гісторыі |
Жорж Батай
|
КАЛІ Эдуард паваліўся мёртвы, яе напоўніла пустэча, доўгае трымценне прабегла па целе і анёлам узнесла яе ў нябёсы. Ейныя голыя грудзі ўзняліся ў храм мары, дзе яе вычэрпвала пачуццё непапраўнасці. Яна стаяла ля нябожчыка, адсутная, недзе па–над самой сабой, у нетаропкім, прыгаломшаным экстазе. Яна адчувала ў сабе адчай, але не зважала на гэты адчай. Паміраючы, Эдуард упрошваў яе распрануцца. Яна не паспела! Яна стаяла, раскудлачаная; толькі грудзі паспелі выскачыць з–пад сцягненай сукенкі. МАРЫЯ ЗАСТАЕЦЦА САМ–НАСАМ З НЯБОЖЧЫКАМ ЭДУАРДАМ ЧАС ужо толькі што скасаваў законы, якія ўстанавіў нам страх. Яна здзела сукенку, перакінула праз локаць паліто. Яна была голая ды шалёная. Яна скочыла на вуліцу ды кінулася бегчы пад спорным начным дажджом. Чаравікі хлюпалі ў брудзе, дождж струменіў па целе. Ёй захацелася сраць, але яна стрымалася. Лес ахінуў Марыю сваёй пяшчотаю, і яна расцягнулася на зямлі. Доўга сікала, і моч цёк па нагах. Лежачы, яна напявала немагчымым, шалёным галаском: ...гэта галізна,
Потым, узняўшыся, яна накінула плашч, пабегла ў Кіі, і бегла аж да дзвярэй карчмы. МАРЫЯ ГОЛАЯ ІДЗЕ З ДОМУ У НЕРАШУЧАСЦІ стаяла яна ля дзвярэй, не маючы смеласці ўвайсці. Знутры даносіліся крыкі, спевы дзевак ды п’янюг. Яна адчула трымценне, але насалоджвалася гэтым трымценнем. Яна падумала: “Зайду, пабачаць мяне голую”. І мусіла спярціся да сцяны. Яна расхінула паліто і запусціла ў міжножжа свае доўгія пальцы. Застылая ў трывозе, яна слухала і ўдыхала са сваіх пальцаў пах непадмытай поткі. Раптам гоман у карчме прыціх. У непрагледным змроку ішоў касы ад цеплаватага ветру дождж. Бабскі голас выводзіў сумную простанародную песню. Прыцішаны сценамі нізкі голас, у цемры, на дварэ, браў за жывое. Песня скончылася. Тупат ног і плясканні перайшлі ў авацыю. Марыя рыдала ў цемры. Яна плакала ад свае бездапаможнасці, упіўшыся зубамі ў руку. МАРЫЯ ЧАКАЕ ЛЯ КАРЧМЫ ВЕДАЮЧЫ, што ўсё адно зойдзе, Марыя затрэслася. Яна адчыніла дзверы, зрабіла тры крокі ў залу: дзверы зачыніліся ў яе за спінай ад скавышу. Яна згадала, што некалі сніла, як гэтыя дзверы з грукатам назаўжды замыкаюцца за спінай. Тутэйшыя парабкі, гаспадыня ды распусныя дзеўкі разглядалі яе. Яна знерухомела спрыхаду, брудная, макравалосая, пад нядобрымі позіркамі. Яе быццам вятруга прынёс (вецер усё шамацеў на дварэ). Паліто прыкрывала цела, але яна адкінула каўнер. МАРЫЯ ЎВАХОДЗІЦЬ У КАРЧМУ ЯНА ціха спытала: — Тут наліваюць? Гаспадыня за стойкай адгукнулася: — Кальвадосу? І паставіла чарачку на стойку. Марыі гэта не спадабалася. — Дайце пляшку і вялікія шклянкі, — сказала яна. Ейны голас гучаў ціха і цвёрда. — Я буду піць з іх, — дадала яна і заплаціла. Нейкі парабак у запэцканых ботах сціпла спытаў: — Прыйшлі павесяліцца? — Ну, — адгукнулася Марыя. Яна зрабіла намаганне і ўсміхнулася: яе нібы перарэзала ўсмешкай. Яна прысела поруч з парабкам, прыціснулася нагою да яго нагі, узяла ягоную руку і заціснула сабе паміж ляжак. Замацаўшы дзірку, парабак прахрыпеў: — Бляха! Астатнія напружана маўчалі. Нейкая дзявуля, ускочыўшы, адхінула крысо ейнага паліто і войкнула: — Глянь, яна ж голая! Марыя, не звяртаючы ўвагі, хуценька праглынула шклянку кальвадосу. — Яна любіць малачко, — мовіла гаспадыня. Горкая адрыжка сцяла Марыі горла. МАРЫЯ П’Е З ПАРАБКАМІ МАРЫЯ сумна сказала: — Адбылося. Прадкі чорных мокрых валасоў ліплі ёй да твару. Яна пахітала сваёю пекнаю галоўкаю, устала, скінула паліто. Нейкі ахламон, адзін з піткоў, накіраваўся з залы да яе. Ён хістаўся, хапаў рукамі паветра і роў: — Падаць сюды голых баб! Гаспадыня накінулася на яго: — Зараз як адцягаю за шнобель... І ўкруціла яго за нос. Ён зароў. — Не, за гэтае месца лепей, — сказала Марыя. Падышла, расшпіліла прарэх і выцягнула са штаноў абвіслы чэлес. Чэлес выклікаў рогат. Са зверскім бясстрашшам, адным глытком Марыя выпіла яшчэ шклянку. Гаспадыня, вочы якой ззялі, як ліхтары, пяшчотным дотыкам кранула розверць ейнага азадку і мовіла: — Яшчэ паласцімся гэтым. Марыя наліла сабе яшчэ. Гарэлка булькатала, ліючыся. Яна прагна, нібы перад смерцю, каўтала. Шклянка выпала ў яе з рук. Ейны бясколерны, але добра акрэслены азадак сваёй мяккасцю асвятляў залу. МАРЫЯ ВЫЦЯГВАЕ ЧЭЛЕС П’ЯНЮГІ АДЗІН з парабкаў стаяў наводдаль з гнеўным выразам на твары. Ён быў прыгожы аж задужа, у высокіх, аж занадта новых чорных рызінавых ботах. Марыя падышла да яго з пляшкаю ў руцэ, учырванелая, вялікая. Панчохі ў яе спаўзлі, ногі запляталіся. Парабак узяў пляшку і прагна глынуў. І нечакана моцна крыкнуў: — Годзе! — з грукатам паставіўшы пляшку на стол. Марыя спыталася: — Ты хочаш іншага? Ён адказаў усмешкай, у думках ужо завалодаўшы ёю. Ён завёў механічнае піяніна, і, вяртаючыся, крутнуўся колькі разоў, трымаючы перад сабою ўяўную партнерку. Адною рукой ён абхапіў Марыю, і яны пачалі даволі непрыстойна танчыць яву. Марыя, ад агіды захінуўшы голаў, цалкам аддалася танцу. МАРЫЯ ТАНЧЫЦЬ З П’ЕРО АЛЕ раптам гаспадыня ўскочыла з крыкам: — П’еро! Выслізнуўшыся з рук збітага з панталыку парабка, Марыя павалілася. Паслізнуўшыся, танклявае цела, як мех, храснулася аб падлогу. — Курва! — П’еро адваротам рукава выцер вусны. Падбегла гаспадыня. Укленчыўшы, яна асцярожна прыўзняла галаву: сліна, ці хутчэй нават пена, цякла з рота. Адна з дзевак падала вільготную сурвэтку. Свядомасць хутка вярнулася да Марыі, і яна слабым голасам папрасіла: — Водкі! — Дайце сюды шклянку, — загадала адной з дзевак гаспадыня. Прынеслі шклянку. Яна выпіла і запатрабавала: — Яшчэ! Жанчына наліла яшчэ. Марыя выхапіла шклянку ў яе з рук і прагна, нібы спяшаючыся, выпіла. Адкінуўшыся на рукі гаспадыні ды адной з дзевак, яна ўзняла галаву: — Яшчэ! — вымавіла яна. МАРЫЯ ВАЛІЦЦА НА ПАДЛОГУ, ДА СМЕРЦІ П’ЯНАЯ Парабкі, дзеўкі, гаспадыня стоўпіліся вакол Марыі і чакалі, што яна скажа. Марыя прашаптала адно толькі слова: —...На досвітку, — сказала яна. Потым яе голаў ізноў заваліўся. Хворая, хворая... Гаспадыня спыталася: — Што яна сказала? Ніхто не змог адказаць. МАРЫЯ ХОЧА СКАЗАЦЬ ТАДЫ гаспадыня звярнулася да прыгажуна П’еро: — Пасмакчы яе. — Пасадзіць яе на крэсла? — запытала адна дзеўка. Яны разам узнялі цела і ўсадзілі азадкам на крэсла. П’еро ўкленчыў, паклаў ейныя ногі сабе на плечы. Прыгажун пераможна ўсміхнуўся і запусціў свой язык у валоссе. Хворая, прасветленая, Марыя выглядала шчаслівай і ўсміхалася, не расплюшчваючы вачэй. П’ЕРО СМОКЧА МАРЫЮ ЯНА адчувала прасветленасць, холад, без аглядкі выплёскваючы жыццё, нібы памыі, у сцёк. Адно бязвольнае жаданне падтрымлівала ў ёй нейкую напружанасць: ёй хацелася аслабаніць жывот. Яна ўявіла жах усіх астатніх. Цяпер яна не была аддзеленая ад Эдуарда. Голая потка: змяшаныя, пахі сарамацення й розверці разнявольвалі яе сэрца і язык П’еро, які змочваў яе, абдаючы, здавалася, холадам смерці. П’яная ад алкаголю і навальных слёз, яна не плакала: яна падцягнула да сябе галаву гаспадыні, адкрываючы насустрач карыесу ейнага рота пажадлівую бездань сваіх вуснаў. МАРЫЯ ЦАЛУЕ ГАСПАДЫНЮ Ў ВУСНЫ МАРЫЯ адштурхнула гаспадыню і ўбачыла яе растрапаныя валасы і шырока расплюшчаныя ад шчасця вочы. Твар гэтае кабыліцы ззяў п’яною пяшчотаю. Яна таксама была п’яная, ажно парывалася спяваць. У яе на вачах выступілі слёзы шчасця. Гледзячы на гэтыя слёзы і нічога не бачачы, Марыя жыўцом патанала ў святле смерці. Яна выдыхнула: — Піць. П’еро смактаў, ажно захлынаўся. Гаспадыня ўслужліва паднесла пляшку. Марыя асушыла яе прагнымі глыткамі. МАРЫЯ П’Е З РЫЛЦА ...ШТУРХАНІНА, жахлівы крык, звон разбітых пляшак, Марыіны лыткі распраміліся жабіным рухам. Хлопцы крычалі і штурхаліся. Гаспадыня дапамагла Марыі легчы на канапу. Ейныя пустыя вочы свяціліся захапленнем. На дварэ ў парывах ветру лютавала бура. У цемры грукалі веснічкі. — Слухайце, — сказала гаспадыня. І ўсе пачулі завыванні ветру ў галінах дрэў, доўгія і жалобныя, як покліч вар’яткі. Раптам дзверы адчыніліся насцеж, і парыў ветру ўварваўся ў залу. У адно імгненне голая Марыя ўскочыла на ногі. Яна закрычала: — Эдуард! І сум у яе голасе зліўся з трывожным завываннем ветру. МАРЫЯ КАНЧАЕ З гэтай нядобрай цемры выйшаў чалавек, з цяжкасцю склаўшы парасон. У дзвярным праёме паўстаў ягоны пацучыны абрыс. — Хутчэй, пане графе! Заходзьце, — сказала гаспадыня, падыходзячы няцвёрдым крокам. Карлік моўчкі зайшоў. — Вы ўвесь мокры, — вяла сваё гаспадыня, зачыняючы дзверы. Чалавек меў надзіва важны выгляд, ён быў поўны, гарбаты, ягоная вялікая галава глыбока ўрасла ў плечы. Ён павітаўся з Марыяй, пасля павярнуўся да парабкаў: — Дзень добры, П’еро, — мовіў ён, паціскаючы хлопцу руку, — здымі з мяне, будзь ласкавы, паліто. П’еро дапамог графу вызваліцца з паліта. Граф ушчыкнуў яго за лытку. П’еро ўсміхнуўся. Граф ветла паціснуў рукі прысутным. — Дазволіце? — спытаў ён, нахіляючыся. І прысеў за столік насупраць Марыі. — Нясіце пляшкі, — гукнуў граф. — Я ўжо напілася, — мовіла жанчына, — аж да ўсцачкі. — Піце да ўсрачкі, дзіцятка маё... І замоўк, паціраючы рукі. Не без развязнасці. МАРЫЯ СУСТРАКАЕЦЦА З КАРЛАМ МАРЫІН нерухомы позірк сачыў за графам, а галава тачылася. — Налівай, — сказала яна. Граф напоўніў шклянкі. Яна спакойна дадала: — На досвітку я памру. Шэра–блакітныя графавы вочы ўперыліся ў яе. Бялёсыя бровы падскочылі, выкрываючы зморшчыны на занадта шырокім ілбе. Марыя падняла шклянку і мовіла: — Пі! Граф таксама ўзяў шклянку і асушыў яе; яны выпілі залпам і адначасова. Падышла гаспадыня і падсела да Марыі. — Мне страшна, — сказала ёй Марыя. Яна не зводзіла з графа вачэй. Нешта падобнае да ікаўкі вырвалася з яе грудзей: вар’яцкім голасам яна прашаптала старой на вуха: — Гэта здань Эдуарда. — Якога такога Эдуарда? — ціхутка спыталася гаспадыня. — Ён памёр, — гэтаксама ціха адгукнулася Марыя. Яна ўзяла руку жанчыны і цэпнула яе зубамі. — Сцерва, — узвыла пакусаная. Але, выхапіўшы руку, палашчыла Марыю, пацалавала яе ў плячук і, звяртаючыся да графа, сказала: — І ўсё–ткі яна міленькая. МАРЫЯ БАЧЫЦЬ ЗДАНЬ ЭДУАРДА У сваю чаргу граф спытаў: — Хто гэты Эдуард? — Ужо і сам забыўся, хто ты такі, — адгукнулася Марыя. Гэткім разам голас яе трымцеў: — Прымусь яго выпіць, — папрасіла яна гаспадыню. Здавалася, яна даведзеная да крайнасці. Граф выдуў яшчэ шклянку, але прызнаўся: — Алкаголь мяне слаба бярэ. Таўставаты чалавечак з агромністаю галавою абыякава агледзеў Марыю, нібыта хочучы яе збянтэжыць. Ён аднолькава, уціснуўшы непаваротлівую галаву ў плечы, пазіраў на ўсё наўкола. Ён паклікаў: — П’еро! Парабак падбег. — У мяне ўстае на гэтае дзіцё, — сказаў карла. — Прысядзь, будзь ласкавы, тут. Парабак сеў, граф жа весела дадаў: — Будзь такі добры, П’еро, палашчы мой посік. Я не рашаюся прасіць гэтае дзіцё... Ён усміхнуўся. — Яна ж не ты, яна ж не звыкла да монстраў. Тут Марыя ўскочыла на канапку. МАРЫЯ ЎСКОКВАЕ НА КАНАПКУ — Я баюся, — сказала Марыя, — ты падобны да каменнага слупа. Ён маўчаў. П’еро ўзяў у рукі ягоны посік. Граф і насамрэч быў бясстрасны, бы слуп. — Каціся адсюль, — сказала яму Марыя, — інакш я цябе абасцу. Яна ўзлезла на стол і прысела на кукішкі. — Я буду толькі ў захапленні, — адказаў монстр. Ягоная шыя не варушылася: калі ён гаварыў, рухалася толькі падбароддзе. Марыя пачала сікаць. П’еро так моцна агладжваў графаў чэлес, што тому моч хлястаў проста ў твар. Граф змок, пачырванеў. П’еро торгаў з усім размахам, і неўзабаве посік выпырснуў насенне на камізэльку. Граф сіпла дыхаў і дробненька трымцеў з ног да галавы. МАРЫЯ СІКАЕ НА ГРАФА МАРЫЯ ўсё яшчэ сікала. На стале, застаўленым пляшкамі ды шклянкамі, яна рукамі расцірала моч па целе. Яна намачыла ногі, азадак і твар. — Глянь, — сказала яна, — я прыгожая. Яна сядзела на кукішках, міжножжам проці монстравай галавы, і ў яго аж рот раскрыўся. МАРЫЯ НАЦІРАЕЦЦА МОЧАМ МАРЫЯ зласліва ўсміхнулася. Візія страшнага жаху... Адна нага слізганула, і яна сарамаценнем бразнулася аб графаву галаву. Ён згубіў раўнавагу і зваліўся. І абодва пакаціліся, лаючыся, пад неверагодны грукат. МАРЫЯ ПАДАЕ НА МОНСТРА НА падлозе жахлівая валтузня. Разбушаваўшыся, Марыя ўкусіла графа за чэлес. Той зароў. П’еро паваліўся на яе, скруціў ёй рукі. Астатнія трымалі за ногі. Яна скуголіла: — Пусці! Пасля замаўчала. Прыплюшчыла вочы і ледзьве дыхала. Калі яна прыўзняла павекі, П’еро, чырвоны, потны, ляжаў на ёй. — Вазьмі мяне, — сказала яна. МАРЫЯ КУСАЕ КАРЛАЎ ЧЭЛЕС — ВАЗЬМІ яе, П’еро, — азвалася гаспадыня. Вакол ахвяры пачалі завіхацца. Марыя ізноў апусціла галаву, збянтэжаная гэтымі прыгатаваннямі. Астатнія паклалі яе, рассунулі ногі. Яна часта шумна дыхала. Сваёй нетаропкасцю сцэна нагадвала забой парсючка ці пахаваньне нейкага бога. П’еро зняў штаны: граф пажадаў, каб ён быў голы. Юнак наляцеў, як бык: граф дапамог увесці стамбур. Трапяткая ахвяра забілася. Яе цела білася пад ягоным з неверагоднай нянавісцю. Астатнія глядзелі, аблізваючы сухія вусны, уражаныя гэтай раз’юшанасцю. Целы, злучаныя друком П’еро, тузаліся й качаліся на падлозе. Урэшце, выгнуўшыся, як лук, парабак задыхана ўскрыкнуў і пырснуў шумам, а Марыя адказала яму смяротным спазмам. П’ЕРО ДАЕ МАРЫІ ...МАРЫЯ ачуняла. Яна чула птушыныя спевы ў лясным гушчары. Неймаверна вытанчаныя спевы пералівамі гукаліся ў каронах дрэў. Лежачы ў роснай траве, яна бачыла, як яснее неба: у гэтае імгненне нараджаўся дзень. Ёй стала холадна ад ледзянога прыступу шчасця, што лунала недзе ў гэтай невыразнай пустэчы. Аднак, як хацелася б ёй крыху прыўзняць галаву, і, хоць галава зноў бяссільна апусцілася долу, яна заставалася адданай святлу, лістоце і птушкам, насельніцам лесу. На нейкае імгненне ўспамін пра дзіцячую боязь крануў яе. Яна заўважыла, што над ёю нахілілася вялікая, лабастая графава галава. МАРЫЯ СЛУХАЕ СПЕВЫ ЛЯСНЫХ ПТУШАК У карлавых вачох яна згледзела настойлівасць смерці. На ягоным твары было напісанае толькі бясконцае расчараванне, якое ў святле нейкага жахлівага наслання выглядала цынічным. Нянавісць узбурылася ў ёй, і ад набліжэння смерці ёй стала страшна. Яна ўскочыла і сцяла зубы, а монстр кленчыў перад ёю. Яна стаяла трымцела. Адступіла на крок, зірнула на графа, і яе вывернула. — Бачыш, — сказала яна. — Цяпер лягчэй? — спытаў ён. — Не, — пачуўся адказ. Проста перад сабой яна ўбачыла ваніты. Лахманы паліто амаль не хавалі цела. — Куды пойдзем? — спытала яна. — Да вас, — адгукнуўся граф. МАРЫЯ ВАНІТУЕ. — ДА мяне, — прастагнала Марыя, і ў яе зноўку затачылася галава. — Ці ты д’ябал, што хочаш да мяне? — спыталася яна. — Але, — падхапіў карла, — раней мне казалі, што я д’ябал. — Д’ябал, — паўтарыла Марыя, — а мне насраць на д’ябла! — Вы ж толькі што ванітавалі. — А цяпер насяру. Яна прысела і справіла вялікую патрэбу прама на ваніты. Монстр усё яшчэ стаяў на каленях. Марыя спіною прыхінулася да дуба. Яна была не ў сабе, потная. Яна прамовіла: — Гэта яшчэ нічога. А ў мяне дома табе стане страшна... Запозна... Яна пахітала галавою і, раптам наскочыўшы на карлу, схапіла яго за каўнер і закрычала: — Ідзеш? — З ахвотай, — адказаў граф. І дадаў амаль шэптам: — Яна мяне вартая. МАРЫЯ СЕРА НА ВАНІТЫ МАРЫЯ, пачуўшы гэта, проста зірнула на яго. Ён узняўся з зямлі: — Ніколі, — прамармытаў ён, — ніхто яшчэ гэтак са мной не размаўляў. — Можаш каціцца, — сказала яна, — але калі ідзеш... Граф суха перапыніў: — Іду–іду. Вы аддасцёся мне. Яна не сунімалася: — Час ужо, — сказала яна. — Хадзем. МАРЫЯ БЯРЭ ГРАФА З САБОЮ ЯНЫ таропка ішлі. Дзень заспеў іх ужо ля дому. Марыя штурхнула веснічкі. Яны прайшлі прысадаю між старых дрэваў, якім сонца ўжо пазалаціла вершалінкі. Раздражнёная Марыя адчувала сваю змову з сонцам. Яна пусціла графа ў свой пакой. — Усё скончана, — сказала яна сама сабе. — Яна была адначасова стомленая, уззлаваная і абыякавая. — Распранайся, — кінула яму, — я буду ў суседнім пакоі. Граф няспешна пачаў распранацца. Скрозь лістоту з–за вакна прабіваліся промні святла, і сцяна ад святла стала рабою. МАРЫЯ З КАРЛІКАМ ЗАХОДЗЯЦЬ У ДОМ Граф узбудзіўся. Ягоны чэлес быў доўгі і чырванаваты. Голае цела і гэты чэлес былі сапраўды па–д’ябальску пачварныя. Галава тулілася ў кантаватых сутулых плячох. На бледным твары крывілася ўсмешка. Ён хацеў Марыю, і гэтае жаданне поўніла ўсе яго думкі. Ён адчыніў дзверы. Голая, маркотная, яна чакала яго ля ложка, спакуслівая і непрыгожая; разбітая пахмеллем і стомай. — Што з вамі? — спытала Марыя. Нябожчык напаўняў пакой, у беспарадку. Граф ціха прамармытаў. —...Я не ведаў... І вымушаны быў абаперціся на крэсла: чэлес бездапаможна павіс. Марыя жахліва ўсміхнулася: — Адбылося! І з дурнаватым выглядам паказала разбітую ампулу ў правай руцэ. І ўрэшце павалілася на падлогу. МАРЫЯ ПАМІРАЕ ...НАРЭШЦЕ граф згледзеў абодва катафалкі, якія адзін за адным сунуліся да могілак. Карла свіснуў скрозь зубы: — Ну, і надула ж мяне... Ён своечасова не заўважыў рава і паслізнуўся. Цяжкі ўсплёск на імгненне патрывожыў спакойныя воды. Заставалася сонца. МАРЫЯ ІДЗЕ СЛЕДАМ ЗА НЯБОЖЧЫКАМ У ТРУНУ
Пераклаў з французскай Мікола Шакель
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |