№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Грэгары Корса

Мне дваццаць пяць

Вершы

Пераклад з ангельскай Сяргей Прылуцкі, Уладзь Лянкевіч

Жаніцьба

(Marriage)

 

Можа мне ажаніцца? Можа ўзяцца за розум?
Прыйсці да суседкі ў аксамітным плашчы вампіра, цвярозым?
Запрасіць не на фільм жахаў — адразу на могілкі
грузіць пра кларнет д’ябла пра ванны поўныя готыкі
а пасля шуры-муры цалункі нясціплыя дотыкі
праўда тут яна скажа Не будзем спяшацца я яе разумею.
Я не раззлуюся не скажу Ах як прыемна! Ну прыемна ж?
Абдыму прытулю да пахіленага надмагілля
і мы так прастаім усю ноч над намі — сузор’яў камеі.

 

І вось яна знаёміць мяне з бацькамі
поўны швах рукі па швах прычасаны прыдушаны гальштукам
стуліўшы калені ўладкоўваюся на канапе нібы на дыбе
баючыся спытацца Дзе тут у вас туалет?
Як тут пачувацца самім сабою
а не хаатычна думаць пра мыла “Флэш Гордан”? [1]
Ох як гэта мабыць жахліва для маладзёна
сядзець насупраць яе бацькоў у бацькоў напісана на тварах
Хто гэта наогул такі? Ён хоча нашую Мэры Лу!
Пасля гарбаты з хатнім печывам яны пытаюцца Дзе вы працуеце?
Адказаць? Ці спадабаецца ім адказ?
Ладна, кажуць, жаніцеся, мы трацім дачку,
але набываем сына.
Ці можна цяпер спытацца Дзе тут у вас туалет?

 
Госпадзе, а вяселле, вяселле! Усе ейныя родзічы і сябры
і купка маіх — пакамечаных барадатых —
толькі й чакаюць абы дарвацца да хаўкі з бухлом
А святар, святар! Глядзіць на мяне быццам я мастурбую
Пытаецца Ці бярэш гэтую жанчыну ў законныя жонкі?
Я трымчу спрабую сказаць Так, бяру! але кажу Ту-ру-ру!
І цалую нявесту і ўсе дзяды ляпаюць мяне па спіне
і рагочуць Яна ўся твая, пацан! а ў іхных вачах
ужо распачаўся ва ўсіх дэталях мядовы месяц.

 
Дурацкія абсыпанні рысам бляшанкі звіняць па бруку
Ніягара! [2] Натоўпы нас! Маладажоны! Кветкі! Цукеркі!
Усе сцякаюцца ў райскія гняздзечкі гатэляў
Усе збіраюцца ноччу рабіць адно і тое ж.
Абыякавы клерк на рэцэпцыі ведае да чаго ўсё ідзе
Калідорным зомбі ўсё выдатна вядома
Ліфцёру што насвіствае песеньку ўсё вядома
Кур’еру што падміргвае ўсё таксама вядома
Усе ведаюць! Таму я вырашаю не рабіць нічога!
Усю ноч на нагах! Бяльмо на воку гатэльнага клерка!
Крычаць: Адмяняю мядовы месяц! Адмяняю шлюбную ноч!
Ашалела лётаць па амаль кліматычных люксах
лямантуючы Радыёпуза! Кацячы шуфлік!
О я пасяліўся б на Ніягары навечна!
У змроку пячоры пад покрывам вадаспаду
сядзеў бы там звар’яцелы мядовамесячнік
барацьбіт са шлюбамі біч дваяжэнства святы разводнік

 
Але я мушу ажаніцца мушу ўзяцца за розум
Бо як жа гэта прыемна — прыйсці дадому
сесці перад камінам яна на кухні
у фартуху маладая ў чаканні дзіцёнка
поўная шчасця спальвае мой ростбіф
прыходзіць плачучы да мяне я падымаюся
з вялікага фатэля мадэлі “гаспадар-у-доме”
і гарлаю Калядныя зубы! Прамяністы мозг! Яблычная глухата!
Госпадзе якім мужам я быў бы! Абавязкова мушу жаніцца!
Столькі ўсяго чакае! Напрыклад ноччу пракрасціся ў дом містэра Пупкіна
схаваць клюшкі для гольфу за нарвежскімі кнігамі дваццатых гадоў
або прычапіць выяву Рэмбо да газонакасілкі
або абклеіць плот маркамі Тувінскай рэспублікі
або калі місіс Дабрэйчык прыйдзе выпрошваць на дабрачыннасць
схапіць яе за плечы і трызніць Дрэнныя дрэнныя знакі ў небе!
Або калі прыйдзе мэр па мой выбарчы голас сказаць яму
Як вы збіраецеся спыніць забойства кітоў?!
Або калі прыйдзе малочнік пакінуць цыдулку ў бутэльцы
Прах пінгвіна, дай мне пінгвіна прах, я хачу прах пінгвіна!

 
Яшчэ калі б я ажаніўся і быў бы Канектыкут быў бы снег
і яна нараджае дзіця і я нявыспаны пакамечаны з ночы ў ноч
прытуліўшы лоб да акна, з прыліплым да спіны мінулым
заспеўшы сябе перад звычайнай з’явай у стане сентыментальным
сведамым і адказным але не ў стане
зацвілых сценаў і кансерваванага супу ў Рыме —
о, да чаго гэта было б падобна!
Вядома ж, я даў бы яму замест соскі гумавага Тацыта
замест бразготак — торбу пабітых кружэлак Баха
прышпіліў бы дэла Франчэска над ягонай калыскай
вышыў бы грэцкую азбуку на ягоным сліняўчыку
зрабіў бы яму манежык з бяздахага Парфенона

 
Не, наўрад ці я зрабіўся б такім бацькам
не правінцыя не снег не лоб да акна
але гарачы смуродны Нью Ёрк
сёмы паверх, прусакі і шчуры пад сценамі
тлустая жонка-Борман вішчыць над патэльняй Шукай сабе працу!
пяцёра насатых вылюдкаў закаханых у Бэтмэна
пляшывыя бяззубыя суседзі
сапраўдная галерэя выродцаў васямнаццатага стагоддзя
і ўсім трэба адно — заваліцца да нас паглядзець тэлек
домаўласнік патрабуе рэнты
плюс выдаткі на супермаркет і вось прынеслі жыроўку.
Немагчыма прылегчы і занурыцца ў сны
Тэлефонны снег! Паркоўка для духаў!
Не! Я не павінны жаніцца! Я ніколі не павінны жаніцца!

 
Але толькі ўявіце сабе я жанаты з прыгожай вытанчанай жанчынай
высокай і бледнай у элегантнай чорнай сукенцы і доўгіх чорных пальчатках
яна трымала б муштук у адной руцэ і шклянку віскі ў другой
мы жылі б на верхатуры ў пентхаўсе з гіганцкім акном
бачылі б як на далоні ўвесь Нью-Ёрк а ў бясхмарныя дні нават болей.
Не не магу ўявіць сябе ў шлюбе з гэткай мілай турэмнай марай.

 
Але што з каханнем? Я ж забыў пра каханне
не таму што не здольны кахаць
а таму што кахаць для мяне дзівацтва як насіць абутак.
Я ніколі не хацеў ажаніцца з дзяўчынай падобнай да маёй маці
а Інгрыд Бергман заўжды была недасяжнай
Можа і ёсць адна дзеўка але яна даўно замужам.
І я не люблю мужчын.
Але ж павінны быць нехта!
Бо што калі мне — хоп-ля — і шэсцьдзесят а я нежанаты
адзінокі ў мэбляваным пакоі з плямамі ад мачы на майтках
а ўсе навокал жанатыя! Увесь свет жанаты апроч мяне!

 
Так што я ведаю што калі недзе жыве жанчына
немагчымая наколькі я немагчымы
то ў жаніцьбе нашай няма немагчымага.
 
Як ЯНА ў сваёй самотнай чужынскай велічы чакае персідскага прынца
так і я чакаю пазбаўлены дзвюх тысяч гадоў і купелі жыцця.

 

пераклад з ангельскай Сяргей Прылуцкі

 

Пад рэдакцыяй Марыі Мартысевіч

 


 

[1] Флэш Гордан —супергерой амерыканскага навукова-прыгодніцкага комікса 1930-х гадоў, паводле якога потым былі зробленыя радыё- і кінасерыял. Таксама паводле комікса названы папулярны гатунак амерыканскага мыла.
 

[2] Ніягарскі вадаспад — традыцыйнае месца для мядовых месяцаў з рамантычнай начной падсветкай вадаспаду, ложкамі ў форме сэрца і іншай лабудой.

Мне 25

(I Am 25)

 

З дзікай любові да Шэлі
Чатэртана Рэмбо
і кожнаму ў вушы —
маё юначае скуголенне:
НЕНАВІДЖУ СТАРЫХ ПОЭТАЎ!
Асабліва старых поэтаў што выракаюцца слоў
што раздаюць парады астатнім старым поэтам
што ўспамінаюць сваю маладосць шэптам
і прыдыхаюць: тады я напісаў гэта
а тамака было гэта
тутака — гэта
Я супакою старога поэту:
“Мы сябры, у нас адна мэта —
усё ваша Былое можаце
цераз мяне выказваць свету”

А ноччу кватэры іхнія мяне ўпусцяць паверыўшы
а я ім языкі крынічныя парэжу
і ўкраду вершы

 

пераклад з ангельскай Уладзь Лянкевіч

Вяртанне на малую радзіму

(Birthplace Revisited)

 


Стаю ў прыглушаных ліхтарах на глухой вуліцы
Гляджу на сваё акно, я там нарадзіўся.
Святло гарыць, нейкія іншыя людзі ўнутры
Я ў плашчы, цыгарэта ў зубах,
насунуты капялюш, рука на нагане.
Кіруюся на той бок вуліцы і заходжу ў дом.
Смеццеправод як смярдзеў так і смярдзіць.
Мінаю адзін лесвічны пралёт. Мурзаты калдыр
выскоквае на мяне з нажом...
Луплю яго і ўсе гадзіннікі страчаныя — разам з ім.

 

пераклад з ангельскай Уладзь Лянкевіч

Пераклад з ангельскай – Сяргей Прылуцкі, Уладзь Лянкевіч © 2013

Чытайце таксама

Сяргей Пясэцкі

Сяргей Пясэцкі

Польскамоўны пісьменнік, публіцыст, афіцэр выведкі

Наташа Герке

Наташа Герке

Польская аўтарка прозы і паэтка, майстарка кароткіх сюррэалістычных апавяданняў

Жан Жыраду

Жан Жыраду

Французскі празаік, драматург і дыпламат, знакаміты стылістычнай вытанчанасцю і паэтычнай фантазіяй

Агата Крысці

Агата Крысці

Ангельская аўтарка дэтэктыўнай прозы, яе творы — адны з самых выдаваных за ўсю гісторыю чалавецтва

1009