Logo ARCHE

Вайна ў 2(3)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 2(3)-1999

успаміны


Уладзімер Ісаенка
Жыцьцё з галавою ў пятлі


Уладзімер Ісаенка — кандыдат гістарычных навук, археоляг, спэцыяліст па найстаражытнейшай гісторыі Беларусі. Энцыкляпэдыст. Ягоныя апошнія працы — кніга “Памяць” Калінкавіцкага раёну і артыкул “Мінск, абарона 1941” (5–ты том “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, выд. “Беларуская энцыкляпэдыя”.
 

Жылi мы на Падгорным завулку (ішоў паралельна вул. Маркса i Кiрава), насупраць Лечкамiсii. Там над сквэрыкам быў наш дом. Там пасьля трохдзённай бамбёжкі ў чэрвені 1941 г. мы гасiлi першыя пажары, там мы ўбачылi першых немцаў, якiя зьявiлiся на мосьце вул. Першамайскай.

...Разбомблены цэнтар гораду згарэў, але менчукоў гэта ня вельмі патрывожыла, бо ад Карла Маркса да плошчы Свабоды — гэта быў раён энкавэдыстаў, дык хоць 4 кв. км. у цэнтры згарэла, а ўсё навакольле, дзе жылі мясцовыя, засталося цэлым. Калі ў некага згарэла жытло або не было дзе жыць, людзі маглі прыйсьці ў Менскую гарадзкую ўправу, дзе меліся сьпісы вольных кватэраў, і выбраць сабе новую кватэру з тых, што засталіся ад пераселеных пакутнікаў–габрэяў. Гэтак забясьпечылі жытлом 37 000 чалавек, а 10 000 палепшылі жыльлёвыя ўмовы. Разбураныя дамы, іх каробкі ўвесь час пагражалі абвалам, дык нямецкія сапёры падрывалі самыя небясьпечныя будынкі. Абапал Савецкай утварыліся горы друзу.

...Жыцьцё ў Менску хутка пачало ўваходзіць у нармальную каляіну. Да 10 ліпеня прайшлі нейкія людзі й кажуць: заўтра ўсе павінны выйсьці на свае працоўныя месцы. Людзі выйшлі і сталі працаваць. Атрымлівалі такія ж зарплаты, як і перад вайной. Скажам, інжынэр як меў 800 рублёў, так і далей атрымліваў, толькі ўжо хіба частку савецкімі грашыма, а частку маркамі, 1 марка — 10 рублёў. Былі прынятыя спэцпастановы аб забесьпячэньні насельніцтва. Найперш было дазволена разьбіраць склады, і народ дні два назапашваўся. Па паўмяхі мукі можна было браць, па вядры патакі, паўвядра сьпірту. У маёй маці дык душа не была падрыхтаваная да гэткага, то яна не хадзіла, а некаторыя наведалі ня толькі склады, але й кватэры, пакінутыя савецкімі работнікамі... Супраць нашага дома, які згарэў у ноч на 28 чэрвеня, захаваўся “генэральскі” (дзе цяпер дом Машэрава). Мы, падлеткі, дзеля цікавасьці залезьлі ў кватэру галоўнага ваеннага пракурора: тры дохі каракулевыя віселі ў шафе, дываны на сьценах, у шуфлядзе стала — пісталеты... “Вальтэр”, як у энкавэдыстага–апэратыўніка. Мы ні да чаго не дакрануліся, адно ежу, пітво і пісталет зьнесьлі, але яго ў нас адабралі дарослыя і ўтапілі ў Сьвіслачы... Калі разьбіралі склады, ніякай арганізацыі не было, самастойна станавіліся ў чэргі, але ўжо немцы плякаты выставілі: “разрешается брать по полмешка того, полведра другого... Запрещается выдавать продукты жидам”. Праўда, габрэйкі ўсё ж прыстройваліся — было спакойна, ніхто нікога не ганяў... Начальства зьнікла яшчэ 25–га. Мы заходзілі ў сталоўку ЦК, елі там чарнасьліў цудоўны, бралі там селядцы смачнюшчыя... У крамах перад вайной такога не было. “Слугі народу” ўцякалі гэтак жвава, што нават пакінулі ў будынку ЦК сьпіс членаў і кандыдатаў у члены партыі з хатнімі адрасамі на 77 тыс. чалавек і партархівы.

 
Усяго за час вайны наша сям’я жыла ў трох розных месцах: супраць парку Горкага, потым на Маскоўскай і на Красівай.

Спачатку знайшлi мы пакiнутую кватэру, гаспадар якой, энкавэдыст, зьбег. Яе мы i занялi (якраз насупроць парку Горкага). Бачылi, як праз гэты парк хваля за хваляй пракатваюцца нямецкiя войскi. Пад кожным дрэвам яны ставiлi намёты. Пасьля кожнай хвалi я наведваўся ў гэтыя мясьцiны зь юнацкiм спадзяваньнем, што мо яны пакiнуць нешта цiкавае, але яны нiчога не пакiдалi.

Мой бацька прайшоў грамадзянскую вайну, быў адным з тых камісараў, што стваралі Чырвоную Армію, ваенкамам, сакратаром партячэйкі ў Горацкай акадэміі, скончыў апошнюю, працаваў у Наркамземе, а ў 30–я трапіў пад рэпрэсіі, але ацалеў.

Прыйшла восень, час, калi людзi пачынаюць вучыцца. 1 кастрычнiка ў Менску было адчынена 14 беларускiх народных школаў, i навучаньне там было сямiгадовым. Я трапіў у 2–ю. Да вайны я вучыўся ў прэстыжнай 4–й рускай школе (мацi зь цяжкасьцю ўладкавала мяне туды — трэ было мець блат). А тут усё па–беларуску...

Савецкая даваенная школа для мяне памятная тым, што нават у першых клясах настаўнiкi раз–пораз загадвалi з падручнiкаў, практыкаваньняў па беларускай мове выкрэсьлiваць цэлыя абзацы, выкiдаць т.зв. нацыяналiстычныя творы, нават паэма “Новая зямля” была абвешчаная нацыяналiстычнай. У вайну мы ўсе такія творы вывучалi зь вялiкай цiкавасьцю. Адкрывалі для сябе Алеся Гаруна, Натальлю Арсеньневу, Уладзімера Тэраўскага.

Падчас трэцяе чвэрткi мы пераехалi на вулiцу Маскоўскую, і я ў школу ўвогуле не хадзiў, бо было холадна. Мацi прымусiла мяне займацца з унівэрсытэцкім прафэсарам матэматыкi Сталяровым. Стары ледзьве ўжо рухаўся, але ўзяў нас, пяць дзяўчынак i хлопцаў, i навучаў матэматыцы. Можа ён лічыў гэта за свайго роду патрыятычны доўг, можа, ён так займаў свой вольны час у апошнія, як пасьля высьветлiлася, месяцы свайго жыцьця. Але я яму ўдзячны, бо дзякуючы яму ў мяне зьявілася любоў да матэматыкi. За тры месяцы, якiя мы ў яго навучалiся, мы прайшлi амаль увесь курс 7—8–ых клясаў па алгебры i геамэтрыi Кiсялёва. У яго быў арыгiнальны спосаб навучаньня: ён адгортваў прыкладна дзесяць старонак падручнiка i казаў: “Праз тыдзень вы павiнны прыйсьцi i здаць увесь гэты матэрыял”. Гэта было вельмi цяжка, бо мы прызвычаiлiся, што на ўроку нам усё “разжоўваюць”, замацоўваюць гэтую тэарэму бясконца, рашаюць шмат задачаў, а тут сам вывучай...

Напярэдаднi чацьвертае чвэрткi ён памёр, i мацi аддала мяне ў 45–ую школу, таксама беларускую народную, дырэктарам якой быў Аляксандар Якаўлевiч Акановiч. Там я давучыў, што прапусьцiў, здаў добра iспыты за сёмую клясу, атрымаў атэстат на нямецкай i беларускай мовах, якi да гэтага часу захоўваю і на якiм ёсьць подпiс iнспэктара школаў Менскай гарадзкой управы Акановiча. У лютым 1943 г. ён стаў дырэктарам Менскай прагімназіі. І там я навучаўся добра, але ў апошнiм годзе захварэў месяцаў на пяць.

Пасьля хваробы прыходжу ў школу, а ў клясе шмат новых людзей, частка маiх сяброў у форме Саюзу Беларускай Моладзi, частка зусiм незнаёмыя i на беларускай мове ня ўмеюць размаўляць. Высьветлiлася, што прынялі шмат дзяцей з тых сем’яў, якiя эвакуявалiся са Смаленшчыны па розных прычынах перад наступам савецкiх войскаў. І гэта зразумела, бо даведка пра тое, што ты вучышся ў беларускай прагiмназii (якая пасьля называлася Менская сярэдняя школа з надбудаванымi клясамi), давала магчымасьць жыць i iснаваць, i цябе не ўганялi ў Нямеччыну. На непрацуючых жа наладжвалі аблавы.

Сябра мой быў узвадовым кiраўнiком СБМ. Сыстэма ўступленьня такая ж, як i з камсамолам цi пiянэрамi: прыходзiць настаўнiк i кажа: “Трэба паступаць у Саюз Беларускае Моладзi. Будзе ён займацца культурнымi праграмамi, вывучаць гiсторыю, будуць паходы, сьпевы, танцы, розныя мерапрыемствы, дадуць форму i г.д.”. Шмат хто i запiсваўся. Адзiн вучань быў пасланы ў Нямеччыну да Гiтлерюгенд, потым вярнуўся i паказваў усiм падараваны яму кiнжал на поясе. Для падлеткаў 14—15 гадоў гэта было вельмi цiкава, бо акупацыйныя ўлады забаранялi насiць зброю, а тут на табе — клінок. Але ў СБМ я не паступаў. Бачна было, што вайна ўжо да канца iдзе, а хто ў канцы будзе галаву ў пятлю засоўваць? Хаця мне прапаноўвалi, анкету давалi. Як і настаўнікі, сябры СБМ у анкеце падпісвалі: “Прысягаю, што я ня жыд і не жыдоўскі мяшанец”.

 
...Зайдзіце ў музэй вялікай айчыннай вайны, зірніце на мой атэстат, дадзены ў тым, што я скончыў у 1942 г. 45–ую народную школу: атэстат на беларускай і нямецкай мовах... Акановіч пасьля вайны выкладаў фізыку ў беларускай гімназіі ў лягеры для перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу. Беларускую мову й літаратуру ў нас у школе выкладаў Антон Адамовіч, які быў пры Казлоўскім намесьнікам рэдактара “Беларускай газэты”. Памятаю, як ён прыйшоў і распавядаў, што знайшоў міну ў сваім стале, у шуфлядцы.

...Кіраўнік прадпрыемства ці ўстановы мусіў штотыдня расьпісвацца на тваіх паперах, што ты, такі й такі, гэты тыдзень нідзе не гуляў, а працаваў. І пад час праверкі дакумэнтаў ужо пералічваюць: прайшло з пачатку году 36 тыдняў, значыць, у тваіх паперах мусіць быць 36 подпісаў. Калі няма ўсіх подпісаў, значыць, ты гуляў, мо дзе ў партызанах быў?..

...Савецкая авіяцыя пачала бамбіць Менск у 1942 г. Было пару адзінкавых налётаў, але дакладнасьць была нізкая: памятаю, у ноч на 8–ае сакавіка прыляцеў самалёт і садануў бомбы па Трубным завулку (цяпер Бэрсана), дашчэнту разьбіў тры хаты, загінулі людзі, што па звычцы рыхтаваліся да сьвята. Кажуць, прылятала “сама” Грызадубава. А цэліла ў Дом Ураду. Празь некалькі месяцаў другі самалёт скінуў бомбы ў дрыгву ля балотнай станцыі. Толькі ў 1943 годзе налёты зрабіліся больш дакладнымі. Адзін раз нейкі дывэрсант патрапіў даць сыгнал, мо зьмясьціў ліхтар на даху ВПШ — а там быў афіцэрскі клюб, — дык бомба трапіла ў будынак, прабіла ўвесь лесьвічны пралёт і разарвалася ўнізе, казіно загарэлася, і некаторыя афіцэры мусілі былі скакаць з вакон...

...Камэнданцкая гадзіна дзейнічала, але трохі своеасабліва: можна было хадзіць у тэатар, у кіно, але трэ было мець квіток, і ў тэатры, мабыць, ставілі пячатку, што ты там быў. І артысты адпаведна мелі права дабірацца дахаты ўвечары, але здараліся ўсякія няшчасныя выпадкі. Быў вельмі добры баяніст у Купалаўскім. Знайшлі яго аднойчы ўночы застрэленага побач са сваім роварам: ці то патруль, ці то бандыты, ці то ён не разабраў чаго...

... Памятаю дагэтуль такую сцэнку з дэманстрацыі на сьвята “вызваленьня” 22 чэрвеня 1944 году. Народ ідзе, лёзунгі, партрэты, сьцягі, сьцяжкі, чырвань. Машына едзе, барты адкінутыя, статуя Іосіфа Вісарыёнавіча. Падымаецца волат і мячом (на мячы, пэўне ж, свастыка) рубіць таварыша Сталіна па галаве. Галава распадаецца, з галавы выходзіць дзяўчынка, уся ў беленькім, а на ёй чырвоная стужка з надпісам: Беларусь. Артысты ж навокал пераапранаюцца. Калі яна выходзіць, усе ў добрай, сьвяточнай вопратцы — беларускай нацыянальнай. Калі ж галава Сталіна зноў зачыняецца, усе артысты апранаюць зэкаўскую паласатую форму і абпутваюць сябе калючым дротам. Кажуць, ставіў гэтую сцэнку Ўладамірскі, сын таго Ўладамірскага, кагэбіста вялікага, які ў вайну быў у Маскве. Потым, калі вызвалілі, выратаваў яго ўсё–ткі бацька, адправіў працаваць ці то ў Маладэчна, ці то ў Вялейку, і працаваў ён там гадоў, можа, дзесяць, а тады ізноў у Менск вярнуўся...

Потым маё жыцьцё павярнулася так. Вясной 1944–га школу накiравалi на будаўнiцтва ўмацаваньняў у Менску, капаць роў ад нямецкiх могiлак да Сьвіслачы. Вучнi капалi днi тры–чатыры, а пасьля нас павезьлі ў Нямеччыну. У сувязi з тым, што ў мацi былi добрыя сувязi ў адпаведных колах, яна атрымала дазвол на выезд разам са мной, прыхапілі й бабулю.

Мы выязджалі зь Менску адным зь першых эшалёнаў праз Горадню, Беласток. ...Правяраюць нас па дарозе ў Нямеччыну ў Празе (прыгарад Варшавы), і ўсім дакторка ставіць Tauglich... Tauglich...Tauglich... Маці пайшла, стала высьвятляць, што ня Tauglich, што сын моцна хварэў.. А дакторка нічога ня выправіла, сказала толькі: “Так трэба”. А каб жа дакторка аказалася менш гуманнаю і паставіла, што я нядужы, адправілі б мяне ў Асьвенцым... Непрыемны быў лягер у Празе — цагляныя сьцены 4–мэтровай вышыні, шкло і дрот наверсе, нары трох’ярусныя.

Трапiлi ў паўднёвую Нямеччыну ў Шварцвальд. Месца называлася Гагенаў–iн–Бадэн. Славуты Бадэн–Бадэн, у якiм шмат хто з расейскай iнтэлiгенцыi прайграваў свае грошы калiсьцi, знаходзiўся за пяць кiлямэтраў ад нас за гарой, але мне, як лягернiку, не давялося там быць нi разу, тым больш што на гары стаяла зэнiтная батарэя. Наш лягер знаходзiўся недалёка ад самога заводу. Побач былi лягеры “рускiх” i iталiйцаў. Прыбылi мы ў той дзень, калi адбыўся замах на Гiтлера (20 лiпеня 1944 года). Цяжка было. Рабочы дзень 12 гадзін, а харчаваньне слабое. Ды й нязвыкла ўсё. Папрацавалi крышачку, павучылiся на гэтым заводзе: рабiлi па 60—70 грузавікоў на дзень. “Даймлер–Бэнц” — фірма салідная.

Насiў значак “Ost” там. Аднойчы я нашыў яго на джэмпэр збоку, i мяне варта не пусьцiла ў Гагенаў–iн–Бадэн, бо толькi тыя, хто добра працаваў, маглi насіць яго на рукаве, а астатнiя ж мусілі на грудзёх — у мяне ж не было паперы, што я добра працую, дык і не пусьцілі. Была крыўда: мы жадалi паглядзець на ваш гарадок, а вы нас сустракаеце так негасьцiнна. Павярнулi назад, але я падумаў: “Даражэнькiя, ад нас вы адгароджваецеся, не пускаеце нас. А мы ж да вас не самі прыехалi, мы вам вайну прывезьлi, ад вайны не адгародзіцеся”.

Хутка гэтая вайна для iх i пачалася. Раптам неяк у нядзелю — 3–га верасьня — бамбёжка. Не пасьпеў я намазаць лусту хлеба маргарынам i павiдлам, як гу! — паветраная трывога. Паглядзеў у вакно, ажно бачу: ляцяць выцягнутым строем зьнiшчальнiкi на вышынi кiлямэтраў пяць–шэсьць, ледзь–ледзь бачныя. І ляцяць прама, як быццам бы на нас (раней жа мы супакойвалi сябе, што яны ня ўбачаць заводу ў гарах). Гляджу, ляцiць сотнi тры чатырохматорных бамбавікоў, а збоку ўюцца зьмейкамi новыя зьнiшчальнiкi. А як пабачыў, што ад аднаго зь першых амэрыканскiх самалётаў адарвалiся дзьве бомбы з дымавым сьледам, то зразумеў, што гэта на нас. Пасьля я даведаўся, што гэтыя бомбы былi сыгналам да пачатку бамбаваньня iншым самалётам. Расьсьцілаўся “бомбавы дыван”.

Тады ўжо ад кожнага адсунулася каля 10—15 кропачак серабрыстых, а калi гэта палiчыць у адпаведнасьцi з колькасьцю самалётаў... 3000...

Трэ было ратавацца. Як я быў, выскачыў, дабег да брамы лягеру (два разы давялося класьцiся на зямлю з–за хваляў бамбёжкi). Уявiце сабе, калi бомбы падаюць такiм дываном, то зямля ўздымаецца ўверх: быў сонечны дзень, а стала цемра. Нешта барабаніць па галаве, б’е па вушах. Пасьля пыл ападае, крыху сьвятлее, i робіш новую перабежку...

Я бег мэтраў 300 да бамбасховiшчаў (пабудаваных iндыйскiм легiёнам “Чандрабоса”, якi немцы не пасьпелі накiраваць у Індыю), напэўна, разы чатыры ў зямлю ўціскаўся. Вось ужо, здавалася, адзiн рывок, i ты ў бамбасховiшчы, але... там трэ было крышачку падняцца i потым прабегчы па лесьвiцы ўніз памiж дзьвюх бэтонных сьценак. Думка: калі выскачу на ўзгорачак, каб хутчэй дасягнуць бамбасховiшча, дык мяне саб’е асколкам. Вырашыў, хоць i засталося якiх 15 крокаў, лепш у выемачку перад сховiшчам зарыцца. Новая хваля, новая цемра. Нарэшце я даволi спакойна ўваходжу ў бамбасховiшча, а зьверху зноў грукат накатваецца. Пасьля я пабачыў, што за 20 мэтраў ад месца, дзе я ляжаў, бомба трапiла, ды не разарвалася.

Італiйцы ў бамбасховiшчы трасуцца, узгадваюць усiх сьвятых — i гэта былыя салдаты. А я, школьнiк учорашні, спакойненька стаю — сьцяўшы, праўда, зубы. Раптам узгадваю пра зацiснуты ў руцэ бутэрброд i пачынаю яго есьцi. Ежа нэрвы вельмi супакоiла.

Яшчэ было два–тры заходы, потым усё сьцiхла. Навакольля было не пазнаць. Бамбасховiшча знаходзілася памiж горадам i лягерам у полі, дзе расьлi яблынi i грушы. Поле моцна пацярпела ад налёту. Праз кожныя 80—100 мэтраў трапляла бомба, а дыямэтар варонкi мэтраў зь 15.

На дзiва, лягераў не зачапiла. Баракi засталiся непашкоджаныя, толькi ў савецка–расейскiм лягеры кухару адарвала галаву. Таму я мяркую, што на мапах амэрыканскiх штурманаў вельмi дакладна быў адзначаны лягер, і меўся загад яго не закрануць. Дарэчы, перад бамбёжкай раскідалі ўлёткі з папярэджаньнем, але паліцыянты адбіралі іх. Завод быў пакарэжаны вельмi iстотна. На ягонае аднаўленьне кiнулі шмат аварыйных брыгадаў. Гарадок, насельнiцтва якога ў асноўным было задзейнiчана ў працы на заводзе, быў зьнiшчаны недзе на дзьве трацiны. Мясцовыя жыхары зазналi шмат трагедыяў: напрыклад, адзiн нямецкi майстра якраз даходзіў да свайго разбуранага дома i бачыў, як усё абвальваецца, як гiне жонка зь дзецьмi, што схавалiся ў падвале.

У некаторых вёсачках дзе–нiдзе былi ўваткнутыя жэрдкі, а на iх пукi саломы, г.зн. там ляжыць неразарваная бомба. Былi бомбы, якiя пратыкалi дом i падвал і не выбухалі (потым рускiя сапёры, сьмертнiкi, гэтыя бомбы разьмiнавалi).

Завод рамантавалi цэлы месяц. Нарэшце, пробны пуск у суботу, адпачынак. У панядзелак, 1 кастрычніка, зноўку загулi самалёты. Я ўзьняў галаву i пабачыў знаёмы сьлед: дзьве бомбы дымавыя. Самалётаў дзьвесьце на вялiкай вышынi. Немец, што ішоў наперадзе, павольна, як бывалы салдат, пабег у сховiшча, i я за iм. Гэтым разам завод быў разьбіты амаль што ўшчэнт, хаця прадпрыемства, увогуле, вельмi цяжка зьнiшчыць. Немцы яго ўжо так і не аднаўлялі.

За месяц, якi працаўнiкi правялi бяз справы, фронт з Францыi значна наблiзiўся, i пачалася эвакуацыя. Нас вывезьлi чыгункай паўз Рэйн, праз Франкфурт–на–Майне, дзе давялося пасядзець у цудоўным бамбасховiшчы пад станцыяй з плаўным па сьпiралi ўваходам без прыступак. Едзем далей, зноў паветраная трывога, пераязджаем Фульду, разгромленую напярэдаднi, якая яшчэ гарыць. І дзесьцi пад канец ночы прыехалі да Райхсгаўптштат — Бэрлiну: пражэктары, сфэры супрацьпаветранай абароны. 10 сьнежня мы былi вымушаныя праседзець на галоўным вакзале Ангальтэрбангоф цэлы дзень i ноч. І тады мы сустрэлi чалавека, якi параiў зьвярнуцца ў разьмеркавальны пункт, дзе можна было пабыць i атрымаць прадуктовыя карткi. Чалавек гэты нязвыклы, падсеў да нашых столiкаў, дзе мы пiлi адну толькi гарбату. То быў нямецкi афiцэр у замурзанай палявой форме, у пакамечанай фуражцы.

Сустрэча з гэтым афiцэрам была невыпадковай, што стала зразумела празь некалькi дзён, калi мы яго пабачылi i павiталiся, але ён на вiтаньне не адказаў, бо iшоў ужо ў iншай форме, эсэсаўскай. Вiдаць, на вакзале ён высочваў ворагаў. І вельмi добра, што мы пры iм лаялi Сталiна i бальшавiзм, а йнакш яўна апынулiся б зусiм у iншым лягеры.

І мы разам з нашымi кiраўнiкамi пайшлi ў гэты пункт, дзе нас добра ўладкавалi на трохпавярховыя нары. Атрымалi ў спэцыяльным бюро насупраць разовыя карткi, спачатку на дзень–два, потым на тры днi, потым на тыдзень. За гэты час нашыя апекуны знайшлi i месца працы.

Напярэдаднi новага 1945–га году мацi ўжо працавала ў “Дойчэфэрляг” — нямецкім выдавецтве. Як хворы, я меў дазвол не працаваць (а для немца хоць якi дакумэнт, падпiсаны нейкiм доктарам Кістэмакерам у якімсь глухім Гагенаў — гэта закон). Таму мне выпала апошнiя днi iснаваньня iмпэрскае сталiцы назіраць больш–менш вольным чалавекам, гуляючы, як ні дзіва, па ёй. Улада тады ўжо яўна пахіснулася. Нагледзеўся ўсякага...

Нямецкiя рабочыя з усяе моцы працавалi, нямецкiя жанчыны вучылiся страляць панцырфаўстам (якi нашыя перайменавалi ў фаўстпатрон). Жыць мы жылі ў самым цэнтры, за два кварталы ад Ангальтэрбангоф, за тры — ад дому Гiмлера, за чатыры — ад Райхсканцылярыi. Там страшна было жыць, i немцы больш заможныя жылi на ўскраiнах Бэрлiну, бо цэнтар быў напалову разбураны, яго часта бамбiлi. Звычайна была адна паветраная трывога ўдзень i дзьве ўначы, або наадварот. Вельмi рэдка абыходзiлася бязь iх. Амаль кожны месяц бамбiлi квартал, у якiм мы жылі.

Так здарылася i 1–га студзеня 1945 году. Узялi мы вазок на Ангальтэрбангоф (нам пазычыў нейкi немец) i павезьлi свае рэчы ў новы лягер “Дойчэфэрляг” на трэцiм паверсе дома па Хальшэ Штрасэ, 28. Над намi разьмяшчалася ортгрупа НСДАП Кёнiггрэц (нешта накшталт райкаму НСДАП). Было вельмi цiкава сустракацца зь iмi на адной лесьвiцы.

Толькi пераехалi, i я вырашыў на Новы год памыцца ды пайшоў шукаць лазьні. Падчас нялёгкiх пошукаў (мовы нямецкай добра ня ведаў) пачуў паветраную трывогу. Накiраваўся туды, куды iшлi ўсе. Апынуўся ў бункеры, якi меў выгляд цылiндрычнай вежы дыямэтрам мэтраў 70, а то i 100. На паверхнi зямлi пяць–шэсьць паверхаў i нiжэй тры–чатыры. Зьверху жалезабэтонная плiта, а на ёй зэнiтная батарэя. Такое ўмацаваньне звычайнай бомбай не праб’еш. Тым ня менш, калi бамбiлi, даносiлiся водгукi разрываў. Праз гадзiну далі сыгнал, што можна выходзiць.

Іду i не пазнаю гораду: Вiльгельмштрасэ — цэнтральная вулiца, на якой Мiнiстэрства замежных справаў, нагадвае галяндзкi сыр: уся пакрытая варонкамi ад бомбаў. У варонку зiрнеш, а там паўмэтровы або мэтровы слой бэтону прабiла, i бачны цягнiк мэтро.

Збочваю на Путкамэрштрасэ, дзе быў наш папярэднi лягер. Вулiца зьнiшчаная, а дамы згарэлi. Калi б мы хоць на адзiн дзень затрымалiся, то ўсё, што мы мелi, згарэла б падчас гэтай бамбёжкі. Іду я да сваёй хаты паўз Ангальтэрбангоф i баюся зварочваць, ну, думаю, зараз тут будуць такiя ж руiны. Але ў нас усё ацалела, толькi шыбы крыху павыбiвала.

Гэтак і павялося: бамбёжкi, прагулкi, наведваньне крамаў, дзе трэ было атрымоўваць прадукты па картках, праца на развалінах. Горад жыў — і бэрлінцы трымаліся стойка. А “фрэмдлінгі” (чужынцы) чакалі хуткага вызваленьня. Нават савецкія ваеннапалонныя (іх лягер быў паблізу) ішлі бадзёра, у нагу, а вакол іх ахоўвалі маркотныя “татальнікі”.

Там мы лічыліся ўжо не остарбайтары... (удакладняць ня буду). Але правы я меў, як остарбайтар.

У мяне на станцыi Ангальтэрбангоф была любiмая мясьцiна: ля калёны было зручна сядзець на чамадане. Я, дарэчы, захаваў яго — мо калi зноў траплю ў Бэрлін, пасяджу. Нямала там начэй я праседзеў з бабуляй i мацi.

І вось наступілі апошнiя днi. Пачаўся савецкі наступ ад Кюстрына. Цяпер насельнiцтва павiнна было нарыхтаваць некаторую колькасьць прадуктаў (па тры кiляграмы кiлбасы выдавалi на чалавека), і ўсе, хто мелi жаданьне, маглі эвакуявацца. Эвакуацыя пачалася прыкладна 16–га красавiка. Эшалёны ехалi ў паўднёвую Нямеччыну, у асноўным у Баварыю. Можна было ўзяць толькi адзiн чамаданчык i адзiн заплечнiчак — i эвакуюйся. З нашага лягеру так усе зрабiлi, i толькi адныя мы засталiся: я, мацi i бабуля.

Кiлбасы таксама атрымаць не ўдалося, бо падала шмат снарадаў, а гiнуць не хацелася, дый чарга стаяла чалавек зь дзьвесьце. Так і застаўся нам Бэрлiнскi магiстрат вінен 9 кiляў кiлбасы.

Пайшлi ў бамбасховiшча ў Ангальтэрбангоф, а там бегаюць эсэсаўцы i рыхтуюцца да абароны. Стала нiякавата крышачку. Мацi з адным пагаварыла i высьветлiлася, што гэта ня проста эсэсавец, а гiшпанец з былое “Блакiтнае дывiзіi”, якi потым у Гiшпанiю не вярнуўся, а паступiў у СС. Потым я даведаўся, што ня толькi гэты батальён СС, дзе было шмат гiшпанцаў, абараняў Ангальтэрбангоф, але i Райхсканцылярыю, дзе знаходзiўся Гiтлер, абараняў батальён эсэсаўцаў, большасьць зь якiх былі французамi нардычнага выгляду. Не хапала ўжо iм прыродных немцаў нават для абароны такiх пунктаў.

(Той гiшпанец падараваў маёй мацi зялёны швэдар, у якiм я потым хадзiў два гады ў iнстытут у Гомлi. Узгадваў гэтага гiшпанца, а ён, мабыць, касьцьмi лёг на тым Ангальтэрбангофу.)

Зьявiлася такое адчуваньне, што трэба сыходзiць. Пайшлi мы на сваю вулачку Гальшэштрасэ (гэта было ўжо 25–га красавiка). У гэты час праходзiў абстрэл цэнтру Бэрлiну з гаўбiцаў. І мы лiтаральна ў апошнi момант перабралiся ў бамбасховiшча пад школай. У трэцiм пакойчыку там была лавачка, на якой я праседзеў тры днi падчас штурму цэнтру Бэрлiну.

У нас быў некаторы запас прадуктаў: кавалачак кумпяку, якi мы яшчэ колісь зь Менску вывезьлi, дык што сяк–так трымаліся.

 

Вызвалялi нас штрафнiкi 28–га а чацьвертай гадзiне дня.

У апошнiя хвiлiны пачалася мiтусьня каля ўваходу. Чую, начальнiк апорнага пункту Люфтшуцраўм не дазваляе камусьцi ўвайсьцi, спрачаецца — не пускаў ён маладзенькага салдата i казаў: “Не, тут для грамадзянскага насельнiцтва”. Дарэчы, ён у нас таксама спачатку дакумэнты папрасiў, пасьля прапусьцiў. Тады мы для iх ужо служылi нейкiм прыкрыцьцём: не, рускiх яны рабаваць цi бiць ня будуць. Бамбасховiшча было скрозь нямецкае, людзi звыклыя, а мы ўпершыню зьявiлiся, як жыхары гэтай вулiцы.

Тыя некалькi сэкундаў каштавалi таму немцу жыцьця: штрафнiкi, урываючыся, на месцы яго паклалi, так i ляжаў ён перад уваходам.

Вызвалiлi нас штрафнiкi, i першае, што абвясьцілі: “Рускіе, выходіте с вешчамі”. Мы выйшлi i, вядома, трэба ж было аддзякаваць сваiм вызваліцелям. Вызвалiцелі не падобныя да немцаў — хто ў ватнiку, хто ў шынэлi, некаторыя ў накiдках, зiмовых шапках, хто паголены, а хто не. Знакаў адрозьненьня амаль ня бачна, у некаторых з амэрыканскае кансэрвовае бляшанкi белая зорка выразаная i прышытая белымi нiткамi, але зброя ў поўным парадку. Дзiўна было глядзець на гэта. Адзiн рослы, мажны, i я да яго падышоў, падзякаваў за вызваленьне. А ён пачырванеў чамусьцi.

Пасьля нас перавялi ў iншае памяшканьне, дзе пачалi частаваць, а немцаў тым часам правяралi. П’яныя штрафнiкi нам прасьпявалi крыху песень, i мы нават адчулi сябе неяк незразумела. Пераспалi, а на наступны дзень я ўзгадаў пра забыты ў бамбасховiшчы мех з хромавымi скурамi. Вярнуўся па яго ды бачу: два пакоi вакол напоўненыя немцамi. Немцы нейкiя зусiм разгубленыя, бо iх рэчы ператрэсьлi i пакiдалi па ўсiм бамбасховiшчы. Адна дзяўчына знайшла ў адным куце свае трусiкi, у другiм свой бюстгальтар, а ў трэцiм — камбiнацыю. Усё перабралі, рабуючы. У некаторых салдатаў было ад кiсьцi да локця па 8—10 гадзiньнiкаў навешана. А пасьля савецкія салдаты гулялi: адзiн пальцам на нейкi гадзiньнiк, другi пальцам на нейкi гадзiньнiк: “Махнём не глядя” — i мянялiся. Адны пярсьцёнкi нямецкiя зьбіралі, другія нейкiх нямецкiх жанчын гвалтавалі. Адзiн сямiдзесяцiгадовы стары немец пры мне намагаўся адкрыць сабе жылы, я паспрабаваў, як мог, супакоiць яго. Нават прамармытаў, што войны сканчаюцца, а народы застаюцца жыць.

На наступную ноч (да ўзяцьця Райхстагу было яшчэ тры днi) камандзiр захацеў зрабiць нам добрае, ведаючы, што нас адпраўляюць у тыл i што дарога дальняя — вырашыў даць прадуктаў. Таму даў нам праваднiка, якi ведаў пароль, каб нас пусьцілі на склады, і ўначы мы зь iм пайшлi па руiнах амаль да Ангальтэрбангоф, дзе насупраць быў Паштамт ды вялiкiя ўнутры склады. Яны былi яшчэ не апрыходаваныя, i таму мы маглi браць усё, што хацелi.

Ідзём, пасьля цiхенька шэптам пароль называем. За насыпам тым часам чулiся кулямётныя чэргi, узьляталі ракеты. Прабралiся. Новы гаспадар складу даў нам усё, што мы хацелі: кансэрвы для булёнаў, яшчэ дацкiя, кансэрвы мясныя, згушчанае малако ў парашку, так што кiляў з дваццаць я набраў i ў руках панёс. Такiм жа шляхам вярталiся назад, а пры ўваходзе (акно ў падвале) нейкi штрафнiк захацеў у мяне бляшанку кансэрваў забраць, але я запёрся і не аддаў, кажучы, што нас там шмат. А была там толькі нашая сям’я i сям’я польскага перакладчыка з “Дойчэфэрляг”, якi наглядчыкам быў нейкiм маленькiм. (Ён мяне ў сваім часе спрабаваў прымусiць працаваць, пакуль я не паказаў яму даведку, што хворы. Цяпер я аддзячыў яму за тое, што ён не настойваў. Мы зь iмi па–брацку падзялiлiся, хаця дарога нашая была больш дальняй.)

Запасьлiся мы дзвума дзiцячымi вазкамi, каб скласьцi рэчы.

Частка рэчаў была ў тым доме, дзе мы жылi. Спусьціўся я туды, а там усё пагарэла. Зайшоў у двор. Там ляжаць два клiнкi: адзiн — афiцэрскi, другi — штурмавiкоў. Прыхапiў абодва на памяць, але потым мусіў зь імі расстацца. Шкада.

Накiравалiся мы па дарозе, якая iшла ля таго ж “Дойчэфэрлягу”.

Дабраліся да Капэнiк (паўднёва–ўсходнi прыгарад Бэрлiну), там заначавалi ў парку, потым у адным нямецкiм доме. У той час было загадана, каб немцы на ноч дамоў не замыкалi. Немцы выконвалi загад, а гэтым карысталiся людзi з розных вайсковых частак, якiя сыходзілі ў самаволку i фармавалi банды, каб хадзiць i рабаваць вось такiя адчыненыя дамы (пра гэта ў немцаў, сьведкаў гэтых падзеяў, напісана шмат апавяданьняў).

Пабылi некаторы час, а потым паехалi па перасыльных пунктах.

Пасадзiлi нас на цягнiк. Як сёньня памятаю знаходжаньне ў лягеры горада Швiбус (зараз Свабадзiн — цэнтар Мiжэрыцкага ўмацаванага раёну, якi немцы, калi адступалi з Польшчы, заняць не пасьпелi). Лягер знаходзіўся збоку, у парку. Маці і бабуля засталіся каля рэчаў, а я пайшоў у горад.

Горад быў пусты, я йшоў адзiн і заходзiў, куды толькi хацеў. Канечне, ніякiх запасаў прадуктаў харчаваньня там ужо не было, ніякага абутку, вопраткi. Усё кiнутае: бiблiятэкi, посуд... пух зь пярынаў (мабыць, калi займалi горад, вельмi падабалася iм пускаць “сьнег”). Расейцы любiлi таксама забiраць ровары, якiх у немцаў было даволi шмат. Каталiся, пакуль не разьбiвалi, i кiдалi. Уявiце сабе сельскага рускага хлопчыка, якi нават гадзiньнiка ня бачыў, а тут — ровар.

Так i вярталiся пасьля: ад лягеру да лягеру, атрымоўвалi дзе–нiдзе нейкiя прадукты харчаваньня. Гэта было ў пачатку траўня, таму мы вельмi хутка прайшлi ўсе кантролi, якiя фактычна былi фармальнасьцю. Ня зьдзеквалiся з нас нiдзе, не рабавалi. На пляцформах праскочылi Польшчу, зь цягнiка на цягнiк. У Берасьцi мы пабылi ля крэпасьцi, пайшлi афармляць дакумэнты на ўезд, i толькi там нас спыталi, цi не вязем якiх кнiг цi зброi. У мяне быў той кiнжал штурмавiка, i мацi дамаглася, каб я аддаў. Памежнiк пачапiў яго сабе на пояс, хадзіў горды.

Нашай мэтаю быў Менск, там мацi пайшла ў адрасны стол, дзе знайшла адрэсу свайго стрыечнага брата, якi да вайны служыў у апэратыўным аддзеле НКУС. Пачаў дзесьцi ў 1938... Па начах працаваў больш, чым днём. У 1941 годзе ён зьбег зь сям’ёй. Сям’я пайшла ў Гомель, а ён на фронт, дзе завёў сабе новую сям’ю, а ад гомельскае адцураўся. Пасьля гэты дзядзька кiраваў школай па падрыхтоўцы радыстаў для партызанскiх атрадаў. Было вельмi добра, што мацi знайшла ягоную адрэсу. Сардэчна сустрэў нас, i на вакзал паслаў фурманку, каб забраць нашы рэчы i перавезьцi на сваю часовую кватэру. Ён растлумачыў нам абстаноўку: тых, хто знаходзiўся ў час акупацыi ў Менску, не прыпiсвалi тут (напрыклад, родзічка маткі Саўчанка Марыя вярнулася з канцлягеру ў Францыi i была вымушаная жыць у Менску падпольна, а прыпiсацца ў Барысаве), тых, каго можна было абвiнавацiць у супрацоўнiцтве, т.зв. калябарацыянiзьме, маглi пасадзiць на дзесяць год.

Малочны завод, дзе працавала ў вайну маці, яўна мог пацягнуць на калябарацыю, а пра Менскую гарадзкую ўправу я й не кажу. Бо ж у вайну мой бацька спачатку працаваў аграномам у Менскай гарадзкой управе, пасьля ўдзельнiчаў у Беларускай Народнай Самапомачы. Выехаў у Нямеччыну, апынуўся ў Штатах. Нават вершыкi пiсаў бацька, якiя падпiсваў цi то Дубровiнскi, цi то Дуброўскi — у газэту “Беларус”. На жаль, іх чытаць не давялося. Мы зь ім ад вайны ніякіх сувязяў ня мелі, толькі ведаю, што памёр ён 19 лютага 1971 года вольным чалавекам. Але ці шчасьлівым?

Стрыечны брат маці параiў пераехаць у Гомель, куды даў спэцыяльнае накiраваньне сваiм людзям. Нас пераадрасавалi, i т.ч. нашая сям’я пераехала ў Гомлю, дзе я скончыў 9 i 10 клясы ў чыгуначных школах. На мае дакумэнты там глядзелi зь цiкавасьцю, бо я ў вайну не вывучаў анi расейскае мовы, анi расейскае гiсторыi, анi геаграфii, ды замест канстытуцыi ведаў нейкае грамадазнаўства. І як такому здаваць на атэстат сталасьцi? Здаў.

Не пашанцавала толькi, што зноў захварэў у 10 клясе месяцы на чатыры. Усё ж быў трэцiм у выпуску па пасьпяховасьцi, нягледзячы на пропускі па хваробе і іншую экзотыку.

У 1947 годзе паступiў у Гомельскi пэдiнстытут на фізыка–матэматычны факультэт. У такiх умовах на гiстарычны цi якi яшчэ я наўрад цi б паступаў. Бо ведаў, што гэта фальшывая гiсторыя, аднабаковая лiтаратура, далёкая ад сапраўднай навукі...

Праблемы, зьвязаныя зь мiнулым, не сканчаліся. Першы год мацi прапрацавала, бо была магутная рэкамэндацыя ад чалавека, якi быў залежны ад яе стрыечнага брата, майго дзядзькі. Потым, калi той пасварыўся з сваiм начальнiкам, мацi зьнялi адразу ж з працы, i ёй давялося за шэсьць год жыцьця ў Гомлi памяняць ажно сем цi восем месцаў працы. Сем цi восем разоў пераязджалi з кута ў кут. І ўрэшце, каб уладкавацца, ёй давялося ехаць у Шклоў. У мяне таксама хапала праблемаў. Я добра скончыў iнстытут (першы выпускнiк), у характарыстыцы было напiсана “прыдатны выкладаць у ВНУ”. Але я ведаў, празь якую праверку праходзяць выкладчыкi ВНУ i таму сказаў, што лепей паеду працаваць у школах Палесься, i, калi ўсё будзе добра, буду паступаць на асьпiрантуру па матэматыцы.

Гэта быў 1951 год. Прыехаў — i мяне прызначылi завучам, а завуч праходзiў праз райкам, дзе мне ясна далi зразумець, што завуч — гэта іх “крэатура”. У камсамол я ўступаў, у партыю прымушалi. Неяк адкруціўся ад гэтага і ад грунтоўнай праверкі. Я працаваў спачатку завучам, пасьля настаўнiкам, а потым тры гады i дырэктарам школы ў Юравiчах. Добра працаваў, бо ня ўмеў інакш.

А так можна лiчыць, што я ўсё жыцьцё пражыў у маскiроўцы. Усё жыцьцё прыходзілася маўчаць, каб цябе ня дай Бог не пачалі цягаць па інстанцыях, не пачалі капацца ў тваёй біяграфіі, правяраць. Бо інакш бы замучылі.

Цяпер пытаюцца: “Чаму ж вы тады не выходзiлi на дэманстрацыi, чаму ж вы тады не змагалiся?” А гэта тое самае, што пытацца: “Чаму ж вы тады не далi расправіцца з вамi, чаму не далi магчымасьцi катам пусьцiць вам кулю ў патылiцу? Чаму не дапамаглi органам дзяржбясьпекi, не прыйшлi i прама не сказалi, што вы супраць таварыша Сталiна? Чаму не прыйшлi i не сказалi, што супраць савецкае ўлады цi што глядзiце на Захад i чакаеце адтуль вызваленьня, бо ўнутранага вызваленьня сваiмi сiламi не дачакацца?” Дзяржбясьпека бы вам была ўдзячная за вашу адкрытасьць, але цi варта было дапамагаць дзяржбясьпецы? Таму людзi, якiя ведалi ўсе хiбы савецкай палiтыкi i дзяржавы, рабiлi вельмi добра i дальнабачна, што маўчалі: яны не далi расправiцца з сабой.

...Вайна адышла ў гісторыю, але ня вырвацца зь яе абдымкаў. Узгадваюцца факты, працую ў пошукавым батальёне, каб ня згасла памяць аб ахвярах вайны. Вялікай вайны, дагэтуль невядомай вайны.

...Я ўсё жыцьцё зьбіраў цікавыя факты. Вось, напрыклад. Шмат якія камандзіры партызанскія золата зьбіралі. Як і паліцаі. Камандзір Юрэвіцкай паліцыі Канапацкі, былы афіцэр НКВД, вырашыў пайсьці ў партызаны, усё пагрузіў, пераехаў у лес. Яго адразу ж паставілі ў падрыўную групу, і на чыгунку. Група вярнулася, а яго няма. Жонка захвалявалася: што, дзе?.. Хвалюешся? Пойдзем пакажам. Пайшлі, вярнуліся — безь яе ўжо. Золата куды пайшло?..

...Зь Беларусі немцы вывезьлі 380 тыс. Вярнулася ж: з жанчын — палова, а з мужчын — толькі трэцяя частка. Рэшта засталіся на Захадзе. Відаць, яны загадзя вырашылі не вяртацца, бо працавалі вельмі добра. Я сам быў гэтаму сьведкам.

...Падпольле? Ягоная роля перабольшваецца. Пакуль немцы пераможна йшлі на Маскву, усе сядзелі, баяліся высоўвацца. Але калі завязалася доўгая, пазыцыйная вайна, то й органы НКВД аднавілі ўсе свае сувязі, а ў іх была велізарная сетка даносчыкаў і правакатараў. Што зьмянілася ў параўнаньні зь перадваенным часам? Раней нейкі ўпаўнаважаны НКВД па раёне сядзеў у сваім кабінэце, а з 1942 г. — у зямлянцы на востраве недзе пад Уздой сярод балота. І вымушаў людзей зноў працаваць на НКВД, прысылаў да сваіх былых агентаў партызанскіх сувязных і казаў так: калі вы адмовіцеся, дык я, па–першае, сям’ю вашу дастану, а, па–другое, папросту падкіну немцам інфармацыю пра тое, чым вы займаліся перад вайной, і яны самі з вамі разьбяруцца. Адны беларусы помсьцілі немцам — і было за што: за роднага, што ў арміі, за зьнявагу, за прымус на працы, нарэшце, за разьбітае жыцьцё. Але былі і паліцыянты, якія таксама вялі свой рахунак. Усё ж дзейнасьць падпольшчыкаў была вельмі абмежаванаю. Я асабіста за гады вайны ў горадзе ня бачыў ніводнай лістоўкі, ніводнай антынямецкай газэты. У стотысячным горадзе хіба што раз у тры месяцы здараліся тэракты: ну хай узарвуць трохі толу — пераб’юць пару дэталяў у станку або шыбу высадзяць. З большых тэрактаў згадваюцца ўзрыў сталоўкі паліцыі бясьпекі (30 забітых), забойства Кубэ і тэракт у Купалаўскім тэатры, калі загінула 10 чалавек. Пра апошні спачатку пасьля вайны гаварылі як пра выдатны акт помсты немцам і іх пасобнікам, пасьля сталі замоўчваць. Мая маці мела квіток на гэты спэктакль, але спазьнілася, на сваё шчасьце. Як адбыўся выбух, падлога правалілася, дык і ёй прыйшлося выскачыць праз вакно. Прыбегла дадому — глядзіць, а ззаду нечай крывёю залясканая ўся сьпіна ў гарнітуры... Афіцыйная вэрсія — што адзін артыст тэатру падчапіў бомбу ў сутарэньнях пад самую столь, там, дзе дэкарацыі захоўваліся. Немцы сваё паседжаньне правялі раней, а на спэктакль сабраліся звычайныя менчукі — на прадпрыемствах раздавалі запрашальнікі. Мо гэты выбух быў нямецкай правакацыяй...

...Калі немцы прыйшлі ў Менск, можна было пайсьці глядзець будынак НКВД. Я хадзіў, глядзеў. Там, дзе круглы вэстыбюльчык, стаяла 10 шафаў, усе запоўненыя шклянымі пласьцінкамі ды здымкамі тых, хто прайшоў праз НКВД — анфас, профіль, нумары... Цікава, колькі было такіх небаракаў, “ворагаў народу”: зірнуў на нумары ў першай шафе — 4000, 5000, у сярэдняй — 40 000, пад канец — ужо за 100 000! Ну, думаю, на нашу маленькую Беларусь... Амэрыканку, круглую турму, таксама можна было наведаць... У Мазыры, калі немцы прыйшлі, яны адкрылі для наведваньняў сутарэньні Міхайлаўскага сабору, дзе НКВД расстрэльвала. Людзі прыходзілі, гладзілі вышчэрбіны ад куляў на сьценах і думалі, мо гэта мой сын ці сястра тут стаялі... Расстрэльвалі, а пад нагамі — магільныя пліты XVIII ст...

...У кабінэтах сьледчых трапляліся дзіўныя рэчы, якія нагадвалі, памятаю, людзі гаварылі, інструмэнты цырульніка. Цяпер я вычытаў, што НКВД закупляла за мяжой спэцыяльныя прылады: іголкі заганяць, пазногці зрываць, костачкі ламаць на пальцах... Калі цяпер кажуць, што ў Курапатах знайшлі пэўную колькасьць нямецкіх куляў, гэта тлумачыцца проста. У 1929—30 гг. ворганы ОГПУ—НКВД закупілі вялікія партыі нямецкай зброі і боепрыпасаў. Дбайныя ворганы мусілі быць узброеныя лепшай зброяй. Савецкі “ТТ” пачынаў даваць збоі пасьля 60 стрэлаў, нямецкі “Вальтэр” вытрымліваў 200 стрэлаў бесьперапыннай стральбы...

...Генэрал Гудэрыян запісаў у дзёньніку наступнае. Калі немцы захапілі Арол, яны знайшлі ў дварэ цэнтралу некалькі тысячаў расстраляных вязьняў. Немцы вырашылі паказаць гэта людзям, адкрылі турму, дазволілі шукаць сваякоў. Людзі прыходзілі, шукалі, знаходзілі. Пакутліва маўчалі, але немцам ня дзякавалі. Мабыць, думалі: “Каб вы не прыйшлі, ніхто б іх не расстраляў, яны б спакойна даседжвалі, з–за вас расстралялі”. Перавернутая сьвядомасьць...

...25 чэрвеня ўлады сталі разьбягацца і выгналі зьняволеных зь менскай турмы. Калёна выйшла пару тысячаў чалавек. Маскоўская шаша была занятая войскамі і бежанцамі, пагналі па Магілёўскай шашы. Два дзённыя пераходы да Чэрвеня. Аддзялілі палітычных ад крымінальных. Пару чалавек, напрыклад, Сямён Кандыбовіч, перапаўзьлі ўночы да крымінальнікаў, памяняліся вопраткамі. На досьвітку крымінальнікаў, “сацыяльна блізкі элемэнт”, які, дарэчы, будзе падрываць акупацыйны рэжым, адпусьцілі, палітычных расстралялі. І прыйшоў сюды ў Менск Сямён Кандыбовіч (які да арышту быў кіраўніком справаў Саўнаркаму), і стаў сябрам Рады даверу пры генэральным камісары, пасьля БЦР. З–пад расстрэлу выратаваліся таксама К.Гержыдовіч (гл. “Народную газету” ад 9—11 ліпеня 1994 г.) і да 30 важных літоўскіх дзеячоў (гл. “Новый взгляд на историю Литвы”, Каунас, 1991, С.166).

Іншага з чэрвеньскіх уцекачоў, ня памятаю ўжо імя, немцы пасьля расстралялі за спэкуляцыю: ён выменьваў сыр–масла на жыдоўскае золата. Жыдоўскае ж золата лічылася ўласнасьцю Райху. І золата палонных таксама. У палоннага пры паступленьні ў лягер бралі падпіску ў тым, што ён ня згубіць свае залатыя зубы. Калі ж згубіш маёмасьць Райху — табе капут... Калі захаваеш — таксама, але пазьней.

...Кажуць, кіраваў чэрвеньскім расстрэлам Васілеўскі, якога пасьля закінулі ў Крупскі раён партызанку арганізоўваць. Немцы яго там схапілі й расстралялі.

...Першае ўражаньне ад немцаў было такое: цябе за нішто не арыштуюць. Адзінае, калі шмат людзей гінула — гэта ў помсту за забітых немцаў. Меўся загад: 50 мужчынаў расстраляць за пашкоджаную лінію сувязі, 100 — за забітага салдата. Але ў рэальнасьці звычайна гэтых прапорцыяў не выконвалі, 10 за аднаго заб’юць, і ўсё. Яно, вядома, вайна давала падставы і для квітаньня асабістых рахункаў: калі суседу хацелі адпомсьціць, падыйдуць, перарэжуць ля суседзкай хаты дрот. За вайну памятаю ў Менску дзьве аблавы: адну, калі забілі нямецкага камісара Кубэ. Другую ж пасьля такога выпадку: шмат сялян прыязджала з Заходняй Беларусі: гандлявалі салам, харчамі ў абмен на прамысловыя тавары. І нейкі хлопец за нешта пальнуў у аднаго немца. Тры суседнія дамы разам зь людзьмі, якія былі каля месца забойства за Суражскім рынкам, былі спаленыя.

...Ноччу можна было быць упэўненым: ноччу ніхто да цябе ня прыйдзе арыштоўваць. Таксама, перш чым прыняць меры, разьбіраліся. У мяне стрыечная цётка Марыя Саўчанка была партызанскай сувязной. Злавілі, дапыталі–дапыталі, адправілі ў Нямеччыну. Пасьля вайны яе ўжо назад, у Менск, не прапісвалі. Яна мусіла жыць недзе ў Барысаве, а лічылася, што яна загінула ў 1945–м. Так прасьцей.

...Памятаю партрэт “Гітлера–асвабадзітеля”. Стаіць Гітлер за крэслам, на плечы накінуты шынэль, шапка на ім. І надпісы па–расейску й па–беларуску, але па–беларуску чамусьці “Гітлер–асвабадзітель”, нават ня “ц”, а “т”. Глядзіць з партрэта так сувора. Эге, думалі людзі, такі вызваліцель запраста сустрэне вечарком і зарэжа... І сапраўды забілі ў Менску да 100 000 габрэяў. Групэнфюрэр Бах–Зелеўскі паведаміў у Нюрэнбэргу: калі Гімлера прывезьлі ў Менск паказаць, як “канчаткова вырашаецца жыдоўскае пытаньне”, выставілі 100 габрэяў і пры ім расстралялі, ён самлеў проста перад афіцэрамі. Як паперкі пісаць — мільён туды, мільён сюды. А як пабачыў расстрэл, яму кепска стала... Далікатная натура.

...Супрацоўнікі НКВД перад вайной жылі ў цэнтры, у чужых кватэрах, сярод мэблі, сканфіскаванай у забітых імі, у чужым розумам сабраных бібліятэках. І лепшыя школы былі для іх, у тым ліку й музычныя. Мая траюрадная сястра Вілена Саўчанка ўладкавалася ў прэстыжную балетную школу, дзе амаль усе дзеці былі дзецьмі энкавэдыстаў. У час вайны школьная трупа танцавала ў Купалаўскім тэатры. Калі пачалося вызваленьне, усе яны, 35 чалавек, выехалі ў Нямеччыну, выступалі там у лягерах беларускіх работнікаў. Пасьля аднойчы выступалі яны ў нямецкім вайсковым лягеры ў Аўстрыі, начавалі на гарышчы. Прачнуліся — у лягеры ніводнага немца. Знайшлі бінокль, бачаць, едуць танкі з зоркамі. Ой, нашы, нашы!.. Аказалася, ня нашы, а амэрыканцы. Выступілі перад амэрыканцамі — дзяўчынкі харошыя, балерынкі — і сталі езьдзіць з гэтай дывізіяй. Прыйшоў час вызначацца. Ну, знаеце, кажуць амэрыканцы, рускіх мы мусім выдаваць, але як вы запішацеся... Яны запісаліся палячкамі, тымі, сімі... Вярнуліся 2—3 дзяўчыны, астатнія выехалі ў Амэрыку. Мая сястра выйшла ў Амэрыцы замуж за менскага міравога судзьдзю. Калі б ён цяпер вярнуўся ў Беларусь, яго б спыталі: судзіў? Судзіў. Кажаш, крымінальнікаў? Маніш... Партызанаў. Крымінальныя злачынствы цяжка адрозьніць ад палітычных...

...А вось гісторыя доктара М.Уладысіка. Добры доктар быў, дацэнт. Спэцыялізаваўся ў лячэньні нырак. Жонка ў яго была габрэйкаю, дачка прафэсара Чарнага. Дык спачатку зь яго ўзялі расьпіску, што ён больш ня будзе ад яе мець дзяцей. Даў расьпіску. Пасьля кажуць: не, гэтага мала. Узялі, жонку стэрылізавалі. Яшчэ праз пэўны час узялі жонку ў гета, а сын, маўляў, няхай будзе з вамі. Празь некаторы час узялі й сына. А пачалося вызваленьне, і ён выехаў за немцамі да Варшавы, баяўся, што яго тут рэпрэсуюць за тое, што ён немцаў лячыў. А ў Варшаве якраз паўстаньне пачалося. І там лячыў. Пасьля вайны вярнуўся ў Менск дажываць доктар М.Уладысік. Жыў сьціпла, непрыкметна. І толькі ў 70–я гады на школе каля Чэрвенскага рынку прымацавалі памятную дошку зь яго прозьвішчам, бо дапамагаў партызанам... Стары мянчук. Мяне малога ў час вайны лячыў ад піеланэфрыту. Доля...

...Зусім унікальны выпадак адбыўся ў вёсцы Слабада Хойніцкага раёну. Стары дзед зварыў кашы, зварыў баршчу і панёс у кастрычніку ў лес. А ў лесе — нямецкі патруль. Ну, ясна, каму нясеш, хто ў лесе. Пачаў камандзір дапытваць, блытаецца ў рускіх словах — дзед ня вельмі й адпіраецца, кажа, а вы па–нямецку дапытвайце, бо бачыць, што немец па–нашаму мала разумее. Скуль жа ты ведаеш нямецкую? А ў першую сусьветную я палонным на ферме працаваў. Дзе? У Прусіі. А хто там быў на ферме? Была фраў Марта і фраў Інге. А што яшчэ было? Было тое і тое. А хлопчык быў? Быў. Дык гэта быў я той хлопчык, — кажа немец. Так выратаваўся стары партызан. Я запісаў гэта, калі быў там у экспэдыцыі ў 1958 годзе, але, на жаль, не занатаваў імя і прозьвішча дзеда. А цяпер і яго няма, і вёска зьнікла... Незваротныя страты. І нічога ня зробіш. Такое ўжо нам наканавана жыцьцё.

19.08.98 Менск

Падрыхтаваў Севярын Квяткоўскі

Пры падрыхтоўцы былі выкарыстаныя матэрыялы сэмінару Заходнепалескага навуковага таварыства “Загародзьдзе”

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Вайна ў ARCHE 2(3)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 9-05-2000