустракае на сваiм шляху перашкоду: тут ёю быў моўны бар’ер. Тыя, каго закранула эманцыпацыя, ужо не здавальняюцца праўнымi ды эканамiчнымi свабодамi: селянiн цяпер уласьнiк сваёй зямлi, ён можа зарабiць сабе на пражыцьцё ўласнымi рукамi, i гэтая свабода стаецца крынiцай усiх канкрэтных свабодаў. Селянiн якраз i хоча набыць канкрэтную свабоду: як чалавек, якi гаворыць сваёй уласнай мовай i якi выгадаваўся ў пэўнай традыцыi, якi, урэшце, мае гiстарычную сьвядомасьць. Гэтага, аднак, не прадугледжвала анi Асьветнiцтва, анi асьвечаны абсалютызм. Праўда, памкненьнi да новага, узьнiкаючага „зьнiзу“ эгалiтарнага грамадзтва не былi надта ўсьвядомленымi; аднак паўстае — дарма што надзвычай вузкае — кола iнтэлектуалаў рознага сацыяльнага паходжаньня — шляхоцкага, буржуазнага, часткова гэта ўжо сялянскiя сыны (як Ёзэф Юнгман, бацька чэскага нацыяналiзму), — i гэтая група iмкнецца да таго, каб мацаваць вольналюбную сьвядомасьць i выпрацаваць тэарэтычны фундамэнт, якi б грунтаваўся на сучасных уяўленьнях аб сутнасьцi народу.

З часоў Асьветнiцтва чэхi сталi ў пэўным сэнсе новым народам, таму што яны ў адрозьненьне ад даўнейшай, гiерархiчнай i моўна iндыфэрэнтнай Багемii стварылi эгалiтарнае грамадзтва, абумоўленае матчынай мовай. Гаворка йдзе пра грамадзтва вызваленых служак. Аднак яны вызвалiлiся ня самi — гэта б вымагала ажыцьцявiць рэвалюцыйны ўчынак. Яны былi вызваленыя дзякуючы захадам сваiх паноў; яны былi значна менш радыкальна настроеныя, чымся паны-вызвалiцелi, заклапочаныя хутчэй уласнымi патрэбамi i па сутнасьцi кансэрватыўныя, бо традыцыя, якая зьвязвала iх з чэскасьцю, была чужая Асьветнiцтву. Чэхi былi далёкiя ад таго, каб захапляцца бюракратычна структураванаю цэнтралiстычнаю ўнiтарнаю дзяржаваю i прыносiць ёй сваё iство ў ахвяру. Але гэткая дзяржава была новай, мадэрнай унiвэрсалiяй, падобна таму, як сярэднявечнае ды барочнае хрысьцiянства было даўнейшай унiвэрсалiяй. Не прыняць гэтыя новыя iдэi азначае заставацца ў межах партыкулярнасьцi. Аднак мадэрныя ўнiвэрсалii больш суадносяцца з фактычна ўнiвэрсальным, таму што iснуе не ўнiвэрсальная дзяржава, а толькi ўнiтарныя дзяржавы. Сярэднявечны ўнiвэрсалiзм сустракаў i лучыў памiж свабой моўныя, культурныя, рэгiянальныя адметнасьцi Эўропы як нешта дадзенае зьверху. Але мадэрны ўнiвэрсалiзм iмкнецца гэтыя адметнасьцi зьнiвэляваць. Там жа, дзе людзi, ужо перажыўшы эманцыпацыю, застаюцца ў сутнасьцi кансэрватыўнымi, апрычонае дзякуючы iм мусiць набыць значэньне i стаць рэальнасьцю, у той час як дзеля ўнiвэрсальнага нiхто i пальцам не зварухне.

Мадэрны нацыяналiзм падаецца мне ўвогуле аджылым паняткам i састарэлай рэалiяй. Пасьля таго як злучальны пачатак хрысьцiянскага Сярэднявечча адышоў у нябыт, засталося тое, што лучыла: адметнасьцi, этнiчнасьць, мова ды раздробленыя традыцыi; i аказалася, што больш няма нiчога дадзенага зьверху, будзь гэта партыкулярнае, зь якiм мы прызвычаiлiся жыць, паспрабаваўшы зрабiць яго канкрэтным органам, калi нават не крынiцай чалавечнасьцi. Гэта слушна пагатоў у тым сэнсе, што мы „завязаныя“ на фактычным/выпадковым i бяз гэтага ня ў стане жыць; але як нам належыць судакранацца зь iншым, цi iснуе толькi гэтае паасобнае й выпадковае i цi было яно само тым адзiным, што супольнае нам усiм?

У Аўстра-Вугорскай манархii сканцэнтравалася „аджылая праблема“ Эўропы. Марыя Тэрэзія мела ў пэўным сэнсе рацыю, калi ў адрозьненьне ад асьветнiцкага ўнiвэрсалiзму Язэпа II упорыста датрымвалася барочнага ўнiвэрсалiзму ды контрарэфармацыйнага каталiцызму i не хацела саступаць: апошнi яшчэ высака трымаў штандар унiвэрсальнай манархii, заснаванай на хрысьцiянстве шляхты i царквы; iснавала нешта звышэмпiрычнае, на якiм можна было сысьцiся i якое ўяўляляла тады яшчэ дзейсную грамадзкую сiлу. Абмяняць гэтую iнстанцыю на няпэўнасьць рацыянальна-тэхнiчнага розуму падавалася вялiкай рызыкай. Ужо мелася iмкненьне зьмянiць гiстарычныя дзяржаўныя арганiзмы, але без удзелу ў гэтым хiсткага непастаяннага „рацыё“. У далейшым чальцы дынастыi будуць вагацца памiж паставамi Марыi Тэрэзіi i Язэпа II, мацi й сына, ня ў стане зрабiць выбар. Якiм чынам паяднаць шматлiкiя нацыянальныя традыцыi, нямецкую, чэскую, вугорскую, польскую, румынскую, харвацкую ды iншыя? Цi трэба выкарыстоўваць нямецкую мову ў якасьцi афiцыйнае, як таго вымагае здаровы сэнс, бо ўсё ж такi нямеччына была ня толькi рацыянальным сродкам камунiкацыi памiж народамi манархii, але i ўяўляла сабой заразом апрычоную традыцыю, жывую нацыянальную стыхiю, якая правакавала iншыя ды, пасьля таго як пракацiлася хваля Асьветнiцтва, мусiла стацца сродкам прыгнёту. То ж бо Асьветнiцтва само спарадзiла цяжкасьцi, што аказалiся ўрэшце невырашальнымi для дзяржаўных дзеячаў манархii.

Моўны нацыяналiзм, якi ўсюды пашыраўся разам з рамантызмам, знайшоў сабе ў Сярэдняй ды Ўсходняй Эўропе iдэальную глебу. На эўрапейскiм захадзе было iначай: у Францыi, напрыклад, мова саступала ў сваiм значэньнi дзяржаве. У Аўстрыi былi ж народы, дзяржавы якiх больш не iснавалi, але як народы якiя захавалiся: чэхi, палякi i — паколькi за часоў Язэпа Вугоршчына была прылучана да манархii (як пасьля за Мэтэрнiхам) — вугорцы. Аднак цяпер зьяўляецца яшчэ адзiн спэцыфiчны момант — славiзм. Ён, як i вывядзеньне нацыянальнасьцi з мовы, усходзiць да Гердэра, якi нат пажыў у Расеi i спрабаваў даць дэфiнiцыю „славянскiм народам“. З гэтага гледзiшча манархiя была населеная славянскiмi й неславянскiмi народамi. Падзел „славянскi-неславянскi“ хутка быў пераасэнсаваны ў палiтыцы як „славянскi-антыславянскi“. I тады было зусiм натуральна, што пэўныя народы сталiся носьбiтамi славiзму, а iншыя антыславiзму. Дарма што немцы ў манархii дзякуючы посьпехам славянаў усё больш хiнулiся да антыславiзму, першымi ж пратаганiстамi антыславiзму ўсё ж былi вугорцы. Насуперак iм перадусiм чэхi, а таксама славакi, спрабавалi абгрунтаваць i выбудаваць славiзм.

Чым жа тады ёсьць, з пункту гледжаньня сацыялёгii, працэс гэтак званага чэскага адраджэньня? З структураванага паводле станавых прынцыпаў грамадзтва, якое было надзвычай моўна iндыфэрэнтным, паўстала зарыентаванае на цэнтралiзаваную дзяржаўную ўладу разнароднае грамадзтва, у якiм вярхi гавораць па-нямецку, а нiзы ў чэскiх правiнцыях па-славянску. Акурат з гэтага ўзьнiклi тады два самастойныя, моўна адно ад аднаго адрозныя грамадзтвы, чыя нутраная структура, як i наагул у мадэрным буржуазным грамадзтве, была абумоўлена эканамiчна. Чэскамоўнае грамадзтва мела шырокую базу, ягоныя вярхi складалiся з „iнтэлiгенцыi“, але яму не ставала багатае гандлёвае й прамысловае буржуазii, а таксама шляхты (асобныя прадстаўнiкi якой, праўда, залiчалi сябе да яго, аднак выконвалi па сутнасьцi адно функцыю iнтэлектуалаў). Падставай для ўтварэньня гэтага новага грамадзтва, новай нацыi, такiм чынам былi — у пазытыўным сэнсе — эманцыпацыя ў духу Асьветнiцтва i — у нэгатыўным сэнсе — асьветнiцкi цэнтралiзм. Гэты працэс таксама ўзмацняўся перадрамантычнымi й рамантычнымi iдэямi. Гiсторыкi падзяляюць яго на некалькi этапаў: у якасьцi выходнага пункту Ёзэф Пекарж разглядае барочны патрыятызм контрарэфарматараў, тады надыходзiць пэрыяд Асьветнiцтва, пад час якога чэскасьць (як i славянскасьць увогуле) стаецца прадметам дасьледаваньня, чые вынiкi фiксуюцца пераважна на нямецкай мове. Трэцi этап — рамантычны, ён „завязаны“ на мове, згодна зь iм нацыянальнасьць акрэсьлiваецца паводле моўнай прыкметы. Але не ўжываньне мовы зьяўляецца пры гэтым вырашальным i новым, а стварэньне абумоўленага гэтай моўнай прыкметай замкнёнага грамадзтва, якое ўва ўсiх сваiх функцыях, як духовай, так i палiтычнай, у гаспадарчай i адмiнiстрацыйнай галiнах, пачуваецца згуртаваным ды самастойным i iмкнецца такiм быць. Ясна, што гэткае чэскае грамадзтва не магло займець гэта лёгка, таму што сродкi для дасягненьня сваёй самастойнасьцi яно магло сiляць i назапашваць з абмежаваных рэсурсаў сялянства i дробнай буржуазii; апроч гэтага яно не ўспадкавала анiчога, нi ў духовым стасунку, нi ў матэрыяльным.

Аднак сьпярша яму на дапамогу прыходзiць рамантызм. У Аўстрыi напалеонаўскiх войнаў ён зь вiдавочных прычынаў здабыў афiцыйную падтрымку: Аўстрыя ператварылася ў касьцяк антынапалеонаўскае каалiцыi i болей за iншых спрычынiлася да таго, каб зруйнаваць францускую гегемонiю ў Эўропе, напрыканцы, ведама, у хаўрусе з Расеяй. Каталiцкая велiч рамантыкаў часова знайшла прытулiшча ў Вене, народнасьць „песьцiлася“ з палiтычных матываў, а з гэтага якраз i карыстала новае, перажываючае родавыя схопкi чэскае грамадзтва i яго маладая лiтаратура. Тры вялiкiя, зьвязаныя паходжаньнем цi адукацыяй з Вугоршчынай славакi пратэстанцкага веравызнаньня Шафарык, Колар i Палацкi прыўнесьлi новы дух у чэскiя дачыненьнi, пазначаныя пячаткай язэпiзму (Josephinismus). Колар ды Шафарык пасьля вызвольнай войны навучалiся ў Ене, Шафарыкаў прыяцель Палацкi чэрпаў адтуль рамантычны дух. Колар пераклаў па-славянску зацемкi Гердэра пра побыт у Расеi i заснаваў на iх сваю iдэю „славянскае ўзаемнасьцi“, якая, праўда, сьпярша датычыла толькi духовасьцi, але крыла ў сабе i палiтычныя наступствы. Славянскасьць узьнiмае самасьвядомасьць славян сьпярша ўнутры Аўстрыi — мы не малыя, таму што мы складаем у Аўстрыi бальшыню насельнiцтва. А вонках Аўстрыi гэта азначала — мы вялiкiя, таму што iснуе неабсяжная славянская iмпэрыя, што грае ў Эўропе вызначальную ролю i ў будучынi будзе дамiнаваць у ёй. У вачох Колара ўсё было амаль славянскiм, уся Нямеччына да самае Эльбы ды ўся Паўночная Iталiя. Колар склаў фантастычную кнiгу пра славянскую старажытную Iталiю i напiсаў салiдную паэму, дзе адлюстраваў своеасаблiвае вандраваньне па славянскiм сьвеце, накшталт паэмы Дантэ пра падарожжа па сьвеце хрысьцiянскiм. Напiсаны гекзамэтрамi пралёг да гэтае паэмы — гэта ня што iншае, як паэтычны пераказ разьдзелу „Iдэяў да фiлязофii гiсторыi чалавецтва“ Гердэра, прысьвечанага славянам. Палацкi спачатку таксама хацеў стаць паэтам i стварыў эпас аб падзеях 1812 году, своеасаблiвую „Вайну i мiр“.

Галоўны твор Шафарыка, „Славянскiя старажытнасьцi“, быў прысьвечаны грунтоўнаму выкладу ўсiх крынiц пра славян у антычных ды бiзантыйскiх аўтараў. Яму рупiла прадставiць славян трэцiм элемэнтам, якi зь сiвое даўнiны ўтвараў Эўропу. Палацкi пазьней станецца патрыятычным гiсторыкам: ён засвоiць думку Бальцаны, што самасьвядомасьць чэхаў абудзiлася дзякуючы звароту да вялiкiх духовых учынкаў iхных продкаў. Але тымчасам як Бальцана, праўдападобна, меў на ўвазе часы Карла IV, Палацкаму ўяўляўся перадусiм гусiцкi рух, якi ён раскрыў у сваiм значэньнi для бацькаўшчыны i ўсяго чалавецтва. Магчыма, нават вiдавочна, што ён тлумачыў гусiцкi рух некарэктна, але ўсё ж такi ён улавiў гэтую найбольш значную праяву чэскае велiчы i стварыў у найвышэйшай ступенi прэтэнцыёзную трактоўку значэньня чэскае гiсторыi для мадэрнае Эўропы.

Зразумела, што людзi, якiя прадстаўлялi славiзм, узглядам Аўстрыi займалi зусiм iншае становiшча, чымся немцы i вугорцы. Немцы ў Аўстрыi бачылi ў манархii вядучую сiлу Германскага Зьвязу, сучасную наступнiцу iмпэрыi5.

Вугорцы не адчувалi ў сваёй традыцыi нi лучнасьцi з iмпэрыяй, нi зь яе наступнiкамi i хацелi мець цьвёрдыя гарантыi сваёй незалежнасьцi i сваёй самастойнай дзяржаўнай сыстэмы. У адрозьненьне ад гэтага, для чэхаў было важна тое, што Аўстрыя выпадала зь нямецкае прасторы i што славянская бальшыня пачала выходзiць на палiтычную сцэну. Нагода ўголас заявiць аб гэткай пазыцыi, натуральна, надарылася ўпершыню толькi пасьля сакавiка 1848 году, пасьля падзеньня Мэтэрнiха й канца да гэтага часу практыкаванага абсалютызму, варожага якой-любя нацыянальна цi этнiчна скiраванай прапагандзе. Аднак 1848 год ясна паказаў, што мiж тым плён рэформаў Язэпа II, распрыгоньваньне сялянаў ды эканамiчны лiбэралiзм, рэалiзаваўся на нацыянальным узроўнi i што сацыяльная дыфэрэнцыяцыя на чэскiх землях зайшла так далёка, што можа мець ужо i палiтычнае выражэньне.

Для iнтэлектуалаў, якiя сталi палiтыкамi (прыкладам, Палацкага), палiтычная арыентацыя вызначылася сама сабою: яны выступалi супраць выбараў у Франкфурцкi Нацыянальны Сход, таму што з Германскiм Зьвязам iхная краiна ня мела нiчога супольнага; яны выразна падкрэсьлiвалi, што прававыя дачыненьнi iхнай краiны з iмпэрыяй пасьля яе распаду страцяць сваю моц. Дынастыя была перакананая ў тым, што манархiя мусiць шукаць свайго паратунку, абапiраючыся на славянскую частку насельнiцтва. Адсюль вынiкала тая кансэрватыўная пастава, якой пасьлядоўна да канца жыцьця датрымлiваўся Палацкi (i якую так высьмейваў Маркс). У адрозьненьне ад гэтага, вугорцы ажыцьцяўлялi радыкальны ўцiск на манархiю, дамагаючыся аднаўленьня самастойнай вугорскай дзяржавы i рыхтуючы рэвалюцыю. Рэвалюцыя ў Вене была нацыянальнаю i лiбэральнаю: урад Пiлердорфа ўрэшце саступiў iхнаму нацiску, i канстытуцыя, прынятая iм 25 красакавiка 1848 году, ухвалiла iх права выбіраць у Франкфурцкi Фэдэральны Сход. Гэтая канстытуцыя, разам з гэтым, катэгарычна адмаўляла самую iдэю самастойнае дзяржавы чэхаў. Тымчасам як вугорцы знайшлi паразуменьне зь венскiмi лiбэраламi i дамаглiся свабоды, здабыўшы прыхiльнасьць усёй лiбэральнай сусьветнай грамадзкасьцi, чэхi засталiся нi з чым. Iх тэндэнцыя не была радыкальнаю; яны разьлiчвалi, хутчэй, на тое, што iхная ляяльнасьць да „загрожанай“ дынастыi будзе шчодра адплочана. Пангерманскiм настроям яны супрацьставiлi славянскi кангрэс, праведзены ў Празе ў чэрвенi 1848 году6.

Ведама, iснавала й невялiкая група радыкальных дэмакратаў, якiя, за прыкладам вугорцаў, манiлiся спраўдзiць нацыянальныя памкненьнi гвалтоўным чынам. Яны ўзялi ў рукi зброю, пабудавалi барыкады i сталiся першымi ў Аўстрыi паўстанцамi, разьбiтымi аддзеламi князя Вiндышгрэца. Тым самым страцiў свой сэнс славянскi кангрэс, а першае палiтычнае выпрабаваньне мадэрнае чэскасьцi пацярпела паразу. Лiбэральны сьвет цалкам праiгнараваў той факт, што стаўленьне вугорцаў да тых невугорскiх народаў, што жылi ў iх гiстарычнай краiне (славакi, румыны, чэхi), было надзвычай нелiбэральным. Гэта, здаецца, не было ўжо так несправядлiва, бо славяне ўспрымалiся як рэакцыйная сiла. Падзеi разгортвалiся так, што пасьля Вiндышгрэцавай перамогi паноўная дынастыя ўжо ня брала ў разьлiк таго парлямэнту, што засядаў сьпярша ў Вене, а пасьля ў Крэзiры (Кромнержыжы). Таму чэскiя нацыянальныя патрабаваньнi больш зусiм ня зводзiлiся да мовы. I ўсё-такi манархiя не дала рады з вугорцамi i мусiла заклiкаць на дапамогу Расею, дзякуючы якой хоць i быў зломлены вугорскi супрацiў, але вугорцы адначасна пераканалiся ў справядлiвасьцi iхнае антыславянскае палiтыкi i стратэгiчных кiрунках яе будучага ажыцьцяўленьня: у прыватнасьцi, бязьлiтаснасьцi да iншых нацыянальнасьцяў у Вугоршчыне, перш як Расея зможа зазначыць сваю калясальную вагу i зноў заявiць правы на панаваньне ў Эўропе.

Калi ў 1849 годзе абсалютызм у Аўстрыi быў адноўлены, у Чэхii й Вугоршчыне бытавалi зусiм адрозна матываваныя чаканьнi распружаньня сытуацыi: вугорцы маглi — асаблiва зважаючы на антырасейскi кiрунак, якога Аўстрыя адкрыта трымалася ў часе Крымскае вайны — разьлiчваць на тое, што iхная антыславянская тэндэнцыя будзе належным чынам ацэнена i ў iншай частцы дзяржавы, тымчасам як чэскiя спадзяваньнi, якiя ўскладалiся на славянскую салiдарнасьць унутры i за межамi iмпэрыi, былi надзвычай утапiчнымi — яны не знаходзiлi рэальнай падтрымкi нi ў мадэрных эўрапейскiх працэсах, нi ў славянскiм сьвеце, у тым лiку i ў Расеi. Да таго ж пад час падзеяў 1848 году выразна выявiлiся сацыяльныя й палiтычныя дачыненьнi, якiя характарызавалi чэскае i нямецкае грамадзтвы. Яны адмежавалiся адно ад аднаго i ад гэтага часу разьвiвалiся самастойна. Калi пасьля ў 1859 годзе нэаабсалютысцкую сыстэму зьмянiў новы ўрад, вугорцы выступiлi супраць навязанай iм звонку канстытуцыi i ў 1863 годзе зрынулi яе, дарма што й гарантавала iм больш прывiлеяванае становiшча, чымся чэхам. Германская вайна, у якой Аўстрыя была пераможана Прусiяй, толькi паскорыла паварот да дуалiзму, якi спраўдзiўся ў 1867 годзе. Тое, што чэхам памiж 1859 i 1867 гадамi ўдавалася ўсё лепш i лепш адстойваць свае iнтарэсы насуперак захадам немцаў, абумовiла посьпех, якi ў кiраўнiчых палiтычных колах Вены атрымала iдэя дуалiзму, згодна зь якiм у невугорскай частцы манархii забясьпечвалася панаваньне немцаў, а ў вугорскай частцы — мадзяраў. У Празе ды бальшынi чэскiх гарадоў чэхi троху-патроху бралi верх: набыў значэньне „рух сокалаў“ (чэскi гiмнастычны зьвяз), прэсу i яе ўплыў нiхто больш ня стрымлiваў, а палiтычнае жыцьцё дыфэрэнцыявалася i радыкалiзавалася ў нацыянальным сэнсе. Гэтыя працэсы тармазiла палiтыка аўстра-вугорскага дуалiзму, якая пачала праводзiцца ў жыцьцё. Адбылося наступнае, а iменна: вугорцы зрабiлi свае патрабаваньнi больш радыкальнымi, iмкнулiся ажыцьцявiць сваю праграму з абсалютнай бязьлiтаснасьцю i пасьлядоўнасьцю i — перадусiм з 1871 году — перанялi замежную палiтыку ўсёй манархii ў свае рукi; германска-аўстрыйскi хаўрус 1879 году быў творам прызначанага ў 1867 годзе прэм’ер-мiнiстра Д’юлы Андрашы. У 1875 годзе Каламан Тыса, тагачасны вугорскi мiнiстар нутраных справаў, заявiў, што ў Вугоршчыне няма нiякага славацкага народу, зьлiквiдаваў усе славацкiя арганiзацыi, сканфiскаваў iх маёмасьць i перасьледаваў найбольш выдатных дзеячоў славацкага публiчнага жыцьця. Тое, што палiтыцы „язэпiзму“ не ўдалося навязаць чэхам, для славакаў у Вугоршчыне сталася рэальнасьцю. Ажно да 1918 году яны ня мелi нiводнае ўласнае публiчнае вышэйшае школы i гiмназii, i нават царква сталася iнструмэнтам мадзярызацыi.

Чэхi на досьведзе сваiх няўдач навучылiся тактыцы малых крокаў. З псэўдалiбэральнае канстытуцыi 1867 году яны выгадалi для сябе ўвесь пажытак, якi можна было выгадаць: канстытуцыю яны патрактавалi ў сэнсе прызнаньня чэскай дзяржаўнасьцi, а ў 1880 годзе дабiлiся раўнапраўнасьцi чэскае мовы зь нямецкаю; яны заснавалi вышэйшую тэхнiчную школу на чэскай мове, а пасьля падзялiлi ўнiвэрсытэт на чэскую й нямецкую часткi. Гэта было значэннай падзеяй у духовым жыцьцi чэхаў, таму што адцяпер усе абсягi навукi проста мусiлi разьвiвацца на чэскай мове. Вось жа, моўная праграма рамантыкаў сталася сапраўднасьцю ў пазытывiсцкую эпоху. Сьледам за гэтым распачыналася барацьба за першынство чэскай мовы, прынамсi, у той частцы чэскай тэрыторыi, дзе жылi пераважна чэхi. Яна натыкалася на ўсё больш моцны супрацiў немцаў. Карацей, у гэтай зацятай барацьбе за кожны лапiк зямлi чэхi дабiвалiся таго, каб стаць грамадзянамi першага гатунку; тым ня менш поўнай раўнапраўнасьцi iм так i не ўдалося дасягнуць. Урад спрабаваў перавесьцi ўвагу на сацыяльныя ды эканамiчныя пытаньнi. З 1908 году ў Аўстрыi было ўведзена ўсеагульнае й роўнае выбарчае права, але да паразуменьня памiж чэхамi ды немцамi так i не дайшло.

Усё гэта мы павiнны браць пад увагу, разглядаючы разьвiцьцё эканомiкi i культуры. Чэскiм немцам з часоў асьветнiцтва было лягчэй уладкоўвацца на цэнтральныя пасады дзяржавы, пазьней яны ўспрымалi посьпехi Германскае iмпэрыi як сваю моцную падтрымку. Яны не маглi не адчуваць духовай повязi з здабыткамi шматстайнай сусьветнай культуры; iхная руплiвасьць, iхная высокая культура ды iхная ўпорыстасьць станаўко прычынiлiся да разбудовы iндустрыi, сыстэмы аховы здароўя i транспартных шляхоў. Неўрадлiвасьць зямель не была для iх перашкодай, бо гэта кампэнсавалася тым, што паблiзу Мосту i Духцава працавалi высакатэхналягiчныя вугальныя шахты, у Лiбэрцы дзейнiчала ўзорная тэкстыльная фабрыка, у Ябланцы быў распачаты выраб бiжутэрыi, i, нарэшце, iснавалi яшчэ славутыя ў той час заходнечэскiя курорты. Працоўная сiла, збольшага з чэскiх рэгiёнаў, лёгка паддавалася германiзацыi, але хутка i тут разгарэлася зацятая барацьба за абарону сваiх нацыянальных правоў, i ў вынiку на ўсiм абшары Судэцкай краiны засталiся прыкметныя чэскiя меншасьцi. Чэхi сустрэлi разьвiцьцё капiталiзму сьпярша не зусiм адназначна, аднак ужо ў дзевяностыя гады XIX стагодзьдзя вельмi вялiкiя прамысловыя прадпрыемствы былi ў чэскiх руках, а дабрабыт узрос так, што чэхi мелi ў 1911 годзе ў банках i ашчадных касах больш за два мiльярды кронаў капiталу (у той самы час Нямеччына мела толькi ў ашчадных касах больш за 18 мiльярдаў, уся Аўстрыя — 6,3 мiльярды); у 1912 годзе асноўны капiтал чэскiх банкаў складаў прыблiзна 245 мiльёнаў кронаў, а сума асноўнага балянсу — 2,6 мiльярды. У 1890 годзе чэхi на ўласныя сродкi заснавалi Акадэмiю Навук i Мастацтваў, якую фiнансаваў Ёзэф Глаўка (1831—1908), багаты архiтэктар, якi па ўсёй iмпэрыi ўзводзiў больнiцы, урадавыя будынкi i г.д. Задоўга да першай сусьветнай вайны чэхi валодалi не адным машынабудаўнiчым заводам у Празе; у той час значнага эканамiчнага ўздыму яны маглi канкураваць на роўных з тымi прадпрыемствамі, якiя знаходзiлiся ў нямецкiх руках.

Якiм жа было духовае жыцьцё гэткага грамадзтва, калi ўсё-такi яно перш-наперш было змушанае дбаць пра хлеб свой надзённы? Скуль чэрпала яно сiлы для гэтага зьнясiльваючага жыцьця, у якiм посьпехi былi такiмi рэдкiмi, а працы не было канца? Гэткае грамадзтва ня мела прасторы для ўзьнiкненьня самастойнага спэкуляцыйнага мысьленьня, для мастацтва, якое б разгортвалася ў чыстых эмпiрэях духу. Амбiцыi гэткага кшталту ўспрымалiся б кожным членам гэтага грамадзтва як нешта нерэалiстычнае, неспалучальнае зь яго сутнасьцю ды структурай, як iндывiдуалiсцкi выхад за ягоныя межы. У грамадзтве вызваленых парабкаў, якiя сьпярша мусяць навучыцца, як iмкнуцца да большай свабоды i самарэалiзацыi, культура непазьбежна набывае рысы народнае пэдагогiкi: яна скiравана якраз да гэтага грамадзтва, а не да „людзей“ цi да „чалавецтва“.

<...>

4Josef Pekaш, Иeskй katastry 1654-1789. У:Иeskэ иasopis historickэ XIX, 1914, s. 341.

5 Маецца на ўвазе Сьвятарная Рымская iмпэрыя германскай нацыi. (Зацем рэд.)

6 Славянскi кангрэс адбываўся ў Празе 2—12 чэрвеня 1848 г. i сабраў дэлегатаў ад славянскiх народаў габсбурскае дзяржавы, а таксама прадстаўнiкоў iншых славянскiх краiнаў. Ён быў распушчаны ў вынiку чэрвеньскага паўстаньня ў Празе. Яго ўдзельнiкi выдалi адозву да эўрапейскiх народаў, у якой патрабавалi раўнапраўнасьцi для ўсiх нацыяў i народнасьцяў.

 
Зь нямецкай мовы пераклаў Аляксей Крукоўскi паводле:
Co jsou Cesi? Maly prehled fakt a pokus o vysvetleni
/Was sind die Tschechen? Kleiner Tatsachenbericht und Erklдrungsversuch. Praha, 1992.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList