№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Алеся Башарымава

Цікавы, сапраўдны, шчыры твор — вось што істотна

5 жніўня 2012

Цікавы, сапраўдны, шчыры твор — вось што істотна
— Калі паглядзець на спіс тваіх перакладаў для часопіса “ПрайдзіСвет”, адразу напрошваецца пытанне, што ты любіш больш: шведскую літаратуру ці дзіцячую?

— Дзіцячую: думаю, там адсотак таго, што мне можа спадабацца, значна большы. У шведскай літаратуры мне цікавае далёка не ўсё, галоўным чынам у ёй мяне вабяць акурат дзіцячыя кнігі, а таксама творы некаторых класікаў. Увогуле, мяне могуць чапляць хутчэй асобныя творы, чым літаратура пэўнай нацыі як феномен.

Што да дзіцячай літаратуры, то гэта тое, што не перастае мяне цікавіць з таго часу, як сябе помню. Прыемна, што ў шведскай літаратуры багата якасных твораў для дзяцей і мяне чакае яшчэ куча цудоўных адкрыццяў.

— А цяпер пытанне больш сур'ёзнае: за што ты любіш шведскую, а за што — дзіцячую літаратуру?

— Зноў жа, у абодвух выпадках для мяне перш за ўсё гэта атмасфера, стыль, сюжэт канкрэтных твораў. У любой літаратуры хапае ўсялякай нечытэльнай трасцы, і мне неяк складана любіць усё оптам. Тым не менш, панятак “дзіцячая літаратура” мне ўяўляецца нечым больш цэльным, чым панятак “шведская літаратура”. Таму адказаць на пытанне, за што я люблю дзіцячую літаратуру, мне прасцей: таму, што дзяцінства — гэта мой свет, і там я адчуваю сябе ўтульна.

Увогуле ж мне падабаюцца творы, якія могуць здзівіць, уразіць, натхніць — іх нямала ў дзіцячай літаратуры, дзе поўна нечаканасцяў, дзе паказваецца сутнасць рэчаў з іншых бакоў, а не так, як мы прывыклі бачыць. А ў шведскай літаратуры захапіць можа яшчэ і мясцовы каларыт, напрыклад.

Цікавы, сапраўдны, шчыры твор — вось што істотна. Я не перакладаю твор таму, што ён шведскі або дзіцячы — ён мусіць мяне натхняць.

— Асноўная твая на сённяшні момант перакладчыцкая праца, за якую ты сёлета атрымала прэмію часопіса “ПрайдзіСвет” у намінацыі “Проза”, — гэта дзве кнігі Тувэ Янсан пра мумітроляў (адна перакладзеная сумесна з Настай Лабадой). Чаму ты выбрала гэтую аўтарку? Парадуй аматараў муміяды — ці чакаецца працяг?

— У дзяцінстве я некалькі разоў чытала кніжку, у якой былі змешчаныя чатыры казкі-аповесці. Сярод іх быў “Капялюш Чарадзея” ў цудоўным перакладзе Уладзіміра Смірнова. Мне гэты твор вельмі падабаўся, бо быў напісаны жывой мовай, з гумарам, з захапляльнымі прыгодамі, з рознымі характарамі незвычайных герояў. Але я не здагадвалася, што гэта не адзіная аповесць пра мумітроляў.

Ужо калі я была студэнткай, мой сябар адкрыў мне гэтую таямніцу. Ён чытаў мне “Чарадзейную зіму” па тэлефоне, і калі я слухала яго, стараючыся не прапусціць ні слова, вушы мае раслі, пакуль не зрабіліся памерам з бліны, вочы мае раскрываліся так шырока ад захаплення, што хутка ператварыліся ў пару бліскучых талерак, а хвост мой напружыўся і распусціўся памялом на канцы. Гэта было адкрыццё!

Тут мяне і накрыла. Я купіла таўшчэзную кніжку пра мумітроляў, пачала шукаць у інтэрнэце ўсё што можна пра Тувэ Янсан, праглядаючы спасылкі ў пашукавіку ледзь не да сотай старонкі па адным запыце. Аднойчы на нейкім сайце я знайшла карту свету, дзе колерам былі пазначаныя краіны, на мовы якіх перакладаліся мумітролі. Пасярод ладнага зафарбаванага кавалку Еўразіі зіхцела белая пляма маёй Айчыны.

Гэта мяне і здзівіла, і натхніла. Я ўзялася за шведскую мову: пачала чытаць кніжку па метадзе Іллі Франка і шведскую граматыку — і паралельна спрабавала перакладаць “Капялюш” (толькі гэтую аповесць я магла знайсці ў інтэрнэце — дзякуй сумленным піратам).

Цяпер у мяне ляжыць чарнавы пераклад пятай кнігі з цыклу пра мумікаў, перакладаецца чацвертая.

— Простыя, на першы погляд, гісторыі Тувэ Янсан напэўна хаваюць нямала падводных камянёў. Ходзяць чуткі, што імёны персанажаў муміяды — гаваркія. Раскажы, калі ласка, пра гэты і пра іншыя камяні падрабязней.

— Сапраўды, гэта так. Напрыклад, Снорк значыць “нахабнік”, а Снусмумрык — гэта той, хто ўжывае тытунь і не парыцца над тым, каб быць ветлівым. Імёны Тофсла і Віфсла паходзяць ад імёнаў Тувэ і Вівіка: Вівіка Бандлер была блізкай сяброўкай Тувэ Янсан, у яе нават была адна з мянушак такая — Віфсла. Менавіта таму ў перакладзе я зрабіла Тофслу і Віфслу “дзяўчынкамі”, хоць, у прынцыпе, у арыгінале гэта такія сабе “бясполыя істоты”, то бок граматычна іх прыналежнасць да пэўнага полу ніяк не паказваецца.

Гучанне многіх імёнаў не толькі звыклае чытачу, але і само па сабе вельмі мілае, а характар персанажа выяўляецца праз сам тэкст. Таму я амаль усе імёны захоўваю ў арыгінальным гучанні. Але і такі падыход, як ва ўкраінскай перакладчыцы Наталі Іванычук, дзе, наадварот, для многіх імёнаў прыдумваюцца адпаведнікі, мне падабаецца. Напрыклад, па-ўкраінску Снусмумрык — гэта Нюхмумрык, Сніф — Чмых, Снорк — Хропусь, а Тофсла і Віфсла — Чупсля і Трясля.

Я наўрад ці прыгадаю цяпер нейкія іншыя падводныя камяні, хоць, помню, не раз даводзілася звяртацца па дапамогу да знаёмых шведаў і фінаў, каб яны патлумачылі нейкую туманную фразу ці спецыфічнае слова. Увогуле ж стыль пісьма Тувэ Янсан для мяне такі натуральны і блізкі, што я атрымліваю асалоду ад усяго працэсу перакладу — у тым ліку ад пошуку адказаў на пытанні, якія ўзнікаюць падчас яго. Атрыманыя веды часам даводзіцца выкарыстоўваць і ў іншых перакладах.

— Мумітроляў любяць усе. Ці не разгадала ты сакрэт іх сусветнай папулярнасці? Можа, падзелішся?

— Асабіста мяне вабіць сам светапогляд Тувэ Янсан і тое, што яна здольная так трапна выказваць яго праз слова і малюнак. Яна ўяўляецца мне той, хто сузірае, слухае, прымае ўсю інфармацыю пра свет, а потым дае нам яго агульную карціну. Мы нібыта знаходзімся ўсярэдзіне, нават можам адначасова быць у некалькіх месцах, але сітуацыю бачым яе вачыма, збоку, і яна (сітуацыя) можа выглядаць адначасова і сур’ёзнай, і смешнай, але галоўнае — у ёй адчуваецца жыццё.

Што да сусветнай папулярнасці мумітроляў, то яе пік прыпаў на “коміксавы” перыяд. У 1950-я Тувэ пачала супрацоўнічаць з лонданскім агенцтвам Associated Press: яна малявала коміксы пра мумітроляў для выданняў гэтай кампаніі. Да таго часу ў Англіі ўжо ведалі, хто такія мумікі, дзякуючы выдадзеным раней перакладам “Каметы” і “Капелюша”.

Кожная палоска мумікомікса заканчвалася інтрыгай, сюжэты былі дзёрзкія і вясёлыя, а малюнкі выкананыя па-майстэрску. Коміксы зрабіліся вельмі папулярнымі і публікаваліся ў розных краінах. У 1960-я ў свеце панавала мода на мумітроляў, і Тувэ прыходзіла неймаверная колькасць лістоў з усіх куткоў Зямлі.

— Нядаўна пасольства Швецыі праводзіла вечар, прысвечаны шведскаму паэту Дану Андэрсану, дзе гучала нямала перакладзеных табой яго песняў. Раскажы, з чаго цябе гэты паэт раптам зацікавіў і як паўстала ідэя гэтага праекту.

— У адным з прайдзісвецкіх конкурсаў быў прапанаваны да перакладу верш Дана Андэрсана. Мяне прывабіла яго цікавая рытміка і гучанне, і я знайшла іншыя вершы Дана, якія таксама мяне зачаравалі. Яны шчырыя і эмацыйныя, там табе і пяшчота, і адчай, і злосць, і гумар — стары добры чорны гумар… У многіх вершах пануе атмасфера Фінскага краю — такога, якім ён быў стагоддзе таму. А алітэрацыі! Рытмы! Так бы і з’еў.

З некаторымі прайдзісветамі мы марылі зрабіць калі-небудзь вечарыну, прысвечаную Дану Андэрсану, на якой бы спяваліся яго песні. Мы яшчэ тады паціху падбухторвалі Аляксея Жбанава ў ёй паўдзельнічаць. Як мы і меркавалі, яму паэт прыйшоўся да душы.

Калі мая выкладчыца шведскай мовы Сафія Лілья даведалася, што я перакладаю Андэрсана на беларускую, у яе з’явілася падступная думка зладзіць грандыёзны праект з серыяй канцэртаў, выданнем дыска і сшытка з тэкстамі па-шведску і па-беларуску. Пакуль гэты праект выспяваў, я з’ездзіла павучыцца ў Швецыю, дзе пабывала на радзіме Андэрсана разам з іншай маёй выкладчыцай шведскай мовы — Карын Ліндстрэм. Потым мы з ёй зладзілі ў школе лекцыю-канцэрт, прысвечаную Дану.

Па маім вяртанні мы з Сафіяй актыўна заняліся нашым праектам, але, канечне, праваронілі ўсе тэрміны падачы заявак на фінансавую дапамогу. Тут пра нашую ідэю і згадаў Стэфан Эрыксан, і мы разам вырашылі зрабіць у межах Дзён шведскай культуры невялікі канцэрт Дана Андэрсана.

— Як самі шведы ставяцца да Дана Андэрсана? Ці помняць, хто гэта такі, ці спяваюць яго песні?

— У мяне склалася ўражанне, што яго і ведаюць, і не ведаюць. Юныя стварэнні ўвогуле ведаюць вельмі мала якіх пісьменнікаў. Я вельмі здзівілася, напрыклад, калі выявілася, што ў маёй групе ў Швецыі амаль ніхто не чытаў мумітроляў і наогул не ведае, хто такая Тувэ Янсан.

Шмат даводзілася чуць пра тое, што ў Швецыі мала чытаюць, а калі і чытаюць, дык хутчэй аднаразовае чытво, чым класіку. Тым не менш, у гэтай краіне ёсць нямала таварыстваў, прысвечаных пэўнаму пісьменніку, у склад якіх уваходзяць сотні, калі не тысячы, сяброў. У таварыстве Дана Андэрсана, напрыклад, іх больш за тысячу.

Кожнае лета на радзіме Дана ладзіцца вялікае свята — Тыдзень Дана Андэрсана. Там адбываецца шмат канцэртаў і іншых імпрэзаў, уручаецца прэмія імя Дана Андэрсана. І гэта вельмі масавае свята — туды з’язджаецца некалькі тысячаў чалавек.

Песні яго, у прынцыпе, вядомыя, але наколькі папулярныя, мне цяжка ацаніць. Дыск Сафіі Карлсан з песнямі на яго вершы, які выйшаў у 2005 годзе, раскупляўся вельмі добра. Песні на словы Андэрсана спявалі розныя вядомыя і малавядомыя ў Швецыі гурты і выканаўцы, цяпер вось і маладыя спевакі падключыліся — спрабуюць спяваць яго вершы ў розных сучасных стылях. Мне ж найбольш даспадобы душэўнае выкананне Турштэна Бергмана.

— У гэтым нумары з'явіліся твае першыя пераклады з дацкай. Як ты пазнаёмілася з гэтай мовай і ці збіраешся перакладаць з яе далей? Можа, зборнік гісторыяў Ханса Крысціяна Андэрсэна задумала?

— Свае першыя няўпэўненыя крокі на гэтай сцяжынцы я зрабіла дзякуючы суроваму заахвочванню “ПрайдзіСвета”, які вырашыў асвоіць новыя моўныя дзялянкі. Сустрэўшы мяне ў цёмным завулку, “ПрайдзіСвет” схапіў мяне за шкірку і сказаў: “Давай мне сюды Андэрсэна. Dixi”.

Зразумеўшы, што ведаў шведскай мне быццам бы хапае для перакладу з дацкай, я ўзялася за гэтую справу, вынік якой  — дзве казкі, змешчаныя ў дзіцячым нумары “ПрайдзіСвета”.

Хачу прызнацца, што, перакладаючы “Русалачку”, якую ў дзяцінстве і пазней я з нявысветленых прычынаў катэгарычна не жадала чытаць, я спачатку плявалася ад саладжавасці тэксту, але потым, калі пайшлі нечаканыя сюжэтныя павароты і жорсткі экшн, пераклад мяне нават захапіў.

Магчыма, я яшчэ там-сям прайдуся з сярпочкам па палетках Андэрсэна, але пакуль актыўнае жніво на ніве дацкай літаратуры ладзіць не збіраюся.

— Пра перакладчыцкую мару пытаць не будзем, яна і так відавочная, але затое спытаем пра мару чытацкую: які твор ты б хацела прачытаць па-беларуску, але перакладаць сама нізашто б не ўзялася? Чаму?

Мабыць, гэта той твор, які я пакуль не чытала ні ў арыгінале, ні ў перакладзе і беларускі пераклад якога зрабіўся б для мяне прыемнай нечаканкай. Сярод тых кніг, што я чытала, напрыклад, па-руску, ёсць нямала такіх, якія я б хацела пабачыць і ў беларускім перакладзе (скажам, “Бэмбі” Фелікса Зальтэна, “Тамасіна” Пола Гэліка, “Мятнае парася” Ніны Бодэн або “Сабака, які не хацеў быць сабакам” Фарлі Моўэта), але ў прынцыпе я адчуваю, што калі не цяпер, дык некалі ў будучыні магла б узяцца за гэтыя пераклады.

Чытайце таксама

Яраслава Ананка, Генрых Кіршбаўм

"Беларуская мова": генетычны перфарматыў

Бабруйскія паштоўкі

Бабруйскія паштоўкі

А вы бывалі ў Бабруйску? У горадзе, дзе адказваць пытаннем на пытанне — норма. Дзе збудаваны з цэглы Розенберга дом "Порт-Артур" экскурсаводы параўноўваюць са Сцяной плачу. А мясцовыя жыхары негабрэйскага…

Адрывак з Ай-Кітабу

Ян Станкевіч

Адрывак з Ай-Кітабу

Гэты матэрыял быў надрукаваны ў часопісе “Крывіч”, № 2(8), 1924. Ён змяшчае ўрывак з Ай-Кітабу, падрыхтаваны да друку Янам Станкевічам, а таксама яго суправаджальны артыкул пра прынцыпы транскрыпцыі...

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Фотамастацтва на службе ў літаратуры

Ва Украіне днямі быў прэзентаваны фотапраект Расціслава Шпука "Літаратары ў вобразе бамжоў". 31 траўня ў львоўскай арт-кавярні "Кватэра 35" адкрылася выстава аўтара пад назвай "Без адзнак мастацкага жыцця".…

1221