паталёгіі грамадзтва |
Наркотыкі:
|
Гістарычны падыход дазваляе апісаць фэномэн ужываньня наркатычных сродкаў у культурным, сацыяльным і эканамічным кантэксьце, а таксама іхную эвалюцыю. Спажываньне наркотыкаў — праблема, якая паўстала ня сёньня й ня ўчора; ужываньне псыхатропных сродкаў, найчасьцей у рэлігійным і рытуальным кантэксьце, было характэрнае для ўсіх цывілізацыяў. Калі мы хочам зразумець зьяву сёньняшняй таксыкаманіі, нам трэба вярнуцца ў мінуўшчыну, каб дакладней акрэсьліць асаблівасьці новага тыпу паводзінаў, што назіраюцца ў краінах Заходняй Эўропы цягам другой паловы нашага стагодзьдзя.
1. Індыйскія каноплі (cannabis satіva)Індыйскія каноплі ведамыя вельмі даўно. Ужо ў Кітаі, за больш як дзьве тысячы гадоў да нашай эры, імпэратар Шэн Нунь апісваў якасьці гэтай расьліны. Гэтая культура распаўсюдзілася ў Індыі й амаль што ва ўсіх рэгіёнах Усходу, каб пасьля сягнуць і заходніх краінаў. Калі Рабле ў XVI стагодзьдзі, у Францыі, у трэцяй кнізе „Гарганцюа й Пантагруэля“ пяе хвалу траве „пантагруэліён“, ці не пра каноплі йдзе тут гаворка? Цалкам магчыма. |
Але толькі ў 1845 годзе зьявілася першая навуковая праца на гэтую тэму — кніга Маро дэ Тура „Пра гашыш і душэўнае адчужэньне“. Гэты лекар раіць ужываць каноплі, каб больш даведацца пра псыхічныя хваробы. Так, ён піша: „Напраўду, няма ніводнага простага альбо складанага вар’яцтва, якое не сустракалася б у душэўных зрухах, разьвітых гашышам“. Ён рэкамэндуе cannabis satіva як тэрапэўтычны сродак, падкрэсьліваючы „магчымасьці, якія можа мець экстракт зь індыйскіх канапель у якасьці леку“. Гэты наркотык трапіў таксама ў гісторыю францускай літаратуры; нельга абмінуць увагаю творы такіх пісьменьнікаў, як Шарль Бадлер, аўтар працаў „Штучны рай“ і „Віно й гашыш як сродкі пашырэньня чалавечай асобы“, альбо Тэафіль Гат’е, які нават заснаваў клюб аматараў гашышу. ХХ стагодзьдзе таксама адкрывае нам паэтаў гэтага наркотыку, але гашыш — гэта больш ня сродак ап’яненьня абранай меншынi, а праўдзівая „манна“ для ўсёй моладзі. |
Каноплі, зь сямейства канапляных, даюць краскі, экстрактам зь якіх — марыхуана (званая ў Паўночнай Афрыцы kif, а ў Індыі bhang) і гашыш (у Індыі charras):
Абмяркоўваючы пытаньне ўзьдзеяньня канапель на арганізму, трэ падкрэсьліць два прынцыповыя моманты:
Нягледзячы на гэтае, мы можам вызначыць пэўную колькасьць пытаньняў, дачынна якіх згаджаюцца міжсобку ўсе навукоўцы й мэдыкі. Перадусім згадайма, што хуткасьць і інтэнсіўнасьць узьдзеяньня таксычных сродкаў на арганізм, натуральна, залежаць ад колькасьці ды якасьці прадукту, што мы паглынаем ці ўдыхаем, але ж таксама ад уласных псыхалягічных і фізiялягічных характарыстык кожнага чалавека. На фізiялягічным роўні: пасьля ўдыханьня ці паглынаньня канапель назіраецца досыць мала фізычных зьменаў, калі не лічыць лёгкага пачашчэньня пульсу й нязначнага паніжэньня артэрыяльнага ціску. Ведама, што каноплі паляпшаюць апэтыт. Шмат досьледаў было праведзена наконт даўгачаснага ўжываньня канапель ды іхных вытворных. З пэўных досьледаў, што праводзіліся ў ЗША, вынікае, што надмернае ўжываньне канапель выклікае імунадэфіцыт і парушэньні спэрматагенэзы. Увадначас курцом канапель пагражаюць хваробы бронхаў і лёгкіх. Як і ў выпадку з тытунём, небясьпека ракавых захворваньняў зьвязаная з гарэньнем смолаў, якіх у гашышы ўтрая больш, чым у тытуні. На псыхалягічным роўні: хаця ёсьць розныя індывідуальныя паказальнікі, можна бачыць, як у некаторых абвастраецца сэнсарнае ўспрыманьне, назіраецца стан эўфарыі, які часам суправаджаецца спадам працэсаў тармажэньня. Доўга думалі, што каноплі могуць выклікаць псыхіятрычныя забурэньнi. Напраўду, некаторыя навукоўцы й аматары паленьня апавядаюць пра непрыемныя, а часам нават вусьцішныя наступствы ўжываньня канапель, але такое здараецца рэдка. Як нам ведама, ніводны сур’ёзны дасьледнiк ня лічыць разьвіцьцё ўстойлівых псыхатычных рэакцыяў наступствам працяглага ўжываньня канапель. Асобныя выпадкі назiраных у пацыентаў псыхозаў былі ўжо наступствамі псыхіятрычнага лекаваньня. Ці выклікае працяглае ўжываньне канапель далейшы пераход да мацнейшага за іх гераіну? |
Мы хацелі б падкрэсьліць, што першы–лепшы не стаецца таксыкаманам; каб у маладзёна ўзьнікла наркатычная залежнасьць, мусіць супасьці пэўная колькасьць чыньнікаў. Калі зірнуць на статыстыку, то сярод аматараў гераіну дапраўды каля 40% пачыналі з ужываньня канапель, але найчасьцей спалучалі іх зь іншымі сродкамі, такімі як алькаголь, лекавыя прэпараты, рашчыньнікі. З другога боку, гэтыя асобы складаюць толькі каля 3% ад агульнай колькасьці спажыўцоў cannabis satіva. Вось жа, пераважная бальшыня „канапляфагаў“ ня робіць „скачку“ да гераіну. Насамрэч небясьпека якасных зьменаў датычыць ня ўзьдзеяньня на арганізм канапель, а хутчэй самой асобы іх спажыўца й той маргіналізацыі, якая можа напаткаць наркамана. Як каноплі пераносяцца чалавечым арганізмам і ці ўзьнікае залежнасьць ад іх? Каноплі не выклікаюць фізычнай залежнасьці, то бок спыненьне іх спажываньня не спрычыняе ані псыхалягічных рэакцыяў, ані сындрому адмены (абстынэнцыі). Аднак пры надмерным ужываньні ў некаторых можа выпрацоўвацца псыхічная залежнасьць, і каноплі стаюцца абавязковаю патрэбай. Талерантнасьць (неабходнасьць падвышаць дозу для атрыманьня ранейшага эфэкту) да канапель, што вядзе да вельмі моцнага павелічэньня дозы, зьява надзвычайная. Гэта, натуральна, залежыць ад канцэнтрацыі прадукту, таксама як і ад узьдзеяньня наркотыку, на якое разьлічвае й якое зазнае кожны яго спажывец.
2. Галюцынагены2.1 ЛСД 25 ЛСД 25 (дыэтылямід лізэргінавай кісьліні) быў вынайдзены А.Гофманам у 1938 годзе; гэта напаўсынтэтычная вытворная алькалёідаў, выцягненая з жытняй спарыньні. (Алькалёіды — арганічныя рэчывы, галоўным чынам расьліннага паходжаньня.) ЛСД існуе ў форме парашку, таблетак альбо крышталічнага рэчыва. Звычайна яно праглынаецца; часам ім насычаюць кавалак цукру, цукерку альбо прамакатку; у выняткавых выпадках яно ўводзіцца шпрыцом. Дзеяньне ЛСД пачынаецца менш чым праз гадзіну й можа працягвацца да дванаццаці гадзінаў; гэта й ёсьць тым, што спажыўцы наркотыку называюць „падарожжам“, альбо „trip“–ам. На фізiялягічным роўні ЛСД узьдзейнічае на цэнтральную нэрвовую сыстэму. Звычайна адзначаецца пачашчэньне сэрцавага рытму, павышэньне артэрыяльнага ціску. Чалавек стаецца стурбаваным, трацiць сон і апэтыт. Зьяўленьне храмасомных зьменаў і пагроза прыроджаных ганаў у дзіцяці, маці якога прымала вялікія дозы ЛСД, пакуль застаюцца дыскусiйнымі для навукі пытаньнямі. На псыхалягічным роўні дзеяньне ЛСД розьніцца ў залежнасьці ад шматлікіх чыньнікаў: асобы спажыўца, ягонага атачэньня пад час „падарожжа“, папярэдняй дозы наркотыку. Найчасьцей апісаныя рэакцыі выяўляюцца ў наступных сфэрах:
|
Як пераносіцца ЛСД і ці ўзьнікае залежнасьць ад яго? Калі ЛСД прымаецца досыць часта, перад тым як паўтараць „падарожжа“, трэба кожнага разу чакаць некалькі дзён, каб зноў атрымаць падобны эфэкт. Вось чаму ягонае ўжываньне звычайна застаецца нерэгулярным. Талерантнасьць назіраецца слабая. Фізычная залежнасьць не адзначалася, а залежнасьць псыхічная сустракаецца рэдка. Як ЛСД спажываецца сёньня? Пачынаючы з 1970–х гадоў, назіраецца значнае памяншэньне ўжываньня ЛСД у Заходняй Эўропе. Аднак калі–нікалі ў малых групах адзначаюцца „ўсплёскі“ цікавасьці да яго, звычайна непрацяглыя. Нядаўна зьявіліся два новыя сродкі:
2.2 Ішыя галюцынагены Існуюць і іншыя натуральныя ды сынтэтычныя галюцынагены, але яны менш ужываныя. Яны чыняць дзеяньне, падобнае да дзеяньня ЛСД. Найбольш ведамыя:
Дачынна абодвух гэтых сродкаў не адзначана ані залежнасьці, ані звыканьня з малымі дозамі.
3. Апіяты3.1 Опіюм Опіюм паходзіць з Мэсапатаміі й таксама вырабляецца з расьліны — з маку. Ён ужываецца зь вельмі даўніх часоў. У 1873 годзе Эбэр знайшоў эгіпэцкі папірус, датаваны 1550 г. да нашай эры, які згадвае пра моц опіюму, што „здольны супакоіць дзіцячы лямант“. Цягам стагодзьдзяў опіюм сягнуў Кітаю. Ён зьявіўся там прыблізна ў VІІ стагодзьдзі, але выкарыстоўваўся тады адно ў мэдычных мэтах. Паліць яго пачынаюць толькі з XVIII стагодзьдзя. З гэтага моманту апіяманія разьвіваецца вельмі хутка, лютуючы паміж кітайскага насельніцтва. У X I X стагодзьдзі кітайскі імпэратар хацеў забараніць ужываньне гэтага наркотыку, але сутыкнуўся з Англіяй у „опіюмнай вайне“, што скончылася паразаю Кітаю. Перапрацоўка кітайскага маку ў опіюм, што пасьля мусіў прадавацца ў той самы Кітай за пасярэдніцтвам ангельскіх гандлёвых кантораў у Індыі, насамрэч сталася для Англіі крыніцаю вялізарных даходаў. Паралельна опіюм працягвае сваю вандроўку ў кірунку да Індыі, куды ён праточваецца ў XV I стагодзьдзі. Эўропа скарылася яму пазьней. У Англію опіюм трапіў дзякуючы стасункам гэтай краіны зь Індыяй. Ён пачаў там распаўсюджвацца пры канцы XV III стагодзьдзя й асабліва ў X I X ст., ува ўсіх асяродках, улучна з найбяднейшымі. Патроху курцы опіюму насяляюць усе вялікія месты Эўропы, перадусім порты, куды опіюм завозяць плаўбiты й жыхары калёніяў. |
Пачынаючы зь сярэдзіны X I X ст., гэты наркотык пад тым ці іншым соўсам трапляе ў заходнюю літаратуру й мастацтва. Згадайма тут твор Томаса дэ Куiнсы „Споведзь ангельскага апіяфага“. Эдгар По апісаў ап’яненьне апіятамі. Жан Както, свайго часу аслабаніўшыся ад наркатычнай залежнасьці, але захоўваючы пэўную настальгію па опіюме, пісаў: „Як цяжка ведаць, што кiлiм–самалёт існуе, але што табе на ім больш ня лётаць“. Нарэшце Рэнэ Дамаль, спрабуючы ўнікнуць сваіх мэтафiзычных страхаў, занураецца ў опіюм пад уплывам сваіх сяброў–сюррэалістаў, некаторыя зь якіх памерлі ад наркотыкаў, як гэта здарылася з Ражэ–Жыльбэрам Леконтам, што памёр ад слупняку, выкліканага ін’екцыяй ляўдануму (лекавы сродак на аснове опіюму). Шмат іншых паэтаў, пісьменьнікаў і мастакоў апісвалі свой опіюмны досьвед. Мы прыгадаем адно некалькі імёнаў: Антанэн Арто, Анры Мішо, Ражэ Ваян, Дрыё ля Рашэль… Але, нягледзячы на ўсё, опіюм застаецца ў Францыі „прывілеяй“ вельмі спэцыфічных колаў, ня стаўшыся напраўду сацыяльнаю праблемай — нават для Англіі, дзе опіюм у форме ляўдануму ўжываўся й сацыяльна зьнядоленымі клясамі. Яго давалі дзецям, каб яны засыналі й бацькі маглі пайсьці працаваць. Але невялікая распаўсюджанасьць опіюму зьвязаная галоўным чынам з пранікненьнем на чорны рынак двух асноўных яго вытворных — марфіну ды гераіну. Опіюм становiць сабою складаную сумесь, якую здабываюць, надразаючы семявыя каробачкі недасьпелага белага маку. Засталыя часткі расьліны не зьмяшчаюць у сабе аніякага псыхаактыўнага рэчыва. Каб ужыць опіюм, яго трэба перапрацаваць у chandoo, то бок рафінаваць. Найчасьцей опіюм паляць: ён мае кшталт маленькіх кулек, якія налыгваюцца на голку й награюцца. Пасьля кулька зьмяшчаецца ў галоўку люлькі. Опіюм існуе таксама ў форме парашку. 3.2 Марфін На пачатку X I X ст., у 1806 г., Сэген атрымаў у ізаляваным выглядзе галоўны алькалёід опіюму, якому даў імя марфін, у гонар Марфэя, грэцкага бога сну. Сэген не апублікаваў сваіх досьледаў, таму адкрыцьцё было афіцыйна прыпісана немцу, Фрыдрыху Зэрдтурнэру. Вынаходніцтва шпрыцу на той момант дазваляла ўжываць марфін шляхам ін’екцыі. Гэтае рэчыва напачатку выкарыстоўвалася ў мэдыцыне празь яго болесуцяшальнае дзеяньне; пад час вайны 1870 году яно ў вялікай колькасьці прапiсвалася нямецкімі й францускімі дактарамі, якія ня ведалі добра наступстваў яго ўжываньня, — і ў салдатаў разьвівалася марфінічная таксыкаманія. Пасьля спажываньне марфіну, ведамае пад імем марфінізм, разьвівалася галоўна ў „мірным“ асяродзьдзі й чынiла сваё загубнае ўзьдзеяньне да пачатку нашага стагодзьдзя. Марфіну аддавалі перавагу перад опіюмам, бо ён дзейнічаў хутчэй. Потым марфін зьведаў пэрыяд заняпаду, а пасьля зьявілася новае опіюмнае вытворнае — гераін. Марфін здабываецца зь неапрацаванага опіюму й выступае яго галоўным алькалёідам; працэнтавае ўтрыманьне марфіну бывае розным — ад 3 да 10%, у залежнасьці ад месца вырастаньня маку. Найчасьцей марфін мае кшталт парашку, радзей сустракаецца ў таблетках. Звычайна ён уводзіцца нутрывенна, але некаторыя спажыўцы яго паляць. 3.3 Гераін Дрэзэ ў XIX стагодзьдзі атрымлівае ў чыстым выглядзе дыацэтылмарфін, то бок гераін. На ягоную думку, гэты заменьнiк марфіну — „адзінае, што можа хутка вылечыць марфіністаў“. Напачатку гераін быў сустрэты з пэўным энтузіязмам, ды вельмі хутка высьветлілася, што наркотык гэты мае яшчэ мацнейшае, яшчэ даўжэйшае за марфін дзеяньне й што ён выклікае яшчэ большую „жарсьць“ да сябе. Нягледзячы на ўсё, ён карыстаецца такім самым посьпехам, што й марфін; у хуткім часе тавар трапляе на чорны рынак, незаконны гандаль пашыраецца, што вядзе да стварэньня спэцыялізаваных лябараторыяў на перапрацаваньне марфінавай асновы (назва, дадзеная неапрацаванаму прадукту) у гераін. Гераін сягае да Міжземнамор’я — рэгіёну, які дагэтуль ня быў крануты спажываньнем марфіну. Нелегальныя гандлёўцы рэдка прапаноўваюць яго ў чыстым выглядзе; найчасьцей ён зьмяшаны зь іншымі прадуктамі — такімі, як кафэін, стрыхнін, хінін альбо ляктоза; гэтая сумесь толькі павялічвае небясьпеку. Калі ўжываньне гераіну набыло масавы маштаб, Сусьветная арганізацыя аховы здароўя прапанавала выключыць яго з фармакапэі. Бальшыня эўрапейскіх краінаў падтрымала гэтую прапанову, за выняткам Вялікабрытаніі, якая намагалася прыпыніць правамоцнасьць такога прадпісаньня. Калі раней гераін цягам гадоў заставаўся наркотыкам для нешматлікіх „пасьвечаных“ з мэдычных, інтэлектуальных ды мастацкiх колаў, то сёньня ён стаўся адным з тых наркатычных сродкаў, што карыстаюцца найбольшым попытам і найчасьцей ужываюцца ва ўсіх групах насельніцтва. Гераін сустракаецца ў форме белага парашку (cheval), які могуць нюхаць (sniff), але часьцей уводзяць нутрывенна (shoot), каб атрымаць мацнейшыя адчуваньні (flash). 3.4 Дзеяньне апіятаў Хаця дзеяньне апіятаў у асноўным аналягічнае, варта зазначыць, што:
На фізiялягічным роўні апіяты чыняць узьдзеяньне на:
Хранічнае атручваньне гераінам і марфінам выклікае розныя парушэньні, асноўныя зь якіх:
Вострае атручваньне, ці перадоза, выклікае сьмерць ад кровазьліцьця ў падкоркавыя цэнтры галаўнога мозгу й прыгнечанасьці дыханьня (кома). Бываюць і іншыя саматычныя захворваньні, што беспасярэдне не зьвязаныя з гераінам, але зь невыкананьнем правілаў гігіены пад час ін’екцыяў. Асноўныя зь іх:
На псыхалягічным роўні апіяты прыносяць адчуваньне асалоды, занураюць у стан эўфарыі. Дзеяньне гераіну, званае flash, — гэта яскравае й моцнае фізычнае й псыхічнае адчуваньне. Клёд Алівэнстэн азначыў яго як „агульны аргазм, пасьля якога аргазм сэксуальны здаецца драбязою“. Гэтае магутнае адчуваньне можа быць зьніжанае асаблівага гатунку ін’екцыяй, так званай „шуфлядай“: напачатку кроў усмоктваюць у шпрыц з наркотыкам, а пасьля паволi націскаюць на поршань. За станам „flash’у“ ідзе так званая „плянэта“, калі суб’екту здаецца, што ён занураецца ў сьвет без праблемаў. Але пасьля гэтага прыемнага эфэкту адчуваньні паступова, але досыць хутка сьціраюцца. І наркаман павялічвае дозы, каб зноўку перажыць гэтае адчуваньне насалоды. Такім чынам ён трапляе ў пастку абстынэнцыі, то бок змушаны працягваць спажываньне наркатычнага сродку, каб унікнуць саматычных і псыхічных зьяваў, што наступаюць, калі спыняеш прыманьне наркотыку. Фізычныя сымптомы зьявы абстынэнцыі:
У псыхалягічным пляне суб’ект жыве ў стане хваляваньня й трывогі. Ён шукае наркотыку, ужо не для здабыцьця прыемных адчуваньняў, а адно каб паменшыць свае пакуты. Працяглае ўжываньне гераіну, а таксама й іншых апіятаў, выклікае тое, што праф. Дэнікер называе „сындромам дэфіцыту“. Ён праяўляецца ў наступнай форме:
Да апісаньня праф. Дэнікера мы дадамо, што звычайна сфэры цікавасьці гераінамана патроху звужаюцца. Пошук наркотыкаў ды грошай на іх купляньне стаецца той дзейнасьцю, якая ў хуткім часе ўжо не пакідае шмат месца для іншых зацікаўленьняў. Вось жа, наркаманы апынаюцца ў групах, звычайна няўстойлівых, з агульным „клопатам“ і больш–менш абгрунтаванаю думкай, што „іншыя“ іх не разумелі. Ці існуе талерантнасьць да апіятаў ды залежнасьць ад іх? Талерантнасьць моцная й хуткая для ўсіх апіятаў. Талерантнасьць гэтая розьніцца ў залежнасьці ад якасьці прадукту, таго, наколькі часта ён ужываецца, і індывідуальных рэакцыяў. Марфін і асабліва гераін выклікаюць фізычную залежнасьць, якая разьвіваецца досыць хутка. Псыхічная залежнасьць таксама моцная. Гэтымі двума чыньнікамі абумоўлена тое, што спыненьне спажываньня апіятаў праходзiць цяжка й пакутліва.
4. Какаін і крэк4.1 Кока й какаін Кока без сумневаў ужо некалькі тысячагодзьдзяў ужываецца ў Андах. Індзейцы Кардыльераў традыцыйна жавалі лісьце кокі, што ў вялікай колькасьці расьце ў Паўднёвай Амэрыцы, каб вытрымліваць холад і нястачу кіслароду ў высакагор’і. У сярэдзіне XVI стагодзьдзя, калі яе спажываньне было вельмі распаўсюджана, а культура квітнела, гішпанскае сьвятарства, зыходзячы з палітычных і грамадзкіх прычынаў, паспрабавала забараніць ужываньне кокі: царква выступіла супраць уладальнікаў палёў ды плянтацыяў, якія, прынукаючы сваіх працаўнікоў да гранічна цяжкой працы, расплачваліся зь імі лісьцем кокі, каб тыя лепш пераносілі стому й голад і прыносілі большы прыбытак. Гэтая спроба не прынесла плёну. Па некаторым часе дзяржаўнай манаполіі выраб кокі пры канцы XVII ст. перайшоў у рукі прыватных прадпрыемстваў. У нашыя дні гэты наркотык працягвае граць вялікую сацыяльна–эканамічную ролю ў краінах Паўднёвай Амэрыкі, што знаёмыя з праблемай галечы й недаяданьня, бо, як мы бачылі, жаваньне лісьця кокі ўзбуджае й памяншае пачуцьцё голаду. Але яе даўгачаснае спажываньне выклікае нэрвовыя й стрававальныя разладжаньнi. Какаін напачатку ўжываўся як тэрапэўтычны сродак для мясцовага зьнябольваньня, і першыя таксыкаманы зьявіліся ў мэдычным асяродзьдзі. Па–сапраўднаму ён трапіў у Францыю, Англію й Бэльгію адно на пачатку XX ст. і карыстаўся такім самым вялікім посьпехам, што й марфін. Простасьць ужываньня наркотыку, прызначанага для ўдыханьня цераз нос, робіць яго даступнейшым за тыя сродкі, што патрабавалі люлькі альбо шпрыцу. Закон 1916 году пра наркотыкі не абмяжоўвае яго спажываньня: прыйсьце на чорны рынак гераіну адсоўвае какаін на другі плян. Беручы пад увагу некаторыя эфэкты дзеяньня какаіну, яго адэптамі стаюцца пісьменьнікі, палітыкі ды навукоўцы; нават Фройд быў яго спажыўцом, заяўляючы: „Я прымаю яго ў вельмі слабых дозах, каб змагацца з дэпрэсіяй і дрэнным страваваньнем“. Тым ня менш, пасьля ўсіх хваласьпеваў какаіну, Фройд адмовіўся ад яго й апавёў пра свой наркатычны досьвед у творы, які атрымаў назву „Пра какаін“. Сёньня какаін ужываецца ў Францыі досыць абмежавана. Здабываньне какаіну вымагае веды шэрагу асаблівасьцяў, зьвязаных зь яго продажам, бо, у адрозьненьне ад таго, што адбываецца дзе–нідзе ў Амэрыцы, у Францыі гэты прадукт цяжка купіць на вуліцы „з–пад крыса“. Какаін — гэта алькалёід, выцягнены зь лісьця кокі. У чыстым выглядзе ён быў атрыманы ў 1857 годзе італьянцам Рызі. Лісьце кокі вымочваецца ў сернай кісьліні й палошчацца ў газе, у выніку чаго атрымоўваецца „базавая маса“. Гэтая маса ачышчаецца ў хлёргідраце, што надае какаіну крышталічны кшталт. Какаін найчасьцей становiць сабою белы парашок (так званы „сьнег“). Ён можа ўводзіцца шляхам ін’екцыі, але часьцей удыхаецца. Некаторыя, асабліва ў Паўднёвай Амэрыцы, паляць яго — называючы „базукай“. Як і ў выпадку з усімі іншымі наркатычнымі сродкамі, дзеяньне какаіну розьніцца ў залежнасьці ад прынятай дозы й індывідуальных рэакцыяў суб’екта. Фізiялягічныя рэакцыі вельмі блізкія да рэакцыяў на амфэтаміны. У павышанай дозе какаін можа выклікаць наступныя ўзьдзеяньні:
Даўгачасная інтаксыкацыя выклікае шматлікія парушэньні, такія як:
На псыхалягічным роўні прыманьне какаіну выклікае пачуцьцё насалоды, лёгкасьці ды эўфарыі. Пры моцнай дозе наркотыку гэты эфэкт можа суправаджацца парушэньнямі ўспрыманьня ды галюцынаторнымі забурэньнямі. Усяго праз гадзіну гэтае адчуваньне насалоды саступае месца гранічнай стоме, за якой можа наступіць фаза прыгнечанасьці. Вось чаму даўгачаснае ўжываньне какаіну вядзе да разладжаньняў, якія тычацца як нэўралёгіі, так і псыхіятрыі. Назіраецца зьяўленьне:
Ці існуе залежнасьць ад какаіну? Какаін не спараджае, калі можна так выразіцца, фізычнай залежнасьці. Затое на першы плян выходзіць псыхалягічная залежнасьць із значным падвышэньнем дозаў. 4.2 Крэк Гэты прадукт даволi нядаўна зьявіўся на чорным рынку, але яго дзеяньне небясьпечнейшае за дзеяньне какаіну. Ён быў атрыманы наступным чынам: спачатку да сульфату какаіну дадалі пітной соды й вады, з чаго пасьля атрымалі экстракт за дапамогаю рашчыньнікаў; вось жа, крэк мае кшталт каменя, разьбітага на маленькія кавалачкі, якія паляцца ў люльцы альбо праз пасудзіну, што выконвае яе ролю. Крэк значна меней чысты, чым какаін, але яго кошт трохі вышэйшы, таму што яго лягчэй спажываць, пагатоў вырабляецца ён найчасьцей саматугам. У фізiялягічным пляне прыманьне ў сярэдзіну альбо ўдыханьне крэку пагражае эмфiзэмаю лёгкіх, сэрцавай прыпадзьдзю, спазмамі. Крэк за пару сэкундаў пераадольвае гемата–мэнінгіяльны бар’ер, і яго псыхалягічнае дзеяньне вельмі хуткае. Суб’ект знаходзіцца ў стане эўфарыі, але адчуваньне гэтае нядоўгае й сьціраецца прыблізна праз 10 хвілінаў. Ён змушаны павялічыць дозу, паўторна прыняўшы наркотык. Частае ўжываньне крэку выклікае агрэсіўнасьць і лютасьць альбо глыбокую прыгнечанасьць й думкі пра самагубства.
Ці існуе залежнасьць ад крэку? Фізычная залежнасьць ня вельмі моцная, у той час як залежнасьць псыхічная разьвіваецца досыць хутка, асабліва ў політаксыкаманаў.
5. Лекавыя прэпараты5.1 Амфэтаміны Амфэтаміны маюць расьліннае паходжаньне: эфэдра выкарыстоўвалася задоўга да нашай эры, асабліва ў Кітаі. Яе галоўны алькалёід, эфэдрын, быў атрыманы ў чыстым выглядзе ў 1887 годзе двума японскімі навукоўцамі. Пазьней, у 1930–х гадох у ЗША быў сынтэзаваны бэнзэдрын. Такім чынам, існуе шмат разнавіднасьцяў, сярод якіх найбольш знаныя амфэтамін, дэкстра–амфэтамін ды мэтамфэтамін. Гэта аміны псыхатанічнага тыпу, якія звычайна выклікаюць узбуджэньне ды актывізацыю цэнтральнай нэрвовай сыстэмы. Амфэтаміны могуць мець розны кшталт: кшталт таблетак, капсулаў, ампулаў для нутрывенных і нутрымускульных ін’екцыяў. На чорным рынку яны найчасьцей сустракаюцца ў выглядзе парашку, званага „крышталь“. На фізiялягічным роўні, пры спажываньні амфэтамінаў у абмежаваных дозах, назіраецца ўзьдзеяньне на:
У вялікіх дозах амфэтаміны могуць выклікаць прыпадзi гіпэртаніі з рызыкаю нутраных крывацёкаў ды спазмаў. На псыхалягічным роўні дзеяньне залежыць ад канкрэтнага спажыўца, але ва ўсіх назіраецца павышаная энэргія, лёгкая эўфарыя ды прага дзейнасьці. Пасьля гэтай фазы ўзбуджэньня звычайна наступае другі, дэпрэсіўны этап, на якім суб’ект змушаны прыняць новую дозу. Эфэкт бессані можа таксама прывесьці да таго, што спажывец амфэтамінаў прымацьме моцныя насонныя з рызыкаю стацца політаксыкаманам. Даўгачаснае ўжываньне амфэтамінаў спараджае забурэньнi на псыхічным роўні, то бок у іх спажыўца могуць назірацца парушэньні накшталт раздражняльнасьці, павышанай актыўнасьці без рэальнага плёну, стурбаванасьці альбо, у скрайніх выпадках, скажэньняў успрыманьня ды галюцынацыяў з паранаідальным эфэктам (маніяй перасьледу). Учынкі й развагі стаюцца непасьлядоўнымі ды бязладнымі. Часам дамінуюць агрэсіўнасьць ды антыграмадзкія рэакцыі. Ці існуюць залежнасьць ад амфэтамінаў ды талерантнасьць да іх? Ступень талерантнасьцi залежыць ад канкрэтнага спажыўца. Тэндэнцыя да павышэньня дозы зьвязаная з тым, да якога эфэкту ён імкнецца. Абмежаванае ўжываньне амфэтамінаў, відавочна, не выклікае рэальнай фізычнай залежнасьці. Псыхічная залежнасьць мацнейшая й пад час „ламацьця“ выяўляе стан прыгнечанасьці з пачуцьцямі бескарыснасьці, няплённасьці да нязмогі. 5.2 Барбітураты Барбітураты — гэта вынік сынтэзу мачавіны й малёнавае кісьліны, які ажыцьцявілі ў 1903 годзе, — вытворныя малянілмачавіны (альбо барбітуравай кісьліны). Яны выступаюць асноваю цэлага шэрагу прадуктаў, сярод якіх можна назваць вэранал, амабарбітал, гардэнал, сэкабарбітал ды інш. Звычайна адрозьніваюць барбітураты запаволенага дзеяньня, што ўжываюцца пры лекаваньні эпілепсіі, і барбітураты хуткага дзеяньня, якія выкарыстоўваліся як насонныя да зьяўленьня новых небарбітуравых злучэньняў. Барбітураты маюць розную форму — форму таблетак, капсулаў, парашку, сьвечак, рашчыны для ін’екцыяў. На фізiялягічным роўні рэакцыі на барбітураты праяўляюцца ў:
Атручваньне барбітуратамі альбо іх даўгачаснае ўжываньне можа весьці да:
Хранічныя ж атручваньні выклікаюць цяжкія забурэньнi, а вялікія дозы могуць справакаваць кому ізь сьмяротным вынікам. На псыхалягічным роўні барбітураты прыносяць запавольваньне рэакцыяў ды санлівасьць. Часам іх дзеяньне, наадварот, можа выклікаць узбуджэньне, праявы якога нагадваюць алькагольнае ап’яненьне; гэтага эфэкту звычайна й дамагаюцца барбітаманы. Але даўгачаснае ўжываньне барбітуратаў выклікае значныя зьмены ў паводзінах ды псыхічнай дзейнасьці. Вось жа, могуць назірацца:
Ці існуюць талерантнасьць да барбітуратаў ды залежнасьць ад іх? Ступень талерантнасьці залежыць ад дозы, частасьці ўжываньня барбітуратаў ды індывідуальных чыньнікаў. Пагоня за жаданым наркатычным эфэктам можа сфармаваць псыхічную залежнасьць, пры якой заклапочаны ды стурбаваны барбітаман, каб лепш пачувацца, мецьме патрэбу чарговай дозы. Фізычная залежнасьць ад барбітуратаў таксама існуе. Пад час „ламацьця“ могуць зьяўляцца сымптомы, аналягічныя тым, што мы назіралі ў выпадку з апіятамі: трымценьне, чэраўныя сутаргі, мускульныя спазмы, млосьць ды ванітаваньне й асабліва канвульсіі, нават праўдзівыя прыпадзi эпілепсіі, якія вымагаюць прафіляктычнага лекаваньня. Мы яшчэ вернемся да гэтых лекавых прэпаратаў, калі зьвернемся да праблемаў сёньняшняй таксыкаманіі. 5.3 Транквілізатары Шэраг хімічных клясаў складае вялікую групу транквілізатараў. Бэнзадыязэпіны, сярод якіх „вядзе рэй“ дыязэпам, найбольш шматлікія й найчасьцей ужываныя. Хаця гэтыя лекавыя прэпараты павінны прадавацца выняткава на мэдычныя рэцэпты, якія абмяжоўваюць доступ да іх, Францыя застаецца адным з найактыўнейшых у сьвеце спажыўцоў гэтых злучэньняў. Як тэрапэўтычны сродак яны пакліканыя памяншаць трывогу ды стурбаванасьць. Некаторыя зь іх — добрыя болесуцяшальныя, нават гіпнатычныя прэпараты. Яны могуць выклікаць праўдзівае прызвычайваньне; паміж рознымі сродкамі сустракаюцца й тыя, што выклікаюць талерантнасьць з тэндэнцыяй да павышэньня дозы, бо наркаман, натуральна, хоча зноў перажыць першапачатковы гіпнатычны эфэкт. Рэзкае спыненьне пасьля працяглага іх прыманьня можа прывесьці да праўдзівага стану абстынэнцыі з трымценьнем, пачуваньнем няўтульнасьці, нэрвовасьцю, псыхаматорнай узбуджанасьцю й нават галюцынаторным станам, які вымагае стацыянарнага лекаваньня.
6. РашчыньнікіДа гэтай групы належаць розныя прадукты, звычайна лёгка даступныя праз сваю распаўсюджанасьць у прамысловасьці ды хатняй гаспадарцы. Сярод тых, што найчасьцей сустракаюцца, назавем клеі, плямавыводнікі, лакі, вытворнiкi нафты. Найбольш дзейсныя з гэтых рэчываў — гэта між іншага ацэтон, трыхлёрэтылен, тэтрахлёрысты вуглярод, хляраформа, этэр. Даступнасьць ды невялікая цана рашчыньнікаў вядуць да таго, што галоўнымі іх спажыўцамі стаюцца падлеткі; гэта прымусіла ўлады ўстанавіць некаторыя абмежаваньні на іх продаж (прыкладам, памяшчэньне этэру ў сьпіс „С“, што вымагае рэцэпту для яго купляньня). Спажыўцы рашчыньнікаў п’юць некаторыя зь іх (такія, як этэр), але звычайна іх удыхаюць, каб атрымаць хутчэйшы й мацнейшы эфэкт. Таксыкаман зьмяшчае прадукт у поліэтыленавым пакеце й дыхае ягонымі выпарэньнямі альбо насычае ім анучу, якую пасьля кладзе сабе на твар. Дзеяньне рашчыньнікаў залежыць ад колькасьці прадукту й спосабу яго спажываньня. Некаторыя зь іх, ужываныя ў мэдыцыне, сталіся прадметам пэўных дасьледаваньняў, паводле якіх мы можам вызначыць некалькі агульных якасьцяў усіх рашчыньнікаў. Хуткія рэакцыі на вострае атручваньне падобныя да тых, што зьвязаныя із спажываньнем алькаголю ці барбітуратаў. У абмежаваных дозах назіраецца ўзбуджэньне альбо ап’яненьне, часам з адчуваньнем „лунаньня ў паветры“. У некаторых выпадках назіраюцца разладжаньнi ўспрыманьня, млосьць ды ванітаваньне. Калі інтаксыкацыя працягваецца, узбуджэньне саступае месца супакаеньню ды паніжэньню актыўнасьці, што паступова выклікае санлівасьць, запавольваньне частасьцi дыханьня й вядзе да страты прытомнасьці. У гэтым выпадку магчымая сьмерць ад удушша. Даўгачаснае ўжываньне рашчыньнікаў выклікае як фізычныя (хваробы нырак, печаняў, страўніка, кішак, лёгкіх і асабліва мозгу, што зьвязана з распадзеньнем тлушчаў), так і псыхічныя забурэньнi (раздражняльнасьць, бессань, трывожна–дэпрэсiўны сындром, запавольваньне псыхаматорных працэсаў, галюцынаторнае памяшаньне). Ці існуюць талерантнасьць да рашчыньнікаў ды залежнасьць ад іх? Пры рэгулярным спажываньні талерантнасьць досыць выяўленая; назіраецца тэндэнцыя да павелічэньня дозаў ды скарачэньня часавых інтэрвалаў паміж імі. Фізычная залежнасьць, відавочна, існуе, але дагэтуль ёсьць прадметам дыскусіяў; яна выклікае чэраўныя болі й мускульныя сутаргі пад час абстынэнцыі. Назіраецца й псыхічная залежнасьць, якая, бясспрэчна, мацнейшая пры даўгачасным спажываньні наркотыку. Аднак шмат дзяцей спыняецца на стадыі „пробаў“, не стаючыся хранічнымі таксыкаманамі. Асабліва часта рашчыньнікі ўжываюцца падлеткамі (12—13 гадоў) з найбяднейшых слаёў жыхарства, бо гэтыя сродкі можна лёгка, а галоўнае, танна купіць (нягледзячы на вышэйзгаданыя спробы абмежаваць іх продаж). Чым ёсьць сродак, званы „poppers“? Гэты прадукт стаіць трохі асобна, бо, у адрозьненьне ад іншых рашчыньнікаў, ён спажываецца дарослымі. „Рoppers“ становяць сабой ампулу, што зьмяшчае амілнітрыт, вельмі ляткое рэчыва; разламаўшы ампулу, яго ўдыхаюць беспасярэдне ці карыстаюцца насычанаю прадуктам анучай альбо поліэтыленавым пакетам. Дзеяньне наступае хутка й мае кшталт сэксуальнага ўзрушэньня ды ўзрушэньня сэрцавай дзейнасьці. Працяглае ўжываньне „рoppers“ выклікае павелічэньне чырвоных крывяных целцаў, раздражненьне лёгкіх ды скуры, сэрцавыя захворваньні. З 1990 году гэты наркатычны сродак у Францыі забаронены.
7. АлькагольНапачатку трэба правесьці мяжу паміж вінамі ды півам з аднаго боку й моцнымі сьпіртнымі напоямі з другога. Калі алькаголь ёсьць часткаю штодзённага жыцьця многіх людзей, дык ня ўсе яго спажыўцы — алькаголікі. Але алькагалізм — вельмі істотная праблема здароўя нацыі й адна з найасноўнейшых прычынаў сьмяротнасьці. Калі спыняцца на гэтым пытаньні, то сучасныя дасьледаваньні сьведчаць, што моладзевы алькагалізм апошнія дзесяць гадоў несумнеўна расьце ў антыграмадзкім ды політаксыманічным кантэксьце (ужываюцца галоўна піва зь лекавымі прэпаратамі). Як і ўсе раней называныя прадукты, алькаголь можа весьці да фізычнае ды псыхічнае залежнасьці, зьвязанай ізь зьяваю моцнае талерантнасьці. Надмернае ўжываньне алькагольных напояў выклікае добра ведамы стан ап’яненьня, формы якога розьняцца ў залежнасьці ад асобы спажыўца: эўфарыя, весялосьць, глыбокі смутак, агрэсіўнасьць ды лютасьць. Талерантнасьць вядзе да таго, што пад час хранічнага ўжываньня сьпіртнога стан ап’яненьня дасягаецца ўсё цяжэй і вымагае істотнага павышэньня алькагольнай дозы. Звычайна адрозьнiваюць хранічны алькагалізм у розных яго формах (ад „горкага прапойчыка“ да „сьвецкага“ алькаголіка), калі стан ап’яненьня стала падтрымліваецца, і спарадычныя запоі (больш–менш кароткія эпізоды ад некалькіх гадзiнаў да некалькіх дзён, калі суб’ект выпівае найбольшую магчымую колькасьць сьпіртнога за найменшы час, каб дапяць стану ап’яненьня). Рэзкае спыненьне спажываньня алькаголю можа выклікаць у хранічнага алькаголіка сур’ёзныя разладжаньнi (delirium tremens з галюцынацыямі ў выглядзе агідных ды вусьцішных жывёлінаў), што вымагае зьмяшчэньня ў лякарні ды мэдычнага дагляду. Хранічнае злоўжываньне алькаголем вядзе да цяжкіх фізычных забурэньняў:
8. ТытуньТытунь паходзіць з Амэрыкі й зьяўляецца ў Эўропе ў XVI стагодзьдзі; дыплямат Жан Ніко, амбасадар у Партугаліі, завозіць яго ў Францыю. Напачатку тытунь прылічаны да лекаў як эфэктыўны сродак супраць млосьці ды верадаў… Імпэратар Напалеон устанаўляе на яго манаполію, і менавіта тады гандаль тытунём пашыраецца й стаецца прыбытковым. Пачынаючы з адкрыцьця першай фабрыкі для вырабу цыгарэтаў спажываньне тытуню ў Францыі няспынна расьце. У 1925 годзе ўдзельная вага цыгарэтаў у спажываньні тытуню раўналася 20%, каб у 1989 годзе сягнуць да 93%. Доўгi час тытунь быў часткаю грамадзкага жыцьця; рэкляма, кіно, літаратура й нават мультыплікацыйныя стужкі („Лёсік Люк“) атаесамлялі цыгарэты й мужнасьць. Дзякуючы працам, дзе даводзілася шкоднасьць нікатыну, галоўнага алькалёіду тытуню, у розных краінах былі прынятыя законы, скіраваныя на абмежаваньне ўжываньня тытуню. Разам з тым ужо больш за дзесяць гадоў назіраецца зьяўленьне лёгкіх ды звышлёгкіх цыгарэтаў, якія занялі значнае месца на рынку, тым часам як раней іх практычна не існавала. Выклікае трывогу той факт, што паленьне тычыцца ня толькі дарослых, але й падлеткаў, у якіх ужываньне тытуню, мяркуючы з ўсяго, амаль не памяншаецца, тады як сярод дарослага мужчынскага насельніцтва спажываньне тытуню, здаецца, паніжаецца. Тытуню ўласьцівыя болепатольнае ды заспакаяльнае дзеяньне, на кароткі час ён памяншае трывогу празь вяртаньне да „аральнай стадыі“ (паводле фройдаўскай тэрміналёгіі), пра якую нагадваюць люлька альбо цыгарэта. На пэўны час ён можа паменшыць адчуваньне паражнечы. Надмернае й даўгачаснае ўжываньне тытуню выклікае забурэньнi дыхальнай (хранічны бранхіт) ды судзіннай сыстэмы, існуе таксама небясьпека як раку лёгкіх, так і раку гартані, глоткі ды ротавай поласьці. Ці існуюць талерантнасьць да тытуню ды залежнасьць ад яго? Калі нельга гаварыць беспасярэдне пра талерантнасьць (кожны паленьнiк, за рэдкім выняткам, спажывае фіксаваную колькасьць цыгарэтаў), то фізычная й асабліва псыхічная залежнасьць моцныя.
9. Эвалюцыя спажываньня наркотыкаў у ХХ ст.Наркотыкі, калі яны дазволеныя законам, могуць стацца складовай часткаю чалавечага жыцьця. Яны могуць, прыкладам, быць ужытыя для таго, каб супакоіць голад альбо зьняць стому, такім чынам дапамагаючы людзём пераносіць суворыя варункі іхнага жыцьця, як гэта адбываецца ў Паўднёвай Амэрыцы з кокаю. Наркотыкі могуць таксама трапіць у культурны кантэкст, закараніўшыся ў рэлігійнай практыцы й стаўшыся неабходным складнікам сакральных рытуалаў, як гэта назіраецца ў Мэксыцы з галюцынагеннымі грыбамі. Тое, што характарызуе абедзьве згаданыя вышэй традыцыі іх ужываньня, гэта гранічная кадыфікаванасьць ды абумоўленасьць гэтых традыцыяў: ці то рэлігійнымі прынцыпамі, ці то сацыяльнымі нормамі. Зусім па–іншаму было ў Эўропе, дзе марфін ды какаін зьявіліся дзякуючы перанятым на Далёкім Усходзе звычкам ды мэдычным рэцэптам, што выпісваліся для параненых пад час I сусьветнай вайны. Напачатку спажываньне наркотыкаў тычылася толькі меншынi, а масава спажывалі наркотыкі толькі ў мэдычных ды мастацкіх колах. Таго часу наркотыкі вабілі спажыўцоў тым ці іншым аспэктам свайго дзеяньня, не пашыраючы сфэры ўплыву, адно захоўваючы прыхільнікаў у „сваім“ сацыяльным асяродзьдзі. Для адных наркотыкі былі сродкам, прыдатным у мастацкай творчасьці альбо самасузіраньні; для іншых яны станавiлi сабой самамэту, дапамагаючы знайсьці задавальненьне альбо ўнікнуць болю. Гэтыя нешматлікія таксыкаманы звычайна досыць позна пачыналі прымаць наркотыкі й досыць рэдка ставаліся ахвярамі саматычных ды псыхіятрычных захворваньняў. Толькі пачынаючы з 1960–х гг. наркотыкі па–сапраўднаму апаноўваюць заходнія краіны, прымаючы новае аблічча.
9.1 1960–я гады й рух „гіпі“Гістарычна пашырэньне ўжываньня наркотыкаў зьвязана з рухам „гіпі“. Наркатычныя сродкі, асабліва ЛСД, распаўсюджваюцца ў 1961 годзе сярод студэнтаў Гарвардзкага ўнівэрсытэту на чале з Тыматы Ліры. У прысьвечаных чалавечай асобе дасьледаваньнях, да якіх ён далучаў сваіх студэнтаў, гэты доктар псыхалёгіі выкарыстоўваў розныя галюцынагены. Патроху ён стаў надаваць ужываньню наркотыкаў містычны сэнс, даводзячы, што галюцынагены дазваляюць пашырыць межы чалавечага мысьленьня й дасягнуць стану духоўнай гармоніі. Гэтыя пэрспэктывы прыводзяць да Ліры шматлікіх прыхільнікаў. Ён выдае шмат часопісаў, у прыватнасьці „Псыхадэлічны часопіс“, стварае розныя рухі, такія як IFIF (Міжнародная фэдэрацыя міжнароднага вызваленьня), у нетрах якой паміж 1964 і 1966 гг. нараджаюцца першыя гіпі, што вызначаюцца сваёй манераю апранацца, упрыгожваючы сябе краскамі ды пацеркамі. Назва, абраная рухам, паходзіць з амэрыканскага арго, ад слова „hipster“, што азначае „пачынальнік“. У 1966 годзе ў Голдэн–Парку ў Сан–Францыска адбываецца першае love in (то бок яднаньне ў каханьні), якое зьберла каля 28000 моладзi. Рух няспынна разьвіваецца й налічвае ў 1967 г. 350000 прыхільнікаў, а ў наступным годзе ўжо значна перавышае мільён. Але ўвадначас ідзе заўзятая барацьба супраць галюцынагенаў ды шмат гаворыцца пра небясьпеку іх спажываньня, што памяншае аўтарытэт Ліры й вядзе да расколу руху. У кастрычніку 1967 г. рух афіцыйна распадаецца: некаторыя гіпі прыходзяць да гвалту, задзiночваючыся ў арганізаваныя групы, прыкладам, YIP (Youth International Party); іншыя, прыхільнікі ня–гвалту, для якіх рух па–ранейшаму жыве, наадварот, спрабуюць з большаю дакладнасьцю вызначыць мірную філязофію гіпі. Каб лепш зразумець гэтую філязофію, трэба прыгадаць час, калі фармаваўся рух. Ён быў адзначаны адначасна крызысам амэрыканскага вобразу жыцьця (american way of life) ды працяглай вайной Злучаных Штатаў у Вiетнаме. Філязофія гіпі ўсталёўвалася ў варунках гэтага падвойнага крызысу, адрынаючы „грамадзтва спажываньня“ ды матэрыяльнае адчужэньне. Абіраючы вяртаньне да прыроды й ня–гвалт, яна ўскладала надзеі на чалавека, на прыроду й на Бога. Наркотыкі ж адкрывалі пэрспэктывы пошукаў шчасьця, лепшага сьвету й паўнейшага разуменьня сябе ды іншых. Гіпі ўжывалі каноплі й галюцынагены, якія па–за сваім асноўным дзеяньнем увадначас гралі ролю грамадзкай повязі ўнутры групы, паляпшаючы настрой ды заміраючы людзей міжсобку, а таксама былі выражэньнем бунту супраць існага грамадзтва. Цягам наступных гадоў ужываньне наркотыкаў паступова трацiць свой містычны характар, каб саступіць месца „юначай таксыкаманіі“, якую прадстаўлялі „джанкі“.
9.2 „Джанкі“„Джанкі“ (junk у ангельскім арго азначае „брыдота“) — гэта, так бы мовіць, „гіпі, які страціў надзею“ і праз роспач прыйшоў да атрутнейшых наркотыкаў. Згубіўшы веру ў будучыню, маладзён бачыць у наркотыках адзіную магчымасьць жыць на такім пляне існаваньня, дзе час ужо нічога ня значыць. Джанкі адмаўляецца ад вытворнiкаў канапель і зьвяртаецца да іншых хімічных сродкаў, такіх як апіяты, амфэтаміны, барбітураты і г.д., якія ён прымае найчасьцей па чарзе, а калі–нікалі й разам, часам у вялікіх дозах, ці то радыкалізуючы свой наркатычны досьвед, ці то памяншаючы пабочныя эфэкты раней прынятага прэпарату. З гэтае пары наркатычныя сродкі заўсёды ўжываюцца нутрывенным шляхам (shoot). Фармуецца новае стаўленьне да наркотыкаў. Калі для гіпі яны былі адно сродкам, дык для джанкі стаюцца самамэтаю — пошукам асалоды з дапамогаю flash’у, які паўтараецца бясконца. Аднак асалода цягнецца толькі момант, саступае месца „ламацьцю“, i наркатычныя ін’екцыі не выступаюць больш крыніцаю асалоды, а толькі сродкам унікнуць пакутаў абстынэнцыі. Круг замыкаецца, i джанкі, разарваўшы ўсе повязі з грамадзтвам, асуджаны жыць адно ў залежнасьці ад наркатычных сродкаў, стаючыся, паводле вызначэньня Ў.Бароў, „чалавекам, зьнявечаным абсалютнай патрэбаю ў наркотыках“.
Падрыхтаваў Андрэй Хадановiч
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |