№2: Кухня Мадэрнізму

№2: Кухня Мадэрнізму

Дазвольце хуценька пазнаёміць Вас са звычкамі нашай кавярні. Тыя стравы, якія Вам ужо, магчыма, вядомыя, якія Вы маглі пакаштаваць раней (а мы пазычылі іх з добра вядомай крыніцы, якая не выходзіць за межы нашага далягляду), Вам пададуць барадатыя прайдзісветы – сачыце ўважліва за пазнакамі ў меню.

Чытаць далей

№2: Кухня Мадэрнізму

27 верасня 2009

№2: Кухня Мадэрнізму
Вітаем Вас,
паважаны наведнік кавярні
"ПрайдзіСвет"!
 

Спадзяемся, сённяшняе меню не пакіне Вас абыякавым – бо мы збіралі найбольш вышуканыя і выкшталцоныя прысмакі з самых розных краінаў свету. Вас цікавяць экспрэсіўныя немцы ці гарачыя французы? А можа, Вам хочацца досыць экзатычных для нашай краіны нідэрландцаў, тым больш што яны прыпраўленыя рэдкімі спецыямі з Макао, Шанхаю і Кантону? Ёсць у нас і свежапрыгатаваныя партугальцы, і стравы, якія былі прыгатаваныя па вытрыманых часам рэцэптах.

Дазвольце хуценька пазнаёміць Вас са звычкамі нашай кавярні. Тыя стравы, якія Вам ужо, магчыма, вядомыя, якія Вы маглі пакаштаваць раней (а мы пазычылі іх з добра вядомай крыніцы, якая не выходзіць за межы нашага далягляду), Вам пададуць барадатыя прайдзісветы – сачыце ўважліва за пазнакамі ў меню. Мы вырашылі, што гэтыя стравы не толькі будуць да смаку сённяшнім гурманам, але і ў метафізічным плане знітуюць кулінарныя традыцыі сучаснасці з традыцыямі ўчорашняй кухні, такім чынам дэманструючы нашую прыхільнасць і да новага, і да старога, якое прайшло выпрабаванне часам. З гэтай прычыны Ейтса і Апалінэра мы падаем ледзь не ў выглядзе вінегрэту: стравы гэтыя ўяўляюць сабой мяшанку новых і старых падыходаў да гатавання, што дае магчымасць атрымаць асалоду і ад таго, і ад другога.

[старое]Магчыма, Вас здзівіць незвычайны, нават досыць стракаты падбор страваў у нашым меню. Гэта невыпадкова. Кухня мадэрнізму давала нам такі багаты выбар розных страваў, што мы паспрабавалі ўзяць усяго патроху і прапанаваць Вам, паважаны наведнік, самому вызначыцца, які са стыляў і кірункаў больш Вас цікавіць. Здаецца, з гэтай задачай мы справіліся някепска.

Выбіраючы нейкую страву, не забывайцеся на гарніры. Не варта падманвацца састарэлымі меркаваннямі пра тое, што яны сухія і недастаткова прывабныя. Прыгатаваныя добрымі майстрамі, нашыя гарніры дапамогуць Вам напоўніцу адчуць смак найлепшых страваў свету.

Прапанаваўшы Вам цэлы шэраг прысмакаў, мы не хаваем сакрэтаў іх прыгатавання. Вось чаму Вы можаце знайсці ў нашым меню нават рэцэпты. І, безумоўна, цвік праграмы – страва ад шэф-повара, з густам прыгатаваная і вельмі карысная.

Што застаецца сказаць яшчэ? Мабыць, толькі тое, што наступным разам мы прапануем Вам адсвяткаваць Каляды, заглыбіўшыся ў свет усяго таямнічага, неразгаданага і часам нават вусцісшнага, але ніякім чынам не пазбаўленага гумару. А цяпер запрашаем Вас за стол.

 
Адміністрацыя кавярні “ПрайдзіСвет”
218