асьвета |
Юдаль Марголiн
|
Полавыя органы ў жанчыны прынята падзяляць на вонкавыя й нутраныя. Мяжою памiж iмi — дзявоцкая плява, а як пачалося полавае жыцьцё — яе рэшткi. Праз нутраныя органы iсьцiцца полавы кантакт. Да iх залiчаюць похву, мацiцу, мацiцавыя трубы й яечнiкi. Похва распачынаецца росчынам спамiж ног, доўжыцца ў целе й канчаецца пры ўваходзе ў мацiцу, ахоплiваючы яе шыйку. Узбоч мацiцы, на бакавой сьценцы малога лагва, месьцяцца два яечнiкi — у iх сьпеляцца яйцавыя вузы. Па мацiцавых трубах гэтыя вузы вандруюць, там i маюць спрыяльныя ўмовы апладнiцца народкамi. Усе полавыя органы, што ў жанчыны звонку, называюць яшчэ вульваю. Найвышэй тут лабок — мяккi грудочак, на якiм трыкутнiкам зь вяршыняю ўнiз растуць валасы. Нiжэй, паабапал полавае проразi, знаходзяцца дзьве пары вуснаў — вялiкiя й малыя. У нiжнiх аддзелах першых зь iх месьцяцца барталiнавыя залозы — пры полавым узрушэньнi й у часе суполеньня яны выдзяляюць сакрэт, зьвiльгатняючы ўваход у похву. Памiж вялiкiмi вуснамi туляцца малыя — дзьве ценькiя далiкатныя складачкi абымаюць похвавае прыдзьвер’е. Пры версе малых вуснаў разьмешчаны ласкацень, або секель, — чысты клубочак нэрвовых заканчэньняў. Гэта чэлес у мiнiятуры, ён мае галоўку, цела й ножкi. У часе сэксуальнага ўзрушэньня кроў iмклiва наплывае ў ласкацень, i ён калянее, што чэлес. Почасту гэта найбольш эрагенная мясьцiнка жаночага цела. Тым часам грудзi ў жанчыны — найвыяўнае вонкавае яе адрозьненьне ад мужчыны, сымбаль жаночае вабнасьцi. У эратычным жыцьцi роля грудзей iстотная, прычым няма беспасярэднiх сувязяў мiж iхнымi памерамi й сэксуальнасьцю. Форма й велiчыня сыска ў кожнае жанчыны розныя, пераважна ён цылiндрычны або канiчны, напару пляскаты й выцягнены. Партнэраў дотык да сыска, асаблiва вусьняны, нясе жанчыне сэксуальнае ўзрушэньне. Пры гэтым у абсяг пачуцьцёвае насалоды патрапляюць не адно грудзi, але таксама ласкацень i похва — дзякуючы нэрвовым стымулам лашчаньне грудзей прыганяе кроў да полавых органаў. І наадварот, ад сэксуальнае стымуляцыi ў абсягу похвы й секеля брыняюць сыскi, прутчэюць i большаюць грудзi. |
Адзiн зь яечнiкаў жанчыны выпушчае сьпелую яйцавую вузу. Тая мкне па яйцаводзе ў кiрунку мацiцы. Мацiца стварае тым часам спэцыяльны подсьцiл на выпадак спатканьня яйцавае вузы з народкам i апладненьня. Калi ж апладненьня не адбываецца, жаночая арганiзма ведае пра гэта й пазбываецца подсьцiлу разам зь яйцаваю вузаю й крывёю. Гэты працэс цыклiчны, кажнамесячны. Вонкавыя яго праявы таму й называюцца месячнiцаю, або, як з лацiны, мэнструацыяй. На бялiзьне зьяўляецца кроў — гэтак заўважаюць першую мэнструацыю. Напачатку крывацёкi надараюцца нерэгулярна, аднак паволi, iз сталеньнем, устанаўляецца рэгулярны цыкль. Засьцерагаючыся, жанчыны выбiраюць памiж пракладкамi й тампонамi. Усё, як правiла, доўжыцца ад двух дзён да тыдня. Адны не зазнаюць пры гэтым нiякае нядужнасьцi, другiя адчуваюць толькi лёгкiя пацягненьнi ў нiзе жывата, а вось у трэйцiх выступаюць моцныя болi й прыкрыя спазмы. І калi месячнiца зносiцца нялёгка, тады не абыходзяцца бяз болепатольных сродкаў. Існуе, мiж iншым, шмат мiтаў пра рэчы, якiх нiбыта жанчына мае ўнiкаць у гэтым часе, — напрыклад, плаваньня, мыцьця валасоў цi купаньня. Такiя мiты ня вартыя ўвагi. Мала таго, плаваньне пры мэнструальных спазмах можа прынесьцi нават палёгку. А вось сэкс у месячнiцу вымагае асаблiвай абачлiвасьцi — iснуе высокая небясьпека iнфэкцыяваньня. |
Яна ня шкодзiць. Наагул, сучасныя сэксолягi схiльнасьць мастурбаваць лiчаць за чыста нармальную. Напару нат называюць мастурбацыю прыдатнай — яна вучыць, скажам, маладых людзей, як функцыянуе цела, i дае зразумець, што прыносiць сэксуальную прыемнасьць. У юначую пару, як падаюць дасьледнiкi, блiзу палова дзяўчат, шукаючы прыемнага, ня грэбуе дакранацца да iнтымных частак свайго цела або iх масажаваць. А вось сярод жанок дарослых ды з рэгулярным полавым жыцьцём працэнт ахвотнiц ананiзаваць, натуральна, меншы. Мастурбуюць жанчыны па–рознаму. Шмат якiя аддаюць перавагу далiкатнаму, але станаўкому пацiраньню секеля — пачынаюць аднастайна–спакойна, пераходзячы паволi да прысьпешаных тэмпаў. Іншыя пацiраюць абсяг похвы або пасоўваюць адным цi двума пальцамi ў самой похве. Ёсьць такiя, што ўкладаюць сабе мiж ног падушку дый труцца аб яе ўгору й долу. Некаторыя тым часам адкрываюць, што мастурбаваць можна, скрыжаваўшы ногi й прыцiскаючы iх адна да аднэй у рэгулярным рытме або, iначай, напiнаючы й расслабляючы цяглiцы похвы. Ня раз мастурбацыя закончваецца аргазмаю — сэксуальнае ўзрушэньне дасягае пiку. Адчувае тады жанчына выбуховае, прыемнае пачуцьцё памiж ног i нават можа заўважыць, як цяглiцы там, далавах, на мгненьне сьцiскаюцца ў спазьме. Пасьля надыходзiць цудоўнае адчуваньне вывальненьня й распружаньня, ласкацень чульлiвее й крышку сьвярбiць. |
Адзiная фiзычная адзнака дзявоцкасьцi — дзявоцкая плява — ценькi кавалачак сьлiзьнiцы пры ўваходзе ў похву. Ня ўсе дзяўчаты маюць яе, як даходзiць да першага ў iхным жыцьцi полавага акту. Прычын яе “заўчаснага” разарваньня процьма — конная язда, язда роварам, глабаньне на дрэва, гiмнастыка й рознае iншае. Калi плява ўсё ж ёсьць, становiць яна пэўны бар’ер — яго пераадольвае чэлес. Дэфлярацыi зазвычай спадарожыць нязначны крывацёк, напару надараюцца й болi. Ёсьць, мiж iншым, рэкамэндацыi, як зводзiць боль амаль на нiшто: найспрыяльнейшаю лiчыцца пастава, калi дзяўчына, лежачы цалкам на сьпiне, пад крумянкi падкладае падушку або згорненую валiкам коўдру, а сагнутыя ў каленях ногi падымае да грудзей — дзявоцкая плява тады напiнаецца максымальна й лягчэй iрвецца. І пры гэтым, чым вiльгатнейшая похва, тым менш балесна ўсьлiзьне ў яе чэлес. Калi жанчына мае асалоду, у часе сэксуальнага ўзрушэньня й псыхiчнага распружаньня, залозы зьвiльгатняюць похву. Гэта акурат маюць наўвеце людзi, кажучы, што жанчына стаецца мокраю. |
Процiзачаткавыя сродкi й мэтады — адзiны спосаб пачувацца ўпэўнена ў разе непажаданасьцi зацяжыраць. Мэханiчную засьцярогу ад цяжарнасьцi становiць мужчынскi прэзэрватыў — своеасаблiвая цана за iнтымны спакой. Асноўнымi хiбамi гэтага сродку найчасьцей лiчаць прытупленьне полавага пачуцьця ў партнераў, магчымасьць, хаця й малую, яго разарваньня дый рэдкiя алергiчныя рэакцыi на гуму. Апрача ўсяго, рэгулярнае выкарыстаньне прэзэрватыва пакiдае жаночую арганiзму без спрыяльнага ўзьдзеяньня спэрмы. Тым ня менш, дзейсны, танны, няшкодны й просты ў ужытку прэзэрватыў застаеццца па–за канкурэнцыяй. Мала таго, нядаўна на заходнiм рынку зьявiўся новы прадукт — фэмiдон — таксама прэзэрватыў, толькi што ўкладаны жанчынаю ў похву. Ён крыху шырэйшы за звычайны, асаблiва з боку ўваходу ў похву — жанчына можа насiць яго й накладаць, не баючыся, што чынiць нейкi цiск на партнера. Апрача прэзэрватыва, усе iншыя кантрацэптывы “прызначаныя” жанчынам — гарманальныя, мэханiчныя, хiмiчныя, нутрымацiцавыя. Першыя зь пералiчаных — гэта ў асноўным таблеткi — зьмяшчаюць гармоны, якiя й прадухiляюць зацяжарваньне, або стрымлiваючы выхад яйцавае вузы, або ствараючы пры ўваходзе ў мацiцу спэцыяльную густую сьлiзь — бар’ер для спэрмы. Існуюць два тыпы таблетак — адны (камбiнаваныя эстраген–гестагенныя) належыць прымаць штодня цягам трох тыдняў, пасьля чаго йдзе тыдзень пярэрвы на месячнiцу, другiя (мiнiпiгулкi зь мiкрадозамi гестагенаў) — безь пярэрваў 365 дзён на год, аднае й тае самае пары кожнага дня. Такая кантрацэпцыя вельмi надзейная, калi ёю правiльна карыстацца. Праўда, ёсьць да яе нямала процiпаказаньняў, дый магчымыя, асаблiва ў першыя 3–4 месяцы прыманьня таблетак, пабочныя рэакцыi (скажам, галаўныя болi, запаленьнi похвы, дэпрэсiя, соннасьць, млосьць). Лiчыцца таксама, што гэтыя таблеткi пабольшваюць рызыку хваробаў сэрца, гiпэртанii ды iншых сур’ёзных нядужнасьцяў. Ня кожная жанчына наважыцца на гэткi мэтад — проста ня схоча ў сабе парушаць гарманальнае раўнавагi. Зрэшты, ёсьць iншыя гарманальныя мэтады, на якiя можна спакусiцца, зыходзячы з працягласьцi iхных эфэктаў. Адмысловыя iн’екцыi, напрыклад, засьцерагаюць адразу на колькi месяцаў. Існуе й новы спосаб — пры зьнябольваньнi ў плячо iмплянтуецца маленькае ўладжаньне, якое затым выпушчае колькасьць гармонаў, дастатковую, каб сьцерагчы ад цяжарнасьцi некалькi гадоў; калi жанчына ўрэшце мерыцца мець дзiця, уладжаньне выдаляюць зь яе цела. У адрозьненьне ад гарманальных сродкаў жаночы мэханiчны кантрацэптыў — каптурок — не пагражае парушэньнямi натуральнага функцыянаваньня цела. Гэта — малы гумовы цi плястыкавы купалаваты прадмет. Жанкi пакрываюць яго процiзачаткаваю пастаю, тады ўводзяць у похву, а ён фiксуецца на ўваходзе ў мацiцу. Уводзяць яго незадоўга перад суполеньнем, пасьля якога пакiдаюць у целе яшчэ ня менш як на шэсьць гадзiн. Каптурок не такi надзейны, як спамiнаныя таблеткi, але ж анi не саступае ў надзейнасьцi прэзэрватыву цi фэмiдону. Тым часам загубу народкам нясуць i розныя хiмiчныя сродкi засьцярогi ад цяжарнасьцi — крэмы, пасты, таблеткi, сьвечкi ды iншыя лекавыя формы. Жанчына ўводзiць iх у похву за колькi хвiлiн або нат проста перад полавым кантактам — iхнае дзеяньне зазвычай абмежаванае аднэй–дзьвюма гадзiнамi. Некаторыя з такiх кантрацэптываў маюць яшчэ й лячэльныя свомасьцi — да прыкладу, лютэнурын (похвавыя галачкi) выкарыстоўваецца пры леках запаленьня похвы. З даступных у нас хiмiчных сродкаў заслужана папулярны “Фарматэкс” — яго ўжываньне забясьпечвае высокi кантрацэпцыйны эфэкт пры адсутнасьцi хоць якiх значэнных пабочных праяваў. Нарэшце адзiн з найбольш дзейсных i прымальных мэтадаў для жанок з рэгулярным полавым жыцьцём — нутрымацiцавыя кантрацэптывы (сьпiралi, дугi, петлi, спружынкi й г. д.). Дзеяць яны, не дазваляючы аплодненай яйцавай вузе “асесьцi” ў мацiцы. Гэта надзейныя сродкi, якiя найчасьцей ня чыняць неспакою й могуць быць пакiненыя ў целе на працяглы час. Выкарыстаньне iх не вымагае падрыхтовы перад i пасьля суполеньня, а жаночая арганiзма шторазу атрымлiвае бiялягiчна актыўныя рэчывы з спэрмы. Праўда, лекары часьцяком ня радзяць сьпiралек жанчынам, якiя ня мелi дзяцей, галоўным чынам зь меркаваньняў заўжды iсноўнае рызыкi пазамацiцавае цяжарнасьцi ды iнфэкцыяў. Мала таго, ня кожная арганiзма ляяльная да гэткага ўмяшаньня… Яшчэ адзiн мэтад засьцерагчыся — фiзiялягiчны. Палягае ён у дакладным вызначэньнi дзён, калi яйцавая вуза здатная на апладненьне. Даведацца пра “небясьпечны” час жанчына можа трыма спосабамi: або рэгiструючы працягласьць мэнструальных цыкляў i праводзячы затым арытмэтычныя падлiкi, або мераючы шторанiцы тэмпэратуру й складаючы паводле замераў графiк, або аглядаючы штодня сьлiзь з полавых шляхоў. Гэты мэтад даволi складаны, забiрае шмат часу й застаецца пры гэтым ня надта надзейным. Ня лiчыцца надзейным i мэтад перарванага стасунку — выманьне чэлеса з похвы да пачатку эякуляцыi. Рэч у тым, што крыха спэрмы — прээякулят — амаль заўжды вырываецца вонкi задоўга да вялiкага выпырску. Яе так мала, што й не зацемiш — але ж у ёй плойма народкаў. Таму кантрацэпцыйнасьць такога спосабу ацэньваюць на 70–80 працэнтаў. Высокi эфэкт звычайна дае камбiнаваньне прынамсi часткi пералiчаных процiзачаткавых сродкаў. Тым часам на падыходзе ўсё новыя кантрацэптывы — напрыклад, процiзачаткавы пляйстар (прылеплены, пушчае гармоны пад скуру) або прагестагенавая похвавая ўкладка (таксама выпушчае гармон, якi чынiць бар’ер ля ўваходу ў мацiцу й не дае ёй ствараць штомесяц спэцыяльнага подсьцiлу). Апрача таго, стадыю тэставаньня нарэшце праходзiць доўгiя гады распрацоўваная таблетка мужчынам — яна зможа паралiзаваць працэс фармаваньня народкаў. |
Гэтак iльга акрэсьлiць шматлiкiя дзеяньнi ў часе любошчаў — калi няма беспасярэдняга судакрананьня генiталiяў. Дыяпазон пэтынгу вельмi шырокi — ад прытуляньня, масажаваньня адно аднаго, пешчаньня грудзей, крумянак цi мiжножжа праз адзеньне да жарсьлiвых памкненьняў пад адзеньнем, пры адзеньнi расшпiленым або безь яго. Да элемэнтаў глыбокага пэтынгу залiчаюць кунiлiнгус (полавае ўзбуджаньне жанчыны ўзьдзеяньнем на яе вульву вуснамi й языком) i мiнэт (лашчаньне чэлеса ротам). Бальшыня жанок найбольшую сэксуальную прыемнасьць адчувае ў ласкатнi, таму ўжо толькi яго стымуляцыя ротам або рукою можа прывесьцi жанчыну да аргазмы. Некаторым даступныя аргазмы й цераз дотык да iншых часьцiн цела. Скажам, жанчына зь вельмi чульлiвымi грудзьмi можа дапяць пiку нат без дакрананьня да ейнага ласкатня — даволi ёй ужо пешчаньня й сысаньня партнерам яе грудзей. У адрозьненьне ад мужчынаў жанкi ў часе сэксу або пэтынгу здатныя зазнаваць аргазму нямала разоў. Дарэчы, афiцыйны рэкорд тут паставiла неяк адна амэрыканка, якая дапамагала была сэксолягам у дасьледаваньнi прыроды жаночых аргазмаў — за адзiн вечар ёй удалося дасягнуць пiку 50 разоў! Пры гэтым яна сьцьвярджала, што дала б рады яшчэ… |
Суполеньню зазвычай папярэднiчае ўступная гульня — асаблiва прыдаецца яна жанчыне, памагаючы ёй належна ўзрушыцца, так, каб прыйшло натуральнае зьвiльгатненьне — сэкс будзе прыямнейшы. Элемэнты глыбокага пэтынгу — да прыкладу, аральны кантакт — стаюцца нярэдка своеасаблiваю прэлюдыяй да полавага акту. Кунiлiнгус у мiлоснай гульнi дазваляе, як правiла, давесьцi ўзрушэньне жанчыны — яно найчасьцей астаецца ад мужчынавага — да такога высокага роўню, калi большаюць шанцы на блiзкую жаночую аргазму. Паводле амэрыканскiх сэксолягаў, у ЗША 54 працэнты мужчынаў практыкуюць у часе ўступных любошчаў узьдзеяньне на вульву вуснамi й языком. Зьвесткi шматлiкiх апытаньняў у розных краёх сьвету пацьвярджаюць пазытыўнае стаўленьне таксама й жанок да гэткiх пешчаньняў. Праз кунiлiнгус напару дасягаецца аргазма й пасьля коiтусу, калi жанчына зь якой прычыны не пасьпела прычакаць здаволеньня або настроеная на паўторную аргазму. Аральны кантакт, знакам тым, — зусiм нармальная, натуральная й прыемная частка сэксу, якая можа быць або самадастатковаю, або наблiжаць партнераў да суполеньня — акту, што вянчае ўсе перажываньнi ў сьвеце сэксуальнага жыцьця. Сярэдняя працягласьць коiтусу ў маладых i фiзычна здаровых людзей вагаецца ад 2–5 да 10 хвiлiн пры першым полавым зблiжэньнi. Пры паўтарэньнi полавы кантакт можа падаўжацца. Наагул, нармальнаю лiчаць кожную працягласьць стасунку, якая дазваляе дасягнуць распружаньня абаiм партнэрам. Коiтус магчымы, нат калi жанчына не пасунецца на сантымэтар, але як для яе, так i для ейнага супольнiка будзе такая лучнасьць даволi нуднаю. Жанчына павiнна рухацца разам iз сваiм партнерам, хаця часам гэта й не ўдаецца так проста й натуральна, як яму. Хаця бальшыня жанок любiць адчуць у сабе чэлес, iхныя фiзычныя перажываньнi, зьвязаныя з тым, што дзеецца ўнутры, нярэдка ўсё ж нявойстрыя. Затое амаль заўжды жанкi сiляюць найпрыемныя адчуваньнi з усяго абсягу наўкола похвы — увага зноў на ласкацень. Многiя лiчаць досыць прыемнымi звычайныя рухi чэлеса ўглыб цела й вонкi, iншыя тым часам даслоўна мусяць нацiраць ласкацень аб цела партнера, каб агарнула iх узрушэньне. Нярэдка жанчыны ўважаюць, што вельмi цяжка дасягнуць iм у суполеньнi таго, што iм патрэбна. Шмат якiя разьвязваюць такую праблему, датыкаючыся ў часе, як кахаюцца, да свайго ласкатня або просячы пра гэта партнера. Ясна, дапяцьцё аргазмы ў часе пэнэтрацыi не настолькi простае для жанчыны, як для яе партнера, але ўрэшце бальшыня жанок адкрывае нейкую пазыцыю, рух цi якую iншую штучку, якiя дапамагаюць здаволiцца. З мноства розных пазыцыяў пры полавым кантакце льга выдзелiць шэсьць асноўных, якiя ў сваю чаргу маюць купу варыянтаў. Мужчына зьверху, або жанчына далавах (клясычная пазыцыя) — жанчына ляжыць на сьпiне, мужчына — над ёю. Такое становiшча дазваляе ўстанавiць шпаркi тэмп фрыкцыяў, каханкi бачаць адно аднаго й маюць магчымасьць на пяшчоты й пацалункi. Мужчына можа абапiрацца на далонi або локцi, абдымаць партнэрку за стан або прытрымлiваць за плечы. Адменьнiкi гэтае пазыцыi розьняцца тым, як жанчына трымае ногi: яна можа iх стулiць, скрыжаваць паўзьверх цела мужчыны або разьвесьцi. Застаючыся пад мужчынам, жанчына абмежаваная ў руху. Жанчына зьверху (адваротная клясычная пазыцыя) — ёсьць два асноўныя варыянты: жанчына ляжыць на мужчыну або сядае на яго таксама, як пры язьдзе конна. Становiшча наверсе дазваляе жанчыне праявiцца больш актыўна — яна можа абраць для сябе спосаб найбольшага ўзрушэньня й пажаданы рытм фрыкцыяў. У нярэдкiх выпадках жанчыны, раней не зазнаваўшы аргазмы, упершыню дасягалi яе ў такой пазыцыi. Як жанчына ляжыць на мужчыну, яе жывот i грудзi знаходзяцца ў шчытным кантакце з партнерам — забясьпечваецца актыўнасьць жанчыны, якая можа вольна чынiць рухi лагвом дый пацьвяляць церцем ласкацень. Папулярнейшы, аднак, другi адменьнiк, пры якiм жанчына сядзiць на мужчыну. Тады чэлес уваходзiць глыбока й стымулююцца ўсе сьценкi похвы. Гэтая пазыцыя гарантуе моцнае ўзрушэньне — магчымая разнастайная стымуляцыя партнераў, у тым лiку й зрокавая. На баку (бакавая пазыцыя) — партнэры ляжаць на баку тварам адно да аднаго або мужчына ляжыць за жанчынаю. Ногi жанчыны могуць быць растуленыя або перакрыжоўвацца з нагамi партнера, могуць быць выпрастаныя або шчыльна самкнёныя. Абое здатныя свабодна рухацца, абое маюць прынамсi адну вольную руку на дотыкi й пяшчоты. Пры гэтым ёсьць магчымасьць цалавацца й бачыць (калi твар у твар) вочы адно аднаго. Такую пазыцыю часам рэкамэндуюць жанкам уцяжку — мiнiмальны пры ёй цiск на жывот. Мужчына адзадзя — пазыцыя, часта сустраканая ў творах антычнае культуры. Мае шмат варыянтаў: мужчына зьверху; мужчына й жанчына на каленях; жанчына на пасьцелi на каленях, мужчына тым часам стоячы на падлозе... Становiшча дае чэлесу безьлiч магчымасьцяў глыбока й цесна пранiкаць у похву; мужчына можа пры гэтым лашчыць партнэрку рукамi. Рухi абаiх нiчым ня стрымлiваюцца, няма як, праўда, цалавацца й глядзець адно на аднаго. Седзячы — мужчына сядзiць, жанчына — у яго на каленях (тварам да яго або сьпiнаю). У гэтай пазыцыi партнеры могуць прытуляцца адно да аднаго, жанчына патрапiць адхiнуцца назад (седзячы тварам да партнера) або нахiнуцца наперад (седзячы сьпiнаю). Чэлес тут сягае глыбока, але ж магчымасьць рухаў абмежаваная. Пазыцыя найлепш падыходзiць партнерам пры ладнай розьнiцы ў iхным росьце. Стоячы — мужчына й жанчына iсьцяць полавы акт, стоячы тварам адно да аднаго — яна абдымае яго рукамi за шыю, а ён дзяржыць яе рукамi за бёдры. Актыўнасьць у такой пазыцыi чынiць мужчына. Даведнiкi радзяць выпрабаваць гэты кантакт у такiх месцах, як душ i шафа. Пажадана, аднак, каб партнэры былi аднаго цi блiзу аднаго росту. Пазыцыi, натуральна, почасту залежаць ад месца, у якiм кахаюцца партнеры. Напрыклад, калi яны ў машыне, яна можа сесьцi на заднiм сядзеньнi — расхiнуўшы ногi, а ён як бы ўклякнуць перад ёю. Калi ўсё дзеецца на кухнi, жанчына можа сесьцi на стальнiцу ды аплесьцi нагамi партнера, якi стаiць перадам да яе… У дыяпазон прымальнасьцi жанчыны нярэдка ўваходзiць i анальны сэкс. Шмат жанок любiць яго й рэгулярна практыкуе, iншыя аднак яго баяцца — лiчаць балючым i ня важацца спрабаваць. Пры такiм сэксе iснуе, праўда, рызыка iнфэкцыяваньня мiкробамi, намнажанымi ў розьверцi, таму мэдыкi радзяць пасьля анальнага суполеньня не наблiжаць, не памыўшы, чэлеса або пальца да похвы. Жанкi, для якiх анальны сэкс — норма, усё ж рызыкуюць аслабiць i расьцягнуць цяглiцу–сьцiскальнiцу, што замыкае розьверць. Ведама, няма нейкага рэцэпту на выдатны сэкс. І ўсё ж жанчына й яе партнэр маюць вялiкi шанец здаволiць сябе ў сэксе, калi: яны адпачылыя й шчасьлiвыя; |
У вынiку апладненьня ў мацiцы жанчыны разьвiваецца новая арганiзма — працэс гэты доўжыцца ў сярэднiм 280 дзён. Калi жанчына ўсё ж не гатовая зь якiх прычын стаць мацi, то нават па незасьцярожаным каханьнi яна яшчэ мае магчымасьцi прадухiлiць цяжарнасьць. Па–першае, ёсьць на гэта спэцыяльныя посткаiтальныя таблеткi — на нашым рынку, напрыклад, пастынор, якi прымаюць не пазьней як празь 2–3 гадзiны пасьля полавага акту, прычым ня больш як 4 таблеткi на месяц. Яшчэ адзiн мэтад “аварыйнае” кантрацэпцыi — успамiнаная сьпiралька. Як жанчына памяшчае яе ў мацiцы не пазьней як празь 5 дзён пасьля незасьцярожанае лучнасьцi, найхутчэй будзе ахаваная ад цяжарнасьцi. Калi, аднак, непажаданая цяжарнасьць акажацца фактам, у жанчыны застаецца яшчэ плойма часу ўсё абдумаць. І ў разе ненаважаньня нарадзiць дзiця — спынiць цяжарнасьць спаронам. Чынiцца гэта ў пару, калi плод яшчэ нежыцьцяздольны — да 28 тыдняў ад зачацьця. Штучны спарон заўсёды тоiць у сабе небясьпеку фiзычнага й псыхiчнага траўмаваньня жанчыны. Асаблiва ён небясьпечны пры першай цяжарнасьцi… Калi ж жанчына застаецца пры надзеi й дбае пра ўласнае здароўе, яна не павiнна iгнараваць рэкамэндацыяў што да сэксу ў часе цяжарнасьцi. У першыя 2–3 месяцы полавую актыўнасьць, як правiла, радзяць абмежаваць: сэксуальнае ўзрушэньне й памоцнены прыгон крывi да полавых органаў могуць справакаваць перарваньне цяжарнасьцi. Полавае жыцьцё мае быць чыста спыненае за 2–2,5 месяцы да родаў — iснуе бо небясьпека пранiкненьня iнфэкцыi ў полавыя органы. З сэксуальным пачуцьцём цягам цяжарнасьцi бывае па–рознаму: найчасьцей яно крыху спадае, але нярэдка можа й нарастаць. Максымальная сэксуальная чульлiвасьць у жанок уцяжку назiраецца звычайна мiж 3–м і 6–м месяцамi цяжарнасьцi. Пад канец цяжарнасьцi полавае пачуцьцё жанчыны, як правiла, панiжаецца. Вялiкае значэньне ў такi пэрыяд набывае пастава iнтымнае лучнасьцi, а таксма пэтынг дый iншыя формы сэксуальных кантактаў без уводжаньня чэлеса. Роды мабiлiзуюць жыцьцёвыя функцыi й энэргетычныя рэзэрвы жаночае арганiзмы. Почасту маладыя жанчыны ў сваю раньнюю пару сэксуальнага жыцьця не зазнаюць пачуцьця поўнага здаволеньня. Яно разьвiваецца спакваля, нярэдка пасьля першых родаў, i дасягае найвышэйшага роўню к 30–35 гадом.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |