Logo ARCHE

 Паталёгіі ў 4(5)-1999     .

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 4(5)-1999

паталёгіі грамадзтва


Канстанцін Дронт
Дзевяць гадоў я знаёмы з марыхуанай


Дзевяць гадоў я непасрэдна знаёмы з марыхуанай. Апошнія два–тры гады “куру” даволі часта, ці кожны дзень, ці празь дзень, хаця нярэдкія перапынкі ў адзін–два тыдні, часта больш месяца. Але пры магчымасьці не прапускаю міма дымок марыхуаны. Вельмі яна мне па душы.

Усё ж мушу сказаць, марыхуана выклікае пагаршэньне памяці. Іншым разам адчуваю, што не магу прыгадаць падрабязнасьці таго, як прайшоў учорашні дзень, быццам ён ня ўчора быў, а даўно. Я не засмучаюся, бо ведаю, зь якой прычыны адбылося хуткае забываньне. Акцэнт увагі зьмяшчаецца з пабытовых зьменаў да адчуваньняў творчага характару, вобразаў, навеяных музыкай, прагулкамі, памаўленьнем. Але ў цэлым забыўлівасьць усё ж такі вядзе да некаторай разгубленасьці, і перад напісаньнем тэстамэнту я параю паджылым людзям не курыць марыхуаны тыдзень, можна два. Усё ж “тыдзень піць” і “тыдзень курыць” — несупастаўляльныя рэчы па шкодзе для здароўя.

У шэрагу краінаў, у тым ліку краінаў СНД, стаўленьне органаў правасудзьдзя і саміх заканадаўчых нормаў для аматараў марыхуаны несувымерна небясьпечнейшае за “траву”. У нашай краіне “непадсуднай” дозай зьяўляецца колькасьць марыхуаны вагой да пяці грамаў. Артыкул КК за ўжываньне нядаўна быў адменены. Але артыкулы за перавозку, набыцьцё, збыт, распаўсюджаньне, выраб не адмяняліся. Значыць, факт наяўнасьці марыхуаны аўтаматычна цягне за сабой падазрэньне ў якім–небудзь з названых падсудных дзеяньняў, і рызыка аказацца за кратамі існуе. Так што пакуль у РБ выратаваць ад крымінальнай адказнасьці за ўжываньне “лёгкага” (г.зн. слабога, бясшкоднага) наркотыку можа толькі кансьпірацыя. Нават сьмешна, як гэта сур’ёзна гучыць.


Два словы аб прэйскуранце (у якасьці інфармацыі):

У Менску пушка ад запалак з марыхуанай каштуе 10–15 даляраў, у Горадні — 5–7 даляраў, у Маскве — 15–20 даляраў, у Кіеве — 4–5, у Алма–Аце — што дасі, а ўва Ўзбэкістане, да ведама, за захаваньне і распаўсюджаньне наркотыкаў — сьмяротнае пакараньне.

Працэнт выкрываньня забойстваў ува Ўзбэкістане — высокі. Трапіўся з наркотыкамі — яшчэ ня сьмерць! Бярэш на сябе нераскрытае забойства — і жыві ў турме і радуйся. Вось ужо сапраўды агонь перакрыжаваны!

Да сярэдзіны 90–х пра гераін я толькі чуў. Заўсёды ставіўся з падазронам і перасьцярогай да апіятаў, таму не цікавіўся, чым “жывуць” знаёмыя “апіюшнікі”, і не заўважыў, калі з ужытку аматараў “чорнага”1 амаль зьніклі “лябараторныя” тэрміны: рашчыньнік, ангідрыд, луг і да т.п. Пра гэта пачынаюць забываць. Толькі ад скрайняй галечы наркаманы ўжываюць самапальна вырабленыя “шыркі”2 з набытай альбо знойдзенай макавай саломкі. Апрача невысокай якасьці атрыманага рошчыну і маральна–фізычных выдаткаў на выраб, некаторыя тэхналягічныя памылкі часта высьвятляліся толькі пасьля ўвядзеньня “шыркі”, і непажаданыя наступствы перажываліся непасрэдна. Час кухоннай альхіміі мінуў. Гераін бяз доўгіх пошукаў матэрыялізуецца сам сабой, калі ёсьць дастатковая сума грошай, і вы заявілі аб сваім жаданьні знаёмым, якія ведаюць “пушэраў”3. Колькасьць кропак, якія гандлююць гераінам, у кожным горадзе заўсёды здольная задаволіць попыт, пры павелічэньні якога прапарцыйна павялічваецца і маштаб дзейнасьці гандляроў. З забесьпячэньнем перапынкаў не бывае. Гэтая сыстэма працуе ня горш за харчовую праграму. Колькі б чалавеку не распавядалі пра хуткае прывыканьне да гераіну і рэзкую зьмену інтарэсаў, дзейнасьці на карысьць наркотыку, уявіць сабе гэты стан не нарказалежны чалавек ня можа і на чвэрць ступені. І ўва ўсёй прыгажосьці і паўнаце атрымлівае гэта, калі “залезе” ў “сыстэму”4. Гераін, у сілу сваёй чысьціні, як хімічнае рэчыва, хутка ўключаецца ў абмен рэчываў, робячы з часам працу арганізму без сваёй прысутнасьці немагчымай. Чалавек, які ніколі раней не ўжываў опійных сродкаў, ужо пасьля пары дозаў гераіну запар адчуе сур’ёзнае недамаганьне без чарговай дозы. Пры сыстэматычных ін’екцыях памер дозы павялічваецца, і спыніць гэты працэс цяжка.

Калі “сыстэма” набрала разгон, воля і рэшткі цьвярозай ацэнкі ўсяго, што адбываецца, бязьдзейнічаюць. Па меры паслабленьня эфэкту прынятай дозы гераіну наркаман аказваецца перад пагрозай глябальнага катаклізму свайго арганізму, г.зн. абстынэнцыі. Адчуваючы вусьцішны страх, наркаман думае толькі аб тым, дзе знайсьці выратавальнае рэчыва. Вельмі багатых наркаманаў значна менш, чым сярэдне– і нізказабясьпечаных. Наркотыкі адбіраюць усю энэргію. Наркаман у прынцыпе цэлы дзень заняты. Альбо ён расьціснуты “кайфам” і ня хоча нешта прадпрымаць, альбо, як толькі зьяўляюцца сілы для аналізу пэрспэктываў, “тарчок”5 паглынуты здабычай прэпарату, неабходнага яму адназначна. Як правіла, усё ўпіраецца ў сродкі. Вычарпаўшы грашовыя рэсурсы, крэдыт даверу, наркаман бяз роздумаў закладае альбо прадае ўсё з уласнай маёмасьці, што можа сабе дазволіць.

Рана ці позна, гераіншчык адчувае псыхічнае, маральнае і фізычнае зьнясіленьне. Патрабуецца перапынак. Бывае, псыхалёгія жаданьня пакінуць на час гераін заключаецца ў тым, што нарказалежны шчыра думае пра завязку назаўсёды. Мацёрыя гераіншчыкі выдатна сябе ведаюць, ніякімі ўяўнымі шчырымі ўстаноўкамі на поўнае спыненьне ня бавяцца. Яны папросту шукаюць спосабы найменш бяскроўнага выхаду (“саскоку”) з “сыстэмы”. Якія тут спосабы ў іх могуць быць?! Перайсьці на “шчыльнае” ўжываньне іншага наркотыку, які мог бы перабіць, заглушыць гераінавае галаданьне. Разумна зьніжаць дозу?! Амаль нерэальна. Чалавек–“сыстэма” ня зможа разумна разьмеркаваць рэчыва, ад якога ён моцна залежыць. Што трапляе ў рукі “тарчку”, то і будзе ў яго паступаць былымі і большымі дозамі. Часта “апіюшнікі” выратоўваюцца алькаголем, марыхуанай. “Пераломваюцца” тыдзень–два, пераносячы тэмпэратуру, выкручваньне суставаў, агульную моцную слабасьць у суправаджэньні з дэпрэсіяй.


Ад перадозаў гераінам паміраюць часьцей, чым ад любога другога наркотыку. Аднаму можа падасца, што не стае моцнага “прыходу”6, дозу трэба значна павялічыць. (А гераін па якасьці ўсё ж розны бывае. Вось патрапіцца добры, а наркаман “на вока” сыпане сабе, ды яшчэ і дадасьць ад сквапнасьці, якая ў тарчкоў вельмі разьвіваецца ў пляне ахвоты да наркотыкаў.) Пасьля доўгага адпачынку ад гераіну, калі арганізм перабудаваўся на нармальны рэжым, нехта пераацэньвае свае фізычныя магчымасьці і ўвальвае добрую дозу, хаця непадрыхтаваны, можа, і да палавіны. Перадоз. Мне здаецца, самы рэальны перадоз — гэта зь дзікага перапою пахмяліцца, “дзеўбануцца белым”7, каб зрэнкі ажно павылазілі, і па глупстве яшчэ “па чорным” ударыць — і “каюк”. Звычайна овэрдозы прыкладна з такіх прычынаў і бываюць. Толькі сумесі розныя. Адсутнасьць дастатковага досьведу ўва ўжываньні рэчыва — таксама ня рэдкасьць. У ліку ўсякіх выпадковасьцяў частка зь іх займае сьвядомы прыём перадозу.

У 60–я гады, калі ЛСД стаў ужывацца ў ненавуковых мэтах, яго прызналі забароненым прэпаратам. Досьледы, зьвязаныя з вывучэньнем дзеяньня ЛСД на сьвядомасьць, прыпыніліся. Хаця сярод наркаманаў многія не адносяць ЛСД да наркотыкаў як такіх. Фізычнай залежнасьці ён за сабой ня цягне. Небясьпечны для псыхікі, калі ўжываць прэпарат шмат і запар: чалавек ня справіцца зь неспадзяванай плыняй інфармацыі.

Каб намякнуць на прынцып дзеяньня ЛСД на сьвядомасьць, я магу прывесьці толькі сумбурную ілюстрацыю з уласнага досьведу. Даўно прыдумана форма, у якой дасьпявае да ўжываньня ЛСД–25 (дакладная назва). Кіслата мае высокую канцэнтрацыю, і больш–менш прымальная доза можа разьмясьціцца, скажам, на насычанай ЛСД паперы памерам 6х6 мм. Нават і гэтага бывае шмат. Дастаткова і 1/2 ад 6х6. Такі мікракосмас! Прапанова арыентуецца на попыт. Гэта я да чаго. Каб той, хто зьеў “паперку”, не фіксаваўся, не завісаў на адкрыцьці асобных, часам жудасных сутнасьцяў, напрыклад, сваёй, да кіслаты дадаюць стымулятары, якія не даюць сумаваць і акцэнтуюць увагу на пазытыве. Бываюць яшчэ ўсялякія сумесі, прысутнасьць і колькасьць якіх вызначае разнавіднасьць, тып “паперкі” ЛСД. У кожнага гатунку ёсьць свая назва.


...Цяпер дакладна ўяўляю, як залежыць стан чалавека ад стану Сонца, Месяца, становішча іншых плянэтаў і, канечне, стану энэргіяў усіх шматлікіх аб’ектаў Сусьвету. Гэтыя фактары ўтвараюць складаную сыстэму, адным з фактаў якой зьяўляецца наяўнасьць жывой прыроды на Зямлі, частковай праяваю яе зьяўляюся я. Далей па загадзе ланцуга наступстваў, якія немагчыма вылічыць, урэшце, я пішу гэтыя радкі. А што мяне прымусіла? Паперкі, сьмешна сказаць... Я і навакольнае. Адно цэлае “Я” павінна па лёгіцы быць роўнае двум маім “Я” ў два разы меншым. І гэтак далей. Гнязьдзіцца ў мільярдах малых “Я” ўжо становіцца немагчыма, проста–такі невыносна. Тым больш яны (“Я”), дзелячыся кожнае на больш дробныя два, аўтаматычна разьлятаюцца па розных парамэтрах часу, прасторы і нечага яшчэ, што немагчыма выразіць... Неяк раптам я ўсьвядоміў, што забыўся на сваё існаваньне. А адзін раз усьвядоміў, што забыўся, значыць, прыгадаў пра “Я”, перапалохаўся. “Малыя” (“Я”) сплятаюцца, зьбіраюцца. Складаюся, як веер. Я. Адно “Я”. Скрозь неадчувальнасьць цела ўсё ж прабіваецца гіпэрчалавечае (у сэнсе, жывёльнае) пачуцьцё страху за сябе — здаецца, што арганізм зь нечым не спраўляецца, і я паміраю. Паніка. Спроба выратавацца. Усё гэтае перажываньне ўклалася ў адно імгненьне, калі веер аказаўся складзеным. У наступнае імгненьне назіраю карціну сваіх дзеяньняў (у асноўным нават вачмі): хапаю шклянку, бягу на кухню па ваду. Толькі пачаў піць — адчуваю, што губляю прытомнасьць, і хутка губляю. Усё! Аглушыла зусім, візуальна калідор — карцінка, экран, у які гляджу, але ўсё менш усьведамляю адлюстраванае, ног ня чую. Мозг, нарэшце, успрымае ўсё настолькі прымітыўна, што страх сьмерці ўжо не ўспрымаецца. Каля крану з вадой я (цела) аказваюся ўжо без адзнакаў дзейнасьці мозгу. Сьвядомасьць заўважыла гэта і адразу аказалася ў целе. Я сьмяюся без адзінай ноткі, якая б абцяжарвала. Я перажыў паміраньне. І не памёр. Гэта шыфрам лягло ў маю душу. У мяне мелася псыхічная траўма, зьвязаная са згубай прытомнасьці, рэанімацыяй, бессэнсоўнай барацьбой за жыцьцё (цела). Сьвядомасьць прайграла сытуацыю з паміраньнем, дзе паказала асобнасьць сваёй сутнасьці, бо ў самы крытычны момант чым менш усьведамляў мозг навакольнае, і панятак “Я” аўтаматычна губляў актуальнасьць, тым больш адчувалася прысутнасьць (чыста назіральная) сьвядомасьці па–за целам. Адбытае пераканала мяне ў несьмяротнасьці сьвядомасьці. Гэта вылечыла мяне ад панічнага страху сьмерці. Мне пашанцавала.

Хто мала знаёмы з падобнымі рэчамі, крышку не зразумее выкладзенага. Усё, што я апісаў, па сутнасьці, урывак віртуальнага падарожжа ў сьвядомасьць.

Супэрпадпольнасьць, некаторы дэфіцыт наркотыкаў стварылі субасяродзьдзе з дакладнымі, цьвёрдымі ўмоўнасьцямі і прынцыпамі ўзаемадачыненьняў, нават са сваім мэнтальным полем. Каб набыць наркотык, трэба ўлезьці ў павуціньне ўсякіх тусовак, кансьпірацыйных перазвонаў, потым знайсьці месца правядзеньня мерапрыемства, усё гэта празь нейкія перашкоды. Пакуль зьдзейсьніш намер, утворыцца цэлы сьвет ззаду. Знаёмых, падказчыкаў, братоў па зброі ўсякіх... Такая фундамэнтальнасьць ні стуль ні сьсюль. Са сваімі мітамі, навучаньнямі, мастацкай культурай мікрасьвету. У нейкі момант чалавек усьведамляе сябе паўнапраўным чальцом субкультуры, блізкай да наркотыкаў. Цяпер ён пастаянна мае верагоднасьць наркатычных прыгодаў. Дапусьцім, наркотыкі яму не патрэбныя, а неабходнае памаўленьне, тусоўка, шум, актыўная рэляксацыя. Кампанія, у якую чалавек прыйшоў весяліцца, адпачывае, і не без наркотыкаў. У сярэднім факт таго, што малады чалавек, ня думаючы, далучыцца да ўсіх, верагодны працэнтаў на 80. Такі, да непрыстойнасьці прымітыўны прыклад я прывёў, каб нагадаць пра сындром калектывізму, якому так паддадзеныя розумы падлеткаў.

Добра, што ў нас народ закамплексаваны, сродкаў на загул амаль няма, а галоўны маральны прыярытэт — быць Мужыком. Г.зн. быць біяадзінкай, якая ўмее: гарэлку, цёлку, ну, і “за базар адказаць”. А можна быць і добрым Мужыком: бадун, дом — шклянка — аўтазавод — шклянка — агромністая жонка, дом — шклянка — і так да бясконцасьці. Гэта ратуе Беларусь ад скачкоў распаўсюджаньня ВІЧ–інфэкцыі.

 
1 апіяты.
2 самаробны неачышчаны гераін.
3 пушэр — чалавек, які закупае альбо бярэ на рэалізацыю гуртом наркатавар і прадае яго ўраздроб.
4 сыстэма — глыбокае па залежнасьці, сыстэматычнае ўжываньне наркотыку безь відавочных перадумоваў да паслабленьня сындрому патрэбы.
5 наркаман са стажам.
6 пікавы стан адразу пасьля ін’екцыі
7 стымулятар (амфітамін, эфэдрын, фэнамін)

 

Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Паталёгіі ў ARCHE 4(5)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 28-11-1999