гісторыі |
Iрвін Уэлш
|
|
Я апошні раз кальнуўся ў сарціры на пароме, пасьля выйшаў на палубу. Было файна: кроплі ляцелі ў твар, чайкі з клёкатам гналіся за паромам, доўгая хваля ўзбуджэньня пракацілася па целе. Вось я ўжо стаю ракам. Схапіўся за парэнчу і рыгнуў у Паўночнае Мора. Нейкая жанчына заклапочана глядзіць. Я адказваю ёй пасьмешкай разуменьня. –– Усё не магу звыкнуцца з гайданкай, — крычу і спускаюся ў бар, каб замовіць чорнае кавы, якой не зьбіраюся піць. На пароме мне някепска, спакойна. Сяджу ў цішыні, пэўна, астатнім пасажырам здаюся трупам, але вяду асэнсаваны нутраны дыялёг. Пракручваю апошнія падзеі, выстаўляючы сябе ў ролі дабрадзея, апраўдваючы свае дробныя паскудзтвы тым, што мае ахвяры атрымалі важныя веды й паняцьце. Забалела мне ў цягніку: Гарвіч — Кольчэстэр — Маркс Тэй — Кельвэдон — Чэльмзфард — Шэнфільд ЦЯГНІК НЯ МУСІЦЬ СПЫНЯЦЦА Ў БЛЯДЗКІМ ШЭНФІЛЬДЗЕ — Ромфард КОЖ-НЫ САНТЫМЭТАР ШЛЯХУ Я НА ГЭНЫМ ЦЯГНІКУ Я (а Мэнінгтры, скуль тут яшчэ ўзяўся гэны нахуй Мэнінгтры?) У ЛЁНДАН, Лівэрпул–Стрыт. Мэтро йдзе паўсюль, акрамя Гэкні. Надта там балотна. Я сыходжу на Бэтнам Грын і заскокваю ў 253–і, які едзе на Лоўэр Клэптан Роўд. Цягнуся ўздоўж Гомэртан Роўд на Кінгзмэд Эстэйт. Я спадзяюся, што Донаван яшчэ ў той закінутай кватэры на другім паверсе, куды ён калісь самавольна засяліўся. Таксама спадзяюся, што ён не злуе на мяне за тое, што было ў Стоквэле — гэта ўжо быльнягом парасло, упэўнены. Я валю праз купку малых — у іх твары скуралупам. Яны малююць на сьцяне аэразольнымі балёнчыкамі стылёвыя і нечытэльныя надпісы. Як гэта ўсё састарэла, як гэта ўсё тхне стылем гета. — Глядзі, куды прэш! Ябаны наркот! Спачатку трахнуць гэтых дзяцей, а пасьля забіць, ці наадварот? Ні тое, ні тое. Ня час. Дон яшчэ тут. Тыя ж жалезныя дзьверы. Цяпер галоўнае, ці ён дома, а калі дома, дык галоўнае, ці пусьціць мяне. Моцна грукаю. |
— Хто там? Голас Эндж. Дон і Эндж. Я ня зьдзіўлены. Я так і думаў, што яны сыдуцца. — Адчыні, Эндж, калі ласка, адчыні, бля. Гэта я, Эўан. Шчоўкаюць замкі, і на мяне глядзіць Эндж; ейныя вострыя рысы яшчэ больш выцягнуў, сфармаваў і адтачыў гераін. Яна дае мне зайсьці і зачыняе дзьверы. — Дон тут? — Не, выйшаў во. — Маеш кальнуцца? Ейныя вусны выгінаюцца, і цёмныя вочы разглядаюць мяне, як вочы коткі, якая загнала ў кут мыш. Бачна, што ёй хочацца схлусіць, але, заўважыўшы мой адчай, яна перадумвае. |
— Як там Амстэрдам? Гуляе са мной, курва ябаная. — Мне трэба кальнуцца, Эндж. Яна дастае крыху парашку і памагае прыгатаваць дозу і ўкалоць. Хваля праносіцца скрозь мяне, а за ёй прылівае млосьць. Вось я ўжо ракам. Блюю на газэту “Ва–банк”. Зь першай старонкі падміргвае Пол Гаскойн, які ляжыць на расьцяжцы, у гіпсе, і паказвае, што ўсё заябісь, падняўшы вялікія пальцы рук. Газэта васьмімесячнай даўніны. Эндж гатуе сабе дозу і бярэ мой шпрыц. Я ня вельмі гэтаму рады, але ня надта магу што сказаць. Я гляджу на яе халодныя рыбіныя вочы, схаваныя між крыштальна–вострай плоцьцю. Можна добра параніцца аб яе нос, скулы ці сківіцы. Яна сядзіць поруч, але глядзіць проста перад сабой, не павяртаючы твару да мяне. Пачынае распавядаць пра сваё жыцьцё, няспынна, павольна, нават манатонна. Я адчуваю сябе наркоцкім сьвятаром. Яна кажа, што яе згвалціла банда пацаноў, і ёй было так хуёва, так хуёва, што яна села на іглу. У мяне зьяўляецца адчуваньне дэжа–вю. Клянуся, яна гэта ўжо распавядала. — Гэта балюча, Эўан. Гэта пізьдзец, як баліць унутры. Доза — адзінае, што здымае боль. Я нічога не магу парабіць. Я мёртвая ўнутры. Ты не разумееш. Ніводны мужык не зразумее. Яны забілі частку мяне, Эўан. Лепшую частку. Тое, што ты бачыш, гэта прывід ябаны. Каму справа, што робіцца з прывідам. Яна нацягвае жгут, засаджвае шпрыц і ўздрыгвае, адчуваючы, як доза пракачваецца па венах. Хоць доза яе заткнула. Было нешта жахлівае ў тым, як яна ўсё гэта распавядала зьмярцьвелым голасам. Я гляджу на “Ва–банк”. Пара мух ладзяць банкет на Гаскойне. — Неданоскі сраныя... Можна ж было неяк зь імі разабрацца, — нарэшце адкрываю рот я. Яна павяртаецца да мяне, павольна круціць галавой і зноўку адварочваецца. — Не, ні хуя. У гэтых пацаноў крутыя падвязкі. Яны на баб палююць. Адзін заходзіць у клюб, здымае дзеўку, вядзе куды трэба. Астатнія чакаюць і пасьля карыстаюцца ёй як хочуць. Як паперкай. Напэўна, каб крыху зразумець, што пры гэтым перажывае жанчына, трэба ўявіць, як тузін пацаноў гуляе з тваёй дупай у “засунь–высунь”. — У мяне апошняя доза, — кажа яна ў дрымоце. — Хоць бы Дон яшчэ прыцяг. |
— Ну, дзетанька, хоць бы прыцяг. Можа праз пару гадзін, а можа праз пару хвілін заявіўся Дон. — Якога хуя табе тут трэба? Ён стаіць рукі ў бокі, вылупіўся на мяне. — Ёлкі, рады зноў цябе бачыць, братан. Гераін адбяліў Дону скуру, ці што? Майкл Джэксан, пэўна, мільёны забашляў, каб атрымаць той жа эфэкт, што Дон ад наркаты. Той выглядае, як эскімо, зь якога зьлізалі амаль увесь шакаляд. Калі падумаць, дык і Эндж раней была ружавейшая. Пэўна, калі прыняць дастаткова наркаты, можна цалкам пахерыць усе расавыя адметнасьці. Нарката сапраўды робіць усё астатняе ў асобе нязначным. — Маеш? — Ягоная гаворка зьмянілася з высокага, амаль жаночага, паўночналёнданскага ныцьця на сакавіты, цяжкі ямайскі бас. — Ні хуя. Я таму сюды і прыйшоў. Дон павярнуўся да Эндж. Было бачна, што ён нічога не знайшоў і быў гатовы прыбіць яе, што аддала мне апошняе. Як толькі ён нешта сказаў, грукнулі дзьверы, і хоць яны спачатку вытрымалі, яшчэ праз парачку ўдараў вушак вываліўся са сьцяны ў кватэру. На парозе стаялі два мужыкі з адбойнымі малаткамі. Яны выглядалі так шалёна, што я амаль адчуў палёгку, калі ў іх з–за сьпінаў зьявіліся казлы з паліцыі й павязалі нас. На твары старога пізьдзюка з аддзелу па барацьбе з наркотыкамі было расчараваньне. Ён ведаў, што калі б мы нешта мелі, мы б ламануліся ў сарцір змываць парашок, але ніхто з нас не зварухнуўся. Нічога ў нас не было. Але яны ўсё адно ператрэсьлі ўсю хату. Адзін з паліцаяў падабраў мой шпрыц і пагледзеў на мяне з усьмешкай. Я толькі падняў бровы і ляніва яму пасьміхнуўся. — Вязіце эціх засранцав ёбаных в дзяжурку, — крыкнуў ён. Нас выкінулі з кватэры, сьпіхнулі па лесьвіцы і загрузілі ў “мясавозку”. Аб дах машыны бразнула бутэлька. Машына спынілася, і два паліцаі выскачылі на двор, але ім было ў падлу ганяцца за дзецьмі, якія, хутчэй за ўсё, кінулі пляшку з балькону. Паліцаі заціснулі нас сваімі тушамі і зрэдку нешта пагрозьліва і злосна мармыталі. Я глядзеў на Дона, якога пасадзілі насупраць. Машына праехала міма мянтоўкі на Лоўэр Клэптан Роўд, пасьля мінула пастарунак у Долстане. Нас везьлі ў Стоўк Ньюінгтан. Вядомы пастарунак. Мне і, амаль упэўнены, Дону таксама адразу прыйшло ў галаву імя “Эрл Барэт”. У пастарунку мне загадалі вывернуць кішэні. Я так і зрабіў, і на падлогу бразнулі ключы. Калі я нахіліўся, каб іх падняць, мой шалік зьвіс на падлогу. Адзін з паліцаяў наступіў на яго так, што я ня мог падняць галавы, прыціснуты, сагнуты ўдвая і бездапаможны. — Пад’ём, пізда шатланская! — прыкрыкнуў іншы. — Вы на маім шаліку стаіцё. — Давай, падымай сваю сраку наркоцкую! — Я, бля, ны можу рухнуцца, вы на маім шаліку стаіцё! — Я цібе дам “шаліку”, ты, сраны джок. Ён садануў мяне ў бок нагой ці кулаком, і я зваліўся на падлогу, склаўшыся, як сьцізорык. Гэта выйшла хутчэй ад шоку, чым ад моцы ўдару. — Падымайся! Падымайся, ёб тваю! Я зь цяжкасьцю ўзьняўся; кроў ударыла мне ў галаву, і мяне пацягнулі ў пакой для допытаў. Галава была нібы ў тумане, пакуль яны брахалі нейкія пытаньні. Я здолеў прамармытаць пару слабенькіх адказаў, а потым яны закінулі мяне ў выцьвярэзьнік. Гэта быў вялікі пакой, абкладзены белай кафляй, з лаўкамі па пэрымэтры і кучай пенапластава–вінілавых матрацаў на падлозе. Камэра была забітая алканаўтамі, дробнымі злодзеямі й гандлярамі траўкай. Я пазнаў парачку мурынаў з алеі на Садрынгем Роўд. Я спрабаваў на іх не глядзець. Тамашнія дылеры цярпець ня могуць тых, хто на йгле сядзіць. Расісцкія сьвіньні шыюць ім гандаль парашком, хоць яны прадаюць толькі “траўку”. |
На шчасьце, яны не зьвярнулі на мяне асаблівай увагі, бо назіралі, як два белыя здаравідлы — адзін зь іх гаварыў з моцным ірляндзкім акцэнтам — качалі нагамі аднавухага трансвэстыта. Калі яны вырашылі, што ўжо досыць, дык насцалі на цела, раскінутае на падлозе. Здавалася, я праседзеў там вечнасьць, і мне было ўсё больш млосна і роспачна. Потым у камэру закінулі Дона, замучанага і зьбітага. Паліцай, які прыцягнуў Дона, бачыў, што аднавухага хлопца на падлозе добра адпізьдзілі, але ён толькі гідліва пакруціў галавой і замкнуў дзьверы. Дон сеў поруч са мной на лаўку, схаваўшы твар у далонях. Спачатку я заўважыў кроў на ягоных пальцах, а пасьля ўбачыў, што яна цячэ з носу і вуснаў, якія вельмі набраклі. Ён відавочна на чымсьці пасьлізнуўся і пракаціўся па лесьвіцы. Такое не аднойчы здаралася з чарнаскурымі небаракамі ў гэтым пастарунку. Напрыклад, з Эрлам Барэтам. Я ўбачыў, што Дон трасецца, і вырашыў загаварыць. — Ну, братан, я малёк расчараваны ў крымінальным правасудзьдзі гэтай краіны, па меншай меры, у мясцовым выкананьні. Дон павярнуўся да мяне, і я цалкам бачыў, як яго адшмурылі. Няслаба. — Я хрэн адсюль выйду, братан, — прамовіў ён, дрыжачы, з шырокімі ад страху вачыма. — Ты ж чуў пра Барэта. Тут месца вядомае. Я, бля, не таго колеру, асабліва для пацана на йгле. Хрэн я адсюль жывы выйду. Я зьбіраўся яго супакойваць, хоць ён казаў нешта вельмі падобнае да праўды. Тут да нас падвалілі тры мурыны. Да таго яны, відаць, глядзелі на нас і слухалі. — Камандзір, калі ты тусуешся з такім гаўном, дык атрымліваеш, што заслужыў, — пагрозьліва прамовіў адзін зь іх. Мы нарваліся на махач. Пацаны пачалі казаць пра парашок і дылераў, разаграючыся, каб абрынуць на нас сваю злосьць. Аднавухі трансвэстыт, відаць, распаліў іх. Дапамога прыйшла ад паліцаяў. Калі яны схапілі нас і пацягнулі з камэры, я падумаў пра агонь ды полымя. Нас разьвялі па кабінэтах для допытаў. У маім не было крэслаў, і я сеў на стол. Мне давялося чакаць доўга. Я ўскочыў, калі ўвайшлі два казлы. Яны прынесьлі крэслы. Сівы казёл з ружовай пысай прапанаваў мне сесьці. — Хто дал цібе эту дур? Ну, джок… Эўан, так цібя завут? Ты ж ні дзілер. Хто скідывает парашок? — запытаўся ён, гледзячы на мяне вачыма, поўнымі лянівага стомленага спачуваньня. Ён выглядаў на нармалёвага пацана. ЯНЫ НІ ХУЯ НА МЯНЕ НЯ МАЮЦЬ Другі паліцай, здаровы, як бычок, зь цёмным воласам і прычоскай, падобнай да місачкі ці пудынгу, выпаліў: „Да яво ёбаны дружок чырнажопы. Маўглі, што там сядзіт, праўда, джок? Ты лучша рот аткрывай, а то в саседняй комнаце чорненькая канарэйка ахотна чырыкает, і цібе, павер мне, ні панравілась бы такая песенка“. Яны яшчэ крыху спрабавалі гуляць са мной, але ня здолелі дабрацца да таго месца ў маёй галаве, куды я схаваўся. Тады адзін зь іх дастаў пакецік зь белым парашком. Выглядала на добрае зельле. — Малыя ў школах жрут эту хірню. Хто даёт ім эту дур, Эўан? — запытаўся Срэбнавалосы Хлопчык. ЯНЫ НІ ХУЯ НА МЯНЕ НЯ МАЮЦЬ — Я праста шраюся часам. Я ж сабе ны можу знайсьць нармалёва, ны то каб якому шчэ хуйлу. — Відаць, прыдзёцца пазваць пераводчыка. Есьць сяводня на дзяжурстве “якое шчэ хуйло”, хто можат па–джоцку гаварыць? — пытаецца чорнавалосае хуйло. Срэбнавалосая Машына ігнаруе ягоную рэпліку. |
Ён працягвае: усе вы, падлы ёбаныя, вы ўсе, бля, толька колецесь, праўда? Ніхто не прадаёт. Ано проста на дзярэв'ях расьцёт, так? — Не–а, на палёх, — вымавіў я і адразу ж пашкадаваў. — Што ты, бля, сказал? — ён падняўся. — На макавых палёх. Опіюм. Расьце на палёх, — прамармытаў я. Ягоная рука хапае мяне за шыю і сьціскае. Ён усё цісьне й цісьне. А я нібы назіраю, як некага іншага душаць да сьмерці. Я хапаю ягонае запясьце абедзьвюма рукамі, але не магу расьціснуць гэтай хваткі. Гэта робіць Срэбнавалосы. — Хваціт, Джордж. Дастатачна. Аддышысь, пацан. У маёй галаве нешта грукае, і ў мяне такое адчуваньне, нібы ў мае лёгкія ніколі больш напоўніцу не набярэцца паветра. — Мы знаем расклад, сынок; мы ужэ цібе падгатовілі заяву на подпісь. Я ні хачу, штоб ты падпісывал, што цібе ні нравіцца. Так што ні сьпяшы. Паглядзі. Пачытай. Падумай. Как я ужэ сказал, ні сьпяшы. Усё, што хочаш памяняць, мы памяняем, — буркоча ён. Чорнавалосы таксама размаўляе ўжо бяз той злосьці. — Здай нам чырнамазага, хлопец, і можаш сразу валіць адсюда с эцім пакецікам. Клёвый фармацэўтычный парашочак, праўда, Фрэнк? Ён спакусьліва памахаў гераінам у мяне перад тварам. — Гаварат, што так, Джордж. Ну, Эўан, ні саздавай сібе праблем. Ты, кажацца, нічаво хлопец, есьлі прысматрэцца. А тут ты засел па самыя ушы. — Джокі ілі англічане, без разьніцы, праўда? Мы усе белые людзі. На хіра садзіцца за какова-та сранава Лумумбу? Ні дуры, джок. Ішчо адзін ябаны гаўнакожы сядзет, цібе шыто с таво, га? Што, ані ў нас в дзефіцыце? Паліцаі. Уёбкі ў белых кашулях. Яны забралі Дру з Манктахону за страйк у 84–м. Цяпер яны хочуць Донавана. Ня той колер скуры. Хочуць зрабіць з пацана сапраўднага злодзея. Гэная заява чытаецца, як Агата Крысьці. Мы з Донам не заўсёды ладзілі, але ён нічога пацан. Ён, можа, нават найлепшы чувак з усіх маіх знаёмых. Але што ён там сказаў пра мяне? Салідарнасьць, ці ён спрабуе мяне тапіць? Гэная заява ябаная чытаецца, як Агата Крысьці. А што Эндж? Гэтая, пэўна, усё што хоч скажа любому хуйлу, абы толькі сваю шкуру ўратаваць. Пачынаецца боль, сапраўдны боль. Калі я падпішу, мне дадуць гераін, можна будзе шырнуцца. Пасьля я змагу журналістам распавесьці, як яны тут выцягвалі подпіс. ЯНЫ НІ ХУЯ НА МЯНЕ НЯ МАЮЦЬ Боль. Атрута Дон. ЦЯРПІ ПАЦАН боль гераін ДАЙЦЕ МНЕ РУЧКУ ЯБАНУЮ яны засодзяць Дона, засодзяць яго ёб вашу Агата бля Крысьці ДАЙЦЕ МНЕ РУЧКУ ЯБАНУЮ — Дайце мне ручку. — Я знал, што у цібя хваціт мазгов, джок. Я запхнуў пакецік з парашком у заднюю кішэню. Яны парвалі пратакол. Мне можна было йсьці. Калі я выйшаў у калідор, там ужо сядзела Эндж. Я ведаў, што яна таксама прадалася. Яна паглядзела на мяне з горыччу. — Так, вы двое, — сказаў паліцай за сталом. — На выхад і штоб большэ ні нарывалісь. |
Два паліцаі, што мяне дапытвалі, стаялі за ягонай сьпінай. Я быў рады сысьці. Эндж так сьпяшалася, што саданулася ілбом аб шкляныя дзьверы, рыхтык калі паліцай за сталом пра іх папярэджваў. Пачуўся агідны гук, і ейнае тулава адскочыла і завібравала, нібы на нагах–спружынах, як бывае ў мульціках. Я нэрвова засьмяяўся, далучыўшыся да рогату паліцаяў. — Курва, бля, дурная, — хмыліцца цёмнавалосы паліцай. Калі я вывеў Эндж на паветра, яна была ў нейкім шоку. Сьлёзы ліліся ў яе па твары. На ілбе набракаў гузак. — Ты, бля, заклаў яго, так? ТАК? З вачэй пацякла туш. Яна выглядала, як Эліс Купэр. Аднак акторка зь яе была неважнецкая. — А ты хіба не? Ейнае маўчаньне было надта красамоўным; потым яна стомлена кіўнула. — Угу, ну, не было іншага варыянту, праўда? Мне проста трэ было выйсьці. Мне сапраўды кепска там стала. — Знаю, пагадзіўся я. — Мы шчэ з гэным пазьней разьбяромся. Пагутарым з адвакатам. Скажам хуйлу, што подпіс ставілі пад ціскам. Дон выйдзе без праблем. Шчэ кампэнсацыю прыдбае. Разьбяромся, ад наркаты прачысьцімася і да адваката. Дону нат карысьць будзе крыху пасядзець. З наркатой завяжа. Ён шчэ нам дзякаваць будзе, нахуй. Я ведаў, нават у той момант, калі гэта казаў, што ўсё гэта херня. Я зьнікну, кіну Дона, што б зь ім там ні рабілі. Проста неяк лепей сябе адчуваў, калі пракручваў гэты сцэнар. — Угу, завяжа з наркатой, — пагадзілася Эндж. Каля пастарунку стаялі пікетоўцы. Выглядала на тое, што яны ладзілі пікет з начоўкай. Яны пратэставалі супраць дрэннага абыходжаньня мясцовай паліцыі з маладымі мурынамі. Асабліва ўсіх узварушыў выпадак з Эрлам Барэтам, пацаном, якога забралі аднойчы ўвечары, а вярнуўся з пастарунку ён у плястыкавым мяшку. Склізкія ў іх лесьвіцы, бля. Я пазнаў хлопца з мурынскай газэты “Голас” і падышоў да яго. — Слухай, дружа, там яны забралі аднаго пацана, мурына. Яго сур’ёзна адмалацілі. Нас прымусілі падпісаць заявы. — Як яго зваць? — запытаўся хлопец з акцэнтам багатага афраангельца. — Донаван Прэскат. — Хлопец з Кінгзьміду? На йгле сядзіць… Я ўбачыў, што ягоны твар зрабіўся жорсткі. — Ён нічога дрэннага не зрабіў, — далучылася Эндж. Я пагрозьліва наставіў на яго палец, зрываючы на хлопцы тую злосьць, што адчуваў на сябе. — Напішы і здохні, хуйло! Бяз розьніцы, хто ён; ён мае тыя ж правы, што любы іншы пізьдзюк! — А цябе як зваць, ацец? — запытаў нехта поруч. — Прычым тут гэта? — Хадзем у рэдакцыю. Зробім твой фотаздымак, — пасьміхнуўся афрыканец. Ён ведаў, што я ні за што не пагаджуся. Я ніводнаму хуйлу нічога не скажу, бо паліцаі адкрыюць на мяне паляўнічы сэзон. — Рабіцё, што хочаце, бля, — сказаў я і адышоў. Аграмадная баба падышла да мяне й загаласіла: яны там трымаюць добрых хлапцоў, сапраўдных хрысьціян. Лероя Дункана і Орыта Кембэла. Хлапцоў, якія ніколі дрэннага не рабілі. Вось пра каго мы тут кажам, а не пра нейкага бруднага злодзея–наркамана. Высокі растафара ў акулярах а–ля Джон Ленан пагрозьліва памахаў у мяне перад тварам плякатам, на якім было напісана: РУКІ ПРЭЧ АД ЧАРНАСКУРАЙ МОЛАДЗІ ! Я павярнуўся да Эндж, і, адчуваючы халадок на скуры, зваліў. У вушах зьвінелі пагрозы і крыкі пагарды. Некаторы час мне здавалася, што за намі йдуць. Мы крочылі ў цішыні, ня вымавіўшы ні слова, да станцыі Долстан Кінгзлэнд. Сапраўдны горад параноі! — Куды ты намыліўся? — запытала Эндж. — Паеду на электрычцы, паўночналёнданская лінія да Кентын Таўна, там жыве мой дружбан Элбі. Я там разьбяруся з парашком, што сьвіньні далі, а пасьля махну ў Бум. Тым цывілізацыя, знаеш? Заябло ўжо ў Гэкні, горш, чым на вёсцы. Надта там, бля, глухая правінцыя. Зашмат хуйла, што любіць лезьці ў чужыя справы ды жыцьцю вучыць. Адрыў ад жыцьця — вось у чым іхная праблема. Нат тэліку няма. Недахоп сацыяльных кантактаў з рэштай рэгіёну. Правінцыя ябаная. Я як трызьніў. Я быў хворы і трызьніў. — Я паеду з табой. Кватэры ўсё адно пізьдзец. Яе ўжо пэўна зьнішчылі. Паліцаі ж новыя дзьверы ня будуць ставіць. Мне не хацелася браць Эндж на буксір; у ёй сапраўды глыбока засеў вірус няўдачы. Ён звычайна перадаецца пры блізкіх кантактах зь няўдачнікамі. Але я наўрад ці мог што сказаць ці зрабіць, бо падышоў цягнік, і мы залезьлі ў вагон, сеўшы насупраць адно аднога ў расьціснутай, хворай цішыні. Калі цягнік рушыў, я ўпотай зірнуў на яе. Хоць бы яна не чакала, што я буду зь ёй спаць. Мне цяпер не да сэксу. Мо Элбі пагодзіцца, калі ёй схочацца. Гэта была трывожная думка, але толькі таму, што трывогай была поўная любая думка пра нешта, што мяне ня тычылася наўпрост. Але хутка я ад усяго гэтага вызвалюся, вызвалюся ад гэтай дробнай, прычэпістай цягамоціны, думаў я, мацаючы пакецік у кішэні штаноў. |
Пераклаў з ангельскай Аляксей Знаткевіч паводле
Irvine Welsh. The Acid House. W.W.Norton&Co., 1994.
да ЗЬМЕСТУ да Пачатkу СТАРОНКІ
E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |