Logo ARCHE

 Паталёгіі ў 4(5)-1999     .

0.gif (807 bytes)
ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

          да Зьместу 4(5)-1999

гуманістыkа


Вольфганг Закс
Зямля вачыма астранаўта


Вольфганг Закс — доктар сацыяльных навук, старшы навуковы супрацоўнік Вупэртальскага Інстытуту клімату, навакольнага асяродзьдзя і энэргіі. Ганс–Яхім Шнэльнгубэр — доктар прыродазнаўчых навук, прафэсар тэарэтычнай фізыкі Патсдамскага ўнівэрсытэту, дырэктар патсдамскага Інстытуту дасьледаваньня кліматычных наступстваў.

Пра спакусу кіраваньня сьветам у экалёгіі

Mагчымасьць гаварыць пра „выратаваньне плянэты“ мы заўдзячваем арганізацыі, якую ніяк не западозрыш у сувязях з экалёгіяй — NASA. Ад 1966 году, калі касьмічны зонд Lunar 2 на шляху да Месяца перадаў па радыё першыя здымкі Зямлі, у нашым уяўленьні зьявілася плянэта як рэальна існуючы аб’ект. Раптам яна сталася бачнай для кожнага, вось яна паўстала сярод чорнага сусьвету: ахінутая мяккім сьвятлом куля з мораў, кантынэнтаў і аблокаў. Пагляд з космасу стварыў Зямлю як аб’ект — аб’ект захапленьня, выратаваньня ці нават кіраваньня.

Найбольш зьдзіўляльным эфэктам касьмічнай оптыкі, зноў і зноў апяваным астранаўтамі, было зьмяншэньне Зямлі, драматычны пералом ува ўспрыманьні: Зямля, калісьці невымерна вялікая, памяншаецца да памераў ручнога мяча. Сапраўды — пераварот пэрспэктывы! Чалавек падаецца вялікім, а Зямля — малой: прапорцыя чалавека і Зямлі на вочы астранаўта папросту перакуленая з ног на галаву. Адлегласьць ад Зямлі, створаная магутнай рэактыўнай цягай — вось тое, праз што рэальны стан рэчаў зрушваецца і паўстае ў перакуленым выглядзе. Гэта робіць даступным успрыманьне, якое не стасуецца болей зь людзкiмi адчуваньнямі, і ўмагчымляе такое ўяўленьне пра сьвет, якое грунтуецца не на рэальных, а на ракетнатэхнічных прапорцыях.

Якое значэньне набывае такi пункт гледжаньня, калi ён стаецца звычным, нават уважаецца за натуральны? Груба кажучы, за апошнія дзесяцігодзьдзі паўсталі дзьве розныя рэакцыі. З аднаго боку, пра Зямлю гавораць мовай сэнтымэнтальнай трывіялізацыі: паглядзіце, якая яна маленькая і ўразьлівая, ёй трэба наша ўвага і дагляд! Зь іншага боку, чуваць галасы чалавечай усемагутнасьці, якія кажуць: паглядзіце, якая Зямля невялікая і даступная, яе можна асвоіць і трымаць пад кантролем! Абодва матывы — „клопату“ і „кантролю“ — могуць зьлівацца, самым наглядным чынам, бадай, у вобразе пацыента ў рэанімацыі. Таму таксама і Гансу–Яагіму Шнэльнгубэру прыпісваецца азначэньне „пацыент Зямля“.
 


Гегемонія глябальнага

Здымак Зямлі ёсьць прадуктам гістарычна ўнікальнага напружаньня сілаў. Рэактыўная тэхніка, тэхналёгія касьмічных палётаў, апрацоўка дадзеных і оптыка былі аб’яднаныя ў вялізную, надзвычай магутную тэхнічную сыстэму, каб паслаць чалавека на Месяц. Вядома, зь цягам часу касьмічныя палёты сталі менш відовішчнымі, але энэргатэхнічнае пераадоленьне сілы цяжару, пагляд з далечыні пры дапамозе сэнсарнай тэхнікі і высокадакладная сыстэма апрацоўкі дадзеных ёсьць перадумовамі самой магчымасьці гаварыць пра „Зямлю як сыстэму“.

Тое, што ад самага пачатку прываражыла назіральнікаў — гэта сынаптычная веліч карціны. Відаць проста ўсё: рэкі і горныя ланцугі, моры і выспы, пустэльні і пасы лясоў — і, урэшце, бачным робіцца круглае аблічча Зямлі цалкам. Гэтак касьмічная тэхніка працуе як макраскоп; яна забясьпечвае тое ўсёбачаньне, якое зрабіла здымак візуальнай асновай глябальнага мысьленьня. Творчая сіла карціны палягае ў тым, што зь фізычнага гледзішча адзінства Зямлі падаецца важнейшым за ейныя асобныя структуры, а з палітычнага гледзішча супольнасьць людзей падаецца важнейшай за іхныя асобныя інтарэсы. Можна было б безь перабольшаньня сказаць, што перад вачыма астранаўта глябальнае набывае анталягічны прыярытэт перад лякальным.

Здымак Зямлі ёсьць эпістэмалягічным грунтам таксама і навукаў пра „глябальныя зьмены“, і той „геакібэрнэтыкі“, якая трызьніцца Патсдамскаму інстытуту кліматычных дасьледаваньняў ды роднасным інстытуцыям у іншых краінах1. Аб’ектам іхнага дасьледаваньня ёсьць „сыстэма Зямля“. Таксама і тут дзейнічае прыярытэт глябальнага перад лякальным. Калі два дзесяцігодзьдзі таму эколягі пераймаліся пераважна асобнымі прыроднымі зонамі, прыкладам, азёрамі, пустэльнямі, трапічнымі лясамі, плыткаводзьдзямі ўздоўж берагу Паўночнага мора, дык плянэтарныя навукі дасьледуюць біясфэру як усеабдымную экасыстэму. Праблемы накшталт зьнікненьня лясоў на Барнэа, эрозіі глебы на сярэднім захадзе ЗША ці зьмяншэньне рыбных рэсурсаў Пэру аналізуюцца з гледзішча іхнага значэньня для глябальнай прыроднай дынамікі, аднак іхнае лякальнае/рэгіянальнае значэньне застаецца недастаткова асьветленым. Экалягічныя крызы пры гэткім разглядзе лёгка клясыфікуюцца паводле іхнай плянэтарнай рэлевантнасьці, адылі іхная сацыяльная рэлевантнасьць — тое, што яны абмяжоўваюць жыцьцёвыя магчымасьці тамтэйшых людзей — саступае на задні плян.

Як у дыягностыцы, так і ў тэрапіі дамінуе глябальнае. Але з канстатацыі таго, што лякальныя праблемы, прыкладам, аўтамабілі ў Нямеччыне, маюць глябальныя наступствы, зусім не абавязкова вынікае, што і стратэгіі мусяць грунтавацца на глябальным падыходзе. Яшчэ ў выказваньні „мысьліць глябальна, дзейнічаць лякальна“ ўтрымлівалася разуменьне таго, што глябальнай адказнасьці павінна папярэднічаць ініцыятыва на месцы. З улікам гэтага таксама і Шнэльнгубэрава выснова аб тым, што глябальныя крызы вымагаюць „тэхнічнай інструкцыі на Зямлю“ для „плянэтарнай тэхнікі бясьпекі“, — глябалістычная памылка.

Аднак гэтая схільнасьць да глябалізму ўласьцівая ўсім „global players“. Геакібэрнэтыку, такім чынам, можна разумець як прыватны — у межах экалягічнай навукі — варыянт таго пераходу да іншай эпохі, намёк на які ўтрымлiваецца ў лёзунгу „глябалізацыя“. Транснацыянальныя прадпрыемствы, інтэрнэт, сьвет сродкаў масавай інфармацыі — усе разам гэтыя рэчы спрыяюць думцы, што глябальнае ёсьць сур’ёзным, а лякальнае — у лепшым выпадку — наіўным. Як вынікае са здымку плянэты, абсяг іхных апэрацыяў распасьціраецца ажно да межаў Зямлі, прычым нацыянальныя, рэгіянальныя і лякальныя супольнасьці часта апынаюцца ў ролі перашкодаў ці матар’ялу для гульняў. Таму ня дзіва, што сацыяльныя канфлікты — ад паўстаньня індзейцаў у Ч’япас праз спрэчкі пра беспрацоўе ў Нямеччыне да вулічных пратэстаў у Джакарце — усё больш працятыя напяцьцём паміж глябальнымі патрабаваньнямі і лякальнымі правамі. Урэшце, пэўныя рэчы паказваюць на тое, што тут вымалёўваецца цэнтральны канфлікт наступнага стагодзьдзя. Усе праекты будучыні, у тым ліку праект геакібэрнэтыкі, павінны будуць чытацца менавіта ў гэтым сьвятле.

1 Wissenschaftlicher Beirat Globale Umweltverдnderungen (WBGU): Welt im Wandel: Herausforderung fьr die deutsche Wissenschдft, Berlin 1996, S. 21 i далей).


Бесчалавечныя веды

На здымках плянэты відаць усё: рэльеф горных ланцугоў удзень і агні гарадоў уначы, але не людзей. Занадта вялікая адлегласьць, занадта шырокае поле зроку; амаль шэсьць мільярдаў людзей, што жывуць на гэтай плянэце, зусім не відаць. Больш за тое: няма таксама культураў і нацыяў, ідэалёгіяў і інтарэсаў, успамінаў і спадзяваньняў, карацей, суцэльнай чалавечай рэальнасьці. Перахоплівае дыханьне сьвет як фізычны аб’ект, але не як перапляценьне цывілізацыяў. Здымак плянэты робіць бачнай Зямлю, але сьвет — нябачным.

Таму ня дзіва, што і першыя крокі геакібэрнэтыкі выдаюць на тое, быццам яна маніцца кіраваць „касьмічным караблём Зямля“, ня надта зважаючы на пасажыраў. Увага дасьледчыкаў накіроўваецца пераважна на вывучэньне і апісаньне дынамікі бія–геа–хімічных кругазваротаў у акіянах, глебе, вэгетацыі, атмасфэры і антрапагеннага зьмяненьня гэтай дынамікі. Ход ідзе пра рэкі энэргіі і ўзаемадзеяньне плыняў, каэфіцыенты адбіцьця і рэшткавую канцэнтрацыю газаў, але толькі зрэдзьчас пра сусьветны рынак і эканамічны рост, мадэлі спажываньня і няроўнасьць, крызы разьвіцьця і пасткі беднасьці. Вывучаць зрушэньні ў мэтабалізьме Зямлі, каб пазначыць „пэрспэктыўныя кірункі“ сацыяльнага разьвіцьця, — гэта, вядома, вельмі пазнавальнае прадпрыемства, але ў лепшым выпадку палова справы. Як вядома, прыродзе досыць абыякавая экалягічная крыза; гэта людзі павадуюць яе, церпяць ад яе і мусяць яе пераадольваць. „Пагляд астранаўта“ вядзе да няправільнага кагнітыўнага пачатку: экалягічная крыза падаецца найперш праблемай прыроды, а не праблемай грамадзтва.

Як часта здаралася ў гісторыі інструмэнтаў пазнаньня, магутнаму ўзмацненьню ўспрыманьня адначасова спадарожнічае ягонае скарачэньне. Гэтак, мікраскоп павялічвае кавалак рэчаіснасьці, але рэзка звужае поле зроку. Пагляд астранаўта, наадварот, максымальна павялічвае поле зроку, але тут губляецца глыбінная рэзкасьць. У абодвух выпадках аб’ект вызваляецца ад ягонага кантэксту; мікраскапія выключае кантэкст рэчаў праз рэдукцыю, тымчасам як макраскапія распушчае яго ўва ўсёбачаньні. З гэтай прычыны глябальныя веды заўсёды могуць быць толькі статыстычнымі ведамі, далёкімі ад рэальнага жыцьця і ачышчанымі ад нагляднага досьведу.

Насамрэч мову геакібэрнэтыкі складаюць колькасныя велічыні, матэматычныя мадэлі і дыяграмы. Яна праектуе рэальнасьць, якую складаюць горы дадзеных, але ня людзі. Гэтыя дадзеныя не дазваляюць даведацца, чаму туарэгі вымушаныя вычэрпваць свае апошнія вадзяныя сьвідравіны ці чаму немцы так любяць ганяць па сваіх аўтабанах. Яны нічога ня кажуць пра тое, каму належыць трапічны лес, які сплаўляецца па Амазонцы ці чые індустрыі нажываюцца на забруджваньні Міжземнага мора. Такім чынам, прадукуюцца веды, якія ня маюць твару і месца жыхарства, абстракцыя, за якую даводзіцца плаціць істотную цану: замоўчваньне ў экалягічнай дыскусіі такіх рэчаў, як культура, улада і дабрачыннасьць. Такія веды даюць, бадай, лічбы, але не кантэкст; яны паказваюць дыяграмы, але ня дзейных асобаў; яны ўтрымліваюць разьлікі, але ня этыку; яны скіраваныя на стабільнасьць, але не на прыстойнае жыцьцё.
 

 
Эліту — да стырна

Зусім як сапраўдным астранаўтам, геакібэрнэтыкам пагражае найвялікшая небясьпека, калі яны зноў занураюцца ў зямную атмасфэру. Адстаронены пагляд з далечыні, вось яшчэ бязважка скіраваны на Зямлю, трапляе ў моцныя турбуленцыі, калі набліжаецца да Зямлі, каб разгледзець магчымасьці да дзеяньня ў сьвеце людзей. Таксама і мэтафара пра рулявога (грэц.: kybernetes) ня можа схаваць гэтую слабасьць: пачынаючы ад Плятона, гутарка пра дзяржаўны карабель і палітыка ў якасьці рулявога служыць забесьпячэньню ўлады кампэтэнтных людзей і патрабаваньню даверу да іхнага навігацыйнага майстэрства2. Але хто кіруе? Хто ёсьць глябальным суб’ектам?

Шнэльнгубэр тут робіцца шаманам глябальнай сьвядомасьці. Воля чалавецтва для яго, здаецца, узьнікае ў працэсе апляценьня электроннай сеткай паднацыянальных дзейных асобаў, накшталт злучэньняў дзяржаваў і няўрадавых арганізацыяў. Адразу прыгадваюцца філёзафы кібэрпрасторы, якія вітаюць узьнікненьне „глябальных мазгоў“ (global brain) як новую ступень комплекснасьці эвалюцыі. Але ж чыя, уласна кажучы, воля тут абвяшчаецца воляй чалавецтва?

У расколатым сьвеце, дзе бальшыня людзей змагаецца за ваду і штодзённы хлеб, тут можа мецца на ўвазе толькі вузкая праслойка глябальнай спажывецкай і інфармацыйнай эліты, магчыма, толькі тыя тры працэнты, якія зараз маюць доступ да кампутару. У кожным выпадку, ані АБСЭ, ані ААН, ані няўрадавыя арганізацыі не рэпрэзэнтуюць чалавецтва; яны прадстаўляюць у лепшым выпадку глябалізаваную меншасьць заможных. Якая, праўда, любіць займаць глябальную пазыцыю назіральніка ды інтэрпрэтаваць собскія інтарэсы і пункты гледжаньня як глябальна сапраўдныя. Хто занадта проста робіць скачок ад плянэтарнага аналізу да плянэтарнага чыну, непазьбежна схіляецца да таго, каб уважаць транснацыянальных дзейных асобаў за ўвасабленьне сусьветнага розуму. Э наадварот: транснацыянальныя дзейныя асобы, што не разглядаюць у якасьці абсягу сваёй дзейнасьці нічога меншага за зямную кулю, непазьбежна схіляюцца да таго, каб уважаць геакібэрнэтычныя веды за аб’ектыўныя і вызначальныя. Бо, адцягнутыя ад месца і ачышчаныя ад зямных канфліктаў, гэтыя веды прапануюць агульны агляд плянэты, яны запрашаюць да разыгрываньня сцэнароў сусьветнага маштабу — і гэтак ствараюць ілюзію таго, што глябальныя стратэгіі могуць быць пасьпяховымі.

2 Mьnkler, H.: Politische Bilder, Politik der Metaphern, Frankfurt a.M. 1994, S.126.

 
Экакратыя — нежыцьцяздольны праект

Сёньня спадарожнікі, перадача дадзеных і кампутарнае мадэляваньне даюць навуковай экалёгіі падставы да ажыўленьня амаль ужо забытых амбіцыяў. З таго часу, калі Фрэдэрык Клемэнц у ЗША трыццатых гадоў імкнуўся ўвасобіць свае тэхнічныя веды пра абарону глебы ў праграмах рэформаў сельскай гаспадаркі, ці калі Г. Эвэлін Гатчынсан на пачатку пяцідзясятых гадоў у якасьці ўдзельніка Масу–Коnferenzen спадзяваўся з дапамогай кібэрнэтыкі пасунуць наперад таксама і рацыянальныя сацыяльныя рэформы, экалёгія не цураецца тэхналягічных праектаў. Навукова–тэхнічны дызайн, маўляў, павінен заступіць месца палітыкі. Падбадзёрваная шматабяцальнымі вынікамі віртуальнай сымуляцыі, гэтая мара зноў прарастае і зараз падымаецца геакібэрнэтыкай на глябальны ўзровень.

Аднак калі ў зьвязку з паглядам астранаўта высоўваецца яшчэ і нейкая пэрспэктыва кіраваньня, дык супярэчнасьці тэхнакратычнай амбіцыі адразу кідаюцца ў вочы. Шнэльнгубэрава візія ня надта саступае ганьбаванай ім саманадзейнасьцi плянавальнікаў пачатку ХХ стагодзьдзя. Прыкладам, ён уяўляе сабе, што можна садоўніцкiм чынам фармаваць вэгетацыйнае покрыва кантынэнтаў ці ўвесьцi плянаваньне прасторы ў маштабах усёй зямной кулі. Пад уражаньнем ад глябальнай пэрспэктывы ён схіляецца да таго, каб разглядаць усю Зямлю ў якасьці арэны экалягічна эфэктыўнага плянаваньня, на якой месцы энэргетычнай і аграрнай вытворчасьці будуць выбірацца паводле іхных прадукцыйных перавагаў з гледзiшча экалёгii. Нібыта выкарыстаньне Зямлі не зьнітаванае з тысячамі традыцыяў, культураў і сацыяльных структураў! У гэтым сэнсе ідэя плянаваць выкарыстаньне прыроднага капіталу ў глябальным маштабе ня вельмі адрозьніваецца ад ідэі плянаваць выкарыстаньне грашовага капіталу ў глябальным маштабе.

Менавіта забясьпечаная ракетнай тэхнікай адлегласьць назіральніка ад аб’екту робіць тут злы жарт з мысьленьнем: здаецца, што ўсё можна перасоўваць, нават у найвялікшых маштабах. Так успрыманьне, згубіўшы сувязь зь людзкiмi меркамi, вядзе да праектаў дзеяньняў, што ляжаць па–за межамі людзкой рэальнасьці. Таму мэты глябальнага кіраваньня навакольным асяродзьдзем непазьбежна ляжаць на курсе калізіі з самавольствам грамадзтваў і іхнымі прэтэнзіямі на прызнаньне і дэмакратыю.

Магчыма, гэтую небясьпеку меў наўвеце д–р Лаўлак, якога прафэсар Шнэльнгубэр прыцягвае ў якасьці аўтарытэту, калі даліў вады ў віно геакібэрнэтыкі наступнымі словамі: „Хутчэй казёл зробіцца садоўнікам, чымся людзі змогуць стаць садоўнікамі Зямлі“3.

3 Lovelock, J.: Planetary Medicine, y: Resurgence, Sept. — Oct. 1991, S. 38–45.

 
Пераклаў зь нямецкай Алесь Пяткевiч
паводле: Jahresbuch Цkologie, 1999.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.gis.com.by

ПАЧАТАК / ARCHE HomeГЭТЫ ПРАЕКТ / About ProjectНАВІНЫ / NewsРУБРЫКІ / TopicsЦАЛКАМ / Site ContentsІНШАЕ / Links

Паталёгіі ў ARCHE 4(5)-1999 .

Art ARCHE

да ЗЬМЕСТУ     да Пачатkу СТАРОНКІ


E-mail рэдаkцыі: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Чаkаем вашых мэйлаў з пытаньнямі або kамэнтарамі наkонт гэтага сайту
Copyright © 1999 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 28-11-1999