славянсkая ідэя |
Славянская Еўропа |
Большасць нашых людзей аб славянах ведае хiба з курсу гiсторыi савецкай школы, дый тое ў многiх выветрылася з галавы. Справа ўскладняецца i тым, што ў наш час на карце Еўропы з’явiўся шэраг новых славянскiх краiнаў, што нават прыводзiць да блытанiны. Паводле найбольш распаўсюджанай тэорыi, да VI ст. н.э. славяне жылi на абмежаванай тэрыторыi на поўнач i паўночны ўсход ад Карпатаў. Гэта тая частка агульнай радзiмы балтаў i славян, якая была захоплена скiфамi памiж 1000 i 500 г. да н.э. Са сваёй тэрыторыi славянскiя плямёны сталi рассяляцца ў розных кiрунках. Там, куды яны прыходзiлi, звычайна ўжо жылi iншыя народы. У вынiку змешвання i ўзаемадзеяння iх моваў i культураў з’явiлiся асобныя славянскiя народы, адрозненнi памiж якiмi былi ў многiм абумоўленыя папярэднiкамi славянаў у гэтых месцах. Часта здаралася, што славянскiя прышэльцы былi даволi нешматлiкiя, але з розных прычынаў славянская мова шырока распаўсюджвалася спачатку ў гарадах i iх ваколiцах, а пасля i на больш значнай тэрыторыi.
|
Македонцы Найчасцей пры назве „Македонiя“ прыгадваюць Аляксандра Македонскага, хаця ён жыў гадоў за тысячу да таго, як продкi славянаў-македонцаў у VI—VII стст. н. э. прыйшлi на Балканы, дзе ўжо жылi грэкi i iлiрыйцы. Моваю тутэйшых славян кiравалiся жыхары горада Салонiкi Кiрыла (памёр у 860 г.) i Мятод (памёр у 855 г.), распрацоўваючы славянскi алфавiт. Лiчыцца, што Кiрыла стварыў глаголiцу, а каля 900 г. на базе грэцкага пiсьма ўзнiкла кiрылiца. Ад старамакедонскай мовы паходзiць царкоўнаславянская мова, якая выкарыстоўваецца ў якасцi лiтургiчнай у праваслаўнай царкве ў славянскiх краiнах. На гэта часта спасылаюцца балгары, каб даказаць, што iх культура сягае ў даўнiну, бо на той час тэрыторыя Македонii ўваходзiла ў Балгарскае царства. У канцы ХII стагоддзя пачалася экспансiя Сербii на македонскiя землi, а неўзабаве Македонiя была захопленая Атаманскай iмперыяй, у складзе якой заставалася больш за пяць стагоддзяў. У вынiку Балканскiх войнаў у 1912—1913 гг. Македонiя была вызваленая ад турэцкага панавання i раздзеленая памiж Грэцыяй, Сербiяй i Балгарыяй. Часткi называлiся адпаведна Эгейская, Вардарская i Пiрынская. У мiжваеннай Югаславii Македонiю называлi Паўднёвай Сербiяй. Рэакцыяй на гэта было адчуванне македонцамi сваёй адметнасцi i блiзкасцi да балгараў. У 1941 г. Македонiю занялi балгарскiя войскi, што ваявалi ў саюзе з Германiяй i Iталiяй. Акупацыйны рэжым пераследаваў праявы нацыянальнай адметнасцi, што, у сваю чаргу, дапамагло македонцам адчуць сваю адрознасць ад балгараў. У пасляваеннай Югаславii была створаная Македонская рэспублiка, развiлася ўнармаваная македонская мова. У Балгарыi шмат гадоў назва Македонiя была забароненая, i ўсе размовы пра самабытнасць македонцаў трактавалiся як антыбалгарская iнтрыга. Пасля распаду Югаславii Македонiя (Вардарская) атрымала незалежнасць. Тым часам Грэцыя заявiла, што прызнае Македонiю толькi тады, калi яна возьме iншую назву, бо лiчыць, што назва антычнай дзяржавы Македонii належыць выключна да грэцкай спадчыны.
|
Балгары У другой палове VI ст. племя булгараў цюркскага паходжання пад кiраўнiцтвам хана Аспаруха перасялiлася на тэрыторыю Балканскага паўвострава. Булгары заключылi саюз са славянамi, i Аспарух стаў галоўным князем у тым саюзе. Адбываецца змешванне славян i булгараў, у вынiку чаго славяне прымаюць назву булгараў, а булгары — славянскую мову. Так з’явiлiся продкi сучасных балгараў. У пачатку IХ ст. Балгарыя была ўжо буйной дзяржавай. Цар Сiмяон I далучыў Македонiю i Сербiю, аднак Сербiя аддзялiлася ў 930 г. У 1256 г. Балгарыя сама трапляе ў залежнасць ад Сербii. У 1396 г. гэтыя вобласцi захапiла Асманская iмперыя. 500-гадовае турэцкае панаванне скончылася ў вынiку расійска-турэцкай вайны 1877—1878 гг. Былi нават планы далучэння Балгарыi да Расеi ў якасцi Задунайскай губернi. Вiдаць, помнячы аб гэтым, у абедзвюх сусветных войнах Балгарыя ваявала на баку працiўнiкаў Расеi.
Сербы i харваты Першая харвацкая дзяржава сфармавалася на мяжы VIII—IX стст. на тэрыторыi, якая атрымала назву Далмацiнская Харватыя — уздоўж пабярэжжа Адрыятычнага мора. Культура сярэднявечнай Далматыi зазнала вялiкi ўплыў заходнееўрапейскiх краiн, з якiмi падтрымлiвалi гандлёвыя сувязi далмацiнскiя гарады. У пачатку ХIII ст. Харватыя страцiла незалежнасць, падпаўшы пад уладу Венгрыi. Сербскiя плямёны стварылi свае дзяржаўныя аб’яднаннi ў VIII—IХ стст. Сербскiя княствы ўтварылiся таксама i на тэрыторыi сучасных Чарнагорыi i Герцэговiны. У пачатку ХI ст. сербскiя абшары падпалi пад уладу Вiзантыi. У 80-х гадах ХII ст. Стэфан Неманя адмовiўся падпарадкавацца Вiзантыi i стаў на чале аб’яднаных сербскiх плямёнаў. Яшчэ з Х ст. сербы належалi да грэцкай праваслаўнай царквы. У ХIII ст. у Боснii i Герцэговiне склалася самастойная хрысцiянская царква: яна спавядала вучэнне багамiлаў, якое Вiзантыя лiчыла ерэтычным. Царква гэтая праiснавала да сярэдзiны XV ст., да турэцкага заваявання, а пасля многiя баснякi-багамiлы прынялi мусульманства. У 1389 г. адбылася бiтва на Косавым полi, у якой сербы i баснiйцы бiлiся з туркамi. Большая частка сербаў i баснiйцаў загiнула, i Сербiя трапiла ў залежнасць ад Турцыi. У 1690 г. вялiкая колькасць сербаў вымушаная была пакiнуць родныя мясцiны, перш за ўсё Косаўскi край, i шукаць ратунку ў Ваяводзiне, якая тады належала Габсбургскай iмперыi. Горная вобласць Чарнагорыя яшчэ ў канцы ХVIII — пач. XIX ст. вызвалiлася ад турэцкага панавання i стала княствам, а затым незалежным каралеўствам. У 1850 г. у Вене прадстаўнiкi сербаў i харватаў падпiсалi пагадненне аб стварэннi адзiнай сербска-харвацкай лiтаратурнай мовы. Сёння гэта адна мова, якой карыстаюцца сербы i харваты. Сербы выкарыстоўваюць кiрылiчны алфавiт, а харваты — лацiнiчны. У 1918 г. у вынiку распаду Аўстра-Венгерскай iмперыi ўтварылася самастойнае каралеўства Сербii, Харватыi i Славенii (з 1929 г. — Каралеўства Югаславiя). Кiраўнiчыя колы Сербii мелi тэорыю „iнтэгральнага паўднёваславянства“, якая прадугледжвала злiццё нацыяў i культураў у новую этнiчную злучнасць. Пасля другой сусветнай вайны была створаная Югаслаўская федэрацыя, у якой мовы ўсiх народаў Югаславii прызнавалiся раўнапраўнымi i сталi афiцыйна ўжывацца ў адпаведных рэспублiках. Пасля распаду саюзнай дзяржавы Югаславiя ўключае ў сябе Сербiю i Чарнагорыю. Чарнагорыя вядзе падрыхтоўку да стварэння незалежнай дзяржавы.
Славенцы Славенская мова стаiць блiжэй да паўднёва-заходняй групы славянскiх моваў, у якую ўваходзяць чэшская i славацкая мовы. Славенцы аселi на сваёй тэрыторыi ў канцы VI ст. У 626 г. славенскiя плямёны ўвайшлi ў заходнеславянскае палiтычнае аб’яднанне на чале з князем Само. Пасля распаду гэтай дзяржавы славенцы стварылi ў Карынцii, на тэрыторыi свайго рассялення, самастойнае княства. У час нашэсця авараў яны папрасiлi апякунства ў баварскага караля. У 788 г. славенцы апынулiся пад уладай франкаў i ўвайшлi ў склад iмперыi Карла Вялiкага. У 1282 г. тэрыторыя Славенii стала належаць да Аўстра-Венгерскай iмперыi i была ў яе складзе аж да 1918 г.
Чэхi i славакi Ратуючыся ад нашэсця авараў у канцы VI ст., славяне прасунулiся на Захад, дасягнуўшы Багемii. Багемiя — даўняя назва Чэхii — верагодна, паходзiць ад назвы кельцкага племенi бояў, якiя насялялi Багемiю да славянаў. Сучасная Чэхiя ўключае ў сябе Багемiю (уласна Чэхію) i Маравiю. Калi Вiзантыя разграмiла авараў, военачальнiк славянаў Само заснаваў дзяржаву з цэнтрам у Багемii. У 869 г. на аснове Маравii князь Святаполк стварае Вялiкую Маравiю, куды былi ўключаныя таксама Багемiя i заходняя Славакiя. Гэты князь спыняе дзейнасць балгарскай хрысцiянскай мiсii, а ў 885 г. наагул выганяе паўднёваславянскiх царкоўнiкаў i аднаўляе даўнейшую паганскую рэлiгiю. Канец Вялiкай Маравii прыйшоў каля 907 г. у вынiку нападу мадзяраў (вуграў). Пасля падзення Вялiкай Маравii Багемiя дасталася нямецкаму каралю Генрыху I. Маравiю захапiлi палякi, а цераз сто гадоў яе заваявала Багемiя. Славакi з 1037 да 1918 г. знаходзiлiся ў сферы венгерскага ўплыву. У сувязi з турэцкай пагрозай Славакiя разам з Венгрыяй у XVII ст. далучылася да Габсбургскай iмперыi. Карл Маркс у 1848 г. казаў, што чэхi як нацыя вымруць, i Чэхiя бачыцца яму ў будучынi толькi як частка германскiх земляў. Тым не менш у 1918 г. была створаная незалежная Чэхаславакiя, а ў 30-х гадах Чэхаславакiя была адным з вядучых прамысловых вытворцаў свету. У 1992 г. яна раздзялiлася на дзве незалежныя дзяржавы — Чэхiю i Славакiю.
Палякi Польская дзяржава спачатку ўяўляла сабой саюз некалькiх плямёнаў у басейне Вiслы. Першым польскiм князем быў Мешка з роду Пястаў. Ён кіраваў у 960—992 гг. як князь Велiкапольшчы, Сiлезii, Мазовii, Куявii. Ягоны сын Балеслаў I (992—1025) падпарадкаваў сабе Малапольшчу з Кракавам i Памор’е. У 1025 г. ён прыняў тытул караля. У 1386 г. польскiм каралём быў выбраны лiтоўскi князь Ягайла, якi пад iмем Уладзiслава II амаль 50 год быў польскiм каралём. З таго ж году ўступiла ў дзеянне Крэўская унiя памiж Польскiм каралеўствам i Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм, якая дазволiла аб’яднаць сiлы супраць Тэўтонскага ордэну. У канцы XVIII ст. Польская дзяржава перастала iснаваць у вынiку трох падзелаў памiж Расеяй, Прусiяй i Аўстрыяй. Аднавiла сваю дзяржаўнасць пасля першай сусветнай вайны.
Малыя славянскiя народы На поўднi Польшчы, у раёне Катавiцаў, а таксама ў раёне Цешына ў Чэхii, жывуць слёнзакі (сілезцы), яны ўяўляюць сабой этнас, памежны памiж чэхамi i палякамi. Гуралi — жыхары гор у польскай частцы Бяшчадаў, iх мова стаiць памiж польскай i славацкай. Да паўночна-заходнiх моваў, акрамя польскай, належыць кашубская мова ў паўночна-заходняй Польшчы, што некалi ўваходзiла ў Заходнюю Прусiю. Мовы слёнзакаў, кашубаў i гураляў часцей разглядаюцца не як асобныя мовы, а як дыялекты польскай. Лужыцкiя сербы (лужычане) жывуць у Германii ў ваколiцах гарадоў Котбус i Баўцэн (Будышын), у землях Саксонiя i Брандэнбург. Iх мову можна разглядаць як пераходную памiж польскай i чэшскай. Яшчэ ў Х—ХII стст. былi вядомыя славянскiя дзяржаўныя ўтварэннi, што iснавалi на берагах Эльбы. Пазней яны трапiлi ў залежнасць ад нямецкiх дзяржаваў i знiклi, а таксама знiкла i палабская мова, якая была распаўсюджаная на поўначы цяперашняй Германii. Цiкавае нацыянальнае ўтварэнне русiны — невялiкi народ, частка якога мiгравала з Карпатаў на Балканы ў XVIII ст. (тады i Балканы, i Карпаты былi ў межах адной дзяржавы — Аўстра-Венгрыi). Фактычна гэта змяшанае або пераходнае ўкраiнска-славацкае насельнiцтва асобных карпацкiх вёсак. Русiны лiчаць сябе i сваю мову абсалютна самастойнымi. Частка з русiнаў лiчыць сябе этнiчнай групай украiнцаў, а iншыя сцвярджаюць, што яны — „рускiя“.
Славяне на ўсходзе Калi, напрыклад, гуцулы — самы вялiкi па колькасцi карпацкi субэтнас украiнцаў — прызнаюць сваю прыналежнасць да ўкраiнскага народу, то бойкi i лэмкi не толькi нiколi не прызнаюць сваёй „украiнскасцi“, але i не скажуць свайго саманазову незнаёмаму чалавеку. Пасля другой сусветнай вайны большасць бойкаў i лэмкаў, што жылi ў межах Польшчы, былi гвалтоўна выселеныя польскiмi ўладамi са сваiх родных месцаў. Заходняя частка сучаснай Украiны ўваходзiла ў рэгiён першапачатковага рассялення славянаў. Рассяляючыся на ўсход, славяне асiмiлявалi плямёны рознага паходжання, што насялялi стэпы i лесастэпы, як, напрыклад, полаўцаў i iнш. Ад тых плямёнаў засталiся вядомыя шаравары i казацкая прычоска „асяледзец“. Вiдаць, такое ж паходжанне мелi i даўнейшыя казакi на поўднi Расеi. У летапiсах, якiя пiсалiся звычайна праваслаўнымi манахамi, полаўцы звалiся „паганымi“. Але навукоўцы схiляюцца да думкi, што полаўцы спавядалi хрысцiянства, але не ў вiзантыйскiм, а ў нестарыянскiм варыянце, чым i было выклiкана варожае стаўленне да iх летапiсцаў. У Х ст. была створана Кiеўская дзяржава. Кiеўскiя князi часта бралi сабе за жонак палаўчанак. Яны ваявалi са сваiмi стэпавымi суседзямi, але, урэшце, не больш, чым з суседнiмi славянскiмi князямi-сваякамi. А вось у 1067 г. адбылася бiтва войскаў полацкага князя Ўсяслава Чарадзея i паўднёвых князёў Яраславiчаў. Быў разбураны Менск, i паведамленне аб гэтым лiчыцца першым упамiнаннем аб Менску ў летапiсах. Так што ў 1997 годзе мы фактычна святкавалi не 930-годдзе заснавання Менску, а юбiлей яго разбурэння. Хрысцiянства ў Кiеў было завезенае з Вiзантыi ў 988 г. У 1239 г. Кiеўскае княства было заваяванае татара-манголамi, потым з’яўлялася ўладаннем Вялiкага Княства Лiтоўскага. У 1569 г. ВКЛ саступiла Украiну Польскай кароне. У 1654 г. Левабярэжная Украiна далучана да Маскоўскай дзяржавы. Другая частка Украiны адыходзiць да Масквы пасля падзелаў Рэчы Паспалiтай. Заходняя Украiна, украiнскi П’емонт — толькi ў 1944 годзе. Стабiльную сучасную дзяржаўнасць Украiна займела ў 1991 годзе. У VII—VIII стст. н.э. славяне прыйшлi на тэрыторыю сучаснай Беларусi, якая была заселеная балцкiмi плямёнамi, роднаснымi продкам сучасных латышоў i лiтоўцаў. Па звестках антраполагаў, асноўная частка насельнiцтва Беларусi захоўвае пераемнасць на працягу 1500—2000 гадоў, з чаго можна зрабiць выснову, што змянiлася толькi мова. Ад балтаў засталiся заўважныя сляды ў беларускай мове, назвы рэк i мясцiнаў, прозвiшчы людзей, многiя элементы традыцыйнай культуры. Астраўкi балцкага насельнiцтва заставалiся яшчэ да пачатку ХХ ст. З X ст. вядомае Полацкае княства. У 1230 годзе ўтварылася Вялiкае Княства Лiтоўскае, у 1918 годзе была дэклараваная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублiкi. На паўночным усходзе свайго рассялення, у Окска-Волжскiм мiжрэччы, славяне асiмiлявалi шматлiкiя вугра-фiнскiя плямёны: меру, мураму, мяшчэру, эрзянь i iнш. Так, некаторыя навукоўцы лiчаць, што назва горада Уладзiмiр паходзiць ад назвы аднаго з падпарадкаваных плямёнаў (Влади-Мерь). У вынiку з’явiлiся продкi сучаснага расейскага народу. Звычайна iх славянiзацыя пачыналася з прыняццём хрысцiянства, таму ў сучаснай расейскай мове вялiкi ўплыў мовы царкоўнаславянскай. У сярэдзiне ХIII ст. гэтыя землi былi падпарадкаваныя манголамi. Маскоўскiя князi пачалi падпарадкоўваць сабе iншыя паўночна-ўсходнiя землi, маючы на гэта дазвол ад мангола-татараў. Гэты працэс працягваўся i пасля таго, як у XV cт. Масква перастала плацiць данiну татарам. Як пiсаў Н. Трубяцкой, прадстаўнiк эмiгранцкай гiстарычнай школы еўразiйцаў, папулярнай цяпер у Расеi: „Расейскi цар стаў спадкаемцам мангольскага хана... Адбылося абрусенне i абправаслаўленне татаршчыны, i маскоўскi цар аказаўся носьбiтам гэтай новай формы татарскай дзяржаўнасцi“. Доўгi час пасля падзення Вiзантыi Маскоўская дзяржава была адзiным у свеце праваслаўным гаспадарствам, што прывяло да асаблiвай месiянiстычнасцi i iзаляцыянiзму свядомасцi расейцаў. Iншымi фактарамi фармавання расейскай нацыi сталi геаграфiчнае становiшча дзяржавы — адкрытасць у Азiю i амаль неабмежаваныя магчымасцi для тэрытарыяльнай экспансii.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail
рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |