запісы |
Людміла Рублеўская
|
У 1985 годзе ўвесну ўзяла на ВА “Гарызонт” адгул (ужо ня памятаю дакладна, за сумленна здадзеную кроў ці за вечары, прашпацыраваныя ў якасьці дружыньніцы па прысадах парку Марата Казея) і першы раз у жыцьці паехала ў Маскву, у Літаратурны інстытут. Хаця ехаць было зусім і не патрэбна — дакумэнты я выслала раней, а паперка–рэкамэндацыя ад літаб’яднаньня, якую я зьбіралася завезьці ў прыёмную камісію, там нікога не цікавіла. Але гэта была рытуальная паездка: мне было дзевятнаццаць гадоў. Праз два гады супруг, набыты ў згаданым інстытуце, перавёз мяне на радзіму, да менскага філфаку й “Тутэйшых”. Наступнае спатканьне з Масквою адбылося ў 1998 годзе. Я зноў–такі нечакана, без асаблівае прычыны, купіла білеты — ужо на сябе й на дачку Вераніку, і мы на адзін дзень, прычым гэта выпаў дзень утварэньня БНР, паехалі ў горад маіх успамінаў. Два дні адлегласьцю ў трынаццаць гадоў пакінулі ў маіх нататніках пункцірны партрэт Вялікага імпэрскага гораду.
|
1985 1. Масква не чысьцейшая за Менск. 2. Народу шмат. Ходзяць шпарка. Не зьдзіўляе. 3. У правілах парушаць правілы руху. 4. Народ зьлейшы. 5. Мэтро бруднейшае. 6. Вуліцы крывыя, дамы высокія. 7. Тубыльцам плюс, што захоўваюць назвы. 8. Літінстытут мой — халупа. Якіх мала. 9. Вучацца шмакадзяўкі. 10. Шмат замежнікаў. 11. Гандаль вузкаспэцыялізаваны. Усе тавары прадаюцца ў асобных памяшканьнях, разьвялі нават мяса і каўбасу. 12. Але паўсюль адна шыльда — “Прадукты”. 13. Маўзалей і Крэмль болей уражваюць на карцінках. 14. ГУМ — цікава, але фантан меншы, чым я чакала. 15. Захоўваюцца традыцыі сталіцы ў выглядзе насільшчыкаў і чысьцільшчыкаў абутку. 16. У насільшчыкаў выбітныя бляхі. 17. Няма тут нічога, чаго б не было ў нас, і няма шмат чаго, што ёсьць у нас. 18. Зьдзіўляе дурная сыстэма ў транспарце — дасюль з капейкамі важдаюцца — купляюць білеты ў кандуктараў ці ў аўтаматычных касах. 19. Але за білет коштам 4 кап. прынята кідаць 5 кап. — рэшты ж няма! 20. У двары інстытуту імя Горкага стаіць помнік Герцэну. 21. Насупраць Беларускага вакзалу стаіць помнік Горкаму. 22. У будынку, дзе сядзіць прыёмная камісія Літінстытуту, пахне плесьняй і мышамі. |
23. На Дошцы Гонару вісяць Далматоўскі, Озераў і тры бугальтары. 24. Што ў іх іначай — дык гэта ўсе бабулькі інтэлігентныя. 25. Шукаю, дзе паесьці. Напісана: кафэ. Досьвед гаворыць: кафэ — значыць забягалаўка, дзе стаяць і ядуць сасіскі. Бар — піўнуха, дзе п’юць. Зайшла. Зьняла паліто. Іду ў залю. Чырвоная сьпіральная лесьвіца ўніз. Катакомба. Віток, другі, трэці... У нос б’е моцны пах перагару. Паўцёмны інтымны кабак, абрынуты ў дым. 26. Маскалі зьвіхнуліся на замежным: “Фанта” — апэльсынавы сок з газіроўкай. 27. Цікавыя тут тэатры — Станіслаўскага, на Малой Броннай, Пушкіна — проста ў старых невялікіх будынках. 28. Цэрквы блішчаць. Але не працуюць. 29. Гэта ж галота! Па сала душацца ў чарзе! 30. Марозіва тут шмат. Рознае. Смачнае. Трэба ж нечым харчавацца. 31. Для масквічак галаўныя ўборы — гэта шапкі і хусткі. Капелюшоў ня носяць. 32. Беларускі вакзал рэстаўруюць. Лепей бы дзейнічалі ўзрыўчаткай. 33. Бачыла: “Мэрсэдэс” ля нейкай амбасады. Шык! І побач наша ўбогая чорная “Волга”. 34. Голас у мэтро ў нас больш прыемны. 35. Прачытала ў інстытуце іхныя сацабавязацельствы. Студэнты павінны адлюстроўваць у сваіх творах палітыку партыі і ўраду. А таксама пісаць пра 50–годзьдзе інстытуту. Ура! 36. Эскалятар у мэтро доўгі, доўгі, а людзі яшчэ й бягуць, хаця ён і едзе хутка. 37. Увогуле, гэта адрозьненьне масквічоў — сьпяшацца. 38. Я езьдзіла для таго, каб усьвядоміць, што ня трэ было ехаць.
|
1998 1. У Маскву цяпер езьдзяць адны бабы. Мінуў час камандзіровачных з каньяком у дыпляматах. Бабы неахайныя, стомленыя, у швэдрах, з валізамі рознай, але ўнушальнай велічыні. З таварам. 2. На ўвесь вагон адзін мужык — наш сусед. Вязе стэрылізатары. Адразу падумалася пра жывёлагадоўлю. Аказалася — для цырульняў. Прадукцыя былога ваеннага заводу. Па тым, як раскупляюць у Расіі, мяркуе пра ўзровень жыцьця. Раскупляюць блага. Усю дарогу пастаўшчык стэрылізатараў харчаваўся батонам і пачкам біякефіру. 3. Народ лае Ельцына і К° і спадзяецца, што беларускі “бацька” “паразумнее” і верне Савецкі Саюз. 4. Пралічыліся па часе. Прыбыцьцё ў Маскву — 5.49, а ў Маскве час на гадзіну пазьней. Нас пабудзілі а палове чацьвёртай ночы й па–нашаму безь дзесяці пяць мы апынуліся на халодным маскоўскім пэроне. 5. Жэтон мэтро і талёнчык на тралейбус каштуюць два рублі, схадзіць у прыбіральню — два з паловай. Гарбата — тры рублі. Тата даў нам з сабою 100 расейскіх рублёў і сказаў, што во як хопіць на дзень. 6. Масква эўрапеізуецца. У аздабленьні дакладнасьць — акуратна й прыгожа да дробязяў, да рыштаваньняў і сетак на будоўлях. 7. Там, дзе ў маім інстытуце была сталоўка, — кніжная крама. 8. Дзе была сымпатычная сасісачная — фірменны “Майскі чай”. 9. Купілі білеты ў тэатар сучаснай п’есы. Стары дом на Цьвятным бульвары. Стыль дэкаданс. Херувімы з абабітымі крылцамі, цяжкія цёмныя парцьеры й люстэркі ў ляпных рамках. 10. Сюжэт спэктаклю — ніякі. Ангельскі вершык пра масла на сьняданак каралю. Дзеці — у захапленьні. Жывы гук — камэрны аркестар і артысты–сьпевакі. Многа жартаў. Досыць элегантна. Нават паядынак у стылі ўсходніх адзінаборстваў між малочніцаю й каровай. 11. Галоўнае — дзьве гадзіны пасядзелі ў мяккіх фатэлях і бясплатна схадзілі ў прыбіральню. 12. Красная плошча. Дзядзька з гучнабрахальнікам запрашае на экскурсію па Крамлі. Кошт — каля 20 рублёў, дзецям — палова. Ну як не схадзіць! Далучыліся да групы дзяцей з расейскіх правінцыйных школак (іх беспамылкова адрозьніш ад масквічоў па абцерханым выглядзе). Пасьля аказалася, на тэрыторыю Крамля можна прайсьці за 2 рублі! Кінулі, як лохаў... 13. Храмы крамлёўскія адрэстаўраваныя, у кожным — выстава, і ў кожны — за асобную плату... 14. Падземны горад на Манэжнай плошчы. Як сказала адна масквічка, “бяседа пад час чумы”. Раскоша, для нас неверагодная. Тры паверхі фірмовых крамаў. Мармур, шкло, пазалота, разьба, мэтал, дываны, пальмы, люстэркі... Японія, Кітай, Швайцарыя, Англія, Амэрыка... Бабілён. У цэнтры на тры паверхі — фантан з падсьветкай. Тры бронзавыя фігуры з чашай. Кіч постсавецкі. Наверсе — скляпеньне ў выглядзе мапы сьвету. 15. Аб’ява на фасадзе: “Прадаюцца з фабрыкі мужчынскія кашулі й бялізна. Уваход са двара”. Ура! Нам трэба маскоўскі падарунак для таты! Набудзем яму ў Дзень Волі Беларусі маскоўскія майткі! 16. Заходзім у двор — тыповы маскоўскі, але ў ім стаіць будан “экалягічнай прыбіральні”, падобны да бліскучай цыстэрны. Да будана прыстаўленая бабулька зьбіраць “мзду”. 17. Кашулі дарагія. Майткі з паркалю ў кветачкі фасону “парашут”, кароткія, а ўнізе неверагоднай шырыні: сонца–клёш. “Нейкі дзіўны фасон”, — зазначаю цётцы, што іх прадае. “А чё, у нас все так носят...” 18. Але ў гэтым занюханым месцы, сярод кашуляў і майткоў зь неабкіданымі швамі кабеты ў шэрых халатах гавораць пра... Галіну Ўланаву. Як шкада, што вось яна памерла. І якая яна была. Што пісала ў лістах да сяброў... Як яе хавалі... І ў гэтым таксама — Масква. 19. Што цікава — у транспарце грамадзяне перасталі выяўляць шчырую цікавасьць да таго, ёсьць у каго праязны ці не. У свой час усе, заходзячы, дэманстравалі суграмадзянам належную паперку ці аб’яўлялі пра яе наяўнасьць. Калі не — хоць нейкі ўедлівы пэнсіянэр ды запытае: “Товарищ, а у вас проездной?” Цяпер гэтая кранальная рыса зьнікла. 20. Беларускі вакзал цяпер падзяляецца на дзьве часткі — дзяржаўную і камэрцыйную. На камэрцыйнай — платныя залі адпачынку, бары, відэа й іншыя “прыбамбасы”. У старой пачакальні ўсё тыя ж зялёныя плястыкавыя крэслы. 21. Нашмат менш езьдзіць дзяцей. Амаль не відно іх на вакзале. А канікулы ж... 22. Колькі езьдзілі ў мэтро — баялася. Якраз пагразілася сэкта “Аум Сэнрыкё” ўчыніць тэракт — напусьціць атрутнага газу, як у Японіі. Абышлося. 23. Назад ехалі з чужымі электрачайнікамі “Сымэнс” пад лавай: знаёмыя папрасілі перадаць. Суседкі па купэ — маці й дачка з Байкалу, абліччы азіяцкія. Дачка вучыцца ў Маскве, у асьпірантуры. Мэнэджэр. Прасілі расказаць пра Беларусь, едуць да сваякоў, але самі ні разу там не былі. Ну, і мяне панесла... У Караткевічавым духу... Пэўна, расчаруюцца, бедныя, пабачыўшы на свае вочы “горад волата Мянеска” і “славянскую Шатляндыю” зь верасовымі пусткамі, старымі замкамі й азёрамі ў пушчах... |
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |