слоўніk паняцьцяў |
Дэніэл Голдгаген
|
Частка ІІІ “Я хачу гэтым сказаць, што я зусім ня думаў аб тым, што гэтыя загады могуць быць няправільнымі. Праўда, я ведаю, што да задачаў паліцыі належыць абарона нявінных, але ж тады я быў перакананы, што жыды не бязьвінныя, а вінаватыя. Я верыў прапагандзе, што ўсе жыды — злачынцы і недачалавекі, і што яны — прычына заняпаду Нямеччыны пасьля першай сусьветнай вайны. Вось жа ў мяне не было нават думкі супраціўляцца ці ўнікаць загаду на ўдзел у зьнішчэньні жыдоў. Я выконваў гэтыя загады, бо яны зыходзілі ад найвышэйшага кіраўніцтва дзяржавы, а зусім не таму, што баяўся”. Курт Мёбіус, былы жаўнер паліцыйнага батальёну, што выконваў службу ў Хелмна, Разьдзел 6 Паліцыйныя батальёны: У ажыцьцяўленьні Галакосту паліцыя парадку (Ordnungspolizei) адыгрывала гэтаксама істотную ролю, як карныя групы (Einsatzgruppen) ды СС1. Да паліцыі парадку належалі і ахоўная паліцыя ўлучна з паліцыйнымі батальёнамі, і жандармэрыя; аднак паліцыйныя батальёны ў якасьці найбольш мабільнага й надзвычай гнуткага ў выкарыстаньні аддзелу паліцыі парадку былі наймацней уцягнутыя ў ажыцьцяўленьне Галакосту. Характар гэтых частак і зьдзейсьненыя імі злачынствы яскрава асьвятляюць некаторыя важныя аспэкты Галакосту. ...Тут ідзецца перадусім пра тры галоўныя прыкметы паліцыйных батальёнаў: 1. Значную частку складу гэтых адзінак станавілі зусім звычайныя немцы, якіх не абіралі паводле вайсковай ці ідэалягічнай прыдатнасьці. Часьцяком на службу ў гэтых аддзелах мужчынаў набіралі зусім выпадковым чынам; у батальёны часам бралі нават непрыдатных рэкрутаў і ніяк адмыслова не правяралі. 2. Апынуўшыся ў паліцыйных батальёнах, гэтыя мужчыны, ад якіх не выпадала надта шмат чакаць у ваенным дачыненьні, вучыліся зброі, вайсковай тактыцы і асновам кіраваньня, аднак якасьць асьветы была ніжэйшая за сярэдні ровень. Ідэалягічная апрацоўка й выхаваньне былі да сьмешнага павярхоўнымі і неэфэктыўнымі. 3. Паліцыйныя батальёны не былі “нацыянал–сацыялістычнай” арганізацыяй ва ўласным сэнсе слова. Яны былі ня больш ідэалягізаванымі, чымся нямецкае насельніцтва ўвогуле, і таму рэпрэзэнтатыўнымі для нацыфікаванага грамадзтва. На пачатку вайны ў паліцыі парадку служыла 131 000 чалавек, улучна з афіцэрамі2, у пачатку 1943 г. асабовы склад станавіў ужо 310 000, у ліку якіх было 132 000 рэзэрвістаў (42%)3. Гэта была немалая і даволі значная сілавая структура. З пашырэньнем асабовага складу і ўзмацненьнем кантролю над акупаванымі тэрыторыямі, населенымі прадстаўнікамі “непаўнавартасных расаў”, у батальёнаў зьявіліся новыя задачы: змаганьне з партызанамі, перасяленьне мясцовага насельніцітва і вынішчэньне цывільных жыхароў, то бок найперш і пераважна жыдоў. Таму паліцыю парадку 1942 году ўжо нельга параўноўваць з даваеннай паліцыяй. Хоць яе арганізацыйная структура збольшага засталася нязьменнай, колькасьць байцоў ад 1938 году павялічылася ў чатыры разы. З прафэсійнай паліцыі, якая першапачатна была адносна дэцэнтралізаванай — паліцыянты базаваліся пераважна побач родных мясьцінаў — цяпер яна вырасла ў структуру, якая абдымала ўсе акупаваныя тэрыторыі і мела на мэце падтрыманьне каляніяльнай улады над Эўропай. Жаўнеры ж ейныя, ня маючы спэцыяльнай паліцыйнай адукацыі, кантактавалі з варожымі народамі, кожны зь якіх гаварыў на сваёй мове, жыў паводле сваіх звычаяў ды спадзяваньняў. У паліцыйных і рэзэрвовых паліцыйных батальёнах служыла вялікая колькасьць немцаў4. Гэтыя адзінкі складаліся ў сярэднім з шасьцісот чалавек і выконвалі шмат задачаў як у Нямеччыне, так і на акупаваных тэрыторыях. Напачатку ў кожнай частцы было па чатыры роты й штаб, на чале якога стаяў капітан ці маёр. Пазьней колькасьць ротаў зьменшылі да трох. Кожная рота падзялялася на тры зьвязы, якія ў сваю чаргу складаліся з дружынаў па 10–15 чалавек. Першапачатна яны мелі выконваць функцыі звычайнай рэгулярнай паліцыі, накшталт рэгуляваньня руху й аховы будынкаў, што і пачалі рабіць яшчэ ў 1939 годзе; яны ўдзельнічалі таксама ў перасяленьнях жыхарства акупаваных абшараў, прыкладам у 1940 у Польшчы5. Паводле дамовы з вэрмахтам яны павінны былі таксама ў разе патрэбы ўдзельнічаць у ваенных апэрацыях і змагацца з партызанамі ў тыле. Так, паліцыйныя батальёны бралі ўдзел у нападзе на Польшчу ў 1939, у вайне супраць Францыі ў 1940, пасьля ў нападзе на Савецкі Саюз. Калі не лічыць удзелу ў баях, яны выконвалі цалкам звычайныя задачы паліцыянтаў на акупаваных тэрыторыях пад час вайны. На звычайны паліцыйны аддзел не ўскладалі вялікіх спадзяваньняў, таму й выбарам людзей асабліва не займаліся, і ўзбройвалі лёгка, і вучылі часта абы–як. Ніводная справаздача, ніводнае выказваньне ці загад ня сьведчаць аб тым, быццам у 1939 праводзілася якая–колечы падрыхтоўка паліцыйных батальёнаў да ўдзелу ў генацыдзе. Людзей для паліцыйных батальёнаў рэкрутавалі й навучалі хутчэй бязладна. Гэта адпавядала нізкаму статусу паліцыі парадку ў нямецкіх сілах бясьпекі і збройных сілах, — стан, які прыводзіў таксама да трывалых кадравых праблемаў пад час вайны6. Паводле ацэнак самой паліцыі парадку, у лістападзе 1941 ёй неставала амаль 100 000 чалавек (яе агульная колькасьць на той час складала менш за 300 000) і тэрмінова патрабаваліся дадатковыя 43 0007. Каб задаволіць свае кадравыя патрэбы8, паліцыя парадку мусіла прымаць у свае шэрагі мужчынаў, якія, уласна кажучы, былі непрыдатныя да паліцыйнай ці вайсковай службы, пры гэтым бралі нават тых, хто пераступіў мяжу нармальнага прызыўнога веку ці не адпавядаў неабходным фізычным патрабаваньням для паліцыйнай службы. Тлумачыліся такія кампрамісы “цяперашнім цяжкім кадравым становішчам у паліцыі парадку”9. Дык ня дзіва, што паліцыя парадку мабілізоўвала апошнія рэзэрвы. 83–ці паліцыйны батальён у сваёй сядзібе, верхнешлёнскім горадзе Гляйвіцы нават рэкрутаваўшы ўсіх мужчынаў да апошняга, ня здолеў укамплектаваць адну са сваіх адзінак10. Нацыстоўскі рэжым не рабіў ніякіх спробаў укамплектаваць паліцыю парадку здаровымі, здольнымі ці асабліва адданымі нацыянал–сацыялістам мужчынамі. Апроч таго, вывучка гэтых людзей таксама сьведчыла, што кіраўніцтва ад іх шмат не чакала. Мужчыны, прызваныя ў паліцыю парадку, сапраўды былі далёка не супэрмэнамі. Большасьць зь іх ніколі не праходзіла ніякай вайсковай падрыхтоўкі. Яны былі ўжо немаладыя, у сваіх сем’ях — старэйшыя, у грамадзтве яны ўжо займалі пэўныя прафэсійныя пазыцыі, і таму імі было цяжэй кіраваць, чымся маладымі мужчынамі. Нездарма ваенныя і палітычныя арганізацыі больш любяць набіраць сабе маладых, бо тысячагадовы досьвед даводзіць, што з маладога матэрыялу прасьцей ляпіць патрэбную форму і што яны нашмат хутчэй прасякаюцца мэтамі й мэтадамі вайсковай арганізацыі. Таму паліцыя парадку, дарма што ейныя апэратыўныя задачы былі нескладанымі, сутыкалася зь істотнымі праблемамі што да шкаленьня рэкрутаў. Сытуацыю дадаткова ўскладніла нястача часу, бо людзі патрабаваліся тэрмінова. ... У часе навучаньня ідэалягічнаму шкаленьню зазвычай прысьвячалі толькі дзьве гадзіны на тыдзень. Пры гэтым штотыдзень з пытаньняў, закладзеных у сьветапоглядны рамкавы плян, разглядалася новае, у тым ліку шмат стандартных нацыянал–сацыялістычных тэмаў — Вэрсальская мірная дамова, думкі пра кроў і помсту, ідэалёгія фюрэра — але часу, каб дайсьці да глыбіняў, неставала11. Павярхоўнае ідэалягічнае выхаваньне хіба што знаёміла навабранцаў са сьветапогляднымі падвалінамі нацыянал–сацыялізму, але наўрад ці магло справіць большы эфэкт, чымся колькі прамоваў Гітлера — а іх гэтыя людзі, безумоўна, ужо чулі. Тымі тыднямі інтэнсіўнага й стомнага навучаньня колькі гадзінаў такіх палітінфармацыяў былі хутчэй адпачынкам, чымся дзейснымі індактрынацыйнымі захадамі12. Падчас вайны ідэалягічнае шкаленьне мусіла працягвацца, і штодзень, штотыдзень і штомесяц для гэтага прадугледжваліся гадзіны. ... Штотыдзень трэ было абмяркоўваць партыйную працу і выхаваньне характару, раз на месяц — спэцыяльную, вызначаную ўстановай Гімлера тэму, пераважна якое–небудзь актуальнае пытаньне сьветапогляднага характару. Усё гэта сьпярша можа падштурхнуць да высновы пра грунтоўны ідэалягічны ўплыў на жаўнераў, адылі — нават калі інструкцыі выконваліся дасканала — на штотыднёвыя заняткі заставалася зусім мала часу, так што ўзьдзеяньне на людзей было абмежаваным. Штодзённыя палітінфармацыі мелі на мэце проста паведамляць й растлумачваць навіны, якія зводзіліся пераважна да франтавых зводак. Апроч таго, усе гэтыя заняткі праводзіліся пэдагагічна некампэтэнтнымі афіцэрамі саміх паліцыйных батальёнаў, а не спэцыяльна падрыхтаванымі інструктарамі. Палітінфармацыя, найважнейшы інструмэнт сталай ідэалягічнай індактрынацыі, мела доўжыцца ня больш за 30–45 хвілінаў; пры гэтым трэ было апускаць усё, “што магло б падарваць іх баявы дух”13. ... |
Паліцыя парадку не была, такімчынам, нацыстоўскай, прасякнутай ідэямі рэжыму. Афіцэры паводле тагачасных нямецкіх мерак не былі надта нацыфікаванымі, а шараговы склад — яшчэ менш. Рэжым ня надта намагаўся запоўніць яе шэрагі перакананымі нацыянал–сацыялістамі. На “адданасьць партыі” зважалі толькі пры прасоўваньні па службе афіцэраў, але ў будзённай службе сьветапогляды амаль не ігралі ролі14. Паліцыя ня спраўджвала ідэалягічных поглядаў навабранцаў; мінімальная ідэалягічная апрацоўка наўрад ці магла істотна ўзмацніць нацыстоўская настроі або, тым больш, пераканаць тых, хто вагаўся. У параўнаньні з штодзённай ідэалягічнай індактрынацыяй нямецкага насельніцтва, індактрынацыя паліцыйных батальёнаў была нават слабейшая. Паліцыя парадку, такім чынам, не складалася ані з ахвочых да вайны жаўнераў, ані з нацыянал–сацыялістычных звышчалавекаў; у ёй не гадавалі выканаўцаў генацыду. І тым ня менш, менавіта гэтым часткам нацыстоўскі рэжым неўзабаве даручыў карныя акцыі і пераканаўся, што звычайныя немцы, не атрымаўшы ў якасьці ідэалягічнай зброі нічога, апроч пашыраных у Нямеччыне культурных уяўленьняў, лёгка зрабіліся падручнымі генацыду. Нашыя веды пра дзеяньні паліцыйных батальёнаў пад час вайны адрывістыя й аднабаковыя. Тым ня менш, нельга абысьці ўвагай чыннасьць паліцыйных батальёнаў на акупаваных абшарах15. Адміністратыўна яны падначальваліся Вышэйшаму Фюрэру СС і Паліцыі (ВФССП) таго рэгіёну, дзе яны апэравалі. ВФССП быў адказны за ўсе сілы СС, паліцыі й бясьпекі, якія дзейнічалі ў межах ягонай акругі16. Загады на карныя апэрацыі амаль заўсёды перадаваліся ў вуснай форме — у асабістых размовах ці праз тэлефон. У залежнасьці ад кшталту “акцыі” і ад таго, якія шчэ інстытуцыі бралі ў ёй удзел, афіцэры й шараговы склад паліцыйных батальёнаў былі то больш, то менш аўтаномнымі ў выкананьні загадаў. Увогуле паліцыйны батальён праводзіў апэрацыі ўсялякага роду, калі ў сіле батальёну, калі ў сіле роты; часам задзейнічалі адно некалькі чалавек. Дзеля таго, што батальён у першую чаргу меў выконваць паліцыйныя функцыі і падтрымліваць парадак у прыдзеленай яму — часта варожай — акрузе, звычайна ён мясьціўся ў казармах у адным горадзе. Роты маглі базавацца таксама і паасобку ў розных гарадах аднаго рэгіёну. Гэтыя базы слугавалі яму зыходнымі пунктамі для вылазак у навакольле. Людзі паліцыйных батальёнаў дзеялі альбо самастойна, альбо ў зьвязку зь сіламі іншых адзінак, у тым ліку вэрмахту, з карнымі камандамі, СД, ахоўным пэрсаналам канцлягераў, жандармэрыяй і нямецкай цывільнай адміністрацыяй — карацей, ледзь не з усімі складнікамі нямецкага апарату кіраваньня й бясьпекі на акупаваных абшарах. Хоць часам паліцыйныя батальёны маглі заставацца на адным месцы доўгі час, яны ўсё–ткі, перадусім ва Ўсходняй Эўропе, заўжды былі ў руху, бо нямецкая паліцыя цярпела ад агульнай нястачы пэрсаналу. Калі недзе патрабаваліся дадатковыя сілы, туды на падмацунак дасылалі людзей якога–небудзь батальёну, што месьціўся паблізу. Пры гэтым батальёнам даручалі самыя разнастайныя заданьні; найчасьцей гэта былі функцыі, якія ня мелі нічога супольнага з генацыдам: звычайныя паліцыйныя задачы, ахова камунікацыяў і будынкаў, гэтак званае змаганьне з партызанамі. Некаторыя нават ваявалі поруч з вэрмахтам на фронце. Але менавіта гэтая паліцыя зганяла людзей для вывазу ў Нямеччыну ці ў лягеры, часьцяком у лягеры сьмерці. Менавіта гэтая паліцыя ўдзельнічала ў забойствах — часта гэта былі масавыя забойствы. Якія б даручэньні яны ня мусілі выконваць — жаўнеры паліцыйных батальёнаў усё ж мелі шмат вольнага часу. Хаця пра гэта мала што ведама, нельга ігнараваць гэты бок іхнага жыцьця. Бо калі мы хочам зразумець і іхныя злачынствы, то мусім уведаць цэлы жыцьцясьвет гэтых людзей і ня можам разглядаць іх у адрыве ад іхных сацыяльных сувязяў, бо йнакш мы замянялі б іх у карыкатуры на іх самых. Гэтыя людзі дзейнічалі не ізалявана і не былі паняволенымі. І падчас службы яны таксама хадзілі ў царкву і ў кіно, ладзілі спартовыя спаборніцтвы, радаваліся вакацыям і пісалі лісты на радзіму. Забаўляліся ў барах і шынках, пілі, танчылі, мелі палюбоўныя прыгоды і гутарылі міжсобку. Як усе іншыя людзі, яны, мусіць, разважалі аб сваім жыцьці і сваіх учынках. Як усе жаўнеры вайсковых ці паліцыйных адзінак, яны гаварылі міжсобку — у групах, у вузкім коле й адзін з адным. Пры гэтым яны, мусіць, закраналі надзённыя тэмы, гэтаксама як вайну ці іхную забойніцкую “працу”. Яны ўсьведамлялі, што іхныя ўчынкі мусілі пакінуць адбітак на той гістарычнай эпосе, на іхнай краіне й іхным жыцьці — незалежна ад таго, ці выйграюць яны вайну, ці прайграюць. Яны забівалі, ажыцьцяўляючы генацыд, і разам з тым вялі ў паліцыйных батальёнах адносна нязмушанае й часта бестурботнае жыцьцё. Удзел паліцыйных батальёнаў у маштабных карных апэрацыях у рамках генацыду пачаўся зь нямецкага ўварваньня ў Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 году. Масавыя экзэкуцыі, ужо зьдзейсьненыя некаторымі паліцыйнымі батальёнамі ў Польшчы, былі шчэ бессыстэмнымі і не зьяўляліся часткай сплянаванага генацыду. Цяпер байцамі 9–га паліцыйнага батальёну былі дапоўненыя тры з чатырох карных групаў, якія сталіся галоўным рухавіком масавага вынішчэньня жыдоў у Савецкім Саюзе. Кожнай з гэтых карных групаў была падпарадкаваная адна рота 9–га паліцыйнага батальёну, жаўнеры якой, зноў жа, прыдзяляліся да розных карных і асобых камандаў, так што ў кожнай камандзе колькасьцю ад ста да ста пяцідзесяці чалавек паліцыйны аддзел станавіў трыццаць–сорак чалавек. У сьнежні 1941 г. 9–ты паліцыйны батальён быў адведзены й заменены праз 3–ці паліцыйны батальён. Байцы абодвух батальёнаў падчас апэрацыяў падначальваліся карным групам, выконваючы амаль тыя ж задачы і ўжываючы тыя самыя мэтады, што й яны17. Карныя групы ў заваяваных савецкіх раёнах забілі больш за мільён жыдоў. На паліцыйныя батальёны, складзеныя збольшага з рэзэрвістаў, прыпадае немалая частка гэтай лічбы. Жыдоў у Савецкім Саюзе забівалі ня толькі два батальёны, прыдзеленыя карным групам. Іншыя паліцыйныя батальёны таксама забілі дзясяткі тысяч жыдоў, часткова ў супрацоўніцтве з аддзеламі карных групаў, часткова самастойна. Тры батальёны 10–га паліцыйнага палку (45–ты, 303–ці і 314–ты паліцыйныя батальёны) і 11–га паліцыйнага палку (304–ты, 315–ы і 320–ты паліцыйныя батальёны) дзеялі пад кіраўніцтвам ВФССП “Руслянд–Зюд” і ўдзельнічалі ў зьнішчэньні ўкраінскіх жыдоў18. За трыма батальёнамі паліцыйнага палку “Руслянд–Мітэ” (307–мы, 316–ты і 322–гі паліцыйныя батальёны) цягнецца шырокі крывавы сьлед па Беларусі19. |
Афіцэры й шараговы склад прынамсі адной роты 309–га батальёну яшчэ да моманту, калі яны пераступілі савецкую мяжу, ведалі, якую ролю яны павінны былі адыграць у заплянаваным вынішчэньні савецкіх жыдоў20. 27 чэрвеня 1941 г., па ўваходзе ў Беласток, які быў заняты немцамі, як і многія іншыя гарады, без барацьбы, камандзір батальёну Эрнст Вайс загадаў сваім людзям “прачасаць” жыдоўскі квартал і сагнаць усіх жыхароў мужчынскага полу. Хоць канцавой мэтай гэтай апэрацыі і было забіцьцё жыдоў, на той момант яшчэ не было ніякіх загадаў пра тое, якім чынам гэта мела адбыцца. Увесь батальён узяў удзел у аблаве, якая праводзілася з надзвычайнай лютасьцю. Немцам, што бралі ў ёй удзел, нарэшце трапілася магчымасьць накінуцца на жыдоў, абсалютна ня стрымліваючы сябе. Адзін жыд прыгадвае: “Адразу як матарызаваная частка ўвайшла ў горад, жаўнеры расьсеяліся па вуліцах і без дай–прычыны распачалі моцную страляніну, відаць, для таго каб застрашыць людзей. Страляніна была жахлівая. Стралялі ўсьляпую нават па дамах і вокнах, не зважаючы, ці там хто стаіць. Стрэлы трывалі праз увесь дзень”21. Жаўнеры батальёну ўрываліся ў кватэры людзей, якія нават не спрабавалі супраціўляцца, выцягвалі з дамоў, білі нагамі, прыкладамі стрэльбаў, расстрэльвалі. Вуліцы былі засеяныя трупамі22. Гэтыя зьверствы й забойствы, зьдзейсьненыя індывідуальна, па собскай волі, былі самавольнымі й непатрэбнымі. Дык чаму ж гэта здарылася? Самі немцы ў сваіх публікацыях пра вайну замоўчваюць гэтыя падзеі. Аднак па некаторых сьведчаньнях можна судзіць аб тым, што там адбывалася. Падчас аблавы адзін жыд, імя якога невядомае, толькі троху прачыніў свае дзьверы, каб сачыць небясьпечную сцэну, што разыгрывалася знадворку. Лейтэнант батальёну заўважыў шчыліну, скарыстаўся з нагоды і праз вузкую адтуліну застрэліў жыда23. Для выкананьня загаду яму до’ было адвесьці жыда да зборнага пункту. І ўсё–ткі ён застрэліў яго. Наўрад ці выпадае думаць, што немец адчуў згрызоты сумелньня, калі ягоная ахвяра павалілася пасьля прыцэльнага стрэлу. Іншая сцэна: некалькі жыўнераў батальёну прымушалі старых жыдоўскіх мужчын таньчыць перад сабой. Гэтае відовішча відавочны цешыла іх, у дадатак яны яшчэ й кпілі з жыдоў, абражалі іх, выстаўляючыся сваёй уладай, асабліва тады, калі абраныя ахвяры былі старэйшыя за нямецкіх мужчынаў і з гледзішча нармальных паводзінаў заслугоўвалі павагі і пашаны. На сваё няшчасьце, жыды танчылі недастаткова спрытна, і тады немцы падпалілі ім бароды24. У іншым месцы, блізка жыдоўскага кварталу, двое жыдоў у роспачы ўклякнулі перад нямецкім генэралам, просячы абароны. Адзін жаўнер 309–га паліцыйнага батальёну, які быў сьведкам гэтай просьбы, палічыў, што трэба пракамэнтаваць яе на свой лад: ён расшпіліў нагавіцы і памачыўся на людзей, што стаялі на каленях. Антысэміцкая атмасфэра й практыка, што панавалі сярод немцаў, дазволілі яму бессаромным чынам высьцяцца на вачах у генэрала, каб гэткім спосабам выказаць сваю пагарду. Ён не баяўся ніякага пакараньня за парушэньне вайсковай дысцыпліны; ані генэрал, ані хтосьці іншы не спрабавалі ўтрымаць яго ад гэтага ўчынку25. Вось, напрыклад, іншыя дэталі, якія шмат што праясьняюць: немцы абшукалі шпіталь з мэтаю зьнішчэньня жыдоў–пацыентаў. Яны былі захопленыя сваёй задачай, бо хацелі расправіцца з жыдоўскімі ворагамі, існуючымі ў іхным уяўленьні. Параненыя савецкія салдаты, узьбекі, што ляжалі ў гэтым самым шпіталі, іх не цікавілі. Яны хацелі адно жыдоўскай крыві26. Людзі 309–га паліцыйнага батальёну сабралі жыдоў на рынкавай плошчы побач з жыдоўскім кварталам. Папалудні зьявіўся нейкі афіцэр вэрмахту, які абурыўся бескантрольным забіцьцём бяззбройных цывільных і пасварыўся з капітанам, камандзірам першай роты. Гэты апошні адмовіўся падпарадкавацца загаду афіцэра й адпусьціць жыдоў, з той прычыны, што, маўляў, загад афіцэра вэрмахту ня мае моцы над ім і ягонымі людзьмі. У капітана былі свае загады, і ён меў намер выканаць іх27. Калі немцы распачалі расстрэл жыдоў на пустках28, ім падалося, што расправа цягнецца надта марудна. Тады жаўнеры батальёну сагналі жыдоў да зборных пунктаў на рынкавай плошчы і сталі расстрэльваць іх у паскораным тэмпе перад галоўнай сінагогай. Ня маючы дакладных інструкцыяў, немцы дзейнічалі з уласнай ініцыятывы. Галоўная сінагога Беластоку, найбуйнейшая ў Польшчы, была ўражальным каменным гмахам. Гэты квадратны будынак, каранаваны ўверсе купалам, узносіўся высока ўгару і быў сымбалем жыдоўскага жыцьця. Немцы натрапілі на ідэю зьнішчэньня жыдоў разам зь іхнай духоўнай і сымбалічнай радзімай, гэтая “разьвязка” сама напрасілася іхнаму ачмуранаму антысэмітызмам мысьленьню29. Спаленьне сінагогаў ужо сталася, асабліва падчас ночы пагромаў у райху, лейтматывам антысэміцкай дзейнасьці і, аднойчы прабіўшы сабе шлях, цяпер зноўку падказвала, як дзейнічаць. Ператварэньне храму Божага ў трупярню адзначыла сымбалічны пачатак кампаніі, якая мусіла скончыцца вынішчэньнем жыдоў. Жаўнеры першай і трэцяй ротаў 309–га паліцыйнага батальёну загналі свае ахвяры ў сінагогу, набіўшы вялізную сінагогу людзьмі так, што там не было вольнага месца. Перапуджаныя жыды пачалі сьпяваць рэлігійныя песьні і голасна маліцца. Тады немцы аблілі будынак бэнзынай з усіх бакоў і запалілі полымя Галакосту, кінуўшы ў вакно падрыўную шашку. Малітвы жыдоў перайшлі ў крык. Адзін з жаўнераў батальёну пазьней апісваў: “Зь сінагогі валіў дым, людзі крычалі “ратуйце”, спрабавалі выбрацца праз вокны. Па іх стралялі. Наўкола сінагогі стаялі паліцыянты, якія павіны былі пільнаваць, каб хто ня выбраўся”30. Ад ста да ста пяцідзесяці жаўнераў атачалі палаючую сінагогу, каб нікому з замкнёных жыдоў не ўдалося ўцячы з таго пекла. Яны глядзелі і чулі роспачныя крыкі больш чым сямісот чалавек, што паміралі жудаснай і пакутлівай сьмерцю. Большасьць ахвяраў складалі мужчыны, але былі таксама жанчыны і дзеці31. Некаторыя з жыдоў пераразалі сабе вены альбо вешаліся, каб хутчэй памерці. Некалькі жыдоў вырваліся зь сінагогі, ахопленыя полымем, але паліцыянты стралялі па іх і пасьля сачылі, як дагараюць іхныя целы32. Што адчувалі жаўнеры 309–га паліцыйнага батальёну, назіраючы гэтае відовішча? Адзін зь іх выгукнуў: “Хай гарыць, файны кострык, клас!” Нехта іншы сказаў: “Здорава, варта было б увесь горад так!”33. Жаўнеры гэтага паліцыйнага батальёну, многія зь якіх не былі прафэсійнымі паліцыянтамі, паступілі на гэтую службу, каб пазьбегнуць вайсковай34. Але цяпер яны раптам сталі “ідэалягічнымі байцамі”, забіўшы ў той дзень паміж 2000 і 2200 жыдоў — мужчын, жанчын і дзяцей35. Тое, як яны зганялі жыдоў, самавольныя забойствы, залітыя крывёй і пакрытыя трупамі вуліцы Беластоку — гэта сапраўды ўчынкі ідэалягічных байцоў ці, дакладней кажучы, ваяроў антысэмітызму. Яны выконвалі загад нават больш жорстка, чым патрабавалася, не гідзіліся й не марудзілі, а нават выстаўлялі на показ сваю асалоду. Маёр загадаў сагнаць усіх мужчын–жыдоў, але нібы ведаючы, што Гітлер вырак усіх савецкіх жыдоў на татальнае зьнішчэньне, жаўнеры батальёну самахоць пашырылі загад і забівалі таксама жанчын і дзяцей. Гэтыя немцы зьдзяйсьнялі наўмысныя забойствы й зьверствы, яны перавыконвалі пастаўлены ім загадамі плян. Пры гэтым яны дзеялі згодна з сэнсам больш агульнага загаду і ў адпаведнасьці з духам свайго часу. Тое, што зрабілі жаўнеры 309–га паліцыйнага батальёну, можа разглядацца як сымбалічны старт генацыду. Яны былі “звычайнымі” немцамі і калі яны супрацьстаялі “сьмяротнаму ворагу” Нямеччыны, калі ён быў цалкам у іхных руках — як тыя жыды — яны зь дзяржаўнай ухвалы пасылалі шмат сваіх ахвяраў на лютую сьмерць у агонь. 65–ы паліцыйны батальён, набраны ў Рэклінгаўзэне пераважна з рэзэрвістаў, у якасьці мабільнай часткі таксама быў ублытаны ў пачатак генацыду36. Гэтая фармацыя сьпярша выконвала службу на захадзе, 26 траўня 1941 была разьмешчаная ў Гайльзбэргу, Усходняя Прусія, які паслужыў ёй у якасьці базы для ўдзелу ў расейскай кампаніі. 22 чэрвеня батальён супольна з 285–ай дывізіяй забесьпячэньня ўвайшоў у Балтыю. Ягоная задача палягала ў тым, каб браць савецкіх акружэнцаў і забясьпечваць тылы нямецкіх аддзелаў, што рушылі наперад. 26 чэрвеня першая й другая роты батальёну раскватэраваліся ў Коўне, тымчасам як трэцяя рота затрымалася ў Шаўлях. Перад тым як прасунуцца глыбей на савецкую тэрыторыю, батальён прайшоў сваю “пробу агнём” у генацыдзе. |
Яна справіла яшчэ адну масакру ў Шаўлях. Ужо пры канцы чэрвеня 1941 паліцыянты пачалі там масавыя экзэкуцыі, ахвярамі якіх, верагодна, станавіліся таксама і жанчыны. Дэталі гэтых забойстваў да сёньняшняга дня нявысьветленыя, але асноўныя рысы ясныя40. Людзі трэцяй роты выганялі жыдоў з дамоў41, пасьля на грузавіках адвозілі ў лясы й расстрэльвалі. Ужо на гэтай пачатковай стадыі генацыду выявіўся імпульс, які пасьля стаўся правілам — хай не жалезным: вынішчэньне “сьмяротных ворагаў Нямеччыны”, дарма што яно лічылася неабходным, ажыцьцяўлялася тымі немцамі, якія хацелі ў ім удзельнічаць, як сьведчыць адзін з рэзэрвістаў: “Я яшчэ дакладна памятаю, як наш старшына С. два ці тры разы (двойчы напэўна) зьбіраў расстрэльныя каманды. Ад сябе магу сказаць, ... што каманды такога кшталту складаліся толькі (падкрэсьлена ў арыгінале — Д.Г.) з добраахвотнікаў”42. Масавыя расстрэлы з кароткай дыстанцыі былі да таго жахлівыя, што нават некаторыя добраахвотныя забойцы сьпярша адчувалі фізычную агіду. Так, кажуць, што адзін з рэзэрвістаў па вяртаньні з карнай акцыі ўзрушана сказаў: “Першы й апошні раз я ў гэтым удзельнічаў, цяпер тры дні мне кусок у рот не палезе”43. Як бы там ні рэагавалі на бойню вантробы выканаўцаў, забойствы працягваліся. Праз пару дзён па прыбыцьці трэцяй роты ў Шаўлі плякаты абвяшчалі: “Гэты горад вольны ад жыдоў!”44. Трыюмфальныя абвесткі, падобныя да гэтай, зьяўляліся шмат у якіх савецкіх гарадох па прыходзе немцаў. Улетку і ўвосень 1941 тры роты 65–га паліцыйнага батальёну бралі ўдзел у вынішчэньні жыдоў па ўсёй Балтыі; часам яны забівалі жыдоў самі, часам пакідалі гэта іншым падразьдзяленьням, а самі займаліся аблавай, аховай і транспартаваньнем ахвяраў. Пры гэтым каманды сьмерці складаліся не вылучна з добраахвотнікаў. Тым ня менш, няма сьведчаньняў, каб кагосьці прымушалі ўдзельнічаць у забойствах ці каб ужывалі сілу, каб прымусіць выконваць загады45. Прасоўваючыся ў паўночна–ўсходнім кірунку ўглыб Савецкага Саюзу, батальён забіваў у Расейняі, Пскове і шмат якіх іншых месцах, пра якія няма падрабязных зьвестак46. Адзін рэзэрвіст гэтак падсумаваў дзейнасьць батальёну ў тую восень: “Падобныя расстрэльныя акцыі паўтараліся на ўсім нашым шляху да Лугі”47. Маштабнасьць забойстваў сьцерла з памяці немцаў дэталі асобных масакраў. У верасьні 65–ы паліцыйны батальён стаў на зімовыя кватэры ў Лузе, за сто дваццаць кілямэтраў на поўдзень ад Ленінграду. На працягу чатырох месяцаў ён займаўся аховай камунікацыяў і змаганьнем з партызанамі ў Лузе й навакольлі. Ён удзельнічаў таксама ў ахове лягеру для ваеннапалонных савецкіх салдатаў. Жаўнеры батальёну ўдзельнічалі ў забойстве мужчынаў, жанчын і дзяцей жыдоў, а таксама савецкіх палонных, якіх ідэнтыфікавалі як жыдоў48. Немцы выкарыстоўвалі савецкіх палонных таксама для ўласных патрэбаў і прымушалі іх выконваць брудную працу ў майстэрнях і кухнях на сваіх кватэрах49. Ім падавалася натуральным, што жыды быццам бы прынцыпова розьняцца ад іншых савецкіх грамадзянаў, што гэта вырашальная розьніца выяўляецца ня толькі ва ўчынках ці рысах характару, а грунтуецца на іхнай “расе”, то бок папросту на тым, што ў кагосьці бацькі былі жыдамі і ў жылах цячэ жыдоўская кроў. Падчас свайго знаходжаньня ў Лузе людзі батальёну забівалі таксама жыдоў і тады, калі б маглі зьлітавацца над імі. Адзін з забойцаў нават паведамляе, што яго аднойчы паслалі ў лес сам–насам з жыдом. Пры гэтым ніхто не пільнаваў яго, і ён мог даць сваёй ахвяры ўцячы без аніякіх наступстваў, калі б ён быў супраць расісцкай зьнішчальнай вайны. Але ён застрэліў жыда50. Гэтаксама лёгка немцы маглі зрабіць выгляд, што не заўважаюць, што нехта з работнікаў — жыд. Ніхто й нішто не прымушала іх выкрываць, дзе хто жыд, на вуліцах, на кватэрах. Але яны заўважалі гэта рэгулярна. Аднаго з жыдоў жаўнеры 65–га батальёну ня проста замардавалі, але спачатку накпіліся і зганьбілі, прымушаючы танчыць з чучалам мядзьведзя, знойдзеным на кватэры. Насьмяяліся, а пасьля застрэлілі51. Простыя немцы–паліцыянты абыходзіліся з жыдамі па ўласным хаценьні: яны маглі вырашаць, забіваць жыда ці не. Для жаўнераў 65–га паліцыйнага батальёну вынішчэньне ўсіх жыдоў (і савецкіх камісараў) сталася нечым само сабой зразумелым. Ім ня трэ было ні запрашэньня, ні дазволу, яны забівалі кожнага жыда, якога ім удавалася схапіць52. Варта ўвагі, наколькі яны былі вольныя ў сваім выбары — звычайна ваеннае і палітычнае начальства імкнецца не даручаць прыняцьця рашэньняў, якія, як правіла, павінны зыходзіць ад афіцэраў, на меркаваньне падначаленых. Але ў стасунку да жыдоў усё адбывалася насуперак звыклым правілам. Кожны немец быў абвінаваўцам, судзьдзём і катам у адной асобе. Пераклаў з ангельскай Алесь Пяткевіч паводле Hitler’s Willing Executors: Ordinary Germans and the Holocaust. Alfred A.Knopf Inc., New York, 1996. Нямецкі пераклад гэтай кнігі можна знайсьці ў бібліятэцы Інстытуту Гётэ (“Hitlers willige Vollstrecker: ganz gewohnliche Deutsche und der Holocaust”). Wolf, Jobst Siedler Verlag GmBH, Berlin, 1996.
|
2 Фэдэральны архіў, Кобленц (у далейшым ФАК), R19/395 (8/20/40), ст. 171. 3 Цэнтральнае бюро юрыдычных управаў фэдэральных земляў па дасьледаваньні злачынстваў нацыянал–сацыялізму, Людвігсбург (у далейшым ЦБЛ), 206 AR–Z 6/62 (далей JK), ст. 1949. 4 Паліцыйныя батальёны называліся па–рознаму, у залежнасьці ад асабістага складу. Калі яны складаліся збольшага з прафэсійных паліцыянтаў, яны зваліся “паліцыйнымі батальёнамі” (новыя адзінкі, складзеныя з рэзэрвістаў, называлі “рэзэрвовымі паліцыйнымі батальёнамі”). Розьніца не ў апошнюю чаргу палягала ў сярэднім узросьце жаўнераў адпаведных адзінак. Батальёны, якія спачатку прымалі мужчынаў сталага веку, насілі нумары з 301 да 325 і былі вядомыя пад назовам “вахтмайстарскія батальёны”. Паліцыйныя батальёны з нумарамі да 200 звычайна былі рэзэрвовымі паліцыйнымі батальёнымі, але некаторыя рэзэрвовыя батальёны мелі нумары з трэцяй сотні. Асабісты склад батальёнаў часта не адпавядаў іхнаму афіцыйнаму найменьню. Апроч таго, у цягу вайны гэтыя адрозьненьні ўсё больш гублялі значэньне, бо ў асабістым складзе часта адбываліся істотныя зьмены. Я вырашыў ужываць для ўсіх гэтых адзінак зборнае найменьне “паліцыйныя батальёны”. 5 ФАК R19/395 (8/20/40), cт. 175. 6 Справаздача пра вынікі інспэкцыі трох паліцыйных батальёнаў у траўні 1940 (ФАК R19/265, ст. 168) паведамляе пра занядбанасьць, ад якой быццам пакутвала паліцыя парадку. Гл. таксама ФАК R19/265 (5/9/40), ст. 153. 7 ФАК R19/395 (11/20/41), ст. 180–183. 8 Гл., напрыклад, Tessin “Die Stabe und Truppeneinheiten der Ordnungspolizei”, ст. 14 і далей. 9 ФАК R 19/311 (6/26/40), ст. 165. 10 ФАК R 19/265 (5/23/40), ст. 168. У траўні 1940 пяць паліцыйных батальёнаў — сярод іх 65–ы з Рэклінгаўзэна й 67–ы з Эсэну — таксама мелі толькі ад двух трацін да чатырох пятых патрабавальных рэзэрваў. Справаздача інспэкцыі абвяшчала: “Агульнае становішча з заменай для паліцыйных рэзэрвістаў вельмі напружанае”. Гл. ФАК R 19/265, s. 157. 11 Гл., напрыклад, рэпрэзэнтатыўны плян палітінфармацыяў для жаўнераў Асобнай службы, ФАК R 19/308 (3/6/40), ст. 36–43. Як відаць з гэтага загаду, адукацыйны плян для паліцыйных батальёнаў, што складаліся зь нерэзэрвістаў, быў трохі іншым. Пазьнейшы загад ад 14 студзеня 1941 зьмяшчаў дэтальныя ўказаньні па сьветапагляднаму шкаленьню, у тым ліку спасылкі на нумары старонак у брашурах, якія мусілі слугаваць базай для заняткаў з пэўных тэмаў. Загад таксама паказвае, якім мізэрным было гэтае шкаленьне і, адпаведна, наколькі неверагодным быў трывалы ўплыў на людзей. У суме называлася толькі 56 старонак адукацыйнага матэрыялу — і яшчэ колькі старонак, не называных дакладна, з дзьвюх брашураў пра сялянства. Да шэрагу тэмаў матэрыял быў больш чым мізэрны: меней за дзьве старонкі. Нават па “Жыдоўскім пытаньні ў Нямеччыне” згадвалася толькі дзьве старонкі з дзьвюх брашураў. Усяго гэтага наўрад ці магло досыць, калі б насамрэч плянавалася зьмяніць пагляды на жыдоў. Гл. ФАК R 19/308 (12/20/40), с. 100. 12 Гл. дыскусію пра сьветапагляднае шкаленьне ў Christopher R. Browning, Ganz normale Manner. Das Reserve–Polizeibataillon 101 und die “Endlosung” in Polen, Reinbeck 1993, с. 231–241. Браўнінг больш падрабязна разглядае матэрыял пра жыдоў, які прапаноўваўся жаўнерам. Хоць ён уважае індактрынацыю за больш істотную й глыбокую, чымся я, ён таксама робіць выснову, што таго матэрыялу было недастаткова, каб матываваць каго–небудзь да ўдзелу ў Галакосьце (с. 240 і наступныя). 13 Гл. ФАК R 19/308 (2/8/41), ст. 267 і далей. Можна з пэўнасьцю меркаваць, што гэтыя заняткі праходзілі нашмат горш, чымся меркавалася ў гэтых загадах, бо жаўнеры батальёну знаходзіліся ў розных месцах пэўнай акругі і былі цалкам занятыя сваімі непасрэднымі задачамі. Гл. таксама ФАК R 19/308 (6/2/40), с. 250–254. Інструкцыі да сьветапагляднага шкаленьня мужчынаў на асобнай службе знаходзяцца там на ст 252 і наступнай. 14 Пра значэньне ўдзелу ў партыі пры прасоўваньні па службе гл. ФАК R 19/311 (6/18/40), с. 145 і наступныя, с. 149. 15 Ацалелы матэрыял пра паліцыйныя батальёны можна знайсьці ў розных інстытуцыях нямецкай юстыцыі. Пра карныя акцыі ў ФАК няма практычна нічога. Я паспрабаваў прааналізаваць увесь матэрыял ЦБЛ пра паліцыйныя батальёны, які хоць і ёмісты, але ні ў якім разе не дасканалы. Нават укладаньне сьпісу пракурорскіх дасьледаваньняў дзейнасьці паліцыйных батальёнаў сталася цяжкай задачай. Я не магу прэтэндаваць на тое, што я поўніцай прааналізаваў усе ёмістыя справы пра паліцыйныя батальёны, бо мне давялося пачынаць з нуля. Я б вельмі зьдзівіўся, калі б высьветлілася, што я не абмінуў нічога, чым валодае ЦБЛ, хай я й прачытаў справаздачы дасьледаваньняў чыннасьці больш як 35 паліцыйных батальёнаў. Пра некаторыя, як прыкладам пра 101–ы батальён, там былі тысячы старонак, пра іншыя адно некалькі сотняў старонак. Між іншым, гэтыя справы розьняцца ня толькі колькасна, але й якасна. Пра пэўныя батальёны — нават што да абрысаў іхных акцыяў — існуе толькі бедная інфармацыя; пра іншыя ёсьць шмат чаго, адылі нават у стасунку да батальёнаў, дзейнасьць якіх найлепш дакумэнтаваная, наагул няма падрабязных дэталяў пра ўчынкі іхных жаўнераў. Таму зьдзейсьнены тут аналіз не дасканалы, але караніцца на шырокім эмпірычным грунце. Роля паліцыйных батальёнаў у Галакосьце цалкам заслугоўвае на тое, каб стаць прадметам манаграфіі. 16 Гл. Ruth Bettina Birn, Die hoheren SS — und Polizeifuhrer: Himmlers Vertreter im Reich und in den besetzten Gebieten, Dusseldorf 1986, i ЦБЛ 204 AR–Z 13/60, том 4, с. 397 і наступныя. 17 Гл. Helmut Krausnick i Hans–Heinrich Wilhelm, Die Truppe des Weltanschauungskrieges: Die Einsatzgruppen der Sicherheitspolizei und des SD 1938–1942, Stuttgart 1981, ст. 46; Alfred Streim, “Das Sonderkommando 4a der Einsatzgruppe C und die mit diesem Kommando eingesetzten Einheiten wahrend des Russland–Feldzuges in der Zeit vom 22.6.1941 bis zum Sommer 1943”, ЦБЛ 11(4) AR–Z 269/60, “Abschlussbericht”, c. 36, таксама Tessin, “Die Stabe und Truppeneinheiten der Ordnungspolizei”, с. 96. 18 ЦБЛ 204 AR–Z 13/60, том 4, с. 402 і наступныя. 19 ЦБЛ 202 AR–Z 2484/67, с. 2397–2506. У Савецкім Саюзе апэравалі ня толькі гэтыя сем паліцыйных батальёнаў; апроч іх там дзейнічалі, напрыклад, 11–ы, 65–ы і 91– батальёны. 20 Камандзір батальёну, маёр Вайс, перад нападам сабраў сваіх афіцэраў і праінфармаваў іх пра загад Гітлера на зьнішчэньне ўсіх савецкіх камісараў і ўсяго жыдоўскага жыхарства Савецкага Саюзу. Начальнік першай роты, капітан Г.Б., перад нападам паведаміў гэта сваім людзям. Магчыма, тое самае зрабілі і начальнікі іншых ротаў, але гэта не пацьвярджаецца паказаньнямі сьведкаў. Гл. ЦБЛ 205 AR–Z 20/60 (у далейшым Buchs), A.A., Buchs, ст. 1339 г; J.B., Buchs, ст. 1416, i J.B., ЦБЛ 202 AR 2701/65, том 1, ст. 101; К.Н., Buchs, ст. 1565; H.G., Buchs, ст. 363 і наступная, і H.G., ЦБЛ 202 AR 2701/65, том 1, ст. 96; R.H., Buchs, ст. 681, і супярэчлівыя паказаньні сьведкі Е.М., Buchs, ст. 1813, S. 2794 і наступная, ст. 764; таксама прысуд Буксу ды інш., Wuppertal, 12 Ks 1/67 (далей Прысуд, Букс), ст. 29 і наступная. Варта адзначыць, што Браўнінг у “Ganz normale Manner”, апісваючы батальён, ня згадвае гэтага фундамэнтальнага факту (ст. 31 і наступная). Гэта яўна супярэчыць ягонаму сьцьверджаньню, што тады яшчэ не было агульнага загаду на генацыд (гл. разьдзел 4, заўвага 70 гэтай кнігі). 21 Е.Z., Букс, с. 1748. 22 Гл. выказваньні двух ацалелых, S.J., Букс, с. 1283, і J.S., Букс, ст. 1830. 23 Прысуд, Букс, с. 43. 24 Прысуд, Букс, с. 42; таксама J.J., Букс, с. 1828. 25 Прысуд, Букс, с. 44. 26 Гл. А.В., Букс, с. 2875, і Т.С., Букс, с. 2877 і наступная. 27 Прысуд, Букс, с. 51 і наступная. Наўрад ці магчыма пагадзіцца зь меркаваньнем Браўнінга: “... гэтую першую масакру можна было б... яшчэ разглядаць як заслугу аднаго асобнага камандзіра, які інстынктыўна правільна адгадаў жаданьні свайго фюрэра”. (Гл. Ganz normale Manner, с. 32.) Гэта значыла, што маёр Вайс загадаў забіць некалькі сотняў жыдоў паводле ўласнай ініцыятвы, сьцьверджаньне, што ён “інстынктыўна адгадаў” жаданьне Гітлера, мае наўвеце, што маёр Вайс не атрымліваў загаду забіваць савецкіх жыдоў, тымчасам як ён відавочна атрымаў такі загад. Гэтага факту, між іншым, былі сьведамыя жаўнеры ягонага батальёну (гл. вышэй, заўвага 20). Падчас карнай акцыі ім нават давялося пераадольваць энэргічныя пярэчаньні вэрмахту, якому юрыдычна падпарадкоўваўся той раён. Немцы спраўлялі падобныя масакры шмат у якіх гарадах на савецкай тэрыторыі. “Інтуіцыя” пры гэтым ня мела прычыннай ролі. Апроч таго, Браўнінгава тлумачэньне гэтай акцыі, улучна зь сьцьверджаньнямі, што яна пачалася як “пагром”, а пасьля “неўзабаве эскалявалася да сыстэматычнага масавага забойства”, (с. 32) падштурхоўвае да памылковага меркаваньня, быццам бы не было ад самага пачатку намераў забіць тых жыдоў. 28 Прысуд, Букс, с. 52 і наступная. 29 Пра спантаннасьць спаленьня немцамі сінагогі гл. Е.М., Букс, с. 1814–1815. 30 H.S., Buchs, с. 1764. 31 Суд ацэньвае колькасьць ахвяраў як прынамсі семсот (Прысуд, Букс, с. 57). Абвінавачваньне зыходзіць зь мінімальнай лічбы восемсот (Букс, с. 113); жыдоўскія крыніцы паведамляюць пра больш як дзьве тысячы ахвяраў. Адзін з ацалелых ацэньвае, што 90 працэнтаў ахвяраў складалі мужчыны, 10 — жанчыны й дзеці. Гл. J.S., Buchs, ст. 1830; гл. таксама І.А., Букс, с. 1835. 32 Прысуд, Букс, с. 56 і наступныя. Прынамсі двух жыдоў, мужчыну й жанчыну, немцы прымусілі ўвайсьці ў будынак, калі ён ужо гарэў (гл. L.L., Букс, с. 1775). 33 Прысуд, Букс, с. 59. Жаданьне апошняга збольшага спраўдзілася, полымя ад сінагогі перакінулася на суседнія будынкі. З прычыны таго, што немцы не дазволілі пажарнай камандзе тушыць пажар, полымя пашырылася па жыдоўскім квартале, так што загінула яшчэ больш мужчынаў, жанчын і дзяцей (Прысуд, Букс, с. 59; таксама E.Z., Букс, с. 1748–1749). 34 Гл., напрыклад, J.B., Букс, с. 1415. Словы Браўнінга аб тым, што гэтыя й іншыя жаўнеры батальёнаў з нумарамі трэцяй сотні былі “добраахвотнікамі” (Ganz normale Mдnner, с. 30), лёгка могуць быць зразуметыя няправільна. Нармальным чынам гэтыя мужчыны былі закліканыя ў войска ці чакалі на закліканьне і тады абіралі паліцыю. Так што тут ход не пра добраахвотнікаў ва ўласным сэнсе слова. Пра гэты паліцыйны батальён гл., напрыклад, Н.Н., ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 1091, і А.А., ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 1339. У Браўнінгавым апісаньні паліцыйнага батальёну 101, які будзе падрабязна разглядацца ў наступных двух разьдзелах, кідаецца ў вочы, што іхныя камэнтары да гэтых масакраў — прыкладам, іхная радасьць з прычыны вялікага пажару — у ягонай прэзэнтацыі падзеяў адсутнічае. Гл. Ganz normale Manner, с. 31 і наступная. 35 Прысуд, Букс, с. 60. 36 Наколькі мне ведама, 65–ы паліцыйны батальён ня згадваецца ў літаратуры пра Галакост. Крыніца гэтай інфармацыі — ЦБЛ 206 AR–Z 6/62. 37 Шматлікія сьведчаньні й ацалелыя фатаграфіі дакумэнтуюць як лютасьць, так і публічны характар гэтых забойстваў. Некаторыя прыклады гэтаму ў Ernst Klee, Willi Dressen i Volker Riess (Hrsg.), “Schone Zeiten”. Judenmord aus der Sicht der Tater und Gaffer, Frankfurt/M. 1988, с. 31–44. 38 Р.К., ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 945 і наступная. 39 Загад, ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 2120–2124. 40 Агульны агляд паказаньняў сьведкаў і шмат якія факты, вядомыя пра масакру ў Шаўляі, гл. у “Sachverhaltsdarstellung”, ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 1212 і наступная. G.T. апісвае карную акцыю, пад час якой ён мусіў удзельнічаць у дастаўцы жыдоў да равоў, дзе адбываліся расстрэлы (ЦБЛ, 206 AR–Z 6/62, с. 1487 і наступная). 41 Напэўна, летувісы ідэнтыфікавалі жыдоў — ва ўсякім разе, так здаралася часта, бо немцы ня ведалі, хто быў жыдом. Адзін обэр–гефрайтар распавядаў аднаму рэзэрвісту, што трэ было б правесьці экзэкуцыю самім, таму што летувісы пад час забіцьця дзеялі занадта “жорстка”. (Н.Н., ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 1152). 42 J.F., ЦБЛ 206, AR–Z 6/62, c.849. 43 Н.К., тамсама, с. 733. К. сьцьвярджае, што экзэкуцыі ў Шаўляі, таксама як большасьць забойстваў у тую восень, зьдзяйсьняліся прафэсійнымі паліцыянтамі, што былі сярод іх (с. 732 і наступная). Ён распавёў таксама, што гэты мужчына, В., неўзабаве пасьля гэтага загінуў у баях за Хольм. Ці забіваў ён насамрэч, невядома. 44 J.F., тамсама, с. 849. Адылі гэтыя плякаты не былі праўдзівымі, бо яшчэ пэўны час жыды ў Шаўляі былі. Яны выказвалі хутчэй пажаданьне, каб так і было. 45 Натуральна, шмат хто з жаўнераў гэтага батальёну сьцьвярджаў, што іх прымушалі забіваць ці што яны адмаўляліся ўдзельнічаць у гэтым. Так, варта згадаць паказаньні аднаго з удзельнікаў: пасьля ягонай адмовы вахтмайтар, маўляў, сказаў яму, каб ён разважыў да вечара. Але яшчэ да вечара вахтмайстар зноў паклікаў яго да сябе. Жаўнер зноў адмовіўся, на што вахтмайстар сказаў, каб ён хаця канваяваў жыдоў да месца экзэкуцыі. Гэтаму загаду, паводле ўласнага меркаваньня, ён ужо ня мог не скарыцца. Гэты аповед, у адрозьненьне ад бальшыні іншых, падаецца праўдападобным, пагатоў, што на допыце жаўнер сказаў, што можна нат’ спытаць самога вахтмайстара, ён пацьвердзіць гэтую гісторыю. Апроч гэтага, ён паказаў, што пасьля падзеяў у Шаўляі ня ўдзельнічаў больш у ніводнай карнай акцыі. Калі гэты аповед слушны, то вартае ўвагі перадусім тое, што датычны жаўнер ніякім чынам ня згадвае, што нехта яшчэ ў батальёне падзяляў ягоную пазыцыю ці спрабаваў адмовіцца ад удзелу ў забойствах. Матэрыял да пытаньня прымусу гл. у G.T., ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 1487 і наступная; Н.М., тамсама, с. 773; таксама Загад, ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 2196, с. 2209 і наступная, с. 2212 і наступныя, с. 2138 і наступная. 46 Абагульненьне таго, што вядома пра гэтыя забойствы, гл. у Загад, ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 2120–2171. 47 Н.К., ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 733. 48 Загад, ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, c. 2168 і наступныя. Н.Н. паведамляе, што бачыў шыльду з надпісам “Луга вольная ад жыдоў” (ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 1152). 49 Загад, ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, c. 2157. 50 Тамсама, с. 2159–2162. 51 Тамсама, с. 2166 і наступныя. 52 З прычыны дэманічных уяўленьняў пра жыдоў, на якіх грунтаваліся іхныя ўчынкі, яны былі перакананыя, што іх атачаюць жыды, і не было як пераканаць іх у адваротным. Таму ім было досыць мізэрных доказаў, каб залічыць кагосьці да жыдоў. Часам ставала голага падазрэньня, як відаць з аднаго эпізоду, запісанага паводле ўспамінаў пра гэты батальён. Так, адзін з рэзэрвістаў паведамляе: “Як відавочца я магу паведаміць пра мястэчка Іванаўская, што тагачасны рэзэрвіст С. зьбіў да сьмерці аднаго ваеннапалоннага, ці перабежчыка, толькі таму, што ў ягоных паперах стаяла імя Абраам. Пры канцы зьявіўся яшчэ адзін афіцэр вэрмахту, але ён прыйшоў запозна”. (E.L., ЦБЛ 206 AR–Z 6/62, с. 783). Натуральна, гэты люты забойца, які з–за бясчынстваў гэтага кшталту быў вядомы як садыст, ня быў пакараны. Ён быў бацькам дзевяці дзяцей, народжаных паміж 1924 і 1940.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |