Чутны гоман — там войска сьпявае,
Ў вёсцы водгалас рэха чуваць.
Беларускі жаўнер прыбывае
Ў сваю вёску начлегам стаяць.
Гэта йдзе першы зьвяз наш штурмовы,
Беларусь — родны край бараніць.
Хоча скінуць чужыя аковы
Ў вольным краі, каб вольным мог жыць.
Людзі кветкамі іх абкідаюць,
А дзяўчаты цалункі ім шлюць
Яны з радасьцяй гэта прыймаюць
Так прыгожа празь вёску ідуць.
Па кватэрах гаворка, шаптаньні,
Прысяганьні, ў вачох поўна сьлёз, —
Ноч прайшла, надыйшло разьвітаньне
Бо жаўнера такі ўжо лёс.
Беларускае войска сьпявае —
У крывавы гатуецца бой,
А дзяўчына жаўнера пытае,
Чаму браць ён ня хоча з сабой.
РОДНАЯ КРАІНА
Шкода роднае Краіны
І тэй міленькай дзяўчыны,
Шкода, шкода, баліць сэрца,
Яна гіне ў паняверца.
Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі!
Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны!
Яна, бедная, чакае,
Горкі сьлёзы пралівае
А я тутка між чужымі
Тужу вечна за сваімі.
Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі!
Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны!
Але прыйдзе і хвіліна
Калі любая дзяўчына
Зможа пры мне пасядзеці
І ў вочкі паглядзеці.
Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі!
Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны!
Ў нас гаворкі будзе многа,
Ў аднога і у другога.
Што чуваць і як жывецца
Да чаго кожны імкнецца.
Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі!
Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны!
Будзем Бога мы прасіці,
Каб пазволіў разам жыці
Па прайшоўшай завірусе
Ў сваёй роднай Беларусі.
Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі!
Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны!
НОВЫЯ ЧАСЫ
Ўжо новыя часы для нас наступаюць,
Бо і нас у войска сваё заклікаюць.
Ня сумуй, дзяўчына, і ня плач сьлязамі
Як зло пераможам, дык зноў будзем з вамі.
Мы роднай старонцы йдзём усе служыці
І ворага злога ўсюды будзем біці,
Бо дзе лясы, рэкі, дзе старонка тая,
Гэта край наш родны — Беларусь сьвятая.
Дык мы ж, яе дзеці, будзем ёй служыці
І колькі сіл хваце, будзем бараніці.
Каб наша змаганьне марна не прапала
І Беларусь вольнай як найхутчэй стала.
Дык я заклікаю ўсіх з усёй сілы
Бараніць край родны да самой магілы.
І хоць бы прыйшлося жыцьцё ёй аддаці,
Мы ўсе ж гэта зробім, бо яна нам маці.