хроніkа |
Уладзімер Плешчанка
|
1–га верасьня 1998 году па Вiцебску пайшла чутка пра тое, што напярэдаднi Мiрон з групай сваiх паплечнiкаў зьняў з пастамэнту ў двары гарваенкамату ля Кастрычнiцкага РАУС бюст Суворава. Ранiцаю я быў на мейсцы здарэньня. Вакол пастамэнту сабралася шмат прадстаўнiкоў гарадзкога кiраўнiцтва ды iншых асобаў у цывiльным, нiбы ў Вiцебску адбылося штось надзвычайнае. На мяне нiхто не зьвярнуў увагi. На-пярэдаднi ўначы мы зь сябрамi Рады «Выбар» распаўсюджвалi па горадзе ўлёткi i газэту «Выбар». Мы з Барысoм Хамайдам акурат працавалi ў гэтым раёне. Каля трох гадзiнаў начы сустрэлiся з намесьнiкам начальнiка Кастрычнiцкага РАУС пад-палкоўнiкам Заблоцкiм, па яго прапанове заходзiлi ў пастарунак. Другога верасьня з ранiцы зьбiраўся ў грыбы — iх таго году было, як нiколi, шмат. Не пасьпеў пасьнедаць i прыбрацца, як да хаты ў вёсцы Вароны (каля васьмi кiлямэтраў па Смаленскай шашы) а палове сёмай ранiцы прыехалi трое малойцаў у цывiльным. Прадставiлiся супрацоўнiкамi крымiнальнага вышуку Кастрычнiцкага РАУС. Кiраваў iмi капiтан Дымакур. Запрасiлi праехаць зь iмi ў аддзел мiлiцыi да падпалкоўнiка Заблоцкага. Запатрабавалi гумовыя боты й крыху ношаны пiнжак. Я зразумеў, што шукаюць Мiрона i падазраюць мяне. Добра ўсьведамляў, што забраныя ў мяне рэчы ня могуць быць доказам майго цi чыйго iншага ўдзелу ў дэмантажы бюсту Суворава, бо забiралi iх незаконна, бязь сьведкаў i пратаколу, упакоўкi i запячатваньня. Я пажартаваў, што гэтыя маладыя людзi проста так ад мяне не адчэпяцца, i, вiдаць, давядзецца разам зь iмi наведаць майго знаёмага падпалкоўнiка. Не аднойчы я меў справу зь мiлiцыянтамi. Здаралася, што сустрэча зь iмi пазбаўляла мяне мажлiвасьцi своечасова вяртацца дахаты. Часам жонцы даводзiлася чакаць мяне пасьля тых сустрэчаў па некалькi сутак. Але ў той дзень я не спадзяваўся, што вяртаньне дадому зацягнецца на сем месяцаў. Ад’ехаўшы ад вёскi ў бок гораду, хлопцы асьмялелi й пачалi мяне апрацоўваць. Пыталiся, як мне ўдалося зьняць бюст, якiм чынам i з кiм я рабiў гэта. Я, вядома, жартаваў, што дапамагалi Бог i супрацоўнiкi мiлiцыi. У мiлiцэйскiм пастарунку панесьлi некуды боты зь пiнжаком, а вярнуўшыся, праз гадзiну абвясьцiлi, што мой удзел у дэмантажы бюсту даказаны, бо забраным у мяне ботам адпавядае сьлед каля пастамэнту, ды яшчэ там застаўся гузiк ад майго пiнжака. Мне застаецца ва ўсiм прызнацца, аддаць галаву генэралiсiмуса Суворава i пасьля гэтага спакойна выпраўляцца дахаты. Не патрабавалi нават выдаць тых, хто мне ў гэтай справе дапамагаў. Я пажартаваў, што калi б здымаў генэралiсiмуса, то неадменна накiраваў бы яго ў падарунак маскоўскаму мэру Лужкову — аматару адстойваць iнтарэсы Расеi за яе межамi. Заўважыў, што любыя доказы трэба здабываць законным шляхам i заявiў, што нiякiх паказаньняў па ўзбуджанай крымiнальнай справе №198982 па факце зьнiкненьня з пастамэнту бюсту генэралiсiмуса Суворава даваць ня буду. |
Праз тры гадзiны сьледчы Аўчыньнiкаў вынес пастанову аб затрыманьнi мяне ў якасьцi падазраванага па факце крадзяжу бюсту арт.87 ч.2 КК.РБ. Я зноў пажартаваў, што, паколькi крадзяжом людзi займаюцца дзеля якой–кольвечы спажывы, дык галаву генэралiсiмуса ў падмурак хаты я мог бы пакласьцi, але хату зараз не будую, а нi на што болей тая галава непрыдатная. У боксе мiлiцэйскага пастарунку трымалi мяне да ночы. Увечары чуў, як прывозiлi на допыт маiх сяброў — Барыса Хамайду й Юрася Карпава. Па паводзiнах мiлiцыянтаў здагадаўся, што й сябры мае паказаньняў не давалi. Глыбокай ноччу адвезьлi ў iзалятар часовага ўтрыманьня. Патрапiў ў камэру да двух небаракаў: адзiн пасьля перапою цi яго iмiтацыi ўвесь час «сядаў на каня», другi скраў на лецiшчы пракурора вобласьцi, Шахметава, мех бульбы. Апошняму давялося ў нечым даверыцца — ня будзе ж, разьлiчыў я, пракурор садзiць свайго рабаўнiка, лепш зробiць яго на ўсё жыцьцё абавязаным ды выпусьцiць. Так яно й сталася, i хлопец гэты ўсё, што прасiў я, зрабiў дзеля мяне. Праз двое сутак iзноў адвезьлi ў аддзел мiлiцыi. Па просьбе майго сябра Барыса Хамайды да мяне наведаўся адвакат Уладзiмер Шайкевiч. Пазнаёмiўся з сутнасьцю справы. Да таго часу сьледчы Аўчыньнiкаў перадумаў падазраваць мяне ў крадзяжы й вынес абвiнавачваньне ў злосным хулiганстве арт.201 ч.2 КК.РБ i разбурэньнi гiсторыка–культурных каштоўнасьцяў арт.225 ч.2 КК.РБ. Як потым высьветлiлася, бюст Суворава да таго часу ўжо знайшлi ў двары за некалькi соцень мэтраў. Сьледчы вынес пастанову аб маiм арышце на час расьсьледаваньня справы з прычыны таго, што, знаходзячыся на волi, я магу перашкодзiць сьледзтву высьветлiць праўду. Адвакат папярэджваў, што прычынаў дзеля майго ўтрыманьня пад вартай нямашака, бо на месцы злачынства я затрыманы ня быў, сьведкаў, якiя б паказалi на мяне, не знайшлося, i ў месцы майго пражываньня анi галавы, анi iншых частак бюсту не адшукалi. Тым ня менш намесьнiк пракурора Кастрычнiцкага раёну Вiцебску У.Казлоў даў санкцыю на мой арышт. Яшчэ сем дзён давялося прабыць у iзалятары часовага ўтрыманьня. Ізноў наведаўся да мяне капiтан Дымакур — дапытваўся, цi маю я дачыненьне да замены на даху аблвыканкаму 14 траўня 1998 г. чырвона–зялёнага сьцягу на бел–чырвона–белы i цi ведаю Мiрона. На дзясяты дзень перавялi ў вiцебскую турму (СІЗА–2); яшчэ сем дзён прабыў у каранцiне, перш як патрапiў у камэру на больш–менш прыстойны ложак. За гэты час бяз мыла, рушнiка, прыладаў дзеля галеньня я стаў нагадваць ваеннапалоннага ў фашыстоўскiм канцлягеры, толькi што не такi схуднелы. І да сёньня не ўцямiў, навошта мяне сямнаццаць дзён трымалi ў такiх умовах, нягледзячы на перанесены некалькi год таму iнфаркт. Можа, хацелi правучыць за адмову даваць паказаньнi? Далей распачалося доўгае й нуднае жыцьцё ў камэры памерам 15 кв.м., дзе часамi мясьцiлася да 25 чалавек. Дзесь пры канцы верасьня мяне выклiкаў у Кастрычнiцкi РАУС новы сьледчы Гiнько, каб узяць пробу на пах майго поту — мабыць, каб даказаць, што рэчы, забраныя ў вёсцы, належаць менавiта мне. Яшчэ раз мы сустрэлiся зь iм у часе закрыцьця крымiнальнай справы 2 сьнежня i болей ужо ня бачылiся. Па справе вiдаць, што яна «шытая белымi нiткамi» й цяжка будзе адшукаць судзьдзю, якi па яе матэрыялах прызнаў бы мяне хоць у чым–небудзь вiнаватым. Тым ня менш Гiнько трымаўся бадзёра, падганяў мяне знаёмiцца з матэрыяламi справы, пагражаў працягнуць тэрмiн сьледзтва, нiбы ад гэтага штось магло зьмянiцца. Апраўдваўся, што калi б за справу з самага пачатку ўзяўся ён, дык абавязкова ўпёк бы мяне на некалькi гадоў. Калi б гэта была шэраговая крымiнальная справа — да канца сьнежня мяне цi апраўдалi б, цi асудзiлi. Са мною ўсё гэта зацягнулася аж на чатыры месяцы. У камэру прыходзiлi новыя людзi. Палову з сукамэрнiкаў складалi забойцы. Шмат у каго крымiнальныя справы былi заблытаныя; тым ня менш iх асуджалi, пераводзiлi ў камэры для асуджаных, накiроўвалi ў зоны, а мой суд усё адкладваўся й адкладваўся. Сукамэрнiкi жартам называлi мяне самым небясьпечным злачынцам. Асноўны кантынгент вязьняў — досыць маладыя яшчэ людзi, не абцяжараныя адукацыяй. Былую савецкую рэчаiснасьць i камунiстычныя iдэi ўспрымаюць абыякава. З зайздрасьцю глядзяць на багатых людзей на Захадзе i разам лiчаць той самы Захад нашым ворагам. У большасьцi гэта людзi з неакрэсьленым сьветапоглядам. Асноўная мэта — набыць як мага больш грошай, каб самасьцьвердзiцца: мець добры аўтамабiль, шыкоўнае адзеньне, сродкi дзеля таго, каб бавiць вольны час, i каб гэтага вольнага часу было як мага болей. Думка, што калi ты не абдурыш, дык абдураць цябе, штурхае iх на парушэньне законаў. Фактычна, палове з тых, з кiм я правёў больш за паўгоду, адсутнасьць маралi дазволiла пайсьцi на забойства. Думаю, тыя, хто сядзеў за рабаўнiцтва, разбой i бандытызм, таксама маглi забiць пры зручным выпадку. Учынкi свае яны апраўдвалi тым, што нiколi ня бралi ў бедных апошняга — ну проста як бальшавiкi, калi прыходзiлi да ўлады. У аснове гэта ўсё ж людзi савецкiя. Другая частка — тыя, каму няма за што пражыць, i яны змушаныя красьцi ў калгасе, на прадпрыемстве, а ў апошнiя гады ўсё часьцей у такiх, як самi. За мех зерня цi бульбы сядзяць побач з забойцамi, i, вядома, пачуваюцца ня дужа ўтульна. Такiм не прыносяць перадачы — няма за што, i яны вымушаныя выпрошваць цыгарэты. Цыгарэты ды гарбата, зь якой вараць «чыф», — у СІЗА найбольшая каштоўнасьць. Не спрабаваў, але, вiдаць, «чыф» як алькаголь дазваляе на нейкi час забыцца на ўсё. Зьдзiўляе iмкненьне сьледзтва й пракуратуры як мага завысiць артыкул абвiнавачваньня цi яго частку, каб як мага цяжэй выглядала абвiнавачваньне. А паколькi больш як палова абвiнавачваных не наймаюць сабе за грошы адваката, а суды разглядаюць такiя справы, як на канвееры, дык няцяжка ўявiць, колькi людзей дарэмна атрымлiваюць завышаныя тэрмiны пакараньня. А тут яшчэ за апошнiя два гады — некалькi ўзмацненьняў КК, нiбыта ўлады за мэту ставяць як мага болей людзей прапусьцiць праз турмы. Празь некалькi год на Беларусi да турмы дачыненьне будуць мець амаль усе. Адны будуць сядзець, другiя — ахоўваць, а дзецi — ці рыхтаваць сябе да працы ў мiлiцыi, цi спазнаваць законы крымiнальнага сьвету. Ахова вязьняў зьневажае, апроч так званых «положенцев», ды й то таму, што каля iх можна чым–небудзь пажывiцца, бо перадачы тым носяць штомесяц, а то й часьцей, бо за пачак цыгарэтаў можна прынесьцi перадачу на iмя сукамэрнiка, у родзiчаў якога на перадачу няма грошай альбо няма каму прынесьцi. Ахоўнiкi звыклiся вакол зэкаў пабiрацца. Нейкую паслабку можна атрымаць за некалькi добрых цыгарэтаў. Наглядчыкi перастаюць заўважаць «кабуры» — прасьвідраваныя ў сьценах памiж камэрамi дзiркi, празь якiя ажыцьцяўляецца перапiска, а таксама перадаюцца цыгарэты й гарбата. Тыя ж ахоўнiкi ня любяць выконваць ускладзеныя на iх абавязкi. Па выходных i ў сьвяточныя днi, калi няма адмiнiстрацыi, лянуюцца выводзiць зэкаў у прагулачныя дворыкi. З гэтай прычыны ў мяне ўзьнiкалi зь iмi сваркi, бо на пагадненьне я ня йшоў, i патрабаваў, каб мяне выводзiлi на прагулку штодня. З–за гэтага ахоўнiкi нават спрабавалi сварыць мяне зь iншымi сукамэрнiкамi, але з гэтага нiчога не атрымалася, бо тым я часта дапамагаў юрыдычнымi парадамi, i тыя ва ўсiм мяне падтрымлiвалi. Увогуле, у турме паважаюць тых, хто ўмее баранiцца — асаблiва ад адмiнiстрацыi й ахоўнiкаў. Абы ня ставiўся зьняважлiва да астатнiх. Цяжкiя ўмовы жыцьця згуртоўваюць розных людзей. Той, хто не скарыўся адмiнiстрацыi — у асаблiвай павазе, як i той, хто змог адстаяць сябе ў судзе цi дапамог зрабiць гэта iншаму. Мой багаты досьвед затрыманьняў мiлiцыяй, два судовыя працэсы па аднаўленьнi на працы, крымiнальная справа па вершы С.Адамовiча «Убей президента», грамадзянскiя справы памiж газэтай «Выбар» i выканаўчымi ўладамi дужа прыдалiся. Але да такiх зь перасьцярогай ставiцца адмiнiстрацыя, iх iмкнуцца запалохаць, зламiць, пасварыць зь iншымi вязьнямi. А калi не атрымлiваецца — iмкнуцца прыцiснуць усiх, хто сутыкаецца зь iмi. У нашай 109 камэры амаль увесь час быў тэлевiзар. Быў i тады, калi туды пасадзiлi мяне, але празь месяц чалавека з тэлевiзарам перавялi ў iншую камэру. А калi тэлевiзар блiзкiя спрабавалi прынесьцi iншым сукамэрнiкам, iм тлумачылi, што не перададуць, бо камэра «балаваная». Але ж у 109 камэры мацюкалiся менш, чым ахова, зь якой з–за гэтага ды яшчэ з–за неўспрыманьня маёй беларускай мовы даводзiлася весьцi сапраўдную вайну. Вiдаць, каб пазбавiць мяне сувязяў з воляй на час апошнiх паведамленьняў адключалi нават радыёкропку. Але з сукамэрнiкамi мяне гэта не пасварыла. Фактычна, усе ў камэры былi ўпэўненыя, што з судом у адносiнах да мяне ў сьледзтва й пракуратуры нiчога не атрымаецца, спачувалi й з паразуменьнем ставiлiся да майго ўзросту й ня дужа добрага стану здароўя. Некаторыя хлопцы навучылiся амаль без памылак пiсаць па–беларуску мне запiскi (мулi) і перадаваць iх пасьля таго, як iх асуджалi цi пераводзiлi ў iншыя камэры. Было два–тры выпадкi, калi ў камэру траплялi новыя вязьнi й спрабавалi задаваць мне пытаньнi, якiя маглi ўзьнiкнуць адно ў чалавека, якi добра ведае дзейнасьць арганiзацыi «Выбар». З такiмi пераходзiў на жарты цi рабiў выгляд, быццам нiчога не разумею. Зрэшты, вязьнi такiх хутка распазнаюць, i ў камэрах яны доўга не затрымлiваюцца — нiхто iх ня б’е, проста перастаюць заўважаць i празь нейкi час iх пераводзяць нiбы ў бальнiчную камэру цi яшчэ куды. Нездарма ж у турме столькi апэратыўных работнiкаў. Зьнешне яны займаюцца толькi тым, што носяць вязьням лiсты. Ёсьць у штаце й выхавальнiкi. Іх прызначэньня я так i не зразумеў. Дзесь у пачатку маёй адседкi у камэру зайшоў адзiн такi — маёр Лук’янаў, якi патлумачыў, што добра ведаў мяне на волi. Сказаў. што ў яго абавязкi ўваходзiць пазбаўляць вязьняў за парушэньне рэжыму перадачаў, а пры неабходнасьцi й пачаставаць дубiнкай. Аднойчы выклiкаў такога парушальнiка й запытаў, чаму той аддасьць перавагу — аднаму ўдару дубiнкай цi пазбаўленьню перадачы на месяц. Безь перадачы хлопец заставацца не захацеў i выбраў дубiнку, тым больш гэта ў асабовай картцы не фiксуецца. Калi празь некалькi дзён Лук’янаў наведаў камэру, я спытаў, цi добра накармiла яго жонка пасьля той цяжкой «выхаваўчай працы». Пасьля гэтага мы яго больш ня бачылi. Сутыкнулiся аднаго разу, калi выводзiлi ўсiх «на шмон» — праверку. Ён за нешта папракнуў мяне, а адзiн зь ягоных паплечнiкаў усур’ёз пачаў тлумачыць сукамэрнiкам, нiбыта з–за таго, што я зьняў бюст Суворава, у Расеi, а потым i ў Беларусi распачаўся крызыс. Больш сутыкацца з выхавальнiкамi не давялося. Яшчэ адна служба СІЗА — гэта спэцчастка. Яе абавязкi — арганiзоўваць справаводзтва i перамяшчэньне афiцыйных дакумэнтаў i рашэньняў судоў, пастановаў пракуратуры аб працягу тэрмiну сьледзтва, скаргаў вязьняў. У вынiку майго незаконнага арышту i ўтрыманьня пад вартай гэтых скаргаў ад мяне паступiла нямала. Спачатку iх добрасумленна выпраўлялi па прызначэньнi. А потым, вiдаць, цi сьледзтва, цi пракуратура параiлi не выпраўляць. На гэта давялося скардзiцца абласному пракурору празь неафiцыйны, т.зв. «зялёны канал». Высьвятляць прычыну затрымкi маёй карэспандэнцыi прыходзiў памочнiк пракурора вобласьцi, але як заўжды ў такiх выпадках, нiякiх парушэньняў не знайшоў. Як кажуць, даручылi ваўку авечак пасьвiць! Калi падвесьцi вынiкi майго знаходжаньня за кратамi на працягу сямi месяцаў — гэта дарэмна страчаны час. Адзiнае, што я вынес адтуль — гэта перакананьне, што йснуючая сыстэма пакараньня правапарушальнiкаў не перавыхоўвае, а наадварот, азлабляе, робiць непрыдатным да нармальнага цывiльнага жыцьця. Цi не таму тыя, хто адбыў пакараньне, празь нядоўгi час трапляюць зноў за краты.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |