Logo ARCHE

 Панславізм у 1(6)-2000     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 1(6)-2000

славянсkая ідэя


Ян Станкевiч
Маскальшчына i Эўропа


Ян Станкевiч (1891-1976) — цэнтральная постаць беларускага нацыяналiзму XX стагодзьдзя, мовазнаўца, гiсторык, тэарэтык нацыянальна-вызвольнага змаганьня, аўтар першага поўнага перакладу Сьвятога Пiсьма на беларускую мову. Зьмешчаны нiжэй тэкст быў упершыню выдрукаваны на старонках рэдагаванага Вацлавам Ластоўскiм ковенскага часопiса „Крывiч" (№ 4 за 1923 год) пад псэўданiмам Брачыслаў Скарынiч. Тэкст публiкуецца з захаваньнем шэрагу моўных асаблiвасьцяў аўтара.

“Нямецкая iнтэлiгентная моладзь, кажа В.Ф., мае новую моду: знайшла Дастаеўскага, глытае яго творы i захоплюецца iм. Гэта шырыцца там як пошасьць, так што нямецкiя мысьлiцелi пачынаюць зварочаць увагу, пiсаць шмат аб гэтым.

Дастаеўскага ў Нямеччыне лiчаць тыповым Маскалём, а яго погляды тыпова маскальскiмi. Гэныя погляды розьняцца гэтак ярка ад поглядаў заходняга Эўропэйца а Немца ў асобнасьцi, што твораць праўдзiвую iх працiлежнасьць; нямецкiя мысьлiцелi бачаць у iх „погляд Усходу“, якi стаiць рэзка процi „поглядаў Заходу“ i пытаюцца, цi не зьяўляецца зацiкаўленьне нямецкай моладзi Дастаеўскiм знакам, што ўсходнi погляд пачынае праходзiць у Эўропу i выцясьняць там дагэтулешнiя погляды Заходу. Яны пытаюцца, цi з гэтае зьмены поглядаў трэба цешыцца, цi, наадварот, змагацца зь ёю?


У гэтым кiрунку Немцы ад нас асталiся: мы, чэская iнтэлiгенцыя, знайшлi Дастаеўскага i яго лiтаратурных маскальскiх сяброў на цэлае пакаленьне раней. Мы глыталi гэныя кнiгi ўжо ў дзевяцьдзясятых гадох, перад трыццацьма гадамi. Таксама на нас рабiлi яны глыбокi ўплыў. Як Славяне, мы былi духова блiжэйшымi маскальскiм пiсьменьнiкам, мы былi мяккiя, як яны; дзеля гэтага нас iхняя навука гэтак ня дзiвiла, як цяпер дзiвiць цьвярдых Немцаў. Iм гэта нешта зусiм новае, аб чым не маглi й падумаць. Нам ня было новым, бо ў нашай душы Ўсход заўсёды ходаўся з Заходам, а дзеля гэтага мы заўсёды былi толькi напалавiну заходнiкамi.

У чым жа асноўная розьнiца, якой немагчыма пагадзiць памiж жыцьцёвымi поглядамi Заходу i Ўсходу?

На Заходзе адрозьнююць дабро ад зла законам. Людзi заходняга сьвету маюць iнстынктыўнае пачуцьцё меры i ўдзержуюць свае пачуваньнi ў азначаных межах; людзi Дастаеўскага ня маюць пачуцьця гэтае меры i сваiх пачуваньняў i запальчывасьцяў (страсьцяў) ня ўстрымлiваюць. Эўропейская культура паважае жыцьцё на гэтым сьвеце i стараецца, каб яно было гарманiчнае. Яна пераканана, што чалавек мае й мусiць мець гэтулькi духовае сiлы, каб усьцерагчыся праступку, што чалавек павiнен i мусiць умець сабе загадаць, што павiнен i можа сам сабою аваладаць. Гэткае думаньне заходняга сьвету ёсьць арыстакратычнае. Яго iдэалам ёсьць чалавек удасканальнены духоўна й фiзычна. Эўропа думала гэтак спрадвеку; пераняла гэты погляд на жыцьцё ад антычных Грэкаў i захавала сабе яго дагэтуль.

Наадварот, людзi Дастаеўскага (i iншых маскальскiх пiсьменьнiкаў) адрозьнююць добро ад зла не законам, але толькi пачуцьцём, дык iм шмат з таго, што мы лiчым благiм, не здаецца благiм.


Асобы маскальскiх раманаў ня маюць пачуцьця меры, ня стрымлююць сваiх пачуцьцяў i запальчывасьцяў, але яны бязудзержныя i ня стыдаюцца гэтага, наадварот, хваляцца гэтым. Жыцьцё на гэтым сьвеце Маскалю быццам недарагое. У маскальскiх раманах блiзу што ня знойдзеце памiж iнтэлiгентамi чалавека гарманiчнага. Маскалi задаюць сабе страшное пытаньне, якi апошнi сэнс мае тутэйшае жыцьцё i цi мае наагул якi сэнс? Некаторыя адказуюць, што яно сэнсу зусiм ня мае, здаецца iм залiшняй наша маральнасьць, наша дысцыплiна, наша самапасьвята — хадзiла-б, значыцца, толькi аб тое, каб найбалей на гэтым сьвеце „ўжыць“. Iншыя правяць, што мэтаю жыцьця мае быць Бог, але iх Бог такi надлюдзкi, такi накшы ад хараства й сiлы гэтага жыцьця, такi iншы, чымся чалавек, што да яго чалавек i даступiцца ня можа; а з гэтага становiшча немагчыма наагул якоесь гарманiчнае людзкое жыцьцё. Людзi Дастаеўскага (i рэшты), ня маючы за што пэўнае прыдзержыцца, няпэўныя, хiсьлявыя, несупакойныя, бываюць жэртвамi цёмных iнстынктаў, не патрапяць сабе загадаць. „Чалавек ня ёсьць гаспадаром сваiх iнстынктаў“ — гэта найакуратнейшае перакананьне Дастаеўскага (i рэшты). Чалавекам валадае або Бог, або чорт i нельга працiвiцца злу.

А гэта найгрунтаўнейшы духоўны разьдзел памiж Заходам i Ўсходам.

Сьвет Дастаеўскага (i iншых Маскалёў) ня мае нiякае самасьвядомасьцi заходняга чалавека. „Я чалавек i нiчога людзкога не адракаюся!“ — „Мы ўсе грэшнiкi!“ Вось вучэньне Дастаеўскага. З гэтага становiшча нiякае розьнiцы няма памiж людзьмi найнягоднейшымi i найдабрароднейшымi. Усе роўныя.

Усходнi чалавек пакорны, бо ня можа змагацца сам з сабою; заходнi горды, бо змагаўся сам з сабою i ў змаганьнi перамог.

Мы, Чэхi, перад вайною хiнулiся да думкi, што правiльнейшы i вышэйшы погляд маскальскi, усходнi, мы былi такiя кволыя, што ледь самі сябе не пыталiся, цi ня ёсьць быцьцё нашага малога народу толькi перашкодаю ў разьвiцьцi народу вялiкага й магутнага, памiж якога нас доля паставiла.

Цяпер, аднак, мы вылечылiся ад гэтае ўсходняе хваробы.

А калi кажа хто, што маскальскi погляд — гэта погляд маладога народу, якi з часам сусiм возьме верх над поглядам састарэлага заходняга сьвету, здаецца нам, што гэта погляд абмылковы. Цi ня гэты маскальскi фаталiзм баржджэй будзе пераняты з далёкага Арыенту, якога культура шмат, шмат старэйшая, чымся нашая?


Толькi стары чалавек збываецца энэргii, сашчапляе рукi, робiцца фаталiстам.

Але чалавеку маладому й дужому карцiць гэтая абломаўская нядзейнасьць, гэта неабарона ад зла. Чалавек малады верыць, што яго воля дужэйшая за ўсё iншае, а сваёй энэргiяй руплiва адкiдае перашкоды на шляху да сваёй мэты. Дык цi не заходняя Эўропа маладзейшая, чымся ўсходняя Маскальшчына? Цi не баржджэй Маскальшчына патрабуе адраджэньня ад Эўропы, а не наадварот? Цi не патрэбна, каб арыентальную апатыю там адмянiла сьвежая, радасная, маладая энэргiя Заходу?

Каторы погляд возьме верх сярод белых на зямлi: погляд заходнi цi ўсходнi? Некаторыя кажуць, што быццам гэта будзе ўсходнi.

Заход ад гэтага баронiцца, Заход яшчэ ня хоча стацца другiм Кiтаем, а мы, Чэхi, нягледзячы на тое, што па крывi належым да Славян, значыцца, да Ўсходу, прылучаемся ў гэтай справе да Заходу.

Не, ня хочам паарыентальшчыцца, ня хочам загразнуць у арыентальную летаргiю, мiстыцызм, фаталiзм. Гэта мы, навучаныя цяжкiмi дазнаньнямi, сказалi сабе зараз па вайне.

У Нямеччыне аб гэтым пытаньнi думаюць толькi цяпер. А гэта таксама адзiн з сымптомаў глыбокага змучаньня i слабасьцi, гэтага раней так гордага, а цяпер гэтак крэпка панiжанага народу.

Нельга ня згодзiцца з вывадамi В.Фастр аб поглядзе заходнiм i ўсходнiм. Аднак некаторыя пабочныя яе думкi ў гэтай стацьцi вымагаюць паправак.

Зусiм справядлiва адносiць аўтарка Маскалёў да ўсходняе культуры, але нельга гэтага рабiць з усiмi Славянамi. Славяне, як з цывiлiзацыйна-культурнага боку, так па свайму геаграфiчнаму палажэньню i блiзкай кроўнасьцi па крывi з Балтамi (Лiцьвiнамi, Латышамi й iнш.) ды, хоць далейшай раднi, з другiмi арыйскiмi народамi, адносяцца да заходу. Дзе вы знойдзеце ў Славян гэты шчыра азiяцкi мiстыцызм, што даходзiць ажно да хлыстаўства, дзе знойдзеце абшчыны (сябрыны), дзе знойдзеце непрацiўленьне злу?

Старавечныя Грэкi пачыналi Азiю на ўсход ад Дону, дзе й прырода мае азiяцкi выгляд, iншы, чымся на захад ад гэнае ракi, але нiколi не пачыналi Азii ад Дняпра цi Нёмна.

Iншая справа Маскалi: у iх ня толькi ўсходняя цывiлiзацыя з тонкiм заходнiм колерам, але, як шчыра прызнаюцца „эўразiйцы“, няма Маскаля, у жылах якога не цякла б мангольская кроў.

Асобна трэ сказаць некалькi слоў аб Украiнцах. Iхныя пiсьменьнiкi кажуць, што паўночна-заходняя земляробская Ўкраiна, з сваёй заходняй цывiлiзацыяй, перамагла паўднёва-ўсходнюю сьцепавую й замянiла яе сьцепы ў нiвы, але зь сьцяпоў погляд усходнi больш пашырыўся па Ўкраiне, чым погляд заходнi. Перавага земляробскае Ўкраiны над сьцепавой дала перамогу этнiчную ўкраiнскаму элемэнту, ад перамогi заходнiх поглядаў над сьцепавымi, усходнiмi, украiнскiя мысьлiцелi спадзяюцца перамогi ўкраiнскае нацыянальна-палiтычнае iдэi i лiчаць патрэбнай працу дзеля дапяцьця гэтае перамогi заходнiх поглядаў у Ўкраiне.

Што В.Фастр так лёгка залiчыла Славян да Ўсходу, можна выясьнiць прывычкаю бачыць у Маскалёх „славянскiх старшых братоў“ i гэткiм парадкам асаблiвасьцi маскальскiя перанасiць на ўсiх Славян, бо iнакш нарушылася б жаданая славянская суцэльнасьць. Калi маскальскi погляд мог шырыцца ў Чэхаў, калi ён можа шырыцца ў Беларусаў, дык гэтаму прычына тая ж, чаму ён цяпер шырыцца i ў Немцаў, прычына, як кажа В.Ф., у зьнямозе i слабасьцi. Тут аналёгiя чыста бiялёгiчнага закону: да слабога чалавека лёгка прыстаюць усялякiя хваробы. Палiтычныя ж сымпатыi Чэхаў да Маскальшчыны рабiлi тое, што маскальскiя погляды не здавалiся iм такiмi дзiўнымi й прыкрымi, якiмi яны здаюцца хоць бы Немцам. Словы В.Ф., што Чэхi памiж Немцаў i Маскалёў, я разумею ў значэньнi культурных уплываў, бо геаграфiчна — памiж Чэхiяй i Маскальшчынай ляжыць Украiна.

Трэба такжа адцемiць, што Дастаеўскi быў не Маскаль, але абмаскалены Беларус, якога i бацькi, пэўне, былi абмаскаленыя. Як абмаскалены, Дастаеўскi, мог выказываць у сваiх творах чыста маскальскiя погляды, тым балей, што ён дасканальна знаў маскальскае жыцьцё. Але нам апрача гэтага здаецца, што ў творах Дастаеўскага маюцца i элемэнты заходнiя, беларускiя. Якраз гэтыя беларускiя, заходнiя элемэнты й зьяўляюцца тым мостам, па якiм творы Дастаеўскага робяцца даступнымi заходняму чытачу. Ведама, гэтаму памагае яшчэ генiяльнасьць Дастаеўскага як псыхолёга i мастака слова.

 
Пад гэткiм назовам чэская пiсьменьнiца Волька Фастр надрукавала стацьцю ў № 230 Narodni politiky. Дзеля таго што ў стацьцi разглядаецца вельмi цiкаўнае i Беларусам пытаньне, падаём яе цэлую ў перакладзе.

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Панславізм у ARCHE 1(6)-2000 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 18-03-2000

TopList