Гаспадыня №9, 1998 г.
рубрыка Мая вам парада
Шаноўная рэдакцыя „Гаспадыні“!
Не магу прамаўчаць. У адным з нумароў жанчына піша, што ў ейнай дачкі не спыняецца мэнструацыя з 1995 году. Я сама ў маладосьці такім самым чынам цярпела 1,5 месяцы. У мяне старэйшая сястра лекар, але калі мая мама прывяла старую бабку, яна не пярэчыла.
Вось і я вам раю, лячыцеся ў бабак, але толькі не ў шарлятанак, якіх цяпер шмат. Калі блізка няма, то хай прыяжджаюць да мяне, што магу, зраблю і навучу, як дзейнічаць далей.
Касьцюкевіч Ганна Сяргееўна. Вул. Прытыцкага, д. 3, в. Парэчча, Акцябрскі раён, Гомельская вобл.
Гаспадыня №2, 1998 г.
рубрыка Мая вам парада
...І пухліна зьнікла
Майму мужу лекары паставілі дыягназ: рак лёгкага. Я адмовілася ад усіх паслугаў афіцыйнай мэдыцыны і прынялася лячыць яго сама. Лячэньне было наступным.
Брала 30–40 г гарэлкі і столькі ж нерафінаванага алею, налівала ў бутэльку з коркам і энэргічна трэсла бутэльку хвілінаў пяць. Атрымлівалася 60–80 г эмульсіі. Прымаць лекі трэба 3 разы на дзень за 15 хвілін да ежы, а перад гэтым 2 гадзіны ня есьці. Кожны раз рыхтуем сьвежую сумесь. Запіваць нічым нельга.
Калі ў хворага пачнуцца ваніты, прыём паўтарыце. Курс лячэньня 10 дзён. Потым 5 дзён — перапынак. Курс паўтараюць некалькі разоў, пакуль стан хворага не палепшыцца.
Пры гэтым майце на ўвазе, што першы тыдзень — найцяжэйшы. Арганізм хворага вельмі часта не прымае лекі. Тут трэба праявіць волю і цярпеньне.
Пад час лячэньня хворага трэба адмовіцца ад малака, мяса, мучнога і салодкага — вугляводы „кормяць“ ракавую пухліну. А вось садавіна і гародніна павінны быць пастаянна.
Калі муж прымаў гэтыя лекі, у яго актыўна адыходзіла макрота. Празь некалькі тыдняў мы зрабілі здымак, пухліны на лёгкім не аказалася. Я веру ў гэты сродак і спадзяюся, што ён дапаможа каму–небудзь яшчэ.
Д. Юр’ева, „Сельская новь“.
Гаспадыня №3 1998 г.
рубрыка Міласэрнасьць
Добры дзень, паважаная рэдакцыя часопісу „Гаспадыня“!
Піша вам пастаянная ваша чытачка з гораду Пінску Алена Іванаўна М. Гора ў мяне, хоць з дому сыходзь. Можа, мне хто дапаможа.
І сьмех, і грэх, а рабіць нешта трэба. Справа ў тым, што я храплю. Ужо тры гады так храплю, што муж вушы ваткай затыкае. Мне яго так шкада. І сябе, і ўсіх сваіх блізкіх.
Парады, калі ласка, апублікуйце. Можа, яшчэ ёсьць такія бедакі.
Алена Іванаўна М., г. Пінск.
Гаспадыня №12, 1998 г.
рубрыка Мая вам парада
Добры дзень, паважаная рэдакцыя „Гаспадынькі“!
Піша Вам Валянціна з г.Берасьце. Прачытала ліст Алены Іванаўны М. зь Пінску і вырашыла дапамагчы зямлячцы парадай. Гэты рэцэпт ад храпу я прачытала ў адной з газэтаў.
Трэба патаўчы капусны ліст зь мёдам альбо шклянку капуснага соку зьмяшаць з лыжкай мёду і выпіць на ноч. Курс лячэньня — месяц.
Вельмі спадзяюся, што гэты сродак ёй дапаможа. Я таксама ведаю, што капусны сок дапамагае ад язвы страўніка. У любым выпадку гэты рэцэпт ня можа прынесьці ніякай шкоды.
Валянціна Мадзеева, г.Берасьце
рубрыка Міласэрнасьць
Мой сын хварэе на нетрыманьне калу, а яму ўжо шэсьць гадоў. Усё спадзявалася, што пройдзе, перарасьце. Скора ў школу, што рабіць?
Людзі добрыя, калі хто ведае, як нам дапамагчы, напішыце!
231615, Гарадзенская вобласьць, Мастоўскі раён, п/а Мілевічы. Кароль М.Н.
Гаспадыня №2 1998 г.
рубрыка Мая вам парада
Паважаная рэдакцыя!
Хачу прапанаваць эфэктыўны спосаб лячэньня эпілепсіі і іншых захворваньняў нэрвовай сыстэмы.
У галаве сьвіньні ёсьць дзьве маленькія косткі (у кожнай палавіне па адной), падобныя да чалавечага чэрапу. Калі варыце квашаніну, то колькі б вы яе ні варылі, гэтыя косткі не разварваюцца і нават не памякчаюцца. Здрабніць іх можна, толькі паклаўшы на жалезную апору і ўдарыўшы малатком. Зручна выкарыстоўваць два малаткі. Костку трэба пакласьці ў тканіну і здрабніць у парашок. Дадаваць па 1/4 ч. лыжкі ў ежу, пітво 1–2 разы на дзень.
Іпілепсія вылечваецца цалкам.
З павагай Лена Гарачава, г.Пінск
Гаспадыня №5 1998 г.
рубрыка Міласэрнасьць
Добры дзень, шаноўная рэдакцыя!
Піша вам Аляксандар. Вельмі прашу апублікаваць маю просьбу ў часопісе „Гаспадыня“. Застаўся адзіны шанец, калі хто дапаможа з чытачоў.
Мне 25 гадоў. Хварэю на вельмі рэдкую хваробу — „пэйроні“ (ушчыльненьне на галоўцы чэлеса). Ушчыльненьне (бляшка) паступова павялічваецца. Лекары кажуць, што гэта невылечна, і нават пасьля апэрацыі могуць быць кепскія наступствы.
Вельмі прашу, калі нехта вылечыўся альбо ведае, як гэта зрабіць, напісаць мне.
Прашу рэдакцыю пераслаць лісты па маім адрасе. Загадзя ўдзячны людзям, якія адгукнуцца на маю трагедыю.
Аляксандар. Адрас у рэдакцыі.
Гаспадыня №11(75) 1998г.
рубрыка Сувіта жаночыя праблемы
Паважаная рэдакцыя!
Мне хацелася б, каб вы адказалі на маё пытаньне. Справа ў тым, што муж сьцьвярджае, што полавых сувязяў зь іншымі ў яго ніколі не было. Ці можа хвароба трыхаманоз быць ад кепскай вады?
Л.Н.
Я перажыла страшны сорам. Мне 30 гадоў і ў мяне двое дзетак. Сям’я ў нас, як я лічыла, ідэальная. Любіла мужа, думала, што я ў яго адзіная. Верыла яму сьлепа, давярала на сто працэнтаў, але дыягназ лекароў мяне шакаваў: „ганарэя“. Вы ўяўляеце, што рабілася са мной?
Ня ведаю, што гаварыць і што рабіць. Першае жаданьне — падаць на развод. Але калі пагаварыла з мужам, крыху суцішылася. Ён кляўся і клянецца, што ніколі і ні з кім ня спаў. І я яму пачала верыць.
Патлумачце мне, дурніцы, ці магла я падчапіць гэтую заразу, калі ні я, ні ён ні з кім не ўступалі ў полавыя сувязі. За 1,5 месяца да здачы аналізаў я была на прыёме ў гінэколяга, мне даставалі сьпіраль.
Лена.
Гаспадыня №12 1998 г.
рубрыка Мая вам парада
Не для гідлівых
Пасьля апэрацыі ў анкалёгіі (1974 г.) я моцна хварэла на застуды, саслабела, пачаўся кашаль, насмарк, бранхіт, і, нарэшце, стала душыць бранхіяльная астма.
Насмарк быў з крывацёкам з носу. У паліклініцы мне прыпякалі сасуды. Лёгкія заліло макротамі, ня дыхала, а хрыпела. Сьпіна ўвесь час мерзла. Пашыла камізэльку з футры, але гэта не дапамагала. Да астмы дадалася алергія, яшчэ больш стала задыхацца.
Хадзіла ў паліклініку на лячэбную гімнастыку. Палёгка была часовай. Запісалася ў школу загартаваньня да трэнэра К.Прыходчанкі. Пакуль наведвала заняткі, усё было добра, перастала — усё пачалося спачатку. Ніякія лекі не дапамагалі, ужо зьбіралася ў „лепшы сьвет“. У такім стане знаходзілася 15 гадоў.
І, на маё шчасьце, лекар Палонская выратавала мне жыцьцё. Я прачытала артыкул, як пазбавіцца ад насмарку. Усё вельмі проста. Не смаркацца і не плявацца, а ўсё праглынаць. Гэтыя ўсе старыя аджылыя і зламаныя клеткі і напаўзабітыя мікробы, трапляючы ў страўнік, дзейнічаюць як упырск, што і ўмацоўвае імунную сыстэму.
На працягу месяца я пачысьціла лёгкія, зьняла футровую камізэльку. Так пачалося новае жыцьцё — бяз насмарку, без бранхіту, бяз астмы і алергіі.
Спачатку, пакуль чысьціла лёгкія, прыходзілася раніцай рабіць да 50 каўткоў, а потым усё менш і менш.
Працую з раніцы да позьняга вечару на агародзе, канечне, з разумным адпачынкам, многа чытаю, выпісваю дзесяць выданьняў, многа пішу. Сплю па начах, як у маладосьці. Астма адступіла і ня душыць. А мне ўжо 78 гадоў.
Параду лекара Палонскай выпрабавала на сабе, таму магу сьмела парэкамэндаваць яе іншым астматыкам, хто хоча жыць.
Зычу ўсім добрага здароўя!
Аляксандра Іванаўна Дзікун, 247410, п/а Здудзічы, д. 46, Сьветлагорскі раён, Гомельская вобласьць.
Гаспадыня №7, 1999 г.
рубрыка Мая вам парада
У №12 за 1998 год адна парада Не для гідлівых мяне зьдзівіла. Каўтаць макроту — жудасна. А між іншым, ёсьць прасьцейшы, хаця таксама ня вельмі прыемны, народны спосаб лячэньня насмарку, пра які я яшчэ нідзе не чытала.
За дзень між пальцамі на нагах зьяўляецца пах. Рукамі пацерці пальцы на нагах і паднесьці рукі да носу, удыхаць пах ня больш як 3–5 хвілінаў. Легчы ў пасьцель.
Калі за ноч насмарк не прайшоў, паўтарыць працэдуру яшчэ раніцай і вечарам. Але звычайна насмарк зьнікае пасьля адной працэдуры. Паспрабуйце, гэта ня шкодна. Іншы раз і не такімі пахамі дыхаем.
Л.Ткачэнка, г.Хойнікі.
Гаспадыня №3 1999 г.
рубрыка Міласэрнасьць
Вырашыў зьвярнуцца праз ваш часопіс да людзей.
Я пад раніцу мычу. Бацькі кажуць, што гэта зь дзяцінства. І што самае галоўнае, калі прачынаюся, то ўвогуле нічога ня памятаю.
Можа, хто ведае, як гэтую хваробу вылечыць. Загадзя ўсім удзячны.
Аляксандар, адрас у рэдакцыі.
У мяне непрыемны пах з роту. Была ў лекароў, сказалі, што цалкам закрываецца праход між страваводам і страўнікам, а дапамогі — ніякай. Ужо нават мой сын, васьмі гадкоў, і тое пра гэта мне гаворыць, а пра мужа — пісаць ня хочацца. Што мне рабіць, як лячыцца?
Можа, хто–небудзь з чытачоў ці спэцыялістаў дапаможа парадамі.
З павагай і вялікім спадзяваньнем
Ала, адрас у рэдакцыі.
Гаспадыня №7 1999 г.
рубрыка Міласэрнасьць
Хачу папрасіць парады для маёй малодшай сястры. Ужо чатыры гады яна грызе пазногці. Тры дні пацерпіць і пайшла грызьці. І мазалі перцам, і каралі, і прасілі — не дапамагае.
Можа, людзі добрыя падкажуць, дадуць парады. Буду вельмі ўдзячная.
Адрас не пішыце, усё–ткі сорамна, не маленькая ўжо, 18 год.
Ірына.
Падрыхтавала Алена Казлова
|