Logo ARCHE

 Паталёгіі ў 4(5)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 4(5)-1999

паталёгіі грамадзтва


Пераклады
Дзядзькі Васіля


Бэртальт Брэхт

Пра спакушэньне анёлаў

Анёла альбо не чапай, альбо лапай хутчэй,
З налёту ў пад’езд валачы і лезь пад хітон,
Заткні яму рот языком, пакуль не ачухаўся ён,
І ўвінчвай, шуруй, а як з лытак яму пацячэ,
Рачком да сьцяны прыхілі, задзяры фартушок
І, як з горла ягонага вырвецца здушаны стогн,
Трымай яго моцна і двойчы яму запістонь,
Ня даўшы экстазу ператварыцца ў шок.

Хай юрзае дупкаю спраўна, анёлу скажы,
Яечкі табе хай пальцамі перабірае,
І толькі калі між зямлёй і раем ён залунае,
Бясстрашна валі дагары і ад шчырай душы

Пярдоль яго ў душу, ды толькі, калі затрапеча,
У твар не глядзі і крыл не зламай, чалавеча.

 
Саўна і спалука

Сьпярша ў нас ябуцца, а лазьню прымаюць пасьля.
Чакаеш, калі над балейкай нагнецца, і вось
Любуешся голенькім задам, і лёгенька коўзь! —
Па ляжачках, як бы жартуючы, ненаўмысьля,

Трымаеш яе ў пазыцыі, потым здабычай
Хай будзе ёй гер: хай сама на яго садзіцца.
Калі ж ёй прысьпічыць спачатку падмыцца,
Уваж і, як вучыць нас продкавы звычай,
Паслужыцца ў ваньне. Хай кіпнем ліне на каменьне,
Клубамі ў шыпеньні каб пара ўвышкі ўзьляцела,
Адхвошча пяшчотна цябе бярозавым вецьцем,
Бальзам уліе ў душу, і на гэтым сьвеце
Адкрыецца рай, і прыме твой дух асьвяжэньне,
І прыйдзе чысьцец, і змые аб’ёбіны зь цела.

 
Спанатры каханьня

Ня так яно, каб асалодай зноў
Не спакушаўся наш юрлівец гер,
Ён паўстае і свой сьвяты намер
Увасабляе ў вобраз вабных сноў.
О, гэты лёгкі цік твайго задка,
Даўно чаканы знак, — хітруе плоць!
Раскоша той, якую самахоць
Удабралашчыць надзіцца рука.

Развод каленцаў! О яна — спалучка!
І дрогкасьць — знак, што мускулу пара
Спатоліць юр зноў прагнага нутра!

О кволы выгін! Лена гладзіць ручка,
З усьмешкаю!..
        О еднасьць нашых цел! —
Тым лепшая, чым лучыш нас часьцей!

 


Ёган Вольфганг Гётэ

ХХІІІ

Вось запаведнік чароўны, я кветак любові чакаю,
  Музы дагледзелі сад, мудра пасеялі тут.
Я ж чаранок пладаносны, ствол залаты існаваньня
  Радасна сам пасадзіў, шчасьця чакаю цяпер.
Службу нясі, мой прыапе*! Чаго мне баяцца дарэмна
  Злодзеяў! Сей і зрывай кветкі цудоўных уцех.
Толькі ханжоў не пускай, зласьлівых і кволых няздольцаў;
  Прыйдзе каторы, зірне ў засень любві, аплюе
Чыстай прыроды дарункі — сьмела кладзі на яго
  Сьцёгнаў праведны гнеў — кроўю наліты ражон!

 
* Гэта той самы гер, толькі міталягічны.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by

 
PS: Я мерыўся надрукаваць гэтыя сьціпленькія пераклады ў „жаночым“ нумары ARCHE, каб неяк усё–такі дагадзіць ня толькі жаночай палавіне ды каб ня зводзіць усе праблемы фэмінізму адно да барацьбы за роўныя выбарчыя правы мужчын і жанчын у капіталістычным сьвеце. Але Андрэй* вазьмі ды скажы мне, што як што яно Брэхт быў камуністам, дык сьлед публікаваць пераклады зь яго паэзіі пад рубрыкай „Паталёгія“. Ну, чаму як камуніст, дык адразу ўжо і паталёгія? Былі ж у партыі і нармальныя. Гэта, мой пане, — паталягічны антыкамунізм! — мушу вам далажыць.

Я прачытаў шмат цікавых кніжак пра Брэхта, і ў ніводнай ані згадкі пра тое, каб камуніст Брэхт калі–небудзь на парткамах выступаў па заявах пакінутых камуністамі жонак альбо палюбоўніц. Не заўважана за ім такая паталёгія. Хадзілі, праўда, чуткі, што сам ён не заўсёды быў верны актрысе брэхтаўскага тэатру Гелене Вайгель, але тая Вайгель, няма чаго й казаць, сама ніколі на Брэхта ніякіх набрэхаў ня ўзводзіла. Дык за што ж тады — у „Паталёгію“? Ужо ці не за анёлаў часам? Калі спадар Андрэй думае, што бясплоцкія, бясполыя стварэньні, якімі Бог учыніў анёлаў, непрыдатныя на каханьне, дык гэта ў яго ад паталягічнай неабазнанасьці ў формах, фігурах, пазытурах, канфігурацыях і, зрэшты, у анёльскіх упадабаньнях што да каханьня. А камуніст Брэхт — усё гэта ведаў і ў санэце сваім ня толькі сузіральна апісаў магчымыя прыёмы і пасажы, але ж і даў чытачам практычныя парады і засьцеражэньні, плаўна пераходзячы ад духоўнага (анёлы) да матэрыяльнага (людзі) — у наступных санэтах.

Абсурдная пазыцыя спадара дырэктара справакавала мяне зьвярнуцца да высокай клясыкі: дзе–дзе, а ў клясыцы зь яе гекзамэтрамі, пэнтамэтрамі ды цэзурамі ёсьць высачэзныя ўзоры чыстай лірыкі і таго, што тагачасьнікі лірыкай не лічылі. Вось, напрыклад, сябар беспартыйнага Гётэ гер Гердэр называў 21–ю, 22–ю, 23–ю і 24–ю рымскія элегіі Гётэ — „блядзкай паэзіяй“ (Hurenpoesie,— каб вы ўжо ведалі!), не хацеў і ня раіў іх друкаваць. І ў многіх выданьнях немцы абдзялялі іх увагай альбо ж друкавалі ў дадатках драбнюсенькімі літаркамі. Нават расейцы пераклалі толькі 20 штук, а чатыры апошнія апусьцілі, відаць, з пачцівасьці да цнотаў гера Гердэра ды да свайго імпэрска–шавіністычна–парткамаўскага дэвоцтва, каб не раздурваць нацменаў лішняй свабодай слова і разбэшчанасьцю нораваў. Але хто, дзе і калі сказаў, што блядзтва — гэта мусова паталёгія! Калі яно так — дык усе мы, людзі, можа за выключэньнем імпатэнтаў, — паталягічна хворыя. А Гётэ, вялікі мысьляр і паэт, нават у свае 80 гадоў ня толькі сьцішкі пісаў і пісаў! Гэты вялікі маг — мог! Не пералічыць усіх музаў, якіх ён за свой век пераюрзаў. Усе гэтыя Лоты, Шарлоты, Бэціны, Хрысьціны... — з усімі імі Ёган ладзіў і кахаўся без усіх гэтых вашых фэмінізмаў, суфражызмаў і жаночых пытаньняў!

Вялікі подзьвіг Гётэ — варты „жаночага“ нумара ARCHE!

А Вы, спадару дырэктар, яго ў „Паталёгію“!..

„Ах, Кафка, Кафка, — зь Нёмана вецер, са сракі дым!“ — сказаў бы на такую цнатлівасьць Уладзя Караткевіч. Паталёгія — гэта калі хвароба, гэта калі нават прафэсар велькіх букваў Падлюжны** ня можа сказаць, як правільна пісаць па–беларуску сакавітае „Насьсьсяру!“ — з двума „сы“ ці як у „СССР“ — з трыма, ужо ня кажучы пра мяккія знакі. А высокая праўда Гётэ і Брэхта — яна праз усякія рубрыкі праўдай жа напаверх прадзярэцца! Што ж да якасьці перакладу, дык тут магчымыя розныя стылёвыя пахібкі і, мабыць, ці не пра перакладчыкаў сказаў польскі дасьціпнік Лец (цытую ў арыгінале): „Nie kazdemu gownu jest danem byc na starosc cennym guanem“.

Дз. В–ль

*Андрэй — спадар дырэктар ARCHE Андрэй Дынько.
** Усякае падабенства з гэтым прозьвішчам, выдуманым, — чыста выпадковае (— Дз. В–ль).

 


ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Паталёгіі ў ARCHE 4(5)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 28-11-1999