№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Мухамед Эбну

У падоле вечнасці

Вершы

Пераклад з гішпанскай Юля Цімафеева

Сахара

(Sáhara)


Што там, за
гэтымі сценамі,
распісанымі тваім іменем,
расквечанымі колерамі тваёй крыві?

Пара вачэй чорных, гожых і… стоеных.



Дзеці сонца і ветру

(Hijos del sol y del viento)


Мы ўсё яшчэ жывем у кутах
нябыту
між поўначчу і поўднем пораў году.

І ў сне гэтаксама
тулімся ў падушку глебы,
як нашыя бацькі.

Мы гонім усё тыя ж аблокі
і спачываем у цені калючых акацый.

Мы п’ем гарбату, прысёрбваем агонь,
ходзім басанож, каб не спудзіць цішу.

Здалёк
на схілах міражоў
усё ўглядаемся, як кожны вечар
хаваецца ў мора сонца.

І тая самая жанчына спыняецца
ля вартавых вежаў начы
і вітае нас у сэрцы гэтай мапы.

Вітае нас і растае
ў вачах дзіцяці, якое
смяецца ў падоле вечнасці.

І мы чакаем наступнае заранкі,
каб усё пачаць наноў.



Спявай, Марыям!

(Canta Mariam)


Спявай, Марыям,
спявай,
што сэрца маё не б’ецца
і голас я маю слабы.
Спявай, Марыям,
спявай,
што Срэйзэр Дабу вярнуўся
і коннікі больш
не плачуць па ім.

Спявай, Марыям,
спявай,
што хвалі ізноў
цалуюць твой смех
і хлопчык на вуліцах Эль-Аюна
цябе называе сястрой.

Спявай, Марыям,
спявай,
што чакае мая любоў
у землях без ценю,
у журбе маіх вершаў,
пакуль спяваюць жанчыны,
што нарадзіўся твой голас
з флейты пастушка.
Спявай, Марыям,
спявай.



Навіны

(Novedades)


Седзячы ў кавярні,
шукаю між газетных артыкулаў
навіны дня.

Урэшце знаходжу!

Усё як учора
ці летась:
смерці, злачынствы,
войны і голад…

“Будучыня адкладаецца
да новых паведамленняў”.
“Шэсць сахарскіх выкладчыкаў
затрыманыя ў Маракешы,
бо шэсць іншых прыгаварылі
да турэмнага зняволення”.

Я скарджуся на якасць
эфіопскай кавярні.
А што яшчэ я магу зрабіць?
Можа, шмат…
Можа, нічога…
Але прыкра, што аддаляюся
і пачуваюся чужым
да ўласнай гісторыі.

Рахунак, калі ласка!



Слёзы пяску

(Lagrimas de arena)


Час пылу і смецця,
што сыплецца
на дзіцячае гора.

Хлеб камянее
ў печы ілюзій
і малако прападае
ў сухіх грудзях міражу.

Вада імкнецца на поўнач,
дзіця пытае пра мора.

Пясчаныя слёзы
рысуюць твар ветру.

І маці пачынае
зняверана плакаць,
і бацька нямоглы
пагляд звяртае на Мекку
ды пачынае малітву.



Прыйдзі

(Ven)


Прыйдзі адчуць спакой далечыні,
злічыць гадзіны маўклівага выгнання.

Прыйдзі падумаць над граматыкай
пажухлай веснавой травы.

Прыйдзі адчуць пяшчоту сірока
на сваёй змярцвелай скуры.

Прыйдзі пацалаваць абуджаны
пыл дарог ветру.

Прыйдзі паслухаць водгулле часу
у срэбных вачах памяці.

Прыйдзі аддацца ўспамінам
з водарам апошняга дажджу.

Прыйдзі ўхапіць нутро
цяжкога звона галубоў.

Прыйдзі дагнаць міраж
і наталіць прагу раскаяння.

Прыйдзі паглынуць новыя кветкі,
народжаныя няўдзячнасцю пор года.

Прыйдзі згрызці косці
з багатага стала вайны.

Прыйдзі выпіць апошні кубак
першай гарбаты дзяцінства.

Прыйдзі ўзняцца на вяршыні
страчанай тугі.

Прыйдзі змяніць малочныя зубы
на іклы месяцовага змея.

Прыйдзі глянуць на сумны твар
у люстэрку забытай раніцы.

Прыйдзі са сваім болем,
прыйдзі нават са сваім трыюмфам.

Прыйдзі паплакаць
над магілай адной маці,
што плача вечна,
каб ты праліў хаця б слязу.

 

пераклад з гішпанскайЮля Цімафеева

 

Пераклад з гішпанскай – Юля Цімафеева © 2011

Чытайце таксама

Томас Стэрнз Эліят

Томас Стэрнз Эліят

Амерыканска-ангельскі паэт, драматург і літаратурны крытык, прадстаўнік мадэрнізму ў паэзіі. Лічыцца адным з найвялікшых паэтаў XX ст.

Ігнацы Карповіч

Ігнацы Карповіч

Польскі празаік, перакладчык з ангельскай, гішпанскай і амхарскай моваў, падарожнік

Анджэй Стасюк

Анджэй Стасюк

Польскі празаік, паэт, драматург.

Яна Бэнява

Яна Бэнява

Славацкая паэтка і аўтарка прозы. Жыве ў Браціславе

712