Ад рэдакцыі |
У нядаўнiм сваiм „Лiсце брату“ ў „Нашай Нiве“ лiдэр Маладога Фронту Павал Севярынец заклiкаў „хрысьцiянiзаваць Расею“, „выратаваць яе духоўнай экспансiяй прасьвятленьня i пропаведзi“, бо „менавiта ў Беларусi вырашалiся ключавыя пытаньнi паўстаньня й распаду Расейскае iмпэрыi“. Задача настолькi ж маштабная, наколькi рытарычная. Месiянiзм Севярынца мае эквiвалент у iншым пешчаным дзiцяці беларускага паспольства, Аляксандру Лукашэнку, якi быў спаўняў — i натхняў увесь свой народ на спаўненне — мiсii збаўлення агульнарускай супольнасцi, што прынесла б таксама збаўленне ўсяму свету, „шматполюснасць“ якога тым самым была б засцярэжана. Абодва месiянiзмы, абодва намеры вылучаюцца утапiчнасцю (iх выразнiкi паходзяць з культуры слова, а не справы) i апеляцыяй да iрацыянальных аргументаў. Абодва супрацьстаўляюць нямiлай сучаснасцi iнверсiйна iдэалiзаванае мiнулае й будучыню. Абодва яны ўяўна беларусацэнтрычныя, але грунтуюцца на адмаўленнi свайго народу i гэтага свету, сённяшняга дня сённяшняй Беларусi, якому процiстаўляецца славянская цi хрысцiянская духоўнасць i наканаванне. Лукашэнка хацеў завалодаць Вялiкай Расiяй, даўшы ёй прыклад сапраўднай расiйскасцi, Севярынец хоча завалодаць Святой Расiяю, паказаўшы ёй сапраўдную хрысцiянскасць. Дзве гэтыя стратэгii абумоўленыя фрустрацыяй: у першым выпадку фрустрацыя, выклiканая дыскрэдытацыяй iмперскага дыскурсу общерусской нацыi, у другiм — крызiс моцна iдэалiзаванага варыянту беларускага нацыядзяржаватворчага праекту, нацыянальнага адраджэння 80—90-х. З аднаго боку, страта iмперскага цэнтру, якi, калi ўжо яго сапраўды няма, дык трэба выдумаць, з другога — цяжкасцi i адкаты дэкаланiзацыi, якiя хочацца чым хутчэй, хоць з дапамогай шаманства, пераадолець. Расiя застаецца Расiяй, Беларусь — Беларуссю, i пакуль Беларусь не можа не прапаноўваць сябе Расii ўсю без астатку. Але прамаскоўскi шал беларускiх панславiстаў хiба што ўвасобiцца ў безлiчы псеўдаiнтэграцыйных структур, а пратэстанцкi месiянiзм хiба дадасць да „недовольства части русских католиков — священников и мирян — польским и польско-белорусским национализмом“ каталiцкiх ксяндзоў1 такiя ж iнвектывы на адрас пратэстанцкiх казаннiкаў. Апаненты Паўла Севярынца ў Маладым Фронце тлумачаць ягоную адмову ад палiтычнай дзейнасцi, замаскаваную ў хрысцiянскiя шаты, подступам КГБ. Iнтэрпрэтацыя ў лепшых традыцыях conspiracy theory. Мы ж звяртаем увагу на спадчыну даўгавечнага насаджэння славянскай iдэi, якая ў Беларусi цалкам зводзiлася да iдэi расійскай (у iншых нацый Цэнтральнай i Усходняй Еўропы славянафiльства нярэдка iграла эманцыпацыйную ролю; гэтак, украiнскiя „будзiцелi“, як блiскуча паказаў Мiкола Рабчук, выкарыстоўвалi яго як альтэрнатыву „общерусскому“ мiфу2). Самая цяжкая спадчына каланiялiзму ў Беларусi — светапоглядныя мадэлi, а не сацыяльныя i эканамiчныя структуры, што ў прынцыпе, як засведчыў досвед Балтыi i Цэнтральнай Еўропы, адносна лёгка паддаюцца трансфармацыi. Панславiзму, утылiтарысцкай замежнапалiтычнай дактрыне познiх славянафiлаў, а пасля — расiйскiх вялiкадзяржаўных нацыяналiстаў, не было наканавана рэалiзавацца ў поўнай меры. Расiйская царская iмперыя i Савецкi Саюз былi зруйнаваныя ўнутранымi супярэчнасцямi i паражэннямi ў мiжнародным спаборнiцтве. Югаславiзм крывава сканаў. Прадукт панславiзму — катастрафiчная i месiянская свядомасць — скiроўвае нацыянальную энергiю беларусаў за iх нацыянальную супольнасць. Яна таксама выклiкае канцэнтрацыю ўвагi грамадства на замежнапалiтычных, а не ўнутрыпалiтычных праблемах. Не знiкаюць мiфы пра „асаблiвую мiсiю славянскiх народаў“, „ратаванне свету славянамi“, „сусветную антыславянскую змову“, часта спараджаючы адкрыта расiсцкiя настроi. Славянафiльства ў выпадку беларуса — гэта самаадрачэньне. Славянафiльства i панславiзм сапраўды, як заўважае Iгар Бабкоў, „занялi сваё месца ў мiнулым“. Але ад iх у свядомасцi застаюцца непрыняцце мадэрнiзацыi ў яе заходнiм варыянце — культываванне страху перад яе сацыяльнымi, эканамiчнымi i маральнымi праблемамi й супярэчнасцямi, прымiтывiзацыя i iрацыяналiзацыя мыслення, нявера ў патэнцыял капiталiзму, цяга да самаiзаляцыi i адгароджання ад Захаду i „сапсаванага“ iм свету, таго, як выказаўся Аляксандр Лукашэнка, „цывiлiзаванага свету, за якiм я свой народ не павяду“. Захаваць эфектыўнае традыцыяналiсцкае немадэрнае грамадства ў Беларусi, што знаходзiцца ля калыскi мадэрнага свету, немагчыма. Той самападман цi свядомы падман, у якi ўдаецца цяперашнi беларускi рэжым, вяртаючы цi, дакладней, iмiтуючы вяртанне „залатога савецкага мiнулага“, уяўляецца сапраўдным злачынствам, i не можа не выклiкаць болю i пратэсту ў тых, хто здае сабе справу з таго, якую гаспадарчую i маральную дэградацыю нясе з сабой гэты псеўдатрадыцыяналiсцкi „славянскi iншы шлях“, якое цемрашальства ён культывуе, колькi пакаленняў беларусаў ён пазбаўляе перспектыў, якую частку нацыянальнай элiты ён выпiхвае ў эмiграцыю. Боль i пратэст несуцешныя пагатоў у тых, хто ўсведамляе неўнiкнёнасць мадэрнасцi для ўсiх сучасных грамадстваў. Мадэрнасць i адкрытасць можна абдумваць, крытыкаваць i карэктаваць, але iх нельга пазбегнуць — можна адно адцягнуць iхнi надыход. Мiкола Рабчук у згаданым вышэй артыкуле з гэтай нагоды цытуе Джона Томлiнсана: Socio-economic modernity is the „fate“ of all cultures in that they are integrated at a structural level in the orders of the nation-state system and the global capitalist market; but this integration—which is a structural fait accompli, not a cultural „option“—alters the terms of culture irrevocably, since it entails a one-way journey from „tradition“ to „modernity“. As this journey is made by human agents and involves the emergence of new senses of possibility—new options, new desires, new freedoms—it too can be understood in „existential“ terms. „Cultural fate“ becomes linked with the realisation of individual human freedom. Cultures are „condemned to modernity“ [Octavio Paz] not simply by the „structural“ process of economic development, but by the human process of self-development.3Антымадэрнасць, антызаходнiцтва — аснова славянафiльства. Наша крытычнае стаўленне да „славянскай iдэi“ як такой i беларускiх славянафiлаў-сучаснiкаў у прыватнасцi (а гэткiя прыхiльнасцi ўласцiвыя для iнтэлектуалаў з розных, часам супрацьлеглых палiтычных лагераў) тлумачыцца тым, што Нiл Гiлевiч, Iван Чарота, Вiктар Чыкiн, Таiса Бондар, Георгiй Марчук, Аляксандр Вайтовiч, Святлана Алексiевiч, Уладзiмiр Замяталiн або хто-кольвек iншы, каго розум цi сэрца, прага ўлады цi сiмпатыя да сербаў прывялi на гэтую платформу, наўмысна цi мiжволi жывяць i ўмацоўваюць гэтае рэакцыйнае непрыманне мадэрнасцi (тое самае робiць „традыцыяналiсцкi“ дыскурс у лiтаратуры, рэакцыйны i аджылы). Масква ж тым-то й падтрымлiвае або наўпрост спансаруе тыя цi тыя беларускiя славянафiльскiя колы, што сутнасць расiйскай стратэгii ў Беларусi палягае сёння ў максiмальным тармажэннi рынкавых i палiтычных рэформ, кансервацыi дзяржаўнага кантролю над сродкамi вытворчасцi i працоўнай сiлай i недапушчэннi пераходу да самарэгуляванай эканомiкi, заснаванай на прыватнай уласнасцi, недапушчэннi стварэння перадумоваў для завяршэння мадэрнiзацыi — адваротнае i толькi адваротнае паскорыла б фармаванне грамадзянскай супольнасцi i саслабiла б татальны на сёння кантроль над грамадствам, следам за чым непазбежна надышоў бы канец расiйскаму панаванню над Беларуссю. Дагэтуль Беларусь была зазнала толькi абмежаваную, запозненую i каланiяльную (трансляваную праз Расiю i ў меншай ступенi Польшчу) мадэрнiзацыю. Супрацiў каланiзацыi — як i ў азiяцкiх i афрыканскiх калонiях — адбываўся таксама як супрацiў мадэрнiзацыi, якая несла з сабой большую залежнасць ад iмперскага цэнтру i разбурэнне традыцыйнага ладу жыцця i сiстэмы вартасцяў4. У гэтай традыцыi выхаваныя сучасныя беларускiя нацыяналiсты-антымадэрнiсты (Зянон Пазьняк у гутарцы з рэдактарамi ARCHE прыпусцiўся, што „заходнi лiбералiзм, магчыма, сёння страшнейшы для беларушчыны, чым расейскi камунiзм“), нацыяналiсты-славянафiлы або таксама маргiнальная плынь балтафiлаў-паганцаў. Iх непакой зразумелы, але цi слушны? З вышынi найвышэйшай кропкi Беларусi, Дзяржынскай гары, якая шчэ да 1958 года называлася Святой, нам, што з надзеяй глядзяць на Захад, мадэрная еўрапейская, цi то еўраатлантычная, цывiлiзацыя i здаецца ўцелаўленнем хрысцiянскага духу. Мы абсурдна бачым яго якраз у перавазе рацыянальнага над iрацыянальным, розуму над сэрцам, грамадзянскай супольнасцi над дзяржавай, грамады над пастырам, знаходзiм у changer le monde замест changer du monde, у этыцы працы, эстэтыцы меры, у свабодзе, iндывiдуальнай адказнасцi i нават такой палохаючай павазе да спажывання. Што можа быць у такiм разе большым у справе хрысцiянiзацыi Расii, чым яе вестэрнiзацыя? I што большае могуць зрабiць беларусы для далучэння Расii да заходняй цывiлiзацыi, чым прылучэнне сябе да гэтай цывiлiзацыi, чым палiтычнае i культурнае вызваленне сваёй краiны — моцны сродак лячэння найбольшай славянскай дзяржавы ад iмперскае хваробы? Павал Севярынец захапляецца цывiлiзацыяй Захаду, „пабудаванай на хрысьцiянскiх
прынцыпах“, а пра Расiю, Украiну й Беларусь пiша, што „яны засталiся духова
змрочнымi зонамi“, бо „мараль, i палiтыка, i эканомiка ў краiне бяз Бога
ня маюць аснаватворнае сыстэмы каардынатаў, i таму носiць сатана, кiдае
на хвалях без стырна, безь вятрылаў i асобнага чалавека, i ўсю дзяржаву“.
Але не выключана, што сучасны iсiхазм, праваслаўны цi пратэстанцкi, можа
нават больш разбуральна ўздзейнiчаць на станаўленне грамадзянскай супольнасцi,
чым характэрнае для Расеi зрастанне дзяржаўных i рэлiгiйных структур. Галоўнае,
прыкра чуць ад намеснiка старшынi БНФ, што „палiтыка ў Беларусi даўно скончылася“.
Чатыры ракi бягуць з Дзяржынскай гары, але нiводная з iх не нясе сваiх
вод у Расiю. Бо ўвогуле нiводная з беларускiх рэк не цячэ ў Расiю. Такая
ўжо наша геаграфiчная сiтуацыя. Дык прэч ад Расii, кажам мы.
Гэты славянскi нумар ARCHE атрымаўся звернуты ў мiнулае нават там, дзе гаворка iдзе пра перспектывы славянскай iдэi. Мы напэўна зробiм i iншы славянскi нумар — пра ўсе колеры сучаснага славянства, але гэта ўжо справа iншага тысячагоддзя. Радыя паведамiць, што часопiс ARCHE павялiчвае свой наклад i будзе выходзiць сёлета штомесяц, чаргуючы „тоўстыя“ тэматычныя нумары з тонкiм дадаткам „Скарына“, якi мае складацца з аналiтыкi, эсэiстыкi, крытыкi й рэцэнзiй. Мы рыхтуем таксама далекасяжныя праекты iншых выданняў, сярод якiх часопiсы для жанчын „Баба“ i для нашых расейскамоўных сяброў „Нерусский журнал“. Усе гэтыя планы здзейсняцца, калi вы будзеце купляць наш часопiс. Цана ARCHE — гэта высокая цана культуры. Андрэй Дынько 1 С. Филатов, Л. Воронцова. „Судьба католицизма в России“ в Иностранная литература (Москва: 1998/11), 250.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |