гісторыі |
Ігар Сідарук
|
Ігар Сідарук - празаік-фантасмагорык, драматург-сюррэаліст, выказьнік маргінальнай сьвядомасьці, майстар чорнага бурлеску, жыве ў Кобрыні, працуе ў берасьцейскім Тэатры лялек. У 1999 годзе выйшлі ягоныя апавяданьні "Бабусечкі" ("Калосьсе"), "Каравайчык-34" і "Сажалка" ("Крыніца"), "Аўтобус колеру бэз" ("Наша Ніва"). Грысь Чаравячка ўвесь Божы дзень ды добры жмут ночы жлукцiў каламутную первачыну. Трэба сказаць, што жлукцiў ён яе i дзень таму, i тыдзень, i месяц, i яшчэ шмат-шмат гадоў да тых знамянальных падзеяў, якiя неўзабаве разгорнуцца перад ягоным займглiстым позiркам i пра якiя ён нават яшчэ й не здагадваецца. |
Не здагадваецца разам зь iм i ягоная жонка Марыля Чаравячка. Праўда, хоць тая ж сiвая первачына была для яе не такое прыцягальнае смакаты, як для Грыся, аднак i гэтую сухастойную ды заўважна струхлелую кабетухну нiводная лiшняя шклянка наравiла не прамiнуць. А пакуль самлелая ад усё ж такi залiшняе дозы гарэлкi Марыля пахропвае на ўзбуранай бруднай канапе за сьпiнаю Грыськi, сам ён, акулiўшы ў гарапашнае сваё нутро немаведама якую па лiку шклянку, гучна гэпае кулачочкам па сталешнi ды таксама з каторы ўжо раз ускрыквае гучна-горка:
— От, сучка!
Сучкаю была iхная шалапутная дачка Наталка. Толькi ўвесну яна бразнула клямкаю адзiнаццацiгодкi, ледзь дацягнуўшы да паўнасталага атэстату, як ужо ў лiпенi ёй заманiлася выскачыць замуж. Ды як мага хутчэй, хоць ты разьбiся, каб, значыць, анi хвiлiны болей не заставацца ў роднай бацькоўскай хаце!.. Бо тут, бач ты на сучку, як ужо ванiтуе. Бо тут i не жыцьцё зусiм, а нейкае п’янотнае гарыва. Бо тут нават прыстойна паесьцi — i тое няма як. Бо тут хоць якая лiшняя тысяча ўперваецца ў цукар ды дрожджы, а яна вымушана даношваць-пераношваць сукенкi яшчэ з восьмае-дзявятае клясы. Добра!.. Грысь, можа б, iншым разам i прамаўчаў, бо цi мала якое лухты ў дурной сваёй гарачцы маладыя не намалоцяць. Але ўсё ж тое Наталка выдала iм толькi сёньня. Малочна-туманнаю ранiцою, калi прывалаклася невядома адкуль, уся бы ў апараным летуценьнi, яны дружна накiнулiся на яе: „Дзе ты, блядзючка падкалодная, перакочвалася?!“ Грысь нават хапянуўся за сукаватую паляняку, ды Наталка раптам цопка перахапiла ягоную руку, выкруцiла паляняку ды, сама замахнуўшыся, зьмяюкаю сыкнула ашаломханаму бацьку ў твар:
— Ану, сьцiхнiце!
— Што??! Ах ты, блядзючка!.. — здаецца, больш спуджана, чым злосна, агрызнуўся Грысь.
— Яшчэ раз назавеце „блядзючкаю“ — не пагляджу, што бацька, так вось гэтым сукам у лабэшню i ўперу!.. — па ўсiм было вiдаць, што жартаваць у Наталкi не было анiякiх намераў.
— Намеры ў яе былi нашмат шырэйшыя ды глябальнейшыя. Пра гэта яна й паведала, не зыходзячы зь месца ды ўсё яшчэ трымаючы ў руцэ паляняку:
— Рыхтуйцеся, заўтра сваты прыедуць.
|
— Якiя… сваты? — схапiлася скручанымi пальцамi за свае асьмяглыя, патрэсканыя вусны Марыля.
— Звычайныя, з ручнiкамi. Замуж я выходжу, — канстатавала, як неабвержны факт, Наталка ды адкiнула, нарэшце, прэч бярозавую сукаватку.
— Га! — раптам, бы дурны, рагатнуў Грысь. — За каго?
— А… — сьцепанула плячыма дачка. — Вы ўсё роўна ня ведаеце.
— А нас ты спытала? — iмкнучыся напоўнiць праўдзiвай пагрозаю свой голас, толькi хрыпла вычавiла зь сябе Марыля.
— Не пытала й пытаць не хачу, — зноў сказала, як адрэзала, Наталка, накiроўваючыся да ганку.
— Ну, тваю ж маць!.. — штурхануў Грысь нагою струхлелую калоду. Лёгкая, тая адразу перакулiлася ды адчувальна выцяла Грыся па той самай назе. — Ты што гэта, сур’ёзна?
— Сур’ёзьней не бывае, — абярнулася, ужо стоячы на парозе, Наталка. Так што рыхтуйцеся, — зноў паўтарыла, як загадала, яна. — У суботу вясельле.
|
— А во табе вясельле! — скруцiў раптам зьверскую дулю Грысь, падскочыў да Наталкi ды сунуў тую дулю ёй проста ў нос. — Во! Во!..
— Пачакай ты, дачушка… — усё нiяк не магла пакiнуць у спакоi свае перасьмяглыя вусны Марыля, гэтак жа нэрвова цярэбячы iх пальцамi. — Ты ж кажаш, заўтра сваты толькi прыедуць…
— Заўтра сваты прыедуць, а вясельле — у суботу! — рашуча ўзялася за клямку дзьвярэй Наталка, анi не зьвяртаючы ўвагi на зьверскiя бацькавы дулi. — Мы з Алiкам усё ўжо рашылi.
— З Алiкам? А хто гэта? — няўцямна ўстаўбурыла на яе маленькiя сьлязьлiвыя вочы мацi.
— Жанiх мой, мама. Гарадзкi ён… Ад яго сваты заўтра й будуць. У суботу — вясельле.
— А чаго так хутка? А чым жа iх сустракаць? А дзе ж жыць вы будзеце? — неспакой усё болей апаноўваў хоць i прашпiртаванае, аднак усё такi матчына сэрца Марылi. I тут нечакана здагадка наскрозь працяла ўсё тое ж дрыжачае сэрца. Марыля прыкусiла ражок бруднай хусьцiнкi: — Вой, Наталка, ты бярэмянная, цi што?..
— Байстручка нагадавала, бля… — ужо было зноў ледзь не зьляцела запаветнае слоўка Грыськi, ды красамоўны доччын пагляд на адкiнутую сукаватку своечасова яго спынiў.
— А ня вашая справа, — нават не мiргнула на гэта Наталка. — Ня схочаце вясельля тут — у Алiка справiм. А сваты заўтра прыедуць па-любому. Хочуць зiрнуць, як мы жывем тут. Ну, i з вамi, значыцца, пазнаёмiцца. Ха, было б з кiм…
— Ты як на бацькоў, га? — дапытвала сваё Марыля.
— Вой, мамка! Бярэменная цi не бярэменная — гэта ўжо час пакажа… — неяк задумна-мэлянхалiчна сказала Наталка ды памкнулася ступiць у чарноцьце роднае хаты. Але затрымалася, бо пачула, як мацi выпусьцiла з грудзёў сакрушальны ўздых:
— Ды чым кармiць-та, сватоў гэных?..
— На гарэлку грошы знаходзiце, то й на закуску знойдзеце, — як адрэзала Наталка ды ўрэшце бразнула за сабою дзьвярыма.
— От, сучка! — зноў бабохнуў кулаком па стале Грысь. Аднак на гэты раз троху цiшэй, бо да гэтага часу зьбiў той надта ўжо абы-якi кулачок на горкi яблык.
Асаблiва муляла Грысю зусiм ня тое, што дачка вырашыла выскачыць замуж, анi не зважаючы на бацькоўскае меркаваньне. I ня тое, што ён, Грысь, i блiзка ня бачыў на вочы таго самага гарадзкога Алiка-жанiшочка. I нават ня тое, што маладыя ўсё вырашылi-разьмеркавалi бяз хоць бы якога iхнага саўдзелу. Асаблiва рэзалi яму, бы вузельчыкi на гумцы ў дзiравых трусах, Наталчыны словы пра грошы, што знаходзяцца на гарэлку, i якiх вечна бракуе на харч.
Што яна, дурнiца даўгалыгая, ведае пра грошы?! I што пра гарэлку? Бач, сорам ёй вочы коле, што бацькi п’юць. Хай пажыве зь iхнае, Грысева ды Марылiнае, невядома яшчэ… як сама… можа, болей за iх будзе. Дый хiба яны п’юць?! Так, выпiваюць. Як i ўсе нармальныя людзi, ня больш i ня менш. А яна!.. бач ты на яе!.. „Знаходзiце грошы!… то знойдзеце й на харч!..“ |
Ён што — тыя грошы, бы клёпкi, кляпае? Цi яму ў рот зь неба крупы-кiўбасы валяцца? Ён жа не куркуль якi, бы той суседзiк ягоны, Андрэй Шупейка. Тры кiёскi з парфумаю-чакалядамi пасярод мястэчка трымае ды яшчэ парачку адкормных парсючкоў у хлеўчуку на падворку дзержыць. I што? Жонка ягоная, Верка, кажуць, зьбiраецца ад яго ўцякаць. Надта ж Андрэй, бы жаба ў балота, у палiтыку прэцца. I начальства местачковае ў яго ледзь не штодня па вечарох кватаруе. I сам ён, як толькi вольны выходны выпадае, у сталiцу матаецца (куды й каго толькi, цiкава, цiкава!..). I нават местачковыя знаўцы цьвердзяць, што як была пяць год таму першая прэзыдэнцкая кампанiя, нiбыта Андрэйка самага апальнага кандыдата як мае быць падтрымаў. I ня толькi грашыма, а яшчэ тым-сiм. О, цi не да яго цяперака першы куркуль местачковы й матаецца? Ну, то ня дзiва, што справы ягоныя… бы хер у масьле… а тут!.. хоць ты зачавiся!.. Сваты, бляха!.. Патрэбныя яму тыя сваты, бы сабаку на срацы скула!..
Грысь зноў пацягнуўся да бутэлькi, зьмесьцiва якое ўжо боўталася на самым донцы.
Рэшткi самагонкi пiлiся, як звычайная вада; нават вада магла зараз паказацца Чаравячку смачнейшаю. I пакуль ён марудна глыкаў гар, якая нават ня смылiла, у галаве барухалася, бы чорт у палонцы, тупое, iрванае шмацьцё думак:
„Парсючкi, чакаляды… Прэзыдэнцкi гранатамётчык… Як устану — панам стану!.. Жывем, бы мышы ў засернi… Ладна! Гарэлкi я вам… ад пуза… яшчэ ёсьць… у хлеўчуку прыкапана… А жраць чаго?.. То ж няма нiчога!.. Ну, Наталка! Ну, сучка!.. От, зараза! Тут шкварку добрую… I сальцiсона! А то падумаюць… Што шпань-галадрань якая! Што… Сьвербiянка ёй… шмоньку дзярэ!.. А-а!.. Пляваць!.. Дурная дачка — дурное й вясельле. Бач ты, у гараду сьмятана смачнейшая. I гною менш… I сьвiньнi ня рохкаюць. От, бы вас усiх i накармiць тым гноем сьвiнячым… Тым гноем!.. Сьвiнячым!..“ А ў той момант, як апошняя кропля первачыны кранулася сьценак перапаленага Грысевага страўнiку, шмацьцё думак з галавы ягонай некуды раптам сплыло, i на вольнае месца нечакана ўстрэмiўся авантурны ды ва ўсiх адносiнах рызыкоўны плян.
Грысь ацяжэла адштурхнуўся ад стала, узьняўся, спрабуючы захаваць раўнавагу. Калi падлога выраўнялася ды зноў выпрасталася больш-менш паралельна столi, ён вызiрнуў у вакно: там панавала самая сярэдзiна цёмнае i, на шчасьце, бязьмесяцавае лiпеньскае начы. „Сама тое!“ — падумаў Грысь ды пачаў катурхаць сваю жонку:
— Марыська, уставай!
— А! Што?.. — спалохана падхапiлася заспаная Чаравячка.
— Цiха! — Грысь вырачыў на яе страшныя вочы. — слухай… — ён падсеў ушчыльную да жонкi, наблiзiў да яе свой гарачы чырвоны твар.
— Што? Што ты?.. — усё нiяк не магла даўмецца Марыля, чаго ён ад яе хоча.
— Ды цiха ты! — ужо злаваўся Грысь. — Наталку разбудзiш… Слухай, што я табе скажу…
— А што такое?
— Гаўно рабое! — нецярплiва лаянуўся Чаравячка ды пачаў урэшце п’янотна, хутка, празь пень-калоду распавядаць жонцы пра сваю авантуру.
Яна, рачачы на яго вокамiгам ацьверазелыя вочы, то адмоўна матляла галавою, то спалохана адсоўвалася да сьцяны, то проста ды гэтак жа страшна глядзела яму ў твар, анi ня верачы, што ўсе гэтыя мужавы словы насамрэч ды па-сур’ёзнаму.
— Ох, Грысю! — сполах так i гнуў ейную няшчасную постаць да ўскалмачанае пасьцелi. — Ты гэта напраўду?..
— Напраўду, бляха, напраўду!
— I не баiшся?
— А-а!.. — толькi разануў рукою паветра Грысь. — Але разам трэба.
— Што — разам?
— Ну, iсьцi… Разам! Адзiн я не давалаку…
— Вой, не! — Марыля нават не заўважыла, як раскусiла да крывi на губе больку. — Дурное ты…
Далей, аднак, Марыля не дагаварыла. Бо Грысь узьняўся з канапы, пачаў злосна ўзьдзерваць ногi ў старыя свае нагавiцы, што вiселi на вяроўцы ў запеччы. Адна нага, зараза, усё нiяк не хацела лезьцi ў калашыну, i ён, як стаяў, так i бразнуўся сярод хаты.
— Вы зусiм там падурэлi цi што? — пачуўся раптам заспаны голас Наталкi з бакавушкi. Яна яшчэ нешта прамармытала няўцямнае ды сьцiхла. Грысь трохi перачакаў, так-сяк урэшце прасунуў нагу ў калашыну ды пачаў падымацца з падлогi. Марыля борздка зьлезла з канапы, падхапiла яго пад локаць.
— А няўжо пойдзеш?.. — глядзела на яго, як на добраахвотнага чарнобыльца-сьмяротнiка, жонка.
— Э! — толькi злосна рыпнуў зубамi Грысь. — Ад вас — хiба толькi… — адсунуў ён жонку прэч ды, iрвануўшы з запечка тую самую вяроўчыну, на якой боўталiся ягоныя дзiравыя нагавiцы, пачаў скручваць яе ў жмутак.
Убачыўшы такое, ды падумаўшы раптам чорт ведама што, Марыля ледзь не самлела. Але ў наступную хвiлiну яна ўжо вiсела на шыi Грыся ня горш за любую вяроўку ды мёртваю хваткаю абшчапiла яго рукамi, рызыкуючы задушыць нашмат раней адмеранага Грысю часу.
— Не, не! — анi не зважаючы на ноч, залямантавала яна на ўсю хату. — Ат, дурны! Кiнь вяроўку, кажу!..
Насустрач Грысю, якi абсалютна не чакаў такога скруту i якi пад цяжарам павiслае на iм жонкi зусiм страцiў раўнавагу (а зь ёй у яго да гэтага часу й без таго былi вялiкiя праблемы), раптам iмклiва пачала наблiжацца падлога. Ён яшчэ са зьдзiўленьнем пасьпеў адзначыць, што хоць памiж iм i падлогай была гэткай „буфэрнай зонаю“ ягоная ўласная жонка Марыля, але чамусьцi першаю да нямытае масьцiны дакранулася ягоная няшчасная лабэшня, а ўжо потым загрукацела i ўсё астатняе, уключаючы й яго гарапашную постаць, i сухакосную Марыську.
— Вы дасьцё сёньня паспаць цi не? — на гэты раз Наталчын голас быў не такi заспаны ды поўнiўся ўжо не жартоўнаю злосьцю.
— Дамо, дачушка, дамо, — з лагоднай iнтанацыяй, што зусiм не адпавядала крытычнай сытуацыi, у якой яны апынулiся, адказала, лежачы на Грысю ды са спалохам касавурачыся на бакавушку, Марыля. А потым, будучы ўсё яшчэ зьверху, выдыхнула яму ў твар: — Вяроўка табе нашто?..
— Ну, не засiлiцца ж я хачу, ё-маё! Для дзела, значыць!..
Марыля яшчэ трохi паляжала на мужу, вiдаць, канчаткова пераконваючыся, што ён не зьбiраецца зводзiць рахункi зь няшчасным сваiм жыцьцём, падумала аб нечым сваiм бабскiм ды патаемным i, урэшце, рашылася:
— Адзiн ня пойдзеш.
— А на халеру ты мне!.. — занаравiўся быў Грысь, узбрыкваючы пад Марыляю.
— Цiха, ваяка. Яшчэ пападзешся…
— Ладна, — урэшце прымiрэнча пагадзiўся Чаравячка ды пачаў выкачутвацца з-пад жонкi. — Аднаму яно… я ж казаў… напружна занадта… Пасобiш!
Чаравячкi сяк-так паднялiся. Стараючыся не рабiць болей лiшняга шуму-глузду, на цырлах падалiся да дзьвярэй. Ужо на парозе Марыля, працiскаючыся за Грысем скрозь дзьверы, зноў схапiла яго за руку ды выдыхнула тое ж самае, з чаго пачынала: „Ох, Грысю!.. Дурное ты…“
Але Грысь, здаецца, яе не пачуў. А калi й пачуў, дык не было зараз на сьвеце такое сiлы, якая магла б яго пераканаць, што задуманае iм — надта ўжо дурная й бязглуздая справа…
* * *
Ноч была чорнаю, хоць выбi вока.
Нават зоры кудысьцi пахавалiся, зацягнутыя нечаканымi хмарамi. На шчасьце, дождж яшчэ не цярушыў, магчыма, толькi зьбiраўся; iнакш на прысушанай за дзень ды змочанай вiльгацьцю зямлi яны б пакiдалi досыць выразныя адбiткi сваiх атопкаў. З кожнай хвiляю сярод дрэваў адчуваўся ўсё большы пошум ветру, i гэта таксама спрыяльна клалася на iхную начную авантуру.
Грысь iшоў трохi паперадзе, Марыля старалася ступаць зь iм крок у крок. Яны нават ня йшлi, а валачылiся дрыготкiмi прывiдамi, сагнуўшы сьпiны крукамi, ня надта цьвёрда ставячы ногi ў разору памiж градаў… Час ад часу то Грыся, то Марылю адчувальна хiстала ды рэзка паводзiла ўбок: перад сваiм начным вылазам яны пасьпелi яшчэ па разу, а потым i па другiм, добра прыкласьцiся да зьмесьцiва пяцiлiтровае бутлi з расчыненаю бражкаю: такую ж паўнюткую бутлю Марыля зараз сунула перад сабою, ашчадна прыцiскаючы да сваiх запалых грудзей…
Вось i апошняя разорка, а там, за плотам, — падворак Андрэя Шупейкi. Менавiта сюды перлiся Чаравячкi, i перлiся, вядома ж, не дзеля начной пагулянкi.
Так-сяк, перадаючы адзiн аднаму неабдымную бутлю ды перадзершыся цераз плот, яны замерзлi ў палахлiвым трымценьнi.
На падворку Шупейкi было цiха. Праўда, над парогам хаты па-здраднiцку гарэла яркая лямпачка, якую Андрэй звычайна запальваў, калi клаўся спаць, i якая потым гарэла ўсю ноч, залiваючы сьвятлом амаль што ўвесь падворак. Можна было б бэцнуць зараз па ёй камянюкаю, i Грысю ў мазгi нават пальнула такая дураломная думка, але ж ён уцямiў, што на гэтым iхны напаўсвалотны вылаз хуткацечна й скончыўся б. Ён прыхiнуўся яшчэ нiжэй сам, уладна прыхiлiў голаў Марыськi, так, што яна проста ўжо курчылася й пад гэтым уладным прыхiленьнем, i пад цяжарам бутлi з брагаю, ды паказаў супрузе сваёй, што ступаць трэба як мага блiжэй да плоту й гаспадарчых збудаваньняў. Урэшце, сунуцца на самое дварыска яны й не зьбiралiся.
А зьбiралiся яны сунуцца, i нават, на дзiва, досыць хутка, куды хацелi, таму як быў гэты хляўчук чамусьцi зачынены на звычайную драўляную зашчапку, у задушны сьвiнскi прыстанак — канчальную мэту iхнага, не зусiм, так бы мовiць, добрасуседзкага вiзытанцтва.
Два ўкормленыя, угадаваныя кабанчыкi ўзбрыкнулi са сьвежае саламянае посьцiлкi насустрач нечаканым прыхадням, зьдзiўлена рохкнулi ды зачухалi лычамi аб перагародку, магчыма, у таемным спадзеве, што зараз, хоць i няўчас, iм дадуць якiх мешанцаў з пракiслымi недаедзенымi блiнцамi.
— Цiха ты, Марыська… — стаяў сам ледзь жывы Грысь, хоць Марыська ягоная не выдавала анi гуку. Ён акiдваў ацэньваючым п’янотным вокам то аднаго вепручка, то другога, усё нiяк не рашаючыся, на якiм спынiць свой выбар. — Давай гэтага… Магамая! — урэшце тыцнуў ён пальцам у большага, як яму падалося, трохi лепш укормленага ды дагледжанага, нечакана нават успомнiўшы ягоную мянушку.
— Ну, давай… — таксама мiтусьлiва заблукаў па вепручках Марыльчын пагляд.
Ёй таксама болей падабаўся гэны, на якога тыцнуў Грысь. Чарнабокi, ладненькi, ён раптам навеяў жанчыне ўспамiны аб басотным сваiм дзяцiнстве, калi пасьвiла яна падсьвiнкаў на выгане, i асаблiва любiла пачухаць якому кручкахвостаму гарэзьлiўцу белы гладкi пузанчык цi пад шыйкаю…
— Давай, давай! Бражкi яму давай! — сыкнуў на жонку Грысь.
— Вой, зараз… — рукi Марылi раптоўна ўспацелi; бутля так i наравiла высьлiзнуць зь iх на драўляны насьцiл. — Ледзь не ўпусьцiла…
Грысь зьнiшчальна наставiў вочы на жонку:
— Я табе ўпушчу! Давай хутчэй! Пакуль цiха…
— Вой, а як ня пройме?
— А як ня пройме, дык… — але Марыля так i не пасьпела зразумець, што хавалася за гэтым страхотным „дык“. Кабанчыкi, нiбы адчуўшы, што замест мешанцаў iм зараз можа перапасьцi нешта нашмат смачнейшае ды больш задзёрыстае, ужо пачалi ледзь ня кiдацца на загароджу, за якой мулялiся двое гарапашцаў валацужна-партызанскага аблiчча.
— Ну, давай! Лi ў карыта яму, к-кароста!.. — нецярплiва, хоць i лёганька чвэхнуў у сьпiну жонцы Грысь. — Яшчэ ўчуе хто… Адразу канец кiну будзе!..
— Сам стой цiха! — агрызнулася Марылька. — Я сюды што — сама перлася? — Пры гэтым, аднак, яна ўрэшце адкаркавала бутлю ды перахiлiла яе цераз загарадку: — Гэтаму лiць цi якому?
— Ды гэтаму, гэтаму! Магамаю!..
— А я ведаю: Магамай гэта табе цi Мамай!..
— У Магамая бакi чорныя. I вуха! Яму й лi!
Марыля яшчэ нiжэй нахiлiла рыльца пасудзiны, i ў карыта Магамая палiўся нарэшце магутны струмень з духам перабрадзiлых дрожджаў ды яблыкаў. Гэты жэст, аднак, займеў досыць нечаканыя й не зусiм адэкватныя бягучаму моманту наступствы. Вядома, сам Магамай порстка ўставiў лыч у карыта ды пачаў прагна хлябтаць бражку, аж зарохкаўшы адметным басам ад сьвiнскага свайго задавальненьня. Затое другi кабанчык, досыць хутка адчуўшы такую дыскрымiнацыю, храптануў так, што Магамай нават яшчэ шчыльней прысунуўся да свайго карыта, зусiм не зьбiраючыся дзялiцца з аднакроўкам анi кропелькаю дурнап’янага зьмесьцiва. Якраз у той момант, калi крыўдны хроп абдзеленага бражкаю вепручка зьбiраўся перайсьцi ў зацяглы ды невыносны вiскат, Грыська вырваў з Марыльчыных рук бутлю i бабохнуў амаль усю тую бражку, якая там яшчэ заставалася, у ягонае пустое карыта.
Вепручкi, задаволена прыцмокваючы ды лагодна ўзрыгваючы, захлябталi бражку ў два лычы.
Грысь аж трохi аслупянеў, так яго мiлоцiла гэткае iдылiчнае вепручынае паеньне. Урэшце ён адарваў пагляд ад чорнага вуха Магамая, крытычна ды заклапочана акiнуў ягоную ўсю сьвiнячую паставу. Пасунула бровы адно на адно й Марыля:
— Ну, што!..
— А чорт яго ведае! Здаецца, не бярэ…
— Яшчэ дабаў…
Грысь перакулiў бутлю, але адтуль выцекла ў карыта Магамая толькi некалькi кропель каламутнае астатняе жыжкi. Здаволены хмельным пiтвом вепручок усярбнуў i гэтыя кроплi, зноў задраў лыч угору, вiдаць, патрабуючы саладжавага дадатку. Дадатку, аднак, болей не было анi макаўкi.
— Ну, давай, Магамайчык, давай! — iмкнуўся паддобрыцца да жывёлiны Грысь. — Ну!.. Што глядзiш? Не праняло цi што, чорт ты паганы!..
— Ня лайся так. Яшчэ ня пойдзе, — прашаптала Марыля, якая рабiлася з кожнай хвiляю ўсё болей пераляканаю, бо ёй здавалася, што ў хаце даўно пачулi, як яны тут капошкаюцца, i зараз сам гаспадар Андрэй Шупейка выйдзе ды ўсмалiць iм так, што яны зарыюцца ў зямлю ня горай за таго ж паганага вепручка, якога не бярэ нi чорт, нi бражка.
— Я яму не пайду! — качнуўся раптам наперад Грысь, сам чапляючыся за загарадку ды пагрозьлiва нахiляючыся ўнiз, рызыкуючы звалiцца проста ў карыта Магамая. Той, адчуўшы знаёмы бражнячы водар, якi зыходзiў ад Чаравячкi, таксама памкнуўся наперад i, патрабавальна рохкнуўшы, нават ускiнуў пярэднiя лапы на драўляную папярэчку, дзе й пасьпяхова зашчамiў iх. Тут Чаравячка, нарэшце, заўважыў жаданае. Маленькiя сьвiнячыя вочкi Магамая набрынялi цяжарам, пачалi навальвацца тупым саноцьцем, рохканьне зь ягонай пашчы за кожным разам вырывалася зь нейкiм прыбулькацелым прыдыхам, ён нядобра пачаў завальвацца некуды набок. Грысь, каб кабан не абрынуўся ўнiз i не сапсаваў грукатам ужо немаленькай сваёй тушы ўсю iхнюю авантуру, здагадаўся зноў нахiнуцца да загарадкi ды зноў дыхнуць сьвiнчуку проста ў лыч. I тут здарылася неверагоднае. Круглыя дзьве дзюрачкi на магамайскiм лычы, прагна ўцягнуўшы пах сьмярдзюшнага гарыва з чаравячкавага рота, напружана сьцялiся, выпрасталiся; вепручок, стоячы на заднiх лапах, рэзка памкнуўся ўверх i… раптам сашчамiў свае iклы на здубянелым Грысевым твары.
— А-а! — зароў Грысь, ня могучы крыкнуць на ўсё горла й проста заходзячыся калатуном ад шоку, болю й крыўды. — Ён мяне ўкусiў! Падла! Марыля!.. Ён мяне ўкусiў! — цiха галёкаў Грысь.
На дзiва, у той жа час ён яшчэ мог больш-менш адэкватна ацэньваць абстаноўку, таму, не марудзячы, накiнуў вяроўку на шыю Магамая, вышмаргнуў са сваёй завэзганае штанiны шырокую драную насоўку й, злосна мацюкаючыся, скамечыў яе камляком ды запхнуў вепручку глыбока ў пашчу. Пры гэтым ён нават не пасьпеў спужацца: а раптам падпоеная жывёлiна храпнула б яго на гэты раз ужо за руку?.. Далей усё замiльгацела ў тлумнай, замутнёнай калейдаскапiчнасьцi.
Вепручок ацяжэла пачаў апускацца ўнiз. Грысь, стараючыся ня надта плявацца крывёю, памалу адпускаў нацягнутую вяроўку, каб Магамай не загрукацеў на салому ўсiмi сваiмi рэбрамi. Марыля спачатку кiнулася да дзьвярэй хлеўчука, але пачуўшы Грысева: „Загарадку!.. Загарадку адкiнь, баба дурная!..“, памкнулася назад, непаслухмянымi пальцамi ўчапiлася за бярвенца. Грысь пачаў асьцярожненька выводзiць за вяроўку кабанчыка, а той, не раўнуючы, бы наркаман-апушчэнец, упарта цягнуў свой лыч да твару Чаравячкi. Грысю нiчога не заставалася, як раз-пораз хукаць на вепручка перапалам, пры гэтым са спалохам адразу ж адстараняцца, каб, крый Божа, гэтая вышкрэбтаная поскудзь ня зжэрла яму твар увогуле.
Калi яны выходзiлi з хлеўчука, то ў гарачцы нават не заўважылi, як другi кабанчык, марудна падламiўшы пярэднiя лапы, раптам звалiўся на бок ды салодка захроп, прычмокваючы ў сьне, бы абпоенае парным сырадоем дзiця…
Вось i падворак.
Пад напорам набiраючага сiлу вятрыска мiтусьлiва закачалiся ды кiнулiся прэч даўжэзныя пад лямпачкаю-стоваткаю ценi Чаравячкаў. Яшчэ адзiн, больш прыземлены й не такi мiтусьлiвы, цень Магамая марудна пацёгся за iмi сьледам… Грысь халадзеў ад роспачы: вепручок усё больш п’янеў. I рызыка застацца зь iм, бяздухiм ды нязрушным, проста сярод гаспадарскага дварыска дабаўляла гарачага поту на яго й без таго мокры лоб.
— Давай, давай, разграбай плот!.. — зацята вымольваў у Марылi Грысь, падцягваючы вепручка да заваленага штыкетнiку, якi, праўда, i плотам назваць было цяжка. Марылька нечага закошпалася, тузаючы туды-сюды штыкецiны, i на свой гародчык Чаравячка ўвалок Магамая ў амаль што непрытомным стане, сам ледзь-ледзь не аддаючы Богу душу ад нечалавечае фiзычнае ды нэрвовае напругi. — Загароджвай, загароджвай! Рабi, як было!.. — яшчэ пасьпеў адкамандаваць жонцы Грысь. I, губляючы апошнiя сiлы, не забываючы, аднак, пахукваць сiвушнаю гараю ў сьвiнячую пысу, якая, бы радар, строга паварочвалася на пах самагонкi, увалок-такi ў свае сенцы ўшчэнт ап’янелага Магамая.
Кабан спынiўся пасярод сенцаў, утаропiўся ў абаiх Чаравячкаў, тупым паглядам сваiх звужаных у непрасьветныя шчылiны вачэй, а потым, з рэдкiм парохкваньнем ды вантробным мармытаньнем, глухiм булькаценьнем i перарывiстым прысьвiстам, неяк марудна й задаволена качнуўся спачатку ў адзiн бок, затым у другi, i раптам коратка й рэзка зламаўся, усiм цяжарам грымнуўся на падлогу, пасьпеўшы яшчэ задаволена рохкнуць, як астатнi п’янюга, якi кулем валiцца ў карчы, думаючы, што пасьпяхова дабраўся дадому…
I адразу за вокнамi перарэзала ноч маланка, страшэнна грымнула, а па ўсёй вэрандзе разьлiўся магутны сьвiнячы дух.
Такiм чынам, ледзь не асноўная частка начное Грысевае авантуры была пасьпяхова рэалiзавана. Далей у пляне няўрымсьлiвага адурэлага Чаравячкi значылася спачатку забойства, а потым смаленьне вепручка ды поўная разьдзелка тушы.
* * *
— Зачыняйся, зачыняйся!.. — аж калацiла ўсяго Грыся Чаравячку. Ён хапаў ротам паветра, рукi гарэлi ад урэзанае вяроўкi, каленкi трэсьлiся агiднай няспыннай трасучкаю.
— Вой, зачынiлася я, зачынiлася! — таксама якатала сэрца Марылi. Яна як стаяла, так i села на лаву. — I што цяпер?
— Што?..
— Ну, што цяпер зь iм рабiць будзем?
Над хатаю зноў уперыла. Марыля падскочыла з лавы, памацала кручок, на якi зачынялiся знутры сенцы, нiбы ад удару грому той мог сам выпадкова адкiнуцца.
— А бутля дзе?
— Якая?..
— Ты што, бляха, кiнула яе там цi што?.. — толькi зараз Грысь заўважыў, што зь ягонай шчакi, так неабачлiва падстаўленай пад зубы Магамая, па-ранейшаму цюрчыць юха, хоць ужо й не такiмi буйнымi кроплямi, як раней. — Ёду дай!.. Ну, дык дзе?
— Што — дзе? — бы дурная, перапытвала Марыля.
— Дзе бутля, я пытаю!
— А-а! — нарэшце ўцямiла жанчына, што ад яе хоча Грысь. — Дзе я табе вазьму таго ёду? Во бутля, во! — высунула з-пад лавы невядома як i калi ўбаёданы туды посуд Марыська. — Што я, дурная табе там яе пакiдаць?..
— Можа й дурная… калi пытаеш… — адказаў хутчэй нейкiм сваiм тугатлумным думкам, чым жонцы, Грысь. Утаропiўшыся ў адну кропку на лобе нерухомага Магамая, ён тузануў зь цьвiчочку стары завэзганы ручнiчок, разадраў яго ўздоўж ды абы-як перахапiў iм шчаку, тым самым адразу болей пачаў нагадваць ушчэнт замудоханага пацыента зубное лякарнi, чым начнога зладзюгу-сьвiнакрада.
А думкi Грысевы былi аб тым, чым жа й як ён пазбавiць жыцьця Магамая.
Можна было б, канешне, клясычна закалоць яго звычайнаю швайкаю, як гэта паўсюль рабiлася й робiцца. Але не зусiм звычайныя абставiны, што склалiся перад вынясеньнем канчальнага выраку гэтаму сьвiнчу, таксама вымагалi адметных карэктываў. Таму Грыська адразу адмёў гэтакi спосаб марчаньня Магамая. Зноў грымнула, i ў голаў яму чамусьцi адразу ўчаўплася думка, што добра было б скiнуць яго з гарышча, каб бразнуўся ён усiм сваiм цэнтнэрам аб падлогу ды аддаў Богу сьвiнячую сваю душу, не пасьпеўшы зразумець нават, што да чаго. Але ж i тут была нявыкрутка: ня з Грысевай, а тым болей не з Марыльчынай сiлаю выпадала валачы гэткае цяжэрства на гарышча. I таму Чаравячка вырашыў забiць вепручка так, як яшчэ не забiваў анiхто.
Грысь, круцячы ў руках вяроўку, з насьцярогаю наблiзiўся да Магамая, прысеў над iм, трохi паслухаў, а затым, зь яшчэ большаю насьцярогай, абвязаў вепручыную шыю, перакiнуў два канцы вяроўчыны на розныя бакi. Марыля, здаецца, пакуль не зусiм цямiла, што ён зьбiраецца рабiць:
— А што гэта ты?..
— Трымай! — толькi загадна гыркануў Грысь.
— Навошта?
— От, бабаўё дураломнае! А што я табе, калоць яго буду? Каб ён тут нам… Каб мястэчка — на ногi ўсё?..
Марыля зiрнула на Грыся паглядам, нашмат страшнейшым за ранейшыя. Аднак моўчкi падалася наперад, моўчкi ўхапiлася за вяроўчыну, усё гэтак жа неадрыўна гледзячы ў вочы Грыся. Той уладна тузануў за вяроўку, нiбы лiшнi раз правяраючы яе на моц, загадна хiтнуў Марылi:
— Давай!
I яны пацягнулi. Вяроўка напялася, твары Чаравячкаў залiлiся суцэльным барвiньнем; пятля, што абхоплiвала шыю Магамая, усё глыбей пачала ўрэзвацца iм у рукi, а таксама ў тоўстую вепручыную скуру.
— Ну!.. Ну!.. — заахвочваў i сябе, i жонку Грысь, ужо проста сiнi ад натугi. — Давай!
— Не магу… — толькi прахрыпела Марыля, не выпускаючы аднак, канец вяроўкi. — А!.. — пры гэтым ускрыкнула яна, прысядаючы над Магамаем, калi недзе зблiзу хаты зноў добра ляснула.
— Яшчэ… трошкi… — ня горай за яе хрыпеў Грысь.
Да гэтага часу замудоханыя, яны сабралi рэшты апошнiх сiлаў ды зацягнулi вяроўчыну, колькi маглi. У нейкi момант Грысю падалося, што справа вырашана: кабанчык, лежачы на баку, раптам увесь здрыгануўся, выпрастаў ды адразу падкурчыў пад сябе ўсе чатыры лапы, а з горла ягонага, перацягнутага намёртва, вывалiлася спачатку абсьлiненая Грысева насоўка, потым пачулася перачаўленае булькаценьне, геркаценьне; на шчэць парсючынага падбародзьдзя паплыла з пашчы густая сьлiна, а потым недзе з самiх вантробаў Магамая папёрла глыбiнная хрыпата, якая вельмi нагадвала перадсьмяротную. Грысь для пэўнасьцi яшчэ раз тузануў свой канец ды нарэшце адкiнуў вяроўку:
— Усё, Марылька, капцы!
Марылька, якая сама ледзь не адчула напраўдзе, што такое „капцы“, раптам выказала абсалютна цьвярозую думку:
— Ты правер…
Грысь зiркануў на жонку, асьцярожна дакрануўся нагою да гладкае кумпячыны, неяк няпэўна прамармытаў:
— А што правяраць… Нажы давай.
— А як жывы?
— Ды якi жывы? Ухадохалi мы яго…
Аднак уся змучаная постаць Марылi выказвала суцэльны недавер. Яна прысела над Магамаем, а потым хуценька апусьцiлася на каленкi, прыклала вуха да ягонага жывата й пачала ўважлiва ўслухоўвацца…
— Ну, што?.. — смылiла Грысю.
Марыля нецярплiва махнула на яго рукою, каб не перашкаджаў. Яна паслухала ў адным месцы, потым прыклала вуха трохi вышэй, а потым яшчэ вышэй. Затым адарвала голаў ад кабанячага пуза, няўцямна пацiснула плячыма:
— А чорт яго ведае.
— Ну то нясi нажы!
Марылька была памкнулася зь сенцаў, а потым спынiлася:
— Ты што, нясмаленага яго?..
Грысь утаропiўся ў Марылiн рот, нiбы адтуль выперла такая лухта, якой яшчэ ня чуў цэлы сьвет. Аднак, пасьля хвiлiннае развагi, ён зразумеў, што на гэты раз жонка мае абсалютную рацыю. На дзiва, нiбы спэцыяльна чакаючы гэтага моманту, у куточку вэранды хавалася тое, што трэба: там, прыкрытая дранай анучкаю, пад шапкаю густога пылу стаяла паяльная лямпа. Грысь узяў яе ў рукi, страсянуў пыл, пашалёхаў: унутры нешта плёхалася. Зьвiнцiў маленькую накрыўку, панюхаў: у нос шыбанула рэзкiм пахам бэнзыны.
— Запалкi давай! — загадаў ён жонцы.
Марылька крутанулася, выбегла зь сенцаў, хутка вярнулася назад з запалкамi. Дрыжачымi рукамi працягваючы iх Грысю, спытала:
— А як хату спалiш?..
— Ты, дурыла, менш языком мянцi!
— Ох, Грысю, глядзi!..
— Ды гляджу, не сьляпы ж, тваю маць!
I лямпа шуганула полымем.
Грысь лацьвей узяўся за ейную ручку, вольнай рукою ўхапiўся за лапу Магамая ды скiраваў полымя ў вепручыны бок. Але толькi гарачы язык агню лiзнуў сьвiнячую скуру, як Магамай дзiка рохкнуў, пераляканая Марыля, адначасова жагнаючыся й зацiскаючы сабе рот, каб не закрычаць гэтак жа дзiка, падалася назад, а сам Грысь ледзь ня бразнуў паяльную лямпу на падлогу.
— Ажыў, падла! — вычавiў скрозь зубы Чаравячка, гасячы лямпу. — От, паскуда! Ну й чым яго цяпер?..
— Вой, Грысю!..
— Што Грысю? Што Грысю?.. — паўтарыў раззлавана сьледам за ёю Грысь, i невядома было, на каго ён болей злуецца: на вепрука цi на жонку.
— Неяк бы канчаў ты зь iм, га?..
— Ну й як я табе зь iм кончу? Можа, скажаш яшчэ назад, туды, дзе быў, зацягнуць? Цi за хатаю закапаць?
— Вой, ня ведаю…
— Тады схадзi сама да Андрэя, скажы, што мы ў яго кабанчыка сьпёрлi!
— Ай! — адмахнулася ад яго Марыля.
— Вось табе й „ай“! Вечна вы, бабы, з лухтой сваёй!..
На гэты раз ня вытрымала ўжо жанчына:
— То ты так?! Ты бач на яго, баба ў яго вiнаватая!.. Можа, гэта я цябе падгаворвала сьвiньню гэтую сюды валакчы?! Цi, можа, я вiнаватая, што ты, дундук пасiвелы, яго вяроўкаю засiлiць схацеў?!
Чаравячка раскрыў быў рот, каб хутка абрэзаць жонку, але якраз у гэты момант Магамай заварушыўся зноў. „Калi ён зараз ачомаецца, — маланкава пранеслася ў Грысевай чарапушцы, — дык…“ Што магло адбыцца сьледам за гэтым самым „дык“ — у ягоных мазгах дакладнага адказу не прагучала, бо вока наштурхнулася на нешта такое, што адразу зьмянiла гэты пачатак панiчных развагаў. Грысь раптам убачыў тое, чым ён заб’е Магамая ўжо напэўна.
У тым жа кутку, пад тым жа пылам, з-пад якога ён хвiлю таму выдзер паяльную лямпу, ляжала перавернутая дагары лапкамi даўно згарэлая электрычная плiтка. Аднак сама плiтка зараз была яму без патрэбы. Яму трэба было толькi адно — электрычны шнурок. I Грысь, наступiўшы адною нагою на плiтку, схапiўся за шнур ды iрвануў на сябе. Стары шнурок трымаўся ня надта. Таму ў наступны момант Грыська ўжо склаў яго надвое, паддзеў зьнiзу тым самым нажом, якi прынесла Марылька, пакуль ён распальваў лямпу, агалiў з двух бакоў расшкамутаныя на нiткi канцы дроту. I, пакуль жонка канчальна ўцямiла, што да чаго, ён борзьдзенька падскочыў да разэткi ды ўваткнуў туды гэтыя самыя два дроцiкi. Яшчэ баржджэй Грысь уваткнуў супрацьлеглыя канцы ў дзьве наздрыны магамайскага лычу, не забываючы, аднак, з асьцярогаю трымацца за iзаляцыю. Вепручок рэзка торгнуўся, нават бздануў, i ў той жа мiг засьмярдзела паленым мясам па-жывому.
— Ты што?! — вярэснула цiха Марыля.
— Што?!
— Кiнь дрот, кажу!
— А то што?..
— Кiнь! — зноў паўтарыла Марыська, але не падыходзiла да Грыся й блiзка.
— Ага, зараз!
— Заб’ешся, дурнiска iдыёцкае!..
— Вой, не мянцi! Мо ж, не заб’юся.
— Пэўне, скажаш, што дротам гэным сьвiнчо зьмярцьвiш?
— А то! — Грысь насьцярожана агледзеў кабанчыка. Той болей ня бзьдзеў i не варушыўся. — Гатовы!..
Але толькi апошняе слова зьляцела з вуснаў Чаравячкi, як Магамай пачаў хоць i цiха, аднак агiдна, працягла, роспачна, проста-такi па-сьвiнску адчайна павiскваць.
— Ах ты, падла! — пераможнiцкi аптымiзм хутка стлеў у нязьведнай цемры душы Чаравячкi. — Бач ты — жывое, сьмярдзюшэнства паскуднае!..
Тут Грысь стаў нешта тлумна прыпамiнаць са сваiх ужо недасяжна далёкiх урокаў фiзыкi. А менавiта прымроiлася яму, што нiбыта ў вадзе напруга электратоку ўзрастае, таму й маланкавы разрад у залеву такi небясьпечны…
— Вядро давай!
— Якое вядро?
— Рабое! Во, што на калодцы стаiць, з вадою!
I не пасьпела Чаравячыха, у якой да гэтага часу быў зусiм задураны голаў, ухапiцца за дзюралевае вядро, як Грысь вырашыў дакладна паўтарыць сваю электразабойчую апэрацыю, але ўжо з гiдраўдасканаленьнем.
— Давай, сюды паднось! — тупнуў ён нагою побач з самуськiм Магамаем. Марыля паднесла. — Стаўляй усутыч! — Марыля паставiла. А паколькi два канцы дроту па-ранейшаму былi ўтыркнутыя ў разэтку, дык Грысю толькi й заставалася, што ўмакнуць канцы, побач зь якiмi ён трымаўся за iзаляцыю, у ваду ды адначасна дакрануцца iмi да рэбраў Магамая. Але на гэты раз ён не ўлiчыў аднаго: што ягоная Марыська не пасьпее адвесьцi руку ад вядзернае дужкi. Марылю ўрэзала токам так, што гаротная жанчына адразу пераламiлася напалам. Твар стаў чорны, язык прыкiпеў да паднябеньня; ёй падалося, што рукi адарвала цi выкруцiла за плечы.
Перапужаўся й сам Грысь: машонка сьцялася, на патылiцы валасы заварушылiся самi сабою.
— Марылечка! Ты жывая? — нейкiм чужынскiм голасам вычавiў ён зь сябе.
— Й-а-а… Я-а… Ты што? Ты што, вылюдак роду ты чалавечага?.. — хапалася шарахнутая токам Марыля за сэрца так, нiбы хацелася яго вырваць ды выкiнуць прэч.
— Марыля!.. — зноў равануў Чаравячка, i ў гэты момант у двары пачулiся нечыя прыцiшаныя галасы…
* * *
Недзе за паўгадзiны да таго, як Марылю працяла навылёт электратокам, сусед Чаравячкаў, зажытны Андрэй Шупейка, нечакана прачнуўся ў сваiм ложку ад занадта ўжо гучнастрэльнага ляскату грому. Ён трохi паляжаў, раз-пораз ловячы вачыма блiскавiцы за вакном ды думаючы, як моцна сьпiць перад пачаткам навальнiцы ягоная, усё болей яму чужая жонка Верка. Потым Шупейку падумалася, што няблага было б выйсьцi на двор. I ня толькi да ветру, а на ўсялякi выпадак праверыць сваю гаспадарку. I хоць Андрэю ня надта хацелася выпроствацца з-пад коўдры ды адрываць сваё ўпацелае цела ад гарачага жаночага боку, аднак перакат грымотаў прымусiў Шупейку ўсё ж падняцца.
Ужо на ганку яму адразу зрабiлася неяк трывожна. Яшчэ не разумеючы, адкуль i што ўзялося, ён, нават забыўшы справiць сваю малую патрэбу, адразу пашыбаваў да таго самага хлеўчука, дзе кватаравалi ягоныя ўкормныя два кабанчыкi.
Першае слова, якое зьляцела з вуснаў Андрэя Шупейкi, як толькi ён сюды ўвайшоў, было далёка не лагодным. Другое было такiм жа.
— Ну, лярвы! — ня мог нiяк супакоiцца Андрэй. Спачатку ён увогуле падумаў, што нечая зладзейская рука мала таго, што зьвяла аднаго вепручка прэч, дык другога проста прыкончыла на месцы ды так тут i кiнула. Ён са шкадобаю нахiлiўся над нерухомым кабанчыкам. Сьлядоў гвалтоўнай сьмерцi, аднак, нiдзе не знайшоў. Тады ён прыслухаўся, прынюхаўся ды агледзеўся больш уважлiва.
Кабанчык дыхаў. Але ледзь-ледзь, таму як спаў проста мёртва. I, на зьдзiўленьне, несла ад яго брагавiтым духам.
Шупейка ўважлiва стаў вывучаць месца вакол загароджы. Ягоныя пiльныя пошукi хутка прынесьлi свой плён. Рэдкiя невялiкiя плямы, якiя вельмi нагадвалi барвовыя плямы крывi, вялi ад загарадкi да парожку i далей — уздоўж усiх хлеўчукоў-пунечак да падворку галотнага Чаравячкi…
I Шупейка, доўга не разважаючы, кiнуўся ў хату да тэлефону.
— Алё, слухаю! — адказалi яму амаль адразу на тым канцы дрота.
На зьдзiўленьне Шупейкi, участковы мiлiцыянт Мiкiта Стралкоўскi ня спаў. Хоць ужо павяртала на другую палову ночы, ён са сваiм памочнiкам Вiктарам Малюком займаўся тым, чым i наканавана займацца ў такi позьнi час нашым беззаганным службiстам парадку. А менавiта — яны пiлi горкую. Трэба сказаць, што гэтай самай горкай да трэцяе гадзiны ранiцы яны выпiлi столькi, што ўжо ставiлi па чарзе селядзец вэртыкальна на хвост i пад пiсталетам прымушалi яго як мага хутчэй трымацца, зьбiралiся выходзiць на вулку палiць з табэльнае зброi па пустых пляшках, а потым хацелi ехаць да вядомае местачковае шалавы Манi Сiкiрыцкай рабiць мiлiцэйскi „шрубалёт“ з Манькаю пасярэдзiне… I толькi рэзкi тэлефонны званок, якi разрэзаў прастору прадымленае ўшчэнт дзяжуркi, спынiў усе iхнiя высакародныя намеры.
— Ало! — зноў равануў у слухаўку старшына Стралкоўскi. — Участковы Стралкоўскi слухае!..
— Гэта я, Андрэй Шупейка, — адказаў усхваляваны Шупейка. — Вы прабачце, што так позна… Але, здаецца, у мяне былi злодзеi.
— Якiя злодзеi? — няўцямна перапытаў Стралкоўскi, нiбы пачуў скрозь слухаўку аб нечаканым вiзыце Папы Рымскага.
— Ня ведаю. Але скралi Магамая…
— Якога Магамая?! — яшчэ болей зьнiякавеў участковы мiлiцыянт, зусiм адурэлы ад выпiтае гарэлкi.
— Прабачце, вепручка. Гэта мянушка…
— Чыя мянушка?!
— Я ж кажу, вепручка. — Андрэй, наколькi мог, стараўся не губляць раўнавагi. Па першых рэплiках Стралкоўскага ён з жалем зразумеў, што мiлiцыянты п’яныя ў дупель. Але й ён сам налiваў iм сёньня надвячоркам, калi яны заехалi да яго пацiкавiцца, цi няма якiх-небудзь лiшнiх праблемаў. I во табе — праблемы зьявiлiся.
— Якога вепручка?.. — усё сыпаў дурнымi пытаньнямi Стралкоўскi.
— Ды майго, майго!
— I што зь iм?
— Нехта зьвёў з хлява! Напаiўшы абодвух, як мне здаецца па паху, бражкаю.
Стралкоўскi няўцямна ўпароў вочы ў слухаўку. Памаўчаўшы, зноў паднёс яе да вуха:
— А ты што, праз слухаўку бачыш i пах можаш пачуць?
На гэты раз ужо ўзламаў бровы Шупейка. Яны там у сваёй мiлiцыi ўжо зусiм мазгi сабе адпiлi, цi што?..
— Ды кабанчыкаў маiх бражкаю напаiлi, кабанчыкаў! I аднаго зьвялi.
— Куды?!
— А я ведаю! Вывелi з хлява й павялi!.. Але ёсьць сьляды.
— Сьляды?
— Так. Кроў.
Пачуўшы пра кроў, Стралкоўскi жэстам паказаў Малюку неадкладна зноў налiць. Малюк налiў. Старшына хлабяснуў поўную шклянку.
— А ты таго… не выдумляеш?
— Ды якое выдумляю?
— Ну, мала чаго. Можа, прысьнiў чаго цi з бабаю… не таго…
I без таго засмучаны ўшчэнт Шупейка, пачуўшы пра бабу, раззлаваўся не на жарт:
— Слухай, Стралкоўскi, ты прыедзеш да мяне цi не? Тут кроў, кроў, разумееш ты гэта, даўбень? Навальнiца ж пачынаецца. Зараз змые к чорту мацеры ўсё!..
Стралкоўскi, вiдавочна пакрыўджаны на Шупейку за „доўбанага мiлiцыянта“, проста зароў у слухаўку:
— Нiчога там не чапаць! Неадкладна выяжджаем. Чакай!
— Што такое, Мiкiта? — перапытаў сяржант Малюк у Стралкоўскага, убачыўшы, як у таго вочы налiваюцца проста бурачыньнем.
— А х… хрэн яго ведае! Магчыма, забойства. — Стралкоўскi спрабаваў запхнуць пiсталет у кабур, аднак ён, гадзючына, нiяк не хацеў туды ўлазiць.
— Ц-ю-у!.. — сьвiстануў Малюк. А потым нечакана скрушна вырачыўся на Мiкiту: — Дык, значыць, да Манькi не паедзем?..
— Да якой Манькi?
— Сiкiрыцкай.
— Да якой Манькi?! — роў Стралкоўскi. — Зьбiрайся! Да Шупейкi выяжджаем. Кабана ў яго скралi.
— Дык што: i забойства, i крадзёж?
— Там разьбяромся! — рыпнуў зубамi Стралкоўскi. I, наколькi магла дазваляць яму камплекцыя, паспрабаваў даволi жвава выбегчы зь дзяжуркi да машыны, аднак урэзаўся плечуком аб вушак ды дакладна бразнуўся б на падлогу, каб ня верны памочнiк Малюк, якi аддана падхапiў сытага ды п’янога начальнiка пад белыя ручкi.
Празь якую хвiлiну матор мiлiцэйскага легкавiка зароў, i машына пад хвацкiм кiроўствам сяржанта Малюка крывой куляю паперла ад дзяжурнае часьцi да гасподы Шупейкi.
А яшчэ празь якiх хвiлiнаў пятнаццаць перапуджаныя Чаравячкi пачулi ў сваiм двары прыцiшаныя галасы. Вялiкiя непрыемнасьцi ўжо стаялi на iхнiм парозе.
Грысь хутка пазбавiўся здранцьвеньня. Яшчэ толкам не ўсьведамляючы, што ж такое рабiць. Чаравячка падхапiў Магамая, калi можна так сказаць, пад пахi й павалок у бакавушку, у якой спачывала iхняя бядовая дачка Наталка. Марыля, як заўсёды, пасунулася за iм. Галасы за вакном пачалi наблiжацца, часу на развагi не заставалася. Грысь адною рукою зьдзер коўдру з Наталкi, тая падхапiлася на локцi:
— Бацька, мацi, вы што?!
I якраз у гэты момант нехта пагрукаў у дзьверы.
Бацька ўмольна ўтаропiўся ў дачку праваламi сваiх вачэй:
— Ох, Наталка, маўчы. Маўчы й не гавары нiчога. Адкiнеш коўдру — пасадзяць!..
— Каго, каго пасадзяць? — а ўбачыўшы вепручка, проста самлела: — Каго вы сюды прывалаклi?
У дзьверы зноў пагрукалi. На гэты раз гучней.
— Бацьку, бацьку нашага пасадзяць, — зрабiўся адразу мокрым зморшчаны твар Марылi.
А Чаравячка прыклаў палец да вуснаў:
— Скрадзены ён, ясна? Тут… хай… пабудзе.
I Грысь пачаў уздымаць вепручковае цела зь яўным намерам пакласьцi яго побач з дачкою.
Тая завiшчала ўголас:
— Вы што, здурэлi? Прыбярыце яго адсюль!
— Маўчы, маўчы дачушка. Ты пацярпi…
— Я вам пацярплю! Прыбярыце, а то з хаты ўцяку!..
— Наталка, дачушачка, няма куды хаваць, — як магла, угаворвала яе Марыля. — Бацьку пашкадуй… Бо пасадзяць, дурня сiвога! Хай пабудзе. Потым забяром.
— Крычаць буду! — выказала нежартоўную пагрозу Наталка.
Але тут у дзьверы ўжо загрукалi проста шалёна. I Наталка, якая ўжо шырока раскрыла рот, адразу яго прыкрыла, так i не пасьпеўшы крыкнуць. Скарыстаўшыся гэтай замiнкаю, бацька ўвалiў-такi ёй у ложак нерухомае сьвiнячае цела, i пляхнуў зьверху на iх абаiх шырокую коўдру якраз тады, калi Наталка яшчэ нешта прамычала, аднак, пачуўшы зацятае матчына „Мiлiцыя!…“, спалохана зьнерухомела.
— Чаго доўга не адчыняеце, вашу маць! — злосьць так i перла са шлунак Стралкоўскага.
— Ды спалi мы, спалi, — наганяла на сябе, наколькi магла, сонны выгляд, Марылька. — Цi мала хто грукае. I пярун грукае…
— Я табе пакажу пярун! — мiлiцыянцкi чын скiраваў сваё пуза на пераляканую жанчыну. — Ну, дзе схавалi?
— Каго?
— Каго, начальнiк? — перапытаў сьледам за жонкаю Грысь.
— Самi далжны знаць! — адрэзаў Стралкоўскi. А ягоны памочнiк Малюк пацьвердзiў:
— Бо ня першы год замужам, я так палагаю?..
— Ды замужам, замужам, — пагадзiлася Марылька.
— Ты адказвай па форме, калi цябе пытаюць, а не дуры галавы! — адрэзаў Малюк. — Сыгнал паступiў. — Ён рыгнуў. — Мы правяраем. — I пахiснуўся. — Дзе схавалi?
— Ды каго, каго? — абсьлюмачаны ражок хусьцiнкi зноў нырнуў у Марыльчын рот.
— А то ня ведаеце, — сьледам за Малюком адрыгнулася й Стралкоўскаму. Ён паспрабаваў узьняць палец высока ўгару, але толькi й здолеў, што ўтрымаць яго на ўзроўнi пуза. — Сьляды! Да вас прывялi, вашу маць!..
— Вой, ня лайцеся, вой, ня лайцеся, — зачасьцiла жанчына. — Ня знаем мы нiчога й ня ведаем. Якiя сьляды? Куды прывялi?..
— Ну!.. — запытаў-пацьвердзiў жончыны сумненьнi Грысь.
— Ты ня „нукай“, а хату паказвай! I падворак!.. — адрэзаў на гэта Стралкоўскi.
— Ды глядзiце, раз трэба, — зьмiрыўся зь непазьбежнасьцю Чаравячка.
I ўчастковы з памочнiкам пачалi глядзець.
А паколькiя самагонныя пары яшчэ трывала ўладарылi iхнiмi целамi i мазгамi, дык шмон атрымлiваўся ў iх нейкi бесталковы. Мiлiцыянтаў адчувальна хiстала. Перад вачыма ўсё плыло. Малюк „зь мясам“ абарваў некалькi шафак на кухнi, пакуль правяраў iхняе зьмесьцiва, не на жарт думаючы, што Чаравячкi да гэтай пары ўжо поўнасьцю разабралi вепручка ды схавалi яго па частках абы-куды. Бiўся посуд, зьвiнелi пустыя вёдры, ляцелi мацюганы. Трымцела Марылька, як нiчога нiякага тулiўся ў куточку Грысь.
— А там што? — паказаў Стралкоўскi на бакавушку й рашуча скiраваўся да яе, ледзь не перакулiўшыся праз бразнутае на падлогу вядро.
— А, там!… — раптам запабег яму наперад Грыська. — Дачка там. Сьпiць яна.
— А мы гэта зараз праверым! — рашуча адстаранiў Грыся Стралкоўскi ды шырока расхрыстаў дзьверы.
I трэба было ж такому здарыцца, што дакладна ў той момант, калi мiлiцыянцкi бот улупiў у дзьверы, хмялюга раптоўна пачала выветрывацца са сьвiнскай душы Магамая. Ён, спачатку, праўда, нягучна, зарохкаў ды зьлёгку заварушыўся пад коўдраю. Наталка хацела закрычаць, ускочыць i кiнуцца прэч, куды глядзяць вочы. Але раптам, зусiм недарэчы, у суцэльнай цемры пад коўдраю перад вачыма пачало зiркацець пагрознае слова „Саўдзельнiца! Саўдзельнiца!…“, i яна, глыбока ўбiўшыся зубамi ў сваю руку, вырашыла пакуль маўчаць, наколькi будзе хапаць ейных дзявочых сiлаў. Невыносна сьмярдзела хлявом, жывым сьвiнствам, перабрадзiлаю брагаю. Другою рукою Наталка моцна сьцiскала Магамаю лыч, каб ён, скацiна, не завiшчаў на ўсю моц. Ясная рэч, гэта яму зусiм не спадабалася. I тады ён пачаў тузацца больш адчувальна. Не магла ўлежаць на адным месцы й Наталка, вымушаная тузацца ў тахт рухам працьверазелага вепручка.
Здавалася, налiтыя волавам вочы Стралкоўскага назаўсёды прыкiпелi да гэтай сцэны. Побач муляўся Чаравячка. У дзьвярах стаяў Малюк, спрабуючы празь iхнiя сьпiны годна ацанiць абстаноўку.
— Дык кажаш, сьпiць?… — прахрыпеў участковы.
— Ну… — як мог, цягнуў час Чаравячка. — Яна не адна.
— А хто зь ёю?!
— Жанiх прыехаў. Зяць, значыць…
— Якi зяць? То ж няма ў вас нiякага зяця!…
— Ужо ёсьць. Надвячоркам прыехаў, i ўжо жанiх?
— Што, надвячоркам прыехаў i ўжо жанiх?
— Ну… Ён раней быў. А тут прыехаў… Надвячоркам.
— Ох, Чаравячка, цямнiш!
Вепручок пад коўдраю нечакана часта-часта задрыгаў лапкаю. Наталка ледзь утрымала коўдру, каб тая не зьляцела прэч.
— Якое цямню? — стаў проста мёртвы Грысь. — Бачыце, як… разышлiся. I ня чуюць нават… Як хочаце, то правярайце. Але ня раю.
— Чаму гэта? — вырачыўся Стралкоўскi. Ён ужо гатоў быў сам садраць коўдру ды глянуць проста ў нахабныя вочы гэтаму самаму жанiшку.
— Чорны ён.
— Як… чорны?
— Ну… Як! Як нэгр.
— Якi нэгр?
— Звычайны. Чорны. Альбэртам зваць.
— Ты, падла, гавары талкова! — замахнуўся нежартоўна на Грыся Малюк.
— Я й кажу. Кенiец ён. Дыплямат…
— Iлжэш, пэўна?
— Ды каб я ня ўстаў! — забажыўся Чаравячка. — Зь Менску самога. Як што ня так — адразу крычыць: „Я ў АОН буду жалавацца!.. На парушэньне маiх правоў чалавечых!…“
— У АОН?… — ледзь не ў адзiн голас мармытнулi мiлiцыянты. Стралкоўскi, было бачна, ужо ня так рашуча намерваўся тузануць на сябе коўдру, пад якой упарта варушылiся Магамай, а сьледам за iм i Наталка.
А Малюк, памаўчаўшы, злавесна шапатнуў:
— А дзе ж ён адорву тваю падчапiў?..
— Ды гэта ня ён, а яна яго падчапiла. Як па Менску надысь гойсала. У тэхнiкум не паступiла, ну, а гэтага, во, падчапiла, — зноў натхнёна збрахаў Чаравячка. Яму нават падалося, што небясьпечныя мiлiцыянцкiя абцугi бяруцца за яго ня так хвацка… I як толькi вепручок зноў тузануўся, што твой налiм у кашы, Грысь балюча штурхануў пад бок Марыльку: „Давай!“
— Ну, дзела маладое! Няхай адпачываюць!.. — адразу скемiла Марылька, чаго хоча ад яе Грысь. I ўжо сама лёганька ўзяла пад таўсматую ручку Стралкоўскага: — Ды хадземце ў прыбудовачку. Вы там яшчэ не глядзелi.
Цопкi нос участковага iмгненна варухнуўся ў прадчуваньнi нечага да болю знаёмага.
— У прыбудовачку?..
— Ну!.. Каб усё, значыць, абгледзелi. I супакоiлiся…
— Супакойвацца нам няма як, — адразу напусьцiў на сябе важнецкасьцi старшына. — А прыбудовачку мы праверым.
I, хоць яму так i карцела ўсё ж упароць вока пад коўдру, каб, значыць, пераканацца ў наяўнасьцi там на Наталцы цi пад ёю таго самага кенiйскага дыпляматычнага нэгроiда, аднак захавальнiцкi iнстынкт зашкробся недзе ў ягоным чэраве, i Стралкоўскi мусiў падацца далей ад бяды. А заадно павалакчы за сабою й Малюка, якi таксама нежартоўна западозрыў, што ў прыбудовачку Чаравячыха цягне iх ня проста так…
— Ну, Наталка, ну, дачушка!.. — няшчасным сьмешыкам задушыўся Грысь, як толькi бразнула клямка хаты за мiлiцыянтамi. — Век дзякаваць буду!
— А во вам вашае дзякаваньне! — доччына далонь аж прыкiпела да Грысевае шчакi, так уляпiла яна яму адмашную поўху, ускочыла з ложку, хутка памкнулася да дзьвярэй.
— Куды ты? — паспрабаваў спынiць яе спалоханы Грысь.
— Пусьцiце! — на ўсiм скаку абмiнула Наталка бацьку i коркам з-пад шампанскага выскачыла з хаты. А потым, душачыся сьлязьмi, крыўдаю, чорнаю зьнявагаю, паляцела, паляцела подбегам па начы церазь неабсяжнае жытняе поле, церазь пералесак ды балотныя чарацiны, i болей Наталку пасьля таго ў мястэчку нiхто ня бачыў.
Мiж тым у любую хвiлiну маглi вярнуцца мiлiцыянты. Туманiстасьць у галаве Грыськi ўпарта не хацела праясьняцца. Некуды тэрмiнова трэба было перахоўваць Магамая. Але куды, каб яму чорт рэбры лiчыў?!.. У хаце ўжо не было як, гэта ясна. Не павалачэш i на двор, зграбуць адразу. I тут Чаравячка ўспомнiў.
Ён успомнiў аб сваёй старой матацыклетцы. Аб той самай матацыклетцы, якую ён заводзiў у апошнi раз, мо, тады, калi яшчэ вазiў Марыльку дзеўкаю на танчыкi-шманьчыкi ў местачковы клюб, i якая даўно стаяла зламанаю ў пунечцы. „Бляха, не завядзецца!..“ — смыльнула ў галаве Чаравячкi. Але разважаць не было калi.
Ён падхапiў вепручка, як ужо некалькi разоў хапаў яго за гэтую праклятую ноч, i павалок. Павалок проста нахабна й адкрыта з хаты праз двор да пунечкi, молячы Бога й Марыльку сваю, каб яна затрымала ў прыбудове мiлiцыянтаў, як магла падолей. Вецер раптоўна сьцiх, i першыя буйныя кроплi ўпалi на зямлю й халоднай вiльгацьцю — на Грысеў твар. Яму пашчасьцiла: з прыбудовы неслася гучнае гергетаньне Стралкоўскага й прыцiшаны хрып Малюка, для якiх Марылька не пашкадавала апошнi непрыкапаны трохлiтровiк.
Матацыклетка стаяла там, дзе калiсьцi кiнуў яе Грысь: у кутку пад сенам, са спушчанымi коламi, з напалову разабраным рухавiком i завэзганай гноем люлькаю. „Не завядзецца, бляха!“ — зноў здраднiцкай пстрычкаю стрэлiла думка. Надрываючыся ад кiлы, Грысь увалок у каляску Магамая, так-сяк пачаў яго прыстойна ўсаджваць, нават нацягнуў моташлем, якi, на дзiва, быў прышпiлены да задняга сядала. Кабанчык, аднак, сядзець не хацеў. Ён, амаль што ацьверазеўшы, штосьцi парохкваў ды наравiў выскачыць прэч.
— Сядзi, курва! — улiмонiў кулаком яму ў лыч Грысь i ледзь сам не зароў ад болю: у кулаку нешта падазрона храснула, i каб сам Грысь у цемры мог нешта разгледзець, дык пабачыў бы, што скура на руцэ адразу счарнела. Магамай квiкнуў, аднак на нейкi момант сьцiшыўся. На дзiва, нешта блiснула каля сьвiнячага азадку ў люльцы. Начны зладзюган-бедачына хапянуў гэтае блiшчастае. Гэта была пакрытая шматгадовым пылам пляшка зь нейкай вадкасьцю. „Самагонка!“ — вокамiг скемiў Грысь. Анi не разважаючы, ён выдзер зубамi корак i глыкнуў з бутэлькi столькi, колькi здолеў за адзiн раз. У пляшцы, аднак, была не самагонка.
„Тваю маць!.. Бэнзыны насёрбаўся!“ — аж здурэў Чаравячка. Спрабуючы сплюнуць хоць трохi, ён адначасна ўрэзаў нагою па завадной лапцы, i… матацыклетка завялася, узраўла, затрашчала! Ужо ня ведаючы, што ён творыць, Чаравячка ўскочыў на сядала й вывернуў да канца газавую рукавятку.
Як толькi матацыклетка выбiла дзьверы з пунечкi й вылецела на двор, ёй насустрач кiнулiся зь пiсталетамi мiлiцыянты, вiдаць, пачуўшы яшчэ ў прыбудове ейнае мэталёва-скрыготнае ляскадрыньства.
— Стой! Куды?.. — ужо ня бачыў белага сьвету Стралкоўскi, якому з кожнаю хвiляю ўсё цяжэй было перамяшчаць у прасторы сваё напiтае чэрава. Здавалася, ён вось-вось завалiцца сам у якую пуню на сена цi, на горшы выпадак, у салому, каб захрапсьцi там на суткi цi болей…
— Як, куды? — Грысь ледзь не пераехаў хромавыя боты Малюка. — Ня бачыце — кума дахаты вязу.
У чарапку ўчастковага, а заадно й ягонага памочнiка рабiлася нешта страшэннае. Дакладней, там толькi драбабохала лядашчая матацыклетка, а болей… Ну, хiба яшчэ мiльгацелi нейкiя нэгроiды, скрадзеныя дыплёмы цi дыпляматы, местачковая поп-зорка Маня Сiкiрыцкая, селядцы з чакалядамi, неабсяжнае мора самагонкi, у якiм плавалi жывыя iндыкi ды смажаная парасяцiна, ладна ўхвошчаная цыбуляю, кропам ды хрэнам… Яны спрабавалi добра ўгледзецца ў твар Грысевага кума, але бачылi толькi нейкае зарослае шчэцьцем мурло.
— Штосьцi ён у цябе… да чалавека не падобны, — зрок глыбакадумна Малюк.
— Дык вочы гарэлкай залiў. Сьвiньня!.. — злосна дыхнуў бэнзынавымi парамi Чаравячка на непахiсных службоўцаў. I, не чакаючы болей, пакуль яны ад гэткага дурнавенства так-сяк абмыляюцца-прадыхнуцца, урэзаў па газах.
— Стой! Стой! Страляць буду!.. Спынi мацыклетку, сволач!.. — адразу некалькi сухiх пiсталетных стрэлаў ярка смыльнулi за сьпiнаю матацыклетчыка.
Выбегла з прыбудовы на стрэлы Марылька й адразу звалiлася, апусьцiлася ў непрытомнасьцi ў гразь каля хаты…
Але выперла матацыклетка з двара. I паперла, паперла яна вулiцаю, а потым ужо шашою, звозячы ў невядомае Грышку разам са скрадзеным гадаванчыкам Магамаем.
Навальнiца раскашавала ва ўсю. Пярун бiў нежартоўна. Грысь нiчога ня бачыў, але ўпарта выкручваў газ. I толькi сьцяна вады злучала неба зь зямлёю — справа, зьлева, паўсюль. Кабанчык квiчэў, тузаўся, лупiў капыточкам, куды толькi траплялася. I ўсё ж, падлюган, сядзеў, глядзеў паперад сябе ў ноч. Не раўнуючы, бы той пан мiнiстар, якога вязуць на прыём у ангельскую амбасаду.
Раптам дакладна над матацыклеткаю вырвалася з чорнага воблака расшкуматанаю зьмяёю маланка, i сьмяротнаю немiнучасьцю дакладна i трапна пацэлiла ў голаў Грыся.
Але Грысь не памёр адразу.
Ён успыхнуў, бы тая паходня, запалаў рознакаляровым полымем, у якiм было ўсё: i падсмаленая поўсьць, i первачына, i чалавечы тлушч, i нафтапрадукты, ды, выдыхаючы апошняе паветра з грудзей, мёртвай хваткаю ўчапiўся ў руль матацыклеткi.
I ляцела яна з прабiтымi коламi па шашы скрозь навальнiчную ноч, i разрываў залеву палаючы нерухомы вершнiк, i ў страшэнным вiскаце заходзiўся ў люльцы нi ў чым ня вiнны вепручок, якому шлем зьехаў на самы лыч, назаўжды перакрываючы вольны подых…
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk
|