№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Іван Бунін (Иван Бунин)

1870 - 1953

Іван Бунін
Нарадзіўся 22 (10) кастрычніка 1870 году ў Варонежы, у сям’і збяднелага шляхціца. У сям’і было 9 дзяцей, але выжылі толькі браты Юлій і Яўгеній ды сястра Марыя.

Першыя гады жыцця Івана Буніна прайшлі ў Варонежы, але ў хуткім часе сям’я вымушаная была пераехаць на хутар Бутыркі Ялецкага ўезду Арлоўскай губерні. Першы верш Бунін напісаў у восем гадоў. У 1881 годзе пасля добрай хатняй падрыхтоўкі ён паступіў у гімназію, але правучыўся там толькі 5 гадоў, бо на адукацыю малодшага сына ў сям’і не было сродкаў. Далей Бунін мусіў засвоіць праграму гімназіі самастойна, універсітэцкую праграму дапамагаў адолець старэйшы брат Юлій, высланы дамоў за палітыку.

У 1889 годзе Бунін пакінуў хутар і быў вымушаны шукаць працу. Працаваў карэктарам, статыстам, бібліятэкарам, літаратурным супрацоўнікам у газеце. Жыў у Арле, Харкаве, Палтаве, Маскве... У 1891 годзе выйшаў ягоны зборнік “Вершы”, насычаны ўражаннямі ад роднай Арлоўшчыны.

У гэты перыяд Бунін знаёміцца з Варварай Уладзіміраўнай Пашчанка, якая працавала карэктарам у газеце “Арлоўскі веснік”. У 1891 годзе яны ажаніліся, аднак з той прычыны, што яе бацькі былі супраць шлюбу, Іван і Варвара Буніны жылі нявенчаныя.

У 1894 у Маскве Бунін сустракаўся з Львом Талстым і Антонам Чэхавым. У 1895 годзе было апублікаванае ягонае апавяданне “На край свету”, якое займела цёплы водгук крытыкаў. Натхнёны поспехам, Бунін цалкам аддае сябе літаратурнай творчасці.

У студзені 1898, пасля здрады Варвары Уладзіміраўны, Бунін узяў за жонку грачанку Ганну Мікалаеўну Цакні, аднак сямейнае жыццё ў іх не склалася, у 1890 годзе яны развяліся, а ў 1905-м памёр іх сын Мікалай.

У 1906 Бунін пазнаёміўся ў Маскве з Верай Мікалаеўнай Мурамцавай (1881–1961), якая стала ягонай жонкай і вернай сяброўкай да канца жыцця. Пазней Мурамцава, не пазбаўленая літаратурнага таленту, напісала серыю кніг-успамінаў пра свайго мужа (“Жыццё Буніна” і “Размовы з памяццю”).

У 1898 годзе выходзіць зборнік вершаў Буніна “Пад адкрытым небам”, у 1901 – зборнік "Лістапад", за які ён быў уганараваны найвышэйшай прэміяй Акадэміі навук – Пушкінскай (1903). У 1899 г. ён пазнаёміўся з Максімам Горкім, які запрасіў яго да супрацоўніцтва ў выдавецтве “Веды” (“Знание”), дзе з’явіліся найлепшыя апавяданні Буніна таго часу – “Антонаўскія яблыкі” (1900), “Сосны” і “Новая дарога” (1901), “Чарназём” (1904). Горкі называў Буніна “найлепшым стылістам сучаснасці”.

У 1909 годзе Бунін стаў ганаровым чальцом Расійскай акадэміі навук. У гэты перыяд былі напісаныя яго найбольш знакамітыя рэчы: “Вёска”, “Сухадол”, “Пан з Сан-Францыска”.

Бунін сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю варожа і ў 1920 годзе назаўжды пакінуў Расію. Праз Крым і Канстанцінопаль ён эміграваў у Францыю. У перыяд эміграцыі Бунін напісаў цыкл навэлаў “Цёмныя прысады”, аўтабіяграфічны раман “Жыццё Арсеннева” і інш. У 1933 годзе Буніну была прысуджаная Нобелеўская прэмія. Пазней былі напісаны кнігі пра Л. Талстога (1937) і А. Чэхава (1955), кніга “Успаміны” (1950).

Бунін перажыў Другую сусветную вайну і памёр у Парыжы 8 лістапада 1953 году.

Чытайце таксама

Ян Руар Лейквол

Ян Руар Лейквол

Нарвежскі пісьменнік.

Эльфрыдэ Елінэк

Эльфрыдэ Елінэк

Аўстрыйская пісьменніца, паэтка, эсэістка, драматург, літаратурны крытык. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2004).

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Беларускі паэт, літаратурны крытык, адзін з пачынальнікаў беларускага мастацкага перакладу

792