Logo ARCHE

Кабеты ў 3(4)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 3(4)-1999

kрытыkа


Аляксандра Андрыеўская
Пра Святлану Алексіевіч


…Лукашэнка і Алексіевіч —
гэта Адам і Ева…

… у размове

Пачну з банальнага. Пра Святлану Алексіевіч пісаць цяжка. Па–першае, таму, што існуе моцны бездакорны вобраз народнай пісьменніцы, імя якой ставіцца ў адзін шэраг з імёнамі Адамовіча, Быкава, Барадуліна. То бок з людзьмі, што амаль для ўсяго свету ўвасабляюць і прадстаўляюць сённяшнюю беларускую культуру. Сама спадарыня Алексіевіч таксама не адмаўляецца ад гэтай прыналежнасці: “Я, Быков, Бородулин — находимся в оппозиции к власти”1.

Апроч таго, яе творчы лёс непарыўна звязаны з імем Алеся Адамовіча — адной з сакральных постацяў нацыянальнай самасвядомасці. Карыстаючыся лексікай літаратурных крытыкаў і інтэрв’юераў Святланы, яго сапраўды можна назваць “настаўнікам”, “хрышчоным бацькам” пісьменніцы.

Нягледзячы на тое, што прэса часта згадвае пра так званых “ворагаў”, “зайздроснікаў”, “паклёпнікаў” таленту Святланы, мне выключна рэдка даводзілася сутыкацца з негатыўнай ацэнкай яе творчасці ці яе асобы. Для пераважнай большасці людзей Алексіевіч — гэта голас народу, амаль ніхто не ставіць пад сумнеў праўдзівасць апавяданых ёю гісторыяў. Магчымая насцярожанасць ці нападкі на яе ўспрымаюцца як замах на нацыянальную святыню. Напрыклад, Анатоль Мяснікоў у артыкуле “Самы галоўны трыумф” кажа: “Аднак калі сумленна і шчыра, то не бачыць і не чуць яе як Асобу, як Творцу, як Праведніцу (курсіў мой — А.А.) можа толькі зусім сляпы ці поўнасцю глухі”2.

Карацей, народны давер да Святланы Алексіевіч набліжаецца да абсалютнага.

А па–другое, літаратуразнаўчыя, культуралагічныя, сацыяльныя і да т.п. ацэнкі яе творчасці як факту культуры мінімальныя. Пісьменніца, якая ўжо цяпер мае пяць “народных” кніг, кожная з якіх станавілася грамадскай падзеяй, амаль не стала аб’ектам “другаснай” літаратуры. Усе больш–менш навуковыя разважанні пра яе творчасць зводзяцца да вызначэння жанру, абмяжоўваюцца прадмовамі–пасляслоўямі, артыкуламі, дзе аналізуецца выяўленне ў гэтых кнігах ізноў жа народнай свядомасці, кароткімі занатоўкамі і вялікімі інтэрв’ю. Для мяне такая сітуацыя выглядае парадаксальнай.

Ужо згаданы спадар Мяснікоў падзяляе аўдыторыю Святланы Алексіевіч на тры групы: “адны — цэняць, шануюць, паважаюць. Другія — ненавідзяць, усяляк шкодзяць, спрабуюць “не заўважыць”. Трэція — зайдросцяць”3.

Маю смеласць сцвярджаць, што я засталася па–за гэтымі групамі, а можа, Мяснікоў проста каго–небудзь “не заўважыў”.

 

* * *

 
...От повести к повести всесветная слава писательницы растет,
меж тем как тексты ее на девяносто девять процентов
принадлежат другим людям!

Лев Аннинский4

Вялікія парадоксы складаюцца з малых. Абмінуўшы літаратурныя дыскусіі пра суадносіны дакументальнага і мастацкага, факту і вымыслу, рэальнага і не–рэальнага, звернемся да больш глыбіннай апазіцыі “ўнутранае — вонкавае”. Творы Святланы Алексіевіч, з магчымымі і распаўсюджанымі азначэннямі кшталту “дакументальная проза”, “журналісцкая проза”, усё ж такі лічацца літаратурай, то бок тым, што я буду называць унутраным, ці першасным. Ніхто не будзе аспрэчваць, што станаўленне постаці Алексіевіч пачалося з яе кніг, якія маглі б разглядацца ў сферы літаратуразнаўства. Аднак жа гэтага амаль не адбываецца і, на мой погляд, якраз таму, што на першы план выйшла пытанне пра “праўдзівасць”. Яно засланіла сабою самі творы, іх мастацкія якасці і да т.п., затое лабараторна (то бок ненатуральна) стварыла жыватворную глебу для аўтарскіх і крытычных апраўданняў, тлумачэнняў, апісанняў — усёй той гаварыльні, якая ўласцівая звычайнаму папулізму, адкуль просты шлях да ідэалогіяў і пабытовага таталітарызму. Гэта я і называю вонкавым. Такім чынам, мы маем справу са знакам не проста другаснай прыроды, які падмяняе сабой нешта першаснае, а з ужо некалькі разоў пераазначаным феноменам, глыбінная сутнасць якога схаваная (ці незваротна скажоная).

Літаратуразнаўцу бязмежна цяжка прадзірацца да факту, да літаратурнай ці няхай сабе дакументальнай творчасці Святланы Алексіевіч. Хаця я перакананая, што яе проза безумоўна цікавая, па–сапраўднаму мастацкая, жывая і, калі хочаце, праўдзівая; бо любы таленавіты тэкст парушае рамкі рэальнасці. А разважанні пра праўду і крыўду адносна твораў мастацтва — справа дылетантаў. Узгадаем хаця б тое, што прынцып верыфікацыі гэтай самай верыфікацыі і не паддаецца. Дарэчы тут будуць і ўжо збітыя словы Оскара Уайльда аб тым, што хутчэй жыццё імітуе мастацтва. Дык вось яшчэ парадокс: адзінае, што замінае мне звярнуцца да твораў Святланы Алексіевіч, — сама Святлана Алексіевіч.

Асноўная характарыстыка яе спосабу пісьма — медыюмічная роля аўтара. Усе героі гавораць праз Святлану. Для такой літаратуры не слова будзе першапачаткавай крэатыўнай адзінкай, а чалавечая гісторыя. Свет, які прадстаўляе нам Святлана Алексіевіч, як у мазаіцы, складаецца з жыццяў. На карысць гэтай заўвагі сведчаць і сардэчныя (то бок несвядомыя) словы Міколы Гіля з віншавальнага артыкулу з нагоды юбілею пісьменніцы: “...цярпенне, жаданне гадамі працаваць з чужымі жыццямі, прытым працаваць гэтак, каб яны сталі працягам твайго жыцця” (курсіў мой. — А.А.)5.

Тут дазволю сабе не пагадзіцца з думкай Валерыя Ліпневіча пра тое, што “предельная откровенность реально существующих людей вызывает абсолютное доверие читателя. Привлекает и “отсутствие” писателя. Никакой авторитарности, учительства, навязывания своего мнения. Предельный — в соответствии с запросом времени — демократизм. Герои в полной мере разделяют тяжесть авторства”6.

Ён, дарэчы, паўтарае думку Алеся Адамовіча: “Сама жизнь современная подсказала такой материал, и этот путь, и этот жанр. Если кто и “повинен”, то она: к ней и претензии, с нее и спрос!”7.

Найбольш сумленным абвяржэннем гэтых ідэяў будуць якраз словы самой Святланы: “Ствараць свет не па законах бытавога праўдападабенства, а “па вобразу і духу свайму”8.

Калі мы гаворым пра літаратуру, адказнасць за яшчэ адзін вобраз рэальнасці кладзецца выключна на аўтара, пытанне ў тым, ці здолее ён вытрываць цяжар гэтай адказнасці.

Я свядома пазбягаю глыбокага навуковага аналізу, бо прадмет майго даследавання — сацыяльны вобраз Святланы Алексіевіч. Дык вось, Святлана бярэ на сябе гэтую адказнасць, і нават больш таго. Калі паддацца на правакацыю пра “праўдзівасць”, то пры элементарным лагічным разважанні над стылем аўтаркі вымалёўваецца наступны ланцуг: рэальны герой і яго сапраўдная гісторыя — аўтар — тэкст. Самым прымітыўным чынам аналізуючы ўзаемаадносіны паміж гэтымі звёнамі, можна прыйсці да высновы, што абсалютнай ісцінай (што, канешне, вельмі ўмоўна, бо кожны мае сваю інтэрпрэтацыю падзеяў) валодае толькі рэальны герой. І казаць пра праўду мае права толькі ён. Тое, што Святлана робіць з гісторыямі, якія ёй апавядаюць, ужо выштурхоўвае іх за межы факту, бо яны губляюць сваю жыццёвую аўтэнтычнасць і набываюць аўтэнтычнасць мастацкую. Я яшчэ раз паўтаруся, што яе творчасць перш за ўсё літаратурная, і сама спадарыня Алексіевіч неаднаразова пра гэта кажа: “Документ в искусстве — не справка из военкомата. Книги, которые я пишу, это особого рода проза. Это документ и в то же время мой образ времени”9.

Трэба адзначыць, што гэтая заўвага вельмі трапная, хаця выказванне надта неасцярожнае, бо, на маю думку, пісьменніца не вельмі сумленным чынам стварае свой аўтарытэт. Мне здаецца, што дыскусія пра “праўдзівасць” інспіраваная самой Алексіевіч. Так, яна кажа: “Жанр, в котором я работаю, — жанр достоверности. Люди сегодня разочаровались во многом, а моим книгам они верят. … А главная наша надежда — молодежь, и мы обязаны ее сохранить”10.

Што можа мець за мэту мастак, які з надрывам, год за годам дэманструе перад усімі свае сумленне, шчырасць, душэўнасць, сцвярджаючы праўдзівасць сваіх твораў? Магчыма, такім чынам Святлана імкнецца абараніць сваіх герояў? Але нешта балюча знаёмае праглядае скрозь гэтую лексіку, тон размовы… Людзі, моладзь, мне вераць, мы абавязаныя, наша галоўная надзея… Ці не наводзіць гэта на думку, што мы маем справу з феноменам не літаратурным, і нават не грамадскім, а палітычным?

Я магла б не звяртаць на гэта ўвагі: палітыка мяне мала цікавіць. Толькі ёсць гэтыя 99%, пра якія так недарэчна згадвае Леў Анінскі. Дзевяноста дзевяць працэнтаў “чалавечага матэрыялу” — жанчын і дзяцей часоў вайны, самазабойцаў, афганцаў, чарнобыльцаў, — якія маглі б стаць героямі дакументальнай прозы, а сталі электаратам спадарыні Алексіевіч.

Прывяду яшчэ адну цытату, якая падкрэслівае відавочную мастацкую вартасць твораў пісьменніцы, і з якой я збольшага згодная: “В случае со Светланой Алексиевич мы имеем дело с безусловно новым явлением, хотя вроде бы документализм сам по себе не такая уж и новость. Но до сих пор нам чаще всего встречался документализм идеологизированный, то есть рядящийся под документальность и не заинтересованный в реальности. То, что делает Алексиевич сегодня, можно назвать новой литературой факта. Именно гласность, открытость общества сделали возможным появление ее книг. В них звучит неприкрашенный голос народа. В сущности, писатель выполняет работу целого института по исследованию народного сознания. Благодаря ее книгам мы точнее представляем, в какой стране мы живем”11.

Гэта сапраўды верна, але ці мае права аўтар, “чьи тексты на девяносто девять процентов принадлежат другим людям”, дадам — чые тэксты ёсць акумуляцыяй чалавечых пакутаў, браць на сябе функцыі “рупара пачуццяў”, выступаць ад нечага імя па–за літаратурным тэкстам, прадстаўляць групу людзей і, урэшце, увесь народ? Ці не нагадвае гэта палітычныя прыёмы, а шырэй — як гэта стасуецца з патрабаваннямі этыкі? Як тут не згадаць словы Алеся Адамовіча: “Читатель остается один на один с правдой, только правдой, и ни с чем (ни с кем) больше!” (курсіў мой. — А.А.)12

 

* * *

 
Да, это русский характер…
Валерий Липневич13

Ідэя месіянства, іманентна ўласцівая рускай культуры і рускай ментальнасці ўвогуле, натуральна блізкая і Святлане Алексіевіч. Рускі варыянт гэтай ідэі грунтуецца выключна на трагедыях і слязах, а яе рухавіком ёсць нічым не патлумачаны інстынктыўны давер. Прырода гэтага даверу мусіць разглядацца не ў сферы веры як такой, а выключна ў рэлігійных тэрмінах, яна гэтаксама не мае ў падмурку ніякай нацыянальнай ідэі, як гэта было, напрыклад, у немцаў перыяду нацыстаў, бо рускія, насамрэч, не ў стане выразна патлумачыць адчуванне сваёй расавай перавагі (а рускія, як мінімум, лічаць сябе расай). Для іх быць рускім — значыць быць рускім. Ніякія Бязухавы і Раскольнікавы не могуць прадстаўляць рускі характар. Лепшы герой рускай літаратуры — безумоўна, Герасім.

Гэты самы народны давер да месіі (зараз кожная больш–менш яркая постаць успрымаецца як месія) заснаваны на элементарнай сацыяльнай безадказнасці, што, паводле Арэндт, ёсць першапрычынай таталітарызму. Такім чынам, рускую самасвядомасць можна ахарактарызаваць як таталітарную.

У пасляслоўі да кнігі “Апошнія сведкі” Алесь Адамовіч распавядае пра прыезд у Менск канадскай журналісткі, якая працавала ў адным жанры са Святланай Алексіевіч. Даведаўшыся, што для сваёй кнігі яна збіраецца апытаць тры–чатыры чалавекі, Адамовіч настойліва параіў ёй звярнуцца да нашмат большай колькасці людзей. Вось і прыклад адрознення паміж заходняй і рускай пісьмовай традыцыяй. Рускае гора моцнае сваёй усеахопнасцю, праз чалавечы боль рэалізуецца самая інтымная мара рускага чалавека — агульная роўнасць. Так і Святлана ў адным са сваіх інтэрв’ю кажа: “Как бы ни говорили сейчас о социалистической идее, какое бы поражение она ни потерпела, все–таки она останется с человечеством бесконечно. Идея справедливости будет мучить наших людей. Как бы сейчас все ни молились на этот “рынок”, все–таки неравенство аморально. Понимаете? В каком–то глубинном смысле. Не знаю, может быть, я действительно человек, воспитанный тем миром и литературой, но я вижу, что и опыт всей “левой” интеллигенции, и все книги, написанные с тех пор, как только люди начали их писать, свидетельствуют о том, что неравенство всегда беспокоило ум человеческий”14.

Гэтая роўнасць добра жывіцца праваслаўнай ідэалогіяй. Так, біблійныя матывы гучаць у адной з самых спрэчных кніг Алексіевіч “Цынкавыя хлопчыкі”, толькі неяк кампазіцыйна недарэчна, з разлікам на тое, што Біблія, як кніга безумоўна геніяльная, ніколі не зашкодзіць. Гэтая праваслаўная роўнасць, руская саборнасць (а творы Алексіевіч часам называюць саборнымі раманамі) абсалютна адпавядае ідэі сацыялізму, што вельмі ўдала выразіў Шпэнглер, кажучы, што “хрысціянства Талстога было памылковым. Ён казаў пра Хрыста, а меў на ўвазе Маркса”.

Эстэтыка распаду, “душевный надлом”, крызіс, жыццёвая трагедыя, хвароба — тэмы, на якіх руская літаратура не адны зубы з’ела. Прычым рускі народ — адзін з самых неспакойных і клопатных у свеце. Прага пакаяння, “осмысления трагедии” ў яго настолькі моцная, што ствараецца ўражанне, нібыта ўсе маленькія і вялікія гістарычныя катастрофы гэтай нацыі задумваліся з улікам наступнага прылюднага, гучнага і эмацыйнага галашэння. Момант (даволі працяглы, дарэчы) гэтага пакаяння і становіцца галоўнай тэмай Святланы Алексіевіч, бо словы “наша” і “рускае” яна піша праз коску, як сінонімы.

Хаця некаторыя заходнія крытыкі лічаць яе нашчадкам традыцыі рускіх пісьменнікаў, асэнсавання ў творах Святланы якраз і няма. Іх вылучае статычнасць і нават статыстычнасць наратыву. Як ні жорстка гэта прагучыць, але Алексіевіч займаецца свядомым калекцыянаваннем чалавечага болю. Яе творы звышзамкнёныя, непраніцальныя і могуць быць звязаныя толькі адно з адным, як своеасаблівы серыял. Гэта ізноў жа характэрная рыса рускай свядомасці і культуры, для якой па–за полем рускасці нібыта нічога не існуе, чым і тлумачыцца існаванне і папулярнасць азначэння “нярускі”, якім называецца ўсё Іншае.

Словы пра “нацыянальную афарбоўку” Святланы Алексіевіч ужо пайшлі ў народ і сталі надзіва моднымі. Такім чынам беларускае выяўляецца ў яе творах як свайго роду дэкор, лёгкі каларыт, паблажліва даравальны акцэнт малакультурнасці і правінцыйнасці. Параўнаем хаця б такія выказванні з яе кнігі: “Только на почве русской культуры и можно будет осмыслить катастрофу… Только она к этому готова” (“Чарнобыльская малітва”) і выснову, якую робіць на падставе гэтага Валеры Ліпневіч у сваім вельмі прафесійным артыкуле: “Эта “жизнь не на земле” также от своеобразия российского — и советского в том числе — характера (тут семантычнае поле “савецкі” ўжо нават уваходзіць у поле “рускі”. Яўны перабор! — А.А.), от безоглядной устремленности в будущее, презирающей, по существу, день сегодняшний, его малые, будничные заботы. В какой–то мере это следствие огромных и манящих территорий, желание подчинить их и устремиться далее. И тут, конечно, некогда думать об их обустройстве, доведении до ума, до человеческого уюта. В этом смысле белорусский характер представляется в какой–то мере дополняющим, для него очевидна самоценность сегодняшнего земного бытия, он растворяется в настоящем, спокойно владеет и обустраивает его, снова и снова возрождая жизнь на пепелищах”15.

Не дзіва, што рускія хочуць жыць разам з намі. Як нацыі відавочна маскуліннай, ім трэба, каб за імі нехта падмятаў.

У сваіх інтэрв’ю Святлана Алексіевіч з лёгкасцю дыскрэдытуе беларускую нацыянальную ідэю, зусім не клапоцячыся пра тое, якія наступствы маюць яе словы. Так, напрыклад, яна кажа: “Появились молодые люди, прекрасно владеющие языком, но за этим не столько дух национального возрождения, сколько стремление приобщиться к элите.

Наши писатели обижаются, что их не переводят на Западе. Но не хотят признать, что читатели открывали нас через русский язык. В то же время я понимаю, что в такой жесткой конкуренции с русским языком и американской масскультурой вряд ли у белорусского языка есть реальная возможность возродиться. Ситуация трагическая”16.

Так, рускі характар фармуе сваю нацыянальную годнасць не на гонары за ўласную прыналежнасць да нацыі, а на пагардлівым стаўленні да іншых народаў.

Рускага месію адрознівае яўная эмацыйная неўраўнаважанасць; паталагічная цікавасць да пакутаў, болю; адсутнасць памкнення да дзеяння; варожае стаўленне да Іншага; вера ў валоданне абсалютнай праўдай; падкрэсленая прастата і сціпласць.

 

* * *

 
Ні да чаго, нават да чалавечага жыцця,
мы не адносімся так беражліва,
як да міфаў пра саміх сябе.

Святлана Алексіевіч17

Міфалагізаванасць нашага грамадства дасягае крытычнага пункту. Святлана Алексіевіч ёсць адным з тых міфаў, інтэнсіўнае фармаванне якога мы можам бачыць на ўласныя вочы. Прычым гэты міф мае відавочна таталітарную прыроду.

Асноўная глеба для ўзнікнення любой міфічнай істоты — унікненне аб’ектыўнасці, парушэнне рэальнасці ці тое, што Барт называў “сканчэннем сэнсу”. У выпадку Алексіевіч гэтае сканчэнне супадае з апафеозам банальнасці. Вось, напрыклад, як тлумачацца вынікі рэферэндуму 1995 года: “Это связано, конечно, и с экономическими трудностями — с очень высокими ценами, с тем, что экономические проблемы, по большому счету, не решаются, но это связано и с тем, что демократы не предложили никаких реальных путей развития страны”18.

Праўдзівасць і шчырасць, як ні дзіўна, сталі адным з самым моцных фактараў разбурэння рэальнасці, якое ў творах і светапоглядзе Алексіевіч падмяняецца вострым адчуваннем трагедыі. Разбурэнне, як вядома — гэта найбольш сапраўдны і неаднаразова правераны сродак авалодання і замацавання. Рэвалюцыі — самая простая ілюстрацыя гэтага прынцыпу. Сама Святлана кажа: “…Мы — заложники культуры борьбы”19.

У творчасці Алексіевіч трагедыя стала не проста сродкам зразумення чалавека, у якой ён адкрываецца найбольш глыбока і поўна. Трагедыя падмяніла сабой жыццё і зараз паспяхова выкарыстоўваецца Святланай. Няма амаль аніводнага жыццёвага выпадку, які яна не магла б ахарактарызаваць з дапамогай трагедыі. Параўнаем: “Конечно, наша история трагическая…”; “Мы — заложники культуры борьбы. Это трагично”;20

“В то же время я понимаю, что в такой жесткой конкуренции с русским языком и американской масскультурой вряд ли у белорусского языка есть реальная возможность возродиться. Ситуация трагическая”21; “Коммунист, демократ… под крышкой гроба, перед трагедией человеческой жизни все это чепуха”22; “Какой–то удивительный народ. Трагический народ. И его трагедия не кончается”23; “Это трагедия” (эміграцыя Някляева)24.

Ганна Арэндт у сваёй працы “Вытокі таталітарызму” кажа, што тлумачэнне трагедыі мае нашмат больш магчымасцяў, чым тлумачэнне дзеяння. Сапраўды, лягчэй апісваць пакуты, чым супрацьстаяць таму, што іх выклікае. Любое дзеянне неабходна звязанае з памылкамі, а словы лёгка паддаюцца апраўданню і гэтаксама лёгка забываюцца. Дарэчы, для асобаў з сіндромам месіі словы — гэта толькі сродак; галоўнае — вобраз, інтанацыя, агульны настрой. Святлана Алексіевіч, у тым вобразе, які зараз існуе, мае пэўную манаполію на трагедыю і моцны імідж лепшага эксперта па катастрофах.

Сама Святлана сцвярджае, што “не дело интеллектуалов быть властью или бороться с властью. Осмысливать процессы, подходы к жизни — вот что мы должны делать. Должны дать человеческой душе ориентиры, чтобы ее не захлестнули какие–то уже буквально космические размеры зла”25.

Аднак Алексіевіч ніякіх арыенціраў не дае. Яе творчасць мае выключна апісальны характар і магла б казаць сама за сябе. Тым не менш Святлана Алексіевіч з зайздроснай рэгулярнасцю агучвае ў прэсе папулярныя “народныя” ідэі: “Наверняка меня многие в Белоруссии не поймут, но я считаю, что сейчас нереально сделать единственным государственным языком белорусский”; “Но я все–таки думаю, что замыкаться нельзя, и не представляю, чтобы Белоруссия повернулась, скажем, в сторону Польши. Русская культура нам все–таки ближе. Это мой взгляд”26;

“Я очень сомневаюсь, что в конце ХХ века наш маленький народ может начать новую, совершенно отдельную ото всех других народов историю”27.

Дастаткова ўдала выкарыстоўваецца і так званая сацыяльная безадказнасць масаў, якая ўласцівая і самой пісьменніцы. Напрыклад, “в появлении фашизма нужно винить современных политиков, все эти бесконечные партии, которые бездумно развалили то, что существовало, и не предложили ничего взамен”28. На такіх выказваннях добра можа даследавацца комплекс “сацыялістычнага дзіця” (тэрмін Я.Гайдара), якое, дарэчы, ёсьць галоўным героем твораў Алексіевіч. Зазначу яшчэ, што сувязь з беспамылкова кранальнымі жыццёвымі тэмамі — вайна, Чарнобыль, Афганістан, смерць, каханне — дазваляе Святлане Алексіевіч амаль бясконца карыстацца мастацкімі стэрэатыпамі і рэфлексійнымі мадэлямі.

Такім чынам, Святлана Алексіевіч — істота міфічная, але ўсё ж такі менш міфічная, чым героі класічнай кнігі Куна. Сучаснае міфаўтварэнне пазбаўленае рамантычнасці і жорсткасці, якой вылучаюцца старажытныя міфалогіі. Хутчэй за ўсё, у ім проста няма натуральнасці і шчырасці. Як любы штучна створаны прадукт ён не пранікае ў глыбіні падсвядомасці, а застаецца вонкавай праявай сённяшняй рэальнасці. Святлана Алексіевіч — прывід эпохі галоснасці і перабудовы, які, дзякуючы своеасаблівай тармазнутасці беларускага характару, будзе існаваць, пакуль не настане эпоха Іншага.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by

1 Светлана Алексиевич: “Свободу нельзя ввезти в страну, как швейцарский шоколад”. — Книжное обозрение, 1998, №35, с.11.
2 Мяснікоў Анатоль. Самы галоўны трыумф. — Звязда, 1998, 30 мая, с.2.
3 Тамсама.
4 Аннинский Лев. Оглянуться в слезах. — Книжное обозрение, 1998, 26 мая, с.8.
5 Гіль Мікола. Гжэчная мужнасць. — Роднае слова, 1998, №5, с.200.
6 Липневич Валерий. Прощание с вечностью. — Всемирная литература, 1998, №7, с.149.
7 Светлана Алексиевич. Последние свидетели. Посл. А.Адамовича. М., 1985, с.170.
8 Светлана Алексиевич. Цинковые мальчики. Мн., 1991, с.15.
9 Цит. по Аннинский Лев. Оглянуться в слезах, с.8.
10 Светлана Алексиевич: “Свободу нельзя ввезти в страну…”, с.11.
11 Липневич Валерий. Прощание с вечностью. — Всемирная литература, 1998, №7, с.149.
12 Светлана Алексиевич. Последние свидетели. Посл. А.Адамовича, с.168.
13 Липневич Валерий. Прощание с вечностью, с.145.
14 Светлана Алексиевич. Территория отдельного человека…, с.11.
15 Липневич Валерий. Прощание с вечностью, с.147.
16 Светлана Алексиевич. Территория отдельного человека…, с.5.
17 Святлана Алексіевіч. Цынкавыя хлопчыкі. Мн., 1991, с.15.
18 Светлана Алексиевич. Территория отдельного человека…, с.4.
19 Светлана Алексиевич: “Свободу нельзя ввезти в страну…”, с.11.
20 Тамсама.
21 Светлана Алексиевич. Территория отдельного человека…, с.5.
22 Тамсама. с.8.
23 Светлана Алексиевич. Территория отдельного человека…, с.11.
24 Шапран Сергей. Некляев заговорил и обвиняет во всем “антибелоруса” Заметалина. — Имя, 1999, 1 июля, с.6.
25 Светлана Алексиевич. Территория отдельного человека…, с.7.
26 Тамсама. с.5.
27 Тамсама. с.10.
28 Тамсама, с.6

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links
0.gif (807 bytes)

Кабеты ў ARCHE 3(4)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 19-05-2000