Павал Севярынец
|
Сказаць папраўдзе, я не адчуваю попаху серы. Ня выключана, што ўжо мы даўно прынюхаліся. Але балота, багна зь ціхімі вірамі, смуродная бездань твані з гулкім выбоўтваньнем газаў — вечнае ныючае балота пад нагамі, гэта факт. І яшчэ — поўня па–над усім, начное магільнае вока, што ўзіраецца ў задраныя дагары твары, у вокны, і гіпнатызуе, пакуль мы хорам ня ўзвыем. Віншую, мы ўсёй грамадою ў трансе. Мы падаўляючай большасьцю і не здагадваемся пра мэты, задачы й чаканыя вынікі існаваньня свайго бялковага цела — і, як сьледзтва, помсьцім бацьком, кумірам ды пэнсіянэрам, гадзім у свае калыскі й вінавацім тых, зьнянавідных, чые целы крыху больш бялковыя. Ня дзіва, што зь першых школьных клясаў галовам дапытлівым і цікаўным дазволена спасьцігаць максымум зьяваў матэматычнага сьветапарадку й жывёльнага варушэньня, усе кабалічныя лічбы зямлі і тэхнікі... толькі не чалавецтва. Ня людзтва. Бо сорамна, страшна прызнацца ў заканамернасьці подлага й падманнага, у абгрунтаванасьці п’янства й ляноты, у непазьбежнасьці крывадушша, разбэшчанасьці й хлусьні. Прызнацца сьвежанькаму дзіцёнку, якому толькі вось давялі, што сьнег белы, а цемра чорная, і што на нуль нічога ня дзеліцца. Краіна ў руінах. Мы штосьці пішам, складаем кнігамі, плітамі й шуфлядамі па дамох і кватэрах; руінаў робіцца яшчэ трохі больш, а разуменьня яшчэ трохі менш. Шчасьце, што ёсьць яшчэ Лукашэнка, які, паводле агульнага перакананьня, нясе адказнасьць за нашы грахі, інакш бы нам засталося адно праваліцца ў пекла ад ганьбы. Гэта проста суцэльная паталёгія, наша грамадзтва граху. Грэх, быццам рак, паражае злаякаснымі ўтварэньнямі ўсе пульсуючыя залозы й порыстыя касьцявіны, нэрвовыя клеткі й найпяшчотнейшыя органы пачуцьцяў. Грэх кішэчніку, грэх крыві, поўны грэх мозгу. Дайшло да таго, што мы, сьмяротна хворыя на такое жыцьцё, ня чуем ані страху, ані болю, ані кону свайго. Прамінулі ўсе магчымыя інкубацыйныя й апэрацыйныя пэрыяды; усёй гадасьцю, пошласьцю, што ўнутры нас, ужо даўно павінна было званітаваць, а мы ўсё бадзёра мыем рукі перад абедам і не падаем іх былым сябрам. Дысфункцыі, імунныя агрэсіі і нагнаеньні ператравілі дарэшты, што было моцнага і спажыўнага, мяккацелага й мясістага, па сто разоў адрыгнулі й пачалі труціць, забіваць і жэрці адна адну. У памутнелых вачох усплываюць такія калоды й бярвеньні, што не відаць далягляду. Мы ня бачым за сьветам сьвятла — ад заходу да сьвітанку, ад сьвітанку да заходу — і ня ўгледзім да тае пары, пакуль нас, перасмыкнутых жахам, не паралізуе ад кішэньня чарвівых зьвілінаў у саміх сабе, ад нутранога расплодзішча поскудзі й заразы, пакуль не пачуецца ціканьня сэрца, гатовага выбухнуць страшнай інфэкцыяй. İ гэтае ўсьведамленьне — шок, ад якога кідае ў жар! — будзе ўжо не літаратурай і не кіно, не абаронай правоў вычварэнцаў і не любаваньнем калецтвамі — гэта будзе супрацьстаяньне дабра і зла сам–насам, гэта будзе жыцьцё ў рэжыме рэальнага часу.
|
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |