Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

геапалітыkа


Рычард Пайпс
Мiнуўшчына Расеi i яе будучыня


Рычард Эдгар Пайпс (нар. у 1923 годзе ў Цешыне, у Польшчы, жыве ў ЗША ад 1940-га) — амэрыканскi гiсторык i палiтоляг, адзiн з найбольш аўтарытэтных заходнiх дасьледнiкаў гiсторыi Расеi i СССР. Аўтар 15 кнiжок, сябар выдавецкiх радаў у 10 выдавецтвах. З 1963 — прафэсар гiсторыi Гарвардзкага ўнiвэрсытэту. Быў таксама дырэктарам Цэнтру расейскiх дасьледаваньняў Гарварду, дырэктарам па справах Савецкага Саюзу i Ўсходняй Эўропы ў Радзе нацыянальнай бясьпекi ЗША. Пры канцы 1999 году надрукаваў артыкулы Portent of the Russian Elections i Outrages of Chechnya, у якiх аналiзуе сытуацыю ў Расеi.

Расея для тых з нас, хто чакаў, што па каляпсе савецкага рэжыму гэтая краiна, хоць павольнай i рванай, але ўсё ж незваротнай хадой, ступiць на дарогу прыняцьця заходнiх вартасьцяў, сталася ў апошнiх гадох вялiкiм расчараваньнем. Праўда, мы ў нашых думках заклiньвалiся на кiрунку, якiм — хоць i з выкарыстаньнем розных мэтадаў — памкнулi прыбалтыйскiя дзяржавы, Чэхiя, Польшча й Вугоршчына, то бок краiны, што толькi нядаўна вызвалiлiся ад камунiзму. Адначасова мы не заўважалi вiдзежу, што бачыўся многiм расейцам, якiя, зрынуўшы камунiзм, спачатку былi ахопленыя энтузiязмам i лiчылi, што даволi абвесьцiць Расею дэмакратычнай i рынкава арыентаванай дзяржавай, i iх краiна ў кароткi час ператворыцца ў другiя Злучаныя Штаты.

 
Урэшце не рэалiзаваўся нiводны з гэтых сцэнароў. Расея па спадзеўным пачатку прыйшла да цяжкавызначальнага рэжыму, якi ня ў стане даць сваiм грамадзянам анi дабрабыту i свабодаў уласнай капiталiстычнай дэмакратыi, анi падставовай пэўнасьцi эпохi росквiту камунiзму.

Гэтая абставiна спрычынiла ў Расеi глыбокае расчараваньне. Камунiсты на апошнiх парлямэнцкiх выбарах атрымалi найбольшую колькасьць галасоў*.

Амаль палова выбаршчыкаў аддала свае галасы кандыдатам, якiя адмаўляюць дэмакратызацыю i рынкавую эканомiку, глядзяць на Захад як на ворага, што iмкнецца скарыць Расею, i прагнуць „цьвёрдай рукi“. Да нядаўна мы нават не дапускалi, што перамога ў чэрвеньскiх прэзыдэнцкiх выбарах можа дастацца камунiстам цi нацыяналiстам, памiж якiмi, у прынцыпе, няма вялiкае розьнiцы: i тыя, i другiя прагнуць аднаўленьня страчанай iмпэрыi i разгрому дэмакратычных iнстытуцыяў, што ў Расеi толькi пачынаюць нараджацца.

Гэтая абставiна — хоць яе рашуча крытыкуюць ангажаваныя назiральнiкi — пры ўсiм пры тым яскрава паказвае, як моцна памыляюцца новыя славянафiлы кшталту Аляксандра Салжанiцына: паводле iх, каранi ўсiх расейскiх праблемаў палягаюць у марксiзьме, на якi яны глядзяць як на чужародную для Расеi пошасьць, прынесеную з Захаду. Аднак калi й праўда, што марксiсцкая тэорыя была iмпартаваная з Захаду, дык трэба дадаць, што марксiзм у практыцы, як спосаб улады, набыў свой выключна дэспатычны характар менавiта ў Расеi. У заходнiх краiнах марксiзм пасьля таго, як пад выглядам сацыяльнай дэмакратыi трапiў да ўлады, разьвiўся ў сацыяльную дэмакратычную дзяржаву; у Расеi — гэтаксама як i ў бальшынi тых краiнаў трэцяга сьвету, якiя прынялi яго за свой, — прывёў да ўзьнiкненьня таталiтарызму.

Безумоўна, што адрознасьць разьвiцьця той самай iдэалёгii ў двух розных асяродзьдзях паказвае, што палiтычная культура Расеi варожая да палiтычных i эканамiчных iнстытуцыяў Захаду i выяўляе схiльнасьць перафармуляваць заходнiя iдэi ў духу, якi супярэчыць прынцыпам грамадзянскай супольнасьцi. Вельмi праўдападобна, што дакуль расейцы не ўсьвядомяць, што менавiта ў iхнай культуры трэба зьмянiць, датуль яны ня змогуць стаць „нармальным“ грамадзтвам, — а тымчасам да гэтага бальшыня зь iх iмкнецца.

* Маюцца на ўвеце парлямэнцкiя выбары 1996 году. — Рэд.
 

 
* * *

Дык якiя элемэнты гiстарычнага разьвiцьця Расеi зрабiлi яе жыхароў збольшага неўспрымальнымi да заходнiх уплываў i адначасова схiльнымi паддавацца антызаходняй дэмагогii?

Найперш хочацца вытлумачыць гэта нацыянальным характарам: расейцы ад прыроды iншыя, гэта людзi, замяшаныя зь iншае дзежкi, чым якiя ангельцы, французы цi швэды. Аднак гэтага адказу прыняць нельга. У канцы сярэднявечча Расея складалася зь дзьвюх частак. Цэнтрам першай была Масква. Другая — Ноўгарад — была квiтнеючай гандлёвай гарадзкой дзяржавай, якая, дзякуючы сваiм сувязям з Ганзэйскай лiгай, мела шырокiя гандлёвыя кантакты з усёй паўночнай Эўропай. Культура Ноўгараду, заснаваная менавiта на гандлi, стымулявала ўтварэньне дэмакратычных iнстытуцыяў, што ня толькi адпавядалi сваiм заходнеэўрапейскiм аналягам, але ў некаторых аспэктах iх i пераўзыходзiлi.

Ноўгарад быў рэспублiкай, кiраўнiкi якой выбiралiся, прычым перад уступленьнем на пасаду абавязкам новага ўладара было прысягнуць, што ён будзе паважаць прывiлеi й правы грамадзянаў, якiя выразна абмяжоўвалi ягоныя паўнамоцтвы. Выбарнымi былi i iншыя высокiя пасады. Маёмасьць грамадзянаў ахоўвалася ад незаконных замахаў. Законы прымалiся вечам, у якiм мог узяць удзел кожны свабодны чалавек. Расейская гарадзкая дзяржава вельмi нагадвала аўтаномныя камуны сярэднявечнай Эўропы, якiя значна паспрыялi разьвiцьцю свабоды i ўлады закону ў Заходняй Эўропе.

На бяду для Расеi Ноўгарад пры канцы XV стагодзьдзя быў заваяваны аўтакратычнай маскоўскай дзяржавай, якая зьлiквiдавала веча, iмем маскоўскага цара канфiскавала ўсе землi, а тысячы чальцоў ноўгарадзкага верхняга пласту дэпартавала далёка ўглыб расейскiх абшараў. I хоць Ноўгарад не праiснаваў да нашых дзён, ужо сам факт ягонай наяўнасьцi ў гiсторыi Расеi паказвае, што ўяўленьне аб прыроджаным антызаходнiм чуцьцi расейцаў цалкам памылковае.

Гэта пацьвярджаецца i фактамi сучаснай расейскай культуры. На знакамiтыя лiтаратурныя, музычныя i жывапiсныя творы, якiя ўзьнiклi ў Расеi ў апошнiя два стагодзьдзi, моцна паўплываў Захад, i наадварот: сам Захад ахвотна прызнаў iх за свае. Цяжка было б знайсьцi чалавека, якi б сумняваўся, што, да прыкладу, Пушкiн, Тургенеў, Талстой, Чэхаў, Чайкоўскi або Стравiнскi, Кандзiнскi або Шагал не належаць заходняй культуры.

Тут мы апынаемся перад вялiкай загадкай: вось краiна, якая распасьцiраецца на ўзьмежжы Эўропы i жыхары якой маюць такi самы фiзычны выгляд, як i ўсе эўрапейцы; краiна, якая ў апошнiя тры стагодзьдзi настойлiва iмкнулася да таго, каб быць успрыманай за складнiк Эўропы, i якая, як у палiтычнай, гэтак i ў культурнай сфэры, давяла сваю здатнасьць такiм складнiкам быць; i ўвадначас гэтая самая краiна сьцьвярджае, што для яе амаль немагчыма збудаваць грамадзкi i палiтычны рэжым, заснаваны на агульнапрынятай у Заходняй Эўропе мадэлi. Што ж хаваецца за гэтай супярэчнасьцю?
 

 
* * *

Тут да месца будзе невялiкае адступленьне. Меркаваньнi, якiя я буду разьвiваць у наступных радкох, абапiраюцца на дапушчэньнi, што меркай, паводле якой Расея (а аналягiчна i iншыя супольнасьцi, што знаходзяцца па-за культурным абсягам Захаду) мае разглядацца, зьяўляюцца заходнiя iнстытуцыi i практыкi. Такая аснова аргумэнтацыi ў наш час ня вельмi папулярная, бо нагадвае самамэтавыя довады, ужываныя заходнеэўрапейцамi ў часы пiку сваёй iмпэрыялiстычнай экспансii дзеля апраўданьня падпарадкаваньня, а часьцяком i паняволеньня iншых расаў. Уяўленьне пра расавую вышэйшасьць эўрапейцаў, i перадусiм паўночнаэўрапейцаў („арыйцаў“), што дасягнула сваёй ганебнай кульмiнацыі ў Галакосьце, абсалютна — i цалкам апраўдана — сябе здыскрэдытавала. Аднак нашай рэакцыяй сталася ўхiленьне да супрацьлеглае крайнасьцi. У амэрыканскiх унiвэрсытэтах палiтычна карэктнай пазыцыяй лiчыцца сёньня „мультыкультуралiзм“. Гэты няясны нэалягiзм сьцьвярджае, што вартасьць усiх культураў роўная. Культура заходняя — калi тая праз шкоду, нiбыта няспынна чыненую чалавецтву, ня лiчыцца проста другаснай — ляжыць недзе на адным роўнi з астатнiмi.

Сучасныя модныя дактрыны, ствараныя ў iмкненьнi загладзiць расiсцкiя падыходы мiнуўшчыны, церпяць ад уласных недахопаў. Далёка не апошнi зь iх — крывадушнасьць. Хоць мы й адкiнулi ўяўленьне, што людзi неэўрапейскага паходжаньня — барбары, або што яны ў дачыненьнi да нас нейкiя другасныя, усё ж мы ўвесь час натыкаемся на ацэнкi iншых супольнасьцяў, заснаваныя на нашым, заходнiм гледзiшчы. Калi паважаны прадстаўнiк Iрану наказаў верным мусульманам забiць пiсьменьнiка, якi нiбыта абразiў прарока Мухамэда, нашы галоўныя „прагрэсiўныя“ пiсьменьнiкi былi надзвычай абураны. Факт, што такi загад мог знаходзiцца ў абсалютнай згодзе з iсламскiм правам, нiхто ня браў пад увагу. Мы становiмся ў апазыцыю да практык, якiя жанчын у краiнах трэцяга сьвету асуджаюць на падпарадкаванае становiшча, а ў некаторых афрыканскiх супольнасьцях вылiваюцца нават у iх фiзычнае калечаньне, — аднак i тут такiя мэтады могуць адпавядаць мясцовым культурным традыцыям. Гэтыя i шматлiкiя iншыя прыклады паказваюць, што велiзарная частка таго, што разумеецца як „мультыкультуралiзм“ (з ганьбаваньнем Захаду як яго спадарожнай зьявай), ёсьць толькi позай, справакаванай часткова пачуцьцём вiны, часткова саманянавiсьцю.

Факт, што нехта ставiць заходнюю культуру ў прыклад i адстойвае яе як узор для сучаснага сьвету, насамрэч не нясе ў сабе нiякiх адзнак расавай вышэйшасьцi. Эўропа з розных прычынаў была першым кантынэнтам, якi разьвiў iнстытуцыi, што ўтвараюць нарожныя камянi сучаснага жыцьця, — прававыя сыстэмы ды афiцыйную практыку, навуку i тэхнiку, iнфармацыйныя i транспартныя мэханiзмы, рух людзей, капiталаў i тавараў. Усё гэта разам няўхiльна вядзе да iнтэграваньня сьвету ў адзiную супольнасьць. Сучасная эпоха i экспансiя заходнiх уплываў, беручы практычна, — гэта адно i тое ж. Сьпiс краiнаў, што маюць найбольшы прыбытак у пераразьлiку на душу насельнiцтва, сёньня амаль супадае са сьпiсам тых, што найбольш прынялi заходнiя мэтады i звычаi. I наадварот: да краiнаў найбяднейшых належаць найперш тыя, што гэтым шляхам — з тае цi iншай прычыны — ня рушылi.

Расея — зусiм не вынятак з гэтага правiла. Ейнае глыбока ўкарэненае непрыманьне Захаду сьведчыць пра няздольнасьць прыладзiцца да сучаснага сьвету i мае сваiм вынiкам беднасьць i заняпад. Цяпер ужо больш чым вiдавочна, што тэорыя, сфармуляваная славянафiламi ХIХ стагодзьдзя — то бок што Расея мусiць крочыць сваiм „апрычоным“ шляхам, — на практыцы можа прывесьцi толькi да катастрофы. Аднак жа Генадзю Зюганаву, лiдэру расейскай камунiстычнай партыi i аднаму з галоўных кандыдатаў у нядаўнiх прэзыдэнцкiх выбарах, гэты факт зусiм не перашкаджае выстаўляць патрабаваньнi, каб сьвет прызнаў „наша неад’емнае права iсьцi ўласным шляхам, якi адпавядае нашым традыцыям i ўмовам“. Тым ня менш i надалей застаецца абсалютна незразумелым, што гэта, уласна, за „наш шлях“, — iнакш кажучы, няясна, якiх традыцыяў Расея мусiць трымацца i да якiх умоваў мелася б прыстасоўвацца. Урэшце, у расейцаў iхнае „права“ нiхто й не аспрэчвае. Праўда, у сьвятле апошнiх восемдзесяцёх гадоў перад намi паўстае пытаньне: куды б такi шлях мог прывесьцi?
 

 
* * *

Чаму ж, уласна, для Расеi так праблематычна прыняць заходнюю мадэль грамадзтва? Цi ж не ўчынiлi гэта зь вялiкiм посьпехам ужо некалькi азiяцкiх краiнаў — а тыя, мiж тым, з усiх гледзiшчаў ад Эўропы намнога больш далёкiя! Тлумачэньне палягае ў некалькiх чыньнiках, адны зь якiх суб’ектыўныя, iншыя — аб’ектыўныя (псыхалягiчна абумоўлены супрацiў, узмоцнены гiстарычнаю спадчынаю).

Пачатак жывучага антызаходняга стаўленьня Расеi прасочваецца ў яе рэлiгiйнай спадчыне. Глыбiня рэлiгiйнага чуцьця расейскага грамадзтва як цэлага ўжо доўгi час ёсьць вельмi спрэчным пытаньнем, бо рэлiгiя ў Расеi ў надзвычай вялiкай ступенi працятая прымхамi i забабонамi. Але бясспрэчна, што пераважная бальшыня расейскага люду (найперш сялянства, якое ўтварала ажно 80 % ад усiх жыхароў) на працягу соцень гадоў верна i аддана ўшаноўвала абразы, пэдантычна трымалася царкоўных постаў i сьвятаў, i — калi iшлося пра чалавека пiсьменнага — чытала рэлiгiйную лiтаратуру. Значная колькасьць расейцаў ажно да трыццатых гадоў нашага стагодзьдзя, калi антыцаркоўная кампанiя камунiстычнай партыi разгарнулася напоўнiцу, з многiх гледзiшчаў усё яшчэ жыла ў сярэднявеччы, i сьвецкай культурай, характэрнай для адукаванай элiты Захаду, заставалася практычна некранутая.

Памiж верай, якую вызнаюць расейцы, i iхным стаўленьнем да Захаду iснуе — хоць на першы погляд гэтага можна i не заўважыць — цесная матэрыяльная сувязь. Як каталiцызм, гэтак i пратэстантызм у вачох праваслаўнай царквы заўсёды былi адхiленьнямi, заплямленымi паганскiм клясыцызмам i фiлязофскiм рацыяналiзмам. Пра тое, наколькi дзейсным быў такi падыход, сьведчыць той факт, што, калi туркi ў 1453 годзе здабылi Царград i разьбiлi Бiзантыйскую iмпэрыю, цэнтар праваслаўя, расейскае духавенства гэтую катастрофу апраўдвала як божую кару за прыкладна стогадовай даўнасьцi спробу Бiзантыi зьяднацца з Рымам. Па распадзе Бiзантыi i турэцкай акупацыi Балканскага паўвостраву маскоўскае самаўладзьдзе засталося практычна адзiнай праваслаўнай дзяржавай ува ўсiм сьвеце. У вынiку гэтага праваслаўе — пачынаючы зь сярэдзiны XV стагодзьдзя — было атаясамлена з расейскасьцю i ператварылася, такiм чынам, у нацыянальную рэлiгiю.

Гэты сынтэз рэлiгii й нацыянальнай прыналежнасьцi — каталiцызм i пратэстантызм, наадварот, былi i да сёньняшняга дня застаюцца верамi наднацыянальнымi — меў далекасяжныя вынiкi. Варожасьць, зь якой праваслаўная царква ставiлася да заходнiх адменьнiкаў хрысьцiянства, з часам зьмянiлася i набыла сэкулярызаваны выгляд. Гэтаксама як праваслаўе бескампрамiсна ставiлася да заходняга хрысьцiянства, так i расейскi народ паступова прыйшоў да адчуваньня, што ягоны характар з Захадам неспалучальны. А дзеля таго што расейцы не адчувалi сябе роднаснымi з тымi сваiмi суседзямi, якiя зьвярталiся да адной з рэлiгiяў Усходу — iсламу, будызму, канфуцыянства, — дык пачалi самi сябе ўважаць за асаблiвы i выключны выпадак.

Гiсторыкi даўно ўжо заўважылi, што калi бальшавiкi ўвялi ў жыцьцё трэцi iнтэрнацыянал i абвесьцiлi Маскву галоўным цэнтрам сусьветнага камунiзму, яны мiжволi пры гэтым гралi — насуперак свайму ваяўнiчаму атэiзму — менавiта на вышэйзгаданых пачуцьцях. У гэтым яны пайшлi па сьлядох расейскiх князёў XVI стагодзьдзя, якiя па падзеньнi Царграду абвесьцiлi цэнтар сваёй iмпэрыi за трэцi i апошнi „Рым“.

У эпоху, калi ролю разумовых i маральных арыенцiраў iграюць замест веры навука i iдэалёгiя, можа падацца, што шукаць каранi палiтычных узаемiнаў у рэлiгiйных падзеях мiнуўшчыны — перабольшаньне. Аднак сэкулярызм — зьява выключна новая. Каранi шмат чаго з таго, ува што мы верым — хоць свае погляды мы й фармулюем на навуковай i iдэалягiчнай базе, — як выяўляецца пры блiжэйшым разглядзе, палягаюць у рэлiгii. Мiльёны расейцаў, пляскаючы дэмагогам, што асуджаюць „сапсаваны“ й „заразны“ Захад, несьвядома паўтараюць стаўленьне, што ўзьнiкла шмат стагодзьдзяў таму ў найвышэйшых колах праваслаўнай царквы, зь якiх затым пашырылася на ўсё насельнiцтва.
 

 
* * *

Такога роду стаўленьне, што замiнае расейцам карыстацца заходнiм досьведам i сучаснымi ведамi, — гэта яшчэ ня ўсё: зьменам замiнаюць i перашкоды iнстытуцыйныя, якiх насамрэч вялiзнае мноства. На першае месца я б тут паставiў позьнi i часава абмежаваны досьвед з прыватнай уласнасьцю.

Тут, на Захадзе, мы схiльныя ставiцца да панятку прыватнай уласнасьцi як натуральнага закону, дадзенасьцi, якая нам гарантуе, што маёмасьць i правы, якiя мы маем, належаць нам цалкам, i мы можам зь iмi абыходзiцца сваiм адумам. Гэтую маёмасьць i правы мы ахоўваем ад замахаў ня толькi суграмадзянаў, але й дзяржавы: мы пэўныя, што ўрад ня мае права абкладаць нас падаткамi бяз згоды на тое нашых прадстаўнiкоў цi што ён ня можа падняць рукi на нашую ўласнасьць, ня даўшы нам прыстойнай замены. Аднак для таго, каб гэтыя „натуральныя“ i безумоўныя прынцыпы сталiся трывалым складнiкам нашай культуры, насамрэч спатрэбiлася шмат часу i нямала жорсткiх канфлiктаў. Гiсторыя Ангельшчыны, краiны, што дала сьвету парлямэнцкую дэмакратыю, поўнiцца такiмi сутыкненьнямi памiж народам i каронай, сутыкненьнямі, выклiканымі каралеўскiм умяшаньнем у маёмасныя правы падданых i перадусiм самавольным падаткаабкладаньнем.

Гэтыя сутыкненьнi скончылiся трыюмфам сувэрэннасьцi народу — як у Ангельшчыне, так i паўсюдна ў сьвеце. Меркаваньне, што ўласнасьць складаецца ня толькi з панятку матэрыяльнай маёмасьцi, але й з жыцьця i свабоды, спапулярызаванае Джонам Локам i перанесенае з Ангельшчыны ў Злучаныя Штаты, набыло значны ўплыў i ў Эўропе. Паўсюдна, нават у краiнах, ахопленых абсалютысцкiмi рэжымамi, прыказка, што каралi ўладараць, але не валодаюць, сталася безумоўнай iсьцiнай; шырокавядомая сэнтэнцыя рымскага фiлёзафа Сэнэкi кажа, што „каралям належыць улада, людзям жа маёмасьць“. Парушэньне гэтага прынцыпу ўспрымаецца як тыранiя.

Расеi ўвесь час гэтыя iдэi былi чужымi. Цар абыходзiўся з усёй iмпэрыяй як з выключна сваёй маёмасьцю, а сьвецкiх земляўласьнiкаў уважаў за сваiх арандатараў, якiя трымаюць маёнткi дзякуючы ягонай мiласэрнасьцi ў залежнасьцi ад iх вернасьцi ў службе. Складнiкам сувэрэннасьцi, такiм чынам, было валоданьне зямлёй i людзьмi. Рэжым гэтага кшталту, вызначаны нямецкiм сацыёлягам Максам Вэбэрам як „патрыманiяльны“, праiснаваў у Расеi ў практычна некранутым выглядзе ажно да канца XVIII стагодзьдзя, а ў некаторых аспэктах нават да пачатку стагодзьдзя дваццатага. Прыватная ўласнасьць на зямлю, не абмежаваная нейкiмi ўмовамi, — то бок асноўная форма прадукцыйнага пашырэньня багацьця — зьявiлася дзякуючы „Даравальнай грамаце дваранству“ Кацярыны Вялiкай толькi ў 1785 годзе, але распаўсюджвалася яна выключна на шляхту; звычайныя сяляне i надалей ураблялi зямлю, якая належала цi то дзяржаве, цi то памешчыкам. Магчымасьць жа стацца земляўласьнiкамi, праўда, тэарэтычную, сяляне атрымалi толькi ў 1861 годзе, а практычную ажно ў 1906-м, iнакш кажучы, яшчэ пры памяцi некаторых нашых сучасьнiкаў. Аднак ужо празь некалькi дзесяцiгодзьдзяў прыватная ўласнасьць на зямлю была зьлiквiдаваная сталiнскiмi калектывiзацыйнымi захадамi.

Адсутнасьць прыватнай уласнасьцi на зямлю мела велiзарны ўплыў на ўсе бакi расейскай гiсторыi. У Ангельшчыне кароль склiкаў парлямэнт, бо звычаi забаранялi беспасярэдне абкладаць сваiх падданых падаткамi бязь iхнай згоды на тое; чым больш грошай кароне патрабавалася — пераважна на пакрыцьцё бясконцых ваенных выдаткаў, — тым большую ўладу яна мусiла саступiць парлямэнту. Ключавым момантам пры вырашэньнi вялiкiх канстытуцыйных крызаў XVIII стагодзьдзя, якiя вылiлiся ў сталае перамяшчэньне заканадаўчых правамоцтваў ад кароны да парлямэнту, быў кантроль за дзяржаўнымi фiнансамi, ажыцьцяўляны нiжняй палатай парлямэнту.

Расейскiя цары, наадварот, ня мусiлi склiкаць нiякiх прадстаўнiчых органаў, бо валодалi ўсiм. Так званыя земствы, што некаторымi гiсторыкамi захоплена параўноўваюцца з заходнiмi парлямэнтамi, да апошнiх зусiм не падобныя: яны ня мелi нiякiх фiнансавых паўнамоцтваў i адзiнай iхнай задачай было ўхваляць рашэньнi, прынятыя ў Крамлi. Улада царскага абсалютызму была, такiм чынам, зусiм неабмежаванай; яна мела нашмат больш гнятлiвы выгляд, чым якi заўгодна зь ейных заходнiх аналягаў, улада якiх дзейсна абмяжоўвалася iснаваньнем прыватнай уласнасьцi i павагаю да яе. Самаўладзьдзе ажно да пачатку ХХ стагодзьдзя здолела захавацца ў амаль ня зьмененым выглядзе дзякуючы таму, што было фiнансавана самадастатковым.
 

 
* * *

Роля абмежаваньня найвышэйнай палiтычнай улады не была адзiнай, якую адыграў у гiсторыi iнстытут уласьнiцтва. Вялiкае значэньне можна яму прыпiсаць i пры ўсталяваньнi ўлады закону, што замянiла недасканалую ўладу людзей. Памiж уласьнiцтвам i правам заўжды iснавала цесная сувязь: адной з характарыстычных рысаў уласьнiцтва ёсьць права не дазваляць iншым асобам беспадстаўна ўмешвацца ў маёмасьць дадзенага чалавека. Кажучы словамi Макфэрсана: „Уласьнiцтва ад звычайнага часовага ўладаньня адрозьнiвае тое, што ўласьнiцтва ёсьць прэтэнзiяй, якая будзе адстойвацца грамадзтвам цi дзяржавай, звычаямi, канвэнцыямi цi законам“. Уласьнiцтва, такiм чынам, ёсьць неабходнай перадумовай iснаваньня звычаёвага цi пiсанага права, а ўвадначас i ўсяго, што зь iм зьнiтоўваецца. Джэрэмi Бэнтам амаль дзьвесьце гадоў таму напiсаў: „Уласьнiцтва i ўлада былi народжаныя ў адно iмгненьне i ў адно iмгненьне мусяць памерцi. Да таго, як узьнiк закон, не было i ўласьнiцтва; калi мы адхiлiм закон, усякае ўласьнiцтва зьнiкне“.

Цесныя дачыненьнi, што iснуюць памiж гэтымi дзьвюма iнстытуцыямi, таксама высьвятляюць вызначальную ролю, якую ў палiтычным разьвiцьцi Ангельшчыны i iншых ангельскамоўных краiнаў, дзе прыватная ўласнасьць была разьвiтая найбольш поўна, адыгрывалi людзi зь юрыдычнай адукацыяй. Пачынаючы ад сэра Джона Фартэск’ю, якi жыў у XV стагодзьдзi, ангельскiя юрысты-тэарэтыкi былi сувэрэннымi i найвышэйшымi арбiтрамi ў пытаньнях, датычных непiсанага статуту iхнай радзiмы. Менавiта яны стварылi прынцып — цэнтральны для сучаснае дэмакратыi, — што закон вышэйшы i за ўладара, i за падданага.

У Расеi падобнага разьвiцьця не адбылося. Адсутнасьць прыватнай уласнасьцi перашкаджала ўзьнiкненьню прававых iнстытуцыяў: канфлiкты што да зямельнай маёмасьцi, якiя ў Ангельшчыне XVIII стагодзьдзя складалi пераважную бальшыню ўсiх судовых разбораў, у Расеi вырашалiся афiцыйнымi распараджэньнямi. Думаю, досыць паказальнай iлюстрацыяй ёсьць тое, што незалежныя суды i прававы статус, неабходны для iхнае чыннасьцi, у Расеi зьявiлiся толькi ў 1864 годзе, то бок у эпоху чыгунак i тэлеграфу. У гiсторыi Расеi нiколi не здаралася, каб нехта пытаўся юрыстаў-тэарэтыкаў на iхнае меркаваньне што да канстытуцыйнасьцi ўладных захадаў. Канфлiкты памiж грамадзянамi i дзяржавай былi рэччу зусiм невядомай. Нават у сёньняшняй посткамунiстычнай Расеi спробы прыцягнуць урад да суду на падставе абвiнавачваньня ў неканстытуцыйных паводзiнах ува ўсiх без выняткаў выпадках беспасьпяховыя.

У гэтай сувязi нельга не згадаць пра прыгоньнiцтва, якое належыць да згубнай спадчыны патрыманiялiзму. Заходняя Эўропа, безумоўна, таксама была знаёмая з прыгонным правам, але тут яно было адной з адзнак фэўдалiзму i ў канцы сярэднявечча зьнiкла. У Расеi, дзе фэўдалiзму не iснавала, яно было адзнакай абсалютызму; зьявiўшыся на самым досьвiтку сучаснай эпохi, у XVI i XVII стагодзьдзях, прыгоньнiцтва было зьлiквiдаванае толькi ў 1861 годзе. Зважаючы на тое, што цар ад усiх расейскiх памешчыкаў патрабаваў слугаваньня i перадусiм удзелу ў фармаваньнi ягоных узброеных сiлаў, прытым нягледзячы на той факт, што яму не ставала грошай на адэкватнае фiнансавае кампэнсаваньне iхных выдаткаў, неабходна было шукаць iншыя мэтады iхнай падтрымкi. Гэтая падтрымка ў краiне, багатай на землi, якой, пры гэтым, было мала працоўнае сiлы для iх апрацоўкi, прыняла выгляд мусовае працы сялянаў, прывязаных да зямлi.

Такiм чынам, прыгон быў вынiкам мусовае службы дзяржаве, абавязак нясеньня якой ляжаў на драбнейшай шляхце. I хоць прыгоньнiцтва не было тоесным з рабствам, яно пераняло некаторыя з найгоршых рысаў апошняга: прыгонны таксама меў патрэбу ў законам гарантаваным праве, мiж iншым, i ў праве ўласьнiцкiм. Прыгоньнiцтва, практычна як i рабства, намаўляла душам сялянаў пагарду да права i ўласьнiцтва i выклiкала ў iх люты i зласьлiвы супрацiў да ўсякай аўтарытарнасьцi. Што для такога селянiна магла значыць дзяржава, калi адзiным, што ён зазнаў ад яе, было вымаганьне падаткаў i адлiчэньняў — i нiчога ў адказ?! Апрача таго, прыгон перашкаджаў разьвiцьцю ў расейскага селянiна пачуцьця патрыятызму — бо як бы ён мог адчуваць сваю свайню зь дзяржаўнымi чыноўнiкамi або з памешчыкамi, што абыходзiлiся зь iм, як з быдлам?

Цалкам магчыма, што найбольш шкодная частка спадчыны расейскай мiнуўшчыны палягае менавiта ў вышэйапiсанай праблеме. Расейскi народ не атрымаў анiводнага шанцу, каб у яго разьвiлася хаця б нейкая пашана да ўласьнiцтва i закону цi ўсьведамленьне нацыянальнае аднолькавасьцi. Яму намаўлялася, каб ён — калi няма iншага шляху — слухаўся ўлады або каб супраць яе паўстаў, калi акалiчнасьцi рабiлi гэта магчымым. Аднак выгады i абавязкi грамадзянскай еднасьцi былi рэчамi, якiх нiхто яму не паказаў i якiя так i засталiся яму чужымi.
 

 
* * *

Расейская дзяржава, якая да самага досьвiтку сучаснай эпохi iснавала ў форме найэкстрэмальнейшага абсалютызму, абапiралася не на мандат выбаршчыкаў, а толькi на сiлу. Зважаючы на вельмi нераўнамернае разьмеркаваньне грамадзянскiх правоў мiж сваiмi падданымi, яна нават была ня здольная ўзьдзейнiчаць на нацыянальнае пачуцьцё. Iмпазантны супрацiў расейцаў iншаземным агрэсарам нельга блытаць з патрыятызмам — iмi рухала хутчэй не пачуцьцё свайнi зь землякамi, а непрыхiльнасьць да iншаземцаў, прычым гэтыя пачуцьцi звычайна зьнiкалi практычна адразу пасьля таго, як вайна пакiдала расейскiя межы.

Улада, што абапiраецца толькi на сiлу, мусiць — бо такая лёгiка сытуацыi — зноў i зноў падаваць людзям доказ сваёй магутнасьцi. Адным са спосабаў, як гэта можна зрабiць, ёсьць тэрытарыяльнае пашырэньне дзяржавы. Велiзарныя iмпэрыi выбудоўвалi i iншыя краiны, аднак нiводная зь iх не расла так несупынна i за свае заваяваньнi не стаяла так люта, як Расея. Паводле маiх разьлiкаў, маскоўская дзяржава штогод на працягу 150 гадоў зь сярэдзiны XVI да канца XVII стагодзьдзя заваёўвала тэрыторыю, роўную сваёй плошчай сёньняшняй Галяндыi.

Так, пераважную частку новых земляў складала голая пустка; аднак гэтыя заваёвы мелi велiзарны ўплыў на думкi простых расейцаў i давалi iм магчымасьць пышыцца з усьведамленьня, што калi нават iх краiна ня самая багатая i цывiлiзаваная ў сьвеце, дык, бясспрэчна, самая вялiкая. Паэт Мiхаiл Лермантаў, што жыў i тварыў у часе здабываньня расейскiмi войскамi Каўказу, пiша пра расейца, якi мусульманскаму ўраджэнцу гор казаў, што той, як толькi трапiць пад царскую ўладу, зможа горда прамовiць: „Так, я раб, але раб гаспадара сусьвету“.

Расейскi экспансiянiзм i мiлiтарызм, якi быў вытокам першага, мелi — як гэта было i ў iншых выпадках — свае паралелi на Захадзе, аднак у Расеi панятак вялiкадзяржаўнага статусу набыў асаблiвую значнасьць. Як манархi, гэтак i iхныя камунiстычныя наступнiкi рабiлi сваю ўладу легiтымнай, ствараючы вобраз наяўнасьці дзеяздольнай улады. Цi можна было знайсьцi лепшы спосаб прышчапіць уласнаму народу перакананьне пра марнасьць усякага супрацiву, як паказаць яму, што Расеi баiцца ўвесь сьвет?

Памiж вялiкадзяржаўным статусам Расеi i ейнай унутранай стабiльнасьцю такiм чынам узьнiкла вельмi цесная сувязь. Адной з галоўных прычынаў (навукоўцы, прыхiльныя да тэорыi, паводле якой гiсторыя разумеецца як бесьперастанная клясавая барацьба, згадваюць яе вельмi рэдка) падзеньня царызму ў 1917 годзе было сталае зьнiжэньне праўнасьцi ягоных прэтэнзiяў на вялiкадзяржаўнае становiшча. Гэтае падзеньне было вынiкам шэрагу падзеяў: паразы ў Крымскай вайне 1854—56 гадоў; дыпляматычнай паразы, што адбылася па Балканскай вайне 1877—78 гадоў; краху ў канфлiкце зь Японiяй у 1904—05 гадох; i, нарэшце, шматлiкiх поўных паразаў, якiмi расейцаў у часе першай сусьветнай вайны шчодра адорвалi немцы. Манархiя ў вынiку гэтых горкiх i зьневажальных падзеяў страцiла ў вачох падданых „мандат нябёс“; гэтаму яшчэ больш паспрыяў той факт, што яна ня здолела ўправiцца з радыкальным тэрарызмам, якi буяў на яе ўласнай тэрыторыi.

Гэтая гiстарычная спасылка, такiм чынам, тлумачыць, як сталася магчымым, што з усiх iмпэрыяў, якiя распалiся па другой сусьветнай вайне, нiводная ня мела такiх цяжкасьцяў з прыстасаваньнем да дэкалянiзацыi, як Расея. Вялiкабрытанiя, чыя iмпэрыя калiсьцi распасьцiралася па ўсёй зямной кулi, са сваiмi стратамi звыклася хутка; гэтак жа сталася з Францыяй, Партугалiяй i iншымi эўрапейскiмi калянiяльнымi дзяржавамi. Калянiяльныя ўладаньнi, хоць i былi крынiцай гордасьцi, а па магчымасьцi й зыску, для гэтых дзяржаваў не былi чыньнiкам, якi б дапамагаў iм ува ўмацаваньнi iхнае iдэнтычнасьцi. Напрыклад, у Ангельшчыне пачуцьцё нацыянальнае прыналежнасьцi было моцна разьвiтае ўжо ў XVI стагодзьдзi, то бок раней, чым яна ўвогуле заваявала нейкiя значныя заморскiя тэрыторыi.

Аднак жа ў Расеi ўсьведамленьне нацыянальнае прыналежнасьцi заўсёды было непарыўна зьвязана зь iмпэрыяй; ейная страта выклiкала агаломшаньне й вусьцiш. Анi раптоўны правал жыцьцёвага роўню, анi размах злачыннасьцi не трывожыць сёньня многiх расейцаў больш, i ўвадначас нiчога ў iхных вачох не зьнiжае так прэстыжу ўлады, як iмклiвая страта вялiкадзяржаўнага статусу. Iх краiна, якая за камунiстамi была супэрдзяржавай i раўнацэнным супернiкам Злучаных Штатаў, сёньня — як iм падаецца — успрымаецца як краiна трэцяга сьвету, як пакорны прымальнiк вялiкадушнай дапамогi Захаду. Значная частка прыцягальнасьцi камунiстычна-фашыстоўскай каалiцыi вынiкае менавiта зь ейнае абяцанкi зноўку здабыць для Расеi статус шанаванай (iншымi словамi такой, што наводзiць страх) вялiкай дзяржавы.
 

 
* * *

Гэта што да мiнуўшчыны Расеi. А што ж яе чакае ў будучынi?

Пачуцьцё выключнасьцi i, увадначас, iзаляванасьцi, якое расейцы ўспадкавалi ад праваслаўнай царквы, на жаль, жывое. Сёньняшнiя расейцы ўсё яшчэ пачуваюцца жыхарамi нейкай ускраiны, народам sui generis, якi не належыць анi Эўропе, анi Азii. У стаўленьнi да iншаземцаў праяўляецца моцная параноя: якiмi б нi былi iхныя ўзаемiны, расейцы, нягледзячы нi на што, мяркуюць, што Захад утварае варожы блёк, якi пэўна наважаны так цi iнакш Расею „здабыць“. Напрыклад, паводле нядаўняга апытаньня грамадзкага меркаваньня, 60% расейцаў вераць, што заходнiя дзяржавы прапаноўваюць Расеi эканамiчныя рады (а, праўдападобна, i дапамогу) толькi таму, каб краiну аслабiць.
 

Дзеля iлюстрацыi гэтага шырока пашыранага меркаваньня я б хацеў тут прывесьцi адно маё ўласнае ўражаньне. Некалькi гадоў таму мне пашчасьцiла ўдзельнiчаць у Швайцарыi ў канфэрэнцыi, на якую зьявiўся i адзiн расейскi ўрадавы функцыянэр. За абедам, седзячы памiж двух расейскiх пасланцоў, ён скардзiўся, што заходнiя дзяржавы змовiлiся не дапусьцiць ягоную краiну на мiжнародныя рынкi. У якасьцi доказу ён прывёў факт, што ў папярэднiм годзе Расея закупiла 600 тысячаў японскiх аўтамабiляў, тымчасам як Японiя iх з Расеi iмпартавала толькi 20 тысячаў. Анi розьнiцы ў якасьцi расейскiх i японскiх машын, анi вострай i бескампрамiснай канкурэнцыi памiж японскiмi i амэрыканскiмi аўтавытворцамi, што суправаджаецца амэрыканскiмi нараканьнямi на закрытасьць японскага рынку, ён заўважаць не жадаў. Адзiнае, што ён бачыў, былi „яны“, якiя зрадзiлiся супраць „нас“.

Хай такiя падазрэньнi i iрацыянальныя, адчуваньне, што Расея знаходзiцца ў абцугох варожага Захаду, надзвычай актуальнае. Расейская параноя жыве ўласным жыцьцём: пацьверджаньня сваiх поглядаў шукае i знаходзiць ува ўсiм, што б нi здарылася, прычым пажыўную глебу дало ёй перадусiм нядаўняе рашэньне Захаду пашырыць NATO да самых межаў былога Савецкага Саюзу. Гэты крок выклiкаў у расейцаў глыбокi страх, а да таго ж узмацнiў iхнае перакананьне, што нягледзячы на iх самаабвешчаньне прыхiльнiкамi дэмакратыi i рынкавай эканомiкi, iншыя лiчаць iх проста парыямi, ня годнымi паўнавартаснага сяброўства ў супольнасьцi нацыяў. Я ня ведаю нiводнага расейца, без увагi на палiтычную прыналежнасьць, якога б пашырэньне задавальняла. Якраз наадварот: плянаваньне пашырэньня NATO грае на руку нацыяналiстам, якiя карыстаюцца страхам перад Захадам i сьцьвярджаюць, што Расея — калi ёй суджана выстаяць у гэтым варожым сьвеце — мусiць прыступiць да аднаўленьня сваёй iмпэрыi i адбудовы ўзброеных сiлаў.

Гэта некаторыя з чыньнiкаў, якiя робяць цьмянымі далейшыя пэрспэктывы ў мiжнародных дачыненьнях. Аднак велiзарныя цяжкасьцi Расеi даводзiцца пераадольваць i дома: усё адно, iдзецца аб пераходзе ад таталiтарызму да дэмакратыi цi ад плянавай эканомiкi да эканомiкi рынкавай. Як дэмакратыя, гэтак i рынкавая эканомiка, абедзьве гэтыя характарыстычныя рысы сучаснай эпохi забясьпечваюцца iснаваньнем прыватнай уласнасьцi i пастуляванаю ёй уладай закону, якiя, як мы ўжо ведаем, ня маюць глыбокiх каранёў у расейскай культуры.

У апошнiя пяць гадоў мы былi сьведкамi лiхаманкавага падзелу маёмасьцi, манапольным уласьнiкам якой была камунiстычная партыя. Па роспуску апошняй гэтая маёмасьць сталася нiчыйнай. Аднак падзел, якi хутчэй быў падобны да раскраданьня i зь якога ў пераважнай ступенi нажылiся старыя камунiстычныя апаратчыкi, дагэтуль нiякiм чынам не падняў павагi да прыватнай уласнасьцi. Па-першае, тут мае значэньне тое, што нованабытая маёмасьць была атрыманая з дапамогаю сродкаў, якiя знаходзiлiся па-за рамкамi закону. А па-другое, новыя ўласьнiкi нерухомасьцi i прамысловых прадпрыемстваў нярэдка распрадаюць iх за даляры, якiя потым вывозяць з краiны i ўкладаюць у замежныя банкi. „Прыватызацыя“ такога кшталту не прыносiць расейскай эканомiцы практычна нiякай карысьцi i толькi ўзмацняе пашыранае меркаваньне, што капiталiзм i спэкуляцыя — тоесныя паняткi.

Вядома ж, нават у падобных працэсах можна знайсьцi пазытыўныя аспэкты. Перавод нацыянальнага багацьця ад дзяржавы ў прыватныя рукi хутка прагрэсуе: з прыватнага сэктару сёньня выходзiць цi ня тры чвэрцi расейскага ВУП. Iнакш кажучы, дзяржава эканомiку ўжо не кантралюе, а значыць i ня можа ўжываць яе ў якасьцi зброi для падпарадкаваньня сабе грамадзтва. Да таго ж кожны ўласьнiк нейкай маёмасьцi беспасярэдне зацiкаўлены ўва ўладзе закону — прынамсi, да той ступенi, да якой яму гэта выгадна. Бо нават тады, калi ён сваё багацьце нажыў незаконна, ён спадзяецца, што закон ягоную маёмасьць абаронiць. Цалкам магчыма, што Барыс Ельцын i рэфарматары, якiмi ён да нядаўняга свайго ўхiлу ўбок быў аточаны, наўмысна падтрымлiвалi прыватызацыю ў iмкненьнi стварыць непераадольныя перашкоды для кожнага, хто б пажадаў аднавiць камунiзм.

Пакуль, аднак, новы парадак мяжуе з анархiяй. Сталася ўжо традыцыяй, што расейскiя ўлады адмаўляюць грамадзянам у праве мяшацца ў дзяржаўныя справы. Палiтыка абмяжоўваецца выкананьнем афiцыйных рашэньняў; закон у Расеi — хутчэй ня прынцып, якi мусiць стаяць па-над уладаром ды падданым i быць абавязковым для абодвух, а толькi адмiнiстрацыйны iнструмэнт. У вынiку гэтага расейская дзяржава кожнага разу, калi ёй не стае фiзычнае сiлы, каб прымусiць выконваць свае дырэктывы, фактычна стаецца iмпатэнтам.

Вось якое становiшча склалася за апошнiя пяць гадоў. Парлямэнт ня мае на рашэньнi Крамлю нiякага ўплыву; галасаваньнi ў iм у найлепшым выпадку ёсьць паказьнiкам настрояў грамадзтва. Дума, нiжняя палата парлямэнту, складаецца з iндывiдуальна неадказных палiтыкаў, галоўны iнтарэс якiх — даць ход сваiм асабiстым i грамадзкiм пачуцьцям фрустрацыi. Ня так шмат часу мiнула, калi iстотная частка Думы папросту iгнаравала ўсякiя канстытуцыйныя нормы i галасавала за скасаваньне дамовы, падпiсанай расейскiм прэзыдэнтам у канцы 1991 году, паводле якой Савецкi Саюз спыняў сваё iснаваньне, а ўзьнiклым па яго распадзе рэспублiкам гарантавалася незалежнасьць. Гэта практычна тое самае, як калi б брытанскi парлямэнт абвесьцiў Канаду цi Iндыю тэрыторыяй, залежнай ад Ангельшчыны i падпарадкаванай ейным законам.

Сучасная Расея ёсьць хутчэй не адзiнай, агульнай дзяржавай, а аб’яднаньнем 89 квазiсувэрэнных гаспадарстваў, рэгiёнаў, фармальна прывязаных да Масквы, але насамрэч занятых уласнымi правiнцыйнымi iнтарэсамi. Губэрнатары… дзейнiчаюць як самаўладцы i ўказаньняў з цэнтру прытрымлiваюцца акурат у той ступенi, у якой гэта iм выгадна. Вядома нямала фактаў, калi губэрнатары, што ў сваiм рэгiёне маюць вялiкую папулярнасьць, адмаўлялiся iсьцi на саступкi Маскве.

З вышэйсказанага можна зрабiць выснову, што асноўны дзейсны сродак, якi Маскве застаецца, — гэта фiнансы, найперш вылучэньне субсыдыяў правiнцыям (адна зь нямногiх магчымасьцяў кантролю, якую цэнтар дагэтуль мае ў сваiм распараджэньнi), замежныя пазыкi i друк банкнотаў. Крэмль кантралюе i бальшыню тэлеканалаў; ён скарыстоўвае гэта дзеля падтрымкi наяўнага прэзыдэнта. Што да астатняга, можна сказаць, што расейскi ўрад практычна не iснуе. Насельнiцтва, якое — калi нейкую вышэйшую ўладу ўвогуле прызнае — прыслухоўваецца да мясцовых прадстаўнiкоў, а ўрадавыя дэкрэты пераважна iгнаруе. Ясным доказам служыць той факт, што прэзыдэнт Ельцын няздольны кантраляваць нават уласныя ўзброеныя сiлы: ягонае ўрачыстае абяцаньне, асабiста дадзенае пры канцы сакавiка з тэлеэкрану**, што расейскiя вайскоўцы неадкладна скончаць баявыя апэрацыi ў Чачэнii, упала на неўрадлiвую глебу.

** Гаворка iдзе пра сакавiк 1996 г. — Рэд.
 

 
* * *

Палiтычная сытуацыя ў Расеi — беручы ўвогуле — моцна нагадвае становiшча, якое пераважала ў пэрыяд памiж адрачэньнем цара ў лютым 1917 году i бальшавiцкiм путчам у кастрычнiку таго самага году, — з той важкай розьнiцай, што сёньня Расея не знаходзiцца ў стане вайны i ўтапiчныя фантазii ўжо ня могуць зачараваць анi iнтэлiгенцыю, анi масы. Тым ня менш, як i ў сфэры эканамiчнай, карцiна ўвогуле зусiм не такая змрочная. Сучасны ўрад у гiсторыi Расеi першы, якi можа ганарыцца народным мандатам; наяўны прэзыдэнт быў абраны ўсеагульным галасаваньнем, а канстытуцыю ўхвалiў усенародны рэфэрэндум. У краiне, дзе ўладу традыцыйна здабывалi не кансэнсусам, а толькi спадчынна цi ў вынiку дзяржаўнага перавароту, такая легiтымнасьць беспрэцэдэнтная. Нарэшце расейцы займелi магчымасьць збудаваць жыцьцяздольную дэмакратычную дзяржаву.

Цi будуць яны здольныя гэтай магчымасьцю скарыстацца, пакажа час. Многiя расейцы верылi, што Ельцын захавае свае пазыцыi незалежна ад таго, хто выйграе прэзыдэнцкiя выбары. Дасьледаваньнi грамадзкай думкi, праведзеныя ў першым квартале гэтага году, выявiлi дзiўную супярэчнасьць: колькасьць выбарцаў, якiя сказалi, што аддадуць свой голас лiдэру камунiстаў Зюганаву, штомесяц расла, i адначасова практычна аднолькавым тэмпам мацнела i перакананьне, што Ельцын i надалей застанецца галавою дзяржавы.

Увесь час жывыя сумненьнi што да будучынi Расеi ў пераважнай ступенi вынiкаюць з палiтычнае недасьведчанасьцi расейскага люду. За камунiзмам „выбары“ былi проста пустой урачыстасьцю, ад якой адно вымагаўся ўдзел 99 % выбаршчыкаў, якiя б пацьвердзiлi сваё задавальненьне наяўным становiшчам. Апошнiя сапраўдныя выбары з удзелам некалькiх партыяў адбывалiся ў Расеi ў дакамунiстычны пэрыяд, яшчэ ў лiстападзе 1917 году, калi 44 мiльёны выбаршчыкаў, старэйшых за дваццаць гадоў, абiралi сваiх прадстаўнiкоў на Ўстаноўчы Сход. Гэта значыць, што ў 1991 годзе, калi адбывалiся наступныя дэмакратычныя выбары, пэўны досьвед у свабодным абiраньнi кандыдатаў, партыяў i партыйных праграмаў мелi грамадзяне ў веку 94 гадоў i большым.

Недасьведчаны электарат мае схiльнасьць хутка зьмяняць свае палiтычныя прыхiльнасьцi. Сёньняшнiя расейцы чакаюць, што галава iхнай дзяржавы будзе некiм накшталт чараўнiка: яны гатовыя даверыць яму неабмежаваную ўладу, i ён, вядома, мусiць ужыць яе дзеля вырашэньня ўсiх iхных праблемаў, але хутка i безбалесна. А дзеля таго, што ў рэальным жыцьцi дзiвосаў не бывае, заканамерна надыходзiць расчараваньне. Так сталася ў канцы восемдзясятых гадоў за Мiхаiла Гарбачова, чыя папулярнасьць у той момант, калi выявiлася, што перабудова не вырашае ўскладаных на яе задачаў, рэзка зьнiзiлася; здарылася так i за Ельцына; i беспахiбна зноў сталася б у тым выпадку, калi б быў абраны, скажам, Зюганаў.

Раней цi пазьней — баюся, праўда, што хутчэй гэта будзе пазьней, чым раней, — расейцы нарэшце ўсьвядомяць, што ад iхных праблемаў няма хуткiх лекаў i што перад iмi ляжыць надзвычай складаная задача збудаваньня сучаснай дзяржавы i сучаснай эканомiкi ад самых падмуркаў. А датуль мы будзем сутыкацца з такiм нясьпелым i наiўным электаратам, якi iснуе цяпер; калi верыць дасьледаваньням, адзiн зь дзесяцёх выбаршчыкаў хацеў бы ўшанаваць прэзыдэнцкай пасадай блазна i крыкуна Ўладзiмера Жырыноўскага, аўтара палiтычнага трактату пад назвай „Пляваць на Захад“.
 

 
* * *

Дык запытаймася ж: калi ўзяць усё вышэйсказанае пад увагу, наколькi вялiкая небясьпека таго, што дойдзе да аднаўленьня камунiзму i камунiстычнай iмпэрыi? Цi ўдалося б камунiстам павярнуць хаду гiсторыi, калi б яны перамаглi ў прэзыдэнцкiх выбарах?

Афiцыйная праграма камунiстычнай партыi, створаная на пляцформе заходнеэўрапейскай сацыяльнай дэмакратыi, здаецца абсалютна бяскрыўднай. Яна канкрэтна дыстанцыюецца ад усякага жаданьня ўвесьцi ў практыку асноўныя прынцыпы камунiзму i перадусiм ад скасаваньня прыватнай уласнасьцi. Аднак ёсьць намiнкi, што гэтая афiцыйная праграма — адно шырма, за якой схаваныя сапраўдныя намеры камунiстаў. У расейскiм палiтычным жаргоне для яе iснуе прыдатнае вызначэньне „праграмы-мiнiмум“, то бок беспасярэдне ажыцьцяўляльнага пляну, за якiм свайго шанцу падпiльноўвае канчатковая мэта — „праграма-максымум“.

Як бы такая праграма-максымум выглядала ў эканамiчнай сфэры, абсалютна ясна паказвае законапраект аб эканамiчнай рэформе, якi нядаўна прапанавала камунiстычная фракцыя ў Думе. Гэты закон выразна пашырыў бы ролю дзяржавы ў кiраваньнi эканомiкай, а на прыватнае прадпрымальнiцтва наклаў бы строгiя абмежаваньнi. Валоданьне зямлёй сталася б незаконным, цэны падлягалi б рэгуляваньню, замежныя iнвэстыцыi трапiлi б пад строгi кантроль. Эканомiка як цэлае зноў была б падпарадкаваная пляну. Што да палiтычных намераў камунiстычнае партыi, тыя пакуль ясна не фармулявалiся, аднак мы можам з пэўнасьцю меркаваць, што i iхным узорам была б мiнуўшчына.

Няма сумневаў у тым, што перамога камунiстаў у расейскай эканомiцы выклiкала б значныя зьмены: iмклiвую iнфляцыю, назапашваньне нелiквiднай прадукцыi, зьнiжэньне, а, магчыма, i спыненьне замежных iнвэстыцыяў. Мне ўсё ж вяртаньне да камунiзму здаецца крайне непраўдападобным. Камунiзм ня быў толькi iдэалёгiяй; ён быў комплекснай зьявай, складзенай з розных узаемна зьвязаных iнстытуцыяў, да якiх належыць улада адной партыi, палiцыйны тэрор, дзяржаўная манаполiя на сродкi вытворчасьцi i адукацыйную дзейнасьць, рэлiгiйны ўцiск i гэтак далей. Камунiзм атамiзоўваў грамадзтва, а людзей пазбаўляў права ўтвараць незалежныя аб’яднаньнi нават самага бяскрыўднага кшталту.

Увядзеньне такога рэжыму забрала ў расейскiх камунiстаў два дзесяцiгодзьдзi, ад 1917 да 1937 году: дваццаць гадоў, запоўненых рэвалюцыяй, грамадзянскай вайной, калектывiзацыяй i масавымi забойствамi, якiя эўфэмiстычна называлiся „чысткамi“. Абсалютна немагчыма ўявiць, каб якi заўгодна расейскi ўрад мог сабе падначалiць грамадзтва так, як гэта было раней. Нават калi дапусьцiць, што назад, у таталiтарызм, можна было б загнаць старэйшае пакаленьне, звыклае да падпарадкаванага становiшча, усё ж такi расейская моладзь да трыццаць пяцёх гадоў, якая, паводле ўсiх сьведчаньняў, да ўсякай iдэалёгii ставiцца празь меру скептычна, не скарылася б да слугаваньня дзяржаве. Мы можам адно здагадвацца, наколькi магутнай была б хваля супрацiву, што супраць падобнае спробы ўзьнялася б сярод чальцоў клясы новых уласьнiкаў (значную частку якiх утвараюць былыя камунiстычныя функцыянэры), якiя б сваю сьвежанабытую — незалежна ад таго, законна цi не — маёмасьць адназначна не саступiлi бяз бойкi.

Памяркоўнейшая ж форма камунiзму папросту немагчымая. Камунiстычны рэжым мусiць быць адзiным: ён ня можа дазволiць сабе трываць нават абмежаванага ў аб’ёме прыватнага ўласьнiцтва цi свабоднага выказваньня думак. У канцы восемдзясятых гадоў мы былi сьведкамi таго, што вынiкам марных намаганьняў Мiхаiла Гарбачова ўнесьцi ў сыстэму пэўную ступень свабоды i ажывiць такiм чынам значна пачэзлую эканомiку быў хуткi развал Савецкага Саюзу. Няма нiякiх падставаў верыць, што б наступная спроба злучыць камунiзм з элемэнтамi капiталiзму аказалася больш пасьпяховай.
 

 
* * *

Праўдападобна, такiм чынам, што Расея без увагi на тое, хто стаўся пераможцам нядаўнiх прэзыдэнцкiх выбараў, будзе доўга яшчэ патанаць у хаосе, уласьцiвым псэўдадэмакратычнаму i квазiкапiталiстычнаму рэжыму. Паводле ўсяго, найгоршым варыянтам, якi можа настаць у сапраўднасьцi, ёсьць усталяваньне аўтарытарнай улады, якая хоць i лiквiдуе палiтычнае супернiцтва i будзе ўладарыць праз дэкрэты, але ўвадначас будзе трываць значную эканамiчную i нават iнтэлектуальную свабоду. За ўзор тут можна скарыстаць прыклад пiначэтаўскага Чылi, якi ў сёньняшняй Расеi мае немалую колькасьць прыхiльнiкаў. Вельмi праўдападобна, што такi рэжым быў бы пераходнай формай, але не да таталiтарызму, а да дэмакратыi.

Аднаўленьне iмпэрыi — нягледзячы на ўсю тую настальгiю, зь якой пра яе згадваюць расейцы — таксама нам падаецца досыць непраўдападобным. Досьвед заходнiх iмпэрыялiстычных дзяржаваў паказвае, што калёнii, атрымаўшы незалежнасьць, назад ужо не павернуць. У кожнай вызваленай калёнii разьвiваецца ўласная элiта, што будзе мець выключнае зацiкаўленьне ў наколькi магчыма вечным захаваньнi правамоцтваў i прывiлеяў, атрыманых ёй дзякуючы незалежнасьцi. Наўрад цi чыноўнiкi, што сталiся мiнiстрамi, або сяржанты, зь якiх атрымалiся генэралы, пакорлiва б вярнулiся да свайго былога становiшча. Зьмяняецца i структура экспарту i iмпарту, агмень якiх перасоўваецца ад былой мэтраполii да iншых краiнаў; разам з гэтым зьмяняецца i ўся эканомiка. Гэтыя меркаваньнi падказваюць, што новыя самастойныя рэспублiкi пад панаваньне Масквы можна было б вярнуць хiба грубай сiлай. А гэтае сiлы Расеi не стае: ясным доказам таму служыць яе няздольнасьць падначалiць сабе мiнiятурную Чачэнiю.

Безумоўна, магчыма, што Масква, дзякуючы камбiнацыi мэтадаў эканамiчнага пернiка i бiзуна i скарыстаўшы прыцiсканае становiшча расейскiх мяншыняў, што жывуць у „блiзкiм замежжы“, магла б загнаць адшчэпленыя рэспублiкi ў цясьнейшы саюз. Але ўсё ж такi складана сабе ўявiць, як дзякуючы гэтаму можна было б аднавiць саму iмпэрыю. Такi крок патрабаваў бы такiх жа манумэнтальных намаганьняў, як i дзеля аднаўленьня камунiзму.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што ў нас ёсьць падставы для асьцярожнага аптымiзму. Цяжар гiсторыi сапраўды вельмi прыгнятае Расею, чым толькi замаруджвае ейнае разьвiцьцё, аднак не асуджае краiну на нерухомасьць. Надзея, якую нашу ў сабе асабiста я, абапiраецца на меркаваньне, што Расея, краiна, што прэтэндуе на становiшча прызнанай сусьветнай супэрдзяржавы, не захоча застацца ўбаку ад сьвету ХХI стагодзьдзя.

Пераклаў з ангельскай Сяргей Сматрычэнка паводле
Commentary 6/1996.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList