Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

сьветліня


Уладзiмер Ракiцкi
З хатняга альбому


Уладзiмер Ракiцкi - мастак-рэстаўратар, ляўрэат прэмii „За духоўнае адраджэньне" (2000). Упершыню ў гiсторыi Беларусi такая высокая ўзнагарода прысуджаная рэстаўратару. Рукамi Ўладзiмера Ракiцкага былi адкрытыя, узноўленыя або рэстаўраваныя фрэскi ў Амсьцiславе, Магiлёве, Лошыцы, Пустынках, Бялынiчах i Полацку, дзе ён адкрыў самы старажытны жывапiс Беларусi ў Спаса-Эўфрасiньнеўскай царкве.

Я нарадзiўся ў Парасьлянах, сяле, што на поўнач ад Пружаны, на пачатку сакавiка пяцьдзясят другога. Але яшчэ ляжаў сьнег, бо бацька, калi вёз санямi бабу Кацю з Шанёў у адведкi, то згубiў яе па дарозе i мусiў варочацца i шукацi яе ў полi.

Казалi, што я быў надта крыклiвы. Мацi шла ў поле жацi, пакiнуўшы малога на суседку, дык тая пад вечар: — Манёчко, якую хоч роботу буду тобе робiцi, ано не кiдай больш мане з iм.

У пяцьдзясят сёмым памёр бацька, i мацi з „чатырма дзецьмi на руках“ перабралася ў Шане, што з поўдня ад Пружаны, i пачалi мы будаваць сваю хату.

Маючы шэсьць год, ня вытрымаў вялiкага смутку, ад таго што ўсе iдуць у школу, а самому трэба пасьцi каровы. Ня вытрымаў, кiнуў каровы на пожнi каля млына i пабег у школу. Вучыцелька сказала: — Ну, нiхай поседзiт, а там побачым.

У школе ў адным пакоi былi тры класы з адной вучыцелькай. Спачатку заданьне выдавалася трэцяму класу, потым другому i нарэшце першакласьнiкам. Над кожнай партай вiсела газавая лямпа з абажурам, за кожнай сядзела па тры вучнi. У калiдоры, там дзе стаяў бак з вадою i прывязанаю на ланцужку алюмiневым кубкам, вiселi малюнкi старэйшых школьнiкаў, маляваныя каляровымi алавiкамi. То было зьдзiўленьне, зайздрасьць i няздольнасьць да такога.

Зiмою кожны школьнiк шоў у лес зьбiрацi сасновыя шышкi. Трэ былi цэлыя, зь зярняткамi, не паедзеныя вавёркай. Цэлы дзень па пояс у сьнезе, а пад вечар мяшок з пахучымi шышкамi прыцягваўся ў сяло.

Старэйшыя браты вучылiся ў Пружанi. О, гэта так вабiла, што аднойчы, калi шла машына туды i сказалi „сядай“, то, кiнуўшы сумку з кнiгамi ў агарод, паехаў у Пружану i стаў вучыцца ў iнтэрнаце. Тут ужо трэ было зьбiрацi зярняткi ад яблык. У кабiнэце па бiялёгii вiсела дошка з прозьвiшчамi школьнiкаў i палачкамi, хто больш за каго здаў. На перапынках толькi там i таўклiся ўсе, але па вечарах у гэтым жа кабiнэце сярод кактусаў i розных расьлiн Мiкалай Андрэевiч вучыў маляваць. Нават хадзiлi на эцюды маляваць паводку Мухаўца. Ён жа выкладаў i сьпевы, але „Перапёлачку“ чамусь развучвалi ў кабiнэце фiзыкi. Там жа ў Пружанi была ўзрошчана самая вялiкая морква, каторую пасылалi аж на ВДНХ у Маскву.

Невядома, якiм чынам на той час здавалiся ўступныя экзамэны, але ў шэсьцьдзесят другiм годзе пружанскi iнтэрнат, апрануўшы ва ўсё новае, перадаў пачынаючага маляваць навучэнца менскаму iнтэрнату. У менскай майстэрнi гэтаксама была дошка, на якую вывешвалiся лепшыя працы школьнiкаў. Аднаго разу, пабачыўшы там свой маленькi малюнак, не паверыў i цiхенька зьняў яго. Але ён i ў другi раз зьявiўся на дошцы, а на трэцi раз Сяргей Пятровiч, падабраўшы малюнак каля сьметнiцы, закрычаў: „Хто гэта ўвесь час зьдзiрае гэты малюнак!?“ Але ўсе маўчалi. Тады ён узяў пры ўсiх i пачапiў яго на сярэдзiну дошкi.

БДТМI. Туды страшна было нават на парог зайсьцi. Прымалiся людзi ўжо сталыя пасьля войска, выкладалi былыя партызаны... Неяк прынялi, праўда, пяцiпрацэнтнiкам, за малюначак, дзе бабы каровы дояць. За сьпiнаю стаялi, глядзелi на гэты малюнак i казалi: „Да, такiя людзi былi на гэта месца, а каго ўзялi?“ Праўда, сярод усяго, што там тварылася, быў адзiн вучыцель Алег Уладзiмiравiч, каторы са сьмехам, але доўга i ўпарта тлумачыў першапачатковы сэнс некаторых словаў, да прыкладу: „ассортимент“, „генеалогия“.

Даўно ў вёсцы Шане, што на паўднёвы захад ад Пружаны, мне казалi:

— Ну, што ты очы марнуеш над гэтым малёваньнем, бары лепш вiлы, то хоць хлеба кавалок заробiш собе.

— Сьмейцеса, сьмейцеса, — быў адказ, — от, купiт гэты малюнкi англiйска королева, тоды побачыце.

— Хi-хi-хi, англiска королева!

Даўно ўжо няма тых, хто намаляваны на тых рысунках i хто сьмяяўся з такога маляваньня.

 

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList