6.
Дзякуй за ласку, Янук, за клопат пра нашыя лёсы!
Не дачакаесься — шчэ, дзякаваць Богу, жывем:
Хоць і ў падмосьці, але ж — на рэшткі гішпанскага гранта;
Трохі зь Ізраілю шле сябра наш, новы габрэй.
Ёсьць яшчэ шэлег–другі ў сямейнай скарбонцы і можна
Нам спадзявацца, пакуль дыхае спонсар–другі!
Мой сужанец не дурны, бо ведае добра, зь якога
“Сораса” вершы растуць дзяржвыдавецтвам назло.
Доступам у “Інтэрнэт” і сканэрам, і факс–мадэмам
Ён свой працоўны будан абсталяваў пакрысе,
Ператварыўшы Разьліў у друкарню нацдэмаўскай прэсы, —
Мроіць, што некалі ў нас зь яскаркі ўспыхне агонь.
Ведае, як захапіць у краіне чацьвертую ўладу,
І неўзабаве ўвесь друк будзе трымаць у рукох:
“Нашую Ніву” й “ARCHE”, “Крыніцу”, “Навінкі” і “Вулей”,
“Полымя”, “ЛіМ”, “Першацьвет”, “Вожык”, “Славянскій набат”,
“Юманітэ”, “Ню–Ёрк Таймс”, “Маскоўскія новасьці”, “Шпігель”,
“Таймс”, “Фігаро” і “Плэйбой”, “Монд” і “Вястун БДУ”…
Процьму выданьняў яшчэ неўзабаве паўсюдна захопіць.
Будзе занятак рукам — стосы паперы трымаць!
Заўтра — падшыўкі газэт, пазаўтра — вярхоўную ўладу!
Веру, таварыш Янук: прыйдзе, нарэшце, пара
Браць тэлеграф, тэлефон, тэлебачаньне з тэлемастамі,
Банкі, казармы, мэтро, фабрыкі і казыно,
Крамы, гатэлі, бістро, цырульні, малельні, патэльні,
Турмы, архіў КДБ і пастарункі ДАІ,
Помнікі, сквэры, сады, прыбіральні і бібліятэкі,
Лазьні, музэі, кіно, шапікі і кірмашы,
Станцыі і цягнікі, масты, самалёты і танкі,
Карнікаў і партызан, вёсачкі і гарады,
Глебу, паветра, ваду, карысныя выкапні, багны,
Дрэвы, хмызы і траву, птушак і свойскіх жывёл —
Возьмем усё! Толькі вас, крыважэрцаў праклятых, ня возьмем!
Нат не прасеце!..
7 глістапада 2017, Сьвенск–Вялікалітоўскі