Logo ARCHE

 Кабеты ў 3(4)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 3(4)-1999

гісторыі


Маргарэт Этвуд
Балотны чалавек


Маргарэт Этвуд (нар. у 1939) — самая знаная сучасная канадзкая пісьменьніца, аўтар 9 раманаў, 3 зборнікаў апавяданьняў, 2 зборнікаў кароткай прозы і 14 кніг паэзіі. Напісала шмат кніг для дзяцей. Жыве ў Таронта зь пісьменьнікам Грэмам Гібсанам і дачкой. Аўтар раману “Alias Grace”, які ў 1996 годзе атрымаў канадзкую прэмію Giller Prize.
 

Джулія парвала з Конарам пасярод багны.

Джулія моўчкі ўзгадвае: ня тое, каб пасярод, — не па калена ў гнілым лісьці й сумнеўнай рудой вадкасьці. Больш–менш на ўскрайку, так бы мовіць, у межах дасяжнасьці. Ну, калі ўжо дакладна, то ў гасьцініцы. Ці нават і не ў гасьцініцы, а ў пакоі ў пабе — што мелася ў наяўнасьці.

Дый у любым выпадку, там была ня багна. Там было проста балота. Багна — гэта балота топкае, дрыгва. Колькі разоў Конар мусіў тлумачыць розьніцу? Разоў колькі. Але Джуліі падабаецца, як гучыць слова “багна”. Яно больш таямнічае й неадчэпнае. Вось жа й пра прыбіральню можна сказаць: “Ну й балота!” Калі такое чуеш, адразу зразумела, што прыбіральня будзе разваленай і сьмярдзючай, і туалетнай паперы тамака ўжо напэўна ня будзе. Таму Джулія заўсёды кажа: “Я парвала з Конарам пасярод багны”, — гэта гучыць больш інтэлігентна, больш томна.

Узгадвае яна таксама й іншыя рэчы. Узгадвае Конара. Узгадвае сябе. Жонка Конарава застаецца прыкладна гэткай жа самай, але яна ад пачатку была плодам уяўленьня, бо Джулія ніколі зь ёю ня бачылася. Часам Джулія нават сумнявалася, ці жонка гэная ўвогуле йснуе, а ня выдуманая Конарам знарок, каб трымаць Джулію на адлегласьці. Але не, жонка ня толькі йснавала — яна й зусім нядрэнна пачувалася. Яна была маналітнай і зь цягам часу рабілася ўсё больш і больш маналітнейшай.

 
Конар распавёў ёй пра жонку, пра траіх дзяцей і сабаку даволі хутка пасьля таго, як яны пазнаёміліся з Джуліяй. Хаця не — не пазнаёміліся, а пераспалі, што амаль тое ж самае.

Джулія падазрае цяперака, што ён не хацеў уздымаць гэтага пытаньня так адразу, каб ня спудзіць яе. Самой жа ёй было толькі дваццаць гадоў, і яна была занадта наіўнай для таго, каб шукаць нейкіх намёкаў, кшталту белага паску ад заручальнага пярсьцёнка. Калі ж Конар нарэшце наважыўся зрабіць нясьмелую спробу прызнаньня, Джулія была ўжо ня ў стане спужацца й перадумаць. Яна ўжо ляжала ў пакоі матэлю, зьлёгку прыкрыўшыся прасьцінай. На той момант яна была занадта стомленай, каб пужацца. Занадта ўражанай. Занадта ўдзячнай. Конар быў ня першым ейным каханкам, але першым дарослым, ён быў першым, хто ня ставіўся да сэксу як да азартнай гульні. Ён успрымаў ейнае цела абсалютна сур’ёзна, і гэна зьдзівіла яе бязьмежна.

На той час — а што гэна быў за час? Ага, гэна было дваццаць гадоў таму. Ці дваццаць пяць? Хутчэй, нават трыццаць. Гэна быў пачатак шасьцідзясятых. Калі дакладна, то тым годам, калі былі модныя стрыжкі карэ, белая памада й чорныя кругі, намаляваныя алоўкам вакол вачэй. Таксама пурпуровы быў апошнім піскам моды, але Джулія асабіста лепш любіла чорны колер як больш бунтарскі. Яна ўяўляла сябе своеасаблівым піратам — зь цёмнымі вачмі, завостраным тварам, касматымі валасамі. Рабаўніцай, якая робіць бясстрашныя напады на ўскрайках утульных абывацельскіх паселішчаў. Падпальвае дахі, зьнікае з здабычай, сама сябе забясьпечвае — самадастатковая. Яна вывучала сучасную філязофію, чытала Сартра — каб “адпавядаць”, паліла “Жытан” і распрацоўвала выгляд пагардлівай стомы. Але ў сярэдзіне яна проста сыходзіла ні на што не накіраваным узбуджэньнем, і ёй патрэбны быў нехта, каго яна магла б абагаўляць.

Такім чалавекам для яе стаў Конар. Джулія была тады на апошнім курсе ўнівэрсытэту Таронта, а прафэсар Конар раз на тыдзень выкладаў у іх археалёгію — курс, які можна было выбраць замест рэлігіі. Джулія адразу ж закахалася ў ягоны голас — нізкі, рэзкі, пераканаўчы, сіплы. І калі Конар паказваў слайды кельцкіх магілаў, гэны голас уздымаўся й падаў у цемры, бы настойлівая рука, якая лашчыць паветра. Потым Джулія пачала сустракацца з Конарам у яго на катэдры, куды знарок прыходзіла позна ўвечары, каб абмеркаваць дыплёмную. Ну, а потым усё завершылася матэлем. На той час такое часта здаралася паміж студэнтамі й выкладчыкамі, бо апошнія не баяліся страціць пасаду праз абвінавачаньне ў сэксуальных дамаганьнях. Тады нават і выразу такога не было. Панятку такога не было.

На той час Джулія думала, што й жонка, і трое дзяцей, і сабака ня маюць ніякага дачыненьня да іх з Конарам. Яна была занадта маладой, каб праводзіць такія паралелі. Жонка Конара была аднагодкай ейнай маці — ну, амаль што — а жанчыны ў гэткіх гадах у прынцыпе ня могуць мець асабістага жыцьця. Яна не ўяўляла Конара ў іншым кантэксьце, апроч матэльных пакояў, куды яны пракрадваліся цішком, альбо кватэр ейных сяброў, дзе з мэблі былі толькі матрацы й бутэлькі ад К’янці ў якасьці падсьвечнікаў. Кватэр засьмечаных, танных, упрыгожаных прыбітымі да столі пафарбаванымі ў чорны скрынкамі з–пад яек. Яна ня думала, што ў Конара можа быць жыцьцё па–за межамі ўсяго гэтага. І жонка, і дзеці былі толькі зануднымі дэталямі існаваньня, нечым кшталту чысткі зубоў. У процівагу гэтаму, Джулія бачыла Конара славутым, высакародным самотнікам, аўтсайдэрам, астранаўтам, шукальнікам жэмчугу ў прабірцы, сьвятым на сярэднявечнай карціне з залатым німбам вакол усяго цела. І ёй хацелася быць побач зь ім, дапамагаць яму выпраменьваць сьвятло і ў гэным сьвятле песьціцца.

Праз сваё натуральнае абажаньне Конара — ён быў вельмі разумным, ведаў шмат пра старажытныя косткі, пра замежныя вандроўкі, пра тое, як зьмешваць кактэйлі, — у яе й блізка ў думках не было выкарыстаць іхную сувязь у сваіх мэтах, як гэна можна было зрабіць. Да таго ж яна нават не ўсьведамляла, што некага можна выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Яна была апантаная ідэяй самаахвярнасьці. Яна нічога для сябе не прасіла, акрамя таго, што Конар мусіць заставацца звышчалавекам.

 
Цяпер яна сядзіць у маленькім гарадку ля балотаў, у сваім пакоі ў шатляндзкім пабе. Першы матэль быў два месяцы таму, і Джулія адчувае, што яна значна пасталела за гэты час. Яна сядзіць у нязручным плюшавым фатэлі бурачковага колеру, каля вакна зь неахайнымі белымі фіранкамі, празь якое ліецца чыстае паўночнае сьвятло. Джулія паліць “Жытан” і адпівае халоднай гарбаты з кубку, які прынесла з паказальна жудаснага сьняданку, дзе давалі разьмяклы недасмажаны бэкон і перасмажаныя памідоры. Яна сядзіць, паліць і вяжа.

Яна йзноў пачала вязаць. Яна наўчылася гэтаму ў дзяцінстве ад маці, якая верыла ў тое, што жанчына мусіць быць добрай хатняй гаспадыняй. Джулію таксама наўчылі вязаць шыдэлкам, ушываць маланкі, начышчаць да бляску сталовае срэбра й унітаз. Гэна быў пасаг, ад якога яна пазбавілася, як толькі спасьцігла Спінозу. Яшчэ два гады, год таму яна пагрэбавала б вязаньнем, але ў гэтым гарадку няма чаго рабіць, калі Конара няма побач. Джулія некалькі разоў прайшлася туды–сюды галоўнай вуліцай, дзе толькі змокла й зьмерзла пад імжой і дзе на яе касавурыліся загорнутыя ў твід мясцовыя жыхары. Яна пасядзела ў іхнай адзінай кавярні, папіла гідкай кавы, паела нясмачных ячневых аладак з прысмакам сала. Яна агледзела старажытную царкву, але тамака не было на што глядзець: традыцыйныя вокны з каляровай мазаікай зьніклі, відаць, за прэсьбітэрыянамі. На сьцяне — імёны памерлых салдатаў, як быццам Богу ёсьць да іх справа.

Вязаньне — гэта апошні ратунак. Чаго ўжо, але крамаў, дзе прадаюць воўну, у шатляндзкіх гарадках заўсёды хапае. Джулія схадзіла ў ваўняную краму, парыравала запыты пра ейны сямейны стан і агульны лад жыцьця, купіла ўзор на швэдар, ці джэмпэр, як яны тутака кажуць, даўгія сьпіцы й некалькі маткоў цёмна–шэрай воўны. Яна зматала маткі ў клубкі, а потым вярнулася ў краму й набыла недарэчную габэленавую сумку з драўлянымі ручкамі, каб было куды гэныя клубкі пакласьці.

Яна вяжа Конару швэдар — першае рукаво. Празь нейкі час Джулія заўважае, што зьвязала рукаво дзюймаў на восем даўжэйшым, чым трэба. Конар будзе выглядаць у ім, як арангутанг. Але й добра — няхай паскардзіцца. Яна пакідае гэтае рукаво, як ёсьць, і бярэцца за другое. Яна зьбіраецца зрабіць яго гэткай жа даўжыні, што й папярэдняе.

Пакуль Джулія вяжа, Конар дасьледуе балотнага чалавека. Празь яго яны сюды й прыехалі. Яны даведаліся пра балотнага чалавека на востраве Оркні. Конар якраз вывучаў кола рытуальных камянёў, а Джулія старанна рабіла выгляд, што яна — ягоная асыстэнтка. Гэна Конару прыйшла ў голаў такая разумная думка, што дазволіла яму ўпісаць Джулію ў экспэдыцыйныя расходы, але ніхто на гэты конт не падмануўся. Ва ўсякім разе, бармэны і пакаёўкі ў розных гасьцініцах, дзе яны спыняліся, усё разумелі — пакаёўкі, суворыя і самадавольныя, пагардліва пасьмяхаліся з Джуліі. І гэта пры тым, што Джулія з Конарам абачліва замаўлялі сабе асобныя пакоі. Можа, Джуліі трэ было больш праўдападобна сымуляваць занятасьць: мітусіцца, цягаць пад пахай якія–небудзь блякноты?

Але нягледзячы на кпіны пакаёвак і ўскосныя намёкі бармэнаў, Джуліі падабалася на Оркні. Нават сьняданкі ня здолелі жахнуць яе. Ні заледзянелая аўсянка, ні спаленыя тосты. Ні нават палудні. Каб сапсаваць ёй настрой, ім спатрэбілася б значна больш цьвёрдых, як каменьне, катлетаў зь ягняціны й перасмажанай рыбы. Гэта была ейная першая вандроўка праз Атлянтычны акіян, і яна чакала, што ўсё будзе старым і маляўнічым. І што яшчэ важней, яны ўпершыню маглі быць сам–насам з Конарам так доўга. Яны пачуваліся, як на бязьлюдным востраве. Конар быў больш разьняволеным, не нэрваваўся гэтак, калі чуў за дзьвярыма крокі, і хаця ён усё роўна мусіў уставаць сярод ночы й пракрадацца ў свой пакой, Джулію суцяшала тое, што пакой гэны быў якраз за сьценкай.

Зелянелі палі, сьвяціла сонца, камяні былі адпаведна загадкавымі. Калі Джулія станавілася ў сярэдзіну кола, заплюшчвала вочы й старалася ня рухацца, ёй здавалася, што яна чуе нейкае гудзеньне. Конар выказаў думку, што камяні гэтыя былі ня проста гіганцкімі бяскрыўднымі календарамі, узьведзенымі для вызначэньня дзён сонцастаяньня. Ён лічыў, што тамака рабіліся рытуальныя чалавечыя ахвярапрынашэньні. Гэная гіпотэза магла б зрабіць камяні злавеснымі, але яна толькі прымусіла Джулію адчуць моцную сувязь з продкамі, бо род ейнай маці паходзіць якраз з гэтай часткі сьвету, аднекуль з паўночнай Шатляндыі. Джуліі падабалася сядзець ля камянёў і ўяўляць, як ейныя продкі, аголеныя, зь сінімі татуіроўкамі, лётаюць наўкола й прапаноўваюць багам кубкі з крывёю — ці што яшчэ яны там рабілі? Крыважэрныя невытлумачальныя пікты. Кроў надавала ім аўтэнтычнасьці, яна рабіла іх гэткімі ж сапраўднымі, як індзейцаў мая, ці, прынамсі, больш аўтэнтычнымі, чым усе гэныя кляны, клятчастыя спадніцы, валынкі, якія падаваліся Джуліі надакучлівымі й сентымэнтальнымі. Ёй хапіла ўсяго гэтага ва ўнівэрсытэце й хопіць, відаць, яшчэ надоўга.

Але потым знайшлі балотнага чалавека, і яны мусілі пакавацца й плыць паромам на галоўны востраў, дзе было дажджлівей. Джулія з задавальненьнем засталася б на Оркні, але Конар ужо наважыў ехаць, бо хацеў пасьпець дасьледаваць балотнага чалавека, пакуль яны яго, як ён сказаў, цалкам не зьнявечылі. Ён хацеў быць першым.

Гэнага балотнага чалавека выпадкова выграблі торфакапачкай і вострым сошнікам адрэзалі яму ступні. Работнік падумаў спачатку, што гэна была сьвежая ахвяра забойства, і ніяк ня мог паверыць, што ягонай знаходцы ўжо дзьве тысячы гадоў — настолькі добра нябожчык захаваўся.

На тых балотных людзей, якіх перад тым адкапалі, няма чаго глядзець, калі меркаваць па фотаздымках, што паказваў ёй Конар. Балотная вада задубіла іхную скуру, захавала валасы, але косткі ў большасьці зь іх растварыліся, а цяжар торфу сплюшчыў іх так, што яны нагадвалі затоўстае скураное адзеньне. Джулія не адчувала зь імі такой моцнай сувязі, як з рытуальнымі камянямі. Ідэя чалавечага ахвярапрынашэньня — адно, а рэшткі гэтага працэсу — зусім іншае.

 
Перад паездкай сюды Джулія ведала пра балотных людзей няшмат, але цяпер тое–сёе выўчыла. Напрыклад, гэтаму балотнаму чалавеку спачатку зацягнулі на шыі кручоную скураную пятлю, а потым патапілі ў балоце, магчыма, у якасьці ахвяры магутнай багіні Нэртус, ці некаму накшталт яе, дзеля таго, каб год быў урадлівым. “Пасьля пэўнай сэксуальнай оргіі”, — не бяз спадзяваньня паведаміў Конар. — “Тыя багіні прыроды былі проста ненасытнымі”.

Потым ён пачаў распавядаць, якія рэчы ахвяравалі багіням прыроды. Як правіла, каралі й гаршчкі. У паўночнай Эўропе паўсюдна выграбаюць з балотаў шмат гаршчкоў і кацялкоў. У Конара ёсьць мапа, дзе пазначаныя месцы знаходак зь пералікам таго, што й дзе было выкапана. Здаецца, ён думае, што Джулія мусіла выўчыць гэныя сьпісы напамяць, што яна ведае ўсе дэталі назубок, і Конар зьдзіўляецца кожны раз, калі высьвятляецца, што гэта ня так. Сярод іншых ягоных вартасьцяў (альбо недахопаў — Джуліі ўжо цяжка вызначыць розьніцу) можна ўзгадаць тое, што Конар занадта любіць павучаць яе. Джулія нават пачынае падазраваць, што ён зьбіраецца фармаваць ейныя погляды. Але якім чынам — вось пытаньне?

Вяжучы, Джулія спрабуе скласьці сьпіс рэчаў, якія можна фармаваць. Калядны пудынг на пары, адлітых з цэмэнту гномаў для саду, дрыготкі ярка–ружовы дэсэрт на жэлятыне, пасыпаны карамельнымі ўпрыгожваньнямі. Гэтыя думкі нагадваюць Джуліі пра ейную маці, а потым — пра Конараву жонку.

Уражвае, як гэтая нябачная жонка набыла плоць і кроў, паступова зрабілася цэльнай, наяўнай. Яшчэ два месяцы таму, на пачатку іхнага з Конарам раману, жонка была ўсяго толькі нязначным ценем. Джуліі нават нецікава было палазіць па Конаравай гамэтцы, каб адшукаць і паглядзець сямейныя фотаздымкі, пакуль ён мыўся ў душы.

Тады гэта яе не клапаціла, але вось потым… Уся сямейка — каляровы варыянт, запіхнуты за правы кіроўцы, — была зьнятая летам на поплаве: вось жмурыцца на сонцы жонка, аграмадная ў сукенцы ў кветкі; а вось тры хлопцы з рудымі, як у Конара, валасамі — таксама жмурацца; сабака, чорны лябрадор, не такі дурань, каб вытарэшчвацца на сонца, — зь языка цячэ сьліна. Звычайнасьць і немудрагелістасьць гэтага здымку крыўдзяць Джулію да глыбіні душы. Яны не адпавядаюць уяўленьню Джуліі аб Конары й ягонаму статусу рамантычнага самотніка. Гэтая фатаграфія прыніжае Конара, і да таго ж яна прымушае Джулію ўпершыню адчуць сябе заганнай, нечым такім, што трэба хаваць ад людзей. Нечым пабочным, другасным. Калі б, напрыклад, яны ўсе ехалі на тройцы, і іх даганялі б ваўкі, то, яна не сумняваецца, яе першую вышпурнулі б з калёсаў, асабліва калі ўлічыць сабаку, рудавалосых дзетак і лужок у прыгарадзе. Калі параўнаць яе, Джулію, з гэнымі рукамі, што тырчаць з–пад кароткіх рукавоў жончынай квяцістай сукенкі, — рукамі, якія носяць у ахапку памытую бялізну й робяць дзеткам “а–та–та”, — Джулія, зь ейнымі даўгімі цёмнымі пірацкімі валасамі й дваццацічатырохдзюймовай таліяй, — нікчэмная празьмернасьць.

Няхай Конар і кажа, што жонка яго не разумее, але гэтая мажная жанчына, што жмурыцца на сонцы, глядзіць на яе так, быццам разумее нават зашмат. Калі б яны сустрэліся, яна б не паставілася да Джуліі сур’ёзна. Яна б толькі зірнула на яе, усяго толькі зірнула, а потым хмыкнула, і Джулія б ператварылася ў пустое месца.

Утульнасьць дому — вось той козыр, які Конарава жонка трымае ў рукаве. Гэта ейны ашчадны поліс. І хаця яна выглядае тутака, як шына ад грузавіка, яна адгарадзіла сабе пэўную тэрыторыю. Яна мае дом. Яна мае хату, мае гараж, сабачую будку й сабаку да яе. Яна мае Конаравых дзяцей, разам зь якімі яна ўтварае непераможнага монстра аб чатырох галовах і шаснаццаці руках і нагах. Яна мае шафу, куды Конар вешае сваю вопратку, мае пральную машыну, дзе па нядзелях круцяцца Конаравы шкарпэткі, і зь іх змываецца цьвіль, падчэпленая на дыванку ў ванным пакоі гасьцініцы, дзе яны бываюць з Джуліяй. Матэлі — гэта нічыйная тэрыторыя. Яны ўвогуле ня могуць быць тэрыторыяй. Іх нельга абараняць. Так што можна зрабіць выснову, што Джулія мае сэксуальную ўвагу з боку Конара, а ягоная жонка мае самога Конара.

Але яна ўжо до навязала на сёньня. Яна абмотвае пачатае другое рукаво вакол сьпіцаў і запіхвае яго ў сваю габэленавую сумку. Яна вырашае прайсьціся да балота й адшукаць Конара. Яна яшчэ дагэтуль ня бачыла балота. Ня бачыла балотнага чалавека. У яе склалася ўражаньне, што яна будзе перашкаджаць Конару, калі пойдзе туды, бо нават і ён ужо кінуў рабіць выгляд, што яна сапраўдная асыстэнтка. Яна рызыкуе апынуцца перашкодай, але ёй зараз хочацца рызыкаваць. Нудота — маці вынаходніцтва.

Яна бярэ з трумо з адбітым рогам сваю сумачку, узіраецца ў свой твар у люстэрку, якое ўжо аджыло сваё, адкідае зь ілба валасы. Яна зусім не бывае на сонцы й не загарае. Яна шнарыць па шафе ў пошуках свайго плашчу, запіхвае ў кішэню “Жытан”, адчыняе й замыкае дзьверы, спускаецца па прыступках, абмінае прыбіральшчыцу, якая адорвае яе нядобрым, злавесным позіркам, і выходзіць на двор у туман.

Яна ведае, дзе знаходзіцца балота. Тутака ўсе гэта ведаюць. Яна даходзіць туды за паўгадзіны — па такой старой дарозе, што, здаецца, тая ўгрызлася ў зямлю, як баразна. Конар езьдзіць сюды на машыне, якую адзін з археолягаў узяў напракат у Эдынбургу — узяць машыну тутака нават няма чаго й спадзявацца.

Гэтае балота да балота зусім не падобнае. Хутчэй, да нейкага мокрага поля — на ім растуць маленькія кусты, высокая трава. Там–сям відаць шакалядна–рудыя шнары торфаздабычы. У часы балотнага чалавека тутака было, відаць, значна больш вады — гэна было нешта накшталт возера. Значна зручней для таго, каб тапіць людзей.

Конар стаіць за сьпешкам нацягненай брызэнтавай палаткай. Побач зь ім — яшчэ адзін мужчына, а далей на балоце — яшчэ колькі чалавек корпаюцца ў торфе (дзеля таго, як вызначае Джулія, каб пабачыць, якія яшчэ прыхаваныя багацьці могуць выплысьці наверх). Джулія вітаецца, але ніяк не тлумачыць сваёй прысутнасьці на балоце. Няхай Конар сам тлумачыць. Конар крыху раздражнёна зыркае на яе.

“Як ты сюды патрапіла?” — пытаецца ён, быццам яна звалілася зь неба.

“Пешшу”, — адказвае яна.

“Ах, жвавасьць маладосьці”, — з усьмешкай заўважае другі мужчына. Ён і сам даволі малады, прынамсі, маладзейшы за Конара — высокі сьветлавалосы нарвэжац. Яшчэ адзін археоляг. Ён выдае на героя фільму пра вікінгаў. У паветры зьяўляецца мэталічны прысмак суперніцтва.

“Джулія — мая асыстэнтка”, — кажа Конар. Але нарвэжац лепей за яго ведае, хто такая Джулія.

“Ах, так, — насьмешліва вымаўляе ён, паціскае ёй руку так моцна, што ледзь ня трушчыць ёй косткі, і глядзіць ёй проста ў вочы, пакуль яна крывіцца ад болю. — Я часам не зрабіў Вам балюча?” — мякка запытваецца ён.

“Можна мне пабачыць балотнага чалавека?” — пытаецца Джулія. Нарвэжац выказвае ўдаванае зьдзіўленьне, што яна як асыстэнтка яшчэ не зрабіла гэтага. З выглядам уласьніка (ён быў якраз у гэтай мясцовасьці, прыбыў сюды другім пасьля шатляндцаў, апярэдзіў Конара) ён праводзіць Джулію ў палатку.

Балотны чалавек ляжыць на кавалку палатна. У яго спрытныя, тонкія, не кранутыя часам пальцы. Ягоны твар уваліўся, але выдатна захаваўся — бачная кожная пора. У яго цёмна–карычневая скура, а шчэць на падбародзьдзі й пасмы валасоў, што вытыркаюцца з–пад скуранога шлему, — трывожнага, ярка–рудога колеру. Джулія ведае, што такі колер — гэта вынік узьдзеяньня балотнага таніну, але ўсё ж цяжка ўявіць, што ў яго маглі быць іншыя валасы. Вочы ў яго заплюшчаныя, аднак ён не выдае ні на мёртвага, ні на сьпячага. Замест таго здаецца, што ён пра нешта разважае, спрабуе сканцэнтравацца: вусны крыху сьціснутыя, а лоб перакрэсьліла глыбокай зморшчынай нейкая думка. Вакол шыі ў яго наматаная двайная кручоная вяроўка — ёю ён і быў задушаны. Дзьве адрэзаныя ступні ляжаць побач, як тапачкі, якія чакаюць гаспадара.

 
На нейкі момант раскопкі падаюцца Джуліі апаганеньнем. Несумненна, трэба ўсталяваць рамкі для прагі пазнаньня, ведаў дзеля ведаў — нельга так замахвацца на чалавечыя правы. Але момант гэны мінае, і Джулія выходзіць з палаткі. Відаць, яна пазелянела ў твары: у рэшце рэшт яна толькі што бачыла нябожчыка. Калі яна запальвае цыгарэту, рукі ў яе дрыжаць. Нарвэжац утаропліваецца ў яе прагным позіркам і падтрымлівае яе рукой пад локаць. Конару гэта выяўна не падабаецца.

Трое мужчын, якія сноўдалі па торфараспрацоўцы, вяртаюцца: адзін шатляндзкі антраполяг і два работнікі з рыдлёўкамі. Прапануюць папалудняваць. Работнікі ўзялі лусту з сабой і застаюцца ахоўваць палатку. Археолягі й Джулія сядаюць ва ўзятую напракат машыну нарвэжца. У гэтым горадзе няма дзе паесьці, акрамя як у пабе, і ўсе едуць туды.

На палудзень Джулія замаўляе сабе хлеб з сырам. Гэта самая надзейная страва тутака — нашмат надзейней за друзлыя вараныя яйкі з сасіскамі й зьлёгку падагрэтыя, насычаныя тлушчам мясныя пірагі. Усе трое мужчынаў размаўляюць пра балотнага чалавека. Несумненна тое, што яго прынесьлі ў ахвяру. Пытаньне толькі — якой багіні? І на якое сонцастаяньне? Прыдушылі яго на зімовае сонцастаяньне, каб вярнуць сонца, ці на летняе — на добры ўраджай? А можа, вясной ці ўвосень? Усё высьветліць вывучэньне страўніка, які яны зьбіраюцца выдаліць. Ня зараз, канечне, і ня тутака, а пазьней — у Эдынбургу. Усё пакажуць насеньне, зерне й іншыя такія рэчы. Гэтак рабілася з усімі знойдзенымі балотнымі людзьмі. Прынамсі, з тымі, у каго яшчэ меўся страўнік. Джулія бязьмежна радая, што яна ня выраклася традыцыйнага хлеба з сырам.

“А яшчэ кажуць, што нябожчыкі не гавораць”, — падміргнуў нарвэжац Джуліі. Шмат з таго, што ён казаў, было адрасаванае Конару, але прызначалася ёй. На нейкі момант ён нават паклаў ёй пад сталом руку на калена. “Аднак гэтыя балотныя людзі могуць распавесьці нам шмат цудоўных сакрэтаў — проста яны занадта сарамлівыя, як і ўсе людзі. Яны ня ведаюць, як выказаць тое, што маюць у думках. Ім трэба крышачку дапамагчы. Крыху падбадзёрыць іх. Як Вам здаецца?”

Джулія не адказвае. Яна ня можа адказаць і ня быць уцягненай у флірт пад самым носам у Конара. Хаця… Гэта выйсьце. Прынамсі, магло б ім быць, калі б яна не кахала Конара.

“А можа Вам гідка слухаць пра страўнікі й усё такое? — пытаецца нарвэжац. Пытаньні плоці. Маёй жонцы яны таксама не падабаюцца”, — ён шчэрыцца ўсьмешкай гіены.

Джулія таксама ўсьміхаецца й запальвае “Жытан”. “А, дык у Вас ёсьць жонка? — пытаецца яна радасна. — Як, дарэчы, і ў Конара. Можа, вам абодвум абмеркаваць сваіх жонак?”

Яна ня ведае, чаму так сказала. Яна не глядзіць на Конара, але адчувае, што ягоная злоба наплывае на яе, як жар зь печы. Яна ўсё яшчэ ўсьміхаецца, забірае свой кашалёк, паліто й выходзіць на двор. У галаве ў яе чамусьці круціцца першая аксыёма лёгікі: “Адна й тая ж рэч ня можа адначасова быць самой сабой і не самой сабой”. Яна ніколі не была поўнасьцю перакананай у праўдзівасьці гэтай высновы, а цяпер — яшчэ меней.

Конар ня йдзе за ёю ў пакой. Не зьяўляецца ён і на працягу ўсёй другой паловы дня. Джулія вяжа й чытае, паліць і вяжа. Яна чакае. Нешта зьмянілася. Яна сама нешта зьмяніла, але яна яшчэ ня ведае, што.

Калі Конар нарэшце прыходзіць, ён трымаецца падкрэсьлена халодна й сувора. Ён нічога ня кажа пра ейную грубасьць. Ён увогуле нешматслоўны. Яны вячэраюць з нарвэжцам і шатляндцам–антраполягам і размаўляюць пра ступакі балотнага чалавека. У некаторых выпадках балотных людзей знаходзілі зь зьвязанымі нагамі. Гэна, відаць, рабілася для таго, каб нябожчыкі не вярталіся на зямлю дзеля помсты ці па іншых прычынах. Але ня ў гэтым выпадку. Ва ўсякім разе, яны думаюць, што іхны ня быў стрыножаным. А можа, вяроўка ці які–небудзь там рэмень адрэзала разам з ступнямі? Хто ведае.

Нарвэжац больш не заляцаецца да яе. Ён толькі кідае на яе пільныя позіркі, як быццам бы ў ёй схавана больш, чым ён думаў, і яму б хацелася даведацца, што. Джуліі няма да яго справы. Яна есьць сваю скарчанелую катлету й маўчыць. Яна думае пра балотнага чалавека, які ляжыць зараз далёка на балоце, у палатцы. На даны момант яна, хутчэй, хацела б быць зь ім, чым з усімі астатнімі. Ён цікавіць яе больш за іх.

Яна разьвітваецца перад дэсэртам. Конар, мяркуе яна, застанецца выпіць піва. Той так і робіць.

Недзе каля дзесяці трыццаці ён, як звычайна, грукае ў дзьверы пакою. Джулія ўжо ў ложку — вяжа, падпершыся падушкамі. Яна была ўпэўненая, што ён прыйдзе. Хаця… Можа, і не зусім. Яна запіхвае воўну й сьпіцы ў габэленавую сумку й чакае, што той будзе рабіць.

Конар нічога ня кажа. Ён здымае швэдар, перакідвае яго празь сьпінку крэсла, павольна расшпільвае гузікі на кашулі. Ён глядзіць не на Джулію, а на сваё адлюстраваньне ў дрыготкім, ушпіленым плямамі люстэрку трумо. Ягоны адбітак выглядае размытым, празь ягоны твар і бялейшую за яго скуру торсу быццам бы прасьвечвае дно возера, пакрытае гнілым лісьцем. У гэным сьвятле пабляклі ягоныя рудыя валасы. “У мяне адрастае піўное пуза”, — ён пахлопвае сябе па жываце. Пакой робіць ягоны прыгожы голас плоскім, заглушае яго. “Праклён мужчын ва ўзросьце”. Гэна знак: нават калі ён і злуецца на яе, ён ня будзе ўзгадваць пра тое, што адбылося. Усё будзе так, як быццам нічога ня здарылася. А можа, насамрэч, нічога такога й не было?

Ёй гэта цалкам пасуе. Яна ўсьміхаецца. “Няпраўда, не адрастае”, — кажа яна. Ёй не падабаецца ўся гэтая працэдура. Ён ня мусіць разглядаць сябе ў люстэрку ці думаць пра свой выгляд — гэта заганна для мужчыны.

Конар глядзіць на яе з папрокам. “Хутка ты ўцячэш зь якім–небудзь маладым хлюстом”, — кажа ён ёй.

Ён і раней любіў пагутарыць пра будучых каханкаў Джуліі, але яна не зьвяртала на гэна шмат увагі. Цяпер жа зьвяртае. Можа, ён намякае на нарвэжца? Чакае пацьверджаньня? А можа, ён хоча пачуць, што ён усё яшчэ малады? Альбо ён проста кажа тое, што думае? Ніколі раней Джулія не ўспрымала яго як мужчыну ва ўзросьце, але цяпер яна разумее, што ейнае ўяўленьне пра Конара ды ягоная самаацэнка могуць адрозьнівацца.

Ён караскаецца на правіслы ложак з уздыхам прымірэньня й пакоры. Ад яго сьмярдзіць півам і цыгарэтным дымам. “Ты зьнясільваеш мяне”, — кажа ён ёй. Ён і раней гэна дзёўб, але Джулія прымала ягоныя словы як камплімэнт ейным сэксуальным здольнасьцям. Зараз жа ёй здаецца, што Конар мае на ўвазе менавіта тое, што кажа.

Джулія выключае лямпачку ля ложку. Раней яна б не падумала пра гэта. Раней у яе проста ня стала б часу. Дый Конар запаліў бы сьвятло йзноў. Але ня сёньня: няма патрэбы — ён ужо дастаткова нагледзеўся на яе.

Медытатыўна, без асаблівага запалу, ён пачынае праводзіць рукой уздоўж ейнага цела: ад калена да сьцёгнаў, ад сьцёгнаў назад да калена. Джулія ляжыць, бы зьдзервянелая, з шырока адкрытымі вачыма. Вецер прарываецца ў пакой праз шчыліны вакол вакна, кідае ў шыбы прыгаршчы дажджу. Зьнізу празь дзьверы й ад нешматлікіх ліхтароў знадворку прасочваецца сьвятло. Люстэрка трумо паблісквае ў ім, бы цёмная нафта. Конар бервяном ляжыць побач з Джуліяй. Ягоныя ласкі не ўзбуджаюць яе. Яны раздражняюць яе — як наждак, як драпаньне кацінай лапы. Яна адчувае, што насуперак ейнай волі, яе разжалавалі. Тое, што для яе было самаахвяраваньнем, для яго было звычайным грахом. Неахайным, нізкаразрадным грашком, падманам. А цяпер ён пачуваецца так, быццам апынуўся ў пастцы свайго падману. Яна больш ня ёсьць для яго жарсьцю — яна абавязак.

“Я думаю, нам трэба ажаніцца”, — кажа Джулія. Яна нават не ўяўляе, адкуль выскачылі гэныя словы, але яна сапраўды так думае.

Конарава рука спыняецца. Потым ён раптоўна адхоплівае яе, быццам цела Джуліі гарачае, як распаленае вугольле, альбо, наадварот, халоднае, як нябожчык. Так, быццам Конар апынуўся ў ложку з русалкай, пакрытай ніжэй таліі рыбінай луской і сьлізьзю.

“Што?” — пытаецца ён шакавана, прычым такім пакрыўджаным тонам, як быццам яна яго зьняважыла.

“Так, нічога”, — адказвае Джулія, але Конар усё выдатна дачуў. Гэта ня жартачкі. Яна сказала тое, што не забываецца, і цяпер іхны раман асуджаны на безнадзейнасьць. Але ўсё й так было безнадзейна.

Побач зь імі ў ложку зьяўляецца дагэтуль нябачная, хаця й увесь час прысутная, жонка Конара. Зараз яна якраз матэрыялізуецца, набывае плоць, і спружыны ажно рыпяць ад дадатковай вагі ейнага цела.

“Давай абмяркуем гэта заўтра”, — прапаноўвае Конар. Ён ўжо авалодаў сабой — інтрыган — думае, як выкруціцца. “Я кахаю цябе”, — дадае ён. Потым цалуе. Такое адчуваньне, што ягоны рот існуе асобна ад яго самога: мяккі, мокры, халаднаваты. Як сыры бэкон.

“Я хачу выпіць”, — просіць Джулія. У Конара ў пакоі ёсьць пляшка шатляндзкага віскі. Удзячны Джуліі за тое, што яна дала яму магчымасьць нешта зрабіць для яе — дробязь, якую ён можа прапанаваць замест таго, чаго ёй насамрэч хочацца, — Конар караскаецца з ложка, нацягвае свой швэдар і штроксы й выходзіць шукаць пляшку.

Як толькі Конар апынуўся за дзьвярыма, Джулія замыкае пакой. Конар вяртаецца. Торгае ручку, нешта шэпча, пагруквае ў дзьверы, але Джулія не адгукаецца. Яна ляжыць у ложку й дрыжыць ад скрухі й злосьці. Яна хоча даведацца, ці дастаткова моцна кахае яе Конар, каб высадзіць дзьверы альбо закрычаць. Ці дастаткова значная яна для яго. Ён нічога з гэтага ня робіць. Значыць, не дастаткова. Празь нейкі час ён ідзе да сябе ў пакой.

Джулія скручваецца пад гарой вільготных коўдраў і посьцілак і спрабуе заснуць, але ніяк ня здолее. Калі ж яна нарэшце засынае, ёй сьніцца балотны чалавек, які лезе да яе праз вакно — размыты цёмны цень, цень зьбітай з панталыку жарсьці, слізкай ад дажджу.

Нараніцу Конар робіць яшчэ адну спробу. “Калі ты не адгукнешся, я загадаю выламаць дзьверы. Я скажу, што ты скончыла жыцьцё самагубствам”, — кажа ён праз замочную шчыліну.

“Ня трэба лісьлівіць перад самім сабой!” — адказвае Джулія. Сёньня яна ўжо не пачуваецца сумнай. Яна разьюшаная й настроеная рашуча.

“Джулія, што я такога зрабіў?” — пытаецца Конар. “Мне здавалася, што ў нас дагэтуль усё было так добра”, — відаць, ён сапраўды разгублены.

Было, — кажа Джулія, — ідзі адсюль”.

Яна ведае, што ён паспрабуе атакаваць яе за сьняданкам, таму чакае, пакуль ён пойдзе, хаця ў яе й вурчыць у жываце. Замест таго, каб пад’есьці, яна пакуе свае чамаданы й час ад часу паглядае ў вакно. Нарэшце яна бачыць, як Конар ад’яжджае на балота ў машыне нарвэжца. Паўднём ідзе аўтобус, якім можна даехаць да іншага аўтобуса, а на ім тады — да чыгункі на Эдынбург. Яна пакідае сваю габэленавую сумку й недавязаны швэдар — замест цыдулкі з тлумачэньнямі.

 
Пасьля вяртаньня ў Таронта Джулія закручвае валасы жывенькім, але сьціплым валікам. Яна купляе сабе бэжавы касьцюм з саржы й белую блюзу, каб увесьці ў зман тэлефонную кампанію “Бэлл” і наняцца да іх стажорам. У ейную задачу ўваходзіць вучыць іншых жанчынаў працаваць на ніве мэнэджмэнту ў аддзеле скаргаў. Яна не зьбіраецца затрымлівацца на гэтай працы надоўга, але тамака плоцяць неблагія грошы. Яна здымае сабе вялізную пустую кватэру на апошнім паверсе. У яе няма доўгатэрміновых плянаў, і хаця гэта яна кінула Конара, пачуваецца яна так, быццам усё было наадварот. Па начох яна слухае радыё, гатуе сабе што–небудзь паесьці й плача ў талерку. Празь нейкі час яна йзноў пачынае апранаць чорнае адзеньне — па вечарох — і наведвае фолк–клюбы. Яна больш ня паліць “Жытан”, паколькі яны адпужваюць мужчын. Яна сустракаецца з хлопцам, якога крыху ведае па курсах, дзе яны разам вывучалі Сьпінозу. Ён кажа ёй дасьціпны жарт пра аднаклеткавы арганізм “бяз вокан, безь дзьвярэй”, частуе яе півам і прызнаецца, што раней страшэнна яе баяўся. Урэшце яны апынаюцца ў ложку.

Для Джуліі гэна было як валтузьня з тузінам шчанюкоў. Той жа эфэкт масавага энтузіязму, крутні, непаслухмяных языкоў. Гэна не было ні надта страсна, ні нават пачуцьцёва — проста бадзёра. Джулія пераконвае сябе, што ёй спадабалася, і, здаецца, гэта сапраўды так. Ці… магло б так быць, калі б ня Конар. Ёй бы хацелася, каб ён пра ўсё даведаўся. Вось тады б яна насамрэч была задаволеная. Яшчэ лепей было б, калі б усё гэна адбылося з нарвэжцам. Ёй трэба было скарыстаць шанец.

Конар вяртаецца пры канцы жніўня. Яму спатрэбілася няшмат часу, каб знайсьці яе.

— Я сумаваў па табе, — кажа ён, — я думаю, нам трэба пагаварыць.

— Аб чым? — насьцярожана пытаецца Джулія. Ёй здавалася, што яна ўжо нічога не адчувае ў дачыненьні да Конара, але гэта ня так.

— Чаму мы ня можам вярнуцца да тых адносінаў, якія былі паміж намі раней? — прапаноўвае Конар.

— Дзе былі? — кажа Джулія.

Конар уздыхае:

— У рэшце рэшт, чаму б нам і не ажаніцца? Я разыдуся зь ёй, — ён кажа гэта, быццам выдзірае словы з грудзей.

Джулія пачынае плакаць. Яна плача, таму што ёй больш ня хочацца замуж за Конара. Яна больш ня хоча яго. Боскасьць выходзіць зь яго, як паветра. Ён больш не падобны да славутага, большага за жыцьцё дырыжаблю, які вольна плыве ў нябёсах. Хутка ён зробіцца проста азызлым шматком мокрай гумкі. Яна аплаквае ягоны канец.

“Я зараз жа прыеду”, — заспакойвае яе Конар задаволеным голасам. Ён думае, гэтыя сьлёзы значаць, што ён дамогся свайго.

“Не”, — адказвае Джулія й кладзе слухаўку.

Яна апранаецца ўва ўсё чорнае, хутка есьць, знаходзіць цыгарэты. Тэлефануе свайму каханку–хлопчыку. Яна хацела б нацягнуць яго на сябе, як коўдру, абняць яго, як мяккую цацку. Ёй хочацца камфорту.

Яна выходзіць з свайго дома на двор і сустракае там Конара, які ўжо чакае яе. Яна ўяўляла яго столькі разоў, што забылася, як ён насамрэч выглядае. Ён ніжэйшы, чым яна думала, і адрузлы. Вочы ягоныя ўваліліся, але гараць, як у вар’ята. Цікава, гэна вынік таго, што яна зь ім зрабіла, ці ён заўсёды быў такім?

“Джулія”, — кажа ён.

“Не”, — кажа Джулія. Калені на ягоных карычневых штроксах выцягнуліся, і гэта адзіная рэч, якая падаецца Джуліі агіднай — усё астатняе проста пакідае яе абыякавай.

Ён працягвае да яе руку. “Я па табе сумую”, — кажа ён. Зьбітая фраза, радок з саладжавай песенькі, але ён сапраўды сумуе — відаць па ягоных вачах. Горш не прыдумаеш: раней гэта заўсёды ёй быў патрэбны Конар, а сам ён быў вышэйшы за такія нявартыя рэчы, як патрэба.

“Я нічым не магу дапамагчы”, — кажа Джулія. Яна мае на ўвазе, што яна ня можа даць рады, чаму ўсё склалася менавіта так, а ня йначай, чаму яна нічога не адчувае ў дачыненьні да яго, але гучыць гэта больш дзёрзка, больш жорстка, больш намерана.

“Божа мой!” — ускрыквае Конар. Ён робіць рух, быццам хоча схапіць яе. Яна адхіляецца ад яго й бяжыць уніз па вуліцы. Добра, што яна апранула свае чорныя штаны й чорныя туфлі без абцасаў. Цяпер, калі яна амаль ня паліць, яна даволі прыстойна бегае.

Чаго ж яна чакае цяпер, цяпер, калі яна так моцна разагналася? Што ён нарэшце пойдзе дахаты, што ён ня здолее дагнаць яе? Але ён і не зьбіраецца йсьці дахаты й амаль наганяе яе. Яна чуе, як бухаюць ягоныя ногі, як цяжка ён дыхае. У яе самой ажно хрыпіць у горле, і яна запавольваецца.

Яна якраз дабегла да перакрыжаваньня. Вуньдзека тэлефонная будка. Яна нырае туды, і яе адразу ж абкружае смурод застаялага мочу. Джулія захлопвае складныя шкляныя дзьверы, упіраецца ў іх абедзьвюма нагамі, для ўпору прыціскаецца сьпіной да паліцы з тэлефоннай кнігай. А вось і Конар — націскае на дзьверы, малоціць у іх.

“Пусьці мяне!” — крычыць ён.

Ейнае сэрца тахкае ў паніцы. “Не! Не!” — вішчыць яна. Голас яе такі танклявы, быццам яна ў будцы з гукаізаляцыяй. Ён усім целам навальваецца на шкляныя дзьверы, абхоплівае, наколькі можа, рукамі тэлефонную будку.

“Я кахаю цябе!” — крычыць ён. “Чорт падзяры, ты што — ня чуеш мяне? Я сказаў, што я кахаю цябе!” Джулія закрывае вушы. Яна яго цяпер сапраўды баіцца й пачынае румзаць са страху. Ён ужо больш ня той чалавек, якога яна ведае. Ён — унівэрсальны кашмар кожнага дзіцяці, шалёная, жахлівая клыкастая істота, якая спрабуе ўлезьці ў хату празь дзьверы. Ён прыціскае да шкла твар — у парыве адчаю, а можа, гэта мусіць увасабляць сымбалічны пацалунак. Яна бачыць сплюшчаны канчык ягонага носа, дэфармаваны рот, расьцягненыя вакол зубоў вусны.

Джулія ўзгадвае, што яна ў тэлефоннай будцы. Яна не спускае зь яго вачэй і шнарыць у кашальку ў пошуках драбных манэтак. “Я выклікаю паліцыю!” — крычыць яна яму. Што й робіць.

Ім спатрэбіўся пэўны час, каб даехаць, і Конар ужо сыйшоў. Чаго б яму не хацелася зрабіць, у любым разе яму не хацелася быць арыштаваным за сэксуальны напад на тэлефонную будку.

Спачатку яна ўвогуле нічога пра гэна не казала. Гэта было б занадта балюча й складана для яе. Таксама яна ня ведала, пра што была гэная гісторыя. Пра тое, як яе падмануў старэйшы, больш дасьведчаны й вышэйшы за яе па сацыяльным становішчы мужчына? Альбо пра тое, як яна шчасьліва й хутка пазбавілася ад монстра–людажэра? Але ж Конар не людажэр. Яна ж яго кахала. І, як высьветлілася, дарма. Якраз праз тое ёй і балюча, што яна так памылілася ў ім, што яна была здольная на такі зьневажальны самападман. І нават зараз — здольная, таму што ёй усё ж такі неяк не хапае Конара. Ці ейнага памылковага ўяўленьня пра яго?

Потым, калі яна ўжо зайшла замуж, і пазьней, калі яны з мужам разышліся, яна пачала раз–пораз распавядаць гэную гісторыю пра Конара. Яна расказвала яе позна ўночы, пасьля пэўнай колькасьці сьпіртнога, калі дзеці ўжо спалі, і заўсёды — жанчынам. Гэна было нешта кшталту абмену, даніны, якую яна мусіла сплаціць, каб пачуць падобныя гісторыі ад іншых. Гэна ўсё былі псыхалягічныя трылеры з дэтэктыўнай афарбоўкай. Усялякага ж кшталту пачварамі й парушальнікамі спакою ў іх былі мужчыны, зь іх загадкавымі паводзінамі. Жанчыны знаходзілі й вывучалі ўлікі, абменьваліся думкамі й досьведам, але да канчатковых высноваў і раскрыцьця злачынства справа неяк не даходзіла.

Цяпер, калі яна йзноў зайшла замуж, яна распавядае гэную гісторыю ўсё часьцей. Зараз яна зьвяртае больш увагі на саму атмасфэру: на дождж у Шатляндыі, брыдкую ежу ў пабе, пахмурных насельнікаў гарадку, само балота. Раз–пораз яна ўстаўляе ў свой аповед і камічныя дэталі кшталту свайго апантанага вязаньня, даўгіх абвіслых рукавоў, грувасткага ложку.

Што ж датычыць Конара, то як яна можа растлумачыць нешта пра яго, пра ягоную некалі залатую аўру? Яна ўжо нават і не намагаецца — толькі збольшага ўзгадвае пра тое, як абагаўляла яго, і гэта гучыць страшэнна сэнтымэнтальна. Не забываецца яна й на жонку, якая ўжо больш ня ёсьць пагрозьлівай суперніцай: Джулія, цяпер і сама жонка, адчувае нават пэўную салідарнасьць зь ёй.

Згадвае яна й скруху, і расчараваньне, але поўнасьцю абыходзіць увагай тую акалічнасьць, што сама магла нанесьці Конару шкоду. Відавочна, так яно й было, прычым гэна была лютая шкода, ва ўсякім разе, у тых абставінах. Але як прызнацца ў гэтым без злараднасьці? Да таго ж зь ейнага боку ўсё было ненаўмысна — больш–менш ненаўмысна. Але так ці йначай, гэта ніяк ня ўпісваецца ў гісторыю.

Джулія крыху падаецца ў крэсьле наперад, абапіраецца аб стол, запальвае цыгарэту. Яна ўсё яшчэ паліць, хаця й ня гэтак шмат, як раней. З гадамі яна папаўнела ў твары й памажнела. Таксама яна абрэзала свае валасы — гэта ўжо ня грыва, а модная стрыжка, кароткая па баках і ззаду, з парадзелай гульлівай капой на макаўцы. Яна носіць срэбныя завушніцы ў выглядзе марскіх зорак — эксцэнтрычны напамін пра былыя дні ейнага пірацтва. Калі ня ўлічваць завушніцаў, то выглядае яна, як любая іншая жанчына ейнага ўзросту, якую можна пабачыць у краме ці з сабакам у адным зь нядаўна рэканструяваных раёнаў.

“Бог яго ведае, што я думала, я раблю”, — кажа яна. Яна разгублена сьмяецца — з шкадаваньнем, але даволі паблажліва.

Цяпер гэная гісторыя пераўтварылася ў аповед пра ейнае ўласнае глупства, ці, скажам так, недасьведчанасьць, якая на адлегласьці столькіх гадоў сьвеціцца мяккім сакавітым сьвятлом. Гэная гісторыя нагадвае артэфакт загінулай цывілізацыі, звычаі каторай зрабіліся цяпер зусім незразумелымі. Але ў той жа час Джулія памятае кожную дробязь: састарэлае люстэрка ў пакоі, сухія тосты на сьняданак, траву, якая пакалыхваецца на паверхні багны. Усё гэна яна памятае выдатна й з кожным расказам усё больш і больш адчувае сваю прысутнасьць у гэным часе.

Што ж да Конара, то ён губляе цялеснасьць кожны раз, калі яна спрабуе апісаць яго. Ён робіцца пляскатым, бы з адной скуры, жыцьцё пакідае яго, і ён усё больш мярцьвее. На гэты час ён ужо амаль што анэкдот, а Джулія ўжо амаль што старая.

Пераклала з ангельскай Марыя Салаўёва
паводле
Margaret Atwood. Wilderness Tips. © O.W.Toad 1991, London.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Кабеты ў ARCHE 3(4)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 17-05-2000