гісторыі |
Алесь Кавальчук
|
Пэўна, што на гэтым вясельлі я мусіў быць. З маладым мы пражылі два гады ў асьпіранцкім пакоі, а маладой я дапамог уладкавацца на працу на сваё былое мейсца ў музэй. І пазнаёміліся яны лепей, ходзячы па кватэрах у выбарчую кампанію, арганізаваную мною. Няма тут нічыёй заслугі, хутчэй проста лёс, які зводзіць і разводзіць людзей, сыходзячы зь нейкіх сваіх меркаваньняў. Дарэчы, уся нашая вясельная каманда была даўно зьвязаная з маладым ці з маладой і ўсіх нас мусілі напаіць на гэтым вясельлі, як добрых сяброў, ад якіх усё роўна не схаваешся. |
А для гэтага й выбралі мейсца — Севаў хутар. І ніколі не ўзяўся б я за асадку, калі б ня ён, гэты хутар. Хто падумаў бы, што за 40 кілямэтраў ад Менску ў лесе можа стаяць закінутая хаціна, выбудаваная ледзь ня сто гадоў таму, куды гаспадары наведваюцца раз на месяц, дзе ніколі не было электрычнасьці, даўно няма калодзежа і зьдзічэлая трава на закінутым дворышчы стаіць аж па грудзі. Пэўне ж, лепей гуляць вясельле на такім хутары, чым у зашмальцаваным менскім рэстаране. Такім чынам, пасьля росьпісу маладых у Менску, зьбіраліся мы ў Ракаве адкуль і кіравалі на хутар. Дабіраліся да Ракава ў пятнічку хто як мог. Вылавілі мяне на аўтастанцыі, дзе я стаяў па квіток, два хахлы, сябрукі маладога, бо ён і сам быў хахлом са Львова. Прыгожым такім, ціхім і сэнтымэнтальным хахлом–фізыкам, які ўмеў неакрэсьлена так разважаць і ўмеў гатаваць незвычайную каву. Праўда ж, і нашая Натальля, беларусачка, цяпер ягоная жонка, высокая з доўгімі нагамі, была ня горшаю за яго. Была яна практычнаю кабетай з рамантычным выглядам і рэгулярна езьдзіла ў Польшчу папаўняць свой пасаг, цягаючы туды час ад часу сваіх далёкіх ад бізнэсу сябровак. Яна пераманіла Ігара са Львова, куды ён быў ужо вярнуўся пасьля менскай асьпірантуры, тычучы яго носам у сухі кран у львоўскай кватэры, у які ваду давалі толькі ноччу і тое ў няпэўныя часы. Менская цывілізацыя перамагла. |
Ігаравыя дружкі падхапілі мяне на станцыі. Мы павіталіся. Я: Слава Ўкраіне! Яны: Жыве Беларусь! Тутэйшыя прыгажуні, якія ехалі ў валожынскім накірунку, разглядалі нас на ўсе свае блакітныя вочы. Мы селі ў таксі і пад нейкую расейскую разьлюлі–маліну пагналі па ракаўскай шашы. Вецер дзьмуў у чатыры акны. Украінцы мае спалі, дзяўчынкі з касэты весела напявалі: “Я играю на балалайке. Это самый лучший русский инструмент!”, а я задаволена слухаў, як “Аўдзі” зь ціхім шоргатам расьсякае паветра, каўтаючы кілямэтры адзін за адным. Хутка мы былі ў Ракаве, дзе толькі нас ужо і чакалі. І неслася з нашае таксоўкі на ўвесь Ракаў: “Я мечтаю жить на Ямайке. На Ямайке балалаек нет!” Бацька Севы закінуў нашых паненак з гарэлкаю і харчам да паловы дарогі, куды толькі мог пад’ехаць на сваёй машынцы, а мы пайшлі пехам. Праз запыленыя местачковыя хаты, дзьвярыма на вуліцу, паўз царкву, паўзь людзкія гароды, дзе людзі абганялі бульбу, пад новы віленскі шлях, які раней ішоў праз Ракаў. Мы ішлі па шырокай пыльнай, у муку, дарозе, якая ўзьнімалася ўгору і выносілася ў сінюю, вымытую надвячоркам бездань неба. Паабапал дарогі ўсё было зялёным, пафарбаваным у чэрвеньскую сьвежую яшчэ зеляніну. Вось так, здаецца, ішоў бы туды і ішоў, туды, наперад, куды імкнецца душа чалавека, якую вабяць за сабой бальшакі. Упершыню зь зімы я выбраўся зь вялікай задымленай і затлумленай пачвары–гораду. Там нават ужо забыўся на смак хлеба. Пах сьвежаскошанай травы, навеяны аднекуль, кружыў голаў. Я ўздыхнуў напоўніцу і лёгкія мае парывіста затрапяталі. Гэтак, мабыць, у птушкі, што выляцела з клеткі на волю, дзеля гэтага перахоплівае голас. Мы ішлі па пыльным шляху да лесу. Высокі худы дружка–хахол сварыўся на камуністых, я падтакваў яму, а сам адчуваў, як тут, на ўзгорку, на ўсе бакі якога разьбеглася поле, а пад намі завісла вялізная, пустая і празрыстая сфэра неба, нечакана выпнулася маё ўнутранае Я, скінуўшы гарадзкую каросту абмежаванае заціснутае прасторы. |
Мы падышлі да лесу, разамлелага за дзень і патыхаючага вагкім млявым цяплом і ўцягнуліся ў яго, па жыле дарогі, кіруючыся на шыны Рагойшавай машынкі. Адбітак гумовых шынаў толькі і нагадваў нам пра цывілізацыю, якая зрэдзьчасу катала па гэтым нябітым шляху. Праўда, зьлева выплыў закінуты кар’ер, жоўтыя абрывы якога зацягнула зеляніна кустоўя. Мне падумалася, што ў такіх кар’ерах раней заўсёды любілі расстрэльваць. А затым паабапал шляху, можа ў паўкілямэтры адзін да аднаго пайшлі прагалы зарослага чарналесьсем поля, на якім яшчэ нешта сеялася і расло. Былыя хутары, падказаў Сева, усё, што ад іх засталося. І з новай моцаю накінуліся мы з дружкам–украінцам на камуністых. А вось насустрач нам коціць Рагойша–старэйшы. Мы махаем яму рукамі — самі дойдзем. Ён ківае рудаватаю бародкай і мы разьвітваемся. Ён вяртаецца да местачковае цывілізацыі, а мы брыдзем на хутар, на якім ужо даўно ніхто не жыве. Дарога выходзіць зь лесу і праваруч адкрываецца вялікая прагаліна, якую можна назваць сапраўдным полем. Паабапал шляху стаяць два хутары. Зьлева, на ўзгорку, у лесе — катэдж нейкага менскага варацілы з чырвонае рэстаўрацыйнае цэглы. І, як паведаміў нам Сева, з саўнай і басэйнам. “А як наконт дзевачак? — спытаўся п’яны яшчэ ад росьпісу другі ўкраінец. “Былі, — запэўніў Сева, — пакуль гаспадара не пасадзілі. Быў дырэктарам менскага ўнівэрмагу і зрабіў тут склад. Аднаго “Космасу” грузавік вывезьлі”. — А што з хатаю? — з павагай спытаўся Астравец. — Хата, машына, усё было запісана на маці. Адседзіць пару гадоў ды выйдзе. Адшаруюць яму ў саўне кабеты з азадку турэмны бруд і будзе зноў кароль. — Трэба ўзяць ды пашукаць, можа дзе золата тут закапана, — прапанаваў знаходлівы Астравец. — Глядзі, каб цябе тут не закапалі, — адказаў Сева. — Якраз той, хто будзе шукаць, — адзначыла Паліна. Усе апроч хахлоў зарагаталі, бо ведалі, што, мабыць, і пэрспэктывы з золатам наўрад ці здолелі вывесьці адключанага ад сьвету Астраўца са стану заўсёднай прастрацыі. А з правага боку, за полем, стаяў жылы хутар з роўным радком вульлёў на гародзе і паліэтыленавымі цяпліцамі ля хаты. — Бляха, як хочацца кінуць усё і пайсьці з гэтага зас... гораду. Вось так жыў бы і жыў, — з зайдрасьцю сказаў я, паглядаючы на гэты аўтаномны і незалежны сусьвет. |
— Усё адно, ад прагрэсу далёка не ўцячэш, — мэлянхалічна заўважыў жаніх. — На халеру мне прагрэс. Хадзіў бы ў Ракаў па хлеб ды соль, — адгукнуўся я. За хутарам па дарозе паказаўся невялікі ставок, са старымі вербамі паабапал, каля якога чакалі нас паненкі. — Вось так жывуць людзі, — з сумам заўважыў я, паглядаючы на вербы, што нахілілася вакол стаўка да самай вады. — У Севы таксама возера ёсьць, — зазначыў Астравец. –– Пане Божа, ну што гэтаму чалавеку трэба, — працягваў я далей разьвіваць сваю натурфілязофію, — кавалак зямлі зь якога паўгектару, вазёрца, пасечку, цяплічку — жыві сабе, калупайся, гадуй сьвіньні ды дзяцей, любуйся прыродаю, лаві імгненьне свайго непаўторнага зямнога жыцьця, бо ўсё мінае і ня мае ніякага звароту. Хутка здохнем, і вокам міргнуць не пасьпеем. Маладая пяшчотна пасьміхнулася мне. — А чалавек нішчыцца ў гэтай палітыцы, таўчэцца ў бессэнсоўнай працы, скварыцца на асфальце, паліць у інтрыгах нэрвы. І навошта гэта ўсё, калі ёсьць адзіны прыстойны занятак — праца на зямлі. — А пісаньне, дзеля творчасьці, — спытаўся Астравец, у якога была атрымалася пара неблагіх апавяданьняў. — Народ ніколі не лічыў гэта працаю, — адказаў я. — Творчасьць заўжды была дзеяй узвышанай. У асалоду. І можаш мне паверыць, што больш натуральнай творчасьці за жаданьне адбіць стасункі чалавека з прыродай наўрад ці існуе. Ды і чалавек там часьцінка прыроды, якая носіць скуры і ходзіць босымі нагамі па ральлі, а не пузатая і нахабная пачвара, якая з–за свайго брыдкага Я ня бачыць сьвету. Таму сярод безыменнага фальклёру так шмат геніяльных твораў, — скончыў я сваю сэнтэнцыю. — Вядома, — пагадзіўся Астравец. Далей мы пайшлі разам з паненкамі, цягнучы клункі з гарэлкаю і ежай. Адно, жаніх, няўцямна пасьміхаючыся, вёў пад руку маладую, якая ў сваю чаргу несла некалькі бухматых белых і крывавых гвазьдзікоў. Яны моцна кантраставалі на тле спакойных навакольных прыродных фарбаў, яшчэ болей прыцішаных надвячоркам, дзе дамінавалі паўтоны і паўцені. У нашай прыродзе разгадка нашага нацыянальнага характару, думаў я, цягнучы торбу, у якой нешта зьвякала і булькацела. Някідкія гэтыя колеры, бляклыя, але ж моцна закранаюць душу, прывабліваюць і ўжо не адпускаюць. — Што там з Палінаю можа быць, — меркаваў Астравец, — гэтыя ж алкашы маніліся заваліць на хутар. Як высьветлілася — Колік з Сысом. |
Паліна сядзела на хутары зраніцы. Прыбірала і чакала нас. — А адкуль яны даведаліся, — спытаўся я. Усе засьмяяліся. Нават маладая. Толькі жаніх ня мог адысьці ад свае незвычайнае ролі і працягваў пасьміхацца сам сабе. Перабіваючы адзін аднаго, распавялі мне і самі сабе яшчэ раз, рагочучы, як старанна хавалі ад Коліка і Сыса гэтую падзею. Так атрымалася, што пілі разам зь імі можа штомесяц, атрымліваючы кожны раз неспадзяванкі, але гэтым разам ніякіх прыгодаў не жадалі. А Пётра, — далей распавядалі, — прыехаў са Львова, пайшоў у “мутнае вока”, сустрэў Сыса, зь якім разам піў у свае ранейшыя прыезды і ў адзін міг усё расплявузгаў. Але ж даведаліся — і халера зь імі... Я падумаў, што яны ўрэшце таксама частка гэтай кампаніі. Праўда, тая, якую звычайна імкнуцца прыхаваць і не выстаўляць на людзі. Мо на гэтым хутары яны і будуць да месца. Сыс, які ўступіў пасьля “Тутэйшых” у Саюз пісьменьнікаў, піў ужо не прасыхаючы два гады. А Колік, з выгляду — хлопчык зь пячоры Ташык–Таш, нязьменна дапамагаў яму ў гэтым расьцягнутым на два гады фэсьце. Меней за ўсё хвалявала нас, ці будуць там нашыя алкашы. Значна болей — абгаворвалі і рагаталі, уяўляючы як там Паліна ўжываецца з шызою ў такіх нястрыманых памерах. Хаця болей забаўляліся гэтым, ня ведаючы пэўна, ці ёсьць яны там, на хутары. Колік — траянскі конь з саламянымі косамі і бурачковым прапітым фэйсам, прыбягаў да Севы на хату ў Менску і спраўджваў пачутую ў “мутным воку” навіну. Інтэлігентная маці Севы мусіла сказаць праўду. Дык ёсьць яны там ці не? |
Мы прайшлі яшчэ мэтраў трыста па полі, паміж пасеянай з абодвух бакоў лагоднай, цёмнай зеляніны і нашыя сумненьні разьвеяліся на дым. — Во, — спакойна заўважыў Сева і паказаў на недапітую пляшку піва, што стаяла пасярод дарогі. Ну, пэўне, што яны. Хто ж яшчэ. Сыс быў майстрам на розныя жарты. Нездарма розныя разявакі хінуліся да яго. Моцны, вальяжны і вясёлы, ён умеў пажартаваць. Праўда, часта губляў мяжу паміж жартам і брыдою. Мала хто цяпер блізка падпускаў Сыса да сябе, таму і цягаўся ён з гэтым Колікам ад безвыходнасьці і яшчэ, мабыць, ад нейкай настальгічнай любові здаровага па сутнасьці чалавека да сваіх уласных балячак. Колік для яго — як любімая скула. А для таго — кампанія з Сысом — за шчасьце і амаль заўсёды дармовая выпіўка. Сыс любіць усялякіх лішэнцаў. Яшчэ ў студэнцкія часы ў Гомлі хадзілі мы ў гатэль “Прыпяць” да Някляева. Выпілі там пляшку каньяку, якую прынёс нейкі расейскі жыд–перакладчык. Сыс пытаўся ў мэтра пра вершы, пра зборнікі і друк, а я пра беларускія школкі — ці будуць яны на Беларусі калі–небудзь. Някляеву з намі, правінцыяламі, было цікава. Ён нават паслаў па тэлефоне нейкую пішучую паненку, якая набівалася да яго ў ложак. Ён гаварыў шмат, распавядаў пра сваё жыцьцё, пра войска, пра Маскву. Яму падабалася, як мы яго слухалі. Вярталіся мы ўжо досыць позна, па пустой Савецкай, асьветленай нэонавымі шыльдамі і крамнаю сыгналізацыяй. Наперадзе зьявілася нейкая худзенькая дзяўчынка, што ішла нам насустрач. Мы ўжо разьмінуліся, як Толік павярнуўся і гукнуў яе: “Клава!” Тая павярнулася і гігікнула. Сыса разьвярнула на ўсе сто восемдзесят. — Што ты тут ходзіш, — прыдурваючыся, спытаўся падпіты Сыс, — ты ведаеш, што злодзеі ходзяць па начох. — Я ня Клава, я Надзя, — адказала дзяўчына і моцна засапла, мабыць, спалохаўшыся. Мы зразумелі, што яна дурнаватая. — Хадзем з намі, Надзя, — сказаў Толік, — у нас цёпла, мы табе віна дамо. Хочаш віна? — Хачу, сказала Надзя, — але баюся. — Ды ня бойся ты, хадзем! — яшчэ раз запрасіў Сыс і яна пацягнулася за намі. Ведама ж, лепей піць віно, чым боўтацца па прахалодных начных гомельскіх вуліцах. — Во, дзяўчыну Дзеду прывядзём, — сказаў Сыс. Дзед наш, інтэрнацкі сусед, неўнывальны эканамісты, хадзіў з кійком, цягаў спаралізаваныя ногі і жанчыны пакуль што цураліся яго. Мы прыйшлі ў свой кватэрны інтэрнат, завалілі ў 61–ю, скандальна–багемную студэнцкую кватэру і ўзьнялі вялікі галас. Дзеда не было, паехаў да сястры, разьвязка не атрымалася, хаця ўяўляю сабе шалёныя вочы заспанага Дзеда, да якога б прывялі нейкую жоўтую ў брудных рбгах Надзю. Мы селі ўтраіх на варыўні, паставілі гарбатнік і пачаліся калупаньні ў затумленай сьвядомасьці гэтае дзяўчыны. Сыс калупаўся, не раўнуючы псыхоляг, і хоць гэта было як бы не дазволена, бо нельга знушчацца з дурнаватых, яно тым болей прыцягвала яго. Надзя распавяла нам шмат чаго. Урэшце мы налілі ў кубак гарбаты. Надзя каўтанула і пакрыўдзілася, што не віно. Мы адправілі яе спаць на пусты Дзедаў ложак, а самі пайшлі ў свой пакой. Раніцою Надзя зьнікла, і вось я згадаў пра яе аж празь дзевяць гадоў. Колік — гэта таксама своеасаблівая сысоўская Надзя. |
Зь лесу даляталі да нас рэдкія камары. Мы паціхеньку тэпалі, аглядаючы навакольле і пытаючы Севу пра хутар. Рэдкія косы бярозаў аддзялялі адное поле ад другога. Весела скакалі па зялёных белыя бэтонныя слупы, перавязаныя паміж сабою дратамі. Шлях пайшоў наперад, а мы зьвярнулі на затравелыя ў глеістых калюжынах каляіны. Яшчэ прайшоўшы мэтраў з трыста, за вялікаю, па пояс, травою, убачылі хату, абсаджанаю старым разгалістым садам і кашлатым бэзам, а побач хлеў і дрывотню, пакрытую новым шыфэрам. Каляіны віхлянулі паўз хату і пакаціліся некуды ўдол, а мы пацерабіліся па ледзь утаптанай у траве сьцежцы да ганку. Ганак быў зроблены адкрытаю галерэяю, з лавамі і сталом, застаўленым бруднымі пляшкамі і старым посудам. Паміж хатаю і хлявамі расьлі вялікія зарасьнікі лебяды. Мы скінулі торбы каля ўваходу і празь сенцы з гліняным убітым долам завалілі ў вільготную, адвыклую ад чалавечага духу хату, дзе ў фатэлі чакала нас Паліна, паглядаючы сваімі круглымі, трохі блазенскімі вачыма. На вуліцы разьнеслася галёканьне Сыса і рыпучы голас Коліка. Я зірнуў у вакно. Яны вылазілі з травы, што расла за домам. Качаліся там, апаляліся, церпяліва чакалі на нас. Разам зь імі быў і Скобла. — Мы ўжо думалі, што ня прыйдзеце, — гаворачы, аглядаў нас і нашыя торбы Сыс, — я б тады Коліку галаву адарваў. Колік палыпаў запухлымі вочкамі і нешта рохкнуў у адказ. — Поўдня блукалі, ледзьве знайшлі. Сева пачаў распытвацца, кудою яны ішлі, пачаў высьвятляць, дзе яны заблудзілі. Атрымлівалася — гойсалі вакол. Паліна распавядала пад гэтыя роспыты, прыцішана сьмеючыся, што сядзела адная ў хаце, чула, як яны галёкалі то з аднаго, то з другога боку і ўсё гадала — патрапяць яны на хутар ці не. — Чаго ты печ не пратапіла, — спытаўся я, — вільготна ў хаце. — Мне Вячаслаў Пятровіч сказаў, што лепей не чапаць яе. І так працы хапіла, пакуль прыбрала ўсё. |
Яшчэ па дарозе Сева распавёў, што ўвесну хутар былі абрабавалі. Павыцягвалі коўдры, прасьціны, увесь посуд. Затым рэчы з хутара бачылі ў Ракаве на дазнаньні, якое праводзілі міліцыянты, затрымаўшы мужа і жонку з суседняга хутару, што былі наняліся сямейным падрадам чысьціць лецішчы і працоўныя бытоўкі, не абмінаючы і Рагойшаў хутар. Але рэчы яны забраць яшчэ не пасьпелі, бо былі падчас дазнаньня ў Менску і ўсе коўдры з прасьцінамі міліцыянты завезьлі ў раён у Валожын. Заманлівую прапанову баляваць на галерэі на сьвежым паветры адмялі, бо зьлякаліся камароў, якія паціху прынюхваліся да нашае грамады і ежу — канапкі і кансэрвы пачалі выстаўляць у хаце, упрыгожваючы даволі аднастайнае застольле рознымі па вышыні пляшкамі гарэлкі і віна. — Гарэлкі хопіць? — спытаўся Сыс. — Хопіць, — супакоіў яго доўгі хахол Пётра, які пасьпеў ужо зусім працьверазець. — Глядзіце, а то зараз пойдзем, самі застанецеся, калі гарэлкі няма, прыгразіў жартам Сыс. Я згадаў, што гэтак жа ён хваляваўся, калі запівалі мой дзень народзінаў. Зьбіраліся тады ў Толіка Казлова ў акадэмічным інтэрнаце, куды яшчэ Караткевіч у свае часы быў прыходзіў замочваць свае “Каласы”. Гарэлкі было шмат. Увесь час падыходзілі госьці, кожны прыносіў сваё, а мы ўсё пілі і пілі, аж пакуль Колік алкаш, які і тады быў прыпёрся хвастом за Сысом, не званітаваў лішкамі кубінскага рому проста на стол, заліўшы нашыя відэльцы і лыжкі. Як мы ўсе тады кінуліся з пакою, душачыся дурным рогатам на калідор, дзе доўга палілі, пакуль Колік прыбіраў за сабой. Нарэшце ў вільготнай і цемнаватай хаце ўсё было падрыхтавана. Мы селі за стол і выпілі па першай. Тост сказаў малады за сябе і за жонку. Нейкая верагоднасьць была, што яны ня кінуць адно адное. Мы ўсе дружна падтрымалі тост і закусілі тоўстымі канапкамі са шпротамі і чырвонай ікрою. — Чаго такі сумны, — спытаўся я ў Скоблы, які сапраўды ледзь жаваў сваю канапку. — Радавацца павінен, — сказаў я і пляснуў па задняй кішэні, дзе ляжаў складзены “ЛіМ”. Надрукавалі ў ім абвестку, што прынялі ў Саюз пісьменьнікаў з нашых сяброў яго ды Толіка Казлова. Міхась стомлена адказаў: — Ледзь вас знайшлі. Пачулі Сыс з Колікам і пачалі па–новаму распавядаць, як яны блудзілі вакол хутара, пытаючыся, дзе тут Монькі, так менавалася гэтая мясьціна — гэты і яшчэ два суседнія хутары. Мы выпілі яшчэ і яшчэ і пайшла нейкая бязладная гаворка. Усе пабіліся на невялікія купкі і кожны казаў за сваё, а затым усе выйшлі ад стала на двор дыхаць паветрам і паліць. Я выйшаў з усімі зь вільготнай хаты на двор і пайшоў у канец загону, засеянага травою на падкормку сьвіньням, дзе стаяў ладны, вялікі дуб. Гаспадары саджалі яго, мабыць, яшчэ тады, калі будавалі хату. Цяпер хата ўехала ў зямлю, а дуб сама што ўвабраўся ў сілу, заможна акругліў гольле і выставіў наперад сваё моцнае гладкае цела. Далей за дубам пачыналася непралазнае чарналесьсе. Падышла Паліна і прапанавала: — Давайце падыдзем да Севавага возера. Мы пайшлі па ледзь пазначанай сьцежцы наперад. Асіны, яліны, худыя бярэзіны перапляталіся тут і засьцілалі зямлю чорнаю вільготнаю лістотаю і цёмнарудою гліцаю. Праз колькі мэтраў паказалася возера — невялікая лагчынка, у якую тачылася аднекуль зь сярэдзіны чорная вада. — Рыбы тут няма і вада чамусьці масьляністая, — сказала Паліна. Голас яе сьцішыўся, як быццам яна адчувала нейкую таямніцу, што хавала гэтае возера. — А якое тут дно, — спытаўся я, паглядаючы на цёмную, бы завараная гарбата, ваду. — Добрае, нявязкае дно, — адказала Паліна. — Як файна. Хутар з уласным возерам. Каб яшчэ сюды якога карпа запусьціць ці карася. Гэтыя вадзяныя сьвіньні ў любой вадзе жывуць. |
— Няма ў Вас адчуваньня рамантызму, — пакрыўджана сказала Паліна. — Калі возера, дык абавязкова патрэбна, каб рыба вадзілася і каб зь яго ваду пілі каровы. У тым жа і ўвесь цымус, што яно самое для сябе. І карпы ўсе тут паздыхалі. Яно не для кога. Пачнеш купацца, а зь цябе скура зьлязае. Уяўляеце сабе — ласкуткамі... Голас яе зноў задрыжэў, а вочы пачалі шклянець і толькі правая рука як бы здымала зь сябе гэтыя зьлезлыя доўгія пасы скуры. — Дык вы ж тут ужо купаліся, — ліхаманкава спыніў я яе развагі. — У тым і справа, што купаліся, — уздыхнула Паліна і мы пайшлі назад да дубу. Пакуль мы ішлі, я згадваў, як некалі яна распавядала мне такім самым голасам пра трупікаў, на якія іх, дзевяціклясьніцаў зь біялягічнага гуртка вадзілі паглядзець у трупярню. У гэтых трупікаў ззаду чэрапа бралі нейкі беленькі адростачак і складалі ў слоічак — для гарманальных лекаў. Сева дастаў з–пад паветкі сухія наколатыя паленцы, і зноўку п’яныя ўкраінцы, наклаўшы непадалёку ад дуба мокрага ламачча, спрабавалі разьдзьмухаць агонь. Было шмат дыму і сьлёзаў. Я адагнаў хахлоў, раскідаў іхні асуджаны агонь, наклаў сухіх ялінавых галінак і полымя ажыло. Затым яго ўзялося за палены і вогнішча запалала, адганяючы камароў, якія лезьлі з усіх бакоў. Людзі разбрыліся хто куды. Нехта гаманіў каля возера. Гучна галёкалі каля хаты Сыс з Колікам. Ды па абаротах было заўважна, што не ўсур’ёз. Болей для таго, каб проста пакрычаць. Я глядзеў на агонь у сьветлае неба, якое ўпарта не жадала цямнець. Цёмныя пасмы паветра імкнуліся ўгару і неба зьлёгку дрыжэла, гайдаючы разблёную, чорную на сьветлым аб’ёмным тле дубовую лістоту. Лёгкі вэрхал, які мы наводзілі, яшчэ болей вылучаў агромністую цішыню, што ахінула хутар. Цішыня апусьцілася на нашую зямлю, гэтак як і тысячу, і пяць тысяч год таму. Яна валадарыла тут. Жоўтае полымя агню было часткай гэтай усеахопнай цішыні. Ад хаты прыцёгся малы ўкраінец Генік з трохлітровым слоікам, напханым мясам і нарэзанай скрылямі цыбуляй. Мы ўзялі вожагі, насадзілі па некалькі кавалкаў адбеленага воцтам мяса і пачалі смажыць яго на вялікім вагні. — Дурні, трэба пачакаць пакуль выгараць дровы, — параіў нехта зь цёплае цемры. Але мы трымалі вожагі высока і не баяліся, што нашае мяса пагарыць. Наадварот. Асьцюдзіўшы крыху, памахаўшы вожагам у паветры, я запіхнуў у рот кавалак духмянага мяса, са скрыльком дасмажанай цыбулі. Генік перадаў мне паўпляшкі лёгкага “Алігатэ” і я падгарчыў мяса віном, ад якога яно зусім растала ў роце. Я перадаў пляшку назад, а затым яна зноў вярнулася да мяне. Мы дружна дапілі “Алігатэ” і пагадзіліся, што невядома, як там бараніна ў шашлыках, але сьвініна на вожагах ня горшая. У хаце пасьля перадыху сядалі па другім разе і мы пацягнуліся ад вогнішча на хутар, які зрабіўся зусім цёмным і глядзеўся вялікай чорнай капою на тле не жадаючага адпускаць сьвятло паветранага далягладу. У хаце запалілі сьвечкі, якія запасьліва прыхапіў Сева. Патрабаваў нешта сказаць Сыс, узьняўшы чарку, як дзьверы адчыніліся і зьявіўся Толік Казлоў пасьля сваёй часопіснай працы. Усе прывітальна зараўлі, а за ім паказалася Толікавая сяброўка па інтэрнаце Наталя з прозьвішчам Філін і нашыя дзяўчаткі ціха псыкнулі. Толік як бы знарок падбіраў сабе непатрабавальных і непрывабных паненак, якія заўсёды гатавалі яму ежу, пралі бялізну, глядзелі за ім. Ён любіў чысьціню, а яны заадно кармілі ўсіх Толікавых сябрукоў. Ня ведаю, ці заўважылі нашыя дзеўкі, якім поглядам абдарыла іх Наталя. Здаецца, размазала б па падлозе. Але мільгануў гэты погляд у адзін міг і ў наступны ўжо яна шырака пасьміхнулася ўсім і пяшчотна прамовіла: “Д–о–о–бры дз–е–ень!” “Ве–е–ечар!”, — паправілі яе хорам і напоўнілі новыя кубкі. Толік сказаў слова за маладога і маладую. Як п’е Казлоў, я ведаў яшчэ з унівэрсытэту. Ён выпіваў тры пляшкі гарэлкі за вечар, а затым тыднямі прапалоскваў зёлкамі свой гастрыт. Толік сказаў тост і ўсе выпілі, а я падцікаваў за Філінам. Яна з прагнасьцю накінулася на гарэлку. Крылы носа ў яе ўзьнесьліся, паказаліся маленькія жоўтыя клычкі, якія драпежна цокнулі аб край кілішка. Я, забыўшыся на свой кубак, зачаравана паглядаў на драпежнага Філіна, праўда, хутка апамятаўся і выліў гарэлку сабе ў рот. Размоваў асаблівых не было і хто застаўся сядзець, а хто зноўку пайшоў на двор. — Глядзеце, вунь Філініха Севу гвалціць, — нехта з паненак падглядзеў у вакно, як Сева спрабаваў давесьці нешта Наталі, абхапіўшы яе дзьвюма рукамі, а тая шматзначна, як пірацкая шхуна, пахіствала вялікімі клубамі. Убачыўшы, што за імі назіраюць, Філін і Сева забуркацелі яшчэ жвавей, як у благім тэатры, дзе п’яныя артысты спрабуюць згуляць у каханьне. Уся хата зараўла. Але артыстам гэта не зусім спадабалася, і пакрасаваўшыся яшчэ троху, яны закончылі дзею шалёным засосам. Хутка яны зьніклі за хлявом, а ў нас зьявілася чарговая тэма для размоваў. — Яна згвалціць яго, — трагічным голасам прамовіла Паліна. Козьлік раўнадушна каўтаў гарэлачку. — Толік, яна ж згвалціць Севу, — манэрна паўтарыў Колік. Толік не адрэагаваў ніяк, а яшчэ наліў і яшчэ выпіў. |
— Што і праўда? — спытаўся я ў Паліны. — А вы што думалі? — перапытала яна. — Сева такі, што ён мала праяўляе сваёй ініцыятывы, — пачала павольна і сур’ёзна тлумачыць малая Алена. — Але калі яго хто цягне, ён не пярэчыць. — Ну дык вып’ем за рашучых кабетаў, — прапанаваў Сыс, якому ўжо надакучылі нашыя размовы. Не пасьпелі мы лыкнуць, як з–за хлева паказаліся Сева з Наталяю. Мы сустрэлі пару дружным рогатам, і яшчэ раз выпілі разам зь імі. Я схадзіў да вогнішча. Там ўжо рабілі калкі і клалі на іх у радок вожагі зь мясам, затым вярнуўся назад у хату, дзе засталіся Сыс з Колікам. У вакно зазірнула Паліна і таксама зайшла ў хату. — Налівай, Паліна, — прапанаваў я, — Адныя гомельцы сабраліся, — а сам зазірнуў у суседнюю цёмную бакоўку. Абагравалася яна грубкаю, вакно было звонку зачынена аканіцамі, стаялі два голыя пасьля рабункаў ложкі і шафа. — Во, — сказала Паліна, — на гэтым ложку спаў Караткевіч. — Як п’яны быў, — дадаў Колік. Паліна пайшла наліваць кілішкі, а я сеў каля Сыса. — Усё п’еш? — спытаўся я. Ён нічога не адказаў, непранікальна паглядаючы на пусты стол. Шкадоба, узмоцненая выпітай гарэлкаю, захліснула мяне і вочы мае затуманіліся сьлязьмі. Сыс каціўся са страшэнным грукатам у прорву і ніхто яму, апроч самога сябе, ня мог дапамагчы. Як распавёў Астравец, якому хваліўся Колік, за вясну Сыс быў цьвярозым тры дні, а Колік адзін дзень, мабыць, самыя пакутлівыя для іх дні гэтай вясной. Шляхі нашыя разьбегліся гады з тры таму пасьля таго як ён уступіў у такі доўгачаканы Саюз пісьменьнікаў і пачаў гасіць зь Някляевым, Дударавым ды Чыгрынавым. Нахабна выдурваў у Чыгрынава грошы на каньяк, а той не адмаўляў, такім чынам падмазваючыся да “дэмакратаў”, у якіх тады хадзіў Сыс. Тады Сыса ў Саюзе баяліся і паважалі, бо апроч уласнага таленту, энэргіі і самаўпэўненасьці за ягонай сьпінаю стаялі таямнічыя і грозныя “Тутэйшыя”. Занадта нечакана выплыла гэтае маладое, гарластае, нахабнае і скандальнае пакаленьне. І Сыс быў лідарам. Буйны целам, гладкі, упэўнены ў сваім таленце хлопец. — Што ж ты робіш, сьвіньнюк, — спытаўся я ў яго. — Вось вы, Алесь, напішыце тое, што Толік напісаў, а затым будзеце чапляцца да яго, — паспрабавала бараніць яго Паліна. Колік радасна пасьміхаўся сваімі апалымі вочкамі на азызлым ружова–блакітным твары. Ружовымі тут былі лоб, барада і вушы, а сінімі з рудым дамешкам — вачніцы і нос. У паўсьвятле міргаючае сьвечкі ўсё гэта пералівалася фантастычнымі вурдалацкімі колерамі. Глупая ты, Паліна, падумаў я. Калі і напісаў ён, дык гэта тады, як дняваў і начаваў на Акадэмічнай у нашым інтэрнаце, хадзіў на “Тутэйшыя”, на “Талаку”, хадзіў у бібліятэкі, на сходы, на першыя мітынгі. Тады ён і пісаў, хоць і стагнаў, што часу няма і што грамадзкія справы замінаць яму жыць. А калі запісаўся ў “сапраўдныя пісьменьнікі”, калі адкалоўся ад актыўнай беларушчыны, тут вось і ўсё. І вершы скончыліся. Зноў палезла дурноцьце. Зьнік асяродак, дзе ён быў роўным сярод роўных, а можа, ён трохі і баяўся яго, бо не хапала інтэлекту і шмат што браў прыродным розумам, затое цяпер зьявіліся розныя Колікі ды Чыгрынавы і ім падобная халява. Зьявіліся нейкія свае цікавыя інтарэсы: напіцца, пажэрці. Але нічога гэтага ўслых я не сказаў, бо Паліна глядзела на Сыса як на бронзавы бюст, Колік проста ня ў стане што–небудзь зразумець, а Сыс разумеў цяпер толькі тое, што ён жадаў разумець. Цікавая чалавечая натура. Уладкаваная так, што апраўдвае любыя свае ўчынкі. І знаходзіць аргумэнты і доказы, якія даюць маральнае права на гэтыя ўчынкі. Пад любую гнюсоту падведзеныя пераканаўчыя тлумачэньні, найперш для сябе, бо ні перад кім іншым, як толькі перад сабою жадае чалавек выглядаць годным. Мы выпівалі па другой, калі ў хату заваліў Скобла і паклікаў на шашлыкі. Усе ўзьняліся і пайшлі, бо гаварыць асабліва ўжо не было пра што. Я ўзяў сьвечку і пайшоў аглядаць хату яшчэ раз. Усярэдзіне хата выглядала ня менш пракаветна, чым звонку. Вялізныя трамы ў вялікім пакоі прагнуліся, бы шпангоўты на караблі, утрымлівалі столь, гатовую ўпасьці хоць зараз. Мост у вялікім пакоі быў засланы масьніцамі, мабыць, не на шмат маладзейшымі за самую хату. Адно сталярка ў вокнах выглядала новаю. У маленькай спаленцы нічога цікавага не было. Адна сьценка яе была суцэльным пабеленым бокам печы і раней, як казаў Сева, тут быў вялікі палок, на якім выкачалася не адно пакаленьне дзяцей. Я падумаў аб гэтых дзецях і ў роце ў мяне адразу запахла сухой абпаленай глінаю, якую, як быў малым, любіў адкалупваць па пячных расколінах на чэрані і есьці. Бабуля палохала, сварылася, што калі–небудзь выкалупаю ўсё гліну і разам з цэглаю абвалюся ў пячное чэрава. Дзеці, мабыць, гойсалі па палацях як пацукі, туды–сюды. У паўцемры пакойчыку ім было цёпла і ўтульна. |
Зь вялікага пакою дзьверы з клямкаю на варыўню, добрую палову якой займала печ. Рагойшы, мабыць, даўно кінулі яе паліць, карыстаючыся грубкаю ў вялікім пакоі, таму сьцягнулі сюды ўсю этнаграфію, што пазаставалася ад былых гаспадароў. Стаяла на стале маслабойка, віселі нейкія ночвы і начовачкі, скрозь былі раскладзеныя па паліцах патрушчаныя друшлаты і жалезныя прасы. Вочы злодзеяў абмінулі ўсе гэтыя непатрэбныя ў наш час рэчы і пакінулі ў хаце самае каштоўнае — дух мінуўшчыны. Ранейшыя гаспадары хаты — трактарыст з жонкаю і дзецьмі прадалі Рагойшам хутар гадоў зь дзесяць таму, а самі перабраліся ў Ракаў. Жылі на хутары безь сьвятла, узімку з курамі і сьвіньнямі ў хаце, баяліся ваўкоў і марылі пра цывілізацыю. Сева распавядаў, што з падпечча выграб можа зь дзесяць вёдраў птушынага гаўна. Я ўявіў сабе трынаццацігадовага Севу, які цягнуў гэтае птушынае гаўно ў вядры і адчуў да яго нейкі подых павагі. З варыўні дзьверы былі яшчэ і ў сенцы, доўгія і сьветлыя сенцы з гліняным мастом, двума вокнамі і маленькім столікам, за якім лепей чым дзе ў хаце, мабыць, можна было пісаць. Такія ж самыя сенцы, згадаў я, у ксяндза Чарняўскага ў Вішневе. Такія ж сьветлыя вокны і столік, палова якога заваленая духмянымі антонамі, гуркамі і кропам — файным беларускім нацюрмортам. А на другой палове, расклаўшы таўшчэзныя Бібліі на розных мовах, робіць Ойча свой смачны і пявучы беларускі варыянт Боскага слова. Полымя сьвечкі напалову асьвятляе пакоі. Мігатлівае сьвятло дрыжыць і варухаецца, а разам зь ім ходзяць па сьценах цені. І я згадваю бабуліну хату, куды мяне прывезьлі малога на зіму. Раніца. Я ляжу ў ложку. Сьвятло дае толькі агонь зь печкі, які ледзь пачынае ўбірацца ў сілу і кідаецца, шукаючы выйсьця, сюды–туды. Я зачаравана гляджу на сполахі барвовых ценяў, якія гойсаюць па хаце, слухаю няспынны трэск агня, і душу маю ахінае сьцішанасьць ад няспыннага руху сусьвету, які разгарнуў перада мною вялізную, невытлумачальную для чалавека працу. Я адчуваю сябе зусім лішнім пры гэтай дзеі сьветаўтварэньня, куды выпадкова мяне дапусьцілі да яе сузіраньня. Так было. Я хукаю на сьвячу і выходжу з хаты ў сьветлую ноч. Вогнішча каля дубу блішчыць жоўтай чысьцінёю на тле чорнага, як сажа, лесу. Я іду паркаю ноччу да вогнішча, думаючы пра тое, што і золата чалавек упадабаў за ягоную нязгасную чысьціню, бо гэтага так бракуе самому чалавеку. Але сам я больш люблю срэбра, бо калі золата — чысьціня, і кожны хто мае золата, уяўляе, што мае часьцінку дасканаласьці, недасягальнага ідэалу, дык срэбра — гэта вада. А там, дзе ёсьць вада, ці яе сымбаль, срэбра, чалавек заўсёды можа наблізіцца да чысьціні, ці, па меншай меры, супакоіць сябе гэтай уяваю. |
Я пасьпяваю ў пару. Каля вогнішча ўжо замацоўваюцца вожагі зь мясам, і галодныя ваўкі, пачуўшы пах смажаніны, бліскаюць вачыма ў недалёкім гушчары. А можа, гэта і не ваўчыныя вочы, а зоркі прабіваюцца празь пераплеценае гальлё? Разьбірацца няма калі. Я бяру вожаг з устыркнутымі на яго кавалкамі мяса, няўпэўнена прашу сухога белага віна і не атрымаўшы яго, пачынаю ня горай ад ваўка ірваць пасмажанае мяса. Я адчуваю як джынсы і швэдар на мне пераўтвараюцца ў лён і скуры. Мяккія расьліны і цёплыя жывёлы аддаюць мне сваю энэргію, бароняць ад гнюсу і начной прахалоды. І ці ня тут, каля вогнішча, я ўпершыню аддзяляю сябе ад навакольнага сьвету, які нарадзіў мяне і зь якім я жыву адным жыцьцём. Вогнішча ўяўляецца нейкай памежнай кропкаю, якая дала штуршок для разуменьня маёй індывідуальнасьці. Разам з вогнішчам я апынуўся ў цэнтры сусьвету, і тыя зьвярыны, што рыкаюць наводдаль, пабліскваючы ў цемры вачыма, круцяцца вакол мяне, як зоркі вакол палярнага кала. Гарачае паветра над вогнішчам хіснулася суцэльнай плыньню ўбок, як залева ў дарозе, ссунутая дворнікамі на лабавым шкле, і дзікія рыкі зьвяроў у паветры зьмяніліся на вясёлы рогат маіх сяброў. Каля вогнішча спаў упіты Пятро. Я сядзеў на палене, пастаўленым настарчака. Каля хаты травіў рэгулярна баланду Сыс. Мабыць, падколваў Коліка, які дзікім голасам крычэў: “Сыс! Ты дурны!” Ля возера распавядаў нешта Астравец, як заўжды, доўга і падрабязна, са смакам апісваючы нейкую лухту. Паненкі час ад часу ўлазілі ў ягоную гаворку. Па галасох я пазнаў Алену і Паліну. Зданямі каля вогнішча зьяўляліся і зьнікалі маладыя. За хлявом прыглушана сварыліся Сева зь Філінам. Козьліка не было, мабыць піў гарэлачку. Яшчэ адзін украінец Генік сядзеў на цыратовым плашчы каля Пётры. Яго я заўважыў апошнім. Ад возера падышла Паліна, а ад хаты Колік. Дзіўная сіла зьвяла іх каля вогнішча. Сутыкнуўшыся, яны панесьліся некуды па карчоўю. Толькі трэск і гул пазначыў напрамак іхняга адыходу. Голас Астраўца ад возера не замоўк, а прыцішыўся і палагаднеў, стаў падобным да буркатаньня тлустага голуба, які ходзіць вакол галубкі, паціраючы крылцамі, ці на ласкавае скавытаньне шчанюка. Я ўявіў Астраўца зь ягоным грэнадзёрскім ростам і падумаў, што гэта не шчанюк, гэта здаравенны дог, які косіць пад шчанюка, бо ведае, што сваім бляўкатаньнем хутчэй, чым злосным і ярасным рыкам, ён даб’ецца смачнага вялікага маслб. А вось яшчэ адна цікавая пара, якая насілася, галёкала недзе ў лесе — Колік і Паліна. Я сядзеў ля вогнішча і падкідваў у вагонь акуратныя паленцы, як чарговы раз іх вынесла на сьвятло. Чамусьці з розных бакоў. Пра Коліка Паліна заўсёды гаварыла пяшчотна і ўседаравальна. Вось ён такі незвычайны, не такі, як усе — два гады сядзеў у калёніі. Ці мала ідыётаў сядзела ў калёніі, думаў я. Ён спаў у Караткевіча на матрацы, цягнула далей Паліна. Ці мала алькаголікаў спала на матрацы ў Караткевіча, думаў я. Урэшце пасьля адной такой нашай гаворкі яна пакрыўдзілася і сказала, што я нічога не разумею. — Колік, — пачаў я раскручваць яго, — давай закладземся на адцісканьне. Хто меней адцісьнецца — будзе крычаць: Я дурань! Я дурань! — Давай, — загарэўся Колік. Ён кінуўся на зямлю і пачаў адціскацца. Мы з Палінаю пачалі ўголас лічыць: — Пяць! Шэсьць! Сем! Ён здох на чатырнаццаці. Я, чамусьці злосны на яго, пачаў ціснуць на ягоную псыхіку: — Усё, Колік, будзеш ты зараз крычэць на ўвесь хутар: “Я дурань! Я дурань!” — я паспрабаваў перадражніць Колікаў прарэзьлівы рыпучы лямант і так захапіўся гэтай недалёкай будучнасьцю, што ў нейкі момант пачаў дзеяць найперш для сябе, чым для іх, гледзячы ў шэрае, налітае нябачным сьвятлом неба. А калі, перавёўшы ўздых, я паглядзеў на Коліка, дык ад зьдзіўленьня змоўк. Ён ляжаў, не ўстаючы, з растапыранымі ўбок лакцямі, і вачмі, поўнымі жаху і нейкай унутранай шкадобы да сябе, глядзеў на мяне, як паглядаюць асуджаныя на сьмерць на бліскучае лязо гільятыны, што бязьлітасна нацэлілася на адамаў яблык. Праз гэты пагляд зірнуў на мяне інтэлект дзіцяці, што жыве па законах прыродных інстынктаў і шкодзіць, аж пакуль бацька не прыкрыкне на яго: “Сьціхні, бо я воўк, зараз зьем цябе!” І беднае дзіцё палохаецца, убачыўшы раптам у бацькоўскім абліччы драпежныя рысы ваўка. Я зьніякавеў і адкінуўся на цёплую вячэрнюю траву, якая разморана патыхала сонцам і ўласным перабрадзілым сокам. Што можа аб’ядноўваць іх, думаў я, Паліну зь інтэлігентнай сям’і выкладчыкаў з гэтым касьцюкоўскім вахлаком? Калі я прыўзьняў голаў і азірнуўся — іх ужо не было. Толькі аддаляючыся ішоў сьцяною трэск гальля. Я зачаравана глядзеў на агонь, падкідаючы часам сухія паленцы. Усе колеры жыцьця таньчылі–пераліваліся ў ім. Глыбокі жоўты колер пераходзіў у яшчэ больш густы чырвоны, які нагадваў густое золата старых манэтаў. Біруза і змарагд успыхвалі раптоўна на астываючых чорных вугольлях па бакох, выпальваючы зь іх апошняе цяпло. Вугольле паступова набірала фіялетавы бляск. На самых кончыках языкоў таньчыў, пераскокваючы дзіўнымі пырскамі, ультрамарын. А сэрца вогнішча — малінавы жар пульсаваў, выпраменьваючы рытмічнымі хвалямі цеплыню. Ці ёсьць на зямлі зьява, больш няпэўная за агонь? Жыцьцёвасьць ягоная падманлівая, бо нясе найперш сьмерць усяму жывому, апроч чалавека, які выкарыстоўвае гэтую сьмерць астатніх сабе на спажытак. Зьвязаныя і санлівыя думкі снавалі ў маёй галаве. Яны абрываліся, няскончаныя, а затым наплывалі зноў. Я лянотна спрабаваў ухапіцца за іх. Нешта кацілася далей, затым ізноў ірвалося, мабыць ад выпітага віна, падумаў я, і кінуў гэтую марную справу. Я кінуў разважаць і загойдаўся на хвалях пачуцьцёвае плыні, успрымаючы толькі колеры, гукі і пахі. Я пазбавіўся думак. Мне здалося, што яны вылецелі з маёй галавы праз рот, нос і асабліва праз вушы, пакінуўшы галаву пустою і звонкаю. І я сам, шчодра паліты сернай кіслатою, распусьціўся па зямлі. Частцы маёй стала горача і суха ад агню, а частцы золка і вільготна, бо, здаецца, ужо выпала раса. А частка разам з параю і дымам узьнялася крыху над зямлёю і завісла там, зь цікаўнасьцю паглядаючы на ўсё, што траплялася на яе нябачны зрок. Ня ведаю, колькі я знаходзіўся ў такім разнамерным стане, калі б не прыкмеціў той часткаю, што лётала ўгары, што ня дыхаю. Праўда, мне і не хацелася гэтага, але ў галаву ўрэшце прасьлізнула адная думка — трэба ўздыхнуць, хоць і была ўпэўненасьць, што ўсё адразу ж разбурыцца. Так і адбылося. Як толькі я ўздыхнуў, усё адразу вярнулася на сваё месца. Разам з выдыхнутым пахам выпітага віна я ўжо цалкам вярнуўся да прозы нашай вечарынкі. Праўда, вечарынкі ўжо не было. Хто жадаў, укладаўся спаць, астатнія ж рабілі, што хацелі. Вось да вогнішча падышлі Пётра з Валяю. Буйнаватая Валя квітнела, а Пётра, не хаваючы перад гэтым, што жанаты ў сваім Львове, моцна трымаўся за яе, маючы ў руцэ пляшку сухога. Дзе ён яе выкапаў, падумаў я. Здаецца, ж сухое ўжо даўно выжлукцілі. Яны пасьцялілі прыцягнуты з сабою стары, з хутарскіх, мабыць, запасаў цыратовы дажджавік і селі на яго. Пётра сарваў зубамі мэталёвы корак і мы пацягнулі “з рыла” чырвонае густое віно, якое, перасякаючыся з вогнішчам, блішчэла ў пляшцы рубінавай крывёю. А затым запалілі амэрыканскіх цыгарэтаў. Пётра троху падфарцоўваў, а таму лічыў даляры і паліў “Marlboro”. Ён сядзеў, хістаючыся. Вытанчаная пабліскваючая залатым абручыкам цыгарэта прыліпла да ягонае ніжняе вусьніны. Попел ляцеў на джынсы і Пётра спрабаваў зьвязаць у адное нейкія камплімэнты, якія перарываліся ўздыхамі і прыцмоктваньнем: “Валя, Валя!” — Сапраўды казак, — з гонарам за Пётру прагаварыў я да Валі. Яна, сарамліва пасьміхаючыся, прамаўчала. Пётра пахістаўся трохі, затым выплюнуў недапалак, які Валя асьцярожна адкінула са сваёй туфлі, і паклаў сваю растрапаную галавой на худой доўгай шыі на яе мяккія вялікія сьцёгны. Валя зрабіла выгляд, што не заўважыла, але рука яе праз хвіліну задумлёна пачала прыграбаць Пётравую чупрыну. Вось такі недасканалы чалавек, падумаў я пра сябе. Спачатку зайздросьціць жанатым, а як жэніцца, дык сам пачынае зайздросьціць нежанатым. Мо таму людзі і жэняцца шмат разоў, пераходзячы з аднаго стану існаваньня ў другі? |
У хуткім часе да агня прыйшоў яшчэ адзін хахол Генік. І мы сядзелі ўтрох моўчкі каля вогнішча. Пётра змоўк, і кожны з нас думаў пра нешта сваё, а мо і ні пра што ня думаў. Адзінае, што было зусім зразумелым — нам было ўсьцішна і добра. Я зачаравана паглядаў на вялізны цёмны дуб, які засьціў паўнеба над галавою. Другая палова вільготнага пэрлямутравага неба патыхала таямнічым бязьмежжам. І тым магутнейшым выглядаў дуб, які захінуў палову з гэтага неабсяжнага неба. Цёплая сьветлая ноч ахутвала мяне і гэты дзікі куточак прыроды. Я прыплюшчыў вочы і пачуў, як нехта шоргае нагамі па траве. Падышлі маладая і малады. Наталя перабірала сваімі доўгімі нагамі і гарачыя водбліскі скакалі па яе лытках і сьцёгнах, мякка гаснучы пад доўгім швэдрам. Некалі яшчэ студэнткаю яна таньчыла ў вар’етэ. За такімі нагамі сапраўды можна было звар’яцець. Некалі ў асьпірантах мы зь Ігарам і Казловым размаўлялі былі пра яе ногі. Дакладней кажучы, гаварыў я. Ігар пасьміхаўся і ківаў галавою, а Козьлік сарамаціў мяне, бо я толькі ўзяў шлюб і ўжо як бы ня меў права ацэньваць іншыя ногі, апроч жончыных. Урэшце Козьлік у кабечых нагах разьбіраўся як сьвіньня ў памаранчах. Жаночыя ногі, думаў я, лежучы пад дубам, гэта катэгорыя эстэтычная, адно з найлепшых дасягненьняў прыроды. Пакуль плынь сьвядомасьці несла мяне, як па шпалах, па жаночых нагах, вочы мае назіралі за тым, як Наталя са сваімі вартымі захапленьня нагамі ўплывае ў цемру, а Ігар, як матылёк, пасьміхаючыся ўсяму сьвету, брыдзе за ёй. Думкі мае не пасьпявалі за імі і калі я ўрэшце прыйшоў да заканчэньня сваіх развагаў і ўспамінаў, яны ўжо зьніклі і пакінулі пасьля сябе недапітую пляшку сухога, якая магічным чынам аднаўлялася каля вогнішча. Я пашукаў вачыма ранейшыя, пустыя пляшкі і не знайшоў іх. Мо’ гэта была адная і тая ж пляшка? Я задумліва ўзяў яе ў рукі і пачаў смакаваць малдаўскі сухач, памешаны з пахам цыгарэтаў і жаночай парфумы. Побач чуліся булькаючыя гукі. Я павярнуў голаў, цэдзячы віно, і ўбачыў за Валяю аджылага Пётру, які нахіліўся ў мяккую цемру і плечы ягоныя дробна трэсьліся ад усхліпаў. Плача, падумаў я. Не, рыгае, здагадаўся потым. Валя, не зварухнуўшыся, глядзела на вогнішча. Я перадаў ёй недапітае віно. Яна, не выціраючы рылца, павольна дасмактала яго і рэзка адкінула пляшку ўбок. Я вінавата сьцепануў плячыма. Валя — гладкая і спакойная дзяўчына. Такіх любяць старыя кабеты ў вёсках. А, мабыць, раней бралі, расхопліваючы, за жонак, бо, ведама ж, і дзеці здаровымі будуць, і ў працы ад яе хавайся — лепей ня зробіш. Але часіны перамяніліся. Зараз у модзе даўганогія, слабыя і худыя. Ні дзеці, ні праца нікому не патрэбныя. Валя езьдзіць у Польшчу. Гандлюе там усім чым папала, а найбольш мужчынскімі ласкатунчыкамі. Забясьпечыла імі ўжо не адную сотню палякаў і сама ходзіць як беларуская бульбіна ў фінскім пакунку з–пад малака. Вогнішча дагарае. Я ўкідваю апошнія паленцы з–пад сябе. Агонь ізноў убіраецца ў сілу. Вакол наступае нэйтральны час сутоньня, калі болей ужо не цямнее, але ж і ноч не пераваліла на другі бок. Пётра, ачомаўшыся, спрабуе зноў пакласьці галаву на Валіны гладкія сьцёгны пад квяцістай турэцкай спадніцаю. Тая спакойна нешта адказвае яму. Чутно адное — ідзі ты на фіг. Пётра хутка пагаджаецца, бо і сам, мабыць, разумее сваю паразу і ціхенька сыходзіць дахаты. За ім зьнікае і Валя. Я застаюся адзін, думаючы, ці не начаваць мне тут, седзячы каля вогнішча, ці ўсё такі пайсьці ў хату паспаць. Думкі мае, разбаўленыя малдаўскім сухачом, плывуць павольна і ня хочуць прыходзіць ні да якой высновы. Адно, пацягнула некуды ў маладосьць, калі мне было 15–16 гадоў і было такое захапленьне гэтым сьветам, што ў вёсцы, куды прыяжджаў да бабулі, цэлыя ночы праседжваў на вуліцы, прыслухоўваючыся да кожнага гуку і шоргату, убіраючы ў сябе ўвесь сусьвет. Ды гэта было так даўно. З тых часоў я пражыў яшчэ столькі ж. І сьвет ужо ня той, а я дык і тым болей. Ад хаты прыбегла Паліна. Спыталася дрыжачым ад начной прахалоды голасам, ці думаю я тут начаваць і затым спыталася пра дажджавік, бо ў хаце было халодна. Урэшце знайшла яго. — Вой, — падвысіла голас, зь якога зьнікла ўсялякае трымценьне, — што гэта? — Вой, што гэта?! — яшчэ гучней спыталася яна, ведаючы ўжо што і паднесла рукі да агню. — Ай–яй–яй, — безвыходна заенчыла ад адчаю, выціраючы рукі аб траву. — Хто гэта? — пыталася ў мяне, ледзь ня плачучы, — хто? — Яго ўжо тут няма, — паспрабаваў супакоіць яе я. — Во сьвіньні, — енчыла Паліна, — брудныя гідкія сьвіньні, — і трава разьляталася ад яе ў розныя бакі, — і заўсёды мне шэньціць на што–небудзь такое. Я заўсьміхаўся сам сабе, бо гэта было сапраўды так. Зусім нядаўна яна мусіла працаваць на падмену ў філіі свайго музэю. Прыйшоўшы туды і ўбачыўшы зачыненыя весьніцы, бо не зьявілася яшчэ наглядчыца, у якой быў ключ, яна пералезла праз плот і ўвайшла ў музэй. Праз тры хвіліны плот ужо штурмавалі міліцыянты. Аказваецца, музэй падключылі пад ахоўную сыгналізацыю, не папярэдзіўшы іх. Усё было б прасьцей, калі б добрасумленная Паліна не палезла праз плот. — Вось вы ўсьміхаецеся, сьмешна вам, — пакрыўджана енчыла Паліна. — Супакойся і ідзі спаць, — параіў я. Паліна пабегла, клянучы сваю долю. А мяне ізноў падхапіла хваля ўспамінаў пра гомельскі ўнівэрсытэт, у якім я вучыўся, які менавалі паміж сабой унівэрсамам. Невялічкі гурток наш тады качаў беларушчыну на ўсіх узроўнях. Дзе і як толькі магчыма. Былі гады застою і з боку гэта ўсё выглядала, мабыць, досыць беспэрспэктыўна. Мы хадзілі ў беларускіх кашулях і куфайках і падкрэсьлена гаварылі па–беларуску. На вачох усяго курсу, і гісторыкаў — будучых функцыянэраў — раскладалі дошчачку, наразалі сала і цыбулю і елі, такім чынам сьцьвярджаючы сябе. У тыя гады паміж студэнцкай куфайкаю, салам і беларускай ідэяй была глыбокая повязь. Я здрыгнуўся і вярнуўся да свайго цела, якое тулілася да апошняга цёплага вугольля. Мабыць, трэба ісьці мабыць класьціся, падумаў я, бо ўжо пачынаюцца трызьненьні, якія да сёньняшняй ночы ня маюць ніякіх стасункаў. Чым сядзець і згадваць мінулае, лепей запомніць тое, чым жывеш сёньня. Я пабрыў па начной траве, грузнучы ў мяккай зямлі, і хвалі густога водару, як духмяныя шаты, захінулі ўсяго мяне. Я ўвайшоў у сенцы, пасклізнуўся, але ўтрымаўся на гліняным мосьце. От, Пётра, і тут зрабіў сваю гіблую справу, падумаў я, і зноў выйшаў на двор, дзе доўга шоргаў красоўкамі аб траву. Затым вярнуўся і прабраўся асьцярожна паўзь сьценачку, імкнучыся зноў ня ўлезьці ў паскудзтва. Здаецца, мне гэта ўдалося. Я зайшоў у галоўны пакой і агледзеўся. На пярэдняй да мяне канапе, раскінуўся волатам, чэравам дагары, Сыс. За ім каля вакна ляжалі два ўкраінцы, а на канапе каля глухой сьцяны туліліся паненкі. Сыс ляжаў адзін пасярэдзіне. Я троху пасунуў яго, падгроб сабе пад галаву брудны нават навобмацак матрац і, выпрастаўшыся, заціх. Было халодна і вільготна, як у вайсковым бункеры. Я паціху паехаў у дрымоту, чуючы, як з глухога пакойчыку ўсхапіўся Скобла і пайшоў па дровы. Ён мацюкнуўся ў сенцах, ледзь ня ўпаўшы, затым узбурыў Паліну і яны растапілі печку. — Уюшку зусім выкіньце, — праз сон папрасіў я. Вільгаць стала цёплаю і я ў думках з вайсковага схрону перабраўся ў вугальную шахту і зноўку паспрабаваў заснуць. Але ж не — Сева распавядаў у суседнім пакоі пра гістарычную канапу, на якой спаў Караткевіч у Адамчыкаў і якая нейкім чынам трапіла на гэты хутар, а таксама пра гістарычны матрац, на якім Колік спаў у Караткевіча і які цяпер, выходзіла, ляжаў пад маёй галавою. — А гэтае, на чым я сплю, — спытаўся Козьлік аднекуль згары, — таксама гістарычная рэч? Толькі яна неяк ня так стаіць, — сумняваўся ён. — І мне таксама здаецца, — расьпешчаным голасам падтрымала яго Філін, а затым засьмяялася ліпкім сьмехам, — нешта мы ніяк ня можам разьмясьціцца. Правяраць, як там яно, ніхто ўжо ня стаў. Усе замоўклі, а можа гэта і я ўжо зноўку заснуў. |
Мабыць, мала ў нас было пітва, бо праз сон я чуў, як народ сноўдаўся па хаце, дзынкаў шклянкамі, шукаў, нешта дапіваў. Аднастайна гудзела печ, распавядаў нешта Козьлік, паненкі сьмяяліся як не ў сябе, побач соп Сыс. Я ня мог адарваць галавы ад бруднага Караткевічавага матрацу, каб ухіліцца ад сьвятла запаленай сьвечкі, якая размалёўвала мой сон у жоўтыя колеры. Я б доўга яшчэ, мабыць, так пакутаваў, калі б не Паліна, якая ўрэшце пачала ўлягацца і выцягнула з–пад маёй галавы ўтульны матрац. Я разьляпіў вочы. Паліна ўжо зацягнула матрац на свой ложак і спрабавала накрыцца ім, як вялікая мядзьведзіца. Я зь цяжкасьцю паглядаў на той ложак, на якім варушыўся вялікі лоўж, і пачаў сарамаціць яе: — Вось ты, бессаромная! Матрац украла! А на чым я цяпер буду спаць? Вялікі адчай адбіўся ў маім голасе, бо я адчуваў, што моцы ўстаць і пазмагацца за матрац у мяне зусім няма. — Паліна, бессаромная, аддавай матрац! — прасіў я яе. На гэта яна па–медзьвяджачаму рыкала мне ў адказ: — Ага! А я што, мерзнуць буду? Ня мог я дараваць свайго матрацу за так і таму падумалася ў затуманенай галаве, што гэта не Паліна, а мядзьведзіца сьцягнула зь мяне гэты матрац. І адразу ў мяне зьнікла ўсялякае жаданьне змагацца за яго. Супраць мядзьведзіцы з голымі рукамі не папрэш. Вось была б у мяне Едрусева стрэльба — вэртыкальная двубойка з жаканамі, тады б я ёй паказаў, — спрабаваў я апраўдаць свой безнадзейны стан, і ўжо зусім супакоены, рэкнуўшы яшчэ нешта дзеля прыліку, як рэкаюць у сьпіну дзікай зьвярыне, што прайшла побач, пракаўтнуўшы твае прыпасы, і падалася некуды далей, я ўпаў галавою на вішнёвую канапу, падфарбаваную месяцам у чорнае бардо і кінуў змагацца з гэтым сьветам. А ў хаце пачыналася сама што гулянка. Вішчэлі каля стала пашалелыя кабеты, чаўкаючы ратамі, набітымі салам. Храбусьцеў цыбуляю Козьлік, заядаючы гучныя булькі свайго кадыка. Філін сьмяялася так, што сіберам патыхала ў маю сонную патыліцу. Колік, во, Колік яшчэ рыпеў нешта, як бы аджылі і загаварылі ўсе масьніцы ў хаце разам узятыя. Гэты гвалт балюча біў па далікатных маіх мазгах. Чэрап мой стончыўся ў яйкавую шкарлупіну ад вар’яцкага вэрхалу. Не! Так немагчыма! Трэба штосьці мяняць! Я зноў падняў сваю хліпкую галаву на жабінай шыі, каб сказаць нешта, адплюшчыў свае лупатыя вочы. Што гэта была за карціна! Пры бегаючых ценях сьвечкі весяліліся каля стала набухлыя чырвоныя пачвары і нешта адчайна пішчэлі, размахваючы рукамі. Я агледзеўся, убачыў Паліну, на якой гарой дыбіўся Караткевічаў матрац, убачыў сіняга Пётру. Магутны Сыс хроп побач, як волат, раскінуўшы ўбакі сваю левую руку і нагу. Ён бы і правыя раскінуў, але тут на канапе ляжаў я сваім бліскучым зялёным целам. Садом і гамора! — адчайна падумаў я, глуха крумкнуў і ўваліўся ў вішнёвую канапу на спакой. * * * Шаўковыя воды, празрыстыя, як крышталь, аж да нябачнасьці сваёй і заўважныя толькі па водблісках іскрыстага сонца ды хуткай плыні, абмывалі маё цела. Лёгкія хуткія аблокі, растрапаныя як страўсіныя пёры, на міг захіналі сонца, і трава, і пясок на дне ручаіны, і вада адразу мянялі свае калёры. Здавалася, пасьпяваў зьмяніцца і я сам, і ў скроні калола ад гэтае хуткае зьмены. А затым сонца зноў залівала наўкольле, і зіхцела жывымі дыямэнтамі па вадзе ручво, і налівалася пяшчотаю аксамітная трава, і сіняе неба кружыла голаў.
Чуўся ў паветры вершык Янкі Юхнаўца, прагавораны недзе побач, а можа, і мною самім. На памяць я яго ня ведаў і радкі браліся аднекуль самі, нязмушана ўсплываючы адзін за адным. І там, у сьне, я быў мурынам. Вялікім, чорным, аж зь сінім адлівам мурынам, які няведама як трапіў у гэты рай. * * * Сонечныя косы праз вакно ўпалі на маю скурчаную сьпіну. Я ляжаў на канапе, уцягнуўшы галаву ў плечы, з далонямі паміж каленяў і паступова адыходзіў ад сну. Сонца асьвяціла змрочную хату і пры ранішнім сьвятле ў цёплым вільготным паветры інтэр’ер выглядаў не такім ужо смутным, як зь вечара. Пасьвятлела пабеленая печка і трамы над галавою не здаваліся такімі ўжо прагнутымі. Заварушыўся, пазяхаючы Сыс, загаманілі, сьмеючыся, у суседнім пакоі. Я пачуў, што раніцаю сыйшлі Козьлік зь Філінам. І чамусьці мне згадаліся Каляды, якія мы сьвяткавалі гадоў пяць таму ў Гомлі. Козьлік, які працаваў тады ў Жлобіне, абяцаў прыехаць, але не зьявіўся і, як высьветлілася пазьней, узяў перад Калядамі шлюб, каб на Піліпаўку, як воўк, зьбегчы ад сваёй жонкі. Я паспрабаваў расправіць свае скурчаныя косткі на цёплай, угрэтай ужо вільготнай канапе і з насалодаю пацягнуўся так, што аж закруцілася галава. Я сеў на канапу і празь сенцы, пераступаючы падсохлую блявоціну, выйшаў на ганак. Цёплая летняя раніца сустрэла мяне. Лагоднае сонца без кантрастаў роўна асьвяціла цёмнае бярвеньне хаты і ганак з адкрытаю вэрандаю, і зьдзічэлы ў траве па пояс, двор, і стары хлеў з новым чыстым белым шыфэрам. Я сеў на цёплую лаву каля стала на вэрандзе зь вялікімі шчылінамі ў доле, рассунуў убакі брудныя слоікі, пустыя пляшкі, паклаў галаву на падстаўленыя далоні і бяздумна, бо думаць яшчэ не хацелася, разглядаў гэты калярытны хлеў, што стаяў насупраць і нагадваў старога згрыбелага дзядка, які нацягнуў на голаў новы бліскучы вайсковы капялюш свайго ўнука, што толькі як дэмбільнуўся, і на радасьцях, проста са сваёй галавы, і замяніў змызганы, парваны дзедаў аблавух. — Насі і жыві яшчэ хоць сто гадоў. Я глядзеў на хлеў, таму што ён быў проста перад маімі вачыма, і выбіраць не прыходзілася. Зь сенцаў вылез памяты і спухлы Астравец. Не, я, мабыць, не такі, падумаў я, бо гарэлачкі ня піў. — Хадзем, пакупаемся, — прапанаваў ён. Не. Досыць я ноччу намучыўся. Мне зусім не хацелася зьмяняць фізычнае асяродзьдзе вакол свайго разамлелага і намучанага за ноч цела. Яно і так аджывала ад сонейка і цеплыні. Зь сенцаў выпаў кандыбоберам Колік. — Вунь яго бяры, — параіў я Астраўцу. Колік пацягнуўся за ім усьлед. — Колік, — сказаў я наўздагон, — толькі доўга ня мыйся. Бо як вымакнеш, дык усе жабы ад сьпірытусу паздыхаюць. — Ідзі ты на хрэн, — сказаў ён не абарочваючыся. Я зноў сьцішыўся ад сонечнай лагоднай цеплыні. Паволі на ганак павылазілі ўсе жывыя. Хлопцы адразу запалілі, уяўляючы, што ад гэтага лягчэй, а паненкі з маладою разам спорна падтрымалі іх. Стомлена і лена пасьмейваліся, згадваючы беднага Пётру і наш з Палінаю разбор з–за матрацу. Аказваецца пасярэдзіне ночы ім, як тым мышам, захацелася есьці. Яны зьнішчылі ўсё, што знайшлі. І пачаўленыя памідоры, і кавалкі недаедзенага хлеба і вымачылі мякішом усю жыжку з кансэрвавых бляшанак, дапілі ўсе недапіткі, якія патрапіліся ім. Ці будзе апахмелка, з тугою думаў я, згадваючы, як Сыс нешта ўвечары спрабаваў крычэць наконт запасу назаўтра. Ці прыхаваў ён якіх паўпляшкі, ці пасьпеў. Сьмех наш павесялеў, як згадалі пра Козьліка і пра Філіна. Аказалася, што спалі яны не на канапе, а на версе шафы. Як туды залезьлі — невядома, і як месьціліся — таксама невядома. І цьвёрда, і мулка, казаў нехта празь сьмех, і мы ўсе зноў пачыналі рагатаць. Цяжка сказаць, як можна было шафу пераблытаць з канапаю. Прыйшлі мокрыя Колік з Астраўцом. Абодва пасьвяжэлыя, перакідваліся нейкімі кпінамі. Яны папрасілі запаліць. Аказалася, што ўсе запасы хахляцкіх, амэрыканскіх і гарадзенскіх цыгарэтаў скончыліся. Тут кінуўся ў сенцы Сыс і эфэктна кінуў два пачкі “Космасу” на стол, спаміж леташніх заплесьнелых слоікаў. Ад радасьці ўсе гаркнулі: “Гура!” Гэтыя эмоцыі былі для мяне незразумелыя. Адно падумаў, што, мабыць, ёсьць усё ж такі ў яго і прыхаваная пляшка гарэлкі. Усе з радасьці, што знайшіся цыгарэты, зноў запалілі і пачалі меркаваць, а дзе ж спалі маладыя. Як высьветлілася, у хлеўчыку наскідалі ім нейкага рызьзя. Там яны і сустрэлі сваю першую законную шлюбную ноч. Папыталі ў Севы, а што там было раней. Аказалася, сьвіньні. Зноў пасьмяяліся. Я спытаў у Паліны, а чаму такі сумны Сева. Яна ціхенька распавяла, што ён страшэнна злы на ўсіх пасьля ўчорашняга глуму над ім зь Філінам. Казаў ёй, што ноччу было жаданьне падперці ўсіх і спаліць хату разам з намі. Я зь цікаўнасьцю паглядзеў на Севу. Яго, здавалася, нічым ня проймеш. — Сам нарваўся, — заўважыў я. Калі хацелася цмактацца ці там яшчэ чаго — схаваўся б за хлеў. — Дык вы што, Севу ня ведаеце, — сказала Паліна, — ня ён быў бы. А тым часам Сыс пачынаў чарговую сваю дзею. — Колік, — крычэў ён, — шукай! Ён увесь ільсьніўся ад задавальненьня. Выпінала з–пад расхрыстанай кашулі здаровае чэрава і дзябёлыя грудзі Сыса. Рыхлыя складкі скуры і тлушчу па бакох безнадзейна цягнулі ўсё ўніз. Ізноў балюча зашчымела ў мяне сэрца. Я глядзеў на вясёлы, буры з чырвонымі жылкамі на скулах ягоны твар, на бліскучыя, як заўсёды вылупленыя вочы, я глядзеў на гэты ўзьдзьмуты фэйс, на чэрава і налітыя нездаровым лоем бакі і грудзі, і мільганула ў вачох у мяне пастава маладога, дзесяць гадоў таму, шалёнага Сыса, які нагадваў гладкую раскормленую пантэру, за знарок павольнымі рухамі якой ніколі не ўгадаеш тога моманту, калі яна, уміг скруціўшыся спружынаю, выбухне дзікай жывёльнай энэргіяй і шахне пазурамі па глотцы, начыста выдзіраючы яе разам з абарванымі жыламі. Тады ён быў дурны, але моцны і прыгожы, і ўсё было яшчэ наперадзе. — Колік, шукай, засранец ты! — другі раз паўтарыў Сыс, і сам пачынаў лічыць крокі наперад выстаўленай да хлева рукі. — А зараз пяць крокаў улева, палез ён, лічачы свае крокі, на груд ламачча, што было наскіданае пасярэдзіне двара, і густа зарослае травою. Ён лез наперад, расьпіхваючы траву сваімі тоўстымі, чырвонымі ад апалу нагамі і я ўжо ведаў, што ён шукае. — Во! — зароў радасны Сыс і выцягнуў з травы пляшку белай. — Га! — гукнулі ўсе зьдзіўленыя і захопленыя. — Колік, трымай! — гукнуў Сыс і кінуў пляшку свайму хвасту. Усе спуджана ўздыхнулі, але Колік спрытна перахапіў яе і пяшчотна, як дзіця, прытуліў да грудзей. Сыс зьзяў ад задавальненьня. Вось дзеля гэтых хвілінаў усеагульнае ласкі і любові ён і блукаў учора паўдня па навакольлі. Але тэатар працягваўся. Сыс ізноў забурчэў як трактар і палез па траве ў бок дубу і празь пяць крокаў выкалупаў з травы пад хлапечы рогат і віскі паненак яшчэ адную пляшку гарэлкі. Ён быў сапраўдным героем. |
Ліхаманкава пачалі шукаць закусь. Са стала на адкрытай вэрандзе пад шляхецкімі слупкамі папрыбіралі ўвесь брудны посуд і паставілі знойдзеныя Сысом пляшкі. Хутка вызначылі, што на літар гарэлкі засталося ў нас два літры пітное вады і два няпоўныя пачкі цыгарэтаў. Ды гэта нікога асабліва не турбавала. Паненкі паўздыхалі дзеля прыліку, але ніхто ўсур’ёз не ўспрыняў іхнія ўздыхі. Я заўважыў яшчэ раней, што здаровыя фізычна і псыхічна кабеты п’юць як жлукты. Нашыя ж паненкі, пэўне, што былі здаровымі. Разьлілі адную пляшку, выпілі і запалілі. Гарэлка ў цёплай траве ўжо пасьпела нагрэцца і выразна тхнула нафтаю. Сева хадзіў вакол хаты і забіваў аканіцы. Яму не цярпелася. Але ніхто не сьпяшаўся. Было сьветла і сонечна, так што зялёная трава выглядала амаль што белай. Я пайшоў па разорах спаміж зяленіва да дубу, панюхаў ягоную сухую шэрую кару, каб перабіць нафтавую адрыжку і затым па сьцежцы праз чарналесьсе падышоў да возера, гэтай невялічкай ямінкі на целе зямлі, залітай яшчэ дагістарычнаю вадою. Я чуйна прынюхаўся да паху чорнага лісьця, што тоўстым кілімам засьцілала спадзісты бераг і дно возера. Гэта быў пах спрадвечнае вільгаці, які, пэўна, прыцягваў да сябе ўсё жывое ў навакольлі. Я глыбока ўздыхнуў і ў мяне на імгненьне перахапіла скроні і я адчуў, што празь міг, ад супрацьлеглага зусім недалёкага ад мяне берагу, вымкне статак расхрыстаных, ахутаных воблакам потнае пары, з налітымі крывёю вачыма, тураў. І сэрца маё сьціснулася ад небясьпекі. І я гатовы быў кінуцца за куст і ўплішчыцца ў мокрае лісьце, каб зьнікнуць на час з гэтае зямлі, ратуючы сабе жыцьцё. І ў гэтае імгненьне страшэннае небясьпекі, якое прыйшло да мяне аднекуль зь сярэдзіны, вылучылася з крыві маёй і прабегла па скуры хваляй угору, прымусіўшы ўстаць валасы на галаве старчаком, у гэтае няўлоўнае імгненьне я адчуў сябе непадзельнаю часткаю ўсяе прыроды, часткаю, якая проста не існуе без навакольнага сьвету. Я ледзь не задыхнуўся ад зьвярына–пяшчотнага пачуцьця, што выбухнула ўва мне і на міг прыадчыніла таямніцу ўсяго існуючага ў гэтым сьвеце, усяго рэальнага, што было перад маімі вачыма і за сьпінаю, высьвяціўшы нейкі таемны пласт страшэнна далёкае мінуласьці, зь якой мы выпаўзьлі аж да сёньняшняга дня, пагубляўшы ледзь ня ўсё, што мелі. Гэта была мая зямля ўся, да астатняга лісьціка. І я згадаў, як продкі мае зь ледавікамі адыходзілі адсюль раз за разам і затым зноў вярталіся, а інакш і не магло быць. Я пацягнуўся да хутара, імкнучыся не расплёскаць адчутае. Я астатні раз зірнуў на возерца, бо ведаў, што ўжо ніколі ня буду тут. На ганку якраз разьлівалі другую пляшку. Ранішняя млявасьць прайшла. І ўсе павесялелі. Зноў жартавалі і сьмяяліся, як бы і не было мінулае начы. Урэшце з трэцяга разу сабраліся і расьцягнуўшыся купкамі выпаўзьлі з хутару. Сева суправаджаў нас грукатам сякеры, забіваючы наглуха дзьверы. Мы цягнуліся па выбітай калдобінамі, зь якіх ніколі не сыходзіла вада, дарозе, ішлі па травяністых, зялёных, у разнакаляровых кроплях кветак, узьмежках, цягнучы за сабою пустыя торбы. Я паволі адставаў на гэтым жывым ланцугу, зьяжджаючы па пацерках людзей у хвост. Хутар не адпускаў мяне і я зь цяжкасьцю перастаўляў нагамі, чапляючыся вокам за стромкія электраслупы. Мы прайшлі недагледжаныя калгасам палі, прайшлі пляшку зь недапітым півам, якую за гэты час на дарозе так ніхто і не зачапіў, і выйшлі на ўзьлесак, паўзь які бег гэты забыты Богам людзкі шлях. Я прыслухоўваўся да размоваў нашае пабітае на купкі кампаніі і думкі мае лёгка сьлізгацелі па польскіх кірмашох і недапітых пляшках гарэлкі, па дзяльбе кватэраў у Саюзе пісьменьнікаў і сэксуальных вычварэньнях блакітных у прыбіральнях на Камароўцы. Гэта было ўсё такім нецікавым. І мяне аднесла на другі пяшчаны бок шляху далей ад слоўнае лухты, якой у Менску забіваюцца ўсе мазгі. І раптам з маіх валасоў пасыпаліся іскры, яны затраскацелі бы на пажары і няведамая сіла адкінула мяне ўбок. Я ашалела паглядаў на сымэтрычна закручанае шэрае колца, што ляжала–песьцілася ў гарачым дарожным пыле і толькі маленькая трохкутная галоўка на далікатнай шыйцы рытмічна выпускала дрыжачае джала ды шкляныя вочы зь цікаўнасьцю назіралі за мною. Я хуценька саступіў, пераскочыўшы на другі бок дарогі, бліжай да ўсіх, азіраючыся на шэрую плямку лясной спадарыні. І толькі тут закалацілася сэрца і задрыжэлі рукі, а аднекуль, мабыць, з душы, зваліўся вялізны камень невытлумачальнае жахлівае небясьпекі. Інстынкт закрычэў у кожнай маёй цягліцы, супраціўляючыся прыгожай са сталёвым тусклым бляскам сьмерці. А між тым лес распускаў водар цёплае хваёвае смалы і толькі вільготныя нізінкі дыхалі апрэлым лісьцем ды яшчэ пах цыгарэтаў набягаў часам з–за сьпінаў нашых паненак. Я пайшоў на абгон. Прыгамаваў толькі каля Севы, які пачаў мне прыгаворваць старыя назовы мясьцінаў, паўзь якія мы праходзілі. Урэшце мы выйшлі зь лесу і шлях пакаціўся ўніз паміж кар’ера з аднаго боку і ўзрытай пусткаю з другога і зьнік у тунэлі пад высокім насыпам аб’язной аўтастрады, за якой хаваўся Ракаў. Кавалкі зраненай зямлі паабапал шляху раней таксама мелі нейкія назовы. Там дзе быў засыпаны розным местачковым сьмецьцем кар’ер раней быў узгорак, засеяны сасоньнікам, як патлумачыў Сева. Але прыйшлі бальшавікі і там, дзе быў гаёк, стала ямка. |
Вялікі самазвал абагнаў нас, абдаўшы пылам. Вёз пясок з кар’еру. Наперадзе замахалі рукамі Колік з Сысом. Засталося ісьці, можа, зь які кілямэтар. Але машына, на зьдзіўленьне, спынілася, і яны хутка, як тлустыя малпы, ускараскаліся ў высокую кабіну. Самазвал, счакаўшы крыху, папыліў далей, нырцануўшы ў тунэль пад аўтастраду. Хутка і мы былі там. Пастаялі, пачакалі ўсіх астатніх. Паненкі на хаду абмяркоўвалі сваю знаёмую паэтку, якая была яшчэ на даўнейшым турзьлёце аддалася нейкаму памаўзьліваму чэху, убіла сабе ў голаў, што ён кахае яе, хоць ён як у ваду ўпаў у гэтую сваю Чэхаславаччыну, з канцамі, ды так, што яна нават і ня ведае, хто ён, чэх ці славак, і мэнчыцца вось ужо, можа, зь дзесяць гадоў. — Ён яе трахнуў і паехаў, а яна затое столькі вершаў яму прысьвяціла, — дзівіўся Астравец. — Вось яна, крыніца сапраўднай творчасьці, — пракамэнтаваў Сева. На большае, як на камэнтары, у нас не было імпэту. І мы пайшлі далей. Хата Севы стаяла ледзь не ў сярэдзіне мястэчка, у пяці хвілінах ад аўтастанцыі, як патлумачыў ён. А адкуль нам ведаць. Мы зайшлі ў хату, папілі вады. Ягоная маці ляжала зь вялікім ціскам, і таму мы ціхенька пахлябталі і сыйшлі на двор. — Во буржуі. У Менску кватэра і тут хата, і хутар яшчэ, — падзівілася Валя, якая ўжо год як тулілася ў нейкім працоўным інтэрнаце, куды яе ўладкаваў брат. — Угу, — пацьвердзіла Паліна, якая была прапісаная ў сваёй сяброўкі, а жыла яшчэ ў адной сяброўкі. — Што тут дзіўнага, — без сумлеву запярэчыў Астравец, які сам толькі як перабраўся пасьля разьмену цешчынай кватэры ў аднапакаёўку з выглядам на заводзкі комін з жонкаю і дзецьмі, — усе так павінны жыць. Толькі маладыя нашыя змаўчалі. Ім яшчэ трэба было шукаць кватэру. Выйшаў Сева, балакаючы з хахламі на матчынай мове, і мы пацягнуліся на станцыю. Пасажырка на Менск ужо стаяла — маленькі паўпусты Пазік. Усе ўзьлезьлі ў яго, а я схадзіў на станцыю па квіткі. — А дзе ж Колік з Сысом, — згадалі аб іх. — У піўбары, — махнулі паненкі рукою, — яны там як свае. Гэта ж першы піўбар ад Іслачы. А–а–а, Іслач. Сьвятая тройца — Сыс, Колік і Асташонак надзіраліся ў іслацкім доме творчасьці, а ў Ракаў хадзілі па піва дабаўляць ці пахмяляцца. Паненкі рагаталі з Асташонка, вялікі лоб, вырачаныя вочы і чорная барада якога ўпрыгожвалі вітрыну мясцовай фатаграфіі. — Гэй, Алесь! — закрычэлі за вакном. Я паглядзеў і ўбачыў хлапцоў–асьпірантаў, здаецца, біёлягаў, зь якімі разам жылі ў інтэрнаце. — Жыве Беларусь! — закрычэў маленькі, вясёленькі вечна Валодзя і ўзьняў сьціснуты кулак. — Во, шызуха, — пырхнула Паліна, якая сядзела побач са мною і крутанула пальцам ля скроні. Валодзя разгубіўся, а я адказаў Паліне: — Сама ты шызуха. Гэта мо’ адзінае, што ён па–беларуску ведае. Я памахаў хлопцам рукою і вылез з пасажыркі. Яны будавалі ў Ракаве кароўнік. Хутка мы паехалі. Я чакаў чамусьці, што зьявяцца Сыс з Колікам, нажлукціўшыся піва. Але іх не было і аўтобус паціху трэсься па цэнтральнай ракаўскай вуліцы. І раптам паненкі радасна завішчэлі. Насупраць піўнухі стаяў Сыс і размахваў пустым вядром. Кіроўца не зарыентаваўся і спыніўся, так як заўсёды рабіў, падбіраючы пасажыраў каля кожнага слупа. Усё ж такі едуць, падумалася мне. Сыс кідануўся ў піўнуху, мабыць, па Коліка. Кіроўца, калі ўжо спыніўся, вырашыў пачакаць. Праз хвіліну выбеглі ўспацелыя Сыс з Колікам, цягнучы вядро зь півам аж па рубец. Уставілі яго з разьбегу ў салён. Пена і пырскі ўзьняліся ў паветра. — Га–а–а!! — зараўлі ачмурэлыя хахлы. — Давай! — махнуў Сыс рукою кіроўцу і пляснуў далоняю па боку “пазіка”, як па жарабцоваму азадку. Так пан загадваў некалі свайму лёкаю, адпраўляючы вазок з гасьцямі на станцыю. Кіроўца раззлавана газануў, а мы падхапілі вядро і пусьцілі яго па крузе. Я абярнуўся і ўбачыў, як Сыс пацягнуўся назад у піўнуху, а за ім паскакаў Колік. Чамусьці мне здалося, што я ўжо ніколі ня ўбачу іх. Так яны і застануцца ў гэтым Ракаве, бо больш нідзе яны і нікому ўжо не патрэбныя. Вясна 1992 г. |
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |