гуманістыkа |
Мiкола Рабчук
|
Мiкола Рабчук — стваральнiк i адказны рэдактар кiеўскага месячнiка „Критика“, адзiн з сузаснавальнiкаў часопiса „Дух i Лiтера“, ключавая фiгура iнтэлектуальнага жыцьця Ўкраiны. У 80-х гадах стаў вядомы як паэт, празаiк, перакладчык. Першым з крытыкаў паддаў сумненьню формы i зьмест „традыцыяналiсцкага“ дыскурсу ва ўкраiнскай лiтаратуры 80—90-х гадоў. Адзiн з iнiцыятараў утварэньня Асацыяцыi ўкраiнскiх пiсьменьнiкаў, альтэрнатыўнай афiцыйнай Суполцы пiсьменьнiкаў Украiны. Ягонае iранiчнае апавяданьне „Да Чаплi на раджэньне“ перакладалася на беларускую мову („Наша Нiва“, 1999). У 70-х — пэрсанаж львоўскага андэграўнду, лiтаратар-дысыдэнт, якi вымушаны быў працаваць у цырку. Ягоная жонка — Наталка Белацэркiвец, аўтарка слыннага верша „Мы памрэм не ў Парыжы“. Сярод ягоных апошнiх публiкацыяў — „Украiнская iнтэлiгенцыя ў пошуках меншага зла“ („Критика“, 1999; у скарочаным выглядзе „Наша Нiва“, 1999), Von „Kleinrussland“ bis „Indoeuropa“: Das Stereotyp der Nation im Denken und Bewusstsein der ukrainschen Gesellschaft у зборнiку Stereotypen und Nationen (Кракаў, 1999), „Iмпэрскi выклiк, нацыяналiстычны адказ: супрацьстаяньне дзьвюх мiталёгiй“ („Фрагмэнты“, 1998). Нядаўна я прывёз зь Любляны немалы стос кнiжак, зь якiх я прачытаў толькi адну — „Касмапалiтычную мэтафару“ майго добрага сябра Алеша Дэбэляка. Праглынуў я яе найпершаю ня толькi таму, што яе аўтар — мой калега, а таксама i таму, што гэта быў не славенскi арыгiнал, а славацкi (гэта значыць, значна больш даступны для нас, украiнцаў) пераклад, выдадзены ў Брацiславе. У сувязi з гэтым можна было б паразважаць над тым, як славакi сёньня перакладаюць славенцаў, палякi — беларусаў, а ўкраiнцы — скажам, аўстрыйцаў. Але я пакiну гэты сюжэт для iншай дыскусii, бо кнiгу Дэбэляка я згадаў зь iншай прычыны. У адным з эсэ гэты даволi малады i надзвычай таленавiты славенскi пiсьменьнiк зь вялiкай сымпатыяй i, я б сказаў, настальгiяй згадвае сваю „югаслаўскую“ маладосьць — канец 70-х — 80-я гады. Ён пiша пра асабiстыя кантакты з харвацкiмi, сэрбскiмi, македонскiмi пiсьменьнiкамi, прадстаўнiкамi пераважна альтэрнатыўнага, неафiцыйнага мастацтва, пiша пра багемныя тусоўкi ў Загрэбе i Сараеве, пра паэтычныя вечары над Ахрыдзкiм возерам, пра забойныя рок-гурты i кайфовыя пэрформансы, пра цудоўны (калiсьцi) Вукавар i ўсё яшчэ зацiшныя „габсбурскiя“ мястэчкi Ваяводзiны, пра калекцыю сэрбскiх, харвацкiх, македонскiх кнiжак на сваiх палiцах. Алеш Дэбэляк ня тужыць па „Вялiкай Югаславii“ i, вядома, ня марыць пра нейкае яе аднаўленьне (сама думка гэта выглядала б сёньня ў Славенii як кепскi жарт цi кашмарны сон); ён толькi канстатуе, што ў панурай сацыялiстычнай камуналцы гэтаксама былi сьветлыя днi i сьветлыя закуткi i што, скiдаючы ненавiсныя нам палiтычныя кайданы, мы разам з тым разарвалi i зусiм няшкодныя, а можа нават карысныя нiткi мiжкультурных кантактаў, мiжасабовых стасункаў. |
Мне вельмi блiзкая i зразумелая гэтая пазыцыя, хоць я, як i мой славенскi калега, зьяўляюся самым заўзятым „незалежнiкам“ i самым ярым „эўропацэнтрыстам“. Але ўсё ж я вучыўся ў Маскве, наведваў файныя маскоўскiя тэатры, музэi, бiблiятэкi, адкрываў для сябе сучасную расейскую лiтаратуру (ня толькi афiцыйна дазволеную), слухаў лекцыi цудоўных прафэсараў, якiм у Маскве, у адрозьненьне ад Украiны, дазвалялася вальнадумнiчаць (розьнiца памiж сталiнскiм таталiтарызмам i брэжнеўскiм аўтарытарызмам выяўлялася, такiм чынам, для мяне як праблема ня толькi i нават ня так гiстарычная, як геаграфiчная). А галоўнае — у Маскве я знайшоў шмат сяброў: расейцаў, армянаў, латышоў, баўкарцаў, малдаванаў, татараў, дый украiнцаў таксама. (Хто ведае, цi зьвяла б некалi мяне доля з Уладзiмірам Кашкам, а пасьля i з Косьцем Маскальцом, калi б не Лiтiнстытут. Зрэшты, са сваёй будучай жонкай я пазнаёмiўся таксама ў Маскве — на адным зь лiтаратурна-крытычных сэмiнараў.) Але я разумею Алеша Дэбэляка i ў iншай яго выснове, якую, баюся, не адразу зразумеюць, а тым болей далёка не адразу прымуць ягоныя сэрбскiя, гэтаксама як i мае расейскiя, калегi: сьвет зьмянiўся, падабаецца гэта нам цi не. I „разарваныя“ сувязi, пры ўсiм нашым настальгiчным да iх стаўленьнi, — гэта ня нейкая мана цi, скажам, крайнасьць нацыянальна-вызвольнай заўзятасьцi, а аб’ектыўны i, на мой погляд, заканамерны вынiк згаданых зьменаў. Сутнасьць гэтых зьменаў даволi дакладна, па-мойму, акрэсьлiў прысутны тут Янiс Пэтэрс. Для большасьцi з нас „паўза“ не пачалася ў 1991 годзе, а фактычна скончылася. Гэта была сапраўды трагiчная „паўза“ ў нашых зносiнах з вонкавым сьветам, пэрыяд штучнай iзаляцыi ад сусьветных культурных, эканамiчных i iншых працэсаў. Для Латвii, што перажыла 50-гадовую „паўзу“, спатрэбiцца цяпер, вiдаць, яшчэ 50 гадоў, каб зраўняцца зь iншымi эўрапейскiмi дзяржавамi. Для Ўкраiны, хутчэй за ўсё, спатрэбiцца год 300. Для Беларусi, баюся, зацяжная „паўза“ можа ператварыцца ўжо ў найблiжэйшыя дзесяцiгодзьдзi ў вечнае маўчаньне. Што ж да той „паўзы“, якая пачалася ў 1991 г. i якая мела б стаць галоўнай тэмай нашага сёньняшняга абмеркаваньня, то яна несумерная са згаданай вышэй Вялiкай Паўзай прынамсi зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, сёньняшняя „паўза“ абумоўлена галоўным чынам эканамiчнымi, ну i, магчыма, да пэўнай меры яшчэ псыхалягiчнымi прычынамi, але ж нiяк не iдэалягiчнымi забаронамi, жалезнаю заслонаю ды магутным рэпрэсiўным апаратам. I, па-другое, сёньняшняя „паўза“ — гэта, па сутнасьцi, наагул ня паўза, таму што расейскiя кнiжкi зусiм вольна прадаюцца ўва ўсiх нашых мястох i вёсках, маскоўскiя газэты ня толькi прадаюцца, а i друкуюцца ў Кiеве, расейскiя тэлепраграмы рэтрансьлююцца на колькiх украiнскiх каналах, расейскiя тэатры гастралююць ува Ўкраiне як нiколi часта, а расейская „папса“ горда гучыць нават у логаве ўкраiнскiх буржуазных нацыяналiстаў у Львове — гучыць галасьней нават, чым папса англа-амэрыканская, ня кажучы ўжо пра сваю, тубыльную. Дарэчы, паслаць лiст цi затэлефанаваць куды-небудзь у Душанбэ цi Ўладзiвасток з таго ж Львову можна разоў у пяць таньней, чым у суседнi Жэшуў цi, скажам, Перамышль. Падазраю, у большасьцi краiн т.зв. „блiзкага замежжа“ сытуацыя выглядае падобна. I калi ў Маскве (i ўвогуле Расеi) рэчы выглядаюць трохi iнакш, гэта значыць, украiнскiя кнiжкi там не прадаюцца, казахскiя тэатры не выступаюць i туркмэнская папса не гучыць, то прычына гэтаму нiяк не падкопы нацыяналiстычных зламысьнiкаў, а ўсяго толькi банальныя фiнансавыя праблемы. Прасьцей кажучы — брак адпаведнага попыту на адпаведным рынку тавараў i паслуг. Расейскае грамадзтва ня хоча плацiць свае кроўныя рублi за вышэйзгаданую культурную разнастайнасьць — i гэта ягонае права. Што ж да расейскага ўраду, то ён можа й выклаў бы грошыкi на аднаўленьне чаго-небудзь такога, але, па-першае, грошыкаў, як мы ведаем, у яго нягуста, а па-другое, у яго няма нiякай пэўнасьцi, што „дыялёг“ пойдзе ў патрэбным рэчышчы i прынясе хоць якiя палiтычныя дывiдэнды ў справе яго мары — „блiзказамежнай iнтэграцыi“. Без кiруючай i, галоўнае, кантралюючай ролi КПСС тут наўрад цi што-небудзь выйдзе. А таму, мяркую, ня варта жывiць празьмерных iлюзiяў што да аднаўленьня наскага „дыялёгу“ ў папярэднiм аб’ёме, хай нават i ў зусiм iншай якасьцi. Для гэтага няма анi вонкавых, анi ўнутраных перадумоваў. З аднаго боку, няма генэральнага спонсара ў асобе вышэйзгаданай КПСС (iншых зацiкаўленых, i галоўна, плацежаздольных асобаў я пакуль што на гарызонце ня бачу). А зь iншага боку — няма больш штучна створанага на нашых землях масквацэнтрычнага сьвету, у якiм расейская мова была галоўным або i наагул адзiным сродкам мiжнацыянальных стасункаў, а места Масква лiчылася цэнтрам сьветабудовы — з сапраўды найлепшымi (рэшта была недаступная, а значыць, нiбыта i не iснавала) музэямi, тэатрамi, ВНУ, выдавецтвамi, часопiсамi i, вядома, лiтаратурнымi i ўсякiмi iншымi крытыкамi. Словам, няма таго сьвету, дзе Масква была сапраўды самым галоўным аўтарытэтам, ад якога iшло „мiжнароднае“ прызнаньне i якi на правох манапалiста забясьпечваў пасярэднiцтва ў культурных кантактах мiж украiнцамi i беларусамi, кiргiзамi ды казахамi, i, ведама ж, украiнцамi-казахамi-беларусамi ды ўсёй „прагрэсiўнай“ замежнай культурай. |
Але гэты штучны сьвет зьнiк, як толькi ўпала жалезная заслона i iншыя сусьветныя сталiцы адкрылiся зачараваным позiркам маладых постсавецкiх Растыньякаў. Дзясяткi ўкраiнскiх пiсьменьнiкаў, рэжысэраў, мастакоў, кампазытараў, выканаўцаў кiнулiся шукаць прызнаньня не ў Маскве i ня ў Пiцеры, а недзе на прасторах Ньюёркшчыны i Калiфарнiйшчыны, у Парыжах i Лёнданах, Венах i Мюнхенах, i, ведама ж, у Варшаве i Кракаве — дзе мова гэтак жа блiзкая, як расейская, затое ганарары вышэйшыя i жыцьцё прыстойнейшае. Перад ад’ездам у Маскву я спрабаваў высьветлiць, што робяць мае калегi-лiтаратары (тыя, пра каго „гавораць“ ува Ўкраiне i каго перакладаюць за мяжой), i выявiў, што палова зь iх знаходзiцца ў блiзкiх i далёкiх вандраваньнях. Аксана Забужко i Саламiя Паўлычко прэзэнтуюць у Канадзе ўкладзеную iмi рэспэктабэльную анталёгiю сучаснай украiнскай прозы ў дабрызных перакладах на ангельскую. Юры Андруховiч зьмянiў звычны для яго нямецкамоўны сьвет Вены i Зальцбургу на ангельскамоўныя ўнiвэрсытэцкiя мястэчкi Амэрыкi, дзе выдаўцы „раскручваюць“ пераклад ягонай аповесьцi „Рэкрэацыi“. Уладзiмiр Дзiброва, падобна, назусiм асеў у Гарвардзе (два гады таму ў Northwestern University Press выйшла па-ангельску вялiкая кнiга ягонай выбранай прозы). Юрка Iздрык падаўся ў Варшаву на прэзэнтацыю польскага перакладу сваёй аповесьцi „Воццэк“; Андрэй Куркоў чытае ў Швайцарыi лекцыi; Наталка Белацэркiвец, Уладзiмір Марэнец i Яўген Сьвярсьцюк выступаюць у Кракаве на сэсii польскага PEN-клюбу ды на прэзэнтацыi спэцыяльнага нумару штомесячнiка Dekada literacka, цалкам прысьвечанага ўкраiнскай лiтаратуры. Аляксандар Iрванец толькi што вярнуўся зь Нямеччыны з прэм’ернай пастаноўкi ўласнай п’есы; Людмiла Таран — з Прагi, зь перакладчыцкай стыпэндыi; Алег Лышэга i Тамара Гундарава — з ЗША, са стыпэндыi Фулбрайта; Марыя Зубрыцкая — зь Вены, з тамтэйшага Iнстытуту гуманiстыкi; пералiк можна працягваць. Безумоўна, падарожнiчаюць далёка ня ўсе, дый ня ўсе гэтага прагнуць. Ёсьць цудоўныя пiсьменьнiкi, як, скажам, Васiль Порцяк i Канстантын Маскалец, Аляксандар Шоўна й Пятро Мядзянка, Яўген Пашкоўскi i Алесь Ульяненка, Вiктар Небарак i шмат iншых, якiх „прызнаньне Захаду“ мала цiкавiць, але i „прызнаньне Масквы“ iх абыходзiць яшчэ менш, чым самых нашых заўзятых „заходнiкаў“. Шчыра кажучы, я ня ведаю, якi цяпер „дыялёг“ можа быць мiж нашымi, г. зн. былымi „савецкiмi“, лiтаратурамi. Усе мы даволi бедныя, i таму ня вельмi цiкавыя адзiн аднаму. У адкрытым сьвеце мы раптам адчулi сябе тым, чым, па сутнасьцi, заўсёды былi — гiстарычнымi маргiналамi. Для ўкраiнцаў i, я думаю, для латышоў, эстонцаў, скажам, таксама, гэта ня стала нейкiм шокам, хутчэй наадварот — лепш быць маргiналам у вялiкiм, адкрытым сьвеце, чым у замкнёнай, адгароджанай ад усiх калючым дротам саўдэпii. Але для многiх расейцаў, баюся, гэтае адкрыцьцё аказалася шокам. Адгэтуль, напэўна, адчайныя постiмпэрскiя канвульсii расейскiх палiтыкаў ды генэралаў, адгэтуль, мабыць, ня менш адчайная прага многiх расейскiх iнтэлектуалаў адгарадзiцца ад сьвету, паказаць хвiгу Захаду i ствараць сваю „адвечна рускую“, праваслаўна-ўсходнеславянскую-эўразiйскую „самабытнасьць“ у нейкiм уяўным, „бедным“, затое высокадухоўным запаведнiку. У гэтым стаўленьнi — да сьвету, да Захаду — расейцы падаюцца мне куды большымi „незалежнiкамi“, чым усе мы тут разам узятыя. |
Зразумела, i беднасьць бывае рознай. Расейская культура, несумненна, даволi багатая i, выходзiць, моцная, каб iснаваць у сьвеце, у прыватнасьцi, i на нашых „блiзказамежных“ абшарах, сама па сабе, без падтрымкi з боку ўзброеных сiлаў i ваенна-марскога флёту, бяз грошай КПСС i КДБ. Але я сумняюся, што нашыя „блiзказамежныя“ культуры змогуць iснаваць у Расеi без падтрымкi вышэйзгаданых культуртрэгерскiх iнстытуцыяў. З уласнай волi расейскiя грамадзяне ня будуць купляць нашага тавару. Бо гэта ня нейкiя амэрыканцы цi немцы, якiя маюць усё i якiм бракуе толькi нашай арыентальнай экзотыкi — украiнскай паэзii цi, скажам, грузiнскай прозы для ўнiвэрсытэцкiх бiблiятэк. Дружба народов робiць шляхетную падзьвiжнiцкую справу, намагаючыся зьберагчы сваю „iнтэрнацыянальную“ спэцыфiку i ня даць канчаткова памерцi перакладам з моваў народаў былога СССР. Але няўмольныя законы рынку кажуць, што часопiсу значна выгадней друкаваць пiсьменьнiкаў расейскiх (францускiх, амэрыканскiх), чым калмыцкiх цi гагаускiх. I ў мяне язык не павернецца прасiць калегаў займацца эсэндэўскай дабрачыннасьцю сабе на шкоду. Зрабiць мы можам няшмат: абмяняцца iнфармацыяй, прапанаваць артыкул, параiць што-небудзь вартае для перакладу. Калi хоць што-небудзь з гэтага выйдзе — дзякуй Богу. Ня выйдзе — так таму i быць. Сьвятое месца ўсё адно ня будзе пустым. Сяргей Аверынцаў прыедзе ў Кiеў зь Вены i прачытае на ангельскай мове лекцыю ў Кiева-Магiлянскай Акадэмii з нагоды прысуджэньня яму званьня доктара honoris causa — але ўсё адно гэта будзе ўшанаваньне не аўстрыйскага i не ангельскага, а ўсё-ткi выдатнага расейскага навукоўца, прадстаўнiка вялiкай расейскай культуры. Юры Андруховiч паедзе на прэзэнтацыю чарговай сваёй кнiжкi не ў Маскву i не ўва Ўлан-Удэ, а куды-небудзь у Осла, але мы ўсё адно ўва Ўкраiне будзем гэтым ганарыцца. Я зноў сустрэну Алеся Разанава дзе-небудзь у Празе, а Iгара Бабкова ў Варшаве, але мы ўсё адно падрыхтуем спэцыяльны нумар Критики, прысьвечаны ня Чэхii i ня Польшчы, а ўсё ж такi Беларусi. Потым мы, можа, зноў сустрэнемся ў Стакгольме з Кнутам Скуенiексам, i я скажу яму колькi латыскiх словаў, якiя завучыў у Маскве ад сваiх латыскiх сяброў, а ён выгукне цэлы маналёг дабротнаю ўкраiнскаю моваю, якой навучыўся таксама ў Расеi, у канцлягерох. А ў Зальцбургу мы, магчыма, яшчэ раз паспрачаемся з Валер’ем Цiшковым пра мiжнацыянальныя праблемы, толькi цяпер ужо не далiкатна па-ангельску, а нармальна, па-расейску. Вось хiба што толькi з Галiнай Старавойтавай мы больш не сустрэнемся, хоць наша апошняя сустрэча ў Ганалулу, на прыбярэжных хвалях была даволi пiкантнай i, безумоўна, вартай паўтору. Што ж да нашай сёньняшняй iмпрэзы, прафiнансаванай сорасаўскiм Iнстытутам адкрытага грамадзтва са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку, то прынамсi адну асьцярожна-аптымiстычную выснову зь яе можна зрабiць. Калi Дружба народов (у двукосьсi i без двукосься) калi-небудзь такi ўваскрэсьне на нашых атручаных шматгадовымi крыўдамi i ўзаемнай перадузятасьцю абшарах, то адбудзецца гэта, вiдавочна, менавiта так: пры спрыяньнi i пасярэднiцтве Нью-Ёрку (Вашынгтону, Брусэлю, Страсбургу), у рэальным, г. зн. „атлянтацэнтрычным“, а не „масквацэнтрычным“ сьвеце, дзе голас Эстонii ў пытаньнях iнтэграцыi i супрацоўнiцтва будзе важыць ня менш, чым голас Расеi. I дзе Сэрбiя, як сказаў бы Алеш Дэбэляк, будзе такiм самым сябрам ЭС ды NATO, як i Славенiя.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |